Беражыце прыроду радзімую

Беражыце прыроду радзімую

Бог даў Беларусі шмат рэчак, асабліва малых і маленькіх. Ёсць і вялікія. Усе яны, абсалютна усе каштоўныя. Значэнне кожнай з іх нельга ацаніць ніякімі грашыма, ніякім золатам.

На жаль, большасць людзей не ўсведамляе гэтай відавочнай ісціны. Вінаваціць іх быццам няма за што. Яны атрымалі такое выхаванне. Багата ўзнёслых слоў чулі яны пра меліяратараў, якія скарылі «багну», пра «залатое дно» тарфянікаў. Знішчэнне рэчак і балот у СССР і БССР падавалася як прадвесце светлага і заможнага жыцця.

Са школьных урокаў геаграфіі мы ведаем тое-сёе пра вялікія рэкі: дзе пачынаюцца, у якое мора ўпадаюць, як выкарыстоўваюцца у народнай гаспадарцы. А што можа сказаць кожны з нас пра рачулку, на беразе якой стаіць ягоная вёска, уласная хаціна? Ці беражліва адносімся да яе? Ці кожны ведае, што рака – жывы арганізм, разам з вакольнай прасторай утварае сістэму, у якой усё ўзаемна звязана і ўраўнаважана. Фактычна рэкі ў гэтым арганізме – сасуды.

Нельга уявіць беларускі край без шматлікіх рэчак, без іх імклівых водаў. А між тым многія з іх засталіся адно на картах, а на мясцовасці – канавы. Нават тамтэйшыя жыхары забываюць, дзе некалі віляла рака, дзе пачыналася.

Нёман і Лоша пачыналіся з аднаго месца. З-пад вялікага каменя біла крыніца, утварала маленькае вазярцо. Прыгадайце, як у народнай песні спяваецца:

 

Із-пад каменю, із-пад белага
Цячэ рэчанька…


 

Дык вось, як сказаў мне адзін мясцовец, кінеш некалі ў гэтае вазярцо дзве саломінкі – яны пакруцяцца на роўнядзі і паплывуць на розныя бакі. Адна скіруе ў ручаёк на захад; так зачынаецца Нёманец. Другая скіруецца ў ручаёк на ўсход – гэта пачатак рэчкі Лоша.

Утварыўшы вялікія дугі, абедзве ракі кіламетраў праз 30 зліваліся ў адну раку – Нёман. Нідзе ў свеце няма і не было такога цуда. На Беларусі ёсць. А хто ведае, беражэ?

Меліяратары па волі «здатнага» начальства расправіліся са свавольствам рэчак у адзін момант. Побач з каменем з"экскаватарнічалі вялікую яму, спіхнулі бульдозерам туды славуты камень і зараўнялі зямлю. Святатацтва! Праз крынічку правялі канаву і пацягнулі яе на ўсход. Вось вам рака Лоша. Нёманцу гэтаксама далі пачатак зусім у другім месцы. Не, не шануецца ў нас Божы дар.

Партыйныя, савецкія і меліярацыйныя бонзы і проста падначальнічкі, вядома, жадалі дабра – ураджаю, зажыткаў дзяржаве, тамашнім людзям. А зрабілі заўсёднае – непрадуманае і непралічанае да канца блюзнерства.

Як бы тагачасныя (і цяперашнія! Многія з іх і зараз на ўгрэўных месцах) асушальнікі не апраўдваліся, але факт адзін. На Беларусі няма ні адной вялікай ракі, прытокі якой не згнюсілі б меліяратары.

Не супраць я меліярацыі. Ніколі! Без яе цяжка. Я супраць бяздум"я і безадказнасці пры меліярацыі. Я слухаў і слухаю стогны хлебаробаў, рыбакоў, паляўнічых, местачкоўцаў, гараджанаў. А цяпер сам стагну. Не крычма крычу – ціхенька шапчу. Малю ўсіх: беражыце свае рэчкі!

У нас асушаныя велізарныя плошчы балотаў і глыбокіх заліўных лугоў. На поўдзень ад лініі Пружаны – Баранавічы – Асіповічы ў мокры перыяд па меліяратарскіх прамых канавах вада імгненна сцякае ў Прыпяць. Амаль штогод чуецца лямант: ай-яй, паводка, стыхія! Прадстаўнікі ўлады бяруць з сабой тэлеаператараў і на верталёце накіроўваюцца спачуваць пацярпелым. Ідуць размовы: трэба ўтаймаваць Прыпяць. А нарабілі ж усё яны, сталаначальнікі. Бязмозглыя тупарыльцы!

Калі ўлазіць у прыродны арганізм з экскаватарам і бульдозерам, трэба ставіць спярша пытанне не аб тым, колькі мы прагнем атрымаць зерня, бульбы, буракоў, а якія будуць вынікі змен, як асушэнне адаб"ецца ў маштабах рэгіёна і, у рэшце рэшт, палепшыцца ці пагоршыцца жыццё вакольнага люду, іх гаспадаркаў. Не павінна быць усё роўна, як эстэтычна, ці не выглядае месца, дзе жыве чалавек.

…Мы пачыналі сваю экспедыцыю на Случ не як мэтанакіраваныя абаронцы яе, а як цікаўныя турысты, дзеля свайго задавальнення. Калі ж убачылі разор у вярхоўі ракі, сэрца захлынулася жалем. Мы адразу ператварыліся ў рашучых праціўнікаў усеагульнай тупой меліярацыі, не меліярацыі, а знішчэння рэчак. Нам ужо нельга было спыніцца і не праплысці па ўсёй Случы.

Логіка і абставіны падказвалі нам, якой працягласці павінны быць кожны чарговы адрэзак маршруту. Аб ім у газеце «Калійшчык Салігорска» друкаваўся адпаведны нарыс з фотаздымкамі. Прыемныя для мяне былі водгукі чытачоў і калегаў-журналістаў. Пыталіся, калі будзе наступны турпаход і аповяд пра яго. Вядома, тады мне не прыходзіў у галаву намер аб"яднаць нарысы ў кніжку. А дарма. Многае б напісаў і сфатаграфаваў іначай. Цяпер гэта бачу.

Рэдактар газеты Аляксей Кур"ян час ад часу пачаў уводзіць мне ў вушы думку пра выданне кнігі. Раіў зрабіць гэта і паэт, адказны сакратар рэдакцыі Хведар Гурыновіч.

Сапраўдны слуццак (ураджэнец в. Лучнікі на Случчыне) і гарэтны паэт Лявон Раманавіч Шпакоўскі-Случанін (цяпер ужо нябожчык) заўважыў публікацыі пра Случ, прынёс у рэдакцыю надта дарагія для мяне радкі:

«Слуццалюб»
Феафану Раманоўскаму, аўтару цікавых і змястоўных нарысаў пад агульнаю назваю «Як цячэ Случ», якія вартыя выдання асобнай кніжкай. Гэтая кніжка вельмі патрэбна нашаму краязнаўству, а выданне яе сёння пад сілу толькі нашаму волату – вытворчаму аб"яднанню «Беларуськалій».

Паважаны Феафане,
Ты набыў па праву званне
Феафана-Слуццалюба,
Бо ратуеш Случ ад згубы.
З тым цябе віншуюць шчыра
I Рагнеда, і Няміра,
І такі ж, як ты, сяльчанін
З Лучнікоў Лявон Случанін,
Што ў балоце і на кручы
Не цураўся роднай Случы.
Будзь заўжды ва ўсім рашучы,
Што датычыць нашай Случы!

09.10.93 г.    Лявон Шпакоўскі-Случанін

 

Рашуча перасіліць маю інертнасць змог наш двойчы былы кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета (не выбраны), зямляк, дырэктар Беларускага выдавецкага Таварыства «Хата» Валер Санько. Ён прачытаў нарысы ў газеце і сказаў коратка: «Талковая кніга». I тады я сказаў: «Дык няхай яно так і будзе!»

Апошнюю кропку, вырашальную для лёсу кнігі, паставіў Савет працоўнага калектыву «Беларуськалія»: прагаласаваў за выдаткаванне грошай на выданне кнігі «Як цячэ Случ».

Працаўнікам-калійшчыкам мой шчыры дзякуй і нізкі паклон! Пры падрыхтоўцы нарысаў для выдання кніжкаю дабаўлены асобныя палемічныя ўстаўкі, пра дату заснавання мястэчка Ленін, цытаты Адама Карлавіча Кіркора з яго фундаментальнай працы «Литовское Полесье» і «Белорусское Полесье», з трэцяга тома «Живописной России» (рэпрынтны перадрук выдання 1882 г., Мн., «Беларуская энцыклапедыя», 1993.) і г. д.

Люблю Цябе, Случ, і вас, людзі Случчыны (значыць, Салігоршчыны, Любаншчыны, Капыльшчыны…) Няхай жыватвораць дабро і лад у вашых сем"ях і на вашых палетках.

Бараніце, прашу, прыроду беларускую, а значыць – саміх сябе. Бараніце і цаніце.

 

24.08.1997, 08.12.1997 Феафан Раманоўскі, г. Салігорск

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.