У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Зямля Слуцкая

28.01.2014

Да вялікіх вынаходстваў чалавека трэба аднесці кола, надзетае на вось. А калі ўзяць два колы, скажам, ад дзіцячай каляскі і да восі прымацаваць пляцовачку з дышлем – атрымаецца возік, вельмі зручны для перавозкі саматугам сякіх-такіх рэчаў. Іменна так і зрабіў Леанід вынаходніцтва. На змайстраваную ім калясачку мы ўскладваем палатку, лодку, спальныя рэчы, прадукты. I ўвесь гэты клунак даволі лёгка перавозіцца па любой дарозе і без дарогі. З ім няцяжка ўлезці ў аўтобус. Маленькі хітрык, а палёгка ад яго вялікая.

У Слуцку, калі мы злезлі з поезда і перабраліся на прыпынак гарадскога аўтобуса, гараджане зыркалі вачыма і на наш скарб на калёсіках і на нас саміх. Што гэта за мужыкі, што за недарэкі? А трэба сказаць, дзень быў святочны, дзевятага Мая, прывакзальная плошча кішэла па-святочнаму апранутымі людзьмі.

Салігорск мы пакідалі пасля 14 гадзін і былі пад уражаннем святочных падзей: сустрэч з ветэранамі, урачыстасцяў на Старобінскай развілцы дарог, дзе быў жалобны мітынг. У Слуцку ў нашых вушах яшчэ гучалі ўрачыстыя і журботныя мелодыі гэтага дня. У той жа час нас перапаўняла радасць ад пачатага падарожжа, веснавога сонечнага надвор"я, задавальнення жыццём і ад таго, што задуманае здзяйсняецца. Хаця і са спазненнем.

Пачаць гэтае плаванне мы збіраліся раней – у красавіку. Але жыццё часта ўмешваецца ў асабістыя планы людзей. Па розных прычынах мы прыпазніліся з выкананнем задумы.

Аўтобуса доўга няма, а нам трэба праз увесь Слуцк патрапіць у мікрараён на ўскраіне горада. Адна з жанчын на прыпынку не здолела стрымаць цікаўнасці, загаварыла з Леанідам пра калясачку: «Надта прыдатная была б у маёй гаспадарцы!» А Леаніду нібы гэта толькі і трэба было. Пачаў тлумачыць падрабязна, як і з чаго яна зроблена, наколькі трывалая, які груз можна пакласці на яе.

Вось і аўтобус. Праз паўгадзіны мы на беразе ракі, ля маста, дзе летась скончыўся чарговы этап нашай экспедыцыі па Случы. З вышыні маста радуюць зрок аксаміт берагоў, бляск сонца на вадзе, прыбярэжныя кусты вербалозу, аздобленыя першай кволай лістотай. Па той бок ракі вёска Агароднікі, трохі лявей – вёска Ячава. Ну, а тут бетонныя дзевяціпавярхоўкі падступілі да рэчкі.

Непадалёку ў адзінаццатым ваенным гарадку служыў камандзірам дывізіі будучы Маршал Савецкага Саюза Георгій Жукаў.

Ад маста на шашы Слуцк – Ячава рака пачынае цячы ў сваім адвечным рэчышчы. Тут берагі Случы яшчэ не крануў коўш экскаватара. Нам прыемна, што далей будзе сапраўдная жывая рака.

17 гадзін 30 хвілін. Цячэнне падхоплівае лодку, плаванне пачынаецца. Я прашу Леаніда, каб ён трошкі прытрымліваў лодку, бо не паспяваю ў патрэбным месцы фатаграфаваць, а рабіць гэта проста неабходна, бо нідзе болей рака не будзе такімі прыгожымі паваротамі і так блізка падыходзіць да сучасных шматпавярховых дамоў, як тут. Па беразе, суправаджаючы нашу лодку, таўкуцца, як матылі, дзеці. Такога яны яшчэ не бачылі на рацэ. Сям-там на зялёнай траве ўладкаваліся для адпачынку слуццакі. У наш адрас сыплюцца пытанні, жарты, кепікі.
Случ справу робіць: знай сабе нясе лодку, трошкі дапамагай вёсламі. Вось ужо дамы бялеюць удалечыні. Адзін паварот пераходзіць у другі, і не заўсёды ўдаецца ўгадаць, куды паверне яна за наступным паваротам. I гэтая гульня з ракой нам падабаецца, здаецца, ніколі не надакучыць.

Слуцкая зямля! У стагоддзях, як павароты ракі, віўся лёс тваіх людзей – славян-дрыгавічоў, уплятаўся ў гісторыю народаў-суседзяў. Даволі часта прыходзілася дрыгавічам абараняць сябе, уласны гонар і зямлю ад ворагаў. Сыны і дочкі гэтай зямлі выкавалі моцную волю і характар.

Нават першы пісьмовы ўпамінак пра Слуцак звязаны з вайной. У «Повести временных лет» пад 1116 годам ёсць такі запіс: «В лето 6624 (1116). Приходи Володимер на Глеба; Глеб бо бяше воевал Дреговичи и Случеск пожек…» (Цытуецца па кнізе: А.П. Грицкевич. Древний город на Случи. Минск, «Полымя», 1985.)

Тут, дарэчы, можна заўважыць, што дапамагаў кнізе А.П. Грыцкевіча выйсці ў свет, як пададзена ў выхадных звестках, загадчык рэдакцыі В.А. Санько. Ён родам з вёскі Вялікая Сліва, за 10 км ад Слуцка. Дапамагае пісьменнік з"явіцца на чытацкія полках і нашай кнізе.

Кіеўскі князь Уладзімір Манамах змагаўся з князямі Полацкай зямлі і перш за ўсё з менскім князем Глебам Усяславічам, які пры спробе адваяваць горад дрыгавічоў у кіеўскага князя спаліў Случаск. А за гэта ў сваю чаргу і «приходи Володимер на Глеба». Гэтая дата лічыцца годам заснавання горада. Калі фактычна пабудаваны горад? Невядома. Думаем, за стагоддзі чатыры раней. Так сцвярджаюць дзве прычыны. Гарады тады раслі паволі. Каб трапіць у летапіс, Слуцак павінны быў ужо пераўзысці вялікія межы. Неістотныя мястэчкі і гарады ў летапісы не траплялі. Князі ў задрыпаных мясцінах не сяліліся. Колькі разоў быў спалены «Злучаск» да гэтага і пасля гэтага? Вядома яшчэ – гэта ўстанавілі археолагі, – што ўмацаванае паселішча знаходзілася тут ужо ў сёмым стагоддзі да нашай эры. Жыццё паселішчу дала рака. І ўзнікла яно на ўзгорку, паблізу таго месца, дзе рэчка Бычок упадала ў Злуч (Случ).

Багатая і слаўная гісторыя Злуцка (Слуцка). Добразычлівы, гераічны, мудры і свабодалюбівы народ жыў на Злуччыне ў мінулыя стагоддзі.

У 1160 годзе Злуцак (Слуцак) стаў цэнтрам удзельнага княства. На працягу 200 гадоў Слуцкім княствам правілі князі Рурыкавічы, пасля іх – Алелькавічы. У 20–30-я гады XIV стагоддзя Слуцкае княства ўвайшло ў Вялікае княства Літоўскае. У 1499 годзе ў яго склад уваходзіла тэрыторыя цяперашніх Слуцкага, Капыльскага, Салігорскага, Клецкага, Любанскага, Старадарожскага і часткі Уздзенскага, Глускага, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў.

Цярпела Случчына не толькі ад міжусобных войнаў. З поўдня неаднаразова імкнуліся авалодаць Слуцкам татары. Слуццакі не раз адчувалі на сабе цяжкую руку цароў з усходу. Нялёгкай была барацьба і з заходнімі захопнікамі – крыжакамі.

У Грунвальдскай бітве 1410 года ўдзельнічала апалчэнне слуцкага князя Алелькі Уладзіміравіча. Яно ішло ў бой пад сцягам «Пагоня». Такія сцягі мелі болей за 30 палкоў Вялікага княства Літоўскага. Узнік жа герб «Пагоня» на два стагоддзі раней у беларускім горадзе Навагародак (цяпер Навагрудак), затым ён стаў дзяржаўным гербам Вялікага княства Літоўскага. У XV ст. Слуцк быў адным з палітычных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага. Мабыць, таму гэты герб стаў гербам Слуцкага княства і горада Слуцка. Трэба сказаць, што ўяўляла сабой «Пагоня»: на чырвоным фоне – коннік у панцыры на срабрыстым уздыбленым кані са шчытом і паднятым над галавой мячом у правай руцэ. Ляціць за нападнікам-ворагам. «Пагоня» стала сімвалам абароны Радзімы ад ворагаў. «Пагоня» стала выявай дзяржаўнай самабытнасці Беларусі, вайсковай доблесці яе мужных барацьбітоў за волю Бацькаўшчыны. М. Багдановіч увекавечыў герб у славутай «Пагоні»:

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй крывіцкай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

З 1612 года Случчына належала роду Радзівілаў – самаму багатаму ў Вялікім княстве Літоўскім. Горад валодаў Магдэбургскім правам (гэта значыць, меў самакіраванне). Ён быў ператвораны ў магутную крэпасць.

Слуцк меў сваё моцнае войска, частку якога складалі выбранцы. Яны жылі ў вакольных вёсках, мелі ў вечным карыстанні надзел зямлі, з якой кармілі сям"ю і спраўлялі ўсё неабходнае для свае вайсковае службы. Падаткаў не плацілі і былі вольнымі нават у часы прыгоннага права. У 1795 годзе пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь была поўнасцю далучана да Расійскай імперыі. Апошнімі ўладарамі Случчыны па волі лёсу сталі Стэфанія Радзівіл і яе муж, рускі фельдмаршал Леў Вітгенштэйн. У Расійскай імперыі ў той час прыватных гарадоў не было. Каб выраўняць становішча, царскі ўрад распачаў працэдуру куплі горада і яго ваколіцаў. Справа цягнулася доўга. У 1834 годзе Слуцк, яго ваколіцы і зямля выбранецкіх вёсак дзяржаваю былі куплены за 342 821 рубель срэбрам. Аднак пакупніцкая валакіта цягнулася яшчэ больш за 10 гадоў. Гэтыя факты ўзяты з названай кнігі А.П. Грыцкевіча. Слуцк стаў звычайным павятовым горадам. Яго значэнне зацямнілі другія цэнтры.

Вернемся на Случ, бо гутарка ў нас пра яе. Рэчка раптам падзялілася на дзве часткі: адна пацякла ў горад, а другая працягвала весела пятляць па наваколлі. Мы скіравалі лодку ў другую пратоку. I зрабілі памылку. Таму што першая цячэ праз цэнтр горада і ля таго месца, дзе ён узнік. Гэта мы скемілі пасля, і вяртацца ўжо не было як. Такім чынам, частка горада знаходзіцца на востраве.

Перад мастом на шашы Слуцк – Пагост рэчка нечакана пераходзіць у канал, ён працягваецца і за мастом. Валы выкінутай з канавы зямлі абраслі вербалозам, вольхамі, бярозкамі. Перагрызеныя лазіны і дрэўцы, а таксама вытачаныя ў берагах бабрыныя норы. Ці жывуць яны тут зараз, сказаць нельга, бо свежаі згрызеных дрэўцаў не бачна. Да канала далучаецца і тая пратока, што гуляла па горадзе.

Праплываем пад жалезным чыгуначным мастом. З вады яшчэ ў двух месцах тырчаць старыя драўляныя палі. Мабыць, пасля кожнай вайны будавалі новы мост на новым месцы.

У рацэ бадай пракідваецца ніштаватая рыба, інакш што рабілі б на беразе людзі з вудзільнамі. Тут упершыню за ўсё плаванне мы ўбачылі, як маўклівы рыбак падняў з травы плёначны мяшочак з вадой, дзе блішчэлі рыбкі, і ўпусціў туды яшчэ адну.

А вось і браканьеры. У тым месцы, насупраць вёскі Кляпчаны, дзе з вады, нібы галовы язычніцкіх багоў, вытыркаюцца замшэлыя палі колішняга маста, яны раз-пораз, не зважаючы на нас, закідваюць на жэрдках сеткі-павукі. На нашых вачах у адной з іх затрапятаўся ладны карась.

Заўсёды для начлегу хочацца выбраць прывабнае месца. Мусіць, і продкі нашы мучыліся, выбіраючы прыдатныя месцы для паселішчаў: каб была рака блізка, але вада не залівала сялібу і агароды; каб лес быў, а зямля добра радзіла; каб было дзе пасвіць жывёлу і касіць сена.

Нашы жаданні больш сціплыя: сухая пляцоўка для палаткі і зацішак ад ветру. Прастора ўперадзе не абяцала і гэтага мінімуму даброт. Усё ж адно месцейка завабіла: правы бераг зарос чаромхай і арэшнікам. Чаромха цвіла і моцна пахла.

Выцягнулі лодку на траву. Літаральна над галовамі шчоўкаў салавей – праўда, хрыпаты, мусіць, прастудзіўся, бо пад вечар рэзка захаладала.

Паставілі палатку, заняліся вячэрай. Леанід дастаў тэрмас, у якім аказаўся гарачы наварысты суп з мясам, звараны яшчэ дома. Паслухалі па радыё, дзе і як святкавалі дзень Перамогі, і пачалі ўладкоўвацца нанач. Па рэйках грукацелі цягнікі.

Выспаліся нядрэнна, хоць і было халаднавата. Раніцай салоўка паспрабаваў выкінуць колькі каленцаў песні, але неўзабаве змоўк. Затое сонца, як толькі паднялося над садамі в. Навадворцы, золатам заліло наш бераг, заззяла ў кропельках цяжкай расы. Рака ўвабрала колер глыбокага неба, і ўсё гэтак жа плыла, безуважная да людзей.

У сваім падарожжы мы не праводзім навуковыя даследаванні, не збіраем гістарычныя факты. Але некаторыя меркаванні, узніклыя ў паходах па Случы, хочацца выказаць.

Назва ракі Случ і назва горада Слуцк (Слуцак, Случаск) – аднакаранёвыя словы славянскага паходжання. Безумоўна, спачатку ўзнікла назва ракі. Так лічыць і В.А. Жучкевіч, аўтар «Краткого топонимического словаря Белоруссии» (Мн., БГУ, 1974.). Назву ракі ён звязвае са словам лука, ізлучына – закруглены паварот ракі. Такая версія мае права на жыццё. Але відавочна, што лепш падыходзіць слова злучаць (случать) з семантычным значэннем збліжаць, аб'ядноўваць, устанаўліваць сувязь. Такое тлумачэнне слову злучаць (случаць) дае і Ул. Даль у сваім вядомым слоўніку. Закругленыя павароты маюць усе рэкі, а збліжаюць, аб"ядноўваюць і ўстанаўліваюць сувязі не ўсе. Таму рака атрымала назву Случ, злучная, а горад, які стаіць у ключавым месцы на яе беразе, назвалі Злуцак, Случаск, Слуцак, Слуцк.

Калі гэта магло быць? Верагодней за ўсё тады, калі людзям спатрэбілася мець зносіны аднаго краю з другім, і рэкі сталі шляхамі зносінаў.

У IX стагоддзі пачаў дзейнічаць вялікі водны шлях «з варагаў у грэкі». У сістэму яго магла ўваходзіць і Случ. Яна злучала басейн Дняпра з басейнам Нёмана, Балтыку з Чарнамор"ем. Паселішча, якое было на месцы Слуцка, аказалася ў патрэбным месцы, і гэтая акалічнасць павялічыла яго значэнне, спрыяла росту Слуцака. Горад проста не мог не вырасці тут, калі быў «шлях». Істотна, не важна, што дрыгавічы раней маглі называць сваю раку і паселішча іначай. Прыжылася назва, дадзеная рацэ па яе прызначэнню – злучная. Тое ж адбылося і з назваю старабытнага паселішча, якое стала асноваю Слуцка.

Відаць, не знойдзецца старажытных пісьмовых крыніц, якія пацвярджаюць правамернасць маіх цяперашніх меркаванняў. Але геаграфічныя назвы і сама мясцовасць, практычная мэтазгоднасць – пераканаўчая крыніца такіх высноваў.

Апісанне шляху «з варагаў у грэкі» пакінуў нам аўтар «Повести временных лет» і візантыйскі імператар Канстанцін Багранародны. Гэта быў найвялікшы гандлёвы шлях – скандынаўскіх, прыбалтыйскіх і славянскіх (ільменскіх славян, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлянаў, севяранаў, палянаў) плямёнаў. Ён звязваў іх з Прычарнамор"ем, Візантыяй і Блізкім Усходам. Дзейнічаў шлях з IX ст. да першай трэці XI ст. Меў некалькі маршрутаў. Галоўны быў такі (прасачыце па карце): Фінскі заліў – р. Нява – Ладажскае возера – р. Волхаў – воз. Ільмень – р. Ловаць і яе прыток Сярожа – волакам да р. Таропа – Зах. Дзвіна – яе прыток Каспля – воз. Каспля – волакам у Дняпро.

Шлях меў адгалінаванні з Дняпра на Прыпяць – з арыентацыяй на р. Буг. Але паглядзіце яшчэ на карту: хіба не самы кароткі і зручны шлях будзе па Случы? Тагачасныя купцы не былі дурныя. Яны заўважылі гэта. Каму трэба было – плыў праз Ладагу, хто жыў у Прыбалтыцы ці ў цэнтры Літвы (Беларусі) – навошта яму Ладага? Плылі вялікаліцьвіны (беларусы) праз Злучаск (параўн. Злуцк – Злучаск – Случаск – Слуцак).

Такім чынам, лічу, быў і такі шлях: Днепр – Прыпяць – Случ… А далей? Паглядзім, што ёсць у вярхоўях Злучы (Случы). Звяртаю ўвагу чытачоў на назвы дзвюх вёсак, бо, падкрэсліваю яшчэ раз, і геаграфічныя назвы – той жа самы летапіс. Вёскі гэтыя – Грэск і Буда Грэская – знаходзяцца на захад ад Случы, г. зн. бліжэй дя Нёмана. Што такое Грэск? Гэта Грэчаск, значыць, грэцкі, грэчаскі. А што такое Буда Грэская? Буда – шырока распаўсюджаная вялікаліцьвінская, беларуская назва, яе значэнне зразумелае: нейкае збудаванне ці паселішча, пастаяннае ці абноўленае. А Грэская – гэта зноў жа грэцкая, грэчаская (у абодвух выпадках у вымаўленні адбылося выпадзенне і чаргаванне гукаў, што назіраецца часта ў славянскіх народаў). Такім чынам, атрымліваецца: грэчаскае збудаванне, буда для грэкаў – паселішча для іх. Чаму тут, у цэнтры Беларусі, такія назвы, якіх няма больш нідзе?

Бо, прыязджаючы адтуль, жылі тут грэкі і вандроўнікі ад грэкаў!

Зусім неабавязкова, каб у нас пасяляліся ці часова знаходзіліся прыезджыя сапраўдныя грэкі. Дастаткова, каб людзі гэтых паселішчаў мелі гандлёвае ці абслуговае дачыненне да шляху ў грэкі, і іх пачнуць зваць грэкамі. Чаму тады гэтыя грэцкія паселішчы цяпер воддаль ад Случы? А гэта і добра, што воддаль. Да іх тысячу гадоў таму назад вялі паўнаводныя прытокі Случы. Ці так гэта? Так! З Грэска да Случы некалі вяла рака. Цяпер замест яе – меліярацыйны канал. Усё роўна адгадаць, што тут цякла рака, можна нават з аўтобуса, едучы па шашы Слуцк – Мінск. Ля вёскі Лёнькі (цяперашнія грамацеі пішуць Ленькі) выразна праглядаецца і цяпер яшчэ даліна гэтай ракі, бачна, як рака разлівалася – метраў на сто на абодва бакі – да самых сялянскіх агародаў. Ніжэй людзі градаў не рабілі, бо залівала вадой.

Ля Буды Грэскай зараз нельга так проста заўважыць, дзе цякла колішняя рака. Але яна была, я ўпэўнены, рэчышча яе можна знайсці. Магчыма, яе яшчэ памятаюць старыя людзі з вёскі Буда Грэская. Магчыма, успомнілі б нават, як лавілі ў ёй рыбу. Магчыма, недзе знойдзецца старая карта з абазначэннем гэтай рэчкі. Тысячу гадоў таму назад па ёй – не рачулцы, а рацэ! – плылі лодкі з таварамі «для грэкаў»: з поўначы, з Прыбалтыкі купцы везлі футры, скуры, мёд, воск, бурштын, са Скандынавіі – зброю і вырабы мастацкіх рамёстваў; з поўдня – залатыя і срэбныя ўпрыгожанні, каштоўныя тканіны, садавіну, віно, прыправы, вырабы са шкла і эмалі.

Паселішчы Грэск і Буда Грэская былі перавалачнымі пунктамі! Лодкі тут трэба было разгружаць, калі караван плыў з поўдня, ці загружаць, калі ён рухаўся з поўначы. I Злуцак (Слуцак) як горад вырас менавіта тут ўі ў гэты час. Збег столькіх акалічнасцяў не можа быць выпадковым. Шлях «з варагаў у грэкі» праходзіў і тут, на Злуччыне (Случчыне).

Са Случы (Злучы) па яе прытоках шлях ішоў на захад да Грэска, Буды Грэскай. Адтуль па сушы да прытокаў Нёмана зусім блізенька. Шлях па Случы не толькі больш блізкі, ён і болей лёгкі, уключае ўсяго адзін кароткі адрэзак сухапутнага шляху, у той час як Ладажскі – мае два такія адрэзкі. Іменна гэтыя ўчасткі дастаўлялі купцам багата клопату: трэба было разгружаць лодкі, дзесьці складваць тавары, хаваць іх ад частых там дажджоў, неяк перавозіць ці пераносіць усё (наўрад ці яны мелі такія калясачкі, як Леанід Круковіч). У час ператрусаў тавар мог папсавацца, згубіцца. Яго лёгка ўкрасці, а то і адабраць.

А з Грэска і Буды Грэскай, адплыўшы ўранні, дужыя і спрактыкаваныя весляры без асаблівага напружання даплывалі надвячоркам да Слуцка, дзе таварам схроны надзейныя. Іх не трэба перагружаць. Купцам, ахове і веслярам прытулак у Слуцку быў утульны і цёплы. Не на дзень – колькі хочна.

Мы з Леанідам таксама за дзень прайшлі гэты шлях. Праўда, плылі па прамым канале. Па Случы, якая пятляла ў травяністых берагах сярод пушчы, шлях быў даўжэйшы. Але тагачасныя падарожнікі мелі хуткаплынныя чаўны, а не гумавыя капшукі, як наша лодка. Так што адно з другім раўняецца.

У Слуцку старабытным купцам можна было папоўніць запасы ежы, пачаставацца прыгатаванымі ў хатніх умовах стравамі, зрабіць рамонт прыладаў працы, вопраткі і г. д. Наступным надвячоркам чаўны спыняліся ля прыстані Старобіна.

Гэтымі разважаннямі я хачу сцвердзіць, што шлях «з варагаў у грэкі» праходзіў па Случы, упамянёныя тапонімы атрымалі сучасную назву іменна ў той час. Падкрэсліваю яшчэ раз: гэта маё асабістае перакананне цвердзіцца на звычайнай сэнсавасці. У прыродзе кіруе мэтазгоднасць. Заўсёды! Тым болей у тыя часы.

Навошта плысці далёкім купцам да Балцкага мора, калі ўсё тое можна атрымаць раней – у Кіеве, Гомелі, Злучаску (Слуцку)? Паходам па рацэ грэкі шырока ахоплівалі вялікія землі. Нашыя таксама.


Цікава, куды сёння паспеем заплысці? Думаем, да Пагоста.
Раніца выдалася празрыстая. Чуваць, як у вёсцы Навадворцы спяваюць пеўні. Над палаткай, асветленай сонцам, ледзь мрыкметна ўзнімаецца пара. Сухі арэшнік, падкінуты ў касцёр, заняўся бадзёрым полымем, ад лагоднага цяпла стала ўтульна на беразе. Хутка згатавалі сняданак, падмацаваліся крыху. I вось мы пакідаем месцейка ля квітнелай чаромхі.

Праз які кіламетр апынуліся ў месцы, дзе ў Случ упадае яе правы прыток – Лакнея. Тут меліяратары нарэшце даўмеліся правесці канал па рэчышчы, пашырылі яго і паглыбілі. Захавалася некалькі прыгожых мясцінаў, асабліва ў ваколіцах вёскі Новы Двор.

А далей пашыбаваў на поўдзень шырокі і прамы, нібы відавочная ісціна, канал з голымі берагамі: ні дрэўца, ні кусточка. Маладыя травінкі варушацца пад ветрам і блішчаць на сонцы. Зялёныя паплавы раскінуліся кругом на многія кіламетры. Месцамі жаўцеюць дзьмухаўцы. Цішыня.

Калі ўдумацца, то прырода на кожным месцы пастаянна робіць цуд. Вось тут бульдозер знішчыў усё, што жыло і тысячагоддзямі валодала гэтай прасторай: дрэвы, кустоўе, травы і кветкі заліўных лугоў, рэчышча ракі, старыя пратокі і азярыны з белымі і жоўтымі гарлачыкамі, чараты і плюшнякі разам з усімі плыўцамі, скакунамі і лятунамі – усімі насельнікамі гэтых месцаў. Усё разумнікі перамяшалі з зямлёй і торфам. А глядзі ж ты, зноў ажыла зямля, ад гарызонту да гарызонту пакрылася зялёным аксамітам. Не спынілася жыццё. Хаця і непрыкметна, каб яно надта бурліла. Птушак не бачна, ім няма дзе звіць гнёзды. Плошчы гэтыя ранняй вясной пасыпаюць угнаеннямі, а хутка пусцяць касілкі, трава пойдзе на сілас. Гнёзды на зямлі зноў разбурацца…

Як несупынна жыццё, так і несупынна вада ў рацэ: павольна плыве і плыве. За вёскай Кіраў адразу ўпершыню ўбачылі капры і коміны «Беларуськалія». Ззаду бачацца яшчэ коміны Слуцка.

10 мая дзень быў халодны. Усё ж моцныя праменні сонца добра прагрэлі паверхню зямлі і ваду ў рацэ. Ля берагоў канала з рудой леташняй асакі павылазілі зялёныя бадзёрыя парасткі. Часам, палохаючыся лодкі, усплёскваюць рыбіны. У прыбярэжнай траве сабралася ўсё тое ж смецце, што папала ў ваду. I больш за ўсё забруджвае раку «цывілізаванае» смецце: зярністы пенапласт, кускі плёнкі і мяшочкі з яе, аэразольныя бутэлечкі, драўляныя брускі з цвікамі. Што сказалі б варагі, каб цяпер паплылі разам з намі? Дзікунамі абазвалі б? Варварамі, як звалі некалі рымлянцы. На беразе нехта пакінуў веласіпед. Паглядзелі – спраўны. Пакаталіся, каб размяць ногі, і пакінулі на месцы.

Перад упадзеннем у Случ левага прытока рэчкі Вялікая Сліва (або Сліўкі) раскінуліся на левабярэжжы палі фільтрацыі Слуцкай гарадской каналізацыі. Пацягнула смуроддзе. З-пад дамбы, што агароджвае гэтыя палі, з бетонных нораў б"юць імклівыя плыні пеністай зялёнай вады, спадаюць па бетонных жалабах у канаву, а па ёй, як мы потым распыталі ў людзей, уліваюцца разам з вадой Сліўкі (праток праз Вялікую Сліву завуць вялікасліўцы Сліўкаю) у старое рэчышча Случы. Канал, па якому мы плывём, рэжа напрасткі, праз пагоркі і палі, далёка, за некалькі кіламетраў, ад сапраўднай Случы. Працавіцкія азёры з-за гэтага дурноцця сталі затхлымі. Вада ў іх практычна не прыцякае і не выцякае. Азёры сталі зарастаць трысцём, забівацца тванню. Засмуродзіліся. Што сказалі б на гэта варагі, каб плылі разам з намі? Тое ж – бязмозглікі мы, а не цывілізаванае XX стагоддзе.

Дзе я ні падарожнічаў, усюды знаходзіў дровы для кастра, нават сярод украінскага стэпу ці на чарнаморскім узбярэжжы. А вось тут, на дзіва, зрабіць гэта цяжка. Дрэва, якое паплавала ў вадзе, не распаліш, а на беразе і ў далечыні – толькі зялёная трава. А між тым надыходзіла пара абедаць, хацелася есці. Мы вырашылі зварыць суп з канцэнтрату.

Агароды вёскаў Працавічы і Іграева даходзяць да самага канала, і тут на беразе нейкім чынам вырас адзіны на ўсім гэтым прасцягу куст вербалозу, і нехта яго ссек, параскідаў голле. Яно высахла. Непадалёку калгасная ферма. Пакуль я распальваў агонь, Леанід збегаў туды і прынёс вады. Праз колькі хвілін забулькалі крупы.

Да нас, не здолеўшы стрымаць цікаўнасць, падышлі браканьеры, што непадалёку лавілі плотак баўтунамі і «тэлевізарамі». Трошкі пагутарылі. Канал, расказалі яны, летам зусім мялее, вада не дастае да каленяў, зарастае зеллем. Зараз вады ў канале не менш метра. Калі была рака, то вясной яна разлівалася месцамі на цэлы кіламетр. Гарэлкі ў нас не было, сухія нашы размовы пра меліярацыю іх мала цікавілі, і яны адышлі невясёлыя.

У плаванні іншага занятку няма, акрамя таго, каб плысці. Часцей за ўсё адзін з нас плыве, а другі ідзе па беразе, бо з вады не заўсёды бачна наваколле.

У другой палове дня пацяплела, сонца стала яшчэ ярчэйшым, пачаў адчувацца, асабліва на твары, лішак сонечнай радыяцыі. Маглі быць апёкі. Схавацца не было як, тым болей што шлях ішоў на поўдзень, насустрач сонцу. У навакольных вёсках сярод скупой і нясмелай яшчэ зеляніны прысад выразней забялелі квітнелыя ігрушы і чаромхі.

Рух вады запавольваўся, паніжэлі берагі канала, горы солеадвалаў, здавалася, навіслі над вадой. З"явіліся чайкі. Крыжная качка ўсё адплывала ад лодкі, але, зразумеўшы марнасць манеўру, узляцела. Калі я ішоў па беразе, амаль з-пад ног выскачылі курапаткі і роўненька пабеглі далей у траву. Ля берагу ў прагрэтай вадзе плюхаліся, збіраючыся на нераст, плоткі.

Ад маста, што ля вёскі Быкоў, злева пачалася дамба. Яна адгарадзіла канал ад даліны сапраўднай Случы, якая ўлілася ў так званы абвадны канал. Там, за дамбай, узараная зямля, удалечыні стаяў жоўты экскаватар. Па гэты бок у траве весела жаўцелі дзьмухаўцы.

Праз гадзіну мы былі ў Салігорскім вадасховішчы, яно пачынаецца акурат з пачаткам вёскі Пагост. Чыстых плёсаў у ім мала, усё больш зараснікі – раздолле для водных птушак. Белы лебедзь смела падплыў да лодкі. Пачаставалі яго белым «лісічкавым» хлебам.

Тут можна было і спыніць плаванне, ды вельмі ж лагодны выдаўся надвячорак. Неба без аблокаў, вецер сціх. Хвалі ад лодкі ўскалыхвалі нябесны блакіт вады, парушаная люстраная роўнядзь ззаду доўга не магла набыць зноў сваю ўрачыстую бліскотнасць. Калі мінулі Пагост і выйшлі на шырокую водную прастору, захацелася параўнаць яе з той прасторай зялёных паплавоў, праз якія мы ўвесь дзень рухаліся. Ад берага да берага вада – нібы блакітнае шкло. Толькі ў адным месцы, ля чыгуначнага маста на чацвёртае рудаўпраўленне, трапятала рабацінне маленькіх хваляў.

Заходзіла сонца. Тут, ля чыгункі, дзе некалі была вёска Сяльцо, мы выйшлі на бераг.

 

24 чэрвеня 1991 года.

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1013. Последнее 2020-01-24 05:47:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru