У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Салігорскае вадасховішча

30.01.2014

Сучасны рэльеф Беларусі склаўся пад уздзеяннем ледавікоў. Яны ўзнікалі на поўначы, у Скандынавіі, на Кольскім паўвостраве, у Карэліі, і апускаліся на поўдзень. Рухаючыся, яны неслі на сабе і пераціралі каменне, пясок, сашкрабалі на шляху пагоркі, выкалупвалі лагчыны і, вядома, знішчалі расліны. Калі лёд раставаў, увесь гэты скарб адкладваўся пластамі, вада сцякала ў рэкі, яны пракладвалі сабе рэчышча па найбольш нізкіх мясцінах.

Усяго ў антрапагене (заключным перыядзе гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер, а працягласць мае каля трох мільёнаў гадоў) было пяць зледзяненняў: Беларускае (600–500 тыс. гадоў назад), Бярэзінскае (480–460 тыс. гадоў назад), Дняпроўскае (320–250 тыс. гадоў назад), Сожскае (220–110 тыс. гадоў назад), Паазёрскае (95–10 тыс. гадоў назад). Храналогія зледзяненняў і межы распаўсюджвання іх узяты з «Энцыклапедыі прыроды Беларусі». Найбольш пашыраным было Дняпроўскае зледзяненне. Яно пакрывала ўсю Беларусь і частку Украіны ледзьве не да Кіева. Пасля яго растайвання зменаў рэльефу ў ніжнім цячэнні Случы ўжо не было.

Горад Салігорск знаходзіцца акурат у тым месцы, да якога дасягалі Беларускае і Сожскае зледзяненні. Мяжа Бярэзінскага ледавіка, што быў паміж імі, апускалася ніжэй. Яна перасякала рачную даліну Случы ў ваколіцах вёсак Морач – Мілевічы (межы распаўсюджвання ледавікоў пазначаны на «Геалагічнай карце антрапагенавых адкладаў», змешчанай у трэцім томе «Энцыклапедыі прыроды Беларусі», стар. 336–337).

Вядома таксама, што ў Палескай нізіне была рачная сетка яшчэ да антрапагену, у неагене. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што Случ цякла і тады, гэта значыць 2–3 мільёны гадоў таму назад. У ніжнім цячэнні на яе рэчышча мог лакальна паўплываць толькі Дняпроўскі ледавік. Змяніць жа агульны напрамак з поўначы на поўдзень або зрушыць русла на дзесяткі кіламетраў наўрад ці ён змог. Вышэй, на адрэзку Мілевічы – Салігорск на фармаванне рэльефу вакол Случы паўплываў апошні Бярэзінскі ледавік.

Такім чынам, Случ ад Салігорска да Прыпяці цячэ без зменаў з часоў Дняпроўскага зледзянення, а то і з часоў неагену. На поўнач ад Салігорска Сожскае зледзяненне магло рашуча паўплываць на раку. Паазерскае зледзяненне распаўсюдзілася толькі на поўначы Беларусі, і Случ не зачапіла.

Межы ледавікоў прасочваюцца і па характару глебы. На поўдзень ад Салігорска – пясчаныя, пакінутыя Бярэзінскім ледавіком. А на поўнач, на Случчыне – сугліністыя. Сюды, на мяжу растайвання Сожскага ледавіка, змываліся лёгкія фракцыі зямлі, здзьмухваўся з лёду пыл і асядаў у вільготных і прыледавіковых раёнах, талая вада жывіла Случ.

Сожскі ледавік адступаў на поўнач, а за ім, як і за кожным ледавіком, рухаліся расліннасць, звяры, птушкі і чалавек. Тады на тэрыторыі Беларусі вадзіліся мамант, шарсцісты насарог, гіганцкі алень, зубр, іншыя звяры, раслі рэдкія лясы з бярозы, елкі, у Случы была рыба, а не жабы, як цяпер.

Чалавек (асабліва гома сапіенс – чалавек разумны), не спаў у шапку. Ён паляваў на звяроў, лавіў рыбу, пазней пачаў будаваць паселішчы, выпальваць па-над Случчу лясы і ствараць палі. Гэты чалавек разумны лічыў (і цяпер лічыць), што ўсё ў прыродзе – для яго: сонца, паветра, зямля і ўсё, што на ёй, а сам ён – цар прыроды. З самага пачатку ён перарабляў, па меры сіл, усё, што яму не падабалася. У навуцы ўплыў чалавека на асяроддзе называецца антрапагенным уздзеяннем, інтэнсіўнасць якога пастаянна ўзрастае, бо павялічваецца магутнасць чалавека. Цяпер ніхто з салігорцаў не ўяўляе сабе нашага горада без вадасховішча.

А можа гэта спрэчнае сцвярджэнне? Не заўсёды «магутнасць уздзеяння» чалавека на прыроду не на карысць ёй, а ў выніку і самому сабе… Мо чалавек сапраўды памагае прыродзе?

З часоў Сожскага зледзянення ў гэтай мясцовасці і на рацэ Случ не адбывалася такіх грандыёзных змен, як у апошнія 30 гадоў. Антрапагеннае ўздзеянне на Случ і наваколле прывяло да яе знішчэння на значным працягу. З"яўленне на Случы штучнага адмоўнага вадасховішча таксама ляжыць на лініі гэтага ўздзеяння.

Плаванне па вадасховішчы па праграме нашай экспедыцыі мы не рабілі. Не было патрэбы. Леанід Круковіч не раз плаваў па ім ва ўсіх напрамках. А я жыву ў Салігорску з сакавіка 1959 года, у час, калі стваралася вадасховішча, працаваў маркшэйдарскім рабочым на Другім салігорскім калійным камбінаце, – заказчыкам гэтага «аб"екта». Маркшэйдар камбіната Аляксей Іванавіч Паўлаў і я перамералі тэадалітам, нівелірам і рулеткай улонне будучага вадасховішча, адзначаючы тычкамі яго берагі і дамбы. Мной усплесканы вёсламі яго хвалі, заслізганы падэшвамі яго лёд, абходжаны берагі тагачаснай Случы, а затым і вадасховішча.

Кожнае слова, якое я пішу, мной выпакутавана, бо, па-першае, цяпер перажываю за Случ, як за жывую істоту, якая смяртэльна хворая, а па-другое, каб напісаць гэты нарыс, мне давялося «паплаваць» па службовых кабінетах, і пакапацца ў храналагічным пыле.

Насупраць Салігорска па-над Случчу былі прыгожыя і прыдатныя для адпачынку мясціны. Берагі Случы ад вёскі Кавалёва Лаза, дзе ў яе ўпадала рэчачка Рутка, уніз па цячэнні былі нізкія, але сухія і цупкія. На тым баку, прыкладна насупраць цяперашняга дзіцячага пляжу сярод непралазнага лазняку і чароту хавалася ўтульнае азярцо. З рэчкай яго злучала пратока, як азёры ля Працавічаў, Іграева, Ісерна, яе запрудзілі бабры, пабудаваўшы з ламачча сабе жытло. Неаднойчы я даплываў туды, узлазіў на баброву хатку і адпачываў, спадзеючыся ўбачыць звяркоў. Не ўбачыў ні разу. Яны чулі чалавека і хаваліся. Бабровыя хаткі тады былі і далей па ўсіх берагах возера.

Ад гэтага месца, зрабіўшы пару паваротаў, рака выпрамлялася на захад, ішла каля вёскі Пясчанкі, блізілася да хваёвага лесу, утварала тут высокі і круты пясчаны бераг. Затым адхілялася на поўдзень да вёскі Лістападавічы. На ўсім працягу таго берага, рассоўваючы лазнякі і чараты, шырыліся сенажаці, месцамі чарнелі старыя алешыны. Буслы, стаміўшыся хадзіць па балоце, садзіліся на іх голле і, безуважныя да ўсяго, драмалі. Вясной уся прасгора гула дзелавым птушыным гвалтам, святлом, шчасцем.

У выхадныя і святочныя дні на квяцістых мурожных берагах бавілі час тысячы людзей. Прыязджалі з навакольных вёсак і нават з другіх раёнаў. У сасновым лесе, каля Случы, быў летні тэатр. Там выступалі мясцовыя і прыезджыя артысты. Працаваў лясны рэстаран, дзесяткі ларкоў. Прадавалася спіртное і неспіртное пітво, прысмакі: бужаніна, балыкі, чырвоная рыба, ікра, сапраўдныя каўбасы.

Усё прыбярэжжа поўнілася тады людскім тлумам. Людзі аб"ядноўваліся ў групы, спявалі, танцавалі пад гармонік. Гэта не было «нарушением общественного порядка». Я ведаў месца на Случы, дзе добра лавіліся ракі. Закінеш на вочапцы пусты кош і цягнеш: два-тры ракі ёсць. Калі іх набіралася вядро, адзін з кампаніі ішоў па піва, астатнія распальвалі агонь. Ракаў варылі ў піве. Гэта было, было… Чыстыя і багатыя былі воды Случы.

Вось такое антрапагеннае ўздзеянне аказвалася ў канцы 50-x – пачатку 60-x гадоў на Случ. Яно не парушала яе рэжым, не нішчыла жыўнасць.

Тым часам у Нечарназем"і паступова пачалі задзірваняцца землі, такія ж по кадастру, як і на Беларусі. Патрабавалася болей збожжа краіне СССР. Беларускія абшары зацікавілі маскоўскіх мысліцеляў. Балоты асушыць, рэчкі выправіць!

Чаму б ім не зацікавіцца палеткамі на Сатурне? Занятак быў бы і грошы хутчэй упустую выкінулі б.

«Беларуськалій» «меліярацыю» на Палессі не праводзіў, на шахцёраў усе грахі спісваць не трэба. Ім бяздум"е меліяратараў самім зашкодзіла.

У той час, калі салігорцы бестурботна забаўляліся на берагах Случы, у чыноўніцкіх кабінетах вырашаўся лёс рэчкі. У газеце «За коммунистический труд» 4 мая 1963 года змешчана нататка «На живописном берегу Случи»: «На диво солнечным и светлым выдалось это майское утро. Второй день праздника солигорцы решили провести за городом. С утра семьи шахтеров и строителей отправились на городской пляж. Здесь состоялась маевка солигорцев. Сюда же отправились самодеятельные артисты, духовые оркестры. Подготовились к маевке и спортсмены». Вось так. Ніхто не ведаў, што амаль год прайшоў, як 19 ліпеня 1962 года ў Міністэрстве хімічнай прамысловасці СССР было прынята рашэнне пра будаўніцтва вадасховішча. Па сутнасці, у Маскве сякера над Случу і ваколлем была ўзнесена. Усё хораша і аргументавана тлумачылася абяцанымі выгодамі, карысцю ў імя працоўнага чалавека, яго дабрабыту ў самай сацыялістычнай дзяржаве свету. Ніхто не пралічваў, да якой непапраўнай катастрофы прыроды прывядуць вадасховішчавыя планы.

Першы афіцыйны дакумент, які мне ўдалося адшукаць, – гэта тэлеграма з Масквы: «МСК 194/343 Москвы 194/14 346 48 19 1812 Минск Белгипроводхоз Лубяко институт Госгорхимпроект просит запроектировать регулирование стока реки Случь также водохозяйственных мероприятий тчк Потребность трех солигорских калийных комбинатов 15 миллионов кубических метров год тчк Условия обеспеченности 97 процентов тчк Потребности целей мелиорации получите Главводхозе тчк Высылайте договор выполнения изысканий зпт проектного задания также график = 8 / 346 Дронин».

Машына пачала круціцца. На дзіва, надта хутка, 26 ліпеня 1962 года начальнік Белгалоўмеліяводгаса пры СМ БССР Н. Шчытнікаў зацвердзіў заданне на выкананне праектна-пошукавых работ і складанне праектнага задання на будаўніцтва Старобінскага вадасховішча на рацэ Случ.

Не драмаў і інстытут Белгіправодгас. У 1962 і 1963 гадах ён правёў, як тады казалі, у сціслыя тэрміны пошукавыя работы, матэрыялы якіх выкарыстаны для праекта. Ужо 31 студзеня 1963 года начальнік Мінскага абласнога аддзела па справах будаўніцтва і архітэктуры П. Парсаданаў выдаў архітэктурна-планіровачнае заданне на праектаванне Салігорскага вадасховішча.

Выключны спрыт і хуткасць працы савецкіх устаноў, якія звычайна маглі цягнуць такія справы ледзь не дзесяцігоддзямі, здаюцца неверагоднымі і ўражваюць. А справа тут вось у чым. Яшчэ ў 1954 годзе Белгіправодгас склаў схему асваення земляў Палескай нізіны, якой прадугледжвалася будаўніцтва 15 вадасховішчаў на Палессі, у тым ліку і Старобінскага. Вядома, яшчэ тады рэкі і азёры, утвораныя пасля Бярэзінскага і Дняпроўскага ледавікоў, былі асуджаныя на знішчэнне. Прадугледжвалася стварэнне Чарнаморска-Балтыйскага воднага шляху на рэках Дняпро, Прыпяць, Шчара, Нёман.

Злачынная па сваёй сутнасці задума тады і цяпер выдавалася за вялікі прагрэс і дасягненне айчыннай навукі. Перарабіць прыроду, узяць ад яе ўсё – ці гэта не той самы падыход з пазіцый першабытнага чалавека? Толькі маштаб другі: размахнуцца дык размахнуцца. Хай усе бачаць нашу магутнасць! Не маманта забіваем – раку! Свядома так рабілася ці несвядома – справа дзевятая. Я кажу пра вынік.

Такім чынам, праектаванне Салігорскага вадасховішча вялося на падрыхтаваным месцы: беларуская задума «пераўтваральнікаў» прыроды супала з заданнем Масквы.

Праектнае заданне прадугледжвала наступныя мэты:
– водазабеспячэнне калійных камбінатаў;
– рэгуляванне сцёку р. Случ як водапрымальніка для асушэння прылеглых земляў;
– абвадненне асушаных зямель і населеных пунктаў і стварэнне зоны адпачынку працоўных.

Яны загадзя планавалі – абвадненне асушанага! Навошта тады так асушаць, калі сам ведаеш, што трэба будзе абвадняць.

У ліпені 1963 года праектнае заданне ў 6 тамах і каштарыс на 376 700 рублёў былі гатовыя. Цікава ведаць, для будаўніцтва плаціны разглядалася 5 варыянтаў: ніжэй Старобіна, супраць Старобіна, насупраць в. Тычыны, крыху бліжэй ад Тычынаў да Салігорска і паміж Старобінам і Тычынамі, дзе і створана вадасховішча. Гэта тут цяпер закладваліся падмуркі агромністых вадасховішчаў на ўрадлівых землях Паволжжа, Малдавіі, Украіны? А можа працавалі аберуч, паралельна? А чаго шкадаваць? Зямля нічыйная, людзі маўчаць.

Рукатворны вадаём павінны быў мець такія параметры: узровень над морам – 147 м; даўжыня – 24 км; сярэдняя шырыня – 1 км; максімальная глыбіня – 4,5 м; плошча – 2310 га; ёмістасць – 55,9 мільёна кубаметраў. Было запраектавана знесці 12 вёсак. Немцы палілі вёскі, а яны – зносілі. Немцы палілі лес абапал дарогаў, маскоўска-беларускія меліяратары планавалі поўнасцю заліць вёскі з урадліваю зямлёю і лясамі. Прадугледжвалася стварэнне ў перспектыве: воднага транспартнага шляху ад Прыпяці да Салігорска (слава Богу, што новыя варагі гэта не здейснілі). I нават будаўніцтва ГЭС на 650 квт. Будучае Рожанскае вадасховішча на рацэ Морач павінна было злучыцца каналам з Салігорскім вадасховішчам. Амаль што новы шлях з варагаў у грэкі! Толькі людзей тут стала болей з таго часу.

Цэлы том праекта адведзены добраўпарадкаванню Салігорска ў сувязі са стварэннем вадасховішча: запраектаваныя пляжы, затоны для базы лодак і катэраў, жалезабетонныя прыстані, парк, лесаахоўная паласа вакол вадасховішча. Затраты на добраўпарадкаванне берагоў каля Салігорска былі аднесены на камунальную гаспадарку горада. Яе ў горадзе не было, а ёй ужо патрэбна было дзейнічаць. Што з гэтага атрымалася, можна ўбачыць на беразе вадасховішча ў любы цяперашні дзень.

Праект усё прадугледжваў. Нават кампенсацыю Лясной гаспадарцы за страты прыросту драўніны – 1830 рублёй, сельскай гаспадарцы за страту палёў – 83 730 рублёў і сенажацяў – 52 200 рублёў. Гэтыя выдаткі, згодна каштарысу, перакрываліся штогадовым адловам рыбы ў вадасховішчы ў колькасці 924 цэнтнеры.

А мне сумна. Дарослыя людзі гулялі ў цацкі. Вырашалі лёс людзей (цэлых вёсак!) без уліку інтарэсаў гэтых вяскоўцаў. Дзе ў нас на Беларусі ўловы рыбы перакрываюць намалоты збожжа, надоі малака, прывагі мяса? Няма такога, каб гектар урадлівай зямлі саступаў гектару вадасховішча па рэнтабельнасці. А яны ж планавалі. Каго абдурвалі – сябе ці нас?

У Магілёве будавалі Лаўсанавы камбінат, таксама запэўнівалі: на горад курадыму не будзе, у Дняпро брудныя сцёкі не трапяць. Бруду, маўляў, не будзе. Атрымалася ўсё наадварот. Як у Салігорску.

Смешна чытаць праектанцкае блюзнерства? Абганьваецца сістэма савецкае ўдалае меліярацыі – крыўдзіцеся аўтары на мяне?

На сябе крыўдзіцеся. Людзей абражаць можна было нядбальствам і тупасцю, ганьбіць прыдатныя землі смешнаю цаною можна было? 83 730 рублёў за сотні гектараў урадлівай зямлі заплаціць не ганьба сур"ёзным разумным людзям? Самы задрыпаны калгас за адзін год болей тады атрымліваў!

У красавіку 1964 года пачаліся работы. Як і на ўсякай вялікай будоўлі, яны вяліся ў напружаным тэмпе. Слуцанскае наваколле агаласілася тарахценнем механізмаў. Адны бульдозеры саскрабалі глебу і торф з ложа будучых дамбаў і плаціны, другія поўзалі па сенажацях, здзіраючы вербалозы, кусты ракіты і чароту, ламалі танкамерныя алешыны. Выконвалася «сводка древеснокустарниковой растительности». Гэтую «Растительность» спіхвалі ў выскрабленыя бульдозерам равы, уціскалі гусеніцамі, крыху наварочвалі зверху зямлёю. Памятаю, як інжынеры-куратары Другога камбіната ўсё турбаваліся: усплывуць «эти коряги» ці не. Мабыць, гэтае ламачча трэба было вывозіць за межы вадасховішча. У многіх месцах пні і «коряги» засталіся не пахаванымі, на гора цяперашнім рыбаловам, якія любяць пакідаць спінінг.

Па будоўлі было відаць, ні пра якія 924 цэнтнеры рыбы ніхто не думаў. Марнавалася зямля і ўсё тут!
Здалёку відаць былі доўгія шыі экскаватараў, што няспешна, метадычна чэрпалі і чэрпалі гразь, капаючы абвадныя канавы.

Генпадрадчыкам стала будаўнічае ўпраўленне № 122 (начальнікам у якім у той час быў Уладзімір Андрэевіч Стральцоў, галоўным інжынерам – Генадзь Валянцінавіч Бурсаў, начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела – Анатоль Пятровіч Пілат (ён і цяпер на гэтай пасадзе). Непасрэдна працавалі на вадасховішчы прараб Сямён Антонавіч Падлозны і вядомы брыгадзір Уладзімір Лук"янавіч Пыжык, якія мацавалі схілы дамбаў і плаціны, зносілі вёскі і будавалі новы пасёлак Мірны каля вёскі Пагост. Назва новага пасёлка – Мірны – вядома, выдатная: рэдкая, непаўторная, падкрэслівае ваяўнічасць назваў астатніх суседніх вёсак.

Вёска Пагост была яшчэ ў XVI стагоддзі. Назва цудоўная, без іроніі. На Случчыне і Салігоршчыне дасюль усе вёскі носяць ваенныя назвы, дык – дамо мірную.

Ветэраны памятаюць прозвішчы і другіх будаўнікоў вадасховішча: прараба Барыса Карпіловіча, брыгадзіра Мікалая Дрэня. Пад іх непасрэдным кіраўніцтвам ажыццяўляўся перанос дамоў у вёсках Лістападавічы і Круты Бераг. Ледзь што – усе яны скажуць: мы выканаўцы, маленькія людзі. А я не вінавачу ні іх, ні Хрушчова, ні Брэжнева. Усе хацелі дабра, рабілі дабро. Толькі не маглі палічыць далей пяцігодкі. Распараджаліся не ўласным – нічыйным, чужым. Распараджаліся бяздарна. Самі хрушчоўцы і брэжнеўцы не былі гаспадарамі і другіх адвучвалі ад гаспадарства.

Цяпер у дзевяностых гадах, калі я пішу гэтыя радкі, з сумам і маркотнасцю думаю. Не шуміце, камуністы, на перабудову. Ганьбу сабе вы сеялі задоўга да яе. Вы не чулі стогны Случы і слуццакоў, ніколі не чулі! Ні тут, ні там, у Сібіры, на Волзе, калі залівалі цэлыя раёны вадою і пазбаўлялі людзей Айчыны.

Адным з галоўных субпадрадчыкаў было ўпраўленне механізацыі № 108. Адказны клопат лёг на плечы механікаў землекапальнай тэхнікі Мікалая Анісімавіча Перапечкі і яго калегі Рыгора Філімонавіча Астапені. А машыністы скрэпераў Іван Гожа, Іван Шпакоўскі з ранку да вечара не вылазілі з кабін, вазілі грунт на дамбы, плаціну, дзіцячы пляж. Ім дапамагалі вадзіцелі самазвалаў з аўтабазы № 5, механізатары з Мінскага трэста «Будмеханізацыя», Старобінскага БМУ (цяпер – ПМК-79). Ля вёскі Ісерна земснарадам пракладвалі праз палеткі новае рэчышча Случы механізатары Любанскага БМУ.

Шматколькаснасць удзельнікаў уносіла пэўную блытаніну, але работа спорылася. Пабочнаму чалавеку цяжка было разабрацца, дзе хто працуе, і нават самі ўдзельнікі будоўлі не ведалі добра, хто ў іх суседзі. Бадай толькі інжынер-дыспетчар БУ-122 Аркадзь Мікалаевіч Балвановіч лёгка арыентаваўся ў абстаноўцы і ва ўзаемасувязях падрадчыка і субпадрадчыкаў.

Мясцовасць уздоўж Случы ад Старобіна да Пагоста паступова мянялася. Святлела, чысцела? Не, браткі, горшала. Папытайце пра гэта ў старшыняў калгасаў, старажылаў, вяскоўцаў. У птушкаў і звяроў.

Важнейшым участкам работы была плаціна, даўжынёй 1800 м і аб"ёмам 272 тысячы кубаметраў, і вадаскід на ёй (шлюз). Плаціну насыпалі адначасова з правага і левага боку. А шлюз будавала Старадарожскае БМУ. Работамі на месцы кіраваў прараб Леанід Піліпаў.

Мне давялося бачыць, як закладваўся падмурак шлюза. З Аляксеем Паўлавым па нейкай справе прыехалі туды. Спусціліся ў катлаван глыбінёй каля чатырох метраў, штосьці мералі рулеткай. Сцены катлавана былі пясчаныя, светла-шэрыя. Размаўляць было цяжка – заглушала іглафільтравальная ўстаноўка. У тры ярусы па перыметру катлавана былі пракладзены металічныя трубы, з якіх уніз звісалі гафрыраваныя гумавыя шлангі. Яны адсмоктвалі з зямлі грунтавую ваду. Шлюз узводзіўся ў інтэнсіўным тэмпе. ІІаніжэнне ўзроўню грунтавой вады з дапамогай апісанай устаноўкі рабілі механізатары Калужскага ўпраўлення трэста «Саюзшахтаасушэнне».

Спяшаліся не дарэмна – калі б з-за якой-небудзь недарэчнасці ўстаноўка спынілася хоць на гадзіну, катлаван заліло б вадой, сценкі яго абваліліся б. Гэта ўсе разумелі і стараліся марна часу не бавіць.

Але ж бяда ўсё роўна ледзь не здарылася. У 50-x гадах у нас паказвалі шмат кітайскіх фільмаў. У адным з іх, памятаю, была такая фабула: будавалі плаціну на рацэ, пайшоў моцны лівень, узровень вады падняўся і пачаў развальваць плаціну. Кітайцы ўвайшлі ў ваду і, стаўшы цесна адзін да аднаго, перагарадзілі яе, спынілі ваду, выратавалі будоўлю. У фінале радасна кідалі ўгору шапкі.

Падобнае адбылося і тут: пайшло нечакана высокае разводдзе. Катлаван загадзя быў абнесены дамбай. Вада, падняўшыся, пачала ледзь не пералівацца цераз яе. Што рабіць? Пачалі ўзвышаць дамбу, абкладаючы яе мяшкамі з пяском, іх насілі на плячах. А вада прыбывала. Скончыліся мяшкі. Ваду стрымліваў толькі вузенькі бурцік вышынёй 20–30 см. Разам з радавымі будаўнікамі тую ноч правёў на катлаване ўпраўляючы будтрэста № 3 Вячаслаў Сцяпанавіч Воранаў. Было гэта ўвесну 1966 года.

Відавочна, усе памятаюць праўдзівыя страшныя на ўзняцці праблемы параўнальна нядаўнія артыкулы ў «Известиях» і «Литературной газете» пра існуючую тады і цяпер небяспеку Салігорскага вадасховішча для горада і ваколля. I цяпер яно небяспечнае, хаця ўсе дамбы зацэментаваліся, закамянелі. Узмоцненыя.

Бетанаванне шлюза для паскарэння работ выконвалася па своеасабліваму метаду: без апалубкі. Замест яе ставілі бетонныя пліты, паміж імі залівалі раствор. У ліпені бетанаванне ўсіх трох секцый было закончана. Пачалася зборка перакрыццяў. У гэтым жа месяцы скрэперы і бульдозеры пачалі варочаць зямлю на месцы будучых пляжаў – дзіцячага і дарослага.

Незразумела, чаму газета калійшчыкаў і будаўнікоў «За коммунистический труд» абыходзіла ўвагай вадасховішча. З пафасам паведамлялася аб здачы чарговага згушчальніка, аб фундаменце якога-небудзь цэха, аб пачатку мантажу якой-небудзь машыны, а пра вадасховішча, якое назаўсёды мяняла экалогію і аблічча цэлага краю, амаль нічога не напісана. Грамадскасць не ведала, што робіцца на Случы. Так скіроўвалі журналістаў партыйныя і савецкія органы. А яны ведалі, дзе небяспечнае месца.

30 чэрвеня 1965 года ў газеце змешчаны фотарэпартаж «Песня взлетает над Случью» аб свяце працы, песні, маладосці, якое адбылося ў нядзелю 27 чэрвеня. Пра вадасховішча зноў ані слова. Як некалі пра Слуцкі суд: два гады турболіць замежжа пра нашу бяду – спальванне Слуцкага суда 12 кастрычніка 1967 года, пра своеасаблівы выбух гневу слуццакоў, – а ў нашых газетах ані слова. Ні ў адной раённай ці сталічнай газеце.

Першае ўпамінанне пра вадасховішча 29 верасня 1965 года ў нарысе «Ты в будущее с гордостью, наш Солигорск, глядишь»: «Заполнится паводковыми водами водохранилище… Будут построены на его берегу яхт-клуб, ресторан, спортивный комплекс. Возникнут благоустроенные песчаные пляжи. Деревни Песчанка, Ковалева Лоза, Крутой Берег… сносятся. Для 220 семей переселенцев государство строит кирпичные дома…» Гэта пісаў Васіль Рэпнік. Ён працаваў на будоўлі мулярам, здаецца, і амаль кожны дзень накіроўваў у маладзёжныя газеты «Чырвоная змена» і «Знамя юности» ўзнёслыя рэпартажы аб падзеях на ўдарнай камсамольскай будоўлі, статус якой з самага пачатку насіў Салігорск. Таксама дасюль нічога пра вадасховішча не давалі.

26 красавіка 1967 года ў нататцы «Места определены» ёсць выраз: будаўнікі БУ-122 «готовят к сдаче водохранилище».

У нумары за 20 мая 1967 года надрукавана нататка «Новое русло»: «Заканчиваются работы по сооружению водохранилища. Вчера мелиораторы разобрали земляную перемычку. Воды Случи пошли по новому руслу. В ближайшее время механизаторы УМ-108 перекроют обводной канал. Начинается заполнение водохранилища. Б. Боровой».

Гэтае паведамленне можна зразумець, толькі ведаючы абставіны на будоўлі. Абазначае яна наступнае: шлюз гатовы, ваду накіравалі праз яго, а тую часовую пратоку, праз якую цякла Случ. У час будаўніцтва плаціны і шлюза, можна засыпаць зямлёй.

Будоўля ішла да фінішу. У лістападзе 1967 года вадасховішча здадзена заказчыку, у наступным 1968 годзе – запоўнілася вадой. Кошт сховішча ацэнены ў 5 610 899 рублёў.

Перакрытыя рэкорды. Ура, аднак, крычаць не будзем. Бо перакрытыя рэкорды галавацяпства. Планаваныя на вадасховішча сродкі паспяхова нашмат перарасходаваныя. Ура!!! Ура! Ура? Праектанты падвялі? Нічога страшнага, не першы раз, не толькі тут.

Вада падступіла бліжэй да горада. Пейзажная навізна, шырокая бліскучая роўнядзь уражвалі салігорцаў. А яшчэ добра помніліся рака, лужкі на яе берагах, зараснікі чароту, кусты і дрэвы, стагі сена. Зніклі мясціны, дзе хадзіў, ляжаў на траве, слухаў дзумканне чмяля, бачыў буслоў.

Салігорскія паэты, а іх тады было больш, чым зараз, прыйшлі ў захапленне. Яны адшуквалі самыя яркія эпітэты для ўслаўлення Салігорскага мора і белакаменнага горада над ім. Вось, напрыклад, якія пачуцці выклікала і якія вобразы спарадзіла Салігорскае мора ў добрага чалавека і паэта, настаўніка Анатоля Крывіцкага:

 

Палятайце, чайкі, палятайце,
Пагляджу на белае крыло.
Нібы здраду, сум свой адганяйце
Там, дзе ў хвалях сонца заплыло.

Сумаваць – на то няма прычыны,
Калі ёсць у рэчкаў берагі,
Мой рахунак для душы адзіны –
Чайкаў белых ўзнёслыя кругі.

(Газета «За коммунистический труд», № 86 – 87, 29 кастрычніка 1968 г.)

 

Паэты хваляць вадасховішча, жыхары радуюцца, а начальнікі маўчаць. Праектанты ані слова ў сваіх выступленнях. Мінскія газеты быццам не бачаць вадасховішча. Выпадковасць? Ды не! Начальнікі ведалі ўсё загадзя. Як пра перавыдаткаванне сродкаў на яго будаўніцгва.

У той час вада ў Случы была яшчэ чыстая, ніхто не сумняваўся, ці можна яе піць. Такой была яна і ў сховішчы. Але нядоўга. Чалавек (ужо гомо савецікус) пачаў псаваць справу сваіх рук. Зусім нярэдкімі сталі выпадкі, калі, пайшоўшы купацца, чалавек мог параніць ногі аб разбітыя пляшкі. Узрасло забруджванне вады гарадскімі сцёкамі. Быццам пра гэта не ведалі.

Салігорская санэпідэмстанцыя вядзе назіранні за ракой Случ з 1962 года, за вадасховішчам – з першых дзён яго стварэння. Пробы вады бяруцца летам – 1 раз на тыдзень, зімой – 1 раз на месяц. Якасць вады ацэньваецца па 32 паказчыках. У 1969–70-x гадах быў пік забруджванняў хларыдамі – 180 мл/г на 1 літр. Калійныя камбінаты не шкадавалі солі. На такія «вынікі» ўплывала і нізкая культура спажыўцоў угнаенняў.

У апошнія гады хларыдаў стала 30–40 мл/г на 1 літр. Забруджванне нафтапрадуктамі ўзрасло ў 3–5 разоў вышэй дапушчальных нормаў. Асабліва турбуе мікробнае заражэнне – яно на 2 парадкі вышэй.
Прычыны забруджвання вядомыя. Адна з іх – слабая прамыўка сховішча. Прыток вады з вярхоўяў Случы вельмі малы. I галоўнае – няпоўнасцю ачышчаюцца гарадскія воды ў Салігорску. Іх проста зліваюць у вадасховішча. Здарылася, напрыклад, аварыя фекальнай каналізацыі, заліло падвал пад домам – сантэхнікі перапампуюць жыжку ў ліўнёўку, г. зн. у сховішча. Туды ж трапляе ўсялякае смецце.

Вадасховішча хутка спарадзіла новыя праблемы. Ужо 16 красавіка 1969 года выканкам Салігорскага раённага Савета вымушаны быў зацвердзіць праект аховы пабудоваў у вёсках Пагост, Сяльцо, Мяцяевічы, Тычыны, Малыя Лістападавічы «в целях создания нормальных условий жизни людей». А ненармальнасці ўзніклі па адной прычыне – падступала вада. У паграбы, на агароды. Праектам прадугледжвалася перанясенне дамоў, паніжэнне грунтавых водаў, асушэнне зямлі і прысядзібных участкаў, умацаванне берагоў вадасховішча.

Праектам… Каб яго рабілі марсіянцы, памылкі пра 924 цэнтнеры рыбы з вадасховішча можна было б выбачыць, не заўважыць. А рабілі ж нармальныя людзі, а зрабілі для горада праблему. Выродства атрымалася. З людскай дапамогай.

Так альбо інакш, узніклі непераадольныя супярэчнасці: прырода, яе суладны ход, не магла змірыцца з авантурыстычнымі праектамі. Добрыя намеры, якія былі на паперы, здзіўлялі і захоплівалі размахам, прадуманымі разлікамі, абяцаннямі выгодаў, набыткаў у сацыяльным плане, на справе абярнуліся жорсткімі пралікамі. Не кажу дурноццем, не-не, каму: праекты абярнуліся ўсяго толькі пралікамі, часовымі, папраўнымі.

Ішлі скаргі людзей. На адказ ствараліся, і неаднаразова, камісіі для абследавання дамоў і сядзібаў, складаліся спісы домаўладальнікаў, каштарысна-фінансавыя разлікі. Вяскоўцы нерваваліся, не хацелі пакідаць родныя куткі, а ім прапаноўвалі адно і тое – перасяліцца. (А пасля будуць начальнічкі плакацца: чаму ўсё меней вяскоўцаў любіць іх.)

Не апраўдваліся надзеі на гадоўлю рыбы. А тут наспелі праблемы, звязаныя з адпрацоўкай пад вадасховішчам і яго ваколіцамі калійных гарызонтаў і апусканнем зямлі. Вадаём напрамую шкодзіў шахцёрам. Не мне, краязнаўцу, даказваць ім, здабытнікам патрэбнага ўсім угнаення, важнасць і хібнасць вадасховішча. Стан вадаёма проста перастаў адпавядаць патрэбам дня. Выспела задума аб рэканструкцыі.

Падставай для распрацоўкі праекта з"явілася пастанова СМ БССР і Мінхімпрома ад 21 студзеня 1977 года «О мерах по предотвращению вредных последствий, возникающих в результате отработки запасов калийных солей в г. Солигорске Минской области».

Заданне на праектаванне рэканструкцыі склалі галоўны інжынер «Беларуськалія» А.С. Малахаў і галоўны інжынер Беларускага філіяла інстытута галургіі С.I. Аленгоз. Яно 25 сакавіка 1982 года было зацверджана «Саюзкаліем». Як бачна, на гэты раз справы з праектам ішлі ў звычайным рытме – па пяцігодках.

Прывяду вытрымку з аднаго дакумента. Гэта пратакол нарады ў першага намесніка старшыні Салігорскага райвыканкама В.М. Трахімовіча ад 10 сакавіка 1987 года. «Присутствовали: первый секретарь Солигорского РК КПБ А.П. Бритиков, первый секретарь Солигорского горкома КПБ В.С. Потапенко, председатель Солигорского горисполкома Р.В. Ермолицкий…» Усяго 12 чалавек. Апошнім у спісе асоб стаіць галоўны інжынер праекта з інстытута «Белгіправодгас» Д.Ф. Гузаў, які і дакладваў высокай камісіі аб праектных рашэннях.

Праз партыйную інстанцыю праект павінны быў прайсці. Вядома, няма магчымасці расказаць пра шляхі нараджэння праекта: многія нарады і слуханні, перапіску службовых асоб. Заўважу адно: грамадскасць, гэтак жа, як і пры будаўніцтве сховішча, пра рэканструкцыю не ведала, не магла выказаць свае меркаванні. Не было публікацый у прэсе. Гісторыя паўтарылася.

Новы праект нарадзіўся. Каштарысны кошт рэканструкцыі – 11 мільёнаў 300 тысяч рублёў у цэнах 1984 года. Вось вам, хлебаробы, плата за наша праектна-партыйнае «ўменне». Іхнюю хлусню і памылкі аплочвайце вы.

У сакавіку 1988 года дзіцячы пляж зноў абудзіўся гулам машын. Механізатары Старобінскай ПМК-79, як і 23 гады назад, пачалі варочаць тут зямлю. Больш за іншых працавалі эскаватаршчыкі бацька і сын Бекішы: Уладзімір Рыгоравіч і Уладзімір Уладзіміравіч. Шмат зямлі перавярнуў бульдазерыст Леанід Андрэевіч Браніцкі. Самазвалы Старобінскай аўтабазы з трэста «Салігорскводбуд», расплёскваючы лужы і буксуючы ў шэрай калатушы, развозілі мокрую гліну.

Так пачалося выкананне першай часткі новага праекту – добраўпарадкаванне берагавой паласы ад Кавалёвай Лазы да плаціны. Галоўны сэнс гэтай работы – паглыбленне вадасховішча ля берага на 1–2,8 метра і падсыпка пляжа грунтам. Для выканання гэтага адгароджваецца дамбай участак сховішча і адтуль выпампоўваецца вада і вывозіцца грунт. Паглыбленне выканана толькі насупраць горада. А ці будзе працягвацца, невядома. Частка берага ўмацавана плітамі. Пабудаваны два прычалы. Умацаваны дамбы на тым беразе.

Цэнтральны ўчастак цяперашняй рэканструкцыі – бетонная набярэжная. Яе будуе брыгада па гідратэхнічных збудаваннях Уладзіміра Міхайлавіча Юркевіча з ПМК-79. Катлаван адгароджаны дамбай і асушаны. У дно забіваецца шпунт – доўгія бетонныя пліты, якія злучаюцца паз у паз, утвараючы вертыкальную сцяну. Па баках у ваду будуць весці лесвічныя сходы, а далей, справа і злева, берагі абкладваюцца плітамі. Сярэдзіна набярэжнай супадае з воссю вуліцы Леніна.

У перспектыве, магчыма недалёкай, з вуліцы Леніна да Набярэжнай павядзе ўніз эсланада з фантанамі. Але гэта асобны праект. Можа манілаўшчына, а можа і ява…

Пра лёс астатніх частак рэканструкцыі: ачыстку і паглыбленне ўсяго сховішча, магчымае скарачэнне яго плошчы і інш. – ніхто цяпер нічога не ведае. Не той час. А кошт цяперашняй часткі рэканструкцыі – 2 674 000 рублёў.

Што яна дала? Па-першае, набярэжную. Па-другое, магчымае паляпшэнне берагоў. I ўсё. Якасць вады не зменіцца.

З часу, як сховішча напоўнілася вадой і людзі прыгледзеліся да яго, прыйшло ўсведамленне, што ўзбярэжжа Салігорскага мора нецікавае. Не вабіць да сябе, не кліча прайсціся, пагуляць. Тут няма за што зачапіцца воку. Рэканструкцыя павялічыла гэтую нецікавасць. Асабліва засмучае дзіцячы пляж. Паглыбленне дна ў лагуне не дае амаль нічога. А берагі нават пагоршыліся. Крыўдна нам, жыхарам Салігорска, не праектантам.

Можна было ўзбагаціць ландшафт карэнным чынам. Дзве касы пляжа перакапаць канавамі, перакінуць праз іх масты – і вось два астравы, дзве прыгожыя мясціны. Цікавей жа адпачыць на востраве, чым проста на беразе? Акрамя таго, канавы забяспечылі б хоць частковую праточнасць лагуны. А цяпер у ёй – мёртвастаячая вада, як у пляшцы. Недалёка ад берага можна было б размясціць гладкія камяні. Колькі захаплення ў дзяцей яны выклікалі б!

Можна было з зямлі, што выбіралася пры паглыбленні берагавой паласы, насыпаць некалькі астравоў на агульным пляжы, пасадзіцьтам дрэвы, пакласці валуны. Няцяжка гэта было зрабіць. Нават скараціліся б работы, бо не трэба было адвозіць далёка зямлю. Дарэчы, насупраць набярэжнай востраў можна яшчэ зрабіць.

Пабудаваныя два прычалы прыдатныя толькі для прагулачных катэраў. Лодак пакідаць там ніхто не адважыцца: іх разаб"е вецер і хвалі. А бераг ад набярэжнай да санаторыя? Ён прымітыўна прамы і аднастайны, як і ўсё, што робяць цяпер будаўнікі. Добра, калі такая дарога, а не пляж.

Любая рэканструкцыя не палепшыць якасць вады. Калі б у абмеркаванні праекта ўдзельнічала больш людзей, не адны начальнікі, ён пазбавіўся б многіх недахопаў.

Мне хацелася ўзнавіць гісторыю Салігорскага вадасховішча, прыцягнуць увагу да яго, каб засцерагчы ад празмернага антрапагеннага ўздзеяння. Прыродзе было б лепш без чалавека. Вельмі ж ён бязлітасны да асяроддзя. Варта падумаць: з часоў Дняпрўскага і Сожскага ледавікоў на Случы, відавочна, адбылося менш зменаў, чым за апошнія трыццаць гадоў. А калі сюды дадаць высокія саляныя горы і шламасховішчы, забруджванне палеткаў, то лёгка зразумець, якімі словамі памянуць нас нашчадкі. Знішчэнне рэчышча ракі Случ ад вытокаў да в. Пагост лічу злачынствам.

Будаўніцтва вадасховішча выклікана патрэбамі эканамічнага развіцця. Не бяруся адмаўляць мэтазгоднасць гэтай будоўлі. А што яе адмоўны ўплыў на прылеглыя тэрыторыі і на Случ велізарныя – гэта бясспрэчна.

А як не прыгадаць буйнейшыя пралікі пры ўзвядзенні шахтаў, нанесеныя страты наваколлю, прыродзе і самой эканоміцы. Прыгожыя краявіды – не толькі асалода для вока, крыніца натхнення для паэтаў. Лясы, рэкі, гаі, палеткі, лугі – перш за ўсё незлічонае багацце, аснова заможнага жыцця хлебаробаў. I калі мне, ды і кожнаму, так сказаць, дылетанту добра бачна, якія бедствы прынеслі прыродзе салігорскія будоўлі, то чаму гэтага не прадбачылі прафесіяналы.

А працавалі тут цэлыя інстытуты, міністэрствы, урадавыя арганізацыі. Думаю, прычына адна: не балела ў іх душа, забыліся, што яны – гаспадары, а не чыноўнікі. Бо распараджаліся, паўтаруся, не сваім, а нічыйным. Дзе яны цяпер, гэтыя людзі, і ці спытае ў іх хто за натворанае? А мо па-ранейшаму ў кабінетах, «плённа» працуюць і далей? Не самі, дык іх вучні?

Нельга закончыць гэты раздзел, не сказаўшы нічога пра свой горад Салігорск. Дата яго заснавання вядома дакладна - 10 жніўня 1958 года. У той дзень на полі паблізу вёсак Пакроўка, Вішнёўка і Чыжэвічы адбыўся мітынг, быў закладзены першы камень у падмурак горада Нова-Старобіна, які затым перайменавалі ў Салігорск. Горад гэты неабыякавы для мяне, бо вырас на маіх вачах.

Малады Салігорск не тое што сівы Слуцк з яго шматвяковай гісторыяй, з княжацкімі паміжусобіцамі, войнамі. Салігорск вырас і ўварваўся ў гісторыю Беларусі імкліва, як метэарыт. Жыццё яму далі велізарныя запасы каменнай і калійнай солі. Радовішчы гэтых соляў утварыліся ў дэвонскім перыядзе больш за 300 мільёнаў гадоў назад. У той час тут было мора.

Меркаванне пра наяўнасць у нетрах Беларусі пакладаў каменнай і калійнай соляў выказвалася геолагамі яшчэ ў 30-x гадах. У 1941 годзе каменная соль была знойдзена на глыбіні 840 метраў у Гомельскай вобласці.

Вясной 1949 года ля вёскі Чыжэвічы на беразе рэчачкі Рутка – правага прытока Случы – была ўстаноўлена свідравальная вышка, і 11 мая пачалося бурэнне свідравіны. Адкрыццё радовішча так апісваецца ў кнізе Э. Яновіча і А. Кур"яна «Солигорские калийные» (Мн., «Беларусь», 1973, с. 10): «9 июля 1949 года буровики бригады А.М. Нестерова извлекли из глубины 350 метров обычный керн. В буровом журнале это событие особо не было отмечено. В графе описания пород обычная запись: «Соль светло-розовая с прослойками темно-серой глины». Вось гэтая «соль светло-розовая» і ёсць калійная руда. Тут адзначу, што бакі шахтавых выпрацовак, пракладзеных па пласту гэтай солі, надзвычай прыгожыя, прыгажэйшыя, чым у Мінскім метро.

Горад хутка рос, бо велізарная дзяржава СССР шчодра выдзяляла на будоўлю велізарныя грошы. I будаваўся ён індустрыяльнымі метадамі, аднатыповымі па сутнасці дамамі са зборнага жалезабетону. Патрэбна было шмат жылля. На атрыманне кватэр заўсёды былі чэргі. Пра якасць кватэр, іх зручнасці не вельмі клапаціліся. Рады былі любой кватэры.

Адзін за адным пабудаваны чатыры камбінаты (цяпер рудаўпраўленні). Узведзены ўнікальныя прамысловыя аб"екты, устаноўлена магутнае і складанае абсталяванне. Адных шахтавых ствалоў пройдзена паўтара дзесятка.

Для гісторыі варта захаваць імёны, як тады казалі, першапраходцаў салігорскіх будоўляў. Вось яны: муляр 105-га будупраўлення ВіктарЯкаўлевіч Дымаўскіх, арматуршчык 122-га будупраўлення Валерый Уладзіміравіч Баранчык, цясляр гэтага ж упраўлення Сяргей Мікалаевіч Пракаповіч, трактарыст упраўлення механізацыі № 108 Раман Аляксандравіч Хаміцэвіч, матарыстка завода жалезабетонных канструкцый Ядзвіга Аляксандраўна Федаровіч, начальнік будаўнічай лабараторыі Сцяпан Яўсеевіч Бандаравец, рабочая 123-га будупраўлення Валянціна Сямёнаўна Мялешка, брыгадзір пескаструменьшчыкаў 137-га будупраўлення Мікалай Данілавіч Грэчны, сакратар парткома Часлаў Казіміравіч Анцілеўскі.

Пад зямлёй пройдзены тысячы кіламетраў капітальных, падрыхтоўчых і здабытных выпрацовак. У апошнія дзесяцігоддзі здабыча калійнай руды вядзецца найбольш лавамі пры дапамозе горнага абсталявання, купленага ў замежных фірмаў, пераважна германскіх.

А якія мінусы?

Дзейнасць гіганта хімічнай прамысловасці перайначыла край, нанесла яму велізарную карысць і шкоду. Загублены назаўсёды велізарныя плошчы лепшых у рэспубліцы ворыўных зямель, выраслі саляныя горы адвалаў, у шмат якіх месцах апусцілася на некалькі метраў паверхня зямлі. Патомкам будзе над чым паламаць галаву, рашаючы праблемы солеадвалаў і панельнага горада.

Цяпер Салігорск – канцэнтравана урбаністычны горад. У ім жыве больш за сто тысяч чалавек. Галоўнае прадпрыемства Салігорска вытворчае аб"яднанне «Беларуськалій» – адно з буйнейшых аналагічных прадпрыемстваў у свеце.

Салігорскія шахцёры ўвесь час паказвалі ўзоры доблеснай працы. Яны ўстанавілі не адзін рэкорд па хуткасці праходкі горных выпрацовак. Праўда, у ранейшыя часы скарасная праходка зачастую арганізоўвалася і з прапагандысцкімі мэтамі. Але ўсё роўна яна мела і станоўчае значэнне – садзейнічала павышэнню прадукцыйнасці працы.

Шмат цёплых слоў пра Салігорск, калектывы «Беларуськалія» сказаў журналіст і пісьменнік Аляксей Кур"ян у сваёй кнізе «Соль надзеяў нашых» (Мн., БВТ «Хата», 1996).

Добра пісаў пра салігорскіх шахцёраў малады паэт Леанід Якубовіч:

 

Зайздросьце

Зайздросьце, хлопцы, салігорцам –
Маім сябрам і землякам:
Трымалі йспыты па-геройску
На горды тытул гарняка!

Яны, як выклік сутарэнням,
Ідуць дарогамі вякоў,
Чытаюць хітрыя спляценні
Імі пакораных пластоў.

I што там іншыя прафесіі –
Для іх другіх не існуе.
Свае у шахце ёсць прафесары
I аспіранты ёсць свае.

Так, нездарма іх лічаць моцнымі,
Другія гэтак ці змаглі б –
Гаспадарамі паўнамоцнымі
І пад зямлёй, і на зямлі.

Зайздросьце, хлопцы, салігорцам –
Маім сябрам і землякам!.


(Л. Якубовіч. «Я з вамі, вёсны…». Мн., «Мастацкая літаратура», 1979, стар. 12.)

 

Самому Леаніду Якубовічу не пазайздросціш. Юнак, якому споўнілася 22 гады, ішоў у літаратуру шляхам шырокім і чыстым. Як шчаслівы салавей увесну, шчыра і на поўны голас пеў Леанід Якубовіч свае песні. Палюбіў шахту, а яна ўзяла яго ў халодныя абдымкі і не выпусціла.

Раніцай 8 чэрвеня 1970 года клець, у якой апускаўся ў шахту Леанід Якубовіч, раптам спынілася ў ствале. Машыніст пад"ёму не заўважыў здарэння і не спыніў машыну. Клеццявы трос апускаўся і кольцамі лажыўся на клець і бэлькі ствала. А ў гэты час выдавалася руда. Скіп падхапіў клеццявы трос і пацягнуў яго. Адбыўся страшэнны рывок. Леаніда Якубовіча выкінула з клеці, паэт паляцеў у чорную бездань ствала…

Яны ж, шахцёры, у пачатку 90-x гадоў узрушылі рэспубліку ўпартымі забастоўкамі, абудзілі рабочы клас іншых прадпрыемстваў, што садзейнічала дэмакратызацыі грамадства. Менавіта ў Салігорску ўзнік незалежны прафсаюз, які па-сапраўднаму стаў змагацца за інтарэсы рабочых. Узначаліў гэты рух машыніст горнага камбайна Іван Вацлававіч Юргелевіч. Цяпер ім кіруюць цудоўныя людзі В.С. Бабаед, У.М. Новік, А.П. Каралёў…

Але давайце вернемся зноў на Салігорскае вадасховішча.

З чым параўнаць ваду? З агнём! Яна вечна зменлівая і рухавая, як і полымя. Толькі яно аднаго колеру, а вада ў розны час розная. Часам агонь усё знішчае, вада ўсяму дае жыццё.

Больш мне падабаецца наша Салігорскае мора ў пачатку зімы, калі галашчокам ударыць мароз. Першы лёд такі празрысты, што ступіць страшна. Ён насычаецца густым блакітам неба, а нізкае сонца не шкадуе пазалоты для яго мармуровай бліскотнасці. I колькі твае ногі ні тапталі б гэтага хараства – яго не становіцца менш, колькі вочы ні глядзелі б – не надакучыць.

Снежань 1991

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 2254. Последнее 2018-12-16 18:52:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru