Паздзел 8. Слуцкія князі

Надвячоркам ва ўсіх цэрквах і касцёлах горада і навакольных вёсак білі званы; іх водгалас разлягаўся ў паветры разам з шумам асенняга ветру. Княгіня Соф'я Алелькавіч памерла. У замкавай капліцы стаяла яе труна, навокал гарэлі свечкі, перад труной стаяла харугва з літоўскай Пагоняй і арлом Радзівілаў, спявалі святары, гудзелі званы. Муж два дні плакаў у сваім пакоі, справіў пышныя хаўтуры. А неўзабаве ён ажаніўся з Соф'яй Альжбетай, князёўнай брандэнбургскай.

 

***

 

У гэты самы год узімку двое падарожных раніцой зайшлі ў праваслаўную царкву ў Слуцку*. Адзін з іх быў стары, згорблены часам, другі – яшчэ бадзёры і малады. Апрануты яны былі сціпла і чыста, з пачуццём меры. Стары быў укрыты лісіным футрам, малады апрануты ў сівую баранову бекешу. Яны сталі на калені перад алтаром і доўга маліліся, потым стары акінуў паглядам сцены царквы, убачыў надмагільную пліту, на якой былі нядаўна выразаны пазалочаныя літары, павольна прачытаў іх. Надмагільны надпіс быў такі:

 

D. О. М. S. Magnorum Litvanlac Dynaslarum
Propagini.
Ex Illustrisslma Slucij ac Kopyli
Ducum familia, Eheu ultimae
Zophiae Olelkoviciae
Patre, Avo, Proavo, Georgio
Abavo, Simone, Atavo Michaёle
In Slucko et Kopyle Ducibus
Tritavo Olelkone.
Jagellonis Poloniae Regis Fratre
Olgerdi Magni Lithvaniae Ducis Nepote
Gedimini Pronepote
Vitonij Abnepote,
Matre vero
Barbara ex Illustri Priscarum Familia
Prognatae.

JANUSSIUS RADZIWIL.
Birzarum ac Dubincarum
In Slucko et Kopyle Dux
Supremus Pocillator ctc. Etc.
Moestissimus Conjunx Conjugi dcsideratisslime
Faeminae et genere et forma, nec non
Virtute aevo suo clarissimae
Non absque lachrymis posuit.
Vixit Annos XXV.

 

Богу Найсвяцейшаму Найвышняму Глыбокашаноўнаму.
Спадчынніцы
Вялікіх князёў Літвы
Са слаўнага роду
Слуцкіх і капыльскіх князёў,
На жаль, апошняй у ім –
Соф'і Алелькавіч,
Што паходзіць
Ад бацькі, дзеда і прадзеда Юрыяў,
Прапрадзеда Сямёна,
Прапрапрадзеда Міхаіла,
Ад прашчура Алелькі
Са славутага княжацкага роду,
Па брату родзічцы польскага караля Ягайлы,
Па праўнуку родзічцы Альгерда,
Вялікага князя літоўскага,
Па прапраўнуку – Гедыміна і
Па прапрапраўнуку – Віценя,
Па маці народжанай ад Барбары
Са слаўнага роду Прыскаў.

Януш Радзівіл,
Князь Біржаў і Дубровы,
Слуцкі і капыльскі,
Вялікі падчашы і г.д., і г.д.,
Самотны муж
Любімай жонцы,
Жанчыне, праслаўленай і родам, і красой, і асабліва
Дабрачыннасцю ў сваім жыцці,
Надмагільны помнік
Паставіў, плачучы.

Пражыла 25 гадоў.

 

Стары прачытаў надпіс і павярнуўся да другой надмагільнай пліты, якая ляжала побач, там надпіс быў зроблены па-руску. Яна пакрывала прах князя Юрыя, бацькі Соф'і. Стары прачытаў надпіс, апусціўся на калені і доўга маліўся.

Тут якраз скончылася літургія, адзін са святароў выйшаў і ўбачыў старога, які плакаў над магільнай плітой. Ён падышоў, спыніўся; з пачцівасцю адносячыся да малітвы і слёз, чакаў, не распытваў старога, пакуль той не ўстаў з дапамогай свайго маладога таварыша. Тады мніх прывітаўся і спытаў:

– Вы ведалі таго, хто ляжыць пад гэтым каменем?

– Гэта быў мой гаспадар, хай пухам яму зямля будзе, – пачціва адказаў стары. – Юрый Алелькавіч, князь слуцкі! Сканаў на маіх руках, з ягонай ласкі маю хлеб для сябе і дзяцей, таму я са слязамі маліўся за яго.

– Ці не зайшлі б вы ў манастыр? – прапанаваў святар. – Вы стаміліся ў дарозе, дык не адмаўляйцеся ад гасціннасці манахаў.

– Дзякую, – адказаў стары, – але тут мне так яскрава ўспамінаюцца даўнія часы, маладосць, пражытая з панам князем, што цяпер, калі гэты род згас, праз многа гадоў, я не магу без слёз глядзець на руіны, і каб пажыў тут даўжэй, то, напэўна, і сам лёг бы тут, каля свайго старога пана. Пакуль чалавек не бачыць, пакуль толькі ўспамінае, то яшчэ можа цярпець; але вось магіла бацькі і побач магіла ягонай беднай дачкі, якая памерла такой маладой, – гэта не пад сілу вынесці! Трэба ж было такому стацца, што я прыходжу да іх магіл, я, старац!

Змораны стары сеў на цвінтары на камень, мніх – каля яго, а малады хлопец стаяў за імі ззаду.

– Так, няма ўжо князёў слуцкіх, – працягваў стары, – няма іх; апошнюю княгіню пахавалі бяздзетнай. Можа, гэта і добра, бо многія вялікія людзі змізарнелі, і было б лепей, каб іх род назусім згас. А вы ведаеце, ойча, які гэта быў род і якая кроў?

– Чуў, – адказаў мніх, – але не дужа многа, пра гэта казалі ў развітальных словах над труной.

– Нават на магільнай пліце напісана, – перапыніў стары, – але генеалогію там крыху сказілі, шаноўны ойча. Нехта не дужа дасведчаны пісаў. Я-то ведаю іх гісторыю, бо і наслухаўся, і начытаўся па хроніках.

– Надпіс на пліце рабіў айцец Пракоп.

– Як напісаў, так ужо і будзе, хай Бог яму даруе.

– Як яму сказалі.

– Хто ён, ваш айцец Пракоп?

– Гэта я, шаноўны пане.

– Вы?

– Так. I таму зараз я быў бы рады, каб вы расказалі мне тое, што ведаеце пра князёў слуцкіх, каб я, складаючы памінанне за ўпакой, мог паправіць.

– Буду ад усёй душы рады расказаць, што ведаю*, – прамовіў стары. – Але мая галава стала ўжо дзіравая, з яе павылятала многа важнага, збольшага нешта яшчэ трымаецца, таму вы, можа, дзе-небудзь падлатаеце, ведаючы па кніжках…

– Расказвайце, заўсёды нешта ды ўспомніцца.

– Вы, няйначай, ведаеце ўжо, – нагадаў стары, – што Алелькавічы паходзяць ад Уладзіміра Альгердавіча, кіеўскага князя, якога вялікі князь літоўскі Вітаўт выжыў з ягоных уладанняў, адабраў у яго Жытомір, Оўруч і іншыя гарады, але потым па волі ягонага брата Ягайлы ўзамен Кіева Алелькавічу былі дадзены трыццаць міль земляў у Літве з горадам Капыль. Тут ён заснаваў горад Слуцк, вось гэты, дзе мы цяпер знаходзімся.

У таго Уладзіміра быў сын Аляксандр, па-руску яго звалі Алька, ад яго і пайшлі Алелькавічы, а па Слуцку іх пачалі называць князямі слуцкімі. Алелька праславіўся ў паходах супраць Масквы, у якіх ён узначальваў кіяўлян. Пасля смерці Вітаўта ліцвіны нават хацелі прасіць Ягайлу паставіць яго кіраваць Вялікім Княствам Літоўскім, але калі гэта месца заняў Жыгімонт, то па падазрэнні ў нейкай змове нават адабраў у яго Слуцк і Капыль, яго самога зняволіў у Кернове, а жонку з дзецьмі ва Уцяне і доўга трымаў, аж пакуль не вызваліла іх раптоўная смерць Жыгімонта. Пасля гэтага некаторыя паны зноў хацелі ўзвесці на Вялікае княства Алельку, але лёс так распарадзіўся, што ён не стаў на чале яго; праўда, яму было вернута Кіеўскае княства, якое было ў яго яшчэ гадоў дванаццаць. У яго была жонка – маскоўская князёўна, унучка Вітаўта, ад яе – два сыны: кіеўскі князь Сямён і Міхаіл Слуцкі. Яны заспрачаліся аб падзеле бацькоўскай спадчыны, і кароль Казімір падзяліў яе між імі так, што Сямёну дасталася Кіеўскае княства, а Міхаілу – Капыльскае.

Я не буду расказваць далей пра ўвесь іх род, бо ён з той пары дзяліўся на дзве галіны, але пра самыя значныя імёны ўспомню.

Сямён Алелькавіч яшчэ ў васемнаццаць гадоў, ледзь увайшоўшы ва ўзрост, са сваім спешна сабраным атрадам пабіў дванаццаць тысяч татараў пад Гроднам і тым самым здабыў сабе такую славу, што яго, гэтак жа, як калісьці бацьку, хацелі паставіць на чале Вялікага Княства Літоўскага, многія падгрымлівалі яго ў гэтым. Асабліва стараўся ягоны свёкар – Ян Гаштольд, але кароль Казімір баяўся падзелу краіны і не дазволіў, хаця ліцвіны на адным з сеймаў казалі яму пра гэта. Перад смерцю Сямён, паводле падання, паслаў каралю свайго белага каня і лук, з якімі неаднойчы выступаў супраць татараў, і аддаў яму ў апеку сына Васіля і дачку Аляксандру, пазней яна стала жонкай князя Астрожскага. Тады якраз і Кіеўскае княства, што пераўтварылася ў правінцыю, было забрана ў іх, засталіся толькі Слуцк і Капыль. Нямала было славутых багатыроў сярод Алелькавічаў, і кожны з іх, калі была патрэба, выходзіў на бітву са сваімі атрадамі. Узяць хаця б трох Юрыяў ці Сямёнаў. Адзін ваяваў пад Лебядзёвам пры апошнім з Ягайлаў, вёў на бітву дзве тысячы дзвесце сваіх вояў, другія ішлі на шведаў, калі было трэба, і ніводзін не шкадаваў ні крыві, ні жыцця.

Ад князя Міхаіла капыльскага пайшоў цэлы шэраг багатыроў. Ягонага сына Сямёна таксама клікалі на Вялікае княства, але тады выбралі Аляксандра. Сямён ушчэнт разбіў татараў пад Ушай, але яны атрымалі падмогу і асадзілі яго ў Слуцку, там ён ужо не змог перамагчы. Памёр, але ягоная душа засталася жыць у жонцы і сыне. Анастасія праславілася дзякуючы свайму шлюбу, вельмі шчасліваму, – гэта рэдкасць для жанчыны. Сын Юрый яшчэ шаснаццацігадовым падлеткам мераўся сілай з Глінскім, потым, як і ягоныя продкі, хадзіў на татараў, якіх аднойчы разбіў аж восем тысяч, а потым яшчэ чатырыста пабіў, калі тыя вярталіся са здабычай з Літвы, скрышыў іх, а трох вайскаводаў узяў у палон. Немалую долю славы прыдала яму памятная перамога пад Оршай; потым у бітве з татарамі пад Лапушнам, пад Гальшаніцай, у Чаркасах – усюды ён перамагаў.

I што ж засталося пасля гэтых славутых людзей? – працягваў стары, ківаючы галавой. – Некалькі спісаных золатам камянёў, жменька попелу і касцей ды крыху людской памяці…

– А хіба гэтага мала? – спытаў айцец Пракоп. – Хіба мала адной памяці, калі яна падаўжае жыццё таму, каго не стала? Чаго вы хочаце большага ад нашага свету, і што болыпае ён можа даць?

– Вечны ім спачын і найвялікшая вячыстая святасць у тым лепшым свеце! – сказаў стары і ўстаў з каменя.

– Амін! – ціха дадаў мніх.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb