Сцяпан Ліхадзіеўскі

Сцяпан Ліхадзіеўскі

09.12.2013

(Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч; Лиходиевский Степан Иванович; 1911–1979)

Сцяпан Ліхадзіеўскі – ураджэнец вёскі Баслаўцы (цяпер Барок) на Случчыне. Пасля заканчэння мясцовай пачатковай школы ён вучыўся ў Грозаўскай сямігодцы, Беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце (1930–1931), а ў 1931–1933 гадах – у Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. Як малады літаратар атрымліваў персанальную стыпендыю ад Народнага камісарыята асветы БССР. У 1928 годзе ўступіў у літаратурнае аб"яднанне «Маладняк», быў членам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у калектывізацыі вёскі, па накіраванні камсамола ездзіў на Чарнаморскі флот, дзе сабраў матэрыялы для кнігі нарысаў.

У лютым 1933 года С. Ліхадзіеўскі быў арыштаваны, абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі, асобай нарадай прыгавораны да трох гадоў высылкі ў Казахстан. Рэабілітаваны ў жніўні 1956 года. У высылцы С. Ліхадзіеўскі працаваў настаўнікам у сярэдніх школах, працягваў займацца літаратурнай творчасцю. У 1939 годзе скончыў Томскі педагагічны інстытут, а потым – аспірантуру Ташкенцкага педагагічнага інстытута. Выкладаў зарубежную літаратуру ў педагагічным і вячэрнім інстытутах, Сярэднеазіяцкім універсітэце. З 1963 года працаваў у Ташкенцкім педагагічным інстытуце загадчыкам кафедры зарубежнай літаратуры, быў дэканам у Рэспубліканскім педагагічным інстытуце рускай мовы і літаратуры. Доктар філалагічных навук, прафесар. Памёр у Ташкенце, там жа і пахаваны. Неяк наш зямляк, сумуючы па Беларусі, напісаў такія радкі:

 

Жыве ў Ташкенце чвэртку веку,
Не знае, дзе закончыць век.
Ён беларус сярод узбекаў,
Між беларусаў ён узбек.

 

Сцяпан Ліхадзіеўскі надрукаваў свой першы верш («Ільічу») у 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер». Яго творы друкавалі газета «Савецкая Беларусь», часопісы «Маладняк», «Полымя», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове». Пісаў пад псеўданімамі А.С., С.Л., Юн., Гуртковец, А. Случанскі, Л. Сцяпанаў, А. Случанский. У вершах С. Ліхадзіеўскага ўдала спалучаліся публіцыстычнасць і грамадзянскасць з лірызмам, філасафічнасцю, з народна-песенымі элементамі. Выйшлі з друку зборнікі паэзіі С. Ліхадзіеўскага «Чырванеюць вішні» (1931), «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крывавыя знічкі на снезе» (1932), «Мы – маладая гвардыя» (1932), кнігі вершаў і перакладаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Поиски сердолика» (1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981).

Сцяпан Ліхадзіеўскі вядомы і як крытык, літаратуразнавец. Ён – аўтар кніг «Анатоль Франс: Краткий очерк творческого пути» (Ташкент, 1954), «Анатоль Франс: Очерк творчества» (Ташкент, 1962), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (Ташкент, 1977). Вывучаў гісторыю і сучасны стан узбекскай літаратуры і яе сувязь з беларускай літаратурай, пераклаў на беларускую мову асобныя творы французскіх, нямецкіх, узбекскіх паэтаў.

 

Анатолій ЖУК