Случ, мая мілая, што з табой?

Случ, мая мілая, што з табой?

Ад вытоку да Слуцка

Збіраючыся ў турпаход да вытоку Случы і адшукваючы яго, мы не прадбачылі, што ўцягнемся ў доўгую і турботную справу. Устаноўка знака, дзе быў выток, як быццам усклала на нас нейкую адказнасць за стан самое рэчкі. Тады мы ўбачылі, як бязлітасна абыходзяцца дзеля хвілінных і сумніўных выгад з вялікімі плошчамі зямлі. Сродкі на барацьбу супраць прыроды, па ўсяму бачна, адпускаюцца вялікія. Зямля нявечыцца на тысячах гектараў. Вынікі такой дзейнасці для краю будуць сумныя. Тут дарэчы адзначыць, што для перасялення чарнобыльцаў грошай няма, збіраюць ахвяраванні. А «пераўтвараць» прыроду ёсць за што. Балела сэрца ад усведамлення ўсяго гэгага. I тады ж неяк само сабой стала ясна, што нельга нам не паглядзець усю Случ ад вытоку да вусця, не прапусціўшы ніводнага метра.

Задуманае трэба выконваць.

І вось 5 красавіка 1990 года мы зноў тут. База саўгаса «Слуцк». Тут будуецца буйны жывёлагадоўчы комплекс. На даволі вялікай плошчы, расчышчанай пасярод хваёвага лесу, узводзіцца каля дзесятка жывёлагадоўчых фермаў, другія пабудовы. Побач стаяць у жоўтым пяску зернеўборачныя камбайны, сельскагаспадарчая тэхніка. Асобныя машыны разабраныя. Нейкія дэталі ўтаптаны ў зямлю, шмат што паіржавела, разламана. Усюды валяецца рознае жалеззе, дрот, бетонныя аскабэлкі. Сям-там на аб'ектах калупаюцца будаўнікі. З непаказной цікаўнасцю ўглядаюцца на нас.

Нам трэба хто-небудзь з кіраўніцтва. Знайшлі галоўнага інжынера саўгаса, папрасілі паказаць карту асушанай тарыторыі, каб паглядзець, дзе тут цякла Случ да асушэння. Ён доўга размаўляць з намі не мог, сказаў, што некуды спяшаецца.

– Нічым дапамагчы не магу. Няма такой карты ў нас. Яшчэ просьбы ёсць?

Тут ужо адчуваецца пэўны стыль – дзелавы. Маўляў, глупствам няма калі займацца. Што ж, сапраўды клопатаў у галоўнага інжынера вышэй галавы: адказнасць за тэхніку, шматлікія пабудовы – усяго не пералічыш. I ў гэтым клопаце для задубелай душы, нечуллівай да таго, што на першы погляд не мае практычнага значэння, ужо мы – дзівакі. А быў жа і ён калісьці басаногім хлапчуком, нейдзе зачаравана слухаў птушак, любіў рэчку, лугавіны, гаі…

Хто ведае, калі адбылася эвалюцыя душы ў талковага вясковага чалавека. Вось толькі ці патрэбна яна, ці на дабро?

Болей просьбаў у нас не было. Пайшлі да бытовак меліяратараў: у іх, пэўна, ёсць карта. Але і тут няўдача. Ну што ж, трэба рухацца далей, кіламетраў сем-восем – і мы будзем на месцы.

Аднекуль на «газіку» прымяцеліў дырэктар саўгаса. Пазнаёміліся: Васіль Ачахоўскі (Верагодна аўтар дапусціў памылку друку або няправільна запісаў. Правільна прозвішча дырэктара пішацца Ачапоўскі - нататка адм. сайта).

– Васіль Міхайлавіч, дзе пачыналася і як цякла Случ?
– Не памятаю. Вярхоўе асушылі раней, да нас. Там спярша торф здабывалі для Лашанскага торфабрыкетнага завода. Работы пачаліся яшчэ ў 1972 годзе.
– Як, на ваш погляд, варта было рабіць такія пераўтварэнні? Якая тут канкрэтная карысць будзе ад усяго гэтага?

Ачахоўскі ў адказах мудра пазбягае вастрыні пытанняў.

– Гаспадарства саўгаса будзе мець два напрамкі: вытворчасць мяса і насення шматгадовых траў. Будзем мець 7200 буйнай жывёлы. Штогадовая рэалізацыя 5 тысяч галоў…
Случ трэба берагчы, не звальваць турботу на крайняга – саўгас. Гнюсілі міністэрскія, слуцкія, а адказваць вяскоўцам? Зноў мы вінаватыя?.
– Ці не падкінеце нас да месца, дзе ўстаноўлены знак?
– З задавальненнем.


Вадзіцель «газіка» добра ведае наваколле, упэўнена кіруе ў патрэбным напрамку. Васіль Ачахоўскі падзяляе нашу трывогу за стан беларускай прыроды, але трымаецца па-ранейшаму насцярожана, каб не сказаць чаго лішняга.

Збіраючыся ў паход, мы зрабілі новую шыльду. Яна адчаканена на бронзе і глядзіцца няблага. Тую, першую, знімем, а прымацуем новую.

Здалёк бачым: нашага слупка няма. Васіль Ачахоўскі пачуваецца няёмка перад намі, нешта гаворыць.

Я разумею сітуацыю. Справа ў тым, што слуцкая газета «Шлях Ільіча» перадрукавала наш нарыс «Адкуль цячэ Случ», і Васіль Ачахоўскі, вядома, чытаў яго. Наўрад ці спадзяваўся, што мы зноў тут з'явімся. Цяпер яму сорамна за сваіх людзей. Не збераглі дарагі знак. Выгружаем рэчы.

– Ну што ж, пачнём усё спачатку.
– Можа, не варта пакуль ставіць. знак? – сумняваецца дырэктар.
– Не для таго мы яго зрабілі, – кажа Леанід. – Назад не павязём, абавязкова ўстановім.


Наша рашэнне непахіснае. Падтрымліваю сябра і я:

– Случ і наша рака. Салігорск стаіць на яе беразе. Мы выраслі на гэтай рацэ. Калі спатрэбіцца, мы яшчэ раз прыйдзем сюды.
– Тут яшчэ не закончылі работы, – працягвае сваё Ачахоўскі. – Даю вам слова, установім шыльду пасля, зробім агароджу. Верыце мне?
– Калі так – верым. Каму ж як не гаспадару гэтай зямлі, паверыць. Вазьміце нашу шыльду, пакуль зробіце сваю.
– Даю слова. Установім. Пакуль пакладу яе ў сейф.


Нам зразумела, і яму баліць. Хаця ў свой час і адмахнуўся ён ад нікому непатрэбных клопатаў пра родны край. Не пачаў ваяваць супраць меліяратараў. Адмахнуўся, але сумлення не страціў, ды і ён разумее, што краялюбства – важная справа, што гэта той жа клопат пра хлеб – складаны, шматпланавы, не заўсёды адразу бачны.

Дзякуй вам, Васіль Міхайлавіч, што пакінулі нам надзею – застанецца тут памяць аб некалі слаўнай рацэ. Шкада, што не пазнаёміліся як след. Ды і ўрэшце галоўнае ў другім – мы адчулі сваяка, родную душу. I глыбокую ўпэўненасць – такіх людзей многа. Іх трэба шукаць, трэба, каб мінулае мацней стукалася ў сэрца кожнага.

Цёпла развіталіся. Цяпер можна агледзецца. Знаходзім затаптаны ў торф наш слупок. Шыльды няма. Праўду казаў у першы раз Леанід: зломяць.

Прыкра і сорамна, што часам не ўсведамляюць сваёй годнасці браткі-беларусы. Некаторыя да ўсяго абыякавыя: і да сваёй гісторыі, і да багатай у мінулым культуры, роднай мовы, і роднага краю. А ў выніку – і да свайго лёсу. Адкуль пайшла паняверка? Адкуль узялося пазбыванне беларусам сябе самога? Яшчэ ў маім юнацтве не было такога. Хто без патрэб мог ссекчы ці параніць дрэва? Альбо, скажам, выкінуць дзе папала бітае шкло? Хто пазнявечваў нашы душы і сэрцы?

Гадоў 15 таму мне давялося быць у камандзіроўцы ў горадзе Новамаскоўску (Тульская вобласць). Там у парку, у месцы, дзе з зямлі б"е крынічка, стаіць слупок з шыльдачкай «Исток реки Дон». Славуты Ціхі Дон. I ніхто не прыйшоў з малатком, каб разбіць яе. Мабыць, ёсць у людзей разуменне, якая гэта каштоўнасць, якія вытокі тут пачынаюцца.

Камфорт ці дыскамфорт нашага жыцця залежыць ад рэчавага акружэння. У гумавай лодцы цяжка дабіцца нават самых малых зручнасцей. У ёй усё нязручна: і самому сядзець, і рэчы размясціць, і пры неабходнасці паварушыцца.

Леанід Круковіч у час сваіх мінулых плаванняў выпрацаваў аптымальны варыянт выкарыстання плошчы гумавага судна. I зараз упэўнена ўвіхаецца каля лодкі. Дапамагаю яму, даваць парады не адважваюся, адно вучуся.

Ну вось, пагрузка закончана. Можна было б аб"явіць «пасадку», але лепш і паабедаць на месцы. Даўно заўважана, турыст у паходзе не забывае пра абед.

Выцягваем з рукзакоў прыпасы. Заўважаю ў руках Леаніда маленькую пляшачку.

– Што гэта?
– Гарэлачка. У мяне сёмага – дзень нараджэння. Думаю, па глытку можна сцёбнуць і зараз, каб усё добра было, каб ніколі ў Случы не перасыхала вадзіца.


Леанід першую чарку працягвае мне.

Ну што тут зробіш? Не кожны дзень у жыцці пачынаеш плаванне ад самага-самага пачатку ракі. I наўрад ці давядзецца яшчэ ля вытоку якой ракі пабыць.

– Давай. Няхай усе рэкі цякуць, як ім трэба.

Мы сядзім унізе ля вады, у смак абедаем, чым Бог паслаў, і цешымся сваім становішчам. Задавальненне пэўнае. Нават гаварыць не хочацца. Над балотам – цішыня. Неба засмучана, сонца прасвечвае, у зацішку, цёпла. Намі завалодала перадстартавае хваляванне – пачатку дарогі ў прыгажосць слуцкага ваколля, зноў у каторы раз далучэння да гаючай харашыні роднага краю. Што чакае нас наперадзе? Якія прыгоды сустрэнуцца на шляху? Якія дзівосы пакажа нам рака?

– Цю-люць-цю-цю-лі, – пачулася ў небе. Жаўранак спявае, не чакаючы сталага цяпла. Ён будзіць і прыспешвае вясну.
– Мы не адны тут, – падняў Леанід галаву ўверх.
– Захавалася жыццё. Не ўсё знішчана.


Вось і настала гэтая хвіліна! Плывём. Здзяйсняецца доўгачаканая мара. Хоць рукой дастанеш да берага, але гэта рака. Яна жывая, бо рухаецца, цячэ, і нясе на сваёй спіне лодку і нас дваіх.

Плысці па рацэ – не ісці па яе беразе. Зусім не тое. Гэты павольны і плаўны рух поўны таямнічай велічы і хараства, таму выклікае такое задавальненне. Усе нашы рэчы і мы самі ў лодцы нібы не маем ніякай вагі: лёгка, без усялякіх намаганняў нясе на сабе нас маленькая, у два-тры метры шырыні, рачулка.

З лодкі бачны зрэзы берагоў і неба. Аглядаем напластаванне торфу. Вучоным лёгка было б падлічыць, калі пачало зарастаць тое возера, што ўтварылася тут пасля ледавіка. Зусім відавочна, тады яшчэ з яго брала пачатак рака. Напрамак яе – на поўдзень – вызначаўся нахілам зямной паверхні. Добра бачна, якім было дно гэтага возера: яго ўсцілаў чысты, неверагодна белы жвір, у якім ніжэй пракідаюцца рознага колеру камяні. У адным месцы мы заўважылі ў торфе пашчэмлены экскаватарам чорны ствол старажытнага дрэва, хутчэй за ўсё хвоі, бо добра прыкметныя тоўстыя слаі драўніны. Возера мела шмат астраўкоў, якія цяпер узвышаюцца пясчанымі косамі.

Гадзіны праз тры шлях перагарадзіў велічны бетонны шлюз – феномен, так бы мовіць, дзейнасці сучаснага гаспадара абшараў. Міжволі наведвае, хай сабе і штампованая думка: іншароднае цела ў прыродзе. Для чаго вадзе ствараць штучную перашкоду, калі толькі што ваду бяздумна гналі з палеткаў выпрамленнем берагоў рэчкі? Цераз створкі шлюзуе, пераліваецца вада. Трэба нам усё пераносіць на той бок. Па рэльефу мясцовасці можна меркаваць, недзе блізка тут быў паўднёвы бераг таго пасляледавіковага возера. Колькі зямлі перавярнулі меліяратары, каб пабудаваць гэты шлюз і пракласці гэтулькі канаў. Вецер ледзь-ледзь павявае, з белых дзюнаў цякуць пясчаныя цуркі, пазвіньваюць у сухой леташняй асацэ.

Уверсе, праз шлюз – дарога. Занятыя перапраўкай рзчаў, не заўважылі, як падкаціў аўтобус «ЛАЗ». Вадзіцель зацікавіўся падарожнікамі. I вось нечаканка: сустрэлі земляка. Віктар Восіпавіч Дубоўскі нарадзіўся і жыў у дзяцінстве ў вёсцы Зажэвічы Салігорскага раёна. Цяпер жыве непадалёк – у Грэску Слуцкага раёна.

– Я тут рыбу лавіў. Да меліярацыі. Случ пятляла ў разнатраўі. Рыбы было заваліся. Усе лавілі.
– А ў самым пачатку Случы вы былі?
– Вядома. Там раслі лазовыя кусты. Ад іх прыкметна было цячэнне вады: ручаёк сярод куп"я. А тут, дзе мы стаім… Не зусім тут, а лявей, вось там, гожае русла было. Прыходзілі купацца, нырца давалі.


У час сустрэч з людзьмі мы ўсё мацней адчувалі, якая глыбокая туга захавалася ў іх па загубленай красе родных мясцінаў. О, гэта сапраўды так: «Мой родны кут! Як ты мне мілы…» I справа не ў сумоце па былым. Стаў другі лад жыцця. Ён моцна збяднеў, а часам стаў проста невыносным. Што рабіць? Ратаваць яшчэ засталае. Бо нашы дзеці пакуль не ведаюць, у якую пустыню мы іх вядзём.

Сонца перайшло на правы бок ракі, апусцілася ніжэй. Махнатыя коцікі вярбы малюсенькімі кураняткамі жаўцеюць у яго промнях. Гэта – першыя кветкі, якія нам сустрэліся.

Пасля шлюза вада весялей панесла лодку. Канава высокая, берагі вышэй за тры метры. Злева – гравійка. Сям-там на адхоне валяецца ржавае ашмоцце, тросы, нейкі метал, кавалкі дроту, поліэтыленавай плёнкі.

Хвалямі падступіў лес: бяроза, ёлка, алешнік, вербы. З правага боку падышло да канавы азімае поле. Такой пяшчотнай зеляніны, як у веснавога жыта, няма ні ў якой расліннасці. Радуе вока хараством.

Напераменку адзін з нас кіруе лодкаю, а другі, каб бачыць наваколле, ідзе па беразе. Пацяплела. Можна распрануцца, загараць. Напалохана ўскінулася з вады пара качак.

– Кі-га, кі-га… – падхапіла качыны крык успуджаная кнігаўка, мітусліва кінуўшыся над сенажаццю.

I зноў – цішыня. Я іду па гравійцы і чую, унізе акуратна плёскаюць вёслы і грае транзістар. З-за высокага берагу Леаніда не бачна. Па гуках вызначаю яго месца. Аб усім заўважаным пішу ў дзённік. Таму, бывае, Леанід заплывае ўперад. Ціша, спакой. Вецер сціх. На шырокім небе зусім па-летняму ў дрымоце спыніліся воблакі.

Магчыма, хтосьці падумае: што з таго, што ты, ідучы сярод раўніны, убачыў птушку, любуешся воблакам, цешышся раззелянелым полем? Ну і знайшоў крыніцу радасці!

Адкажу так. Трэба шкадаваць тых людзей, каго не прывядзе ў захапленне сустрэча з дзікай птушкай, з матыльком, што ледзь-ледзь паводзіць крыллем, седзячы на кветцы, каго не кранае прыгажосць беларускай прыроды, яе дзівосныя краявіды. А мы ва ўсім гэтым бачым сэнс турпаходу і крыніцу задавальнення. Нам радасна, што на свеце ёсць звер і птушка, матылёк і рыбіна ў вадзе. Нам не трэба страляць птушак, забіраць іх яйкі, лавіць многа рыбы. Дастаткова бачыць іх, ведаць, што яны жывуць. Мы смуткуем па тым, чаго ўжо няма і не будзе, што знішчана чалавекам.

У 17 гадзін дайшлі да разгалінавання ракі: справа праз шлюз скідваецца трошкі вады, злева – шырокі канал з застаялаю гладдзю. У яго і накіраваліся. Паабапал чорны лес, зелянеюць толькі кусты чаромхі. Акварэльны нябесны блакіт паўтараецца вадой, хвалі ад лодкі гайдаюць вершаліны елак. Леанід фатаграфуе.

Канава робіць паварот, другі, і, праплыўшы іх, бачым мост. Па ім раз-пораз пралятаюць аўтамашыны. Гэта дарога ІІІышчыцы – Асіповічы. На мосце стаіць чалавек з веласіпедам, на багажніку кошык з зялёнай травою.

– Там вадасховішча, – паказвае рукой на поўдзень. – На беразе дзіцячы санаторый. Трасца іх матары, сапсавалі ўсю мясцовасць, – гэта, разумеем, пра меліяратараў.

I ўсё ж хочацца штосьці сказаць і на абарону меліяратараў, хаця справа, якую яны зрабілі, страшэнная. Нівеліравалі яны зямлю, пляжылі яе цела не па сваёй волі. Зубамі скрыгаталі, начальства лаялі, а ўсё ж рабілі, на жаль. Усе гэтыя планы-грамаддзё прыпадносіліся, як манна нябесная, як вялікае дабро для народа. Ты супраць – вораг. Нікому не хацелася быць выключным, адметным…

За мастом берагі канавы перайшлі ў высокую дамбу, якая, бачна, злучаецца з дамбай вадасховішча. Перад вадасховішчам – кустоўе, лес.

Спыняемся. Шукаем пляцовачку для палаткі. Трэба добра паглядзець, дзе на торфе раскласці касцёр, каб не зрабіць пажару. Варым кашу з тушонкай, ёсць у нас яшчэ яйкі, будзе чай з сырам – вячэра на славу. Усё вельмі смачнае.

Сцямнела. Неба выяснілася, высыпалі зоркі. Месяц гаспадарыць у наваколлі. Таямнічая начная прыгажосць. Загадкава і змрочна сярод дрэў.

У горадзе ноч не так успрымаецца, не так дзейнічае на пачуцці чалавека, як на ўлонні прыроды. Гарадскія ночы падобны адна на другую, не маюць такога багацця адценняў.

Не хочацца класціся спаць адразу. Ідзём да вадасховішча. Па люстраной паверхні чорнай вады грае, зіхаціць дарожка ад агнёў санаторыя, ад месяца і зорак. Празрыстае паветра ўвачавідкі халаднее. Бярэцца на замаразкі. Пастаялі ля вады, паглядзелі. Больш рабіць няма чаго. Вяртаемся да палаткі, кладзёмся спаць.

Будзяць спевы птушак. Гучная мілая гамана – не паспіш. Асабліва стараецца дзяцел, гулка барабаніць па сухой галіне: трр-р-р, тр-р-р, сапраўдны барабанны пошчак.

Вылазім з палаткі. Яшчэ добра не вывіднела. Шаргаціць пад нагамі мёрзлае лісце і трава. За лесам, недзе на далёкай ферме, нудна гудзе даільны апарат і псуе птушыны канцэрт.

Душа поўніцца светлай радасцю, літаральна гоіцца родным слуцкім паветрам, боскай гармоніяй вечнасці, дабрыні і хараства. Такая звонкая раніца!

Пакуль распальваў касцёр, які чамусьці не хацеў гарэць, успомніў, як такой жа раніцай бацька вадзіў мяне на паляванн глушца. Цяпер глушца няма. I не ўсе ведаюць, што гэта за птушка.

***

…Глушэц – цар сярод лясных птушак. Тады, у маім дзяцінстве, у ваколіцах вёскі Цімашэвічы Жыткавіцкага раёна глушцы не былі рэдкасцю. Жылі яны, як і чорны бусел, далей ад людзей.

Спачатку трэба высачыць, дзе глушэц корміцца і начуе. Перад захадам сонца прыйсці ў гэтае месца і сцішыцца. Пасля вячэры глушэц садзіцца на вяршаліну хвоі на седала, гучна лопае крыллем – за кіламетр пачуеш. Трэба прыкмеціць, на якую хваіну ён сеў. Калі блізка – страляй, у адваротным выпадку – прыходзь заўтра на світанні, ён будзе пець.

Вечарам Аляксандр сказаў, што глушэц начуе на Закрыллі. Я ведаў гэтае месца, там быў мох. Падняў мяне бацька ноччу. Адзеліся, абуліся ў лапці, бацька зняў са сцяны двухстволку. Была зорная бязмесячная ноч. Падмарозіла. У лесе цёмна. Мяне білі дрыжыкі, аж зубы ляскалі. Ісці трэба было кіламетраў пяць.

Уверсе паміж дрэваў пачало святлець. Глушэц так добра чуе, як ні адна з птушак. Ідзём, ціхенька, моўчкі, каб галінка не трэснула. Бацька спыніўся, падняў руку: блізка. Праз колькі часу спыніліся, бацька прыклаў палец да вуснаў і паказаў у бок моху: там. Ён зняў шапку і пачаў слухаць. Я таксама зняў шапку, але нічога не чуў і ўсё ўглядаўся, куды паказаў бацька. У лесе пасвятлела, паміж хвояў бялелі лапікі нерасталага яшчэ снегу. Глушэц павінны быў спяваць. Песня ў яго такая:

– Клап, клап, клап, – маленькая паўза і зусім нечакана: – чы-шчы-чы-чыш.

Калі ён выводзіць гэтае «чыш-чы», то нічога не чуе, нават сгрэлу.

Мы стаялі: песні не было. Я надзеў шапку і хацеў паглядзець у другі бок, як бацька пацягнуў мяне за крысо світкі ўніз: слухай. I я пачуў такое выразнае і ўрачыстае «клап-клап-клап, чыш-чы-чы-чыш», што адразу забыўся пра холад, сон, пра ўсё на свеце. Пастаялі яшчэ.

– Чыш-чы-чы-чыш.

Бацька подбегам зрабіў тры скачкі ўперад і застыў на месцы. У такт чарговай песні падбег і я. У гэтым спаборніцтве нельга памыліцца. Калі не паспеў у такт апошняму «чыш» паставіць нагу, то так і стой на адной назе, нібы стоп-кадр, да наступнай песні.

Усё ішло добра. Мы прыладзіліся да рытму глушцовай песні і сінхронна штораз рабілітры доўгія скачкі. Звярнулі ў мох. Месцамі паміж купін стаяла вада, якая за ноч замерзла, вось як сёння, гэта было нядобра, бо перашкаджала бегчы.

Глушэц спяваў з такім натхненнем, так шчыра славіў неба, што, мусіць, сам любаваўся сваёй песняй, адчуваючы паўнату жыцця. Неба яго і абараніла. Я паспеў за бацькам зрабіць чарговыя тры скокі, але ўбачыў, што бацькавыя сляды напаўняюцца вадой. Не хацелася плюхаць у ваду, я ўзяў трошкі ўбок і ўскочыў на лёд, каб пастаяць на сухім месцы. Але паставіць правую нагу не змог: уперадзе была купіна, на якой чырванелі журавіны і ляжала сухая хваёвая галінка. Яна трэснула б. Пад левай нагой лёд пачаў прагінацца.

– Клап-клап-клап!

Мне трэба было паставіць правую нагу на лёд і пачаць бег, а я адштурхнуўся левай. Лёд праламаўся, нага па калена апынулася ў калатушы. Трэба было замерці, спыніцца тут, а я паспрабаваў вызваліцца, упаў на калені, лёд зламаўся яшчэ больш.

Глушэц залопаў крыллем. Седзячы ў вадзе, я заплакаў. Падышоў бацька, падняў мяне пад пахі:

– Хадзем, сынок, дадому… Яго Бог збярог, хай ляціць, усё добра.

…Вялікі цуд – агонь, трапяткое полымя. Яго няма з чым параўнаць. Вось запалала сухое ламачча – і ёсць цяпло, утульнасць, растаў іней на траве, на зямлі вакол кастра ўтварылася сухая цёплая пляма. Гатуецца сняданак. Сонца паказалася паміж пікамі елак. Нягледзячы на холад, спявае птаства. Вясна ёсць вясна. Леанід зняў палатку, складае рэчы…

…А ўсё ж такі бацька ўпаляваў глушца, магчыма, таго самага. Улетку. Калі паспеюць чарніцы, глушцы ліняюць. Ад"еўшыся на салодкіх ягадах, яны становяцца лянівымі і менш пільнымі. Бацька пасвіў каровы. Глушэц, мусіць, не адрозніваў іх ад ласёў ці казуль і не ўцёк з месца жыроўкі, а толькі сышоў убок, у гушчар. Ён і адсядзеўся б там, калі б, убачыўшы чалавека, не спалохаўся і не паляцеў. Размах крылля – больш метра, яны чапляюць за хвойнік, а ўверсе голле сплялося зусім. Бацька дагнаў небараку і ўдарыў кіем.

Вечарам, прыгнаўшы кароў, ён паклаў на ганак глушца, вялікую прыгожую птушку цёмнага колеру. Я зашыўся ў запечак і трохі паплакаў: навошта бацька забіў глушца, такога прыгожага, хай бы пусціў яго…

***

Руднянскае вадасховішча ў дыяметры каля двух кіламетраў. Заходні бераг лясны, там санаторый, туды ёсць дарога. Паехаў аўтобус. Усе астатнія пад"езды да вады перагароджаны бетоннымі блокамі. Вядома, праектавалі і будавалі вадасховішча нібыта як зону адпачынку для працоўных. Рэчкі не будзе, затое вадасховішча – цэлае мора.

А выйшла, як заўсёды ў недацямкіх. Раку згнюсілі, палеткі абязводзілі, пад сховішча забралі дабрэнную зямлю.

Шырокая прастора глыбокай і халоднай вады палохае. У галаву лезе думка: ці дастаткова надзейнае судна – гумавая лодка, да таго ж перагружаная. У дадатак узняўся даволі свежы сустрэчны вецер, раскалыхаліся хвалі, халодныя пырскі паляцелі ў твар. Цёмнымі камячкамі пагойдваюцца некалькі качак.

Паўднёвы бераг аказаўся высачэзнай дамбай, абкладзенай бетоннымі плітамі. З яе добра бачна наваколле. Случ цякла далей па вузкай лагчыне між двух узгоркаў, злучаных цяпер дарогай і мастом. Па абодва бакі – вёска. Гэта першае ад вярхоўяў месца на беразе, якое ў былыя паводкі не залівала вада і дзе пасяліліся людзі. Вёска называецца Рудня (мабыць, жыхары здабывалі балотную руду), вадасховішча – Руднянскае, а калгас – «Чырвоны Кастрычнік». Ад дамбы ідзе канава.

Праз два шлюзы з вадасховішча сочыцца ў канал вада. Гэта ўвесь сцёк Случы. Лодка чапляецца за дно. Зламалі вясло, зачапіўшы за камень.

Гаворым з тутэйшымі мужчынамі пра меліярацыю. Дружна плююцца. Мацюг за мацюгом: злілі ваду з палёў, цяпер б"юць скважыны, каб улетку вадою паліць сенажаці і збажыну. Дурні, наўкола начальнікі – дурні.

Убачанае зноў наводзіць на тую ж думку. Атрымаўся звычайны здзек над ракою. Стваральнікі рукатворнага вадасховішча абакралі Случ, замахнуліся на яе існаванне. Дзеля адчэпнага адшкадавалі людзям колькі кропель… Па-варварску знішчылі ландшафт, затапілі вялікую тэрыторыю вадою – ды не жывою, а, як не горка, мёртваю. Мерыліся на дабро, крычалі паўсюдна пра намеры, а цяпер маўчаць пра вынікі. Няма вінаватых. Усе мы ні пры чым, ніхто не вінаваты.

Днём стала цёпла. Канал выйшаў на голую раўніну. Далёка справа бягуць малюсенькія машыны: гэта шаша Слуцк – Мінск. На раўніне шмат святла, неба, паветра. Адкрытыя далі ўзнімаюць настрой, радуюць, але нядоўга. Глядзець няма на што, ніякіх дэталяў.

Парадаваў жаўрук. Ён, нябачны, падняўся з шэрай сенажаці і старанна пацягнуў уверх срэбны ланцужок: цю-люць-цю-цю-лі… Уперадзе, метраў за 200, на беразе нерухома стаіць чапля. Грацыёзна трымае крывую шыю-чапялу і з пагардай глядзіць на нас. Блізка не падпускае, ляніва ўскоквае, павольна махаючы крыллем, ляціць далёка ўперад. Што яна тут робіць, бедная? Рыбы ў канаве няма.

Уводдалі справа і злева відаць вёскі. Людзі сяліліся на вышэйшых месцах, якія ў разводдзе не заліваліся вадой. А цяпер вёскі на грудзе. Суха на агародах.

Праз кожныя тры-чатыры кіламетры трапляюцца шлюзы. Мы згубілі ім лік: 10 ці 13. Пад вечар ля аднаго з іх упершыню бачым маленькіх рыбак. Неба пачало зацягвацца хмарамі, падзьмуў непрыемны вецер, пахаладала. На поўдні, мабыць, над Слуцкам ужо, з цёмнае хмаркі павіслі косы: там – дождж.

Зламалі і другое вясло. Плывём з дапамогай палкі. Гэта нязручна, асабліва перад шлюзамі, дзе вада не цячэ. Рашылі ісці па абодвух берагах, а лодку цягнуць вяровачкамі. Хуткасць судна павялічылася.

Хмаркі з косамі з"явіліся і ў другіх напрамках. Закапаў дождж. Дзень заканчваецца. Трэба выбраць месца для начлегу. Лепш за ўсё падыходзіў бярозавы гай – адзіны сустрэты за ўвесь дзень. Ад берага метраў сто. Валаком туды лодку і рэчы.

Месца – казачнай прыгажосці: гонкія белыя бярозы, пад нагамі чыстая зеляніна і белыя-белыя кветкі кураслепу. Проста цуд. Жыццё падарыла яшчэ адну радасць.

У зацішку дрэў – утульна і цёпла. Прагна запалаў касцёр, забулькала ў каструлі каша. Трохі пасядзелі ля агню. Абгаворваць меліяратараў стаміліся.

Добра выспаліся, уключылі радыё, каб ведаць час. Сем гадзін, пара ўставаць.

Няма двух аднолькавых дзён як у жыцці чалавека, так і ў прыродзе. Ноччу выпаў снег, павіс на галінках белых бяроз, пабяліў палатку і лодку, змяшаўся з белізной кураслепу. Невычарпальная крыніца хараства ў прыродзе, непрадказальная і бязмежная. Раніца цьмяная, хмарная. Снег пачаў раставаць.

Адпраўляемся ў дарогу. Уздоўж берага ў прысадах – вёскі. Канал пралягае воддаль, праз пагорак, ля сцен хат, уздоўж мёртвае рэчышча Случы. Стаяць старыя нахіленыя вербы. Нашы далёкія продкі дрыгавічы выбіралі для сядзіб прыгожыя і зручныя месцы. Вёскі называюцца Міхейкі, Забалаць, ІІрышчыцы, Заброддзе.

Адкрыліся пабудовы Слуцка. Замест сенажацяў па берагах пайшлі палі. Рака абходзіць Слуцак з поўначы і ўсходу. У межах горада ў яе ўліваецца з левага боку рэчка з прыгожай назваю – Вясея. Ёсць і вёска паблізу з такой назваю. Вады прыбавілася. Плысці па Случы ў межах горада Слуцка – адна пакута. У вадзе дрот, бітае шкло, цэлафан, папера, кардон, жалеза, дошкі з цвікамі. На беразе сям-там сядзяць з вудамі рыбакі. Што робяць – невядома: рыбы ж няма. Калі заводзіш гутарку, кожны лаецца, маючы на ўвазе начальства, і іх, камуністаў.

Мусіць, усе рэчкі, што цякуць праз горад, маюць падобны лёс: змушаныя ўбіраць у свае чыстыя воды розныя брудныя сцёкі, так званыя гаўнацёкі. Гаспадарчая дзейнасць людзей ахвяруе рэкам усялякага «дабра» ўдосталь… і, толькі вырваўшыся з гарадскога палону, рака спрабуе сябе чысціць жвірам, асакою, падступным лесам. Праўда, і тут беларускія рэкі падпільноўвае небяспска. Вяскоўцы таксама не раз імкнуцца сплавіць у іх здабыткі сваёй «дзейнасці». Літаральна, як зачараванае кола…

Першы этап плавання па Случы закончаны.

Ад вытоку да Слуцка рэчкі ў сэнсе гэтага слова, няма. Скрозь – шлюзаваны канал. Антрапагеннае ўздзеянне карэнным чынам змяніла характар мясцовасці: замест лесу і заліўных лугоў і балот – голы стэп, так званая культурная паша, месцамі ворыўныя землі. Зніклі дзікія жывёлы, балотныя птушкі. Нават неспецыялісту бачна, якая шкода нанесена краю ад суцэльнай меліярацыі. «Залатое дно» тарфянікаў не апраўдала надзей, выкарыстоўваюцца яны дрэнна. Ні адзін чалавек, з кім мы гутарылі, не апраўдваў фактычнае знішчэнне ракі.

Нам хочацца папрасіць прабачэння ў чытача, што не здолелі данесці да яго поўнасцю страшны малюнак спусташэння роднай зямлі. Мы перадалі толькі яго частку. Каб адчуць усю істотную жахлівасць згубы, трэба ўсё самім убачыць. Мы нічога нс перабольшылі. Нам прыемней было б расказаць пра мноства маладых пасадкаў, што бульдозеры не зкарчавалі дрэвы, не капаюць бяздумна шырокія канавы, а акуратна расчышчаюць рэчышча ракі, даюць ёй уздыхнуць з палёгкай. Але не можам ілгаць. Сведчанні людзей нельга змяняць. Маніць небу і Богу – грэх!

Мне шмат гадоў, малю Усявышняга, каб памог разбудзіць сэрцы людскія, сэрцы тых жа меліяратараў – паправілі Случ. Каб аднавілі, дзе можна, яе былое рэчышча. Памажыце мне, шэпчуць яе вада і берагі.

Ніхто не хацеў зла рацэ і людзям, а выйшла менавіта так. Дык зробім што можна для аблягчэння стану вады і зямлі.

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.