Том 3. Паздзел 1. Пятага лютага

Том 3. Паздзел 1. Пятага лютага

Назаўтра ўранку біскуп з абодвума Завішамі і маршалкам Дарагастайскім падаліся да Радзівіла. Ваявода прыняў іх з належнай пашанай, але адчувалася і нейкая халаднаватасць. Лісты ад караля ён адразу ж прачытаў і звярнуўся да біскупа:

– Яго каралеўская вялікасць сваёй вялікай ласкай хоча дапамагчы нам, хоча, каб мы прыйшлі да згоды; аднак жа гэта не тая справа, якую можна вырашыць загадам, толькі мы лепей за ўсіх ведаем, як яе скончыць. Чужая рана нікому не баліць, хоць так і хочацца загадаць, каб хворы не енчыў. А хіба гэтым яго вылечыш?

– Князь-ваявода, – паважна і лагодна адказваў біскуп, – яго вялікасць кароль ведае пра вашы раны, і ён пакуль што не загадвае, а просіць вас зрабіць усё магчымае, каб з асабістай справы не разгарэлася ў краіне грамадзянская вайна. На вас мы асабліва спадзяёмся, таму што вы, пане ваявода, першы пачалі сцягваць войскі, падалі дрэнны прыклад.

Ваявода перапыніў яго.

– Гэта мая справа, і я нікому не дазволю ўмешвацца ў яе, – амаль катэгарычна сказаў ён. – Парады яго вялікасці караля я з удзячнасцю прымаю, але што рабіць далей, мне прадыктуе мой абражаны гонар, толькі яго я і паслухаюся.

– Паслухайце, аднак, і тых, хто жадае вашай мосці дабра, – прамовіў Дарагастайскі. – Справа зусім не ў тым, каб некага прынізіць, ніхто гэтага і думаць не думае. Тое, што робіцца, робіцца толькі дзеля таго, каб, як кажуць, і козы былі сытыя, і сена цэлае. Можна ж урэшце знайсці та-кое выйсце, якое задаволіла б і вас, і Хадкевічаў, дазвольце нам хаця б паспрабаваць, вы ад гэтага нічога не страціце.

– Сапраўды, вас ніхто ні да чога не прымушае і нікуды вас сілай не цягнуць, – дадаў Завіша. – Тое, што вам прапануюць, вы павінны прыняць толькі па добрай ахвоце. Аднак жа вы, пане ваявода, нават не хочаце паспрабаваць прыйсці да згоды!

– Я ўсёй душой хачу гэтага! – усклікнуў Радзівіл. – Я таго і сам жадаю, але згаджуся на тых умовах, якія прапаную я сам, калі іх не выканаюць, то вы, васпане, нічога не даможацеся.

– Дазвольце даведацца, – спытаў біскуп, – якія вашы ўмовы?

– Няма сэнсу раскрываць іх, – горда адказаў ваявода, – бо Хадкевічы не прымуць іх. Гэта яны, толькі яны адны далей за ўсіх стаяць ад паразумення і міру; яны адны толькі шукаюць прычыну для вайны, нават калі мы ім у нечым уступім, яны не будуць гэтаму рады і ўсё роўна прымусяць нас увязацца ў гэтую няшчасную вайну! Так-так! Бо чаму ж яны ўвесь час адмаўляюць нам, чаму мая апошняя спроба, калі я папрасіў дванаццаць паноў сенатараў быць пасрэднікамі паміж намі, каб яны прыслухаліся да нашых прапаноў і просьбаў, нічога не дала, яны пагардліва адштурхнулі працягнутую ім руку. Не ўгаворвайце мяне паўтарыць гэтую спробу, я болей не зраблю ніводнага кроку насустрач ім.

– А калі б яны цяпер зрабілі нейкія крокі насустрач вам, князь-ваявода? – спытаў Ян Завіша.

– Яны? Яны не зробяць гэтага! – запэўніў князь Януш.

– Вы іх, відаць, яшчэ мала ведаеце, – памяркоўна прамовіў біскуп. – А мы якраз і прынеслі прапановы ад іх, прапановы слушныя і памяркоўныя, на якія нельга не згадзіцца, – яны вас не прынізяць, не пакрыўдзяць, калі вы захочаце іх прыняць.

Ваявода пераглянуўся з сынам, яны абодва не маглі паверыць словам біскупа, на іх тварах чыталася здзіўленне з адценнем пагарды. Яны моўчкі чакалі, пакуль абяцаныя прапановы пакладуць на стол.

– Што б тое значыла, што Хадкевічы пайшлі нам насустрач?! – горда прамовіў ваявода, пазіраючы на пасланцоў караля.

Ян Завіша дастаў паперыну і падаў яе князю Радзівілу.

Той прагна схапіў яе, пачаў чытаць, князь Януш стаяў ззаду і таксама прабягаў вачыма напісанае. Па іх тварах лёгка было зразумець, як яны ўспрымаюць зробленую ім прапанову прымірэння. Ваявода варушыў бровамі, жмурыў вочы, торгаў плячом, у яго нават задрыжалі вусны. На твары сына адбівалася не столькі абурэнне, колькі гордасць. Бацька прачытаў паперу і перадаў сыну, сказаўшы з усмешкай:

– Вазьмі, зірні на гэты хадкевічаўскі трактат! Сапраўды, дзівосныя рэчы! Але які з яго толк, дзе тут прапановы, дзе тут нешта слушнае? Толькі тое, што яны літасціва дазваляюць князю Янушу бачыцца з князёўнай Соф'яй, а яшчэ нядаўна мы не маглі гэтага дапрасіцца. Ну, хай сабе, мы рады і гэтаму. Але ж усё астатняе – адна насмешка! Аддаць ім распіскі і дагаворы, скасаваць працэс, перадаць справу таварыству, паверыць у іх добрыя намеры, пакласці галаву пад меч, калі мы і самі здатныя дамагчыся справядлівасці! Ды яшчэ чакаць дазволу Папы Рымскага! Для мяне ваш Папа нічога не значыць, мне ягоны дазвол не патрэбны, прабачце, пане ксёнжа!

Гедройц стаяў моўчкі, апусціўшы галаву, здавалася, што ён у думках просіць Бога абразуміць вар'ятаў. Толькі Ян Завіша падаў голас:

– Перадаць справу таварыству, нам здаецца, не так ужо дзіўна і страшна, як вам, пане княжа. Што ж да справядлівасці, якую вы хочаце ўстанавіць самі, то паверце мне – яшчэ не было на зямлі такога анёла, які мог бы насуперак уласнаму сумленню быць суддзёй самому сабе. Я кажу гэта вам, пане ваявода, бо жадаю вам дабра. Ваявода скрывіўся.

– А паколькі я жадаю вам дабра, – не зважаючы на грымасу ваяводы, працягваў Завіша, – я і сам сабе не раіў бы быць суддзёй у гневе, калі не ў ладах са сваімі ворагамі. Тым болей калі рассудзіць вас павінны меч і вайна?

– Вы ўвесь час талдоніце нам пра гэтую вайну, – перапыніў яго Радзівіл, – але ж нас да яе падбухторваюць, і яшчэ невядома, ці пачнём мы яе. Ні сабе, ні Літве, нікому я не жадаў бы яе.

– Дык дайце ж доказ вашым словам, – прамовіў біскуп, – дакажыце хаця б тое, што можна прыйсці да згоды, пакажыце сцежку да яе.

– Хай ён споўніць тое, што занатавана ў ягоных распісках і дамовах, і тут жа настануць мір і спакой, – сказаў ваявода. – Мы тут жа іх знішчым, скасуем працэс, і па ўсім!

– А што, калі яны не могуць пайсці супраць свайго сумлення і выканаць гэтыя дамовы, бо лічаць іх несправядлівымі? – спытаў Завіша.

– Тады навошта жмудскі стараста і кашталян пісалі іх? – запярэчыў князь Януш. – Усё гэта было па добрай згодзе.

Памаўчалі. Потым загаварыў Гедройц:

– Значыць, вы нізавошта не прымеце гэтых прапаноў, князь-ваявода?

– Дык гэта ж насмешка, а не прапановы! – адразу ж адказаў Радзівіл. – Калі яны іх падавалі, загадзя ведалі, што мы іх не прымем. Мы бачым тут толькі дазвол князю Янушу бачыцца з князёўнай Соф'яй, на які яны хочуць злавіць нас, як на прыманку. Усё астатняе мог бы прыняць пераможаны, а не той, хто мае надзею перамагчы.

– Тады пашліце ім свой ультыматум, – прапанаваў Завіша і падступіў бліжэй да князя.

– А які з гэтага толк? – усумніўся ваявода.

– Паспрабуйце ўсё ж, – далучыўся да размовы Дарагастайскі.

– Дзеля дабра краіны і спакою ў ёй зрабіце гэта, мы просім вас, – прамовіў біскуп. – Пашліце свае прапановы. Вас гэта ні да чога не абавязвае, вы першы атрымалі ад паноў Хадкевічаў іх умовы, цяпер вы можаце паставіць свае.

Радзівілы пераглянуліся, затым ваявода пайшоў параіцца з сынам і брэсцкім ваяводам Зяновічам. Да гэтай рады далучыліся таксама смаленскі ваявода Абрамовіч і Леў Сапега. Паслы ў гэты час моўчкі чакалі.

Леў Сапега па сваёй схільнасці да прымірэння і згоды горача ўгаворваў цесця даць слушныя прапановы, не ўхіляцца ад міру, калі яго можна дасягнуць.

Нарэшце ваявода выйшаў да пасланцоў караля са сваімі прапановамі і сказаў ім:

– Вось вам мой ультыматум, які вы хацелі атрымаць. Калі вы як след падумаеце над ім, то мусіце згадзіцца, што ў маіх прапановах болып розуму і жадання прыйсці да згоды. З усім слушным я згаджаюся, усё слушнае вырашу нават са шкодай для сябе. Верце мне, панове, я хачу міру, а не вайны, але міру без уніжэння, міру без шкоды! Вось яны, мае прапановы:

«Калі кашталян адчувае і лічыць, што я абразіў яго асобу, калі так лічаць і нашы агульныя сябры, то я гатовы як мага больш урачыста, з захаваннем годнасці свайго роду і сваёй асабістай, ахвотна прызнаць гэта. Што ж да той шкоды і страт, якія панеслі паны Хадкевічы, калі наймалі салдат, судзіліся, то я магу па справядлівасці аплаціць іх, зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб гэтая справа была завершана. Калі маіх слова і абяцання будзе недастаткова, я прашу для большай пэўнасці свайго цесця князя-ваяводу кіеўскага і швагра князя-кашталяна кракаўскага паручыцца за мяне ў тым, што я стрымаю сваё слова».

– Калі яны згодзяцца на гэтыя прапановы, то хай не цягнуць з вяселлем! – дадаў ён і зірнуў на біскупа, які выслухаў яго спакойна і без здзіўлення.

– Дзякуем вам, вашамосць, за вашу памяркоўнасць, за тое, што зрабілі так, як мы прасілі, – сказаў біскуп. – Мы занясём вашы прапановы панам Хадкевічам і прыкладзём усе нашы намаганні для таго, каб яны іх прынялі. Не будзем утойваць, што мы не зусім упэўнены ў поспеху. А пакуль што яшчэ раз сардэчна дзякуем пану ваяводу.

Радзівіл пры гэтых словах схіліў галаву.

– Хіба з мяне гэтага яшчэ замала? – спытаў ён. – Удумайцеся ў тое, на што я іду, у маё становішча, бо я ўпэўнены ў сваёй праваце, і тады вы зразумееце, што я зрабіў вельмі многа.

Ніхто яму не запярэчыў, толькі Ян Завіша падышоў да яго з лістом у руцэ.

– Каб зблізіць вашу мосць з панамі Хадкевічамі, мала думак і прапаноў, пададзеных з абодвух бакоў, ніхто з вас не жадае саступіць, і хаця вы на словах выказваеце памяркоўнасць, але ўсё роўна стаіце на сваім. Дазвольце, вашамосць, нам, якія выступаюць тут ад імя яго каралеўскай вялікасці, падаць нашы прапановы, якія могуць быць прыняты каралём. Пра іх яшчэ не ведаюць паны Хадкевічы, мы іх ім не паказвалі, мы хочам, каб вы, ваша мосць, першым пазнаёміліся з імі і памеркавалі, ці зможаце іх прыняць. Мы падаём гэтыя прапановы вам першаму, як паслы паводле дадзенага нам права, падаём іх вашай мосці не ад Хадкевічаў, не ад сябе, а ад імя яго вялікасці караля.

– Ад яго вялікасці караля! – паўтарыў Радзівіл і дадаў: – Гэта тое самае, што і ад Хадкевічаў, бо мы ж ведаем, што яго сэрца належыць ім.

– Гэтак жа, як і ўсім іншым, – прамовіў біскуп. – У вачах і сэрцы караля ўсе яго падданыя роўныя між сабой.

– Роўныя! – зноў паўтарыў Радзівіл. – Каб жа так! Уся бяда ў тым, што не роўныя. Яго каралеўская вялікасць хоча, каб усе яго дзеці аднолькава маліліся, шанавалі пятніцу і суботу!

– А што ў гэтым дрэннага ці дзіўнага! – падхапіў Завіша. – Кожны лічыць сваю веру самай лепшай, без гэтага ніхто б не верыў. А раз ён так лічыць, то са шчырым парываннем хоча і ўсіх астатніх накіраваць на самы лепшы шлях.

Ваявода ўсміхнуўся.

– Чытайце сваё пасланне, – паблажліва сказаў ён. Завіша прачытаў:

– «Гэтая справа павінна быць завершана на сейме. На сейме павінны быць вызначаны дзень і месца, прызначана пэўная колькасць асоб, каб яны выслухалі ўсе ўзаемныя прэтэнзіі, крыўды, спрэчныя справы дзеля таго, каб хоць часова памірыць абодва бакі. Калі ж сейм не здолее часова прымірыць іх, тады яго вялікасць кароль, як найвышэйшы арбітр, у іх прысутнасці вырашыць гэтую справу. Пры гэтым абодва бакі павінны з'явіцца перад каралём. А перад тым скласці зброю і спакойна разысціся, не спрабуючы распачаць вайну. Аднак сейм не будзе вырашаць, каму кашталян павінен аддаць руку князёўны, нікому яе не паабяцае, што да князя Януша, то яму будзе дазволена наведваць яе».

– З некаторымі пунктамі, так, толькі з некаторымі, я мог бы пагадзіцца, – тут жа азваўся ваявода, – але з усімі – наўрад. Асабліва вось з гэтым: каб свае справы аддаў на вырашэнне таварыству або каралю. Каралю, які ўсім сэрцам і душой на баку Хадкевічаў і будзе судзіць на іх карысць. Таварыству, якое не перажыло таго, што перажыў я, якому прымірэнне здаецца лёгкім, бо яму не баліць так, як мне. Ніколі! Ніколі я на такое не пайду! Лепей ужо на нешта іншае, чым на такія ўмовы, якія звязалі б мне рукі, вырвалі з іх меч і безабароннага аддалі на немінучую расправу і знішчэнне.

Прысутныя не асмельваліся нічога сказаць, а ваявода толькі трос паперай і паўтараў:

– «Ніколі! Ніколі!»

Пасланцы зразумелі, што толку ад далейшых размоў не будзе, і пайшлі. Яны ўзялі з сабой ліст з прапановамі ваяводы і з ім падаліся зноў да Хадкевічаў.

Князь Гедройц не даваў сабе ні хвіліны спачыну, пакуль яшчэ была надзея ўсталяваць мір і сваім пасрэдніцтвам хаця б прадухіліць пачатак міжусобіцы. Ён спяшаўся, таму што бачыў: заўтра Радзівілы могуць распачаць вайну, якую потым нічым не ўдасца спыніць, а шкода ўсёй краіне можа быць вялікая.

I як было не хвалявацца, калі дастаткова было зазірнуць у дварышча Радзівіла, каб зразумець, што там усё дыхае вайной, усё грыміць зброяй: кардыналія аж кішэла ад жаўнераў, ротмістраў, палкоўнікаў, дварышча было завалена штабялямі рознай зброі і ваеннага рыштунку. У кожным кутку шапталіся і раіліся. Час ад часу спрабавалі віжаваць, падкрадаліся да камяніцы Хадкевічаў, назіралі, выведвалі, вярталіся назад, каб расказаць, што там дзеецца.

А вось у Хадкевічаў наадварот: як толькі размясцілі гарматы і войска, усё змоўкла і заціхла. Вароты ўвесь дзень былі на замку, абаронцы палаца спакойна адпачывалі. Толькі зрэдку нейкі шум ці крык далятаў да вуліцы. Усе, хто праходзіў каля камяніцы, здзіўляліся такому спакою напярэдадні вайны, пра якую тут нішто не нагадвала, хіба што некалькі гармат, якія стаялі на вуліцы каля варот, пры іх тапталіся некалькі жаўнераў-ахоўнікаў.

Паслы тым часам выйшлі з кардыналіі і зноў вярнуліся да Хадкевічаў. Яны неслі ім двайныя прапановы – свае і Радзівілавы. Іх прынялі і правялі да кашталяна, у якога ў гэты час былі жмудскі і барысаўскі старасты і ваявода Мнішак.

Адказ Радзівілаў Хадкевічы ўспрынялі з прахалодай.

– Мы ведалі, што так і будзе, – сказаў кашталян. – Не хочам мы такога міру, хай жа на тое будзе воля Боская.

– Воля Боская не на тое, каб ваяваць, – зазначыў біскуп. – Дзеля ўсяго святога злітуйцеся над краінай, пастарайцеся не дапусціць вайны. Падумайце, можа, усё ж вы прымеце прапановы Радзівілаў? Няўжо яны здаюцца вам непрымальнымі?

– Мы не можам іх прыняць, – падаў голас Ян Караль, – ні ў якім разе.

– Чаму? – спыталі Завішы і Дарагастайскі. – Ваявода ж абяцае пакрыць усе выдаткі, калі ж ягонага слова вам мала, то ён дае заруку.

– Ён ведаў, што мы яму не паверым! – дадаў кашталян. – Але ўсё гэта без толку. Хай аддасць распіскі і дагаворы, спыніць судовую справу, аплоціць выдаткі.

– Усяго гэтага нельга зрабіць так хутка, – паспрабаваў пераканаць Дарагастайскі.

– Можна, яшчэ як можна, – не згадзіўся кашталян. – Абы толькі ваявода захацеў быць шчырым. Але ўсё гэта – толькі для віду, Радзівілы прагнуць вайны, дзеля чаго ж яны сцягнулі шэсць тысяч войска; яны хочуць смуты, хочуць адным махам вырашыць і свае справы, і справы канфедэрацыі. Гэта ж ясна як дзень.

– Тым больш трэба пазбегнуць вайны, – прамовіў біскуп. – У нас ёсць прапановы ад паноў пасланнікаў да караля. З імі ўжо знаёмы ваявода Радзівіл. Паглядзіце і вы.

Пасля таго як Хадкевічы пазнаёміліся з прапановамі пасрэднікаў, Ян Караль сказаў:

– Мы ахвотна згадзіліся б на суд яго каралеўскай вялікасці, але ж нашы ворагі адразу ж папракнуць, што мы сумысля звярнуліся да суддзі, які мае да нас большую прыхільнасць, чым да іх. Што да суда выбраных асоб, то наўрад ці здолеюць яны рассудзіць нас: яны не ведаюць і не могуць ведаць, што нас падзяляе, чым мы абураемся. Мы не будзем і не хочам гаварыць з імі пра свае крыўды, пра сваё доўгацярпенне. Хай нас рассудзіць меч, як было даўней. Гэта будзе самы лепшы Божы суд!

Дарэмна паслы некалькі гадзін угаворвалі, настойвалі, прасілі, дарэмна спрабавалі пераканаць кожнага паасобку.

Хадкевічы цвёрда стаялі на сваім, а Ян Караль усё паўтараў:

– Хочуць яны вайны, хай вайну і пачынаюць, кроў ляжа на іх душы, мы за яе не будзем адказваць перад Богам. Мы пакрыўджаны несправядлівым судом, прыцягнуты да Трыбунала, нас вымушаюць выплаціць штраф, нам пагражаюць баніцыяй. Бог бачыць, што мы перацярпелі, і Бог будзе за нас.

– Князь-ваявода хоча памірыцца з вамі, хоча аплаціць вашы выдаткі!

– Але як памірыцца? – усклікнуў Ян Караль. – Сказаць нам: «Прабачце»? Кіўне галавой – і па ўсім? Ён павінен прасіць у нас прабачэння на каленях.

– Пан стараста, трэба пахрысціянску дараваць вінаватаму.

– Я дарую яму перад Богам, але не дарую перад людзьмі. Што б гэта рабілася далей, каб было дазволена халодным паклонам пакончыць з усімі правіннасцямі? Што засталося б ад нашай годнасці? Гэта ж абраза нашых родаў і імён! Нашы дзеці саромеліся б насіць імя, апаганенае сорамам такога прыніжэння. Настаў бы час, і пра нас сказалі б, што мы прынялі тое, што нам кінулі з літасці, таму што спалохаліся. Але ж не, нікога, апрача аднаго Бога, мы не баімся! Хочуць вайны, то і мы не будзем дрыжаць, адплацім панам канфедэратам як належыць.

Да позняй ночы цягнуліся марныя ўгаворы і просьбы. Паслы караля дарэмна стараліся дамагчыся міру перад самым вызначаным тэрмінам, дарэмна спрабавалі скарыстаць самыя розныя спосабы, кашталян і Ян Караль заставаліся няўмольнымі.

Біскуп Гедройц пакідаў камяніцу Хадкевічаў не ў лепшым настроі.

– Мы зрабілі ўсё, што маглі, – сказаў ён Завішу, – і ўсё дарэмна. Заўтра можа быць страшны дзень, і наша месца – каля ваяводы, каб не даць яму ўзняць меч. Калі будзе трэба – грудзьмі станем перад іх гарматамі, і хай страляюць, калі хочуць. Хіба ж мы можам дазволіць пачаць такую смуту ў краіне, даць такі згубны прыклад?

– Не павінны дазволіць, – адказаў Завіша, – але я сумняваюся, што яны нас паслухаюць.

– Пра гэта лепш не думаць, – перапыніў яго біскуп. – Пойдзем заўтра зранку да ваяводы і будзем у яго ўвесь дзень, кроку ступіць не дамо без нас. Імем караля забаронім яму брацца за зброю, ні на крок не адступім ад яго, можа, тады яго пройме выратавальны сорам.

– Каб даў Бог! – згадзіўся Дарагастайскі. – Абодва бакі настолькі раз'юшаны, што ўжо болей няма на што спадзявацца. Але што будзе, тое і будзе!

З гэтым і разышліся.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb