Паздзел 3. Таміла
Ужо цямнела, але на ратушы яшчэ не званілі, каб тушылі агні, яшчэ былі перапоўнены корчмы, харчэўні і шынкі, а не надта смелыя гараджане з ліхтарамі ў руках, узброеныя палкамі з шыпамі, пахаджвалі па вуліцах. У касцёлах званілі да малітвы Божага анёла*, самыя набожныя ў гэты час станавіліся на калені нават пасярод вуліцы. Бомканне званоў змешвалася з рыпеннем вазоў і карэт, галасамі прахожых. У акне палаца Хадкевічаў на Замкавай вуліцы сядзела князёўна Соф'я і глядзела на вуліцу невідушчымі вачыма. Яна была невясёлая, задуменная, хацела хоць неяк развеяць сябе відам вулічнага гармідару, але думкі яе былі далёка.
Аднак жа князёўна сядзела і пазірала на вуліцу не толькі дзеля гэтага – яна нібыта некага выглядала, некага чакала. А вуліца тым часам пусцела; акрамя некалькіх наведвальнікаў шынка Мальхера пад шыльдай з Бахусам – адны з іх спяшаліся туды, другія выходзілі – болей нікога не было відаць. Вароты камяніцы Хадкевічаў яшчэ былі шырока расчыненыя, каля іх стаяў толькі стары служка, ён таксама маліўся анёлам за душы памерлых – да гэтага заклікаў жывых голас званоў. Раптам побач з замкам нехта зашлэпаў па гразі, а неўзабаве паказалася старая жабрачка ў падраных лахманах, яна запавольвала крок і ўрэшце зусім спынілася пад акном князёўны. Зір-нула на яго, як быццам прыкмеціла нешта незвычайнае, і замармытала. Гэта яна заўважыла бледны твар князёўны, які бялеў паміж шыбкамі.
– Падайце шэлег убогай, – папрасіла яна, – а Бог вас суцешыць. Яна малітоўна склала рукі, працягнуўшы іх угору, сама ж пазірала на служку, а ён, заняты малітвай, не звяртаў на яе ўвагі. Яна паўтарыла:
– Падайце шэлег убогай! А Бог вас суцешыць.
У акне расчынілася фортка, з яе вылецела і ўпала на вуліцу манета, загорнутая ў паперку. Жабрачка прагна схапіла яе, узняла вочы ўгору і пачала дзякаваць:
– Бог вам заплаціць за вашу ласку, яснавяльможная панна! Бог заплаціць!
Князёўна тут жа зачыніла фортку, а жабрачка яшчэ раз азірнулася і пашыбавала назад па Замкавай вуліцы, ды так хутка, нібыта яна і не была згорбленай старой. Як толькі яна адышлася далей ад камяніцы, адразу развінула паперчыну і сама сабе сказала:
– Ого! Цэлы талер! Але намнога даражэй каштуе паперка, чым гэтая манета, хай бы яна была нават партугальская!
Жабрачка прамармытала гэта, старанна склала паперку і накіравалася ў бок палаца Радзівіла. Наблізіўшыся да яго, адчыніла дзверцы, што выходзілі на вуліцу, зайшла ў іх і падалася напрасткі да галерэі, на якую вяла лесвіца.
Смела і прывычна яна ўзышла па лесвіцы, пастукала ў дзверы, адчыніла іх і ўвайшла.
Яе заўважыў прыдворны, што сядзеў у пярэднім пакоі, і папярэдзіў:
– Ідзі распранацца ў каморку, бо тут зайшоў нехта чужы. Зрабіў, што трэба?
– Усё цудоўна! – адказала мужчынскім голасам фальшывая жабрачка і пайшла ў бакоўку.
Там яна зняла лахманы, памылася і апранула мужчынскае адзенне. Гэта быў Таміла Таміловіч, давераная асоба князя, які такім спосабам здабыў ліст ад князёўны. Пераапрануўшыся, ён зноў зайшоў у пакой і спытаў:
– А хто там прыйшоў?
– Ды пан Адам прывёў нейкага прыдворнага з палаца Хадкевічаў, поіць яго, улашчвае, толькі што мух ад яго не адганяе.
Таміла выслухаў гэта і пайшоў у другі пакой, дзе некалькі ягоных сяброў шчыравалі над збанком, а пасярод сядзеў на добрым падпітку ўжо знаёмы нам пан Брожак і пра штосьці прастарэкваў.
Ён убачыў Тамілу, якога ўжо сустракаў раней, хоць і не ведаў ягонага імя, ускочыў з лаўкі і сардэчна абняў яго.
– А, і ты тут!
– I я тут, – адказаў Таміла.
– А што ты тут робіш? – запытаўся Брожак.
– Зайшоў выпіць, – адказаў Таміла і падміргнуў прыяцелям.
– Тады сядай, госцем будзеш, – сказаў адзін з іх і наліў яму кубак віна.
Яны пачалі піць па чарзе адзін да аднаго, беручы кубак з рук і кланяючыся.
Таміловіч шэптам спытаў у свайго сябра:
– Што-небудзь выцягнулі з яго?
– Яшчэ не, – адказаў той, – але яго пара ўжо выганяць, бо ён падпіў яшчэ ў Мальхера, і мы прывялі яго сюды; ён нават не здагадваецца, што сядзіць у Радзівілаў.
– П'ю да вашай мосці, пане Брожак! – усклікнуў Таміла. – Што ў вас там чуваць?
– А, што там можна пачуць, усё тое самае: ладзім крэпасць, купляем і прывозім гарматы, наймаем войска, вострым шаблі, падшываем скурай панцыры. Спляжым гэтых Радзівілаў к чортавай матары, дамо ім рады!
– Абавязкова! – згадзіўся прыяцель. – I многа там тых войскаў?
– Чорт іх злічыць! – махнуў рукой пан Брожак. – Стараста збірае іх па ўсім свеце. А цяпер яшчэ маршалак паехаў дабіраць рэшту ў Прусію.
– Хто ён такі, ваш маршалак? – запытаў Таміла.
– Ды хіба вы яго не ведаеце? Ну! Мікола Хамец. Не простага роду чалавек! Кажуць, што ўся літоўская шляхта яшчэ пасвіла скаціну і хадзіла ў скураных лапцях, а ягоныя продкі ўжо былі князямі.
– Ну, цяпер такіх князёў у кожнай кішэні па жмені, – усміхнуўся Таміла, – і шляхта ўжо не пасе скаціну. Так што яны цяпер роўныя. А якой дарогай ён паехаў?
– А бог яго ведае!
– А што, у вас хіба мала гармат, што вы іх яшчэ звозіце?
– Мне здаецца, што іх будзе намнога больш, чым у апошнім паходзе, бо нават калі падлічыць, колькі падрыхтавана месца для іх і ў камяніцы, і на дахах, і на сценах…
– Парабілі ўжо?
– О! Засталося толькі паставіць! – запэўніў Брожак. – Пан Барб'е працуе без стомы, ён кажа, што нам будзе зручней абараняцца, чым Радзівілам нападаць: нават калі ў ерэтыкоў будзе шмат войска, яно ўсё роўна не памесціцца ў вуліцах. Падыдзе хто на стрэл, а мы яго – ядром, аскалепкамі ў вочы!
Таміла Таміловіч кіўнуў галавой, глянуў на сваіх і пачаў зноў выпытваць пра колькасць войска:
– А ўсё ж, ці многа ў вас людзей?
– Кажу ж вам, што добра не ведаю, але я кожны дзень чую, як яго тысячамі лічаць пан Барберы з панам старастам і панам Аляксандрам.
– Адкуль вы яго бераце?
– Па ўсім свеце збіраем, як тыя грыбы, адзін тут, другі там, – балбатаў пан Брожак. – Нямала такіх, каго вабяць добрыя грошы! Не шкадуем сіл, шукаем дзе толькі можна. Рух вялікі, стараста ездзіць і ездзіць.
– Мабыць, яго і зараз няма ў Вільні?
– Няма, вернецца да паўналецця княжны з гарматамі і з войскам, так, не іначай як за месяц перад тым.
– I хто ж будзе імі кіраваць?
– Як хто? Сам стараста, – сказаў Брожак. – I Мікалай Хамец. Таксама, кажуць, хвацкі ваяка. Ну, а кожны атрад будзе мець свайго ротмістра.
Яны доўга яшчэ пілі віно, смяяліся, жартавалі, але Таміла неўзабаве знік. Ён пабег да маладога князя. Непрыкметна ўвайшоў да яго і стаў у дзвярах. У пакоі гарэла некалькі жоўтых свечак. Князь Януш выпрабоўваў зброю, згінаў шаблі, разглядаў і адбіраў лепшае, кладучы на вялікі стол.
– Таміла? – спытаў ён, падняўшы галаву. – З чым прыйшоў?
– Прынёс ліст! – адказаў прыдворны.
Князь паклаў шаблю і схапіў паперчыну, падбег да святла, прачытаў яе, наморшчыў лоб і кіўнуў галавой.
– Што яшчэ?
– Толькі што мы адправілі аднаго лайдака з Хадкевічавай псярні, папіст многае расказаў.
– А што? – пацікавіўся князь Януш.
– Што стараста сабраў шмат гармат, што выпісвае войска аж з-за граніцы.
– Гэта не сакрэт, – зазначыў князь.
– I што сам стараста будзе кіраваць…
– I гэта не навіна, – раздражнёна адказаў Януш.
– Што ў камяніцы ўсё гатова, падрыхтаваны месцы для ўстаноўкі гармат.
– Адкуль яны іх узялі?
– Гэтага я не ведаю. Але ён сказаў, што іхні Барб'е, нейкі там француз, запэўніў, што ім будзе ў сто разоў лацвей абараняцца ў камяніцы, чым нам нападаць і браць яе штурмам, бо наша войска не змесціцца ўсё ў вуліцах, а па чарзе яго будзе лёгка перабіць з гармат.
– Хіба гэтаму нельга даць рады? – запярэчыў князь. – Пакуль яны зноў зарадзяць тыя гарматы, мы выламаем вароты.
Ён пагардліва перасмыкнуў плячыма і спытаў:
– А ці ведаеш ты, Таміла, колькі Хадкевічы расстараліся ў купцоў пораху, свінцу і грошай?
– Колькі пораху і свінцу, я дакладна не ведаю, а грошай ім нядаўна даставілі пяцьсот коп. I ўсе пайшлі на войска.
– Усё роўна яны не перамогуць, – усклікнуў Януш, – хай ім нават усе дапамагаюць! Нават калі будзе патаемна дапамагаць кароль ці спадцішка – палякі езуіты. Мы зруйнуем усе іх палацы і касцёлы і пераможам. Там, дзе іх дзесятак, нас – тысячы!
– На, – сказаў ён Тамілу, – вазьмі гэту шаблю і загадай збройніку моцна і трывала насадзіць рукаяць. Хай таксама падрамантуе лёгкія даспехі, можа, яны і не спатрэбяцца, але хай будуць у спраўнасці, а то і рамяні абарваныя, і не хапае некалькіх пласцін на грудзях.
Таміла Таміловіч забраў усё, Януш у задуменні маўчаў.
– Бачыў князёўну? – спытаў ён.
– Бачыў. Яна, як заўжды, сядзела ля акна.
– Цябе ніхто не заўважыў?
– Я думаю, што не, хаця каля варот стаяў слуга.
– Заўтра я сам пайду замест цябе, – сказаў князь пасля хвіліннага роздуму.
– Вы, князь? – здзівіўся Таміла.
– А што тут такога? Пайду сам. Змог жа некалі князь Сямён слуцкі прыйсці ў Львоў да сваёй каханкі Гальшкі ў жабрачай вопратцы, паспрабую і я выкінуць гэткі ж фокус.
– А што, як вас зловяць?
– Ну, не павесяць жа…
– Але могуць зняважыць.
– У мяне будзе пад лахманамі кінжал. Значыць, старасты няма, кашталян у сябе, а ў камяніцы адны бабы?
– Але там процьма прыдворных, шмат вачэй, вы ж гэта добра ведаеце, – папярэдзіў Таміла. – Навошта вы туды пойдзеце?
– Ваявода нічога не павінен ведаць, – усхвалявана загаварыў Януш, – а ты, Таміла, маўчы, нікому ні слова, а то вырву язык! Як ты думаеш, можна патрапіць унутр?
– Слугі могуць выгнаць ды яшчэ ў каршэнь надаюць.
– Няўжо не пусцяць жабрачку?
– Гэтага я не ведаю, – сказаў Таміла, – сам я ніколі ўнутр не заходзіў.
– Бо ты баязлівец.
– Я, князь? Я? Калі я паказаў сябе баязліўцам?
– Ды вось зараз, калі ты адгаворваў мяне ад адзінага спосабу ўбачыцца з князёўнай, а мне гэта дужа трэба.
– Дык я ж не за сябе баюся, а за вас.
– Ці за мяне, ці за сябе, хопіць таго, што ты баішся, – упікнуў князь. – Ідзі да збройніка. А раніцой прынясі мне жабрачыя лахманы!
ЗМЕСТ
ТОМ I
Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе
ТОМ 2
Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ
ТОМ 3
Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ
КАМЕНТАРЫ
Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb