Паздзел 2. Дэпутацыя магістрата

Назаўтра яшчэ гадзіннік на ратушы не прабіў дванаццаці, а з яе дзвярэй ужо выходзіла дэпутацыя магістрата. Узначальваў яе паважаны пан войт Мацей Барымінскі, за ім ішлі двое суддзяў з магістрата, двое з рады, два бурмістры і гарадскі пісар. Усе яны былі шыкоўна апрануты, нібыта збіраліся ісці ў працэсіі або на прагляд цэхавых вучэнняў: у новым яркіх колераў адзенні, новым абутку з найлепшай скуры, а яшчэ, паколькі па новым прывілеі Найяснейшага Жыгімонта Аўгуста (так яго тады называлі), магістрат быў прыраўняны да шляхты, усе чыноўнікі ў знак свайго шляхецтва папрычаплялі шаблі, якія бразджэлі на камянях.

Па шляху ім нізка кланяліся гараджане і нават купцы; гледзячы, як важна і стройна яны выступалі, збочвалі з дарогі, каб не замінаць ім, бо ўсе адчувалі, што ішлі яны не проста так, на пагулянку, а заклапочаныя нейкай важнай справай, якая мела дачыненне да ўсяго горада. Гэтак яны прайшлі ў ганаровым маўчанні па галоўнай вуліцы, а потым, каб не звяртаць на сябе лішняй увагі, збочылі ў завулак на Рыбным канцы, астатнюю частку шляху unanimitate – аднадушна – вырашылі прайсці нацянькі, прадмесцем да самага палаца віленскага кашталяна.

Тут яны спыніліся і папрасілі паведаміць пра свой прыход. Праз хвіліну іх правялі ў залу, а неўзабаве да іх выйшаў і сам кашталян. Пасля нізкіх паклонаў і прывітання пан войт адкашляўся і ўрачыста пачаў сваё слова:

– Яснавяльможны віленскі кашталян! Пане наш і дабрадзею! З пэўнага часу страх і неспакой апанавалі жыхароў Вільні, слаўнага горада яго каралеўскай вялікасці, і ўсё з нагоды нейкіх чутак і пагалосак, якія пайшлі, нібыта знарок, каб парушыць спакой гэтага горада і sekuritas – бяспеку – яго. Нейкія нядобрыя людзі садзейнічаюць парушэнню спакою жыхароў нашага сталічнага горада, разносячы падобныя плёткі і вымысел, аднак жа для гэтага маюцца некаторыя падставы. Кожны дзень народ бачыць, як вы, пане, праводзіце нейкія фартыфікацыйныя работы ў самым сэрцы горада, робіце нейкія прыгатаванні, якія могуць парушыць спакой гараджан. Абдумаўшы ўсё гэта, мы, войт і гарадская рада яго каралеўскай вялікасці горада Вільні, прыйшлі да вас сюды, аd illustrissmum – да вашай светласці – пакорліва прасіць вас, каб у тым вы-падку, калі вы і сапраўды рыхтуецеся да вайны (хай вас Бог бароніць ад гэтага!), то каб хаця горад Вільня не стаў тэатрам ваенных дзеянняў. Мы маем прывілей, па якім ставіць войскі ў самім горадзе забараняецца, а гасцям, якія прыбываюць штодня, адводзяцца ў горадзе пастаялыя двары, іп visceris – пасярод – яго метраполіі, гэта запісана ў юрысдыцы ратушы, чаго ніколі раней не было. Калі ж, не дай бог, дойдзе да вайны і баёў, то гэта будзе пагібель для горада Вільні, яго гандлю і росквіту. Таму што нават зараз ужо іншаземныя купцы і госці, да якіх пачалі даходзіць гэтыя чуткі, зачыняюць крамы, пастаялыя двары і гасцініцы пусцеюць, плата за пражыванне не паступае, усе жывуць у нейкім страху і чаканні. Таму мы ўсе пакорліва просім Illustrissimum ад імя магістрата, Communitatis – таварыства – купцоў і ўсяго паспалітага віленскага люду, каб вы, калі можаце, не распачыналі гэтай вайны, якая прывядзе да зніштажэння гандлю і спакою ў горадзе, галечы і няшчасцяў яго жыхароў.

Пан Барымінскі збіраўся працягваць, але кашталян нецярпліва перапыніў ягоную казань:

– Даражэнькі пане войце! Вы дарэмна прыйшлі да мяне з гэтым пасольствам. Я тут ніякай вайны не распачынаю, я не хачу яе і не рыхтуюся да яе. Ідзіце да пана віленскага ваяводы і прасіце яго, каб ён добра падумаў і, калі што якое, каб не забываўся пра горад. Гэта ён, а не я думае пра вайну. Я ж мушу толькі бараніцца, калі нехта зачэпіць мяне, а бараніцца мае права кожны і ўсюды, ці ж не так, пане войце?

– Так, гэта кардынальнае права, – пакорліва пацвердзіў войт, – але ж…

– Але што? – спытаў кашталян.

– Але ж войска збіраецца, – прамовіў войт, – і ў ваколіцах, і ў самім горадзе яго ўжо многа, а кажуць, што прыбудзе яшчэ больш!

– Ідзіце да ваяводы! – зноў перапыніў яго кашталян. – Ідзіце! Гэта не мая справа. Я не буду страляць першы. Калі ён будзе пытацца ў вас, ці былі вы ў мяне, то можаце сказаць тое, што я гаварыў вам: я ніякай вайны не пачынаю. Усяго вам найлепшага, панове.

Дэпутацыя нізка пакланілася, потым гэткім жа няспешным крокам моўчкі пайшла да пана ваяводы, але на тварах чыноўнікаў магістрата можна было прачытаць, што гэтае другое пасольства ім зусім не па душы, таму што яны ішлі да ваяводы, якога баяліся як ерэтыка і якога ўсім ім распісвалі як жудаснага монстра. Хаця яны былі ў пэўнасці, што ён не павінен абразіць такую прадстаўнічую дэпутацыю магістрата, аднак ім было крыху ніякавата. Пан войт занепакоена пазіраў на пісара, пісар – на магістрацкіх засядацеляў, яны – на бурмістраў. Чым бліжэй яны пады-ходзілі да палаца, тым болей запавольвалі крок. Тут войт прапанаваў:

– Звярніцеся да яго вы, пане бурмістр.

– Хто? Я? – спалохана спытаў бурмістр. – Я? Але ж гэта будзе вялікай абразай для вас, пане войт, вы ж – галава горада і гэтай дэпутацыі! Я нізавошта так не зраблю.

– І я.

– I я, – ціха адгукнуліся іншыя. – Належыць гаварыць пану войту.

А войт сам не ведаў, як яму быць, бо ў яго язык нібы прысох. Але было ўжо занадта позна разважаць, бо яны прайшлі праз вароты і сталі ў калідоры.

Слуга абвясціў:

– Дэпутацыя магістрата!

Ваявода сядзеў у сваім пакоі з панам Абрамовічам, пачуўшы пра дэпутацыю, загадаў:

– Упусціць іх. Напэўна, прыйшлі з вечнай скаргай на падваяводу альбо пачнуць дурыць галаву пра гандаль, гандляроў ды партачоў.

Не паспеў ён скончыць, як увайшоў і схіліўся ў яшчэ болыпым, чым у кашталяна, паклоне пан войт, а за ім на дыбачках увайшлі і ўсе астатнія. Ваявода не ўстаў, змерыў іх паглядам і павярнуўся да іх, чакаючы, што яны скажуць.

Такі прыём не дужа цешыў, войт ледзь не страціў прытомнасць ад страху, камячыў шапку, кланяўся, не мог вымавіць нейкага слова, з якога можна было б пачаць. Нарэшце, калі маўчанне занадта зацягнулася, ён пачаў гаварыць амаль тое самае, што казаў у кашталяна, толькі прамаўляў сваю казань на гэты раз дужа ціха і невыразна, дрыжачым голасам.

Ваявода перапыніў яго яшчэ на сярэдзіне:

– Вы што ж гэта, панове, думаеце мяне вучыць ці запалохаць? Мяне? Рабіце тое, што належыць вам, а не сенатарам і рыцарству! Сядзіце ў сваіх крамах, узважвайце тавары ў ратушы, збірайце падушныя, падымныя і іншыя падаткі, але не совайце свой нос туды, куды вас не просяць! Чуеце, ягамосці?!

Войт змоўк і пабялеў, як сцяна.

– Аднак жа, яснавяльможны князь, – заікаючыся, прамовіў ён, – securitas горада яго каралеўскай вялікасці, даверанага…

– Ахоўвайце горад ад злодзеяў і прайдзісветаў, пане войце, і не турбуйцеся аб нашых справах! – крыкнуў ваявода. – Нечуванае нахабства! Вас варта было б усіх пасадзіць за гэта на тыдзень у замкавую турму! – дадаў ён, усё болей распаляючыся злосцю.

– У магістрата яго каралеўскай вялікасці горада Вільні і ў думках не было абразіць яснавяльможнага пана, але ж zelus – клопат – пра дабро, даверанае нам…

– А я вам кажу, – загрымеў ваявода, – накіруйце ваш zelus на іншае, і вам будзе што рабіць і да чаго прыкласці яго! Не ўмешвайцеся ў тое, што вас не абыходзіць, збірайце падаткі, судзіце сваіх гараджан і гасцей, падтрымлівайце парадак і сядзіце спакойна.

Войт адступіў да дзвярэй, напалоханы напамінкам пра турму і грубасцю ваяводы. Калі князь вымавіў апошнія словы, адчыніліся дзверы і ўся дэпутацыя моўчкі пасунулася назад, а ваявода ў пакоі ўсё яшчэ бушаваў. З невясёлымі тварамі, як жаб праглынуўшы, паны радцы, бурмістры і магістрацкія засядацелі на чале са слаўным войтам пайшлі ў ратушу.

Яны здалёку ўбачылі, што каля варот ратушы іх чакала купка цікаўных гараджан і купцоў.

– Што мы ім скажам? – спытаў войт.

– Што? – перапытаў пісар. – Зусім няма патрэбы расказваць ім пра візіт да ваяводы, бо гэта прынізіла б нашу годнасць у іх вачах. Лепей скажам, што кашталян і ваявода абавязалі нас дбаць пра парадак у горадзе.

– А што, як яны даведаюцца пра ўсё?

– Лепш самі пераканаем іх, што мы кажам праўду, а ўсё іншае – гэта адны плёткі і чуткі, – настойваў пісар. – Інакш мы страцім давер нашых падуладных, ад чаго ахавай нас, Божа, бо з намі і так мала лічацца, а праз гэта і зусім даверу не будзе.

– Што добрага скажаце? – спыталі тыя, хто чакаў.

– Каб мы былі спакойнымі і цярплівымі, – адказаў войт. – Усё добра.

– Нас прынялі з належнай пашанай, – бадзёра дадаў пісар. – Горад можа спадзявацца на памяркоўнасць ваяводы і кашталяна, – запэўніў войт.

– А вайны не будзе?

– Калі і будзе (гэтага нельга прадбачыць), то нам паабяцалі не рабіць вялікай шкоды гораду.

– Ну, вядома! – з'едліва сказаў, паківаўшы галавой, адзін з гараджан. – Абрабуюць і папросяць прабачэння, спаляць і будуць праліваць слёзы.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb