Паздзел 9. Жмудскі стараста ў Вільні

4 лютага новы ганец прыехаў у Вільню і паведаміў, што войска пад кіраўніцтвам Яна Караля спынілася на начлег на адлегласці адной мілі ад горада і павінна заўтра ўвайсці ў горад. Вестка імгненна разнеслася паміж жыхарамі, і натоўпы цікаўных сабраліся на Медніцкім тракце, па якім меўся ўступіць у горад Ян Караль. Былі сярод іх і людзі Радзівіла. Яны ўліліся ў натоўп, каб прасачыць, што за войска ідзе на падмогу Хадкевічам, колькі яго будзе, ці многа яно мае гармат і марцір, а потым дакладна паведаміць пра ўсё князю-ваяводу. Ад самага паўдня ў горадзе быў незвычайны рух: самыя цікаўныя ўскараскаліся на дахі камяніц, на сцены і вежы, абы толькі лепш разгледзець войска. На ўсіх галерэях ратушы было поўна народу, нават на званіцах касцёлаў тырчалі галовы, павернутыя ў бок Медніцкага тракту. Вострае прадмесце таксама было ўсеяна людзьмі, яны таўкліся там ад самага рання. Стаяў прыгожы зімовы дзень, быў лёгкі марозік, сонца свяціла на чыстым небе, іскрылася ў снягах, у паветры разлягалася ціша.

Пасля паўдня на гасцінцы ўдалечыні нешта зачарнелася. Так, па ім рухалася войска – гэта яно і чарнела на снезе. Натоўп замітусіўся: адны праціскаліся ўперад, каб лепей разгледзець, другія лезлі вышэй, трэція яшчэ толькі падбягалі. I ўсе паўтаралі: «Ідуць! Ужо ідуць!»

Тым часам раць падышла да горада. Над ёй развяваліся харугвы, бухалі бубны, тонкімі галаскамі гучалі пішчалкі. Усё бліжэй, усё бліжэй падступала войска, нарэшце першы атрад увайшоў у горад, і ўвесь люд аціх, узіраючыся, поўны цікаўнасці. Уперадзе павольна, спакойна рухалася конніца. На чале яе з некалькімі начальнікамі ехаў сам Ян Караль, жмудскі стараста, на вараным кані ў прыгожай збруі, асядланым па-турэцку, сам ён быў у аксамітным кармазынавым футры, падбітым сабалямі, з залацістымі петлямі; на галаве – сабаліная шапка, упрыгожаная пяром чаплі. З-пад футра выглядала апраўленая ў серабро выгнутая шабля ў похвах з шчыгрынавай скуры. На твары Яна Караля не было нават следу заклапочанасці, толькі зухаваты выгляд першага на чале вялікага атрада, толькі горда сціснутыя вусны і натапыраныя вусы. Адной рукой ён злёгку кіраваў жвавым канём, другой падпёр бок. Ззаду ехалі некалькі ротмістраў, а далей усе астатнія вершнікі, усе, як на падбор, – чалавек у чалавека, на дужых невысокіх конях. Над галовамі ў іх развіналіся прапары і блішчалі наканечнікі дзідаў. Ехалі яны вольна, па пяць чалавек у рад, спакойна, моўчкі. Адразу ж за вершнікамі везлі гарматы і марціры, досыць многа. Цікаўныя налічылі аж дваццаць чатыры. За гарматамі зноў ехалі вершнікі, па-рознаму апранутыя і ўзброеныя, але зноў усе – як на падбор.

Тут не было відаць такіх ваяроў, як у войску Радзівілаў, карліка побач з волатам, грузнага немца побач з танклявым салдацікам-ліцвінам, усе – нібыта адной крыві, аднаго роду, сілы і гадоў. Гэта адразу кінулася ў вочы тым, хто назіраў, як праходзіла войска.

Здавалася, нават самым цікаўным не пад сілу злічыць, колькі ж войска прыбыло, – яно ўсё ішло і ішло, а на гасцінцы аж да самых гор усё яшчэ не канчаўся, віўся доўгі ланцуг. Ужо цямнела, калі ўся кавалерыя ўвайшла ў горад, а потым пачала рухацца пяхота. Яна ішла аж да цёмнай начы.

Стомленыя і ўражаныя разыходзіліся па дамах гараджане. Многім цікаўным не хапіла цярпення, да таго ж ноччу цяжка было нешта разгледзець. У пераказах сілы Хадкевічаў перабольшваліся па сама менш – утрая і выглядалі незлічонымі.

Войска ўсё яшчэ ішло, а Ян Караль ужо даўно быў у сваёй камяніцы, падрыхтаванай да ягонага вяртання, пачалі размяшчацца і новапрыбыўшыя атрады. Адны, не злазячы з коней, завозілі ўнутр гарматы, другія спыніліся пад сценамі палаца. Частка атрадаў так і засталася на вуліцах пад сценамі як варта, іншых жа размяшчаў за сценамі пан Барб'е, які са сваёй нязменнай шпагай, пры капелюшы голасна распараджаўся, дзе каму ўладкавацца на пастой. Большыя і меншыя гарматы і марціры занялі прызначаныя ім месцы і ваяўніча разяўлялі ў байніцах свае чорныя пашчы з усіх чатырох бакоў палаца. Тут жа, каля іх, ужо ляжалі ядры і іншае патрэбнае начынне.

Ян Караль не злез з каня, аж пакуль не размясціў усіх сваіх салдат, пакуль усім не распарадзіўся. Абоз ён паставіў на дзядзінцы, яго запаланілі салдаты, запалалі вогнішчы, уздоўж сцен да загадзя падрыхтаваных конавязяў з яслямі паставілі коней. Гоман, смех, брэх сабак, іржанне коней, шум і галас, крыкі разносіліся па ўсёй камяніцы бесперастанна. Адны ішлі, каб паглядзець на вызначанае ім для бою месца на сцяне, другія дапамагалі ўсцягваць гарматы, трэція здымалі і расстаўлялі зброю там, дзе ім было сказана. Военачальнік стараўся паспець усюды: там паглядзець, тут нешта загадаць, а дзе і проста моўчкі праехаць. Ён распарадзіўся пра ахову, даручыў яе маршалку двара Мікалаю Хамцу, а сам злез з каня і пайшоў да кашталяна.

Тут яго ўжо даўно чакалі. Ваявода Мнішак, барысаўскі стараста, кашталян і яшчэ некалькі чалавек з ліку прыхільнікаў католікаў сабраліся ў пакоі, вокны якога выходзілі на дзядзінец. У каміне шугаў агонь, на стале стыла некранутая вячэра.

Усе ўсталі і прывіталі жмудскага старасту.

– Вітаем нашага героя! – усклікнуў Мнішак. – Вітаем вас! Нарэшце вы скончылі свае справы, аддалі ўсе загады, адпачніце цяпер з намі!

– Пасля цяжкага дня нарэшце хоць хвілінку адпачну, – сказаў Ян Караль, здымаючы з сябе цяжкае футра. – Нялёгка кіраваць гэтым нашым неўтаймаваным і пярэстым войскам, ох нялёгка! Можа, дасць Бог, некалі мы завядзём і сваё. А то ці не падумаюць паны Радзівілы, што супраць іх безлічы ваяроў мы не можам выставіць і дзесятка салдат. Але хоць нашых і мала, гэтыя нямногія варты тысяч іхніх. Я добра ведаю сваіх салдат, яны не падвядуць мяне, калі тут што распачнецца.

Кажучы гэта, Ян Караль абыходзіў прысутных і вітаўся з усімі за руку.

– Ці ўсё ў нас гатова? – спытаў кашталян.

– Усё, – адказаў жмудскі стараста. – Князёўна тут, дагавор на стале, войскі і гарматы стаяць з усіх бакоў, тэрмін набліжаецца. Засталося чакаць паноў Радзівілаў.

– А вы ведаеце, што прыехалі паслы ад яго вялікасці караля? – спытаў Аляксандр Хадкевіч.

– Яшчэ ўчора я прачытаў вашу паперчыну. Але ж, панове, паслы прыехалі да Радзівілаў, а не да нас, мы ж першымі вайну не пачнём.

– Гэта так, – адказаў кашталян. – Аднак, калі нас зачэпяць, мы мусім бараніцца.

– Колькі войска ў Радзівілаў? – спытаў Ян Караль. – Ці многа яны іх там назбіралі? I што думаюць рабіць?

– Хто што гаворыць, – адказаў Аляксандр. – Самыя пэўныя звесткі нам паведамілі людзі з ліку прыдворных князя-ваяводы: у іх каля шасці тысяч войска. Гэта калі не лічыць дробных груп шляхты і асобных людзей, а таксама прыдворных салдат ваяводы. Тры князі Астрожскія далі па шэсцьсот конных і семсот гайдукоў, пяцьдзесят конных прывёў Абрамовіч, Нарушэвіч – сто вершнікаў, а яшчэ сто гайдукоў, Замойскі з Падолля – дзвесце коннікаў пад апекай ротмістра Пятра Збарымскага, дзвесце рэйтараў даў князь курляндскі, яны для застрашэння стаяць на дзядзінцы кардыналіі, а яшчэ дзве сотні мазырскага старасты. Вось і ўсё. З такой сілай можна было б заваяваць цэлае княства.

– I што ж яны будуць рабіць з такім войскам? – сказаў Ян Караль і ўсміхнуўся. – Дастаткова зірнуць па баках, каб зразумець, што нават трэцяя частка іх войска будзе ціснуцца, як селядцы ў бочцы, калі ўздумае пачаць аблогу маёй камяніцы, ды і то не змесціцца, а то яшчэ патрапіць пад агонь гармат, які змяце іх, нібы мух! У поле яны нас не выманяць, на штурм не адважацца, хіба што пачнуць разбураць навакольныя дамы, але ў гэта цяжка паверыць. Дык навошта гэта ўсё ім, дзеля чаго? Каб паказаць, на што здольныя Радзівілы?

– Вашамосць, пане стараста, вы так упэўнены ў сваёй камяніцы? – спытаў Мнішак.

– Тут не трэба нават дужа разбірацца ў вайсковай справе і многа думаць, – адказаў Ян Караль, – каб умацаваць наш дом, які і так вельмі выгадна размешчаны. Подступы да яго з усіх бакоў загароджаны другімі дамамі, прылеглыя вуліцы цесныя. Самая шырокая з іх, тая, што перад Замкавай, ужо напалову занятая нашымі атрадамі і вартай. З якога боку ім падступіцца? Дзе яны паставяць войскі і па кім будуць страляць? Нашы схаваюцца за сценамі, адмыслова ўмацаванымі, зверху яны могуць бесперапынна страляць з ручной зброі, гакаўніц і марцір, будуць спакойна сядзець сабе і нічога не баяцца. Як у бога за пазухай, калі гаварыць коратка. А што, каралеўскія лісты перадалі ўжо? – спытаў ён, хвіліну памаўчаўшы.

– Яшчэ не, – адказаў кашталян. – Напэўна, чакалі вас, каб уручыць усім адразу.

– Сенатарам далі строгі наказ ад яго вялікасці караля нс дапусціць вайны і сутыкнення.

– Я сумняваюся, што загады могуць неяк падзейнічаць на канфедэратаў, – адказаў Ян Караль. – Але пажывём – убачым. А што робіць князёўна?

– Учора я праведаў яе, – прамовіў кашталян. – Яна баіцца, трывожыцца, вядома – жанчына.

– Вы даведаліся, пра што яна думае?

– Усё пра тое ж!

– Яна хацела б, – запальчыва ўсклікнуў Ян Караль, – стаць на іх бок, быць таго не можа!

– Пасля нядаўняй гутаркі з ёй я думаю іначай, – спакойна адказаў кашталян. – Я прыходзіў да яе з айцом Руцкім, і ён пераканаўча растлумачыў ёй, якім грэшным і незаконным будзе іх шлюб.

– А яна згадзілася?

– Я не сумняваюся ў гэтым. Яна па-ранейшаму кахае князя Януша, але набожнасць будзе ўтаймоўваць яе пачуцці. Сапраўды, нават каб яе і аддалі замуж за князя, усё роўна давялося б прасіць дазволу ў Рыме.

Ян Караль задумаўся, нешта насцярожыла яго. У гэтую хвіліну прыдворны абвясціў, што прыйшлі князь Мельхіор Гедройц, маршалак Дарагастайскі і абодва Завішы.

Ян Караль пайшоў сустракаць іх да лесвіцы, кашталян стаў каля дзвярэй пакоя. Першы ўвайшоў біскуп, на ягоным лагодным твары свяцілася ўсмешка, за ім ішлі астатнія паслы. Пасля звычайных прывітанняў і агульных слоў яны падалі лісты ад караля. Жмудскі біскуп, уручаючы лісты Хадкевічам, ад імя караля і дзяржавы прасіў і ўгаворваў іх не пачынаць вайны.

– Гэта быў бы першы і страшэнна жахлівы выпадак у нас, і хто можа прадказаць яго вынікі? Цяжкі груз ляжа на сумленне таго, хто дзеля дробнай спрэчкі ўздыме зброю на брата.

– З гэтым, вашамосць, вам трэба звяртацца не да нас, – нецярпліва перапыніў біскупа Ян Караль. – Мы не пачынаем вайны, смуткуем з прычыны прыкрага непаразумення, але што ж нам – здацца, не абараняючыся?

– А вы першыя падайце прыклад падпарадкавання яго каралеўскай вялікасці, згаджайцеся на мір!

– На мір! – усклікнуў жмудскі стараста. – Гэта было б для нас найбольшай ганьбай – першым падаць ім руку!

– Гэта было б прыкладам сапраўды высакароднага хрысціянскага ўчынку! – запярэчыў Ян Завіша.

– Ну, ну! Цяжэй за ўсё спадзявацца на анёльскую дабрачыннасць людзей з плоці і косці, – прамовіў Дарагастайскі, які з самага пачатку не верыў, што жмудскі стараста паддасца на ўгаворы.

– Можам мы хаця б выкласці вам нашы ўмовы? – спытаў Гедройц.

– Мы з пашанай прымем іх, калі яны зыходзяць ад караля, з удзячнасцю – ад вас, але падумайце спачатку, ці не прынізяць яны нас. Гэта была б вялікая ганьба, калі б нас западозрылі ў тым, што мы вагаемся ці надта ўжо спяшаемся мірыцца.

– Чаго ж вы, пане кашталян, і вы, пане стараста, жадаеце?

– Вядома ж, справядлівасці, што тут доўга тлумачыць, – адказаў Ян Караль. – Што да ўмовы наконт выдання князёўны, то хай яна сама вырашае, хоча яна выйсці замуж за князя Януша ці не. Мы ні прымушаць, ні ўгаворваць яе не будзем. Яна ўжо дарослая, яе воля рашаць. Але ж калі яна і згадзіцца выйсці замуж, іх шлюб усё роўна будзе незаконным і не можа адбыцца без спецыяльнага дазволу. Што да нас, то вы самі бачыце, да чаго нас давялі паны Радзівілы. Да даўгоў і закладу бацькоўскіх маёнткаў, да найму вялікага войска, незлічоных выдаткаў, да гэтай вайны. Усе суды і сам Трыбунал у руках ваяводы, усюды нас судзяць як хочуць – не дзеля справядлівасці, а дзеля сваёй патрэбы, спаганяюць з нас нейкія даўгі, велізарныя сумы, хочуць адабраць нашы маёнткі, пагражаюць баніцыяй. Які ж тут можа быць мір пасля ўсяго гэтага? Ці можам мы ва ўсім саступіць ім і нават слова не сказаць?

– Праўда ваша, – прамовіў Ян Завіша, – ніхто і не патрабуе ад вас, каб вы занядбалі свае інтарэсы, але ж хіба нельга паставіць праз пасрэдніцтва ўмовы, якія Радзівілы маглі б прыняць і якія задаволілі б вас?

– Спачатку мы паглядзім, чаго хочуць ад нас князь-ваявода з сынам.

– А вы падайце прыклад, – перапыніў біскуп, – пакажыце ім, што вы найперш думаеце пра спакой для краіны, а потым пра ўласныя інтарэсы. А якія ў вас умовы?

– Нашы ўмовы не могуць быць нічым іншым, як толькі адказам на іх патрабаванні, – зазначыў Ян Караль. – Мы ім неаднойчы паўтаралі тое, што толькі што сказалі вам. Пра лёс князёўны: яна павінна вырашыць яго сваёй воляй. А з намі хай скасуюць і спыняць усе судовыя справы, знімуць прэтэнзіі, адменяць праследаванне, заплацяць за панесеныя страты, спрэчку ж мы вырашым палюбоўна.

– Я так думаю, – прамовіў Дарагастайскі, – паны Радзівілы перш за ўсё захочуць упэўніцца, што вы аддасцё князёўну Соф'ю за князя Януша, а тады ўжо, мабыць, згодзяцца і на вашы ўмовы. Вось у чым павінна быць поўная яснасць.

– Калі князёўна захоча сама, а Папа дазволіць, то калі ласка! – сказаў кашталян і зірнуў на Яна Караля.

– Вось тады яе можна будзе выдаць замуж, – дадаў жмудскі стараста.

– Князь-ваявода тым не менш хацеў бы споўніць шлюбны абрад у тэрмін, вызначаны вашай дамовай, – зноў азваўся Дарагастайскі. – Рэлігійныя пастановы яго не цікавяць.

– А законы дзяржавы?

– Яго каралеўская вялікасць зробіць выключэнне для паноў Радзівілаў і дасць спецыяльны дазвол.

– Але ж яго яшчэ няма? Дарагастайскі нічога не адказаў.

– А пакуль давядзецца чакаць дазволу з Рыма, вы дазволіце князю Янушу бываць у князёўны Соф'і? – асцярожна спытаў біскуп.

– Наконт гэтага яны ўжо прысылалі цэлае пасольства, – паведаміў кашталян. – Мы сказалі тады і паўтараем цяпер: адкладзём да паўналецця і да канца гэтай справы. Пабачым: дойдзе да шлюбу, дык дойдзе, а цяпер – навошта гэта? Больш шкоды, чым толку.

– Ваявода вельмі сумняваецца, як бы нейкі выпадак не стаў прычынай адкладу таго шлюбу, але ён, як і раней, будзе абавязкова патрабаваць дазволу для Януша праведваць Соф'ю, я з ім нядаўна гутарыў пра гэта, – перапыніў кашталяна Дарагастайскі.

Хадкевічы маўчалі, пазіраючы адзін на аднаго. Сандамірскі ваявода падышоў да кашталяна і зашаптаў яму на вуха:

– Што вам перашкаджае дазволіць, калі яны будуць сустракацца ў прысутнасці каго-небудзь з вас? Калі вы не згаджаецеся нават на гэта, то будзьце ўпэўнены, што яны не прымуць і іншых умоў. Дазвольце. З вашага боку гэта не будзе прыніжэннем, а для міру гэта добрая падстава.

– Я не баюся і вайны, – адгукнуўся кашталян.

– А яна вам патрэбна? – спытаў Мнішак. – Пэўна, што не. Зрабіце тое, што вам дазваляе ваша годнасць, і ніхто вас за тое не папракне.

Пакуль сандамірскі ваявода ўгаворваў кашталяна, падобнымі словамі і аргументамі стараліся пераканаць Яна Караля сівы біскуп разам з Янам Завішам.

Потым паслы раіліся між сабой, а кашталян пашаптаўся з Янам Каралем.

Праз якую хвіліну яны прынялі ўмову.

– Мы згодны, – сказаў жмудскі стараста. – Мы пагаджаемся на тое, каб князь Януш праведваў князёўну ў нашай прысутнасці і з нашага ведама. Спадзяёмся, што большай уступкі вы ад нас не запатрабуеце. А нашы ўмовы такія. Ваявода верне нам усе распіскі і заклады, скасуе іх па закону і адмовіцца ад іх, не будзе судзіцца, не запатрабуе ад нас ніякіх выплат, спыніць цяжбу за Копысь, заплаціць нам за нанесеную ім шкоду. Князь Януш можа наведваць князёўну ў нашай прысутнасці, калі ж будзе атрыманы дазвол ад Папы Рымскага і князёўна сама згадзіцца на шлюб, тады мы аддамо яе за князя Януша.

Пакуль Ян Караль пералічваў умовы, Завіша старанна запісваў. Паслы болей ні пра што не загаворвалі і праз хвіліну пайшлі. Стаяў позні вечар, калі за імі зачыніліся вароты камяніцы Хадкевічаў.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb