Паздзел 6. Праз дзевяць гадоў

Гэта было ў 1609 годзе, у адзін з невясёлых асенніх дзён. У нясвіжскім замку ў пакоі, далёкім ад знадворнага гоману і шуму, з завешанымі зялёнымі адамашкавымі фіранкамі вокнамі, на ложку пад зялёным балдахінам з залатымі шнурамі і махрамі ляжала яшчэ маладая, але бледная і схуднелая жанчына. Яе чорныя распушчаныя валасы раскінуліся па белай падушцы, адной рукой яна нацягвала на сябе падбітую футрам коўдру, другой трымала хусцінку каля сініх сасмяглых вуснаў.

Каля яе ног сядзела гэткая ж маладая, як і яна, і таксама прывялая жанчына і нявесела пазірала ёй у вочы. Яны маўчалі, глядзелі адна на адну і адна адну разумелі.

У пакоі панавала цішыня, яе парушаў толькі гадзіннік, які аднастайна мераў час, ды трэск паленняў у каміне.

– Тэрэза! – паклікала жанчына, якая ляжала на пасцелі. – Падкінь яшчэ дроў, мне ўвесь час холадна, я ўся дрыжу.

Жанчына, якая сядзела ў яе ў нагах, устала і пачала моўчкі падкладваць дровы, потым вярнулася да ложка і ўкрыла сваю гаспадыню яшчэ адной коўдрай.

– Усё яшчэ холадна, княгіня? – спытала яна.

– Не яшчэ, а ўвесь час! – адказала хворая. – Толькі зрэдку падступае гарачыня, пачынае спапяляць нейкі ўнутраны агонь, полымя ахоплівае галаву, слепіць вочы; гараць разгарачаныя далоні. Потым зноў падступае смяртэльны холад. Так холадна, так жудасна холадна! Дай мне папіць!

Служанка падала княгіні кубак з падрыхтаваным пітвом, хворая паднесла яго да вуснаў, скрывілася і аддала назад.

– Дай мне вады, – ціха прашаптала яна. – Гэтае пітво не наталяе смагу, калі мне хочацца піць, толькі больш распаляе яе. Мне пасля робіцца толькі горш. Глянь на мае сасмяглыя вусны, яны нібы высахлі. Дай мне вады.

– Лекар забараніў, – адказала служанка.

– Лекар! Навошта ж яго слухацца? – загаварыла хворая і паднялася. – Лекары толькі мучаюць мяне і забіраюць рэшткі здароўя, напэўна, адбяруць і жыццё. Злітуйся нада мной, дай мне вады! Я і так не буду жыць. Хіба мне можа зашкодзіць нешта яшчэ, калі ўжо нішто не дапамагае. Тэрэза, тваім вечным збавеннем заклінаю цябе, дай мне вады!

I Тэрэза са слязамі на вачах спачатку павагалася, а потым выйшла праз дзверы і хутка вярнулася, падала княгіні кубак з вадой, які тая адразу ж выпіла. Потым упала на падушку і зноў пачала дрыжаць, зноў пацягнула на сябе ўсё, што было, каб сагрэцца.

– О, як цяжка чакаць смерці! Як доўга трэба маліцца, каб яна прыйшла, як доўга цярпець, як доўга выглядаць, калі ж яна нарэшце прыйдзе! Мой ты Божа, чаму ж я не памерла маладой, калі яшчэ была шчаслівай ад надзеі? Але Бог загадаў жыць, цярпець!

– Навошта ж, пані, вы мучаеце сябе такімі думкамі? – усклікнула Тэрэза. – Бог дасць вам здароўе і сілу. Благое мінецца, прыйдзе добрае. Пан доктар штодня запэўнівае, што вашай мосці будзе лепей.

– А я адчуваю сябе ўсё горш, усё бліжэй да труны. Ніхто лепш за мяне не ведае, што са мной робіцца. Я памру, хутка памру, Тэрэза, і гэтым я суцяшаюся.

– Хіба ж вам, пані, няма для каго жыць!

– Для каго! Ці ж ёсць у мяне хто, каб любіў мяне, каму б я дачкой была, роднай! Родныя не прызнаюць мяне, а муж…

– Як бы хто не падслухаў! – спалохалася Тэрэза.

– Хай слухае, гэта не таямніца. Муж мой не са мной ажаніўся.

– Як гэта, княгіня? – усклікнула Тэрэза.

– О! Усе ведаюць, чаму хацелі ваяваць за мяне, – прамовіла Соф'я. – Не дзеля мяне зусім, а дзеля тых маёнткаў, якія атрымалі ў пасаг. Я хутка адчула над сваёй галавой Божае неблагаславенне. Колішняя дзіцячая прывязанасць князя Януша змянілася на нешта адваротнае. Ён зноў пачаў ваяваць з Хадкевічамі за староства, за каралеўскую ласку, пакінуў мяне, забыў. Калі ж часам прылятаў сюды, хіба сказаў ён мне добрае слова, паказаў, што кахае мяне? У яго на душы першая думка і найпершае жаданне – як бы ўзвысіцца, а ўсё астатняе потым ужо. Я спачатку не верыла ў свой нешчаслівы лёс, хаця заўжды прадчувала яго; я шукала ў Янушы сябра сваіх дзіцячых гадоў, майго брэсцкага Яся, а ён так хутка стаў другім! Кожны дзень мае надзеі на будучае, на шчасце ападалі, як пялёсткі кветкі. I хутка я засталася ўдавой, не стаўшы маці, бо калі ж я магу бачыць яго? Як я яго ўбачу, Тэрэза, калі ён вернецца з вайны са світай сяброў і цэлымі тыднямі сядзіць з імі, раз ці два пакажацца, і ўсё! О, лепей памерці, ды і пара ўжо ўміраць. Дзядзька нездарма казаў, што Бог не благаславіць наш шлюб. Гэта вісіць над маёй галавой.

Тэрэза нічога не адказала на гэтыя скаргі, моўчкі слухала, падпёршы галаву рукамі, сваю пані, і толькі слёзы стаялі ў яе вачах.

– Хай бы хоць дзеля ўцехі Бог даў мне дзіця! – казала княгіня. – Але не, дзеці – гэта Божае благаславенне, а над маёй галавой неблагаславенне. Ксёндз павянчаў нас, але не благаславіў, ён запрысяжыў вусны, а не душы, я прысягала, плачучы, бо прадчувала сваё будучае.

– Скажы мне, Тэрэза, – зноў загаварыла яна, крыху памаўчаўшы, – ці ўсе людзі гэтак мяняюцца на працягу жыцця і так псуюцца, ці ўсе так забываюць?!

– Можа, вы, пані, занадта ўзялі да сэрца і свае няшчасці, і каханне мужа, – пераконвала служанка. – Мужчына павінен служыць дзяржаве, павінен ісці на вайну, павінен ваяваць, павінен праводзіць больш часу недзе ў свеце, не тое што мы, дома, у спакоі, пры кроснах.

– Ах, я ўсё гэта ведаю, – перапыніла яе княгіня Соф'я, – але навошта мужчынам сеяць смуту і на сваю галаву распачынаць войны, а на краіну наклікаць беды? А потым – хіба, седзячы тут, ён не мог успомніць мінулае, хоць адным словам, адным позіркам, асабліва цяпер, калі я кожную хвіліну чакаю смерці? Хіба не мог бы ён даць мне асалоду, пабыць са мной хаця б некалькі гадзін?

– Княгіня…

– Дарэмна ты абараняеш князя. Ты проста хочаш суцешыць мяне. А я не хачу маны! Я ведаю, як яно ёсць на самай справе, я ведаю пра ўсё! Ён не кахаў мяне, не пра мяне быў ягоны клопат, а пра мой пасаг. Я была нічым у іх вачах, ва ўсіх іх! Цяпер я гэта ведаю. I разумею: так хацеў Бог.

Яна зноў уся затрымцела і пачала хутацца.

– Хоць бы памерці, хоць бы хутчэй памерці! – галасіла яна. – Такое жыццё – гэта павольная смерць, гэта пакута.

Яна малілася і плакала.

Тут адчыніліся дзверы пакоя і ўвайшоў мужчына, ужо сівы, згорблены, з кійком у руцэ, у чорным нянаскім адзенні. Гэта быў прыдворны лекар князя.

Глянуўшы на яго, можна было лёгка прачытаць па твары ягоны характар. Скрыўлены твар яго ўздоўж і ўпоперак быў скрэслены маршчынамі і пабіты чырвонымі плямамі, сінімі гузакамі, белымі шрамамі. З-пад абвіслых павек няўлоўна пазіралі светлыя, амаль белыя вочы, вусны, скрыўленыя на адзін бок, надавалі яму выгляд дзівака. Нізкі лоб амаль да броваў закрывалі сіва-брудныя валасы, вышэй галава была амаль што лысай, і толькі з бакоў яе там-сям закрывалі валасы таго ж колеру. Згорблены і кульгавы на адну нагу, ён абапіраўся на кій з пазалочанай ручкай. Гэта быў чужынец, які ўжо нямала гадоў пражыў у краіне, ведаў мясцовую мову, народныя звычаі, дух народа. Паслужлівы, подлы, ён падлізваўся да кожнага, рассцілаўся перад кожным, ад каго мог мець карысць. Такі быў Фрызіюш – прыдворны лекар князя.

Княгіня яго не любіла; ён лячыў яе з двухгадовага ўзросту і кожны раз абяцаў, што ёй палепшае. Цяпер жа яе здароўе ўвачавідкі пагаршалася. Вось і зараз ён прыйшоў са сваёй звыклай усмешкай, з паклонам, са звыклымі абяцаннямі.

– Пані княгіня крыху паздаравела, гарачка ўжо меншая, пульс лепшы, скура чысцейшая! Хвала Богу! Хвала Богу! Фрызіюш рады! Фрызіюш вітае васпані!

– Няма чаму радавацца, няма з чым віншаваць, – рахмана адказала княгіня. – Мне ўсё горш, усё горш…

– Што? Горш?! – усклікнуў лекар. – Горш! Ха, ха! Гэта вам, пані, са страху так здаецца, але Фрызіюш кажа праўду, яму трэба верыць, Фрызіюш у гэтым разбіраецца. Трэба толькі быць спакойнай, трэба верыць, трэба піць лекі, а не плакаць, не мучыць сябе рознымі думкамі. Навошта гэтыя думкі і домыслы? Толькі спакой! Фрызіюш дае слова, што вылечыць пані.

Княгіня памаўчала, потым прамовіла:

– Пане мой, ці не дазволілі б вы мне піць ваду, ад вашага лекавання мне блага, пячэ ўнутры!

– Ваду! – з абурэннем у голасе ўсклікнуў лекар. – Вада – гэта гібель для пані. Трэба піць лякарства. Толькі лякарства! Фрызіюш дае слова! Я сам рабіў яго з вядомых мне траў і дзейсных інгрэдыентаў. Дарагія і бясцэнныя лекі!

Княгіня зноў змоўкла.

Доктар зірнуў на бутэлечкі, якія стаялі на стале, пашаптаў нешта на вуха служанцы і сабраўся ісці.

– Пані можа быць спакойнай. Фрызіюш ручаецца, што палепшае. Што далей, то будзе лепей. Дабранач, пані!

– Ці былі вы ў князя? – слабым голасам спытала хворая.

– Быў. Ён здаровы і вясёлы, бавіцца са сваімі сябрамі і родзічамі. Хай Бог дае яму здароўя на многа гадоў! Фрызіюш мае з ягонай ласкі кавалак хлеба.

– Не пытаўся пра мяне?

– Ён спадзяецца на Фрызіюша і добра робіць, – адказаў лекар. – Гэта я і вам раю. Дабранач! А лякарства трэба піць! Тады здароўе вернецца. Дзверы зачыніліся.

– Я піла б, каб ведала, што яно мяне хутчэй загубіць, – ціха азвалася княгіня, – але ж яно толькі доўжыць пакуты! Тэрэза, станавіся на калені і ўголас чытай вячэрнюю малітву, а я ў душы буду маліцца разам з табой!

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb