У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Інтэр"ер традыцыйнага жылля

Інтэр"ер жылля – гэта ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Ён уключае канструкцыю і аб"ёмныя формы ўнутранага памяшкання, яго структуру, узаемныя прапорцыі, мэбліроўку, асвятленне, убранства, мэтазгодную расстаноўку розных прадметаў, што служаць свайго роду сямейным антыкварыятам. Свет бытавых рэчаў, якія выступаюць як натуральныя аб"екты ў разнастайных сувязях і ўзаемных дачыненнях, раскрывае шырокую панараму народнага жыцця, яго паўсядзённы лад і рытм. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр"ера сваё звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, утвараючы пэўную функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.

Інтэр"ер стварае асобы мікраклімат, настрой душы і сведчыць не толькі пра матэрыяльны, але і духоўны лад жыцця, уласцівае кожнаму народу культурнае асяроддзе, народныя звычаі і вераванні. Рэканструкцыя інтэр"ера па археалагічных, пісьмовых, этнаграфічных,іканаграфічных крыніцах мае важнае значэнне пры вывучэнні культуры і паўсядзённага побыту беларусаў са старажытных часоў.

Да 60–70-ых гадоў ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі. Яны мелі глінабітныя курныя печы без коміна; печ размяшчалася справа, радзей злева каля ўвахода. Калі яе палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) – адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Пасля палення верхнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам. Частку гарачага вуголля зграбалі ў нішу-ямачку, што знаходзілася збоку каля вусця печы на прыпечку; зверху жар закрывалі слоем попелу, – у такім стане ён не згасаў да наступнай раніцы і выкарыстоўваўся для распальвання печы. Нязгасны вечны агонь хатняга ачага быў сімвалам сямейнага шчасця і дабрабыту. Калі вугалі выпадкова гаслі ў ямачцы, гэта лічылася дурной прыкметай. Старажытнае павер"е не раіла пазычаць агонь у святочныя дні па суседству з хаты ў хату, бо, як лічылася, разам з агнём да суседа магла перайсці і частка дабра і сямейнага шчасця. Агнём даражылі як сямейнай святыняй, што ўвасабляла дух продкаў.

Хата мела высокі парог і нізкія дзверы (у сярэднім 100х145 см), што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дарэчы, у курнай хаце дасягалася максімальная эканомія цяпла, каэфіцыент карыснага дзеяння якога складаў 80–90 %, у той час як у больш позніх хатах, што мелі «белыя» печы з дымаходам, гэты пакахчык складаў каля 20–30 %. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнёздах – на бегунах. Тры невялікія валакавыя акенцы зачыняліся («завалакваліся») на ноч драўляной засаўкай. Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на які летам у святочныя дні слалі аер. У вуглу каля печы знаходзіўся качарэшнік (камешнік) – месца, дзе стаялі вілкі для гаршкоў (ухваты), драўляная качарга (кавеня), чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.

Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут («бабін кут»), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзённая верхняя вопратка (світка, бурнос, кажух, курта).

Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся канёвы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста і меў пэўнае сімволіка-абрадавае значэнне. Частку памяшкання ад тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост – пол, тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым дываном, ці полагам. Вышэй, на ўзроўні лежака печы, быў уладкаваны больш вузкі пол, або палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі па дзве паралельныя жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва, кудзелі льну, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчыны і інш. Месца пад спальным памостам (падполле) часам перагароджвалі на два адсекі: у адным захоўвалася гародніна, у другім – розныя рэчы хатняга ўжытку.

Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсёй даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносілі са старой хаты ў новую. Яны пакідаліся ў старой хаце ў тым выпадку, калі на іх паміраў хтосьці з членаў сям"і. На скрыжаванні лаў, на покуці, ставілі хлебную дзяжу,прыкрытую чыстым ручніком, – сімвал дастатку і дабрабыту.

Покуць (красны кут) – найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр"ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай быў уласцівы ўсім усходнеславянскім народам і адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ)– з захадам і поўначчу.

На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям"я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці:на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям"і. Сярод мэблі, апрача лаў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны, уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.

У зімовы час сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Тут у кароткія дні і па вечарах пры святле лучніка ці каганца рабілі ложкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, майстравалі прылады, пралі, ткалі,шылі адзенне, вышывалі, вязалі. Па словах аднаго сучасніка, «увесь жаночы пол, колькі-небудзь здольны трымаць у руках верацяно, з ранку і да позняй ночы верціць і круціць ім ад Піліпавых загавін да вясновага Міколля». Ля кутняй сцяны ці бліжэй да парога, паміж покуццю і «бабіным кутом», ставілі кросны для ткацтва.
Курная хата ў больш раннім варыянце характарызавалася слабай функцыянальнай размежаванасцю ўнутранай прасторы, дамініраваннем стацыянарных прадметаў, якія выконвалі функцыі мэблі, – нары для адпачынку, лавы, паліцы, нерухома замацаваны ў вуглу стол, зарытая насупраць печы калода, дзе шчапалі лучыну і інш. Такая хата мела высокую скляпеністую (гарбатую) столь і архаічную глінабітную ці каменную печ або нават адкрыты ячаг – вогнішча, над якім шырокім вусцем звешвалася труба (дымнік, каптур, кузуб). У традыцыйных клецях захавалася да нашых часоў старажытная канструкцыя скляпеністай столі, якая паказвае аналогію са старажытным жыллём.

Пераходнай формай ад скляпеністай столі да гарызантальнай варта лічыць столь, што рабілася на апорных трох-чатырох бэльках, пакладзеных уздоўж хаты, – сярэднія на ўзровень вышэй крайніх. Скляпеністая форма столі вызначала адпаведную аб"ёмна-прасторавую форму ўнутранага памяшкання, наяўнасць верхніка для дыму, прысценных градаў, адсутнасць гарышча.
Вышэйпададзены інтэр"ер у агульных рысах адлюстроўвае найбольш тыповыя рысы, уласцівыя беларускаму жыллю, што, аднак, не вычэрпвае яго разнастайнасці, лакальных, этнаграфічных асаблівасцей. У Цэнтральнай Беларусі (часткова) верхнік для дыму і рэгулявання цяпла ў хаце (яшчэ – душнік) рабіўся не ў столі, а ў верхніх вянцах зруба каля печы. У залежнасці ад экалагічных умоў падлогу рабілі глінобітную, земляную або драўляную. У балоцістых ці затапляемых паводкай мясцінах (дзе жыллё нярэдка будавалі на палях) драўляная падлога была абавязковым элементам.

Некаторыя рэгіянальныя асаблівасці назіраліся і ў канструкцыі курных печаў. Пераходнай формай да «белых» былі паўкурныя печы, гарызантальны дымаход якіх выходзіў у сенцы, пасля палення вусце дымахода (з боку сенцаў) шчыльна затыкалася драўлянай цуркай ці скруткам тканіны.

У доўгія зімовыя вечары сялянскія хаты асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні– лучніку. Лучнікі (лучыннік, стаячок, светач, дзед, паніч) адрозніваліся паміж сабой знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Яны падзяляліся на пераносныя (рухомыя) і стацыянарныя. Сярод першых вылучаліся звычайныя (стаячок, паніч) і падвесны лучнік. Стаячок уяўляў сабой стойку з крыжападобнай ці суцэльнай асновай, на верхнім канцы яе замацоўваўся клямар для лучыны (пад якую ставілі карытца ці цэбар з вадой). Функцыянальна больш зручнымі былі лучнікі, вышыня якіх, як і становішча лучыны, рэгулявалася перасоўкай. Падвесны лучнік уяўляў звычайна кароткі кій з крукам на адным канцы (якім ён чапляўся за шасток каля печы) і клямарам для лучыны – на другім.

Адметнай своеасаблівасцю адрозніваўся традыцыйны спосаб асвятлення хат ў Цэнтральнай Беларусі (часткова), дзе быў распаўсюджаны стацыянарны лучнік – светач (свецеч, пасвет). Ён складваўся з трубы-дымахода і падвешанай пад ёй жалезнай рашоткі (залеза), дзе палілі асмол. Найбольш практычным быў смалісты корчык, што доўга гарэў і даваў яркае святло. Дымаход светача меў унізе расшыраную лейкападобную форму, верхняя яго частка выходзіла вонкі праз гарышча і страху. Нярэдка пад дымаходам падвешвалі ці ставілі на рашотку з салам (каганец).

Са светачам быў звязаны абрад «Жаніцьба коміна (або светача)». У летнюю пару (звычайна ад Вялікадня і да верасня), калі светлавы дзень быў доўгім, у лучніках і светачах не было патрэбы. Іх урачыста запальвалі толькі дзесьці ў сярэдзіне верасня (на Сымона). З гэтай нагоды комін-дымаход бялілі, абвівалі хмелем і ручнікамі, пасыпалі збожжам ці семем, прыгаворвалі малітвы («Надзялі госпадзі здароўечкам») і запальвалі сухую лучыну ці асмол. Калі агонь гарэў весела, жвава – гэта лічылася добрай прыкметай. У гэтую ноч моладзь гуляла ды весялілася да раніцы.

Асвятленне ў шляхецкіх маёнтках, як і арганізацыя інтэр"ера, мела свае асаблівасці. У якасці асвятляльных сродкаў тут шырока выкарыстоўваліся васковыя свечкі, каганцы, каміны. Даволі распаўсюджанымі былі і печы галандскага тыпу, абліцаваныя ўзорнай кафляй. Вокны шляхецкага жылля мелі большыя памеры – у 6–10 зашкленых шыб, для масацкага аздаблення вокнаў і ўнутраных дзвярэй ужываліся і каляровыя вітражы.

Пасля адмены прыгоннага права адбываліся якасныя змены ў народным побыце і культуры, што не магло не адбіцца і на арганізацыі сялянскага жылля. Курныя печы паўсюдна замяняліся на «чыстыя», ці «белыя», з дымаходам, нярэдка яны мелі збоку, на краю прыпечка, камінак, што замяняў сабой светач: тут па вечарах палілі асмол ці лучыну. У канцы ХІХ ст. у сялянскім жыллі ўсё часцей з"яўляліся цагляныя печы.

Павялічыліся памеры вокнаў, што мелі зашклёныя шыбы. Падлога масцілася цёсам ці дошкамі (незалежна ад характару мясцовых грунтоў), часам рабілі падлогу на адной палавіне хаты – ад покуці да печы, а прастора каля ўвахода (дзе размяшчаўся «бабін кут») мела глінабітны ток. Гарбатая столь саступіла месца сучаснай.

Прыкметна мянялася і мэбліроўка сялянскіх хат. Замест спальных нар (пола і палацяў) ці паралельна з імі сталі выкарыстоўваць драўляныя ложкі. У шырокі ўжытак пачплі ўваходзіць канапы, крэслы, больш сучасныя сталы, табурэты, услоны, якія паступова выцяснялі нерухомыя лавы, сталы, услончыкі на плоскай аснове (больш зручныя для земляной падлогі). Ля кутняй сцяны стаўлялі куфар для адзення, які замяняў сабой традыцыйны кубел; куфары ў розных мясцовасцях і сацыяльных групах насельніцтва выяўлялі шмат прыватных асаблівасцей у аб"ёмных формаў прыкладных дэкалях і дэкаратыўным аздабленні. Прыкметнай разнастайнасцю адрозніваліся дзіцячыя калыскі, шафкі, стулы, бытавыя інвентар. Істотную ролю ў мастацкім афармленні інтэр"ера жылля адыгрывалі прадметы ўзорнага ткацтва – посцілкі, дываны, абрусы, ручнікі, што адлюстроўвалі багатую самабытную творчасць мясцовых майстроў.
Сцены хат нярэдка счэсвалі (склютавалі) знутры, што давала магчымасць больш поўна выявіць натуральную фактуру дрэва і яго дэкаратыўныя ўласцівасці.

Мэбліроўка і размяшчэнне размяшчэнне разнастайных бытавых рэчаў у хаце ў многім залежалі ад памераў і структуры жылля і яго сувязі з падсобнымі памяшканнямі – сенцамі, клеццю, варыўнёй. У трохкамерным жыллі тыпу хата + хата + сенцы, хата + кухня + сенцы печ і гаспадарчы кут (разам з кухонным посудам і адпаведным інвентаром) адчлянялі ад параднага памяшкання (святліцы), дзе заставаліся традыцыйная покуць, шафа, куфар з чыстым адзеннем і бялізнай, стаялі ложкі, крэслы, услоны.

Інтэр"ер народнага жылля выяўляў на тэрыторыі Беларусі багатую разнастайнасць, што адлюстроўвала мясцовыя вытворчыя і мастацкія традыцыі, сацыяльную неаднароднасць грамадства, індывідуальныя памкненні і густы.
 

 

 

Этнаграфічная даведка    

Народнае дойлідства     

Традыцыйныя тыпы жылля вёсак Бокшыцкага сельскага савета       

Інтэр"ер традыцыйнага жылля     

Традыцыйная культура харчавання         

Промыслы і рамёствы        

Фальклор



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 6398. Последнее 2019-07-22 03:16:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru