Садзін Уладзімір Сцяпанавіч

Садзін Уладзімір Сцяпанавіч

Садин Владимир Степанович (19.03.1924–23.02.2010)

 

Мастак-графік і жывапісец, педагог. Нарадзіўся ў сяле Чыркова Лунінскага раёна Пензенскай вобласці (Расія) ў сялянскай сям"і. Пасля вучобы ў сярэдняй школе з 1940 г. займаўся ў школе Фабрычна-завадскога навучання, атрымаў спецыяльнасць слесара па рамонту аўтамабіляў і ў 1941 г. накіраваны на работу ў Ташкент. У 1943 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у ракетна-артылерыйскіх войсках («кацюшы»). Прымаў удзел у ваенных дзеяннях на Курскай дузе, на Украіне, Беларусі, канец вайны застаў пад Кенігсбергам. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кенігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і шэрагам іншых. У 1945 г. вайсковая частка, дзе служыў Садзін, выводзіцца ў Слуцк. Тут ён застаецца пасля службы ў войску.

 

Маляваннем захапляўся з дзяцінства. Не пакідаў аловак і паперу на фронце. Яго лепшыя франтавыя замалёўкі цяпер захоўваюцца ў фондах Дяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Стаўшы жыхаром Слуцка, працаваў мастаком-афарміцелем у Доме афіцэраў, Доме культуры, гарадскім парку, з 1966 г. - у Слуцкім філіяле Мінскай мастацкай майстэрні Мастацкага Фонду БССР.

 

У 1953 г. скончыў завочнае аддзяленне малявання і жывапісу Усесаюзнага Дома народнай творчасці ў Маскве. Вучыўся ў Р.Закіна, А.Зэдэлер. Вызначальнымі як у той час, так і пазней, сталі кантакты з мастакамі У.А.Фаворскім, Ю.М.Непрынцавым, М.М.Жукавым, кансультацыі і парады якіх мелі ўплыў на далейшы творчы шлях. Слуцкий пейзаж (1951)

 

З 1960 г. Уладзімір Садзін актыўна ўдзельнічае ў выстаўках і конкурсах, што праводзіліся ў краіне і за мяжой. У 1964 г. уступае ў Саюз Мастакоў СССР (цяпер БСМ).

 

Да пачатку 1960-х гг. працаваў пераважна ў тэхніцы алейнага жывапісу. Работы - гарадскія пейзажы і краявіды Случчыны: «Восень. Дубок» (1957), «Вясна. Першая зеляніна» (1958), «Восень. Вечар» (1958), «Зазелянела» (1960). Яны невялікія па памерах, напісаны на кардоне пастозна ў стылі рускага рэалістычнага жывапісу канца XIX - пачатку XX ст.ст. Для іх агульным з"яўляецца эмацыянальная напоўненасць, якая адпавядае перадаваемаму стану прыроды.
Пасля 1961 г. мастак звяртаецца да графікі, аддаючы асаблівую ўвагу тэхніцы гравюры на лінолеўме. З гэтага часу адной з дамінуючых у творчасці становіцца індустрыяльная тэма. Сюжэты знаходзяцца побач: непадалёку ад Слуцка пачынаецца прамысловая распрацоўка залежаў калійных соляў, узводзіцца новы шахцёрскі горад Салігорск. Стваральная праца людзей, суладцзе і гармонія індустрыі і прыроды, прыгажосць форм новых, вынайдзеных чалавекам, канструкцый - вось той узнёслы і рамантычны погляд, што кіруе мастаком, які трымае цяпер у руках разец і прамавугольны кавалак лінолеўму.

 

Зрабіўшы серыю «Салігорскі калійны камбінат» (1960-1962), Уладзімір Садзін ладзіць паездкі на іншыя новабудоўлі рэспублікі. З"яўляюцца графічныя серыі «Беларусь індустрыяльная» (1973), «Нафта Палесся» (1977-78). Адной з апошніх на індустрыяльную тэму з"яўляецца серыя «Байкала-Амурская магістраль» (1974-1982).

  «Нафта Палесся»На промыселЗима на БАМе

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 Паралельна з індустрыяльнай, у графіцы развіваецца і тэма, сюжэтная лінія якой закладзена ў ранейшым пейзажным жывапісу. Мастак працуе над графічнымі пейзажнымі цыкламі «Белавежская пушча» (1960-63), «Па Сібіры» (1963-69-83), «Паўночныя матывы» (1972-73), «Нарадзіме Сяргея Ясеніна» (1971). Пейзажныя матывы цяпер вырашаюцца больш вобразна, кампазіцыя набывае выразнае дэкаратыўнае гучанне, якое адпавядае магчымасцям лінагравюры.

 

У беларускім мастацтве У.С.Садзін і зарэкамендаваў сябе пераважна як мастак-графік, майстар лінагравюры. Найбольш актыўная выставачная дзейнасць прыпадае на 1970-80-я гады. У 1969 г. адзначаны 1-й прэміяй Міністэрства культуры БССР за лепшую работу, прадстаўленую на рэспубліканскую выстаўку. Работы мастака з"яўляюцца на старонках перыядычных выданняў краіны. За ўдзел у конкурсах твораў выяўленчага мастацтва, што праводзіліся часопісам «Рабоче-крестьянскій корреспондент», у 1974 г. атрымаў 3-ю прэмію, у 1975 - 2-ю прэмію, 1977 і 1979 гг. адзначаны 1-мі прэміямі. На конкурсах пад назвай «Наш вернісаж», што праводзіліся штотыднёвікам «Неделя», у 1973 і 1979 гг. атрыманы 3-я прэміі, у 1978 і 1981 гг. - 2-я прэміі, у 1983 - 1-я.

 

Першыя знаёмствы з гледачом пачыналіся з удзелаў у выстаўках самадзейнага мастацтва. У 1952 г. сустракаем імя У.Садзіна на гарадской выстаўцы самадзейных мастакоў, потым на абласных у Бабруйску (1952) і Мінску (1955, 1959). У 1957 і 1961 гг. ён удзельнік Усесаюзных выставак твораў самадзейных мастакоў. Пачынаючы з групавой выстаўкі работ кандыдатаў у члены Саюза мастакоў у Мінску ў 1958 г., а потым у якасці члена Саюза мастакоў СССР, Садзін прымае ўдзел ва ўсіх рэспубліканскіх, а таксама усесаюзных выстаўках. У 1963 г. арганізаваў першую персанальную выстаўку ў Слуцку. Прымае ўдзелы ў выстаўках графікі беларускіх і савецкіх мастакоў за межамі краіны: ЗША (Нью-Ёрк, 1958), Францыя (Парыж, 1967, 1974), Югаславія (Белград, 1973), Бельгія (1967), Польшча(1973, 1976, 1980), Швецыя (1976), Чэхаславакія (1977), Германія (1976, 1977), Англія (1977), Інданезія (1980), Сірыя (1983).

 

Акрамя лінагравюры, мастак спрабуе свае сілы ў іншых графічных тэхніках - афорт, гравюра на кардоне, дрэве. Працуе гуашшу, акварэллю, пастэллю, тушшу, робіць манатыпіі. У гэтых тэхніках выкананы серыі і цыклы «Архітэктурныя помнікі Расіі» (1970), «Па гарадах Германіі» (1974), «Па Японіі» (1978), «Па Індыі» (1980), «Па Балгарыі» (1982), «Па В"етнаму» (1984), «Па ЗША» (1986), «Па гарадах Заходняй Еўропы» (1988), у тэхніцы алейнага жывапісу - серыі пейзажаў «Крым», «Каўказ» (1970-1990-я гг.). З 2-й паловы 1980-х гадоў зноў аддае перавагу жывапісу алеем. У параўнанні з ранейшым, цяпер жывапіс набывае больш дэкаратыўнае гучанне, больш насычаным і сакавітым становіцца колеравае рашэнне работ. Пераважна гэта пейзажы, аднак звяртаецца мастак таксама да сюжэтных кампазіцый і нацюрморта.

 

Паралельна з актыўнай творчай дзейнасцю мастак вядзе плённую работу ў якасці кіраўніка створанай ім у 1953 г. пры гарадскім Доме піянераў і школьнікаў студыі выяўленчага мастацтва. Студыя прымае ўдзелы ў рэспубліканскіх, усесаюзных, міжнародных выстаўках і конкурсах. Асобныя ўдзельнікі, студыя і яе кіраўнік атрымліваюць шматлікія ўзнагароды. За высокі творчы ўзровень і дасягненні студыі выяўленчага мастацтва Слуцкага Дома піянераў і школьнікаў у 1980 г. прысвоена званне «Народная». Яе кіраўнік у чэрвені 1985 г. атрымаў нагрудны знак «Выдатнік народнай адукацыі», а ў жніўні 1985 г. яму прысвоена званне заслужанага работніка культуры БССР. Многія выхаванцы студыі сталі выкладчыкамі, выхавацелямі, архітэктарамі, мастакамі. Сярод былых студыйцаў - цяперашнія мастакі Уладзімір і Міхаіл Басалыгі, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Суздальцаў, Аляксандр Рубец, Уладзімір Цэслер, Уладзімір Акулаў.

 

Творы У.С.Садзіна захоўваюцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі, знаходзяцца ў шэрагу іншых устаноў горада, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Мінскім абласным і Рэспубліканскім Дамах народнай творчасці, музеі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў (усе - Мінск), у музеях і карцінных галерэях Паўладара (Казахстан), Камсамольска-на-Амуры, Шушанскага, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пензы (Расія), у прыватных і дзяржаўных зборах многіх замежных краін, у тым ліку ў інстытуце мастацтваў г. Філадэльфія (ЗША), мастацкай галерэі г. Плевена (Балгарыя), карціннай галерэі «Геккоса» г. Токіа (Японія).

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

 

 

 Два дубаЗима