Юрка Гаўрук

Юрка Гаўрук

10.12.2013
(Гаўрук Юрый Паўлавіч; Гаврук Юрий Павлович; 1905–1979)

Нарадзіўся ў Слуцку у сям"і рабочых, выхадцаў з вёскі: бацька, Павел Сямёнавіч – з вёскі Шалавічы, маці, Еўдакія Максімаўна – ураджэнка вёскі Вялікае Журава. Пра сваіх бацькоў Ю. Гаўрук пісаў: «Былі яны людзі здольныя і працавітыя. Бацька даўно ўжо асвоіў цяслярскае і сталярнае рамяство, і яго ахвотна бралі ў горадзе на работу і нават даволі дорага плацілі – рубель, а то і два за дзень. Ён быў добрым майстрам… Гэта быў чалавек скромны, ціхі, акуратны, аб сабе ён клапаціўся мала, задавольваўся тым, што ёсць, і хоць наперад не высоўваўся, але быў па-свойму горды, ніколі ні перад кім не прыніжаўся… Мая маці была жанчына зусім іншай натуры. Чуллівая, уражлівая, яна блізка прымала да сэрца ўсё, што дзеялася вакол… Зусім непісьменная, маці мела практычны розум і нядрэнна спраўлялася з гаспадаркай. Бацька ёй не пярэчыў».

У 1913 годзе Ю. Гаўрук паступіў у падрыхтоўчы клас Слуцкай гімназіі, у 1915 годзе вучыўся у другім класе гімназіі ў горадзе Пскове, дзе як бежанцы жылі з маці (бацьку мабілізавалі ў войска). У 1921 годзе скончыў у Слуцку школу другой ступені, у 1925 годзе ў Маскве – інструктарскае аддзяленне Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В. Брусава. Летам 1924 года запісваў на Случчыне беларускія паходныя песні і казкі (больш за 1 000 песень запісаў), што, па яго прызнанню, «вызначыла далейшы кірунак маёй работы. Прыпаўшы да народнай крыніцы, я ўжо не мог ад яе адарвацца. Беларускую мову я ведаў з дзяцінства, але толькі грунтоўна пазнаёміўшыся з фальклорам, я зразумеў па-сапраўднаму яе строй і хараство». Увосень 1925 года Ю. Гаўрук быў абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пераехаўшы на сталую працу ў Горкі Магілёўскай вобласці, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці мясцовай філіі літаратурнага аб"яднання «Маладняк», членам якога стаў у час вучобы ў Маскве. У 1931–1935 гадах працаваў дацэнтам кафедры літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута, чытаў лекцыі па зарубежнай літаратуры і літаратуры народаў СССР. У 1934 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Незаконны арышт 8 студзеня 1935 года і наступнае асуджэнне на высылку з Беларусі перарвалі педагагічную і літаратурную дзейнасць Ю. Гаўрука. Больш за дваццаць гадоў ён працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР на лесараспрацоўках, землякопам, тынкоўшчыкам, маляром, тапографам. Пра той перыяд свайго жыцця Ю. Гаўрук успамінаў: «Імкненне да творчасці і ў гэтыя гады не пакідала мяне. Калі мне было асабліва цяжка, каб не ўпасці ў адчай, я звяртаўся да паэзіі, і гэта давала мне некаторую разрадку, падтрымлівала мой дух. Я складаў вершы ў галаве, без паперы, складаў для сябе. І калі яны мне ўдаваліся – нейк развейваўся мой сум, з"яўлялася тая паўната жыцця, якой я быў пазбаўлены. Вершы гэтыя я ведаў на памяць, пазней большасць іх запісаў, яны вельмі інтымныя і не маюць грамадскага значэння». Пасля рэабілітацыі (1956 год) да 1967 года – памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Юрка Гаўрук працаваў у галіне перакладу з англійскай, французскай, ня-мецкай, польскай, рускай, украінскай моў на беларускую мову, выкарыстоўваў псеўданім С. Дробуш. Першы перакладны твор (верш Г. Гейнэ «Ткачы») надрукаваны ў 1925 годзе. Пераклаў п"есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч», «Гамлет», «Атэла», «Канец – справе вянец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра». У яго перакладзе ставіліся п"есы Н. Хікмета, В. Гюго, Л. Ляонава, А. Астроўскага. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, Э. Хемінгуэя, А. Маруа. На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук"янская» і раманы «Пошукі будучыні» К. Чорнага і «Серадзібор» П. Пестрака. «Не ведаю, як для каго, – пісаў Ю. Гаўрук у аўтабіяграфіі, – а для мяне мастацкі пераклад – творчасць у самым высокім значэнні гэтага слова. Хочацца, каб па-беларуску кожны аўтар, якога перакладаем, гучаў як найлепш, нічога не траціў і заставаўся самім сабою».

Некалькі штрыхоў да партрэта нашага земляка дадаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які назваў Юрку Гаўрука «інтэлігентам брусаўскай школы»: «Як літаратар Юрый Паўлавіч жыў пераважна і перш за ўсё клопатамі аб узбагачэнні мастацкага набытку свайго народа, аб ідэйна-эстэтычным узбраенні савецкага чалавека, – пра гэта ён заўсёды думаў, пра гэта гаварыў, пра гэта турбаваўся. Не магу прыгадаць выпадку, каб ён у друку ці ў вуснай гутарцы апускаўся да бяскрылага бытавізму, пагружаўся ў дробную і небяспечную для мастака прозу абыдзённасці. Яго душа сягала вышэй і далей гэтага, бо і ў жыцці, і ў працы ён кіраваўся толькі адным: гарачай і перакананай зацікаўленасцю ў тым, каб было лепш для паэзіі, для мастацтва, для роднай беларускай культуры. Выключна сціплы ў жыцці рамантык і бессярэбранік, Юрый Паўлавіч не ўмеў быць несправядлівым, шчыра радаваўся творчым поспехам і ўдачам сваіх таварышаў і калег, умеў і стараўся дапамагчы ім, падзяліцца з імі сваімі ведамі і вопытам».

Юрка Гаўрук – аўтар зборніка краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926), першай у Беларусі кнігі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), зборніка арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя» (1969), зборніка выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах» (1975), арты-кулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986). У 1990 годзе выдадзены зборнік вершаў і пера-кладаў Юркі Гаўрука «Выбранае».

Пра зробленае Юркам Гаўруком у беларускай літаратуры атрымаем поўнае ўяўленне, прачытаўшы такія словы Ніла Гілевіча: «Калі мы збяром у адно і прапануем чытачам зробленае ім у розных жанрах літаратуры – не толькі шматлікія пераклады, але і яго вершы і паэмы, апавяданні і нарысы, артыкулы і рэцэнзіі, – мы ўбачым, што яго творчы плён важыць куды больш, чым нам магло дагэтуль здавацца, і што гэты таленавіты, сціплы і высакародны працаўнік на ніве роднай літаратуры заслугоўвае таго, каб нашчадкі чыталі яго і перачытвалі. У яго літаратурнай спадчыне амаль нічога няма выпадковага, як сапраўдны майстар, ён усё рабіў кваліфікавана, трывала і надоўга, бо ва ўсё ўкладаў не толькі ўменне, вопыт, розум, але і душу, і сэрца».

 

Анатолій ЖУК

Использованы фото из статьи «Рукапісы не гараць. Юрка Гаўрук»