Бранавец Надзея Гаўрылаўна

Бранавец Надзея Гаўрылаўна

(Бранавец Надежда Гавриловна)
Майстар станковага жывапісу, графікі, кніжнай ілюстрацыі, манументальна-дэкаратыўнага жывапісу (вітраж, зграфітта, фрэска). Нарадзілася 05.07.1938 г. у вёсцы Маяк Слуцкага раёна ў сялянскай сям"і. З 1957 г. жыла ў Мінску, працавала рэтушорам у друкарні і займалася ў студыі выяўленчага мастацтва (кіраўнік В.К.Гоманаў) У 1958 г. паступіла на мастацкі факультэт Маскоўскага паліграфічнага інстытуга. Праз два гады паступіла і ў 1967 г. скончыла аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер БелАМ). З 1968 г. жыве ў г. Баранавічы, працуе ў мастацка-вытворчых майстэрнях Мастацкага фонда Беларусі. Займалася і выкладчыцкай дзейнасцю – была кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва пры Доме афіцэраў, пазней працавала ў дзіцячай мастацкай школе. У мастацкіх выстаўках удзельнічае з 1962 г. У 1988 г. уступіла ў Беларускі саюз мастакоў.
У тэхніцы алейнага жывапісу зроблена серыя работ «Мой родны кут», «Партрэт М.Гусоўскага» (1988), «Партрэт дзяўчыны» (краязнаўчы музей Брэста), Займаецца акварэллю. Большасць графічных твораў выкананы ў змешанай тэхніцы. У іх ліку «Партрэт Цёткі» (захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску). Зрабіла ілюстрацыі да твораў Цёткі (А.Пашкевіч). Асноўныя манументальныя творы знаходзяцца ў Баранавічах. Гэта дванаццаць кампазіцый «Поры года» (1988, рэстаран вакзала «Баранавічы Палескія») у тэхніцы літога каляровага вітража на цэментнай аснове, зробленыя ў той жа тэхніцы шэсць вітражоў «Музы» (1981, музычнае вучылішча), вітражы «Алхімікі» (аптэка № 146, Баранавічы) і «Жыццё» (аптэка №142, Брэст). Найбольш значныя роспісы - «Чатыры поры года» і «Беларуская полька» (1985-86, Цэнтральны палац грамадзянскіх абрадаў у Баранавічах) і «Песня аб Беларусі» (1992, магазін «Кветкі» у Мінску).
Творчай майстэрняй для Надзеі Бранавец становіцца і родная хата ў вёсцы Маяк, дзе з"явіліся творы ў тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, тэма якіх - мясцовыя краявіды, вобразы аднавяскоўцаў. У 1987 г. у Слуцку ў кінатэатры «Цэнтральны» і ў Маяцкім Доме культуры адбыліся выстаўкі работ Надзеі Бранавец пад назвай «Вобразы мілыя роднага краю».

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)