У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Шантыр Фабіян Гіляравіч

З ураджэнцаў Слуцка ў Фабіяна Гіляравіча Шантыра (4 лютага 1887 года – 29 мая 1920 года) – ці не самы «пакручасты» лёс. Мяркуйце самі: рана застаўся без маці, быў вязнем царскай турмы, мулярам, настаўнікам, адвакатам, наглядчыкам палявога шпіталя, працаваў старшынёй Бабруйскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, загадчыкам Смаленскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 годзе ўваходзіў у склад першага рабоча-сялянскага ўрада БССР, затым быў членам рэдакцыйнай калегіі газеты «Савецкая Беларусь», кіраўніком спраў асобай харчовай камісі па забеспячэнню 16-й арміі. А «кропку» ў 33-гадовым жыцці нашага земляка паставіў расстрэл па прыгавору «тройкі» асобага аддзела 16-й арміі.

Свайго роду ключом да разумення жыццёвага шляху Фабіяна Шантыра могуць паслужыць яго словы з пісьма сваёй будучай жонцы, дзяячцы беларускага адраджэння Зосьцы Верас: «Я вырас у атмасферы поўнай незалежнасці і ніколі не прызнаваў якіх бы то ні было варункаў, што так ці іначай абмяжоўваюць волю індывідуума». Ці не адсюль – яго радыкальныя рэвалюцыйныя погляды, неадольнае жаданне зламаць усё старое, іншы раз не ведаючы чым яго замяніць? А дадайце да гэтага незалежны, на грані авантурызму, характар і накладзіце ўсё на той бурны час – пачатак ХХ стагоддзя.

То хіба мог 18-гадовы Фабіян Шантыр застацца ўбаку ад рэвалюцыйных падзей 1905 года? У Слуцку і Капылі ён удзельнічаў у мітынгах, дэманстрацыях, асветніцкай дзейнасці, выпуску лістовак. Паліцэйскія заўважылі маладога актывіста, і той на восем месяцаў апынуўся ў слуцкай турме…

Аднак у царскіх засценках не астыў рэвалюцыйны парыў маладога случчаніна. Больш таго – 1917 год з яго Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі стаў «роднай стыхіяй» для энергічнага маладога чалавека з аратарскімі здольнасцямі. У тагачасных газетах можна было прачытаць: «Прыгожую, поўную журбы і пяшчоты прамову сказаў наш беларускі бальшавік тав. Шантыр», «Шантыр вітае ад беларусаў г. Бабруйска: “Успомніце жыццё беларускага народа, жыццё сярод беднасці і гора… Стойце да канца і пакляніцеся, што вы не здрадзіце рэвалюцыі!” (авацыі)».

Дзе б Ф. Шантыр ні працаваў, у якіх мерапрыемствах ні ўдзельнічаў, заўсёды паслядоўна выступаў за беларускае адраджэнне, за самавызначэнне Беларусі. Гэтая дзейнасць прынесла яму шырокую вядомасць, надала рэпутацыю ўдумлавага і разважлівага спецыяліста па нацыянальных пытаннях. І калі паводле дэкрэта У.І. Леніна ад 31 студзеня 1918 года быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят, то яго Смаленскае аддзяленне ўзначаліў Ф. Шантыр. Белнацкам сваю дзейнасць накіроўваў на развіццё культуры і нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народа; клапаціўся пра бежанцаў-беларусаў у Расіі, вёў сярод іх палітычную і культурна-асветніцкую работу; згуртоўваў беларускіх працоўных вакол савецкай улады.

Лагічным працягам такой дзейнасці Ф. Шантыра стала прызначэнне яго народным камісарам нацыянальных спраў першага ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая была абвешчана 1 студзеня 1919 года. Але ўжо 16 студзеня Цэнтральны камітэт Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў рашэнне тры з пяці губерняў рэспублікі далучыць да Расійскай Федэрацыі, Беларусь і Літву аб"яднаць у адну рэспубліку. Восем народных камісараў беларускага ўрада накіравалі прадстаўніку ЦК РКП (б) А.А. Іофе пісьмо пратэсту супраць такога рашэння, якое крыху пазней само жыццё прызнала памылковым. Пратэст не дапамог, а беларускіх нацыянал-камуністаў абвінавацілі ледзь не ў палітычным злачынстве.

Пасля такога дэмаршу адстаўка народнага камісара Ф. Шантыра была вырашанай справай. Ён яшчэ працаваў на розных адказных пасадах, апошняй з якіх была – кіраўнік спраў асобай харчовай камісіі па забеспячэнню 16-й арміі. 17 красавіка 1920 года Ф. Шантыра арыштавалі па заяве адной з яго падначаленых, быццам ім згвалтаванай. Следствам заняўся асобы аддзел 16-й арміі. У заключнай пастанове па следству гаварылася: «…Факт подрыва авторитета Советской власти, дискритирование (так у дакуменце – А.Ж.) Коммунистической партии и преступление по должности доказаны, а посему гр. Фабиана Гиляровича Шантыра, как вредный и неисправимый элемент, подвергнуть высшей мере наказания». На следстве Ф. Шантыр усе абвінавачванні абвяргаў, гаварыў пра свае заслугі перад савецкай уладай, аднак усё аказалася дарэмным…

Праўда, у тых, хто пазнаёміўся ў архіве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь з крымінальнай справай Ф. Шантыра, узнікае шэраг пытанняў і нават версій адносна сапраўдных прычын расправы з ім. Але цікавы факт: у 1921 годзе чэкісты арыштавалі былога народнага камісара замежных спраў У. Фальскага, пазней пры загадкавых абставінах памруць «нацыянальныя бальшавікі» Сцяпан Булат, Алесь Бурбіс, а ў 1930-х гадах будуць знішчаны амаль усе члены першага беларускага ўрада на чале з яго старшынёй Зміцерам Жылуновічам (сапраўднае прозвішча пісьменніка Цішкі Гартнага). А неадназначнасць справы Ф. Шантыра пракуратура Рэспублікі Беларусь улічыла і сваім заключэннем ад 23 сакавіка 1992 года яго рэабілітавала.

Свае першыя літаратурныя творы Ф. Шантыр надрукаваў восенню 1909 года ў газеце «Наша ніва» (17 верасня – абразок «Захар», а 12 лістапада – апавяданне «У вёсцы»). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах. Падпісваўся псеўданімамі Н. Светлов, А. Хмара, крыптанімамі Ф.Ш., Ф. Ш-р., Ш.Ф. На творчасць Ф. Шантыра натхніла знаёмства з перадавымі людзьмі таго часу – Максімам Багдановічам, Цішкам Гартным, Яўхімам Карскім, Язэпам Лёсікам. І можна сказаць, што ён з годнасцю нёс званне тагачаснага літаратара. Сведчаннем таму і такі факт. У 1918 годзе сваім спецыяльным рашэннем Беларускі нацыянальны камісарыят выдаў у Маскве літаратурна-публіцыстычны зборнік «Зажынкі». Ён меў падзагаловак – «Першы збор твораў беларускіх песняроў і пісьменнікаў, вышаўшых з сям'і працоўнага народу». Аўтары апублікаваных у зборніку твораў – Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Цётка і ён – случчанін Фабіян Шантыр. У зборніку – Фрагмент яго апавядання «Родны край» і апавяданне «Святы Божа!..».

…Хата селяніна-бедняка Сымона. «Нудна гарыць лучына. Паранае, тухла-сырое паветра, паднятае з вільготнай, нічым не прыкрытай зямлі, змешанае з едкім дымам лучыны, алавянаю хмарай калышацца ўгары», – вядзе аўтар аповед. Сядзіць Сымон на лаве каля стала і «аслупянелымі вачыма глядзіць на сырую чорную зямлю сваёй хаты, нібы дзівуючыся, што ён жыве на ёй. У куце, на лаве, засланай абрусам, ляжыць пакойнік…». Гэта цела апошняга Сымонавага сына, які памёр ад «балотнай хваробы». Чатыры разы прыходзіла смерць у хату Сымона і чатырох Сымонавых сыноў вынесла на могілкі. Прыйшлі поп і дзяк, загадалі браць дамавіну, і працэсія накіравалася на могілкі. Праспявалі там колькі разоў «Вечная памяць!» і разышліся. Зняў Сымон века з дамавіны. «Закінуў Сымон назад сваю лахматую галаву, выцягнуў уперад, угору сухія мазольныя рукі; уставіў у горную высь свой распалены болем, дзікі ўзрок – і запеяў… Запеяў страшным нечалавечым голасам… Роў чалавек-звер,ашалелы з свайго страшэннага гора». Што і казаць – выдатна апісана спрадвечная прага жыць і адначасова – бездапаможнасць перад смерцю, яе неадступнасцю.

Творы Ф. Шантыра ніколі не выдаваліся асобным зборнікам. Тое ж, што пабачыла свет, раскідана па газетных старонках, у асноўным дарэвалюцыйнага перыяду. Але ж і газеты не шкадуе час, некаторыя іх нумары страчаны назаўсёды. З-пад пяра нашага земляка выйшлі, акрамя згаданых твораў, апавяданні «Ноч», «Смерць убогага», «Пад шум лесу», верш у прозе «У час барацьбы», публіцыстычныя працы «З нашага жыцця», «Беларускае пытанне», «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу».
Апошні твор выдадзены ў Слуцку ў 1918 годзе. Рэцэнзія на яго змешчана ў газеце «Дзянніца за 12 ліпеня 1918 года: «…Ф. Шантыр выпусціў у свет невялічкую кніжачку, у якой ён разглядае досыць цікавае не толькі для кожнага беларуса, а і ўсіх тых, хто цікавіцца маладым, але становячым дужа важным, беларускім пытаннем. Накідаўшы кароткі абрыс гістарычнага становішча беларускага народу і крануўшы тое месца, якое ён занімаў у барацьбе з суседзямі, аўтар пераходзіць да выяы тых асабістасцяў беларуса, якія ўжыты ў ім, як у прадстаўніку асобнай, саматворчай нацыі…».

Ф. Шантыр перакананы: «Кожны народ, кіруючыся к палітычнаму самаадзначэнню, мае сваё імя, сваё гістарычна-палітычнае прошлае, сваю мову, абычай і ў большай часці пануючую веру: усе гэтыя кардынальныя стораны быту мае і беларускі народ». Звяртаючыся да пачуццяў і свядомасці беларусаў (не забывайце, што гэта было ў 1918 годзе!), аўтар пісаў: «Калі хоць аднаго з іх мне ўдасца прабудзіць да вялікага гарачага кахання к забытаму абяздоленаму краю, пазваць да працы шчырай на нацыянальнай раллі дзеля свету, дзеля лепшай будучыні гаротных братоў, – я буду шчаслівы…».

«Самаадзначэнне кожнага народу не толькі карысна для яго аднаго, бо вядзе яго па праўдзівай дарозе цывілізацыі, культуры і дабрабыту ўсяго чалавецтва. Але такжа карысна і для ўсіх народаў, бо сваім жыццём – не чынячы ніякіх перашкод на дарозе росту чалавечага духа, здабыцця эканамічных багаццяў і паляпшэння сацыяльных варункаў жыцця – прыбліжае ў сваёй частцы ўсё чалавецтва да вялікіх ідэалаў волі, брацтва, кахання», – разважаў Ф. Шантыр.

Не ўсе творы Ф. Шантыра аднолькава значныя па літаратурна-мастацкіх вартасцях. Бывае дзе-нідзе зашмат фраз, якія называюць «траскучымі», праглядваецца нераскрытасць некаторых вобразаў, думак. Але ж на літаратурную творчасць у Ф. Шантыра так не хапала часу, калі бурліла цікавае і такое супярэчлівае жыццё. А ён быў яшчэ малады. І хто ведае, што б яшчэ выйшла з-пад пяра нашага земляка, каб так рана не абарвалася яго жыццё. Як бы там ні было, а некаторым творам Ф. Шантыра («Святы Божа!..», «У час барацьбы» і іншым) заслужанае месца – у залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры.

Пра іх першую сустрэчу Людвіка Сівіцкая ў сваім дзённіку запісала 15 снежня 1915 года: «Хмарны зімовы дзень… Відныя праз акно бязлістыя шкілеты дрэў, шэрасць наступаючага змроку, стук пасудзіны ў суседняй сталоўцы і гоман абедаючых наводзілі нейкую цягучую жуду на апусцелую душу. Аж тут: «Знаёмцеся, наш беларускі пісьменнік і дзеяч Ш…». Прывітанне абыякавае, халоднае. Беларускі пісьменнік? Не вялікае дзіва. Так іх многа ёсць… А пасля самая звычайная, штодзённая гутарка. Толькі густы, энергічны голас аставіў сімпатычнае ўражанне і збудзіў нейкую дзіўную веру».

Не памылілася Людвіка (сапраўднае імя беларускай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Зоські Верас). Яе чуйная паэтычная душа адклікнулася на паток пачуццяў, якія хлынулі на яе ад Фабіяна Шантыра ў час іх сустрэч, а яшчэ болей – у шматлікіх пісьмах. «І што мне цяпер з гэтым фантам рабіць? – пісала яна 4 студзеня 1916 года. – Усё ж адпісаць на лісты трэба. Сколькі ў іх паэзіі і якая зычная і поўная эстэтыкі мова… Як бачу, Ш. беларус з эстэтычнай душой, такіх дагэтуль не спатыкала».

А Фабіяну таксама запала ў душу юная паэтка. У адным з яго пісьмаў да Людвікі Сівіцкай чытаем: «Душа ваша, вялікая хараством суму, поўная дзіўнага чарацвету, – гэта душа мусіць належыць да майго быту. Куды б ні ішлі Вы, дзе б ні былі, да каго б ні належалі, дух мой вечна будзе ісці ўслед вашай душы, агартаць яе сілай чуцця свайго і зваць да сябе… Я не бачыў Вас, а ўжо сніў аб вашай душы мары, насіў яе ў сабе, будаваў ёй алтары і маліўся, маліўся мукамі адзіноцтва, маркотнасцю нездаволенай прагі жадань. Не чыніце ж гвалту быту, аддайце ж мне сваю душу, бо яна нікому, апроч мяне, не будзе належаць. Я чакаю яе».

Але ж не ўсё так проста. Памятаеце, мы гаварылі пра характар Ф. Шантыра, умовы, у якіх ён вырас? Але ж і Людвіка – чалавек няпросты, са сваімі прынцыпамі, ідэаламі. Адным словам – «найшла каса на камень». І ўсё ж перамагло тое, што іх аб'ядноўвала, збліжала. Фабіян і Людвіка сталі мужам і жонкай. Аднак разам яны былі нядоўга. Жыццё закінула Фабіяна ў Смаленск, а Людвіка з іх сынам пад сэрцам паехала на радзіму – у мястэчка Мяджыбаж, што на Падольшчыне. Цяпер толькі пісьмы звязвалі іх. Кожнае з іх Фабіян пачынаў: «Мая Даражэнькая!», «Маё шчасце», «Мілая, Родная». «Мая родная, я з кожным днём пераконваюся, што болей без цябе жыць не магу. Ты мне патрэбна, як паветра, як хлеб для душы. Цяпер толькі, у хвілю адпачынку – хвілю суму, я бачу, як глыбока, як моцна я цябе кахаю. Кахаю ўсёй прастатой сваёй душы, шалёным жаданнем прошлага сіроцтва. Ты мая! Альбо ты, альбо ніхто і ніколі… Твой Фабіян». А вось яшчэ ў лісце за 1917 год: «Любая, даруй, што трывожу тваю душу… Ты ведаеш, што апроч цябе я нікога не маю, не маю перад кім выспаведацца, адкрыць душу, которая так доўга маўчала… маўчала ўсё жыццё…».

Фабіян і Людвіка больш ніколі не сустрэліся. У кожнага з іх былі потым свае сем'і. Фабіян загінуў у 33 гады, Людвіка пражыла ледзь не стагоддзе. Ужо адыходзячы з гэтага свету, амаль у паўзабыцці шаптала: «Фабіян, Фабіян, Фабіян».

Гісторыя кахання Фабіяна Шантыра і Людвікі Сівіцкай лягла ў аснову п'есы, якую напісалі пісьменніца Людміла Рублеўская і гісторык Віталь Скалабан. Пакуль што яна выдадзена невялікім тыражом асобнай кніжачкай. І хто ведае, мо калі на тэатральнай сцэне мы сустрэнемся з Фабіянам і Людвікай, каханне якіх у пачатку ХХ стагоддзя было яркім, глыбокім, іскрамётным – і да крыўднага кароткім і трагічным.


Анатолій Жук



 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 2961. Последнее 2018-12-13 17:45:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru