Паздзел 5. Чакалі да поўначы
Набліжалася поўнач. Вялікая зала ў кардыналіі была перапоўнена людзьмі. Пасярод стаяў вялікі стол, засланы дарагім абрусам. На ім гарэлі васковыя свечкі, а пасярод ляжалі крыж і кніга.
З двух бакоў каля стала моўчкі стаялі святары: евангельскі пастар і рускі мніх. Яны нібыта нечага чакалі. Крыху воддаль рыхтаваліся выканаць свае абавязкі два трыбунальскія возныя*, высокія і худыя, з выцягнутымі шыямі і натапыранымі вусамі, яны пазіралі то на людзей, то на сябе.
Вялізны гданьскі гадзіннік у шкляной скрынцы ў гэты момант паказваў, што праз дзесяць хвілін ён праб'е поўнач.
З усіх бакоў стол акружалі людзі, яны перашэптваліся. Асабліва ўрачыста выглядалі багата апранутыя князь-ваявода і ягоны сын Януш, іхнія белыя атласныя жупаны і пунсовыя кунтушы былі бачны здалёку. Абодва застылі ў панурым маўчанні. Ваявода пазіраў на гадзіннік.
Прайшло яшчэ пяць хвілін – усё тое ж глыбокае маўчанне. Толькі той-сёй паціху перагаворваўся.
Нарэшце гадзіннік пачаў павольна адбіваць час, і як толькі дванаццаты ўдар разлёгся па зале, ваявода стаў на ўзвышэнне і пачаў гаварыць:
– Сведчу перад усімі тут прысутнымі, што я нічым не парушыў вызначанага тэрміну, дамоўленага з панамі Хадкевічамі. Мы запрасілі іх сюды, чакалі ўвесь дзень, былі гатовы заключыць саюз паміж прысутным тут маім сынам Янушам і князёўнай Соф'яй Слуцкай. Гэты тэрмін скончыўся, дамова засталася нявыкананай, але не па нашай віне.
Амаль тое самае выразна і гучна паўтарылі з ужываннем спецыяльных тэрмінаў на лацінскай мове абодва возныя. Князь саступіў з узвышэння, крыж і свечкі вынеслі, дзверы расчынілі насцеж, і ваявода запрасіў усіх шматлікіх гасцей у другую залу, у якой іх чакала хоць і позняя, але багатая вячэра.
Мы не будзем апісваць банкет, якім скончыўся гэты страшны дзень. Разгарачаныя віном госці не раз са злосцю згадвалі Хадкевічаў, гучалі пагрозы і папрокі, раты не закрываліся. Адзін толькі ваявода маўчаў, яго дарэмна стараліся развесяліць прыяцелі і падліпалы, але колькі яны ні злоснічалі, ён нічога не гаварыў.
Позна ноччу ўсе разышліся.
А ў камяніцы Хадкевічаў усё рыхтаваліся, гэтак жа як і ўдзень, адбіваць напад. Перагукваліся салдаты, палілі агні, хадзіла стража, сам Мікалай Хадкевіч у кірасе, з шышаком у руцэ, мячом ля пояса абходзіў вартавых, будзіў тых, хто заснуў, настаўляў вуха на кожны пошум з вуліцы. Кашталян з Янам Каралем і Аляксандрам сядзелі ў сваім пакоі. Князёўна Соф'я ўсё гэтак жа малілася перад абразом Маці Божай.
Так у неспакойным чаканні прайшла ўся ноч, наступіў дзень. Адчынілі брамкі, паслалі на разведку людзей. Неўзабаве ад Завішаў прынеслі дакладныя звесткі пра тое, што адбылося ў Радзівілаў за ўчарашні дзень.
Хадкевічы дужа здзівіліся той падатлівасці, якую праявіў ваявода пад націскам сваіх прыхільнікаў, не разумелі яе, тлумачылі сабе толькі тым, што камяніцу цяжка было ўзяць прыступам, бо яны ведалі пра нараду вайскаводаў, якія шукалі найлепшага шляху да перамогі і нічога не змаглі прыдумаць і не знайшлі адзінага рашэння, як узяць камяніцу.
Перад полуднем прыйшлі біскуп Гедройц з панамі Завішамі, яны зноў намагаліся дабіцца прымірэння. Але яны дарэмна спрабавалі розныя спосабы, бо Ян Караль, нібыта асмялеўшы пасля ўчарашніх ваганняў ваяводы, не дазволіў кашталяну згадзіцца на штосьці. Кашталян гэтак жа, як і ўчора, усё ўскладаў на князёўну. Цэлы дзень ішлі ўзаемныя перамовы, але ўсё марна. Было не так лёгка зблізіць Хадкевічаў і Радзівілаў, прывесці іх да згоды. Аднак было відавочным і тое, што абодва бакі стаміліся ад нянавісці і нервовага напружання і хацелі спакою і міру, хаця б нават часовага.
***
У чэрвені 1600 года ў Вільні засядаў Трыбунал. Туды зноў паклікалі Хадкевічаў, каб, з аднаго боку, пастрашыць іх магчымымі карамі, а з другога – прапанаваць умовы міру. Паклікалі аднадумцаў, арбітраў у спрэчцы. Стомлены доўгай барацьбой кашталян астыў, браты дарэмна настройвалі яго ў лістах, прасілі, каб ён без іх нічога не вырашаў. Кашталян, па ўсім было відаць, схіляўся да прымірэння, у душы ўжо быў за гэта.
Пагадненне штодзень рабілася больш верагодным. Нарэшце на з'ездзе Трыбунала, з усіх бакоў абкружаны пасрэднікамі і прыхільнікамі, угавораны імі, ды яшчэ пад страхам баніцыі, якую ўсё яшчэ трымалі ў запасе для пагрозы, кашталян нарэшце ўступіў.
Ён згадзіўся аддаць князёўну за князя Януша (атрымаўшы яе згоду на гэта), але для заспакаення свайго сумлення паставіў умову, каб быў атрыманы дазвол з Рыма; судовыя справы былі скасаваны.
Шлюб адбыўся ў Берасьці 1 кастрычніка таго самага года. Князёўна ішла пад вянец па дарожцы, высланай сукном, у суправаджэнні шматлікіх прыдворных і запрошаных. З ёй ішоў кашталян. З другога боку, паводле звычаю, ехала світа Радзівілаў. Усе на конях з багатай збруяй і шыкоўнымі сёдламі, самі аж ззялі ад золата і каштоўных каменняў.
Пасля вянчання маладая пара прайшла да палаца кашталяна, дзе пачалося вялікае і пышнае застолле, яно цягнулася аж да рання. Раз'ехаліся ўжо завідна. Увечары з не меншай пышнасцю балявалі ў князя-ваяводы, вяселле доўжылася цэлы тыдзень.
ЗМЕСТ
ТОМ I
Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе
ТОМ 2
Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ
ТОМ 3
Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ
КАМЕНТАРЫ
Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb