Пасляслоўе

На наступны дзень перад палацам Радзівілаў быў страшэнны гармідар: пляц перад ім і дзядзінец запаланіліся людзьмі і коньмі світы, гусарамі, гайдукамі, слугамі, казакамі паноў сенатараў, якія сюды з'ехаліся. Гэтая мешаніна людзей, коней і павозак уяўляла сабой пярэстую карціну, якой цікаўныя віленскія жыхары любаваліся, стоячы ў варотах сваіх дамоў, каля вокнаў і на кучах гною і смецця, якія ў тыя часы нібы валам акружалі частку дамоў. У тым натоўпе былі самыя розныя фарбы і ўборы: яркія гусары, шыракаплечыя казакі з доўгімі чубамі, валатоўскія гайдукі, маленькія пажы ў вузкім адзенні, мноства прыдворнай шляхты, разадзетай на розны манер, пры крывых парадных шаблях, што называліся карабелямі, на конях. Уся гэтая процьма прыдворнай чэлядзі ўзняла вялікі галас. А ў гэты час у ваяводы паны снедалі і таксама вялі ажыўленыя размовы, перш чым ад імя ваяводы адправіцца з пасольствам да віленскага кашталяна. Не было яшчэ толькі канцлера Льва Сапегі, зяця ваяводы, ён нешта спазняўся. Але неўзабаве і ён са світай паявіўся на Замкавай вуліцы. Сам канцлер ехаў у калясцы, з сабой узяў толькі некалькі слуг. З цяжкасцю праціснулася каляска Сапегі да варот палаца, абмінаючы коней, людзей, павозкі тых, хто прыбыў раней. I вось каля ганка выйшаў з каляскі Леў Сапега – высокага росту, мужны, прыгожы, стройны, твар упрыгожвалі вусы і невялікая бародка; негустыя валасы на галаве былі акуратна падстрыжаны. Канцлер падаўся прама ў залу, у якой ужо сабраліся ўсе сенатары. Гэта быў вялікі высокі пакой з дзесяткам доўгіх вокнаў; на сценах яго, абабітых пунсовым аксамітам, была развешана зброя. У зале панавалі шум і гоман, бо ўсе госці ажыўлена размаўлялі. Князь-ваявода з сынам гасцінна прымалі ўсіх.

Пасярод пакоя стаяў стол, засланы вышытым узорамі абрусам, які звісаў амаль да самай падлогі. На ім ужо дыміліся на сярэбраных місках і паўмісках разнастайныя стравы. За другім сталом маршалак двара гаспадарыў каля стугораў сярэбранага посуду, каля каўшоў, жбаноў і пляшак віна, кубкаў, бочачак і іншага начыння. Прыдворныя слугавалі. Калі ўвайшоў Леў Сапега, снеданне ўжо з паўгадзіны як пачалося – гэта было бачна па вясёлых тварах і па больш ажыўленай, чым звычайна, размове. Пан ваявода і князь Януш віталі яго абдымкамі, сенатары – паклонамі, некаторыя падавалі руку. Яму вызвалілі месца каля стала, на хвіліну аціх гоман.

– Я крыху спазніўся, – звярнуўся канцлер да ваяводы, – але ў гэтым вінаваты не я, а мой гадзіннік – ён паказваў, што яшчэ не так позна.

– Ды яшчэ і на самай справе не позна, – адказаў ваявода, – а да нашага пасольства, у якое мы запрасілі шаноўнае панства, яшчэ многа часу.

– Я ведаю, што кашталян дома, – паведаміў Леў. – Ён, відаць, гатовы прыняць нас, бо і пан жмудскі стараста гадзіну назад прыбыў да яго і пан Аляксандр Хадкевіч таксама збіраецца туды.

– Напэўна, выклікаў родзічаў параіцца, – з усмешкай прамовіў князь. – Хоць бы яны зноў не нараілі яму такога, як раней, калі яны падбілі яго на парушэнне дадзенага слова. Не спадзяюся я, што будзе толк з нашага пасольства, – дадаў ён, – бо Хадкевічы ўжо ўсур'ёз ці толькі дзеля постраху рыхтуюць сваю камяніцу да абароны і, як мне казалі, сапраўды збіраюцца ваяваць. Не інакш як пан жмудскі стараста хоча паказаць свае ваенныя таленты.

– Сумняваюся я, што справа дойдзе да вайны, – зазначыў Леў, – і спадзяюся, што панам Хадкевічам больш даспадобы мір і згода. Я маю на гэта вялікую надзею.

Леў Сапега быў у свой час славутым чалавекам, ён заўсёды памяркоўна вырашаў справы, кожны раз шукаў спосабы для прымірэння і трымаўся гэтага, не станавіўся ні на чый бок, выступаў за згоду і паразуменне; ён быў нібы створаны для ролі пасрэдніка.

Пакуль ён размаўляў з Радзівілам, смаленскі ваявода Абрамовіч зірнуў на Сапегу і ціха загаварыў з мазырскім старастам, завяршаючы распачатую размову на тэму рэлігіі:

– Скончым, а то канцлер слухае нас і пачуе ўсё, што мы тут гаворым пра папістаў і супастатаў, ён жа падтрымлівае і тых, і другіх.

Яны змоўклі, за сталом усталявалася агульная размова аб усім і ні аб чым. Калі снеданне скончылася, віленскі ваявода запрасіў да акна сенатараў і пачаў сцісла і памяркоўна выказваць ім сваю просьбу, ведаючы, што большасць дасведчана ў яе акалічнасцях.

– Я вельмі ўдзячны вам, панове, – загаварыў ён, – што вы ласкава адгукнуліся на маю просьбу і згадзіліся дапамагчы мне ў гэтай невясёлай справе з віленскім кашталянам. Я не буду тут многа гаварыць пра мае няшчасці, бо вам усе яны добра вядомыя, ды і не толькі вам, а ўсёй Кароне, усяму Вялікаму Княству Літоўскаму яны зразумелыя. Для таго каб гэтая справа скончылася, а я спадзяюся, што яна скончыцца па-добраму, па-справядліваму, трэба толькі, каб пан кашталян пакуль што дазволіў князю Янушу хаця б мець магчымасць заваяваць прыхільнасць і добразычлівасць ягонай будучай жонкі. Некалькі гадоў таму ён свабодна бачыўся з ёю; яму было дазволена аказваць ёй паслугі; але з тае пары, як паміж намі пачаліся гэтыя няшчасныя спрэчкі, яго адлучылі ад дому Хадкевічаў, разлучылі з князёўнай Соф'яй ды не толькі замкнулі перад ім дзверы, не дазволілі бачыцца, але ж не пускаюць пасланцоў адсылаюць назад лісты, адным словам, забараняюць усе спробы неяк звязацца з ёю. Калі пан Хадкевіч будзе і надалей чыніць такое, то справа, відавочна, дойдзе не да добрай згоды, як ён гаворыць, а да разладу і вайны. Будзьце так ласкавы, панове, выкажыце яму мае просьбы, пераканайце ў чыннасці і слушнасці маіх жаданняў, споўніць якія пану Хадкевічу вельмі лёгка, тым болын што гэта ні да чаго не абавязвае яго. Абы толькі князь Януш змог прыходзіць да князёўны ў любы час, большага я пакуль што не прашу. Я спадзяюся на паспяховы зыход вашай місіі, васпане, мілыя брацці, на тое, што яна вам удасца, і яшчэ раз дзякую вам, што вы ласкава згадзіліся ўзяць на сябе гэтае пасольства.

Сенатары дружна адгукнуліся на ягоную просьбу, ад іх імя трымаў слова смаленскі ваявода:

– Вы, ваша княская мосць, можаце быць упэўненым, што, як вы таго справядліва жадаеце, так і зробіцца. Раз ужо кашталян ухіляецца ад выканання дагавору, то нельга ж даходзіць да такіх крайнасцей – ён павінен сам адчуваць, што гэта справа святая і непарушная. Таму можна спадзявацца, што перш, чым дойдуць да згоды і канца ўсе вашы спрэчкі, ён хаця б не адмовіць князю Янушу без перашкод бачыцца са сваёй будучай жонкай.

Пасля гэтага сенатары сабраліся рушыць у палац віленскага кашталяна, вырашылі, параіўшыся між сабой, што гаварыць з ім будзе канцлер Сапега. Мы ўжо згадвалі, што гэты чалавек быў міратворцам па сваім характары і як найлепш падыходзіў для тых выпадкаў, калі патрэбна было памірыць ворагаў, улагодзіць тых, хто пасварыўся. Пасля таго сенатары пакінулі ваяводу – павінен быў чакаць іх вяртання дома – і пайшлі па Замкавай вуліцы да палаца кашталяна ў бок касцёла бернардзінцаў.

Кашталян быў гатовы прыняць іх. Яшчэ напярэдадні яму пра пасольства расказаў, што ведаў, езуіт Ян, потым іншыя з блізкіх да сенатараў людзей паведамілі не толькі аб гэтым, але і аб тым, пра што пойдзе гаворка. Ён параіўся з усімі, хто прыехаў, а найперш са жмудскім старастам і ягоным братам Аляксандрам. Як сам кашталян, так і яны былі супраць любых крокаў да паразумення і ўступак Радзівілам. Абражаныя, і не без падставы, больш слабыя, чым крыўдзіцелі, яны горда і цвёрда трымаліся свайго, пагражалі вайной, каб не паказаць, што яны баяцца. Абодва пляменнікі кашталяна вырашылі аднесціся да паслоў прыхільна, а дзеля гэтага яны загадзя дамовіліся з дзядзькам, што не будуць у гэтай справе нічога распачынаць без яго. Яны пагадзіліся, што ні ў чым не ўступяць, не дадуць сябе ўгаварыць, ад сябе нічога не будуць ім абяцаць, адбудуць двухсэнсоўнымі словамі. Яны хацелі паказаць, што мала дбаюць пра дагавор, бачаць яго ў іншым святле і што гэтым сваім крокам пан ваявода якраз і даводзіў тое, што заўжды стаяў на сваім і трымаўся таго, не жадаючы саступіць.

Калі паны сенатары падышлі да палаца Хадкевічаў, то не заўважылі ніякай адзнакі таго, што іх тут чакаюць. Спаткаць іх выйшла ўсяго некалькі прыдворных, не было відаць, каб наводзілі парадак, рыхтаваліся, чакалі, не было здзіўлення і тады, калі яны ўвайшлі. Кашталян зайшоў у вялікую залу са сваімі пляменнікамі Янам Каралем і Аляксандрам, з імі былі яшчэ некалькі сяброў. Паслоў холадна прывіталі, і Леў Сапега адразу ж пачаў размову:

– Мы прыйшлі да вас, пане кашталян віленскі, з пасрэдніцтвам і сяброўскім пасольствам ад віленскага ваяводы, князя Радзівіла.

– Я сумняваюся, ці ёсць паміж мной і панам ваяводам нешта сяброўскае, – холадна і важна прамовіў кашталян.

– Мне не хацелася б пачынаць з дрэннага, – адказаў Леў Сапега. – Можа быць, вы зазлавалі на пана ваяводу і не хочаце мець справу з ім, але я спадзяюся, што вы яшчэ, дасць Бог, дамовіцеся з ім па-сяброўску, памірыцеся, і ўсё скончыцца ўзаемнай згодай. Сам пан ваявода засмучаны і пакутуе ад таго, што, на жаль, гэтая спрэчка разлучыла яго з панам кашталянам і ягонай слаўнай раднёй, але ў яго ў сэрцы ёсць спадзяванне, што ён здолее вырашыць спрэчкі з выгадай для абодвух бакоў. Мы ведаем, – казаў далей канцлер, – пра дамову вашага нябожчыка брата з вамі наконт таго, каб выдаць вашу гадаванку князёўну слуцкую за князя Януша, сына пана ваяводы.

Леў Сапега не паспеў скончыць свой павольны і падрабязны пераказ справы, як раптам Ян Караль з уласцівай яму салдацкай запальчывасцю перапыніў яго:

– Пан ваявода дарэмна настойвае на тых дамовах, яны супярэчаць законам нашай веры і законам Вялікага Княства Літоўскага, а таму мы не можам прыйсці да згоды, не павінны. I не прыйдзем! – дадаў ён, міжволі паклаўшы руку на рукаяць шаблі.

– Каталіцкія законы неабавязковыя для ўсіх, – запярэчыў Абрамовіч.

– Але, я думаю, для ўсіх абавязковыя законы Літвы, – горда прамовіў Ян Караль, – якія забараняюць шлюб паміж блізкімі родзічамі пад пагрозай пазбаўлення дзяцей права на спадчыну і адабрання маёмасці.

– Аднак жа гэта быў бы не першы выпадак такога шлюбу, – зазначыў Сапега, – ранейшыя прыклады дазваляюць паўтараць іх; заўсёды ёсць надзея, што можна неяк уладкаваць гэтую недарэчнасць. Але перш чым гэтыя спрэчкі скончацца і вырашацца (у чым мы не сумняваемся), пан ваявода просіць праз нас і мы ўсе таксама звяртаемся да вас, пане кашталян, каб вы пакуль што выканалі хаця б адну частку вашых дамоўленасцей: не перашкаджалі князю Янушу бачыцца з князёўнай Соф'яй, каб заваяваць яе сімпатыі.

– А навошта гэта? – холадна спытаў кашталян. – Для таго каб выставіць князёўну Соф'ю на пасмешышча, прымусіць яе пайсці на супрацьзаконны шлюб?

– Ваявода так не думае, – працягваў Сапега, – у гэтым яго не варта папракаць, але віленскі ваявода гатовы свята прытрымлівацца сваіх абяцанняў і, нягледзячы на сваркі і спрэчкі, спадзяецца, што вашамосць пан кашталян будзе са свайго боку трымацца таго ж. Ён быў бы рады, каб гэты шлюб зладзіўся і каб князь Януш не быў чужым для сваёй жонкі. У дагаворы ж запісана, і зусім справядліва, што князёўна будзе выдадзена замуж не сілай, не пад пры-мусам, а па сваім жаданні і добрай згодзе, дык чаму ж не дазволіць князю Янушу старацца дабіцца яе прыхільнасці.

Кашталян холадна выслухаў Льва Сапегу, які гаварыў, як заўсёды, павольна, плаўна, а потым сказаў:

– Ніяк не магу зразумець вас, пане канцлер, мы нібыта гаворым пра розныя рэчы. Вы настойваеце на выкананні дагавора?

– Вы ж яго падпісвалі.

– Я зрабіў гэта неабачліва і не па праве, паддаўся на ўгаворы і просьбы, а найперш хацеў выканаць волю брата, – прамовіў кашталян. – У гэтым я мушу прызнацца, так, я вінаваты. Гэты дагавор несапраўдны.

– Хіба вы прызнаеце несапраўдным увесь дагавор? – спытаў Леў Сапега. – Вы не хочаце выконваць таго, што засведчана вашым шляхецкім подпісам?

Пры гэтых словах звычайна цярплівы і стрыманы кашталян наліўся крывёй. Калі ён пачуў пра парушэнне шляхецкага слова, а Сапега сказаў гэтак сумысля, бо спадзяваўся пераканаць яго гэтым важкім у тыя часы довадам, то нават адступіў на крок і то чырванеў, то бялеў, аж дрыжаў ад гневу.

– Не месца і не час цяпер, – рэзка сказаў ён, – дабівацца выканання дагавора; калі ж потым на гэта будзе час і месца, то я патлумачу, як хто выконвае свае абавязацельствы і абяцанні.

Сказаўшы так, кашталян пакланіўся і ступіў яшчэ некалькі крокаў назад, нібы ўнікаючы далейшай размовы, просьбаў, угавораў. Для сенатараў гэта стала знакам сканчэння іх пасольскай місіі, яны былі ўражаны халоднымі і пагардлівымі адносінамі да яе кашталяна, суровымі позіркамі Аляксандра і Яна Караля, не захацелі настойваць далей, у душы прыпісалі няўдачу папрокам Льва Сапегі і звалілі на яго ўсю віну. Так яны і пайшлі ні з чым, каб неўзабаве моўчкі вярнуцца ў палац Радзівіла.

– Канцлер сапсаваў усё, – перашэптваліся яны па шляху, – хай цяпер сам і апраўдваецца перад ваяводам, а наша хата з краю.

Князь-ваявода з сынам чакаў іх, ён хваляваўся, надзея на поспех змянялася адчаем, калі ж убачыў з акна, што ўся кампанія так хутка вяртаецца, то спачатку падумаў, што, магчыма, кашталяна не аказалася дома.

Сын гэтак жа, а можа, яшчэ нават болей занепакоены, маўчаў, баючыся парушыць злавесную цішыню, пазіраў на сенатараў, якіх убачыў на вуліцы, нічога не разумеючы.

Сенатары прыехалі да варот палаца Радзівіла, ціха падняліся па лесвіцы, перамаўляючыся, як бы згладзіць для ваяводы сваё няўдачнае пасольства.

– Вам, пане канцлер, трэба самому расказаць ваяводу пра ўсё, – параіў мазырскі стараста. – Паспрабуйце хоць неяк змякчыць адмову Хадкевічаў.

Ваявода чакаў іх на парозе, зірнуў і па тварах зразумеў, што яго чакаюць непрыемныя навіны.

– Што вы нам скажаце, пан канцлер? – спытаў ён. – Кашталяна не было дома або ён не прыняў вас?

– Не, ён пачціва прыняў нас, – сказаў канцлер, уваходзячы ў сваю ролю міратворцы.

– I што ён адказаў? – не цярпелася ваяводу. Канцлер крыху задумаўся, як адказаць больш тонка і мякка, але ваявода ўжо ўсё зразумеў, ён зачырванеўся і ў гневе закрычаў:

– Пане канцлер! Няўжо ён зняважыў нас, не даў дазволу?

– Зусім не, наадварот… – пачаў Сапега.

– Няўжо згадзіўся? – наступаў на яго ваявода. – Быць таго не можа! Занадта добра я ведаю яго і ягоных езуітаў-пляменнікаў! Што ён адказаў? Што сказаў?

– Слова ў слова, – перапыніў мазырскі стараста, які зразумеў, што канцлер знарок марудзіць з адказам, а ваявода ўсё болей перапаўняецца злосцю, – слова ў слова, дзядзька: ён адкажа потым, калі будзе месца і час, хто і як выконвае свае абавязацельствы і абяцанні.

– Што гэта азначае? – крыкнуў ваявода. – Выклік?

– Ды не! Не! – перапыніў яго Сапега. – Гэта было сказана зусім у іншым сэнсе. Кашталян пакрыўджаны, прычым справядліва, трэба яго зразумець.

– Значыць, адмовіў! – усклікнуў ваявода. – Адмовіў вашым панскім мосцям і мне, адмовіў у тым, аб чым я прасіў, адмовіўся даць дазвол князю Янушу бачыцца з князёўнай.

– Ён не сказаў гэта так пэўна, але я думаю… – пачаў Сапега.

– А я думаю, – абарваў яго Радзівіл, – што гэта не скончыцца іначай як са зброяй у руках. Відаць, ён хоча, каб я пайшоў з войскам дамагацца выканання дагавора! Што ж, чаго ён хоча, тое і будзе мець! Я знайду сяброў, знайду прыхільнікаў як ён караля і езуітаў. Ён хоча вайны, хоча вайны…

– Не рабіце такіх паспешлівых высноў, княжа, – перапыніў яго Леў Сапега. – Ён і не гаварыў, не думаў пра вайну…

– Тады што ўсё гэта азначае, пане канцлер, – горача запярэчыў ваявода, – калі не тое? Што гэта азначае? Што ён не лічыцца з дагаворам, што не выконвае яго, не пайшоў нават на невялікую ўступку пры вашым пасрэдніцтве, на маю просьбу не адгукнуўся! Папракае, што я не выконваю дагавор? Але ж, Богам клянуся, я выконваю яго! Я трымаюся яго, строга трымаюся! Перапрашаю вашых мосцяў і маіх мілых братоў, што падгаварыў усіх вас на гэтае непрыемнае пасольства. Прабачце мне, але я нават не спадзяваўся, што ўсё так скончыцца. Бог таму сведка! Але я знайду іншы, надзейнейшы, сродак на паноў Хадкевічаў, я не дазволю кепікі нада мной строіць! Бяру ўсіх вас, панове, у сведкі, што не я першы адступіў ад дагавора, што не я парушаю яго, што я яго шаную, і калі ўжо не па добрай волі, то зброяй прымушу яго выканаць.

Ваявода скончыў і, стомлены, упаў у крэсла, дрыжучы ад гневу. Ён зірнуў на князя Януша, які таксама быў увесь чырвоны, пляснуў рукой па калене і сказаў:

– Вайна! Значыць, вайна! Што ж, я гатовы і да яе! Калі не саступіць, то, Богам клянуся, не жыць яму! Атрымаеш, Хадкевіч, вайну, калі ты хочаш яе і выклікаеш мяне! I хай пралітая кроў будзе на тваім сумленні!

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb