Паздзел 2. У камяніцы жмудскага старасты

Вечар у адзін з апошніх дзён 1599 года. Снег ахінуў белым зімовым плашчом дахі касцёлаў і дамоў Вільні, зацерусіў вуліцы, толькі там-сям на іх чарнелі незамёрзлыя лужыны. На ратушы адзванілі і адбілі час тушэння агнёў, слугі і начныя стражнікі збіраліся рабіць абход, але агні яшчэ ззялі амаль ва ўсіх вокнах камяніц і палацаў, былі адчынены шынкі, і каля іх усё нешта крычала кампанія выпівох; на вуліцах было шматлюдна, у горадзе поўным ходам яшчэ віравала жыццё. Аднак крамы пад ратушай, мясныя лаўкі і магазіны былі ўжо даўно замкнутыя, разышліся з ратушнай плошчы рамеснікі і гандляры – гандаль скончыўся. Просты люд бавіў час у шынках, паны – у палацах, у ціхіх дамах гараджане вольна гутарылі, змаўкалі толькі тады, калі чулі стук у вароты: можа, гэта стукае гарадавы – ён часта правяраў дамы гараджан ці прыводзіў на пастой пасланцоў, дзяржаўных служачых або паслоў. З манастыроў даносіліся хоры вячэрніх малебнаў. I ўжо што хвіля, то болей радзелі шэрагі прахожых, аціхалі галасы, адзін за адным замыкаліся шынкі, закусачныя, лазні, гасла святло, рух спыняўся, горад заплюшчваў свае бліскучыя вочы і засынаў. У гарадскіх брамах нацягвалі ланцугі, зачынялі вялізныя вароты, выходзіла начная варта. Вартаўнікі з алебардамі абыходзілі вуліцы, спяваючы сваю адвечную, добра знаёмую песеньку:

Гараджане-васпане,
Сем гадзін наступае,
Бойся агню і злодзея!

I сапраўды, пачынаўся самы час злодзеяў, – ужо выбіраліся з падазроных шынкоў каля зладзейскага рынку спрытныя прайдзісветы з акаванымі жалезам дубінкамі, кіямі з насечкамі і пільнавалі ў завулках каля брудных дамоў запозненых прахожых.

Снег перастаў церусіць, і на неба выплыў месяц. Таму на вуліцах, нягледзячы на позні час, яшчэ было не цёмна.

На Замкавай вуліцы ўзвышаўся цёмны палац Хадкевічаў, толькі ў адным акенцы свяцілася жоўтым агнём свечка – яе святло прабівалася праз апраўленыя ў свінец шкляныя шыбкі на вуліцу; вароты палаца, як і ва ўсіх багатых дамах, былі ўжо даўно замкнутыя на вісячыя замкі і акутыя жалезам засаўкі. Ішла восьмая гадзіна, калі на вуліцы пачуўся тупат конскіх капытоў і ў вароты пастукалі. Вароты былі зачыненыя, прарэзаная ў тоўстай сцяне фортка – таксама. Некалькі вершнікаў у плашчах стаялі каля варот, адзін з іх злез з каня і настойліва стукаў у вароты, крычучы:

– Ёсць тут хто? Гэй! Адчыняй! Вартаўнік! Памёр, ці што? Гэй! Адгукніцеся хоць хто-небудзь! Чуеце?

З вокнаў дома насупраць высунулася некалькі галоў і знікла, а ў палацы ўсё маўчала, ніхто не азваўся.

– Ці то ўсе заснулі, ці п'юць у шынку. Хоць ты сам адчыняй, – сказаў другі вершнік. – Бадай, варта абысці палац і пагрукаць у другія вароты, можа, з таго боку хто-небудзь яшчэ не спіць. Канчайце стукаць!

Сказана – зроблена. Вершнікі паехалі да старой царквы Багародзіцы, завярнулі ўправа на невялічкую плошчу і падаліся ўздоўж сцяны па правым баку цеснай вулачкі, заязджаючы з другога боку палаца. Тут яны і ўбачылі святло ў акне, а той самы незнаёмец, што стукаўся ў вароты з таго боку, заняўся гэтым і тут. У асветленым акне з'явіўся цень чалавека, ён глядзеў на вуліцу, пачуўся голас:

– Хто там?

– Хто, хто! Ужо з гадзіну дастукацца не можам! Свае. Пан Барберы і слугі ягамосця, прыбылі па яго загаду.

Цень знік з акна, за сцяной пачуўся шум, які падаваў добрую надзею, пасля гэтага была адсунута засаўка, адамкнуты замкі, праз шчыліны ў варотах паказалася святло, а самі вароты цяжка зарыпелі на завесах. Госці заехалі на дварышча, вароты за імі зноў зачыніліся.

Жмудскі стараста Ян Караль – гаспадар палаца якраз адсутнічаў, таму ў доме і было так ціха. Па яго загаду прыехаў Барберы, або Гійаме Барб'е, француз, інжынер, апалячаны іншаземец. З ім было больш дзесятка прыдворных старасты і некалькі маладых шляхціцаў, якія таксама адносіліся да двара Хадкевічаў, былі даўнімі сябрамі іх сям'і. Па тым, як ціха іх прынялі, можна было вызначыць, што ў палацы гасцюе нехта знакаміты, хаця сам Ян Караль быў у ад'ездзе. Вершнікі злезлі з коней, аддалі іх гайдукам і канюшым, загадалі зняць паклажу і пайшлі за домакіраўніком, які спусціўся да іх са звязкай ключоў, а цяпер па высокай лесвіцы праводзіў іх наверх у вызначаныя ім для начлегу пакоі.

Уперадзе ішоў са свечкай у ліхтары малады хлопец-слуга, за ім цяжка ступаў домакіраўнік, а за ім паднімаліся ўгору пан Барберы і іншыя прыдворныя.

– Дзе мой пакой? – нецярпліва спытаў з акцэнтам стомлены дарогай француз. – Так высока?

Домакіраўнік павярнуўся да яго, паднёс руку да абшытай лісінай шкурай шапкі і адказаў:

– Больш нічога няма, усе пакоі занятыя або падрыхтаваныя для тых, хто павінен прыехаць, для сяброў пана старасты, а некаторыя занятыя складзенай там зброяй і амуніцыяй, толькі вось гэтыя і засталіся для вашай мосці. Я думаю, што вам спадабаецца – адтуль зверху відаць увесь палац.

Урэшце яны падышлі да дзвярэй, што вялі ў пакоі, і сталі на галерэі, якая акружала пяціканцовы выступ у левым крыле палаца. Выступ гэты выглядаў як невялічкая вежа ці ліхтар. Домакіраўнік пачаў падбіраць ключ да зам-ка і ўрэшце адчыніў дубовыя, акутыя жалезам дзверы, потым прапусціў уперад хлопца са свечкай.

Падарожныя ўціснуліся ў першы пакой, за ім былі бачны другі і трэці – такія ж самыя цесныя і пустыя. Голыя белыя сцены, пры сценах дубовыя лавы, пасярод – сталы, адна печ на ўсе тры пакоі, вялікі камін з высокім верхам, вокны з апраўленымі ў свінец шыбамі – вось і ўсё, што яны там убачылі. Падлога была цагляная. З даўно неапальваных, нежылых пакояў цягнула холадам.

– Ты, відаць, хочаш памарозіць нас, пан Бурчак, Богам клянуся! – усклікнуў француз. – Я тут не тое што ночы, гадзіны не вытрываю, пайду начаваць на пастаялы двор!

– Я ж казаў вам, што іншага жытла няма ва ўсім палацы, – апраўдваўся пан Бурчак, збіраючыся выходзіць.

– Але ж, можа, ёсць тут дзе-небудзь хоць адзін цёплы пакой, дзе можна было б адагрэцца? – спытаў Барберы.

– Пойдзем, хіба ў мяне сагрэецеся, – прапанаў пан Бурчак, – а я тым часам загадаю тут зацепліць і перанесці вашы рэчы, ім холад не зашкодзіць.

– Пойдзем, пане, і з вялікай ахвотай, – узрадаваўся маладзейшы, – бо мы зусім змерзлі, ды яшчэ галодныя, а тут і падсілкавацца няма чым, хіба што з голаду пачаць грызці сталы і лавы.

– Не! Не! Хадзем са мной, вашамосці!

– Відаць, мне ніколі не выспацца, – мармытаў, спускаючыся ўніз па прыступках, пан Бурчак, – ніколі не ўдаецца выспацца за гэтым праклятым абавязкам, ад яго ніякага спакою няма. Ці табе дзень, ці ноч, адно бегай з ключамі ад варот да варот, ад пакоя да пакоя. Таму дроў, таму ежы, таму лаўку, таму стол. Так пад старасць і галаву скруціць можна.

– А ўсё ж нездарма пан стараста выбраў вас, – заўважыў нехта з маладзейшых, – бо вы спраўляецеся з гэтым абавязкам лепей за ўсіх, хоць ён і цяжкі, і нудны. А за нашым гаспадаром служба не прападзе.

– Панская ласка на пярэстым кані ездзіць, – усміхнуўся Бурчак, спускаючыся па прыступках. За ім, спатыкаючыся ў цемры, караскаліся прыдворныя. – Ужо валасы ссівелі, а я ўсё яшчэ нашу ключы і працую прыбрамнікам. Хіба што ў стрыя пана старасты і маю ласку, а тут кім быў, тым і застаўся. Што за жыццё, васпане, што гэта за жыццё…

– Што зробіш, – азваўся хтосьці, – у кожнага свой чарвяк, які яго точыць.

– Не так ужо і ў кожнага, – прамармытаў Бурчак, ведучы падарожных далей. – А хіба вы, панове, як і пан стараста, самі сабе тых чарвякоў не заводзіце? Вось і зараз. Чуў я, што справа ідзе да вайны!

– Бадай што, да вайны, – пацвердзіў Барберы.

– Ну вось! А навошта яна нам?

– А навошта нам пра гэта думаць, пане Бурчак? Праваднік змоўк. Тым часам яны зноў выйшлі на дварышча, і ён па сцежцы павёў іх да другой галерэі, а па ёй да свайго пакоя, у якім мы бачылі святло праз акно з вуліцы. Тут нашы падарожныя, адчуўшы цяпло, пачалі распранацца. Пакой пана Бурчака знаходзіўся недалёка ад варот на вуліцы Савіч, вялікі, з вокнамі ў розныя бакі, гасцям ён падаўся досыць прасторным, хоць і скляпеністым, невысокім. Адно акно выходзіла на вуліцу, другое, бакавое, на суседні падворак. Было яно, праўда, меншае і закратаванае, а ўсё ж заўжды глядзела на суседні дом. Сусед, аднак, маўчаў, можа, і таму, што яно выходзіла з палаца Хадкевічаў. У куце стаяў ложак пана Бурчака, дакладней, тапчан, накрыты выцертай мядзведжай шкурай, над ім вісела распяцце, абвітае пасвенчанымі галінкамі, жоўтая грамнічная свечка, перавязаная стужкай, абразок святога, галінка вербніцы і шабля на невялікім дыване, прыбітым цвікамі. Пры сценах стаялі простыя лаўкі, пасярод – такі самы просты дубовы стол, на ім некалькі пустых жбанкоў і кубкаў. На століку гарэла ў вялікім латунным ліхтары жоўтая васковая свечка, у каміне дагараў чырвоны агонь.

Падарожныя нарэшце адагрэліся. Пан Барберы, ён жа Гійаме Барб'е, або, як прасцей яго тут называлі – Вільгельм, іх начальнік, быў высокі худы мужчына, бледны, з твару жаўтаваты, вочы, бровы і валасы цёмныя. Доўгія валасы, прыгожыя вусы і вострая бародка на белым жабо, скамечаным і брудным пасля дарогі, суконны кафтан, скураныя штаны, боты з доўгімі шпорамі, капялюш з пёрамі, ласіныя пальчаткі, доўгія, ледзь не па самы локаць, – увесь яго выгляд і рыштунак, хоць і не польскага ладу, гаварылі аб тым, што ён чалавек мужны, бесшабашны ваяка, які да ўсяго адносіцца весела, з усяго смяецца, любіць вінцо, заляцанкі, росказні, не баіцца небяспекі і не надта паважае чуллівых людзей, якія ахвотна выварочваюць душу наросхрыст. Скінуўшы плашч, ён падышоў да каміна і, паціраючы рукі, грэўся каля вуголля, а ногі засунуў ледзь не ў самы жар.

Абодва ягоныя таварышы былі палякі, маладыя, прыгожыя з твару, апранутыя ў кунтушы і жупаны, пры палашах, у абодвух былі паголеныя галовы, доўгія вусы. Хаця з першага позірку ў іх тварах заўважалася нешта падобнае, аднак, калі прыгледзіцца, нельга было не адзначыць, што выраз іх быў розны. У малодшага быў высокі лоб, блакітныя вочы, рымскі нос, амаль белыя вусы, чуб, пагляд смелы, насмешлівы. У другога ж лоб быў нізкі, упалыя шэрыя вочы, нос непрыгожы, шырокі рот, тоўстыя вусны, адзенне вісела на ім, як на калку. Першага называлі пан Сумінскі, другога – пан Брожак. Яны абодва былі прыдворнымі пана старасты і памочнікамі пана Барб'е.

– Дык, можа, у вас знойдзецца і што-кольвечы перакусіць і выпіць? – спытаў Барберы ў Бурчака, які ўсё нешта незадаволена мармытаў.

– Такой парой? Усе ж спяць! Адкуль я магу што ўзяць, вашамосці?

– Вы ж не захочаце, каб я паскардзіўся пану старасту, што вы марылі мяне голадам? – настойваў Барб'е.

– Ад мяне гэта не залежыць, – адказаў Бурчак і замахаў рукамі, – а паскардзіцца вы можаце маршалку двара, які бачыць ужо дзесяты сон, яго ніхто не дабудзіцца, і прачнецца ён раніцой, калі сам захоча есці.

– Але ж пан дасць нам што-небудзь хоць на адзін зуб? – ласкава спытаў Сумінскі. – Напэўна ж, у вас ёсць нейкія прыпасы ў шафе?

– Я і не кажу, што не маю і што не дам, – адказаў Бурчак, – але калі ўжо дам, то не па абавязку перад вашамосцямі, а proprio motu – са сваёй ласкі і добрай волі.

– У кожнага з нас толькі адзін рот і адзін шлунак, – смеючыся, прамовіў Сумінскі, – і нам без розніцы, як яны напоўняцца: па абавязку ці з ласкі.

– Але ж цяпер пост, панове.

– А што вашамосць трымае ў сваёй шафе? – спытаў Барберы, падкладаючы ў агонь паленні.

– Што? Ну, трохі смажанай на алеі рыбкі, крыху грэнак з часнаком, збаночак піўка.

– Што зробіш, хопіць і гэтага! – згадзіліся падарожныя. – Дайце нам з вашае ласкі тое, што ёсць.

Яны селі за стол, а Бурчак з ключамі пайшоў да шафы, адамкнуў яе, потым расставіў на стале медныя міскі і расклаў па іх ежу.

Як бы мала яе ні было, елі са смакам, бо ўсе былі галодныя; пан Бурчак ужо збіраўся паставіць ім піва, калі ў вароты зноў пастукалі, а з вуліцы пачуўся нечы голас:

– Гэй! Ёсць там хто? Гэй! Адчыніце! Адчыняйце, я вам кажу!

– Ну вось, зноў, – незадаволена прамовіў Бурчак і падбег да акна. – Ці то насланнё якое, ці то Радзівілы збіраюцца браць нас прыступам. Хто гэта зноў? – Ён глянуў і тут жа, ні слова не кажучы, збег па лесвіцы, і падарожныя зноў пачулі скрып завесаў і тупат коней на брукаваным дварышчы.

– Хто б гэта мог быць? – зацікавіўся Барберы.

– Спытаем, калі вернецца пан Бурчак.

Пры гэтых словах адчыніліся дзверы пакоя, і ўвайшоў высокі мужчына са шпагай на баку, проста апрануты. На ім быў раменны пояс, шыты срэбрам, цёмны плашч, зацярушаны снегам. Ягоныя боты былі ўсе ў гразі.

– У мяне ўжо няма ніводнага вольнага пакоя, – звярнуўся да яго Бурчак, – дык, можа, вашамосць згадзіцца пераначаваць з панам Барберы?

– Мне ўсё роўна, дзе начаваць, – з акцэнтам сказаў новы госць, – я прывык спаць дзе прыйдзецца!

Усе, хто сядзеў за сталом, пачалі прыглядацца да яго, а пан Барберы ўстаў і падышоў да госця.

– Вітаю, пане Станіславе! Што здарылася? Так хутка вярнуўся?

– А, гэта вы, пан Барб'е! Рады вас бачыць. Вярнуўся, але не так хутка.

– А што прывяло цябе сюды?

– Што? Загад пана старасты, які мяне раней адправіў, а зараз паклікаў назад дзеля нейкай патрэбы.

– А! – усклікнуў Барберы. – Я ўсё зразумеў. Ты тут дзеля таго, што і мы. А куды ты ездзіў?

– Ды я ўжо быў выбраўся за мяжу, каб агледзець лепшыя крэпасці і замкі, як нечакана ўжо недалёка ад аўстрыйскай Вены атрымаў ліст ад пана старасты. У ім ён загадваў мне вярнуцца і абяцаў, што зноў адпусціць мяне, як толькі міне патрэба, дзеля якой ён мяне выклікае. I яшчэ загадваў спяшацца. Ну, дык я і спяшаўся, можна сказаць, без сну і адпачынку.

– Відаць, мы тут усе сабраліся дзеля аднаго, – прамовіў Барб'е. – Так яно і ёсць!

– А ў чым справа, пан Вільгельм?

– Хіба ты не ведаеш?

– Нічагусенькі не ведаю! Якая-небудзь вайна? Далёкі паход? Вораг напаў?

– Самае дзівоснае, што толькі можа быць. Але не той час і месца, каб цяпер гаварыць пра гэта. Пакуль што сядай і еш.

Запрошаны без цырымоній сеў да стала.

Падарожныя моўчкі елі, Бурчак тым часам хадзіў, мармычучы, па пакоі, быццам парадкуючы нешта. Калі сціх бразгат нажоў і місак, першы загаварыў пан Станіслаў, звяртаючыся да Барберы:

– Я паміраю ад цікавасці, дык скажыце мне, калі ласка, дзеля чаго мяне выклікалі? Па ўсім відаць, што чакаецца нешта важнае.

– Важнае, аж занадта, – адказаў француз, – ды калі пачынаць гаварыць пра гэта, то можна і да світання не скончыць, а ўжо ноч. Але ж ты чалавек разумны, дык, можа, і па дарозе нешта ўляцела ў вуха. Няўжо зусім нічога не чуў?

– Як вам сказаць, і чуў, і не чуў, – жвава адгукнуўся Станіслаў. – Вашай мосці вядома, што пан стараста – мой ласкавы апякун, ён хоча вывесці мяне ў людзі, таму за свой кошт адправіў мяне за мяжу, каб я пры іншаземных дварах павучыўся ваеннай справе, пабачыў свет. Я і паехаў, але неспадзявана атрымаў пасланне, загад паспяшаць назад, адкласці падарожжа на потым, бо я цяпер болын патрэбны дома. Я з вялікім шкадаваннем згарнуў клункі і павярнуў назад, заспяшаўся сюды. У сваім лісце пан стараста загадаў мне вяртацца як найхутчэй, і я так гнаў каня, што па шляху не меў часу некага распытаць, таму нічога і не ўведаў. Але па ўсім бачу, што, мабыць, ладзіцца другі інфляндскі* паход.

– Які там, да чорта, інфляндскі! – абарваў яго Барберы. – Многа горш, дзіўней – не інакш як грамадзянская вайна!

– Ды ну? А з кім? З іншаверцамі?

– З іншаверцамі! Яшчэ толкам нічога не вядома, але кажу табе, што грамадзянская вайна, – запэўніў Барберы. – Пачакай, я ўсё табе раскажу, што ведаю сам, бо бачу, што ты, пане, як кажуць, ні сном ні духам пра тое, што ў нас дзеецца, не ведаеш. Ты ж перад падарожжам быў тут?

– Пакуль я тут быў, мяне чужыя справы не цікавілі, – адказаў Станіслаў. – Нечаму дзівіцца: праціраў штаны на езуіцкіх лавах, вывучаў метафізіку, рыторыку і філасофію, акрамя таго, туляўся па лагерах; як толькі дзе страляюць, там і я порах нюхаю, а што там людзі гаварылі, я ўсё прапускаў міма вушэй.

– Тады мне трэба табе, пане, усё ab owo – з самага пачатку – талкаваць, цэлую казань казаць, – паківаўшы галавой, прамовіў Барберы. – Але бачу, што ў пана Бурчака зліпаюцца вочы, пара і нам ісці ў свой пакой.

Пан Брожак адарваўся ад збанка, з якога спрабаваў здабыць апошнія кроплі піва, і пайшоў. Бурчак пазбіраў міскі, кубкі і збан, саставіў іх зноў у шафе, потым узяў ружанец і сабраўся маліцца.

– Вы вельмі выразна паказваеце нам, што мы тут ужо затрымаліся, – заўважыў Барберы.

– Дык жа даўно пара спаць, – адказаў стары. Тут увайшоў Брожак, замахаў рукамі.

– Не ўздумайце туды ісці, – спяшаўся папярэдзіць ён. – Печ так напалілі, што па пакоях пайшоў жудасны чад, якога не вытрымае і конь, не тое што чалавек. Усе слугі павыскоквалі на лесвіцу.

– Што ж нам рабіць? Дзе мы будзем спаць? – усклікнуў Барб'е.

– А дзе сабе хочаце! – адрэзаў Бурчак.

– Дык, можа, мы тут застанемся? – зноў спытаў француз.

Бурчак нічога не адказаў.

– Каб у нас быў хоць бы яшчэ адзін збан або пляшка віна, то мы б яшчэ неяк час прабавілі, – сказаў Барберы, – але ж ноч такая позняя ды такая доўгая!

– Хай вашамосць папросіць пана Бурчака адчыніць вароты, – нахіліўшыся, прашаптаў Брожак на вуха французу. – Я ведаю, дзе тут недалёка прадаецца піва, і схаджу са збанком.

– Але ж усе шынкі і корчмы даўно пазачыняліся.

– Нічога, мне адчыняць, я тут усюды свой. Ды там, напэўна, не спяць яшчэ. Хаця на ратушы празванілі гасіць агні, яны ўсё роўна паляць яго, – запэўніў Брожак.

– Каб хаця хто-небудзь не абакраў, такой парой, напэўна, швэндаецца нямала злодзеяў.

– О! Не бойцеся, вашамосць, а лепей папрасіце пана Бурчака адчыніць вароты і запрасіце яго на віно. Хай толькі адчыніць, я абавязкова знайду віна.

– Ведаеце што, пане Бурчак, – ужо ўголас прамовіў Барб'е, – здаецца мне, што нам нідзе не ўдасца заснуць, а трэба ж неяк скаратаць ноч. Дазвольце пану Брожаку схадзіць прынесці нам збан віна. Толькі дайце яму ключ ад варот.

– Што? Што? Ён прынясе віна? – спытаў стары.

– Прынясе, – запэўніў яго Барб'е.

– Дзе ён яго возьме такой парой?

– Паверце мне, вашамосць, – пераконваў Брожак, – я вам прынясу самага лепшага, ад Мальхера, з-пад шыльды.

– У Мальхера ўжо зачынена.

– Мне адчыняць, толькі вы ключ дайце.

Стары пакорпаўся на століку і выбраў адзін ключ, адвязаў яго ад раменьчыка.

– Ідзіце, вашамосць, – сказаў ён, – да варот ад Замкавай вуліцы, там злева ёсць дзверцы, каля варот, якраз насупраць крамы Мальхера, вам застанецца толькі перайсці вуліцу, і вы на яе парозе. Але, я прашу вас, замыкайце за сабой, бо нехта залезе, тады будзе мне бяды.

– Будзьце пэўнымі, вашамосць, – адказаў Брожак. – Дайце мне грошай, пане пэлкоўнік, – звярнуўся ён да Барб'е, – а вы, пане Бурчак, пазычце збан.

Сказаўшы гэта, ён заткнуў адно і другое крысо за пояс, насунуў па самыя вушы шапку, кіўнуў галавой Сумінскаму і зачыніў за сабой дзверы.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb