Связаны судьбой со Случчиной

Связаны судьбой со Случчиной

Звязаны лёсам са Случчынай

АГІЕВІЧ Уладзімір Іванавіч, беларускі крытык. Нарадзіўся 26.9.1910 г. у в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра творчасць Я.Купалы і Я.Коласа, пасляваенную беларускую паэзію, а таксама падручнікаў для школ рабочай моладзі. У 1937–1939 гг. працаваў у Слуцкім педагагічным вучылішчы. Памёр 5.10.1952 г.

БАБАРЭКА Адам Антонавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 14.10.1899 г. у в. Слабада-Кучынка Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб"яднання «Маладняк». Працаваў настаўнікам на Случчыне. У час польскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барадзьбе, быў дасаджаны ў астрог (1920). У 1930 г. рэпрэсіраваны. Памёр 10.10.1938 г.

БАРАНОЎСКІ Яўген Іванавіч, беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1973). Нарадзіўся 3.9.1938 г. у г. Бабруйск. У 1942 г. разам з бацькамі пераехаў на радзіму маці – в. Бранава. Закончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча (1956), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1966). Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Слуцку, навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, інструктарам аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, дырэктарам Цэнтральнага партыйнага архіва Кампартыі Беларусі, дырэктарам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. З 1996 г. вучоны сакратар Нацыянальнага архіва, старшыня грамадскага аб"яднання Беларускага таварыства архівістаў. Даследуе нацыянальнае пытанне, падпольны і партызанскі рух у Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар шасці манаграфій.

БАРТАШЭВIЧ Людміла Мікалаеўна, беларуская актрыса. Нарадзілася 3.4.1938 г. у г.п. Беразіно Мінскай вобласці. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям"я эвакуіравалася на радзіму бацькі – г. Слуцк, дзе і прайшлі дзіцячыя і школьныя гады Л.М.Барташэвіч. У 1955 г. закончыла СШ № 1 Слуцка, у 1959 г. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працавала ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача (1959–1985). Выканаўца галоўных роляў у спектаклях «Рэпартаж з пятлёй на шыі» Ю.Фучыка, «Маладая гвардыя» А.Фадзеева, «Мядовы месяц» К.Губарэвіча, «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра і інш.

БАСАЛЫГА Дзмітрый Мікалаевіч, рэвалюцыянер, дзеяч тэатра і кіно. Нарадзіўся 27.11.1884 г. у в. Дудзічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. З маленства жыў у в. Варкавічы Слуцкага раёна. У 1904–1908 гг. вучыўся ў Харкаўскім тэхналагічным інстытуце. Член РСДРП з 1904 г. У рэвалюцыю 1905–1907 гг. кіраваў баявой дружынай у Харкаве. Дэлегат V (Лонданскага) з"езда РСДРП. У 1910–1914 гг. працаваў на кінафабрыцы ў Маскве, адначасова вучыўся на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у школе-студыі МХАТ. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. У 1917–1918 гг. кіраўнік Саратаўскага тэатра, у 1919 г. камісар брыгады Чырвонай арміі. З 1920 г. у Маскве працаваў у дзяржаўных і грамадскіх тэатральных і кінаўстановах, рэжысёр і сцэнарыст кінафільмаў: «Барацьба за ультыматум» (1923), «Чырвоны тыл» (1924), «З іскры полымя», «Мусульманка» (абодва 1925; залатыя медалі на Парыжскай выстаўцы) і інш. У 1924 г. па даручэнні ЦК РКП(б) зняў на кінастужку пахаванне У.Леніна. У 1938–1941 гг. працаваў у Траццякоўскай галёрэі. З верасня 1941 г. у Чырвонай арміі. У 1944–1945 гг. выкладчык Вышэйшай дыпламатычнай школы пры МЗС СССР. Узнагароджаны 2 ордэнамі Леніна, медалямі. Памёр 15.4.1969.

БАСАЛЫГА Канстанцін Мікалаевіч, рэвалюцыянер. Нарадзіўся 30.5.1887 г. у в. Дудзічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. З маленства жыў у в. Варкавічы Слуцкага раёна. У 1904 г. вучыўся ў Харкаве. Член РСДРП з 1905 г. У рэвалюцыю 1905–1907 гг. член ваенна-баявога штаба ў Харкаве, Севастопальскага камітэта РСДРП і рэдакцыі яго органа «Солдат». Вёў партыйную работу ў Харкаве, Адэсе, Екацярынадары, Севастопалі. Дэлегат V (Лонданскага) з"езда РСДРП. Даставіў У.Леніну мандат дэлегата ад бальшавікоў Усолля. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. Потым працаваў у Омску, Краснадары, Севастопалі, на Стаўраполлі. У Вялікую Айчынную вайну ў Севастопальскім народным апалчэнні. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памёр 9.9.1963 г.

ГРЫЦКЕВІЧ Анатоль Пятровіч, беларускі гісторык, доктар гістарычны навук (1986), прафесар (1987). Нарадзіўся 31.1.1929 г. у Мінску. Закончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1950), Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1958). Працаваў урачом. З 1959 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР, з 1975 г. загадчык кафедры Беларускага ўніверсітэта культуры. Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму. Аўтар шматлікіх прац, у тым ліку па гісторыі Слуцка і Слуцкага паўстання: «Слуцк: Гісторыка-эканамічны нарыс» (1970), «Старажытны горад на Случы» (1985), «Вакол «слуцкага паўстання» (1987). Даследуе таксама гісторыю праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла на Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, прыватна-ўласніцкія гарады («Прыватна-ўласніцкія гарады Беларусі ў XVI–XVIII ст.», 1979) і інш.

ГРЫЦКЕВІЧ Валянцін Пятровіч, беларускі гісторык. Брат А.П.Грыцкевіча. Нарадзіўся 30.3.1933 г. у Мінску. Кандыдат медыцынскіх навук (1963). Закончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), Мінскі медыцынскі інстытут (1956), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1957). Працаваў урачом у Беларусі і Ленінградзе (1956–1971), з 1971 г. у Ваенна-медыцынскім музеі Міністэрства абароны СССР, з 1988 г. на кафедры музеязнаўства Санкт-Пецярбургскага інстытута культуры. Адзін з арганізатараў і старшыня (з 1988) Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Даследуе гісторыю медыцыны і геаграфіі Беларусі, міграцыі беларускай інтэлігенцыі, гісторыю музеязнаўства і інш. Аўтар такіх прац, як «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, разам з А.Мальдзісам), «Нашы славутыя землякі» (1984), «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна» (1986), «З факелам Гіпакрата: З гісторыі беларускай медыцыны» (1987) і інш. Бацька братоў Грыцкевічаў родам са Случчыны, з в. Варкавічы. Удзельнік падпольнага і партызанскага руху ў 1919–1920 гг. у час польскай акупацыі, у 1920-я гады працаваў у Слуцку. Яго біяграфія і ўспаміны «Ў барацьбе супраць захопнікаў» змешчаны ў 1-й кнізе хронікі «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк».

КЛЕБАНОВІЧ Вольга Міхайлаўна, заслужаная артыстка БССР (1982), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986), народная артыстка Беларусі (1995). Нарадзілася 25.2.1945 г. у г. Ячартаў (Югаславія). Дзіцячыя гады прайшлі на Случчыне. Закончыла 8 класаў Грэскай сярэдняй школы і пераехала ў Мінск. У 1966 г. закончыла Беларускі тэатральнамастацкі інстытут. Працавала ў Гродзенскім драматычным тэатры. З 1967 г. у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. Найбольш значныя ролі: Сцепаніда («Знак бяды» В.Быкава), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.Салынскага), Вара («Разгром» А.Фадзеева), Вікторыя («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Лушка («Узнятая цаліна» М.Шолахава), Люся («Апошні тэрмін» В.Распуціна ) і інш. Уладальніца прызоў Гран-пры на фестывалях: «Прыбалтыйская вясна» (1983), маладзёжнага ў Тбілісі (1986), тэатральнага ў Віцебску (1986).

КЛІШЭВІЧ Уладзімір Сідаравіч, беларускі паэт. Нарадзіўся 12.3.1914 г. у в. Краснадворцы Старобінскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння педагагічных курсаў у Слуцку працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. У 1936 г. быў рэпрэсіраваны і сасланы на Калыму. У жніўні 1940 г. вернуты на даследаванне ў Мінск, дзе і застала яго вайна. У час акупацыі жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газэту Случчыны». У 1944 г. выехаў у Германію. З 1948 г. жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс «Беларусь» (1949), працаваў выкладчыкам у каледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР.
Друкаваць вершы пачаў у 1931 г. Выступаў у акруговай і раённай перыёдыцы, у час вайны друкаваўся ў акупацыйных газетах. Удзельнічаў у калектыўных зборніках «Песняры Случчыны» (Слуцк, 1943) і «Ля чужых берагоў» (Мюнхен – Нью-Йорк, 1955). У 1964 г. выдаў зборнік паэзіі «Далячынь» (Саўт-Рывер, ЗША), у 1965 г. – паэму «Васіль Каліна» (Лондан), у 1973 г. – зборнік «Сняцца дні мне залатыя» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», Мінск). У 1970–1975 гг. шмат вершаў апублікаваў у газеце «Голас Радзімы». Памёр 14.11.1978 г.

КОРЗУН Мікалай Паўлавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 1.5.1934 г. у в. Заўшыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Выхоўваўся ў Слуцкім дзіцячым доме. Аўтар кніг для дзяцей «Жывы куток» (1962), «Віця Сітніца» (1964), «Тры сонцы» (1971), «Чырвоныя зоркі на танках» (1974), «Навальнічная паласа» (1979), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

КУДРАВЕЦ Анатоль Паўлавіч, беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Коласа 1986 г. Нарадзіўся 1.1.1936 г. у в. Аколіца Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Слуцкім педвучылішчы, якое закончыў у 1955 г. Аўтар кніг прозы «На зялёнай дарозе» (1968), «Раданіца» (1971), «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), «Сачыненне на вольную тэму» (1984) і інш.

ЛІНГ Сяргей Сцяпанавіч, дзяржаўны дзеяч Беларусі. Нарадзіўся 7.5.1937 г. у Мінску. Закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1960), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1976). З 1960 г. працаваў аграномам у саўгасе, на кіруючых пасадах у сельскагаспадарчых органах у Любанскім і Салігорскім раёнах. У 1971–1972 гг. старшыня Слуцкага райвыканкома, потым першы сакратар Смалявіцкага райкома КПБ, загадчык аддзела, сакратар Мінскага абкома КПБ. У 1982–1986 гг. – першы намеснік старшыні, старшыня Мінскага аблвыканкома. З 1986 г. старшыня Дзяржкамітэта БССР па цэнах, намеснік старшыні Дзяржаўнага планавага камітэта БССР. З 1990 г. загадчык аграрнага аддзела, сакратар ЦК КПБ. У 1991–1994 гг. намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, міністр эканомікі. З ліпеня 1994 г. намеснік, з лістапада 1996 г. в.а. прэм"ер-міністра, у 1997–2000 гг. прэм"ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З 2000 г. пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН.

ЛУЖАНІН Максім (КАРАТАЙ Аляксандр Амвросьевіч), беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969), лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа 1965 г. Нарадзіўся 2.11.1909 г. у в. Прусы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. У 1919–1921 гг. вучыўся ў Слуцкай гімназіі, школе першай ступені. Закончыў Мінскі педагагічны тэхнікум (1928). Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў членам літаратурных аб"яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Вожык», Акадэміі навук БССР, на кінастудыі «Беларусьфільм». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны II ступені, медалём Францыска Скарыны. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, прозы, эсэ, у тым ліку знакамітай кнігі «Колас расказвае пра сябе» (1964). Выступае таксама як крытык, кінасцэнарыст, перакладчык.

МАЛІНОЎСКІ Уладзімір Міхайлавіч, беларускі вучоны-эканаміст, кандыдат эканамічных навук (1997). Нарадзіўся 7.12.1940 г. у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на Случчыне, адкуль была родам яго маці. Жылі ў в. Круглае Сорагскага сельсавета. Вучыўся ў СШ № 5 Слуцка. Закончыў Мінскі фінансавы тэхнікум, Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, аспірантуру пры кафедры ўпраўлення народнай гаспадаркай. Працоўную дзейнасць пачаў у 1956 г. у Слуцку рабочым маслабазы. Потым працаваў інспектарам па бюджэце, эканамістам Гомельскага піўзавода, кантралёрам-рэвізорам Міністэрства фінансаў, выкладчыкам у Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі, дэканам, старшым выкладчыкам, дацэнтам Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў прафтэхадукацыі. У 1990–1996 гг. рэферэнт, галоўны спецыяліст сектара па абслугоўванні Камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Сакратарыята Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. З 1997 г. галоўны спецыяліст аддзела па забеспячэнні работы Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

РОДЧАНКА Рыгор Віктаравіч, беларускі краязнавец. Нарадзіўся 15.7.1929 г. у с. Няхаева Луганскай вобласці, Украіна. У 1932 г. сям"я пераехала на радзіму маці ў Капыльскі раён. У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе (з 1942). Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1959 г. жыў у Слуцку, працаваў настаўнікам у школе. Аўтар кніг «Альгерд Абуховіч-Бандынэлі. Нарыс жыцця і творчасці» (1984), «Старэйшая школа Беларусі» (1985), «Слуцкая старасветчына» (1991). Памёр у 1994 г.

РУДЗЬКО Юрый Герасімавіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 27.6.1913 г. у г. Бабруйск. Закончыў Беларускі педагагічны інстытут (1933). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі (двойчы). Памёр 4.2.1948 г.

РЭЙЗІН Рува Шоламавіч, яўрэйскі пісьменнік. Нарадзіўся ў 1911 г. у Англіі. Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Слуцку. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут (1937). Аўтар кніг «Вершы і апавяданні» (1929), «Нялёгкай працай» (1934), «Вялікая хартыя» (1935, паэма), «Вершы» (1940). Загінуў у 1942 г. на фронце.

РЭЛЕС Рыгор Львовіч, яўрэйскі і рускі пісьменнік. Нарадзіўся 23.4.1913 г. у г. Чашнікі Віцебскай вобласці. Закончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум (1933). Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Слуцку. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар кніг паэзіі і прозы «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941), «Запіскі майго калегі» (1960), «Сябры і знаёмыя» (1963), «За цеснымі партамі» (1966) і інш.

САДЗІН Уладзімір Сцяпанавіч, беларускі мастак, заслужаны работнік культуры БССР (1985). Нарадзіўся 19.3.1924 г. у с. Чыркава Лунінскага раёна Пензенскай вобласці (Умер 23.02.2010 – прим. адм. сайта). Закончыў студыю выяўленчага мастацтва Ўсесаюзнага Дома народнай творчасці ў Маскве (1953). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1945 г. жыве ў Слуцку. Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Кіраўнік Слуцкай народнай студыі выяўленчага мастацтва (з 1953). Аўтар серыі лінагравюр «Поры года», «Паўночныя матывы», «Нафта Палесся», «Белавежская пушча», серыі жывапісных палотнаў «Крым», «Закарпацце», «Беларускія пейзажы», «Случчына». Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеях Расіі, Казахстана, ЗША, В"етнама, Японіі.

СКРЫГАН Янка (Іван Аляксеевіч), беларускі пісьменнік, заслужаны работнік культуры БССР (1985), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1976 г. Нарадзіўся 16.11.1905 г. у в. Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям"і. Пасля парафіяльна-царкоўнай школы (1918) вучыўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, школах першай і другой ступеней, у рэальным вучылішчы, мяшанай гімназіі, нарэшце, у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (пакінуў з чацвёртага курса, у 1924 г.). З 1924 г. працаваў у слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік». У канцы 1936 г. быў арыштаваны і 5.10.1937 г. асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах і на 10 гадоў ссылкі. Рэабілітаваны ў 1954 г. З 1955 г. рэдактар у Дзяржаўным выдавецтве БССР, з 1959 г. рэдактар аддзела прозы, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». З 1967 г. загадчык літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1975–1985 гг. адказны сакратар Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. Узнагароджаны медалямі.
Аўтар кніг, апавяданняў, аповесцей «Затока ў бурах» (1929), «Каця Лапянкова» (1932), «Сустрэчы» (1935), «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969). Выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах (1975, 1985). Памёр 18.9.1992 г.

СКРЫПНІЧЭНКА Георгій Сяргеевіч, беларускі мастак. Нарадзіўся 12.11.1940 г. у г. Нікалаеў, Украіна. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Слуцку. Закончыў СШ № 10 Слуцка, Мінскае мастацкае вучылішча (1966). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, станковай і кніжнай графікі. Асноўныя творы: карціны «Францыск Скарына на радзіме», «Свята», «Восень патрыярха», «Страчаныя мары»; серыі «Мастак і Айчына», «Выдатныя дзеячы беларускай культуры»; трыпціхі «Мірная зямля», «Гармонія стагоддзяў»; цыклы «Мара», «Палессе»; графічныя лісты «Стары горад», «Вечар»; ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і іншых музеях Беларусі і Расіі.

ТРУХАН Генадзь Лукіч, кандыдат тэхнічных навук (1954), прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы УССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 4.7.1916 г. у г. Мцэнск Арлоўскай губерні, куды бацькі выехалі са Слуцка пад час 1-й сусветнай вайны. Закончыў у Слуцку сямігодку і прафтэхшколу, Маскоўскі тэхналагічны інстытут. З 1954 г. працаваў у Кіеўскім тэхналагічным інстытуце лёгкай прамысловасці. Аўтар звыш 100 навуковых прац.

ХВЕДАРОВІЧ Мікола (ЧАРНУШЭВІЧ Мікалай Фёдаравіч), беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 6.4.1904 г. у г.п. Капыль Мінскай вобласці. Адзін з арганізатараў камсамольскіх ячэек на Случчыне, у 1924 г. камісар ваенкамата. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі, а таксама кніг успамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960), «Незабыўнае» (1976). Памёр 20.8.1982 г.

ЦЫБУЛЬСКІ Канстанцін Пятровіч, беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 7.5.1956 г. у в. Забалоцце Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1982). З 1981 г. жыве ў Слуцку. Працуе інспектарам па справах непаўналетніх Слуцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. Аўтар паэтычных кніг «Ноч маладзіка», «Вецер эпохі» (абедзве 1997).

ЧОРНЫ Кузьма (РАМАНОЎСКІ Мікалай Карлавіч), беларускі пісьменнік. Нарадзіўся 24.6.1900 г. у маёнтку Боркі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916–1919). У 1920–1922 гг. працаваў справаводам у Слуцкім павятовым ваенкамаце. Аўтар шырокавядомых аповесцей «Лявон Бушмар» (1930), «Люба Лук"янская» (1937), «Насцечка» (1941), раманаў «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1932), «Трэцяе пакаленне» (1935) і інш. Памёр 22.11.1944 г.

 

Подготовлено по материалам
книги 2 «Память. Слуцкий район. Слуцк»