Народнае дойлідства

Сядзібны комплекс
Пры вывучэнні традыцыйнай культуры народа мы асаблівую ўвагу звяртаем на народнае жыллё. Менавіта яно данесла да нас праз вякі і эпохі каштоўнейшую інфармацыю аб тым, як жыў чалавек, чым жыў, як арганізоўваў свой паўсядзённы быт, якімі прыладамі і рэчамі карыстаўся, што дазваляе прасачыць вытокі і эвалюцыю яго самабытнай культуры.

У шырокім сэнсе жыллё – гэта не толькі жылыя памяшканні, але і ўся сядзібная забудова, што складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ёй функцыі і разам з тым цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – адзіны жыллёва-бытавы комплекс. Сядзібны комплекс складаўся ўласна з жылля (хата), клеці, свірна, варыўні (стопка), склепа (пограб), павеці, адрыны для сена, абарога, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні і інш. Большасць з гэтых пабудоў вядомы паўсюдна ў Беларусі, некаторыя былі распаўсюджаны ў асобных рэгіёнах, пры гэтым істотныя карэктывы ў іх геаграфію ўносілі тып паселішча і сацыяльны склад жыхароў. Кожная са згаданых сядзібных пабудоў адрознівалася сваімі функцыямі, памерамі, планіроўкай, канструкцыйнымі асаблівасцямі, займаючы пэўнае месца ў сістэме ўсёй забудовы.

Жыллё
Жыллё было асноўнай архітэктурнай часткай сядзібных забудоў. Усе іншыя памяшканні дапасаваліся да яго з улікам іх функцыянальнай мэтазгоднасці, утвараючы той ці іншы кампазіцыйна-архітэктурны малюнак. Жыллё, як і іншыя сядзібныя памяшканні, будавалася з дрэва. Тым не менш яно прыкметна адрознівалася на тэрыторыі Беларусі канструкцыйнымі асаблівасцямі, формай стрэх, іх пакрыццём, памерамі, дэкаратыўным аздабленнем, інтэр"ерам, аб чым будзе асобная гутарка.

Жыллё характарызавалася той ці іншай планіроўкай, стасункамі з падсобнымі памяшканнямі. Найбольш часта сустракалася двухкамернае жыллё тыпу хата + сенцы. Такая планіроўка вядома са старажытных часоў. Часам у сенцах адгароджвалася невялікая камора (ці кладоўка). Даволі распаўсюджаным было і трохкамернае жыллё тыпу хата + сенцы + клець або хата + сенцы + хата. На поўначы Беларусі і на Палессі часта сустракалася трохкамернае жыллё хата + сенцы + варыўня (стопка). Планіроўка жылога памяшкання нярэдка ўскладнялася вылучэннем святліцы і кухні (хата + хата + сенцы; хата + кухня + сенцы). Часам пры ўваходзе ў сенцы звонку ўладкоўвалася паўадкрытая галерэя – падсені (падчэні) альбо ганак. Такое жыллё часцей сустракалася ў заможнага сялянства, аднадворцаў, дробнай шляхты.

Гаспадарчыя пабудовы
Клець (камора, кладоўка, спіжарня, свіран) служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення. Сустракалася як у комплексе з жыллём (хата + сенцы + клець), так і асобнай пабудовай, якая звычайна размяшчалася насупраць хаты. Зруб клеці ставіўся на высокія тандары, падлогу ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. Клець часта мела скляпеністую (гарбатую) столь з цесна прыгнаных адно да аднаго бярвенняў, на якіх ляжаў дах.

У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем, каноплямі і інш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бачонкі з квасам і іншым пітвом; на бэльках падвешваліся кумпякі, шынкі, каўбасы, кашы з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа стаялі куфар ці кубел з тканінамі, адзеннем, ложак, дзе етам спалі маладыя члены сям"і. Як адзначаў у свой час А.К. Сержпутоўскі, дарослыя маладыя людзі на Мазыршчыне жывуць у клеці, для іх лічыцца непрыстойным спаць у хаце, нават узімку. А клецей у гаспадарцы мясцовага селяніна бывае некалькі – па колькасці жанатых мужчын. Загадзя, напярэдадні вяселля, жаніх і яго бацька рупяцца аб уладкаванні асобнай клеці для будучых маладажонаў. На Палессі яшчэ ў пачатку ХХ ст. ахоўвалася вялікая трохпакаленная сям"я (бацька з маці, іх жанатыя сыны і ўнукі), якая выступала як адзіны працоўны калектыў з агульнымі інтарэсамі.

Свіран (паўклець, клець, імбар, шпіхлер, лямус) – пабудова, блізкая да клеці па сваім функцыянальным прызначэнні. Свіран служыў для захавання адборнага збожжа і будаваўся, як правіла, асобна. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем – свірнам ці клеццю, якія часта фігуруюць як ідэнтычныя паняцці. У больш заможных сялян мы знаходзім адначасова клець (адну або некалькі) і свіран. Апошні прыкметна адрозніваўся ў Беларусі знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Як і клець, ён будаваўся на высокіх штандарах ці палях (да 1 м над зямлёй), меў, як і клець, грунтоўна ўладкаваную страху, а нярэдка і гарбатую столь, і шчыльную падлогу з засекамі для збожжа. У Панямонні і Паазер"і нароўні са звычайнымі будавалі і двухпавярховыя свірны-лямусы з галерэяй на ўзроўні другога паверха. Яны былі асабліва характэрны для фальваркаў і засценкаў. Прыкметна вылучаліся сваімі памерамі грамадскія свірны, куды сяляне восенню звозілі ўсёй грамадой частку свайго збожжа «на пажарны выпадак» і маглі атрымаць яго ў канцы зімы ці вясной пры яго нястачы ці для сяўбы.

Варыўня (стопка, ісцепка, прыізбіца) – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю; служыла для захоўвання гародніны, садавіны, бульбы, малочных прадуктаў. Тут адгароджваліся адсекі, куды ссыпалі буракі, бульбу, моркву, рэпу. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, буракамі, агуркамі, хлебным квасам, сокам, півам, стаялі гладышы з малаком і інш. У сярэдзіне памяшкання размяшчаўся невялікі ачаг-жароўня, куды ўзімку насыпалі гарачае вуголле (ці ставілі ганчарную або металічную пасудзіну з жарам). Варыўня бытавала ў сістэме сядзібных пабудоў не паўсюдна ў Беларусі, а пераважна там, дзе блізка да паверхні падыходзілі грунтовыя воды, – на Палессі, у Паазер"і, часткова ў басейне Бярэзіны і Нёмана. На астатняй частцы іх замянялі функцыянальна блізкія да іх скляпы.

Склеп (пограб, лёх, байрак) – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў і інш. Склеп і пограб не заўсёды выяўляюць поўную ідэнтычнасць. Склеп, або лёх, часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю) і меў мураваныя, радзей драўляныя сцены. Паграбы рыліся асобна ад жылля, звычайна мелі наземнае збудаванне – паграбню ў выглядзе стрэшкі на сохах або зрубнай пабудовы. На пясчаных схілах прырэчных тэрас, у падножжы дзюн і бугроў яны рабіліся без паграбні і мелі бакавы ўваход.

Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна воддаль ад сядзібы або ў лесе. Беларусы жнуць і малоцяць хлеб і захоўваюць яго ў свірнах, некаторыя маюць вычай захоўваць хлеб у выкапаных у глухім лесе падзямеллях, старанна выкладзеных знутры карой дрэў (звычайна бяростай). Туды ж беднякі зносяць усе харчы, сала і іншыя жыццёвыя прыпасы, а таксама адзенне і лепшае хатняе начынне, асабліва ў час вайны, для захавання як ад ворагаў, так і сваіх салдат. Частку харчовых прыпасаў рэчаў хавалі ў лесе ў дуплах векавых дрэў. Сустракаліся і паграбы-сховішчы, што ўладкоўваліся ў тоўстых полых пнях, пакрытых палкамі і карой, або ў кадаўбах, зарытых у зямлю. Прататыпам паграбоў маглі служыць як звычайныя ямы, так і старажытныя жытлы-зямлянкі.
Заслугоўвае ўвагі тая акалічнасць, што ў вёсках Крупскага і Барысаўскага раёнаў пасля Айчыннай вайны (1941–1945) паралельна з варыўнямі-стопкамі распаўсюдзіліся і паграбы; пад іх прыстасоўваліся зямлянкі, якіх было даволі шмат у гэтым партызанскім краі.

Адрына (пуня, сянніца) служыла для захавання сена, саломы, рознага сельскагаспадарчага інвентару, нярэдка – і транспартных сродкаў. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі. Для захавання сена ўладкоўвалі і абарогі (стажарні, балясоўкі), што ўяўлялі сабоў рухомую стрэшку на 4 бакавых слупах (яна падымалася ці апускалася ў залежнасці ад колькасці нарыхтаванага тут сена).

Лазня (баня) будавалася на раі сядзібы або выносілася за яе межы да ракі, возера, крыніцы. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях у Беларусі вядомы лазні двух асноўных тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Апошнія рабілі ў пясчаных хілах па берагах рэк, яроў, балак, пагоркаў, дзе зручна было іх будаваць. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну, які тут жа, пад стрэшкай, мялі, трапалі, вычэсвалі; у лазнях распарвалі і дрэва, з якога пасля гнулі дугі, абады, санныя палазы. Часам сельская грамада будавала адну агульную («кагальную») лазню. Вядомы лекар Хрысціян Генер адзначаў у канцы 18 ст. вялікую цягу пасожскіх сялян да лазні, якая лічылася тут панацэяй ад усіх хвароб.

Тыпы сядзібнай забудовы
Разнастайныя пабудовы размяшчаліся на сядзібе ў пэўнай паслядоўнасці і ўзаемазалежнасці, утвараючы той ці іншы кампазіцыйны і архітэктурна-планіровачны малюнак.

На тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны наступныя асноўныя тыпы дваровай пабудовы: замкнутая (вяночная), аднарадная (пагонная), двух- і трохрадная, Г-падобная (сцяжковая) і свабодная (рассеяная, з незвязанымі пабудовамі). Кожны з гэтых тыпаў меў, акрамя таго, прыватныя ці пераходныя варыянты, што выяўлялі пэўныя лакальныя і сацыяльныя рысы. На поўначы і паўночным усходзе прыкметна пераважала замкнутая сістэма забудовы, што была шырока распаўсюджана і ў суседніх рускіх губернях. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры двара. Да жылля (з боку сенцаў) прымыкалі хлявы, якія ў глыбіні двара заканчваліся адрынай. Насупраць хаты ставілі клець, да яе стасаваліся павець (для дроў і сельскагаспадарчых прылад), свіран, вазоўня. Нярэдка хлявы для буйной рагатай жывёлы і свіней будавалі па адзін бок двара, а канюшню і аўчарню – па другі, побач з адрынай – сянніцай.

Нярэдка жылы комплекс хата + сенцы + варыўня, што быў распаўсюджаны ў Паўночнай Беларусі, утвараў разам з другімі пабудовамі трохрадную забудову, з"яўляючыся сярэднім звяном, якая падзяляла ўсю дваровую тэрыторыю на дзве часткі – чысты двор, або панадворак, і скотны двор, або дзяннік. На панадворку, як правіла, размяшчаліся клець і павець. Апошняя служыла не толькі складскім месцам (для гаспадарчых прылад, дроў), але і рамеснай майстэрняй. Па другі бок ад жылля размяшчаліся хлявы. Пры гэтым сенцы мелі двое ўваходных дзвярэй: адны – на чысты двор, другія – на дзяннік. Незабудаваную прастору, што заставалася паміж памяшканнямі, па перыметры двара абносілі парканам. Крыху ўбаку ад двара (у межах сядзібы) будавалі гумно, лазню, часам адрыну (пуню).

Замкнутая забудова была цесна звязана з падсечнай сістэмай земляробства, з працэсам гаспадарчага асваення лясных імшараў, з"яўляючыся характэрнай рысай маладворных паселішчаў. Раскіданыя на неабсяжных імшарах сярод лясістых пагоркаў удалечыні ад вялікіх дарог, гэтыя паселішчы, як і кожны асобны двор, паходзілі на маленькія крэпасці, неабходную абарону ад лясных драпежнікаў і ліхадзеяў. Заўважым, што гэты рэгіён, знаходзячыся на міжэтнічным сумежжы, вельмі часта аказваўся на шляху рабаўніцкіх паходаў суседніх дзяржаў, што наклала адбітак на культуру.

Замкнутыя двары з"яўляліся старажытным тыпам забудовы, аб чым, у прыватнасці, сведчаць археалагічныя крыніцы. У XIX – пачатку XX ст. яны былі больш уласцівы для заможных сялян. Апошнія размяшчалі свае пабудовы кампактна па крузе, агароджваючы іх ад вуліцы парканам з высокай брамай. Такая ж сістэма дваровай забудовы назіралася ў шляхецкіх аколіцах і засценках. Пры гэтым жылыя дамы тут часта размяшчаліся ў глыбіні двара, далей ад вуліцы.

Адным з варыянтаў замкнутай сістэмы забудовы быў двор з кампактным размяшчэннем жылых і гаспадарчых памяшканняў, якія будаваліся ў адзіным комплексе. У адным выпадку гаспадарчыя памяшканні будаваліся побач з жыллём пад высокай страхой-паветкай. У другім – хлявы прымыкалі да падоўжанага тыльнага боку жылля, маючы з ім агульную сцяну. Агульным сувязным памяшканнем для іх з"яўляліся сенцы, якія мелі выхад на ўсе чатыры бакі: у хату, варыўню, на двор і ў хлявы. Кампактнае размяшчэнне пабудоў уяўляла сабой аптымальны варыянт, які падказала народная практыка ў больш суровых кліматычных умовах. Аналагічная традыцыя ярка выяўлялася ў народным дойлідстве рускай Поўначы і Скандынавіі.

Не менш распаўсюджанай у XIX – першай палове XX ст. была аднарадная (пагонная) сістэма забудовы. Пабудовы ў гэтым выпадку ўтвараюць адзіную аднарадную сувязь: следам за хатай і сенцамі размяшчаліся клець або варыўня, павець, хлявы, адрына. Часам адрына з сенам знаходзілася паміж хлявамі; з аднаго боку ад яе знаходзіліся хлявы для буйной рагатай жывёлы, з другога – для коней і авечак (канюшня і аўчарнік); гэта стварала пэўныя зручнасці пры стойлавым утрыманні і доглядзе жывёлы.

У другой палове ХІХ ст. разам з ростам сацыяльнай дыферэнцыяцыі і абеззямеленнем часткі сялянства аднарадныя забудовы атрымалі больш шырокае бытаванне. Размешчаныя на даволі вузкіх сядзібных палосках, яны цясніліся адна каля адной, утвараючы вузкія выцягнутыя двары,што абмяжоўваліся з другога боку сцяною суседняга пагону.

У Панямонні, а таксама ў заходніх раёнах Палесся сустракаўся своеасаблівы варыянт аднараднай забудовы з двума дваровымі комплексамі, што належалі розным гаспадарам і размяшчаліся на адным сядзібным участку, выцягнуўшыся ў адзін доўгі пагон.

У Беларусі быў вядомы і двухрадны тып забудовы, які ўяўляў сабой прамежкавы варыянт паміж замкнутым і аднарадным тыпамі. У Падняпроўі і Усходнім Палессі нярэдка сустракалася і Г-падобная (сцяжковая) забудова; звычайна тут услед за жыллём ставілі клець, адрыну, хлявы.

Як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы, на тэрыторыі Беларусі сустракаліся амаль усе асноўныя тыпы сядзібных забудоў, што былі ўласцівы шырокай зоне славянскага рассялення. Кожны з гэтых тыпаў адрозніваўся прыватнымі асаблівасцямі і меў свае варыянты. У самой планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных, цвёрдых канонаў. Кожны гаспадар улічваў функцыянальную мэтазгоднасць, узаемасувязь і лагічную завершанасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняючы іх канкрэтнымі патрабаваннямі (эканомія рабочага часу, гігіенічнасць, зручнасць пад"езду, ахаванасць, супрацьпажарная бяспека, рэльеф і інш.), як і з рэальнымі магчымасцямі, эканамічным узроўнем гаспадаркі.

У Цэнтральнай Беларусі вядомы амаль усе тыпы сядзібнай забудовы, што сустракаліся ў Беларусі. Найбольш тыповым быў пагонны двор. Традыцыйнае сялянскае жыллё – двух- і трохкамернае тыпу хата + сенцы, хата + сенцы + клець. Сустракаліся і хаты-пяцісценкі хата + хата + сенцы. Да сенцаў прыбудоўваўся ганак. У аснове канструкцыі будоўлі ляжаў зруб з сасновых бярвенняў (кругляка), звязаных у просты вугал з астаткам ( у чашку). Стрэхі крылі саломай «пад штотку» (пад стрыхалку), на ўсходзе рэгіёна пераважала драўлянае пакрыццё.
 

 

 

Пагонны двор
Хата в. Дзесяціны, якая пабудавана ў 1905 г.
Тып жылля (справа налева): хата + хата + сенцы + клець (раней быў хлеў).

 

 

 

 

Этнаграфічная даведка    

Народнае дойлідства     

Традыцыйныя тыпы жылля вёсак Бокшыцкага сельскага савета       

Інтэр"ер традыцыйнага жылля     

Традыцыйная культура харчавання         

Промыслы і рамёствы        

Фальклор