У нас на сайте
Ссылки

Группа компаний «ТВОЯ СТОЛИЦА»

 

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Творцы

ТВОРЦЫ
 

АЛЕШКА Антон Антонавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 1.2.1913 г.у в. Балотчыцы. Закончыў у 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы пры Слуцкім педагагічным тэхнікуме і да 1935 г. настаўнічаў у м. Лапічы Асіповіцкага раёна. Закончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М.Кірава (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – на фронце, спачатку на Заходнім, а потым на 3-м Беларускім. Пасля вайны служыў ваенным урачом у ваенна-паветраных сілах. Дэмабілізаваўся ў 1963 г. Жыў у Мінску. Падпалкоўнік у адстаўцы. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі (двойчы), «Знак Пашаны» і медалямі.
Першыя апавяданні надрукаваў у 1932 г. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца», «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969), выбранае «Небана замку». Памёр 13.9.1971 г.

АТАВА (КАНАНОВІЧ) Апанас Майсеевіч, літаратар. Нарадзіўся 8.5.1903 г. у в. Нявязцы. Закончыў Мінскі настаўніцкі інстытут (1939). З 1926 г. настаўнічаў у Любанскім, Слуцкім і Лунінецкім раёнах. У 1920–1930-я гады друкаваў вершы ў акруговых і рэспубліканскіх выданнях. Паэтызаваў сялянскую працу, пісаў пра духоўныя імкненні вясковай моладзі («Не шуміце, дубровы...», «Праводзіны», «Ганя», «Ноч» і інш.). Аўтар шырока выкарыстоўваў сродкі фальклорнай вобразнасці. Памёр 28.10.1962 г.

БАРКОЎСКІ Сцяпан Андрэевіч, крытык, літаратуразнавец, этнограф. Нарадзіўся ў Слуцку 10.4.1905 г. У 1926 г. закончыў Беларускі  дзяржаўны ўніверсітэт. У 1926–1937 гг. працаваў у Інбелкульце, Інстытуце гісторыі АН БССР. У лістападзе 1936 г. быў незаконна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1936–1946 гг. працаваў у лагерах горна-металургічнага камбіната ў Краснаярскім краі, на Джыдзінскім вальфрамавым камбінаце. З канца 1946 г. працаваў у Сярэдняй Азіі (г. Фрунзе) у аддзеле меліярацыі і арашэння Чуйскай вопытнай станцыі лубяных культур. У 1950 г. быў накіраваны ў Казахстан на асваенне цалінных зямель. У 1955 г. С.А.Баркоўскі быў рэабілітаваны і вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.
Першае літаратурна-крытычнае выступленне было прысвечана лірыцы В.Маракова (1926). Даследаваў таксама паэзію А.Дудара, прозу В.Каваля. Склаў альбом па беларускай народнай набіванцы, займаўся праблемамі этнаграфіі Беларусі XIX ст. Памёр 11.6.1966 г.

БАРХАТКОВА Алена Мікалаеўна, беларускі жывапісец. Нарадзілася 24.5.1965 г. у Слуцку. Закончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А.Глебава (1984). Яе пейзажам і нацюрмортам уласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, своеасаблівасць і непаўторнасць каляровага бачання. Асноўныя работы: «Сакавік» (1985), «Яблыкі», «Пасля дажджу» (абедзве 1992), «Бэз», «Зімовысад», «Пачатак лета» (усе 1993), «Нацюрморт з рабінай», «Кастрычнік», «Капліца ў Падневічах» (усе 1994), «Ранняя вясна», «Май цвіце», «Сонечны нацюрморт», «Вячэрнія промні», «Гарачы жнівень», «Сакавік», «Манастырскі сад», «Палявыя кветкі», «Апошні прамень» (усе 1995) і інш.

БАСАЛЫГА Міхаіл Самуілавіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 1.5.1942 г. у Слуцку. Закончыў СШ № 10 Слуцка, Мінскае мастацкае вучылішча (1963), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1970). З 1993 г. дырэктар Мінскага мастацкага вучылішча пры Беларускай акадэміі мастацтваў. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Удзельнік мастацкіх выставак з 1963 г. Асноўныя творы: ілюстрацыі да кніг Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1982), «Курган» (1987), М.Танка «Кліч жураўліны» (1972), «Хай будзе святло» (1972), «Ave Maria» (1980), А.Петрашкевіча «Напісанае застаецца» (1982); серыя аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы», літаграфіі «Леў Сапега», «Рагнеда», «Юрый Алеша», «Мірскі замак» і інш. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і іншых музеях.

БАСАЛЫГА Уладзімір Самойлавіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 1.4.1940 г. у Слуцку. Закончыў СШ № 10 Слуцка, Мінскае мастацкае вучылішча (1960), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1967). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. У 1966–1970 гг. галоўны мастак упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР. У 1971–1980 гг. галоўны мастак Мастацкага фонду БССР. З 1989 г. выкладчык Акадэміі мастацтваў, дацэнт кафедры графікі, старшыня графічнай секцыі Беларускага саюза мастакоў, з 1995 г. дэкан мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў.
Асноўныя творы: серыі аўталітаграфій «Помнікі дойлідства Беларусі», «Мова наша родная», «Радзіма мая дарагая»; цыкл афортаў «Пакутніцы духоўнага Чарнобыля», ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў М.Танка, Н.Гілевіча, П.Броўкі, У.Караткевіча. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі і культуры, музеях Я.Купалы і Я.Коласа, Музеі рэлігіі і атэізму ў Пецярбургу і іншых музеях. Узнагароджаны медалём Ф.Скарыны (1990).

БЕЛАВУСАЎ Алег Паўлавіч, беларускі мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Нарадзіўся 16.11.1945 г. у Слуцку. У 1966 г. закончыў Беларускі  дзяржаўны ўніверсітэт. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975–1989), анімацыйных студый (1989–1995), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 г. выступае ў друку па праблемах беларускага выяўленчага мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакументальных і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.Бойкам), «Загадка Ф.Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў «Казка пра вясёлага клоўна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра», «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994).

БРАНАВЕЦ Надзея Гаўрылаўна, беларускі мастак. Нарадзілася 5.7.1938 г. у в. Маяк. Закончыла Беларускі тэатральна-масгацкі інстытут (1967). Працавала ў Мастацкім фондзе БССР, дзіцячай мастацкай школе, студыі выяўленчага мастацтва. Жыве ў г. Баранавічы. Працуе ў станковым і манументальным дэкаратыўным жывапісе, графіцы. Асноўныя працы: палотны «Партрэт маці», «Мікола Гусоўскі», серыя «Мой родны кут», ілюстрацыі да твораў Цёткі, вітражы «Поры года» (прывакзальны рэстаран), «Музы» (музычнае вучылішча), «Алхімікі» (аптэка № 146), «Песня пра Беларусь» (магазін «Кветкі», усе ў г. Баранавічы).

ВАЛАТОВІЧ Антон Сцяпанавіч, мастак. Нарадзіўся ў 1940 г. у в. Лясішча. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у станковым і манументальным жывапісе. Аўтар шэрагу вітражоў, а таксама карціны «Праца ў агародзе», «Провады навабранца». Памёр у 1971 г.

ВАЛЫНЕЦ Мікалай Іванавіч, беларускі жывапісец. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 3.4.1921 г. у в. Цалевічы. Закончыў Віцебскае мастацкае вучылішча (1940). Працуе ў жанры партрэта і пейзажа. Аўтар партрэтаў невядомага салдата (1946), франтавой медсястры (1949), мастакоў С.Андруховіча (1964) і Л.Лейтмана (1974), сына Мікалая (1985), лётчыка В.І.Коўзана (1990) і інш.; пейзажаў «Залатая восень», «Рэчка ў Чамярах» (1950), «Млын на Банцараўшчыне» (1955), «Універсітэцкі гарадок» (1995), «Раніца ў Белавежскай пушчы» (1996) і інш. У шматпланавым творы «Касмічная паэма» (1986–1994) увасобіў свой погляд на мінулае, сучаснасць і будучыню чалавецтва, на суіснаванне чалавека і прыроды.

ВАСІЛЕВІЧ Алена Сямёнаўна, беларуская пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1976 г. заслужаны работнік культуры БССР (1977). Нарадзілася 22.12.1922 г. у засценку Даманшчына (цяпер в. Ліпнікі). Закончыла Рагачоўскі настаўніцкі інстытут (1941), Беларускі  дзяржаўны ўніверсітэт (1946). У гады Вялікай Айчыннай вайны працавала ў Чкалаўскай вобласці, была старшым пісарам у вайсковай часці (1942), пасля загадчыцай бібліятэкі ў Харкаве, літкансультантам у Курскім абласным выдавецтве (1946–1950). З 1950 г. у часопісе «Работніца і сялянка», з 1972 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у 1981–1983 гг. у выдавецтве «Юнацтва». Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца з 1947 г. Выйшлі кнігі апавяданняў «Блізкія знаёмыя» (1954), «Заўтра ў школу» (1956), «Сябры» (1958), «Апавяданні» (1959), «Падслухала сэрца», «Калінавая рукавічка» (1963), «Я з вамі» (1964), «Пісар страявой часці», «Адно імгненне» (1974), аповесць «Шляхі-дарогі» (1950), цыкл аповесцей «Расці, Ганька» (1966), «Доля цябе знойдзе» (1967), «Новы свет» (1968), «Пачакай, затрымайся...» (1970), якія склалі тэтралогію «Пачакай, затрымайся» (1972). Жыве ў Мінску.

ВІТКА Васіль (КРЫСЬКО Цімох Васільевіч), беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры БССР (1970), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1972 г. Нарадзіўся 16.5.1911 г. у в. Еўлічы ў сялянскай сям"і. Пасля заканчэння Слуцкай прафтэхшколы (1928) працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы, у бабруйскай і жлобінскай райгазетах, у рэдакцыях «Чырвонай змены», «Літаратуры і мастацтва», часопісе «Полымя рэвалюцыі», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Пад час Вялікай Айчыннай вайны рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў, супрацоўнік газеты «Савецкая Беларусь», сатырычных часопісаў «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 г. намеснікам галоўнага рэдактара, затым на працягу шасці гадоў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957–1974 гг. галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», у 1974–1987 гг. член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы), «Знак Пашаны» (двойчы), медалямі.
Друкавацца пачаў у 1928 г. Першы зборнік вершаў выйшаў у 1944 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла», «Случчына» (1981), «Трэція пеўні», а таксама шматлікіх кніжак для дзяцей. Памёр 5.7.1996 г.

ВІТКО Уладзімір Ільіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 10.5.1933 у в. Грэск. У 1960 г. закончыў Мінскае мастацкае вучылішча. З 1961 г. жыве і працуе ў Віцебску. У мастацкіх выстаўках удзельнічае з 1964 г. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта. Аўтар работ «Марсава поле», «Маладзёжная брыгада» (1971), «Партызанскі курган» (1972), «Пара сенакосная», «Лён» (1974), «Гульня ў мяч», «Карагод» (1979), «Ефрасіння Зянькова. 1941 год» (1980), «Восень», «Стары Віцебск», «Бярозы над возерам» (усе 1985), «Зіма» (1986), «Плошча Перамогі», «Апошні снег», «Цвіце лён», «Зямля беларуская» (усе 1987), «Крычаць чайкі», трыпціх «Зямля з небам гаворыць» (1988), «Ідэя» (1990), «Распяты» (1995), «Халадэча», «Чорны снег» (1997), «Радуга» (1998).
Творы захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

ВІШНЕЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 17.2.1955 г. у в. Балотчыцы. Закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1973), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1987). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісе і скульптуры. Асноўныя творы: графічныя лісты «Дзяды», «Піета», «Прысвячэнне У.Караткевічу», «Каменная ўсмешка»; серыі афортаў да кніг «Вянок беларускіх народных песень», «Палата кнігапісная». Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

ГАЎРУК Юрка (Юрый Паўлавіч), беларускі перакладчык і паэт. Нарадзіўся г. у Слуцку ў сям"і рабочага. Закончыў Слуцкую школу другой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Брусава ў Маскве (1925). Дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1925–1931), кафедры літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута (1931–1935). 8.2.1935 г. рэпрэсіраваны.
Асуджаны на высылку з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны ў 1956 г. У 1957–1967 гг. памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моў на беларускую. Першая публікацыя – у 1925 г. (верш Г.Гейнэ «Ткачы»). Пераклаў п"есы У.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935, пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец – справе вянец» (пастаўленаў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п"есы «Ўніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962), «Мяцеліца» Л.Лявонава, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Залатая карэта» Л.Лявонава (1971), «Багна» А.Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (1972) і інш. Памёр 18.2.1979 г.

ГЕРАСІМОВІЧ Пётр Мікалаевіч, беларускі мастацтвазнавец і графік. Нарадзіўся 12.3.1912 г. у в. Танежыцы. Закончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум (1933). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у Мазырскім педтэхнікуме (1933–1941), загадчыкам аддзела рускага і беларускага мастацтва Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (1945–1982). Аўтар прац пра беларускае выяўленчае мастацтва, манаграфій пра беларускіх мастакоў Я.А.Зайцава (1958), А.М.Тычыну (1961), а таксама твораў станковай графікі «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Пасля навальніцы» (1970), партрэтаў Я.Купалы, Я.Коласа, В.Бялыніцкага-Бірулі. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Памёр 20.4.1990 г.

ГЛІКМАН Давід, рускі паэт-сатырык, драматург. Нарадзіўся ў 1874 г. у Слуцку. Закончыў Магілёўскую гімназію. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, але не закончыў яго. У 1903 г. закончыў юрыдычны факультэт Новарасійскага ўніверсітэта (у Адэсе). Пачаў друкавацца з 1890 г. у пецярбургскіх часопісах «Руль», «Утро», «Судьбы народа», газеце «Биржевые ведомости». У 1904 г. загадчык аддзела газеты «Новости и биржевая газета». Напісаў шэраг камедый, сатырычных п"ес. Многія з іх былі пастаўлены пецярбургскім тэатрам «Кривое зеркало». Апошнія гады жыцця невядомы.

ГОЛУБ Уладзімір Пятровіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 7.11.1953 г. у Слуцку. Закончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1971), Беларускі тэатральнамастацкі інстытут (1977). Працуе ў станковым жывапісе, у жанры пейзажа і партрэта. Аўтар работ «Пан», «Нядзеля», «Прыпынак», «Ранні снег», «Ветразь надзеі», «Бярозавы сок», «Веснавая птушка», «Свіцязянка» і інш. Творы захоўваюццаў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Жыве ў Гродне.

ГУТКОЎСКІ Павел Макаравіч, беларускі графік. Нарадзіўся 25.1.1893 г. у в. Забелы. Вучыўся ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава ў Мінску, Варшаўскай мастацкай школе, Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве. Працаваў у тэхніках лінагравюры, ксілаграфіі, акварэлі, гуашы, малюнка алоўкам і тушшу. У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1921 г. Аўтар палітычных плакатаў, жанравых кампазіцый, ілюстрацый да кніг і часопісаў. Удзельнік 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі (1925). Аўтар твораў: «Аўтапартрэт» (1921), партрэты У.І.Леніна (1924), Я.Купалы (1925), А.Сержпутоўскага (1929), «Нацюрморт» (1925), ілюстрацыі да кніг «Першыя крокі» Я.Коласа (1925), «Працавітая дзяўчынка» А.Якімовіча (1959). Памёр 13.10.1962 г.

ГУЧОК Яўген Сяргеевіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 4.11.1940 г. у Слуцку. Закончыў Беларускі  дзяржаўны ўніверсітэт (1968) і аспірантуру пры ім. Настаўнічаў. З 1971 г. працуе рэдактарам выдавецтва «Народная асвета». Аўтар зборнікаў вершаў «Белае чуда» (1976), «Сэрцам і думкай» (1994), «Формула травы», «Вытокі шляхаў» (абодва 1997), прозы «Блакітныя чмялі» (1983).

ДАЙЛІДА Віктар Браніслававіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 28.9.1930 г. у в. Славінск. Закончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (1952), Мінскі педагагічны інстытут (1957). Працаваў настаўнікам Пастарынскай сямігадовай, намеснікам дырэктара Ішкалдскай (1957–1959), дырэктарам Войкавіцкай (1959–1962) васьмігадовых школ Баранавіцкага раёна, старшым рэдактарам на Брэсцкай студыі тэлебачання (1962), дырэктарам Чапліцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна (1962–1973), намеснікам дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР (1973–1982). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вясна, хлопцы, вясна» (1966), «Была вайна» (1969), «Пяро дзікай качкі» (1977), «Буслы над вёскай» (1979), «Сустрэча з маленствам» (1980), «Пыжыкавая шапка» (гумарэскі, 1986), «Гнядыя коні», «Гарох пры дарозе» (абодва 1991).

ДРОБЫШ Станіслаў Іосіфавіч, беларускі харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры БССР (1975). Нарадзіўся 17.3.1939 г. у в. Заграддзе. Закончыў Беларускую кансерваторыю (1972). З 1977 г. выкладае ў Беларускім універсітэце культуры (з 1981 г. загадчык кафедры, з 1994 г. прафесар). Адначасова ў 1964–1993 гг. кіраўнік Мінскага народнага хору Палаца культуры вытворчага будаўніча-мантажнага аб"яднання «Мінскпрамбуд», арганізатар і кіраўнік фальклорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Валачобнікі», з 1993 г. – Мінскага народнага хору Палаца культуры прафсаюзаў.

ДУБІНКА Вячаслаў Андрэевіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 17.12.1941 г. у Слуцку. Закончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту (1961). Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастка ў Слуцку (1961–1964), фотакарэспандэнтам любанскай раённай газеты «Будаўнік камунізму» (1964–1965), салігорскай «Шахцёр» (1965–1966), рэспубліканскіх газет «Звязда» (1966–1971), «Чырвоная змена» (1972–1974), у студыі «Фота і жыццё» Саюза журналістаў Беларусі (1974–1976), фатографам рэстаўрацыйнай майстэрні Міністэрства культуры БССР (1979–1981). З 1981 г. у часопісе «Беларусь». Аўтар фотаальбомаў «Бабруйск» (1967), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (1979), кніг публіцыстыкі і прозы «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая», «Ой, зялёны дубочак» (абедзве 1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989).

ДЫЛА Язэп (Восіп Лявонавіч), беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 14.4.1880 г. у Слуцку. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890–1898), Юр"еўскім ветэрынарным інстытуце (г. Тарту, 1899–1903), але за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў выключаны. Пісаць пачаў будучы яшчэ на радзіме пад уплывам пісьменніка-дэмакрата Альгерда Абуховіча. У 1903–1906 гг. жыве ў Мінску, супрацоўнік газеты «Северо-Западный край», вядзе нелегальную работу сярод беларускіх сялян. У 1906–1918 гг. працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў знаёмы з А.Купрыным, Л.Андрэевым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У студзені – лютым 1919 г. камісар працы ў Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадзе Беларусі. У 1921–1924 гг. на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 г. правадзейны член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Беларускага тэатра імя Я.Купалы, намеснік загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 г. рэпрэсіраваны і сасланы ў Сібір. З 1931 г. у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1956 г. Як пісьменнік дэбютаваў абразком «Перад раніцай...» (1909). Аўтар п"ес «Панскі гайдук» (пастаўлена ў 1924 г., выдадзена ў 1926 г.), «Юнак з Крошына» (1965), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), аповесці «У імя дзяцей» (1968), успамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса, прац аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX ст. Памёр 7.4.1973 г. Яго імем названа вуліца ў Слуцку.

 

ЖУК Алесь (Аляксандр Аляксандравіч), беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 1.4.1947 г. у в. Клешаў. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1970). Працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», інструктарам ЦК КПБ, галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам рэдактара часопіса «Полымя». З 1997 г. – галоўны рэдактар часопіса «Нёман».
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978 г., Літаратурнай прэміі імя І.Мележа 1982 г., Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Коласа 1992 г.
Першыя апавяданні апублікаваў у рэспубліканскім друку ў 1965 г. Выдаў кнігі прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «Праклятая любоў» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыя тэлефільма «Паляванне на Апошняга Жураўля» (зняты ў 1986 г.). Па матывах аповесці «Зоркі над палігонам» зняты фільм «Палігон» (1983).

ЖУК Валерый Іванавіч, беларускі мастацтвазнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства (1985), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1996 г. Нарадзіўся 25.7.1949 г. у в. Паўстынь. Закончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1973). Выкладаў у Грозаўскай школе-інтэрнаце Мінскай вобласці (1973–1976). З 1976 г. працуе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Даследуе дэкаратыўнапрыкладное і выяўленчае мастацтва Беларусі. Аўтар кніг «Сучасная беларуская кераміка. Тэндэнцыі развіцця» (1984), «Традыцыі і наватарства ў беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве» (1985). Адзін з аўтараў выдання «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1–6, 1987–1994).

ЖУК Мікалай Андрэевіч, літаратар, педагог. Нарадзіўся 24.10.1914 г. у в. Паўстынь. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага. У гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся супраць ворага ў партызанскім атрадзе імя Катоўскага, што дзейнічаў на Любаншчыне. Працаваў настаўнікам Вясейскай (1944–1946), Старцавіцкай (1946–1959) сярэдніх школ Слуцкага раёна, Урэцкай СШ № 1 Любанскага раёна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, васьмю медалямі, знакам «Выдатнік народнай асветы». Памёр 14.10.1995 г. Выйшла кніга вершаў «Ля падножжа маіх святынь» (1996).

ЗАРЭЧНЫ Цімох, літаратар. Нарадзіўся ў 1910 г. Працаваў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Аўтар зборнікаў прозы «Маладосць», «Руднянскі пастушок», аповесцей «Эльбрусы чалавечага шчасця», «Маці і сын», «Андрэй Блажко», рамана «Белы камень». Відаць, загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

КАВЫЛЬ Міхась (ЛЕШЧАНКА Язэп Казіміравіч), беларускі паэт. Нарадзіўся 1.11.1915 г. у в. Покрашава ў сялянскай сям"і. Закончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Мінску (1930–1933). Быў членам «Маладняка». 23.2.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (4-е аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935–1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратуразнаўчым факультэце (1936–1938), працаваў настаўнікам у пас. Ваўчок Варонежскай вобласці (1938–1941). З першых дзён вайны на фронце. Ваяваў на Ўкраіне, у маі 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША. Першы верш апублікаваў у 1929 г. у газеце «Беларуская вёска». Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», «Вясне» (дадатак да бабруйскага «Камуніста»), у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990). Перакладае творы рускіх, украінскіх, англійскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.

КАРЖАНЕЎСКАЯ Галіна Анатольеўна, беларуская паэтэса. Нарадзілася 27.8.1950 г. у в. Лясішча. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1973). Працавала ў Плешчаніцкай СШ Лагойскага раёна, рэдактарам Беларускага тэлебачання, з 1986 г. загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (вершы і паэма, 1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (вершы і паэма, 1988), кніжак вершаў для дзяцей «На што падобна аблачынка» (1983) і «Сінічка на балконе» (1989).

КІШ Алена Андрэеўна, беларускі майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Аўтар мастацкай размалёўкі на палатне. Нарадзілася ў 1896 г. у в. Леніна. Мастацкі росквіт яе творчасці прыпаў на 1930–1940-я гады. Вядомы яе маляваныя дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «У райскім садзе» і іншыя, у якіх яскрава выявіўся наіўна-рэалістычны характар творчасці мастачкі. Блізкасць да традыцый мясцовай народнай размалёўкі ў дэкаратыўнасці прапрацаваных дэталей, лакальнасці колераў, шырокім выкарыстанні раслінных элементаў. Творы былі сабраны і адрэстаўрыраваны мастаком У.Басалыгам і прадстаўлены на выстаўцы народнага мастацтва ў Мінску (1978). Памерла ў 1949 г.

КЛЕБАНОВІЧ Міхась (Міхаіл Іванавіч), беларускі пісьменнік, заслужаны работнік культуры БССР (1985). Нарадзіўся 14.3.1934 г. у в. Грэск. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1957). Працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, з 1977 г. галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. Аўтар кнігі прозы «Ранішняе сонца» (1981), аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п"ес «Аплявуха» (пастаўлена 1960), «Санітарны дзень» (пастаўлена на Беларускім радыё, 1994), «Збродныя душы» (1997), сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995).

КЛЯЗОВІЧ Анатоль Васільевіч, мастак. Нарадзіўся ў 1941 г. у в. Вялікая Сліва. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1962), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969). Працуе ў станковым жывапісе. Аўтар карцін «Вясковы надвячорак» (1975), «Стары млын» (1976), «Працоўны дзень скончыўся» (1977) і інш. Аформіў краязнаўчыя музеі ў Слуцку і Салігорску.

КОХАН Яўхім Іванавіч, літаратар. Нарадзіўся 3.2.1912 г. у в. Навадворцы. Закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут (1969). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у бабруйскай раённай газеце «Камуніст», жлобінскай шматтыражцы «Ударнік», рэспубліканскіх газетах «Рабочий», «Савецкая Беларусь». Жыў за межамі Беларусі. Друкаваў свае вершы ў беларускіх рэспубліканскіх часопісах. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені.

КОШАЛЬ Пётр Агеевіч, рускі пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся 20.4.1946 г. у Слуцку. Закончыў Літаратурны інстытут імя М.Горкага ў Маскве (1979). Аўтар зборнікаў паэзіі «Лістота» (1979), «Гарадская зорка» (1981), «Рака Жыццё» (1987), «Такі як ёсць» (1987), кніг дакументальнай прозы «Гісторыя пакаранняў у Расіі. Гісторыя расійскага тэрарызму» (1995), «Гісторыя вышуку ў Расіі» (т. 1–2, 1996). Пераклаў на рускую мову кнігі выбраных вершаў Р.Баравіковай «Светнік» (1982) і Цёткі «Выбранае» (1986), пераклаў і склаў анталогію беларускіх паэтаў 1920–1930-х гадоў, «Час ветравея» (1987) і беларускай дзіцячай літаратуры «Чарадзейная крынічка» (1997).

ЛІХАДЗІЕЎСКІ Сцяпан Іванавіч, беларускі паэт і літаратуразнавец, доктар філалагічных навук (1967), прафесар (1968). Нарадзіўся 9.5.1911 г. у в. Барок у сялянскай сям"і. Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1926–1930), Беларускім дзяржаўным універсітэце (1930–1931), Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931–1933). Працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы на 3 гады на поўдзень Казахстана, настаўнічаў. У 1939 г. закончыў Томскі педагагічны інстытут. Працаваў выкладчыкам Ташкенцкага педынстытута, дэканам, загадчыкам кафедры зарубежнай літаратуры.
Першы верш надрукаваў у 1925 г. Пісаў на беларускай, рускай і ўзбекскай мовах. Выйшлі зборнікі паэзіі «Чырванеюць вішні», «Рокаты дальняй прыстані» (абодва 1931), «Крывавыя знічкі на снезе» (1932), кніжкі вершаў і перакладаў «Мы – маладая гвардыя» (1932), «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Пошукі сердаліку» (1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981). Аўтар кніг «Анатоль Франс» (1954), «Радасць сустрэч» (1977). Памёр 13.2.1979 г.

ЛОБАН Мікалай Паўлавіч, беларускі пісьменнік, мовазнавец, кандыдат філалагічных навук (1953), заслужаны работнік культуры БССР (1974). Нарадзіўся 27.10.1911 г. у в. Чапліцы. У 1945 г. закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1944 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Друкавацца пачаў у 1930 г. Аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953), раманаў «На парозе будучыні» (1961–1963), «Гарадок Устронь» (1967–1968), «Шэметы» (1981), апавяданняў, эсэ, мовазнаўчых даследаванняў і крытычных артыкулаў. Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (1948, 1961, 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977–1984). Памёр 28.12.1984 г.

МАЙХРОВІЧ Сцяпан Казіміравіч, беларускі літаратуразнавец і крытык, кандыдат філалагічных навук (1959). Нарадзіўся 21.6.1908 г. у в. Старэва. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў інструктарам Бабруйскага акруговага камітэта камсамола, рэдактарам раённай газеты (г. Камарын), загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам газет «Орка» і «Штандар вальносці» (на польскай мове), «Белостокская правда». У 1944–1948 гг. дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва БССР, журналіст, у 1952–1954 гг. галоўны рэдактар Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР, у 1959–1970 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў 1939 г. Аўтар манаграфічных прац і нарысаў па гісторыі савецкай і дакастрычніцкай беларускай літаратуры «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В.І.Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV–XVIII ст.» (1980). Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам «Віртуці мілітары». Памёр 2.7.1981 г.

МАРЦІНОВІЧ Аляксандр Андрэевіч, беларускі крытык, літаратуразнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К.Каліноўскага 1998 г. Нарадзіўся 18.8.1946 г. у в. Казловічы. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1968). Працаваў у драгічынскай, капыльскай і слуцкай раённых газетах, з 1972 г. у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Аўтар кніг «Далучанасць», «Пад небам вечнасці» (абедзве 1990), «Дарога ў запаветнае» (1992), «Сувязь», «Шляхам праўды» (абедзве 1994), «Дзе ж ты, храм праўды?», «Зерне да зерня» (абедзве 1996), «Святло чароўнага ліхтарыка» (у 2 кнігах, 1997–1998).

МІСЬКО Павел Андрэевіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 14.3.1931 г. у в. Старцавічы (цяпер Знамя). Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1955). Працаваў у давыд-гарадоцкай раённай газеце «Сцяг Леніна», газетах «Звязда», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у 1972–1980 гг. у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. Выйшлі кнігі нарысаў «Адмаўленне ад крыжа» (1964), «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), зборнікі апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967), «Калянае лісце» (1974), зборнікі гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988) і інш., раманы «Мора Герадота» (1976), «Градабой» (1980), «Хлопцы, чые вы будзеце...» (у 2 кнігах, 1990, 1994). Выдаў кнігі прозы для дзяцей «Зямля ў нас такая» (1971), «Прыгоды Бульбобаў» (1977), «Гротафаліны» (1985), «Эрпіды на планеце Зямля» (1987), «Прыйдзі, дзень-залацень!» (1993) і інш. Пераклаў на беларускую мову паэму-раман М.В.Гогаля «Мёртвыя душы» (1990), казку П.Яршова «Канёк-Гарбунок» (1997).

МУРАШКА Вячаслаў Пятровіч, мастак. Нарадзіўся 31.7.1955 г. у в. Бязверхавічы. Закончыў Беларускі тэатральнамастацкі інстытут (1978). Удзельнік мастацкіх выставак з 1976 г. Працуе ў галіне плаката. Асноўныя творы: плакаты «Працоўная хвіліна – народнае багацце», «Першадрукару Ф.Скарыну – 500 гадоў», «Курапаты», «Слава парцізанам – героям барацьбы ў тыле ворага», «Кааперацыя», «Паскарэнне» і інш.

МУРАШКА Рыгор Данілавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 16.2.1902 г. у в. Бязверхавічы. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917–1918). У 1919–1920 гг. удзельнік барацьбы супраць польскіх акупантаў на Случчыне, баец слуцкага атрада асобага назначэнія. Працаваў у часопісе «Бальшавік Беларусі» (1926–1929), у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930–1933). У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнік Мінскага патрыятычнага падполля і партызанскага руху на Лагойшчыне. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), аповесці «Ў іхнім доме» (1929), раманаў «Сын» (1929), «Салаўі святога Палікарпа» (1940). Загінуў у красавіку 1944 г.

ПАЎЛАВА Ніна Мікалаеўна, майстар мастацкага ткацтва. Нарадзілася 10.5.1930 г. у в. Паўстынь. Працавала на Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў (1954–1994). Работы экспанаваліся ў многіх краінах свету, захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Этнаграфічным музеі Расіі (Санкт-Пецярбург) і інш. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

ПАШКЕВІЧ Алесь (Аляксандр Аляксандравіч), беларускі паэт, празаік, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1998). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995) і Беларускага саюза журналістаў (1997). Нарадзіўся 11.9.1972 г. у в. Набушава. Закончыў Вясейскую сярэднюю школу (1989), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1994). Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Першацвет». З 1998 г. выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова загадчык аддзела паэзіі часопіса «Нёман». Аўтар зборнікаў вершаў «Нябесная сірвента» (1994), дакументальнага рамана «I дам табе вянок жыцця» (2000), прысвечанага падзеям Слуцкага паўстання 1920 г.

ПРАТАСЕНЯ Іван Міхайлавіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 1.2.1931 г.у в. Знамя. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1957), Маскоўскі паліграфічны інстытут (1965). Працаваў мастаком Дзяржтэлерадыё БССР (1958–1965), мастацкім рэдактарам выдавецтваў «Ураджай» (1965–1972), «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1972–1984), часопіса «Работніца і сялянка» (з 1985). Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Бацькоўскі дом» (1972), «Зіма на Случчыне» (1979), «Сцяжынка да бацькоўскай хаты» (1980), «Адліга» (1981), партрэтаў П.Броўкі, Кірыла Тураўскага, «Думы Цёткі» (1976), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982) і інш. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і інш.

САНЬКО Валерый Аляксеевіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 29.8.1939 г. у в. Вялікая Сліва. Закончыў Баранавіцкае медвучылішча (1958), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967), Вышэйшую партыйную школу (1978). Працаваў фельчарам, у газетах «Чырвоная змена», «Звязда», у выдавецтвах «Беларусь», «Народная асвета», «Полымя». З 1992 г. дырэктар Беларускага выдавецкага таварыства «Хата». Аўтар кніг «Жыватворныя крыніцы» (1979), «Усё скончана: мы прайшлі па Маскве» (1993), «Не плач, маці» (1995), «Дахаты пойдуць усе» (1999). Адзін з аўтараў навукова-папулярных кніг «З вудай і стрэльбай» (1975), «Размова з прыродай» (1990), «Прыроды шчодрыя дары» (1992), «Дары лугоў, палёў, лясоў» (1994).

СЛУЧАНІН Лявон (ШПАКОЎСКІ Лявон Раманавіч), беларускі паэт. Нарадзіўся 15.10.1914 г. у в. Лучнікі. Вучыўся ў Слуцкім педтэхнікуме, Мінскім тэатральным вучылішчы. Закончыў Мінскі педынстытут (1936). Быў рэпрэсіраваны ў 1937 г. Вызвалены ў 1939 г. Працаваў настаўнікам у Слуцку ў СШ № 3 і педтэхнікуме. У час акупацыі працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы, школьным інспектарам, а таксама супрацоўнічаў у нямецкай акруговай газеце. Пры адступленні немцаў выехаў з сям"ёй у Германію. Пасля вайны вярнуўся на радзіму. Быў асуджаны да 15 гадоў зняволення. Пасля вызвалення жыў у Варкуце. У 1973 г. вярнуўся на Беларусь. Жыў у г. Салігорск. Аўтар зборніка вершаў «Церні», паэм «Рагнеда», «Пагоня», «Ісус Хрыстос», рамана ў вершах «Алесь Няміра». Памёр 25.10.1995 г.

СТАСЕВІЧ Галіна Харытонаўна, мастачка. Нарадзілася 3.8.1948 г. у Слуцку. Закончыла Мінскі тэхнікум лёгкай прамысловасці (1967), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975). Удзельніца мастацкіх выставак з 1976 г. Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (ручное ткацтва). Асноўныя творы: габелены «Раніца», «Купалле», «Квітней, зямля», «Іней», «Восень», «Музычныя рытмы», «Лілея», серыя габеленаў «Букеты» для кафэ гасцініцы «Кастрычніцкая» ў Мінску, дэкаратыўная тканіна для гандлёва-прамысловай выстаўкі ў г. Бары (Італія).

СЯМАШКА Валянціна Антонаўна, беларуская піяністка, педагог. Нарадзілася ў 1868 г. у Слуцку. Закончыла Маскоўскую кансерваторыю (1889). Вучылася разам з С.Рахманінавым і А.Скрабіным. Выступала як піяністка. У 1920–1924 гг. працавала выкладчыцай у музычнай студыі і школе ў Мінску, з 1924 г. у Мінскім музычным тэхнікуме, з 1932 г. дацэнт Беларускай кансерваторыі. На Беларусі развівала традыцыі Маскоўскай фартэпіяннай школы. Памерла ў 1938 г.

ТРАЯНОЎСКІ Аляксандр Пятровіч, беларускі перакладчык. Нарадзіўся 22.9.1925 г. у леснічоўцы Уздымач. Закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут (1959). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Мастацтва Беларусі». Перакладае з чэшскай, кашубскай, серба-лужыцкай, польскай і ўкраінскай моў.

ТЭРАЎСКІ Уладзімір Васільевіч, беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Нарадзіўся 23.11.1871 г. у в. Раманава (цяпер в. Леніна). У 1914 г. стварыў у Мінску адзін з першых беларускіх харавых калектываў, рэарганізаваны ў 1917 г. у Беларускі народны хор. У 1917–1920 гг. узначальваў музычную частку Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, у 1920–1935 гг. хормайстар БДТ-1 (тэатр імя Я.Купалы). Напісаў музыку да спектакляў «Бязвінная кроў» У.Галубка (1918), «На Купалле» М.Чарота (1921), «Каваль-ваявода» Е.Міровіча (1925), «Паўлінка» Я.Купалы. Аўтар рамансаў і песень на словы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Чарота і інш. Памёр 10.11.1938 г.

ХАДАРОВІЧ Уладзімір Паўлавіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 27.8.1947 г. у Слуцку. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1967), Беларускі тэатральнамастацкі інстытут (1977). Працуе ў станковым жывапісе ў жанры нацюрморта. Кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва СШ № 75 Мінска (1985–1989), выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў (1996–1997). Асноўныя работы: «Хлеб», «Лён», «Нацюрморт з яблыкамі», «З думай пра Бацькаўшчыну», «Сакавік», «Памяці Францыска Скарыны» і інш. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і іншых музеях.

ЦЕСЛЕР Уладзімір Якаўлевіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 30.4.1951 г. у Слуцку. Закончыў Беларускі тэатральнамастацкі інстытут (1980). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, плакаце. Член Беларускага саюза мастакоў з 1987 г. і Беларускага саюза дызайнераў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Уладальнік Гран-пры XI Міжнароднага біенале плаката (1986). Узнагароджаны спецыяльнай прэміяй ААН, а таксама шматлікімі дыпломамі і прэміямі міжнародных конкурсаў плаката.

ШАНТЫР Фабіян Гіляравіч, беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 4.2.1887 г. у Слуцку. Закончыў Слуцкую гімназію. У 1905–1907 гг. за рэвалюцыйную дзейнасць зняволены ў слуцкую турму. Працаваў хатнім настаўнікам, мулярам, прыватным адвакатам. З 1914 г. у арміі, наглядчык палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1917 г. арганізатар і кіраўнік культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка» ў Слуцку, адзін з лідэраў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадчык Смаленскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята, супрацоўнік Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята, у 1919 г. камісар па нацыянальных справах Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Удзельнічаў у выданні газеты «Савецкая Беларусь». Друкавацца пачаў у 1909 г. у газеце «Наша ніва». Пісаў апавяданні, вершы, публіцыстычныя артыкулы. Аўтар працы «Беларускае пытанне» (1918). Арыштаваны 17.4.1920 г. і расстраляны 25.5.1920 г.

ШЫРЫН Леанід Іванавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 1.1.1930 г. у в. Працавічы. Закончыў Мінскае педвучылішча (1954), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1962). Працаваў настаўнікам у школах Любанскага раёна, дырэктарам Жабінскай і Мяцявіцкай сярэдніх школ Салігорскага раёна. Аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Мы дзеці шахцёраў» (1978), «Песні ручая» (1980), «Ясь, жалейка і вясна» (1989). Памёр у 1996 г.

 

Подготовлено по материалам
книги 2 «Память. Слуцкий район. Слуцк»

 



Назад
Комментариев: 1

Мартин 2013-04-08 14:19:25

А ещё- талантливый белорусский актёр, сценарист и шоу-мен Артур Шуляк. Его детство прошло в Слуцке,в доме по ул.14 партизан. Сам себя он не редко именует слуцким хлопцам.

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 6329. Последнее 2017-04-27 19:43:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru