Том 2. Паздзел 1. Весці. Нарада пад ратушай. Войт у рэктара
Пры тых акалічнасцях, аб якіх мы пісалі, не было ўжо не толькі надзеі, а нават намёку на згоду – абодва бакі рыхтаваліся да вайны: Радзівілы да нападу, Хадкевічы да абароны; а паколькі, як мы ўжо згадвалі, тэрмін выдання князёўны замуж быў вызначаны – 6 лютага 1600 года, то якраз к гэтаму часу ў Вільні, у палацы Хадкевічаў, і павінна была пачацца тая зацятая вайна.
Але сілы былі няроўныя, бо хаця ў Хадкевічаў і была вядомасць у краіне, многа магутных прыхільнікаў, але намнога болей было ў Радзівілаў. Ваявода, крэўны родзіч князёў Астрожскіх, узначальваючы суполку пратэстантаў і праваслаўных, меў магутную падтрымку ў рускіх праваслаўных і рэфарматараў як у братоў па веры. Гэтай сіле Хадкевічы нічога не маглі супрацьпаставіць. Акрамя таго, Радзівілы добра разумелі, якой апорай ім магла быць дробная шляхта краю, таму заваблівалі яе да свайго двара, дапамагалі, чым маглі, уладкоўвалі на пасады, абаранялі, сваталі, жанілі, у выніку ў іх было шмат прыхільнікаў, нечым абавязаных ім, а яны не толькі тварылі, што хацелі на сейміках ва ўгоду сваім апекунам, але і былі гатовымі па першым закліку сесці на каня з шабляй у руцэ, нават не пытаючыся, дзеля чаго тое патрэбна. Такой шляхты, адданай роду Радзівілаў, у Літве было дужа многа; яна не цікавілася сутнасцю справы, а слепа падпарадкоўвалася загадам: наехаць, разграміць, не дапусціць да дэпутацыі на сейміках, узняць крык, адлупцаваць – усё для іх было законнай і лёгкай справай. Шляхта ўвогуле была маральна сапсаванай. Бадай што ўся яна стала абыякавай да маральнай ацэнкі сваіх учынкаў, не служыла таму, да чаго яна была заклікана, а слепа ішла за гаспадарамі, якія яе паілі, кармілі і выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах. Радзівілы называлі шляхту czapkq i papkq – шапка і кашка, што азначала братэрскае сяброўства і багаты стол; вось такая шляхта і пакінула прыкметны след у гісторыі іх роду. Князь Мікалай Радзівіл, празваны Сіроткам, увесь час паўтараў, што ён называе Радзівілаў не інакш як Рад-жывілы. Такой была палітыка, разлікі і ў іншых прадстаўнікоў гэтага роду. Дадамо, што і розніца ў веры была ім выгаднай, бо за Радзівіламі ішлі тыя, хто ненавідзеў католікаў, быў рады войнам з імі. Таму не дзіўна, што і на гэты раз яны звярнуліся да шляхты, каму напісалі, да каго адправілі пасланцоў. Сябры іх роду (так называлі іх Радзівілы) без вагання адгукнуліся на гэты заклік да бою. Пан ваявода разаслаў ва ўсе бакі позвы, з імі разнеслася і вестка пра пачатак новай грамадзянскай вайны. I ў Кароне, і ў Літве ніхто з тых, хто меў хоць нейкае дачыненне да роду Радзівілаў, не адмовіўся дапамагчы; выходзіла, што ўсе былі не супраць таго, каб распачаць у Літве грамадзянскую вайну. Галоўнымі кіраўнікамі пратэстанцкай партыі былі перш-наперш тры князі Астрожскія: кракаўскі кашталян, кіеўскі і валынскі ваяводы. Яны былі аднымі з самых уплывовых магнатаў на Літоўскай Русі, у іх было многа народу пры дварах, і яны абяцалі моцную падмогу. Кожны з іх мог прывесці шэсцьсот вершнікаў і семдзесят гайдукоў*, а гэта налічвала, калі ўзяць усіх разам, тры тысячы дзевяцьсот чалавек. Менш значным і не такім багатым лічыўся смаленскі ваявода Абрамовіч, які быў пратэстантам і трымаўся Радзівілаў, залежаў ад іх, таму ішоў за імі па абавязку; ён меней абяцаў, але хацеў хоць нечым дапамагчы агульнай справе, якую лічыў справай барацьбы за веру, і дакляраваў прыслаць ад свайго двара пяцьдзесят вершнікаў. Ваяводаў швагра Мікалай Нарушэвіч, жмудскі кашталян, выстаўляў сто вершнікаў і сто гайдукоў. Замойскі таксама без разважанняў быў гатовы прыслаць людзей з Падолля. Князь курляндскі адказаў на пасланне ваяводы, што прышле яму атрад сваіх рэйтараў*. Князь Юрый Радзівіл паабяцаў даць некалькі дзесяткаў конных, ды і іншыя хоць што-небудзь ды ахвяроўвалі дзеля гэтай справы. Леў Сапега, хоць быў і родзічам ваяводы і добра адносіўся да яго, але тым не менш даць людзей не абяцаў. Гэта было, як мы ўжо згадвалі, у ягоным характары – ён не любіў ні ўва што ўвязвацца, як католік і як вялікі прыхільнік караля, ён не хацеў рашуча выступіць супраць Хадкевічаў, бо яны былі ў пашане ў Жыгімонта III, стаялі на чале католікаў Літвы.
Што ж да Хадкевічаў, то іх сілы па колькасці не ішлі ні ў якае параўнанне з сіламі Радзівілаў. Хаця іх падтрымлівалі ўсе католікі, але ніхто ім не абяцаў такой дапамогі. Для таго каб выставіць хоць што-небудзь на абарону супраць Радзівілаў, яны мусілі спадзявацца ў асноўным на грошы, прычым на вялікія грошы: запісваць людзей у войска, наймаць, аплочваць, збіраць іх у Літве і за яе межамі. Дайшло да таго, што з-за інтрыг Радзівілаў ім даводзілася шукаць салдат у замежных краінах, а яны ішлі толькі тады, калі ім добра плацілі. Калі ж да гэтага дадаць, што на той час у іх не было такіх багатых і вялікіх уладанняў ды і ўвогуле багацця, то зразумела, у якое цяжкае становішча яны трапілі. Ім даводзілася закладваць і аддаваць у арэнду свае маёнткі, абы толькі раздабыць грошай на аплату сцягнутага з усіх бакоў войска. Жмудскі стараста Ян Караль, які стаяў на чале сваёй групоўкі, спадзяваўся такім спосабам сабраць тысячу шэсцьсот конных наёмнікаў і яшчэ шэсцьсот пехацінцаў. Пастараўся ён разжыцца і гарматамі для ўмацавання абароны сваёй камяніцы.
Вестка пра гэтую падрыхтоўку, з якой ніхто не рабіў таямніцы, хутка дайшла да караля. I не дзіва: уся краіна гаварыла пра гэта, была занятая падрыхтоўкай да вайны; і ўсе гэтаксама параўноўвалі сілы бакоў, прадказвалі, што прайграюць вайну Хадкевічы, а разам з імі і ўсе католікі. Яны баяліся, што ваявода, маючы такое войска, лёгка пераможа і не спыніцца перад тым, каб скарыстаць сваю перамогу для забеспячэння сабе і сваім прыхільнікам рашаючай перавагі ў Літве. Гэта непакоіла католікаў і самога караля, да якога ўсё часцей пачалі даходзіць просьбы ўмяшацца ў гэтую справу. Але кароль не дужа верыў у тое, пра што яму даносілі, лічыў становішча не такім ужо страшным, а можа, нават і адчуваў, нягледзячы на сваю недальнабачнасць, што Радзівілы не будуць надта лічыцца з ягоным пасрэдніцтвам.
Ваявода быў дужа раззлаваны зыходам свайго нядаўняга пасольства, яшчэ больш узненавідзеў Хадкевічаў і ўжо не думаў пра новыя перамовы і пра прымірэнне. Абодва бакі з нецярплівасцю і трывогай чакалі 6 лютага.
Паколькі ваявода быў мацнейшым і перакананым у сваёй перамозе, то і адчуваў сябе больш упэўнена.
Прайшлі апошнія месяцы 1599 года, новы, 1600 год пачаўся ў трывозе, і вось нарэшце наступіў люты.
Тым часам, устрывожаны блізкай развязкай гэтай гісторыі і чуткамі пра вялікую падрыхтоўку да грамадзянскай вайны, што даходзілі да яго, кароль Жыгімонт нарэшце паслаў чатырох сваіх сенатараў, перадаў з імі лісты да абодвух варагуючых бакоў, у якіх забараняў брацца за зброю і пачынаць вайну, і наказаў ім, каб рабілі ўсё, што ў іх сілах, для таго каб спыніць згубнае праліццё крыві. Сенатары выправіліся ў Вільню ў студзені 1600 года, але пакуль яны не прыбылі і не распачалі сваю дзейнасць, нам варта вярнуцца да апісання далейшага развіцця падзей у самой Вільні.
Гараджане былі ў трывозе: яны адчувалі, што стануць першымі, хто пацерпіць у гэтай вайне, бо яна абавязкова пачнецца на рыначнай плошчы, на вуліцах. Некаторыя ўжо намерыліся ўцякаць – яны не хацелі аказацца ў шэрагах тысяч салдат абедзвюх груповак. Дарэмна з болем і жалем гаварылі яны пра тое, што будзе з горадам, на гэта ніхто не зважаў, таму яны мусілі напомніць пра сябе тым, хто збіраўся ваяваць.
Дух гарадской грамады быў больш спрыяльны для партыі католікаў, таму што большая частка горада была каталіцкай; русіны, якія ў 1599 годзе ўвайшлі ў канфедэрацыю і якімі апекаваўся ваявода, абараняючы іх ад езуітаў, ішлі за ім, але іх было нямнога. На чале магістрата ў той час стаяў віленскі войт, якога незаконна прызначыў кароль, заўзяты католік і найлепшы слуга езуітаў Мацей Барымінскі, былы сакратар караля. У самім магістраце палова засядацеляў была праваслаўнымі, палова – католікі, але сярод праваслаўных засядацеляў было ўжо болын уніятаў, чым тых, хто прытрымліваўся ранейшай веры. Тое самае дзеялася паміж бургамістрамі і радцамі – там таксама пераважалі католікі; адчуваўся і вялікі ўплыў езуітаў, хаця яго падрывалі частыя спрэчкі з магістратам. Войт Барымінскі быў членам брацтва Божага цела і міласэрнасці Ісуса, акрамя таго, яшчэ і служкай ордэна – гэта яскрава сведчыць, на чый бок ён схіляўся. У пачатку 1600 года, калі ўвесь горад поўніўся чуткамі пра блізкую вайну, халодным студзеньскім ранкам ратушная плошча пачала запаўняцца людзьмі. Адны з іх ішлі адчыняць свае магазіны, іншыя спяшаліся ў ратушу, хто меўся вяршыць суд у магістраце, каго цікавіла скарбніца, каго вагі, цырульня ці штосьці яшчэ. Бурмістры, радцы, члены магістрата, пісар – усе стоўпіліся каля вялікіх дзвярэй ратушы, калі гадзіннік на вежы адбіў дзевяць. Размова якраз і зайшла пра падзеі, якія набліжаліся; некаторыя загаварылі пра тое, якія наступствы гэта можа мець для горада. Найбольш хваляваліся багатыя, яны баяліся за сваю маёмасць, любілі спакой, трывожыліся, што ім давядзецца браць на пастой тых, хто будзе выступаць на тым ці іншым баку. Пераказвалі адзін аднаму розныя чуткі.
– Я, пане Базыль, – казаў тоўсты і чырвоны шляхціц, – чуў ад прыдворнага пана старасты, а той пачуў ад палкоўніка, а палкоўнік – ад самога ягамосці старасты, што будуць ваяваць не ў полі, а толькі на гарадскіх вуліцах; як вам, пане, гэта падабаецца?
– А навошта б яны тады ўмацоўвалі камяніцу? – пытаўся другі.
– Усе ведаюць, што там ужо ёсць восемдзесят (!) гармат, яны ляжаць па ўсіх кутках; і хто ведае, колькі іх яшчэ прывязуць. Кажуць, што гарматы паставілі нават у вокнах, якія выходзяць на вуліцу, у парадных пакоях.
– А што да ваяводы, – казаў трэці, – то мы ведаем: як толькі ён навядзе сюды войска, ерэтыкі тут жа сатруць католікаў у пыл, знішчаць касцёлы, ксяндзоў задушаць. Пра крамы і склады і думаць няма чаго. А таму трэба своечасова падумаць пра сябе. Беражонага Бог беражэ.
– Так, так! Усё можа быць. Але няўжо наш кароль дазволіць ваяваць?
– Не можа ж кароль стаць паміж імі, – прамовіў яшчэ адзін гараджанін, – хай сабе ён і хацеў бы дапамагчы Хадкевічам, усё роўна не зможа. Можа толькі забараніць брацца за зброю, іншага не прыдумаць.
– Так яго ваявода і паслухаецца, – даводзіў другі шляхціц, – ён пасмяецца над ягоным загадам, як толькі пакліча войска з Русі, Курляндыі ці мала адкуль яшчэ. Кажуць, што ён пад заклад каталіцкай маёмасці склікае нават татар і паганых туркаў.
– А таму, – гнуў сваё трэці, – кожны, хто мае розум, хай адным духам вымятаецца з Вільні напярэдадні таго тэрміну, і хай ім застануцца толькі голыя сцены, нават абіўку трэба садраць. Я дык так і зраблю.
– У мяне пастаялы двор, – сказаў маленькі гарбун, – і я не магу пакінуць яго. Наадварот, я магу пажывіцца.
– Цябе аб'ядуць і абап'юць, а потым пакажуць дулю, – усміхнуўся пан Базыль, – вось і ўся будзе твая пажыва.
– Можа, не такі страшны чорт, як яго малююць, – разважаў першы. – Ксяндзы-езуіты чамусьці ж не выязджаюць, капітул таксама, ніхто не едзе. Каб было так ужо небяспечна, то ўсе даўно б выехалі.
– Праўду кажаце, – падтрымаў яго гараджанін, які стаяў збоку, – як толькі яны пачнуць высяляцца, то і мы рушым за імі. Будзем напагатове, але пакуль што не варта кранацца з месца; а да вайны не дойдзе, можа ж стацца і такое, тады мы хоць нешта ўтаргуем, раз наедзе столькі народу. I за пастой атрымаем.
– А вы ведаеце, што з-за гэтага, даруй Божа, паганскага ваяводы, – зноў умяшаўся трэці, – у нас столькі гадоў няма біскупа. Ён ні ў грош не ставіць ксяндза Маціёўскага і настройвае супраць яго іншых, каб не зацвярджалі яго на біскупства, а ўсё таму, што той на баку караля.
– Можа, гэта і праўда, – прамовіў Базыль, – але ж ксяндза не пускаюць на біскупства яшчэ і таму, што ён не ліцвін, ёсць жа нейкі закон, які забараняе не ліцвіну зай-маць віленскае біскупства. Вось чаму яго не дапускаюць.
– Зусім не таму, – запярэчыў трэці, – мне братчык-кравец з ордэна езуітаў казаў, што прывілей на біскупства выдадзены ксяндзу канцылярыяй Кароны і з яе пячаццю.
– А хоць бы і так, каго гэта абыходзіць? Некалі нябожчык кароль Стэфан запячатваў прывілеі рукаяццю шаблі, і нічога, усё выконвалася, што там было запісана.
– Тое і ёсць, што наш кароль глухі і нямы, адно ведае – маліцца ды маліцца, а ў каралеўстве ўсё пайшло наперакасяк. Але трасца іх бяры, усе гэтыя справы, нам трэба падумаць пра сябе, самы час. Нам пара нешта вырашыць наконт гэтай вайны.
У гэтую хвіліну падышоў войт Мацей Барымінскі. Усе пакланіліся яму, а пан Базыль Яновіч спытаў:
– Ці праўда, што хутка пачнецца вайна паміж Хадкевічамі і ваяводам?
– Адзін Бог можа гэта ведаць, – адказаў худы і высокі мужчына, якога ўсе віталі як войта, – але probabiliter – вельмі можа быць.
– Дык, можа, калі гэта так, нам самы час падумаць пра сябе, – сказаў пан Дурнік, той самы трэці шляхціц.
– Напэўна, так, – адказаў войт, – падумайце, вашамосць, з чаго пачынаць.
– А што сам пан думае рабіць? – спытаў Більдзюкевіч.
– Буду пакуль што сядзець, – адказаў войт, – бо не магу пакінуць сваю пасаду.
– I я, – сказаў адзін з членаў магістрата, – але краму замкну, а тавары вывезу ў вясковы фальварак.
– Так трэба зрабіць і нам, – прамовіў яшчэ адзін удзельнік гутаркі, пан Дубовіч, – але ці не лепей было б адправіць дэпутацыю віленскага магістрата да іх мосцяў кашталяна і ваяводы з просьбай не рабіць шкоды гораду яго каралеўскай вялікасці?
– Супакойцеся вы з вашымі хаджэннямі! – усклікнуў Дурнік. – Хочаце, каб нас там паднялі на смех? Хіба яны паслухаюцца нас, калі там ужо ўмешваўся не адзін сенатар, і яны ўсім падцерлі насы.
– Гэта так, – засведчыў войт, – але ж нешта значым і мы, як-ніяк – brachium reqium – правая рука ўлады – у гэтым горадзе. I нашы прапановы яны не могуць праігнараваць, бо каму, як не нам, дбаць пра захаванне і securitas – бяспеку – горада? Таму парада пана Дубовіча наконт дэпутацыі ratione – слушная, я ўхваляю яе.
– I я, – далучыўся Базыль Більдзюкевіч. – Сёння ж параімся і адправім пасла з паперай.
– Навошта такія цырымоніі, – запярэчыў Дубовіч, – трэба, каб пайшоў увесь магістрат, а інакш будзе поўны афронт.
– Напэўна, так будзе лепей, – згадзіўся войт, – толькі, перш чым ісці, трэба знайсці кагосьці талковага, хто мог бы даць добрую параду, падказаць, што і як гаварыць.
– I каго б вы параілі? – спытаў Дубовіч.
– Мне здаецца, – адказаў войт, – лепш за ўсё папрасіць рэктара Акадэмічнага калегіума.
– Вашамосць кажа чыстую праўду, – пацвердзіў Дурнік. – Схадзіце вы, пане, да яго самі і распытайцеся, што ён думае пра ўсё гэта.
– А што ж, сапраўды stante pede – схадзіце самі, гэта не зашкодзіць, – дадаў Дубовіч. – На сёння важных спраў пакуль няма і не прадбачыцца, таму вы, пане, можаце схадзіць у калегіум, а тут застануцца члены магістрата, бурмістры і наш шаноўны пан пісар.
– Добра, добра. Я і так збіраўся схадзіць у калегіум па судовых справах, – сказаў войт, – а раз вы ўжо так хочаце, то пайду зараз жа.
Войт пакланіўся і ў задуменні пайшоў па вуліцы ў бок калегіума Святога Яна.
У той час калегіум займаў вялікую плошчу, месціўся ў некалькіх дамах, купленых яшчэ біскупам Валяр'янам Пратасовічам, і ў заснаваных яшчэ раней, нават з перабудаванай колішняй Святаянскай плябаніі (у якой славуты Ройзій Маро, апошні архіпрэсвітэр, пісаў свае «Пастановы»); а таксама ў дакупленых і ахвяраваных камяніцах. У цэнтры ўсіх пабудоў стаяў касцёл Святога Яна, абноўлены некалькі гадоў таму, з высокай вежай, ганкамі. Каля варот калегіума сабраліся маладыя навучэнцы, чакаючы, калі зазвоніць падвешаны ў браме звон. Апрануты яны былі вельмі пярэста, з чарніліцамі пры поясе, кніжкамі пад пахамі, у паплямленым і часта ў дужа паношаным адзенні. Некалькі свецкіх навучэнцаў і ксяндзоў з касцёла Святога Яна ў чорным адзенні ішлі па дзядзінцы з ключамі або з кніжкамі. Пан Барымінскі ведаў некаторых з іх і вітаўся з імі. Ён мінуў дзядзінец, прайшоў па калідорах, дзе снавала яшчэ больш моладзі і ксяндзоў, нідзе асабліва не спыняўся, бо спяшаўся хутчэй трапіць у рэктарскую келлю.
Каля дзвярэй сталоўкі сабраўся цэлы натоўп – звон якраз абвясціў час снедання. А з глыбіні ўжо чуўся голас святара – ён, як тут вялося, чытаў статут ордэна перад тым, як пачаць есці. Было чуваць, як уголас каюцца некалькі браццяў – яны ў час чытання статута павінны былі адбываць пакаранне за правіну.
Войт працерабіўся праз натоўп і нарэшце аказаўся перад келляй рэктара. Яна была больш багатай, чым другая, на Правінцыяльнай вуліцы, бо ў ёй ксёндз-рэктар прымаў толькі саноўных гасцей, якія не хацелі праходзіць праз усе заведзеныя тут цырымоніі з абавязковым мыццём ног каля ўвахода. Над дзвярыма келлі вісеў абраз Святога Ксаверыя, ці не асабістага апекуна рэктара.
Войт пастукаў і адразу ж увайшоў, бо вучань-езуіт адчыніў яму. Ксёндз-рэктар стаяў у дзвярах першага пакоя і якраз заканчваў размову з братчыкам:
– Хай пасадзяць яго на тры дні на хлеб і ваду паводле статута, а пра астатняе пагаворым потым.
Братчык пакланіўся са складзенымі на грудзях рукамі і выйшаў, а войт павітаўся з рэктарам. Келля, у якой яны стаялі, была сціплая, нічым не аздобленая, апрача партрэта ксяндза Варшавіцкага. Каля дзвярэй вісела крапідла, побач – драўляны крыж, лаўкі, каля сцен шафкі. Больш урачыста выглядала другая, гэткая ж скляпеністая, як і першая, сюды рэктар і правёў Барымінскага. Гэтая келля выглядала значна большай, у ёй былі два акны. Сцены – нічым не абабітыя, на іх віселі абразы святога Ігнація Лаёлы і першых дзевяці браццяў ордэна езуітаў, а таксама выявы некаторых папярэднікаў рэктара ў віленскім калегіуме.
Тут стаяла шафа з кнігамі, побач просты цвёрды ложак, а над ім – плётка і крыж, галінка вярбы і грамнічная свечка. I больш нічога такога, што магло б служыць упрыгожаннем, воку не было за што зачапіцца.
– Важная справа прывяла мяне да вас, літасцівы ксёнжа, – прамовіў войт пасля прывітання. – У горадзе неспакойна, людзі баяцца. Я хацеў бы параіцца з вамі, што можна зрабіць.
– А чаму неспакойна? – спытаў Гарсія Алабянус, павярнуўшы да войта лысую галаву і глянуўшы на яго жывымі чорнымі вачыма.
– Ды ўсё з-за гэтай няшчаснай вайны, да якой рыхтуюцца Хадкевічы і Радзівілы, – патлумачыў войт. – Увесь горад устрывожаны, людзі непакояцца, не ведаюць, што і як рабіць. Ці ўцякаць, выбірацца з горада, ці сядзець і чакаць, спадзеючыся на Божую ласку.
– Што ж я магу вам параіць? – адказаў рэктар, не хаваючы сваёй поўнай абыякавасці. – Рабіце так, як падказвае вам розум.
– Але ж тут нашага розуму не стае, – пажаліўся войт, – і мы былі б рады пачуць параду, як нам сябе паводзіць, на што спадзявацца. Ёсць нам чаго баяцца альбо не?
– Я ведаю гэта не лепей, чым вы, – адказаў рэктар. – Так, падобна на тое, што пахне вайной, але наш кароль ужо выслаў паноў сенатараў з інгібіцыяй* да ваяводы і кашталяна.
– З інгібіцыяй! – усклікнуў войт. – Але ці прыслухаюцца яны да яе?
– Гэтага я не ведаю, – асцярожна сказаў рэктар, бо не хацеў паказаць, наколькі добра ён дасведчаны ва ўсім, што дзеялася ў горадзе.
– Мы хацелі б прапанаваць магістрату выступіць з прадстаўніцтвам ад горада да паноў кашталяна і ваяводы, каб яны не парушалі спакою і не шкодзілі sekuritatem Metropolis – бяспецы горада.
– Гэта было б не лішнім, – сказаў рэктар, – але я вашым мосцям і не раю, і не адгаворваю.
Прычыну такой асцярожнасці ксяндза-рэктара ў ягонай размове з войтам трэба было шукаць ва ўсім вядомай балбатлівасці пана Барымінскага, менавіта з-за яе рэктар баяўся сказаць лішняе слова; ён не хацеў, каб увесь горад даведаўся пра нейкі там ягоны ўдзел у тым, што наспя-вала. Таму ён стараўся захаваць хаця б вонкавы neutralitat – нейтралітэт – у гэтай справе; і так пратэстанты ўжо ўскідвалі на вочы езуітам усе грахі, былі яны ў іх вінаватыя ці не.
– А ці будзе які плён, калі мы гэта зробім? – дапытваўся войт. – Мы спадзяёмся на вашы розум і дасведчанасць, пане рэктар, дык парайце што-небудзь.
– Благога нічога быць не павінна, – прамовіў рэктар, – але зноў жа і вялікіх вынікаў чакаць не варта. Зрабіце так, як вы ўжо вырашылі між сабой, а я загадаю адправіць імшу за поспех вашай місіі. Трэба толькі не забыцца паслаць распараджэнне ў капліцу Божага цела.
Рэктар прамовіў гэта і ўстаў, нечым заклапочаны, а пан войт, рады ці не, павінен быў развітацца з ім. Праходзячы паўз браму калегіума, ён зірнуў на вывешаныя там аб'явы, прабег іх вачыма. Гэта былі аб'явы пра заказаныя малебны ў дзень нейкага святога, пра дыспут з нагоды атрымання вучонай ступені, а таксама пра пазбаўленне ад інтэрната трох навучэнцаў за якіясьці дрэнныя ўчынкі.
ЗМЕСТ
ТОМ I
Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе
ТОМ 2
Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ
ТОМ 3
Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ
КАМЕНТАРЫ
Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb