Паздзел 5. У кардыналіі

У горадзе наступіў ранак і адразу напоўніўся рухам і жыццём. У лічаныя хвіліны жвава, шпарка абудзілася ўсё, заварушылася, пайшло, зажыло, адчула сябе часцінкай вялікага жыцця. Як толькі ледзь-ледзь заружавела на ўсходзе, уся Вільня няспешна пачала абуджацца ад сну; першы падаў голас і паклікаў на малебен звон на касцёле бернардзінцаў, на другім канцы горада адгукнуўся звон францысканскага касцёла, а потым загучаў зладжаны хор усіх гарадскіх касцёлаў і цэркваў. Вуліцы пачалі напаўняцца гандлярамі, вяскоўцамі з сенам, дрывамі, рознай жыўнасцю. Усё болей шырыліся шум і гоман. Разгарнулі свой нядоўгі ранішні гандаль малочніцы, адкрыліся вінныя лаўкі і харчэўні, пярэстыя слупы дыму пацягнуліся ўгору з комінаў. Каля ратушы пачалі тоўпіцца габрэі, купцы ў бекешах з футра ішлі адчыняць свае крамы, на хаду паўтараючы словы малітваў; старыя пані ў чорных аксамітавых чаравіках, з тоўстымі кнігамі пад пахамі брылі ў касцёлы, хаваючы рукі ў лісіных і рысіных муфтах. Цырульні і памяшканні для брыцця запаўняліся людзьмі, ледзь не ў кожньш акне, над якім вісела шыльда з выявай талеркі, можна было ўбачыць намылены твар – толькі вусы тырчалі з-пад пены.

Там і сям па горадзе брылі габрэі ў доўгіх белых апранахах, якія цягнуліся па зямлі. Усюды адпіраліся брамы і вароты дамоў, палацаў, расчыняліся дзверы касцёлаў, на ганках там сядзелі жабракі і ціха шапталі малітвы.

У палацы Радзівілаў, што стаяў недалёка ад замка, побач з касцёлам Святога Яна, таксама ўсе прачнуліся; слугі і варта пайпглі ў горад, праз вароты туды-сюды ўжо бегалі прыдворныя. Гайдукі ў пярэстым адзенні, са зброяй у руках сталі на варту на падворку. Тое, што тут жыве ваявода, пазнавалася па пышнасці палаца, па мноству рознага люду, які ішоў сюды па сваіх справах і цярпліва чакаў прыёму. Палац Радзівілаў складаўся з некалькіх асобных пабудоў, заснаваных пры кардынале Радзівілу, які к таму часу, калі пачынаецца наша аповесць, ужо тры ці чатыры разы надоўга з'язджаў у Рым, а потым быў абраны кракаўскім біскупам, больш не жыў тут і саступіў свой палац ваяводу. Гэты палац не ўражваў прыгажосцю і цэласнасцю. Але штосьці ўсё ж надавала яму велічнасці, да таго ж усюды падтрымлівалася чысціня, што таксама паказвала: тут жыве важная асоба. Тут не было тых куч смецця, якія ўзвышаліся не так далёка ад палаца, каля дамоў гараджан, і дзе шнырылі галодныя сабакі, шукаючы спажыву. У адным з дамоў, вокны якога выходзілі на пляц перад касцёлам Святога Яна і збоку – на Замкавую вуліцу, жылі віленскі ваявода і ягоны сын Януш. Княгіня, чацвёртая жонка Крыштафа Радзівіла, у Вільні ў гэты час не жыла, не было і ніводнага з ягоных дзяцей.

Мы ўжо расказвалі пра ваяводу і ягоны характар. Ён быў горды багаты пан, стаяў у апазіцыі да караля, узначальваў спулку рэфарматараў, што былі ў канфедэрацыі з праваслаўнымі, зайздросціў католікам, бо іх любіў кароль, яго высока цанілі прыхільнікі. Ваявода быў звязаны справай і роднасцю з князямі Астрожскімі, іншымі радавітымі людзьмі з Русі, а па-сямейнаму – з Замойскім і славутым Львом Сапегам*. Ён хацеў быць на чале магнатаў у Літве і прадстаўніком тых сіл, якія не любілі караля за ягоную прыхільнасць да католікаў і Хацкевічаў і таму спадзяваліся толькі самі на сябе. Такім жа ваявода выхаваў і свайго сына Януша, які потым так нешчасліва праславіўся ў паўстанні, калі найбольш выявілася ягоная непрыхільнасць да Хадкевічаў (ці не найпершая прычына бунту), нянавісць да каталіцкай партыі, пагарда да пануючай рэлігіі, жаданне прынізіць іх і адпомсціць.

Князь Януш якраз толькі што прачнуўся, устаў з пасцелі, засланай мяккімі скурамі (як тады было ў звычаі), паклікаў слуг. Пакой, у якім ён спаў, быў прасторны, скляпеністымі вокнамі звернуты да касцёла Святога Яна, амаль увесь абабіты дыванамі.

На сценах пакоя было развешана многа зброі – яна блішчала, нібы толькі што выйшла з-пад рук збройніка. Каля ложка князя стаялі сярэбраная з пазалотай чаша, медны жбан і кубак.

Ледзь толькі хлопец прахапіўся і расплюшчыў вочы, адразу ж тупнуў нагой, пляснуў у далоні, клічучы слуг. Адчыніліся дзверы, адхінулася заслона, якой яны былі завешаны, увайшлі двое слуг у адзенні, якое вылучала ўсіх Радзівілаў. Яны прынеслі халодную ваду для мыцця і ручнік, каб выцерціся. Князь моўчкі абліў сябе халоднай вадой, выцерся, потым расчасаў свае доўгія (па тагачаснай модзе) валасы. Не завіваў іх, як цяпер, не душыў, толькі абліў сцюдзёнай вадой і прыгладзіў далонню. Потым падкруціў маладыя вусы, апрануў простае чорнае адзенне, але шытае з лепшага сукна, нацягнуў боты з прыгожай жоўтай скуры і атласу, камізэльку са шнуроўкай і арнаментам, пояс з пазалочанымі палоскамі. Спытаў у слугі:

– Пан ваявода ўжо не спіць?

– Так, яснавяльможны пане, – адказаў слуга, – да яго толькі што зайшоў міністр…

– Падайце мне поліўкі і паклічце Тамілу Таміловіча. Слуга выйшаў, некалькі хвілін князь пастаяў каля акна, што выходзіла да касцёла, паглядзеў на багамольцаў, якія ішлі па вуліцы, незадаволена прабурчаў:

– Вечна я павінен глядзець на гэтых паганых папістаў! Ён адвярнуўся, сеў за мармуровы столік, падпёр галаву рукой, разгладзіў вусы. Нейкая думка неадступна круцілася ў ягонай галаве, ён строга моршчыў лоб.

Тут унеслі поліўку ў срэбнай місе на срэбным падносе, потым зайшоў мажны прыдворны, давераная асоба маладога князя – Таміла Таміловіч, якому пры двары далі мянушку Дубіна, бо ён і сапраўды быў магутны і дужы, як дуб, нават нечым з постаці падобны на гэтае дрэва, да таго ж – тугадум.

Слугі выйшлі.

Князь адставіў убок поліўку і спытаў:

– Што ты зрабіў, Таміла? Што бачыў? Што чуў? Кажы.

– Усю ноч, яснавяльможны пане, хадзілі каля камяніцы Хадкевічаў, там пачаўся нейкі рух, мітусня.

– Што гэта значыць? Ты з кім-небудзь бачыўся?

– Ноччу прыбылі туды дзве групы вершнікаў.

– Дзве групы? А колькі іх?

– Ды мала, усяго некалькі чалавек.

– Што за яны? Ты што-небудзь праведаў?

– Я не змог бы даведацца, бо яшчэ не прыдумаў, як патрапіць у камяніцу, – сказаў Таміла, – але, на шчасце, нехта ноччу паслаў прыдворнага па віно, ад яго я тое-сёе выведаў.

– I што ж?

– Нічога асабліва важнага, бо ён сам толькі што прыехаў, – адказаў Таміла. – На чале першай групы пан Барб'е, нейкі француз, быццам бы служыў у войску ў крэпасцях і ў баявых шэрагах, а другіх прывёў пан Станіслаў аж з-за мяжы, ён – выхаванец старасты, быў пасланы вучыцца ваеннай справе.

– Мабыць, яны думаюць абараняцца ў камяніцы, – усклікнуў князь Януш, – і сюды з'едзецца цэлая плойма папістаў, праклятых лаёльцаў! Ды хай сабе яны збудуюць крэпасць, вышэйшую, чым іхнія касцёлы. Усё роўна мы іх дастанем і там, хай нават давядзецца разбурыць увесь горад!

Тут ён ударыў кулаком па стале, аж падскочыў кубак, і ўстаў.

– Што яшчэ? Вы не спрабавалі падкупіць гэтага двараніна?

– Мы з панам Адамам учора спаілі яго, запрасілі і сёння на віно, можа быць, нешта ўдасца выцягнуць з яго.

– Паспрабуй, – прамовіў князь Януш, – можа, удасца з яго дапамогай адчыніць камяніцу Хадкевічаў і сустрэцца з князёўнай.

– Мне здаецца, што можна будзе, – адказаў Таміла, – але я яшчэ не ўпэўнены.

– Я добра аддзячыў бы яму, каб гэта ўдалося.

– Я тут адну рэч задумаў, не ведаю толькі, ці пахваліце вы мяне за гэта.

– Што ты там прыдумаў?

– Калі мы ўчора добра падпаілі яго, то я выцягнуў у яго ключ ад малых дзверцаў на Замкавай вуліцы ад камяніцы Хадкевічаў, а потым зрабіў з яго васковы злепак. Можа, спатрэбіцца.

– Добра зрабіў, малайчына, дужа добра зрабіў! – пахваліў князь Януш. – З імі падыходзяць любыя спосабы, як яны ваююць, так і мы. Закажы зрабіць такі ключ. Заўтра дасі яго мне. Ідзі і не спускай вачэй з камяніцы Хадкевічаў. Нам трэба ведаць пра ўсё, што ў ёй будзе рабіцца.

Таміла пакланіўся і выйшаў. Князь узяў шаблю, прычапіў яе збоку, надзеў шапку з пяром, насунуў яе на адно вуха і пайшоў па калідоры да бацькавых пакояў. У тым куце палаца панавала ціша, многа слуг, прыдворных, лёкаяў, гусараў чакалі пры зачыненых дзвярах у глыбокім маўчанні. Калі яны ўбачылі князя Януша, то тыя, хто сядзеў, ускочылі, каб прывітаць яго, але князь не звярнуў на іх увагі. Ён падышоў да дзвярэй, адхінуў заслону і пастукаў у дзверы. Здалёку пачуўся голас:

– Хто?

– Janussius, – пачуў ён у адказ.

– Зайдзі.

Атрымаўшы дазвол, князь адчыніў дзверы і ўвайшоў у вялікі багаты пакой, падобны на той, які мы ўжо апісалі, але яшчэ прыгажэйшы. Падлога была заслана цудоўным персідскім дываном, сцены абабіты парчой, лавы і крэслы да самай падлогі пакрываў пурпуровы аксаміт з пазалотай. Тут было меней зброі на сценах, затое вялікі стол, які стаяў каля акна, быў увесь завалены кнігамі, рознымі паперамі. Стаяў на ім і вялікі пазалочаны гадзіннік.

Князь-ваявода сядзеў у крэсле. Ён быў у аксамітным адзенні, з залатым ланцугом на шыі, непадпяразаны. У яго быў сур'ёзны бледны твар, у чорных вачах свяціўся магутны дух. Чорныя вусы, канцы якіх звешваліся ўніз, і чорная барада – прыкмета іх роду – дапаўнялі ягоны воблік. На твары ў яго таксама адбіваліся мужнасць, упэўненасць у сваіх сілах, нават адценне пагарды і пыхі, здавалася, што такі чалавек не можа быць лагодным, чулым. Але калі ўвайшоў сын, твар яго пасвятлеў. Ён працягнуў руку, сын пацалаваў яе і моўчкі стаў за бацькавым крэслам.

– Ну, што новага, князь? – спытаў бацька (ён заўсёды так тытулаваў сына).

– Нічога або амаль нічога.

– А ў мяне ёсць навіны, – прамовіў князь і паказаў рукой на паперы.

– Я магу спытацца ў свайго добрага бацькі, што гэта за навіны?

– Адказы паноў сенатараў, якіх я прасіў быць пасрэднікамі паміж намі і гэтымі папістамі ў справе паміж табой і князёўнай Соф'яй, раз ужо яны адмовіліся ад усіх сваіх абяцанняў і дамоў, не пускаюць цябе да яе. Усе, каго я прасіў, абяцалі заўтра прыйсці да мяне, а потым яны пойдуць да кашталяна і будуць прасіць яго, даказваць, што ён павінен адступіцца ад сваіх не прыстойных для магната паводзін. Калі ж ён хоча вайны, то будзе вайна, і, Бог бачыць, зацятая будзе вайна!

Ваявода ўстаў і працягваў:

– Гэта будзе вайна, з якой Хадкевічы не выйдуць жывымі! Што ты на гэта скажаш?

– Цалую рукі майму бацьку і гаспадару, дзякую за клопаты пра мяне.

– Як мне здаецца, – дадаў ваявода, – убачыць кашталян майго канцлера Льва Сапегу ды яшчэ ваяводу смаленскага, старасту мазырскага, кашталяна жмудзінскага, кашталяна кракаўскага, іншых сенатараў і задумаецца, зразумее, што дарэмна слухаецца сваіх дзядзькоў-малакасосаў, а таксама розных там езуітаў, што толькі сам сабе наробіць шкоды і сораму. Перамагчы мяне ён не здолее, хай яму памагаюць хоць сотні езуітаў і хоць два нягеглыя каралі, бо за Радзівіламі ўся краіна!

– Я даведаўся, – сказаў князь Януш, – што Хадкевічы ўжо выклікалі з-за мяжы людзей, дасведчаных у фартыфікацыйных справах, для абароны сваёй камяніцы. Якраз учора прыехалі.

Ваявода засмяяўся.

– Няўжо яны думаюць, што могуць зраўняцца са мной! – усклікнуў ён. – Са мной і з усімі Радзівіламі! Хадкевічы – са мной! Ды мы іх шапкамі закідаем, похвамі ад палашоў паб'ём! Гэта ж трэба дадумацца! Не, яны робяць гэта, відаць, толькі каб напалохаць нас, паказаць, што не хочуць прыйсці да згоды. Яны хочуць вытаргаваць у нас і Копысь, і згоду. Гэтаму навучылі іх хітрыя езуіты, але ж і мы не не лыкам шытыя! Не, гэта ж трэба!

Ваявода ў абурэнні пакруціў галавой. Калі паспакайнеў, спытаў:

– Можа, ёсць якія навіны ад Соф'і?

– Ніякіх, князь пільнуе яе, як Аргус*, толькі часам бачу яе ў акне, калі праязджаю па вуліцы. Але я спадзяюся, што Таміла здолее прабрацца ў камяніцу Хадкевічаў, ён ужо тое-сёе пачаў рабіць для гэтага.

– Глядзі толькі, – папярэдзіў ваявода, – каб гэты дубалом цябе не ўблытаў у штосьці. Хай ён усё робіць сам, свой карак падстаўляе, нібыта робіць свае справы не па загаду, бо гэтыя папісты адразу ж наладзяць афронт, звінавацяць нас у тым, што мы дзейнічаем падманам. А для Радзівілаў само падазрэнне ў гэтым – ужо ганьба.

– Не хвалюйцеся. Я яго добра навучыў, а ён хлопец спраўны, кемлівы і адданы мне.

– Ці ўдасца мне гэтае заўтрашняе пасольства, адзін Бог ведае, – прамовіў ваявода, гледзячы на сына, які ўсё яшчэ стаяў за крэслам, – але я крыху спадзяюся, што толк будзе; калі дванаццаць паважаных і ўплывовых сенатараў завядуць гаворку пра нашы справы, то папісты нікуды не дзенуцда, зразумеюць, што нельга рабіць так, як яны робяць, не варта парушаць дагавор. Пан кашталян і так на валаску ад баніцыі, і то з маёй ласкі, хоць ён думае, што яго гэта не абыходзіць.

Толькі ён прамовіў тыя словы, як пачуліся званы з касцёла Святога Яна.

– Вечна ён б'е ў вушы, гэты звон да малебнаў спадчыннікаў Лаёлы, ідалапаклоннікаў, якія прыкрываюцца лісіным хвастом сваіх лізаблюдаў езуітаў. Ужо ў горадзе і месца няма, дзе б вочы нашы іх не бачылі, вушы нашы іх не чулі.

Святар, пратэстанцкі пастар, які стаяў і моўчкі слухаў размову бацькі з сынам, заўважыў:

– Доўга Бог цярпліва чакае, але будзем спадзявацца, што сапраўдная вера, вера чыстага Святога Пісання, пераможа ідалапаклоннікаў.

– Дарагі ойча, – адказваў яму пан ваявода, – я ўсім сэрцам гатовы паверыць вам, але ўжо колькі гадоў запар нашы намаганні не даюць плёну, бо кароль са сваімі езуітамі дужа нам шкодзіць. Усё тое, што мы мелі за нябожчыкам каралём Аўгустам, цяпер губляем.

– Нічога, – супакойваў святар, – не адразу праўда даходзіць да людскіх сэрцаў. Хай яны растрацяць усе свае сілы, а потым мы іх, бяссільных, возьмем. Наша вера не згіне, яна распаўсюджваецца па ўсім свеце і заваёўвае ўсё новых прыхільнікаў, нягледзячы на моцны націск Рыма. Наступіць час, і гэты няшчасны край адчуе Боскую ласку і, нягледзячы на нягоды, уведае праўду.

Ваявода ўздыхнуў і стаў пазіраць у акно, а князь Януш падцяў губы. Па тварах іх абодвух было бачна, што веры ім не стае, як і надзеі, – такія пачуцці валодалі ў той час і іншымі пратэстантамі. Некаторыя з іх нават пераходзілі ў другую веру. У самім родзе Радзівілаў ўжо былі такія прыклады, узяць хаця б таго ж Сіротку*, які стаў вельмі заядлым католікам і паборцам каталіцкай веры.

– Шаноўны ойча, – князь павярнуў гаворку на ранейшую тэму, – калі ўбачыце смаленскага ваяводу, перадайце, што я заўтра чакаю яго, спадзяюся на яго ўсім сэрцам.

Гэта азначала, што ваявода развітваецца з ім. Святар пакланіўся і выйшаў Бацька з сынам засталіся адны, яны перакінуліся яшчэ парай слоў, потым ваявода паклікаў свайго пісца і засеў за паперы, а князь Януш зноў пацалаваў бацьку руку, выйшаў з пакоя, загадаў падаць сабе каня і выехаў у горад.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb