Паздзел 4. Радзівілы i Хадкевічы

– Вашай мосці трэба ведаць, – пачаў пан Барб'е, смакуючы віно, – што наш пан стараста і ўся сям'я Хадкевічаў здаўна родняцца між сабой, хаця і не дужа сябруюць.

– Так, гэта праўда, – перапыніў яго Бурчак. – Я вырас і памру ў гэтым доме, а таму як ніхто ведаю пра ўсе абставіны. Напачатку дзядзька яго панскай мосці пана старасты нябожчык Юрый, таксама жмудскі стараста, узяў сабе ваяводзіху наваградскую Радзівілаўну, а сам быў сынам княгіні Слуцкай з роду Алелькавічаў* – гэта таксама лучыць іх з Радзівіламі. Ён быў дужа даспадобы Радзівілам, хаця мы ўсе гаварылі, што з гэтага нічога добрага не атрымаецца: арол з грыфам не паладзяць.

– Вашай мосці трэба ведаць, што Алелькавічы таксама родзічы і Радзівілам, і Хадкевічам.

– I што тыя Алелькавічы – яблык разладу паміж імі.

– А хіба ўся справа ў Радзівілах? – спытаў пан Станіслаў.

– I ні ў кім іншым, – запэўніў француз, – але ты слухай далей, бо яшчэ пачуеш пра многія дзіўныя рэчы.

– Дазвольце мне спачатку расказаць пра гэтыя лучнасці, бо без іх нічога не зразумець, – стараўся растлумачыць Бурчак. – Паўтараю: Радзівілы родняцца з Хадкевічамі, а абодва гэтыя роды – са слуцкімі Алелькавічамі. Каб лепш уявіць, якім чынам, сачыце за маёй думкай: нябожчык дзядзька цяперашняга пана старасты Гераніма, у свой час таксама жмудскі стараста, парадніўся з Соф'яй Алелькавічавай, слуцкай князёўнай, а тая Соф'я была сястрой князя Сымона, бацькі князя Юрыя, які з'яўляецца бацькам нашай Соф'і Юр'еўны Алелькавічавай, слуцкай князёўны. З гэтага вы, вашамосць, выразна бачыце, што пан Юрый быў дзядзькам нашай панны. Трэба вам ведаць таксама, што гэта быў дужа набожны і пачцівы пан, хай Гасподзь дасць вечны спачын душы ягонай, і быў ён так-сама жмудскім старастам. Пяць гадоў таму ўсе плакалі, калі яго хавалі ў Брэсце, і я праліў нямала слёз, бо ён мне дужа спрыяў і заўжды памятаў пра мяне. Аднак вы, вашамосць, яшчэ не бачыце, у чым тут тое радство Радзівілаў з Алелькавічамі, дык я вам зараз пра гэта і раскажу. Бо цяперашні віленскі ваявода пан Радзівіл, які мае сына Януша, пабраўся з дачкой князя Канстанціна Васільевіча Астрожскага, кіеўскага ваяводы, а яна дачка Аляксандры Алелькавіч са Слуцка. Вось вам і крэўнае радство.

– Я так думаю, – перапыніў Барб'е, – што з усёй гэтай генеалогіі пану Станіславу зусім не зразумела, як гэта звязана з цяперашняй іхняй звадай, і хачу яму патлумачыць. А таму вяртаюся да свайго: Хадкевічы з Радзівіламі ў радстве, але тым не менш не дужа ладзяць між сабой. Аднак жа нябожчык Юрый, жмудскі стараста, так-сяк патрапляў у тон свайму цесцю, цяперашняму ваяводзе, бываў у яго ў доме, і жылі яны душа ў душу. Тая дружба была б яшчэ мацнейшай, калі б яны былі адной веры, але нябожчык Юрый быў дужа набожны і заядлы каталік, а ваявода, як вядома, ерэтык, знаецца з разнаверцамі, а нядаўна запісаўся ў канфедэраты разам з князямі Астрожскімі і іншым панствам з Русі. Аднак жа між сабой яны былі ў добрай згодзе. А тым часам, ужо даўно тое было, яшчэ ў 1595 годзе, памёр бацька нашай маладой князёўны Соф'і Слуцкай і перад смерцю даверыў апеку над ёй у сваім завяшчанні пану Юрыю Хадкевічу.

– Яна апошняя прадстаўніца гэтага слаўнага роду, – дадаў Бурчак, – які некалі меў сваё месца ў сенаце пры князю-біскупе віленскім. У яе багаты пасаг – Слуцкае і Капыльскае княствы.

– Калі тое сталася і князёўна Соф'я дасталася ў апеку пану Юрыю, жмудскаму старасту, Радзівілы пачалі яго абхаджваць з надзеяй схіліць яго на свой бок, каб прыдбаць Соф'ю і яе ўладанні. I яны так добра справіліся з гэтым, так улашчылі добрага жмудскага старасту, што яшчэ ў 1594 годзе, якраз за год да ягонай смерці, дамовіліся, што Соф'я выйдзе замуж за князя Януша Радзівіла, сына цяперашняга пана ваяводы і князёўны Астрожскай.

– Як магло такое здарыцца? – здзівіўся пан Станіслаў.

– Як? – перапытаў Бурчак, падстаўляючы свой кубак, каб у яго налілі віна. – Пра гэта лепей раскажу я, таму што сам быў сведкам усяго. Было ўсё гэта ў Брэсце, калі там будаваўся на стараставы грошы прыгожы касцёл, а сам ён праводзіў шмат часу ў малітвах, за некалькі гадоў да смерці дзень у дзень хадзіў на ўсе малебны і нават мала знаўся з людзьмі, так улягаў у набажэнствы. Радзівілы даўно хацелі мець пэўнасць у тым, што атрымаюць князёўну Соф'ю, якой у той час (а было гэта ў 1594 годзе) ішоў дзесяты год. Зусім дзіця! Дужа яны вакол яго віліся, улашчвалі яго, але ніводзін з Хадкевічаў і думаць не думаў пра шлюб багатай дзяўчыны з блізкім родзічам, нават калі б была пэўнасць, што Папа Рымскі дазволіць яго па просьбе караля, які добра адносіўся да паноў Хадкевічаў. Аднак яны не хацелі таго, таму што бачылі ў такім шлюбе парушэнне боскіх законаў. А вось габрэі-хрысціяне – тыя уступаюць у шлюб і з родзічамі. I вось тады…

– Нешта вы дужа падрабязна ўсё разводзіце, – не стрымаўся Барб'е.

– Нічога, нічога, нас ніхто ў шыю не гоніць, лепей распавесці ўсё як ёсць, – не адступаў ад свайго Бурчак, – толькі, пане, набярыцеся цярпення. Дык пра што гэта я?

– Пра тое, як хацелі аддаць князёўну за Януша.

– Ага, так. Вядома ж, хацелі і ўсяляк улашчвалі пана старасту, а пан стараста, каб пазбавіцца ад іх націску, даў слова шляхціца, што як падрасце князёўна і захоча сама выйсці замуж за князя Януша, то ён яе выдасць. Але ваяводу Радзівілу мала было гэтага слова, ён хацеў мець поўную ўпэўненасць у тым, што ягоны сын стане ўладаром Слуцкага і Капыльскага княстваў. Як зараз памятаю: быў я аднойчы ў Берасьці, і пайшлі мы бадай што ўсе ў касцёл. А было гэта, помніцца, у суботу перад Белым тыднем*. Раптам падбягае да нас дворны слуга і кажа, што конна прыехаў васал пана ваяводы, а неўзабаве будзе і ён сам. Маршалак падышоў да лаўкі пана старасты, паведаміў яму пра госця, а нябожчык стараста гэтак строга адказвае: «Ты ідзі і прымі яго, а ў мяне на першым месцы – Бог, а ўжо за ім усе на свеце князі і нават каралі. Вось скончыцца служба, тады я і вярнуся ў замак». Ён даслухаў да канца службу, пасля вярнуўся ў замак, а там ужо стаяць карэта, коні пана ваяводы і яго асабістая ахова. Павіталіся сардэчна і зычліва, а потым было там вялікае баляванне. Добра прынялі і людзей ваяводы – для іх выкацілі бочкі, ежы было напоўніцу, стол накрыты цэлы дзень, пры ім і я, быццам зараз памятаю, слугаваў ваяводскай чэлядзі. Потым ужо пры двары даведаліся, што пан ваявода прыязджаў да старасты па нейкую паперыну.

З ім быў малады ваяводаў сын, князь Януш, пачцівы хлопец і шчодры, але ўжо тады, як і цяпер, у ягоных вачах праглядвала вялікая гордасць. Ён нікому слова добрага не сказаў, калі што не па ім было, адразу ж адсылаў чорту на рогі. Было там шмат паноў, сярод іх і пляменнік пана ваяводы – князь, стараста мазырскі, многа сяброў. I яны зноў пачалі завіхацца каля пана старасты, многа чаго яму наабяцалі, напаміналі пра параднёнасць. Назаўтра мы даведаліся, што князёўну Соф'ю сасваталі князю Янушу пад заклад, і гэта засведчана дакументам.

– Як гэта – пад заклад? – зноў здзівіўся пан Станіслаў.

– Пан стараста даў паперу пану ваяводу, у якой засведчыў, што пад заклад вялікай сумы грошай абяцае выдаць князёўну толькі за князя Януша, калі яна стане паўналетняй. Калі ж не споўніць таго, то сам заплаціць вялікі заклад. Я ўжо не ведаю, чаму пан стараста гэтак зрабіў, але дзе ж ты дзенешся, калі і просяць, і ўгаворваюць, і клянуцца ў вечнай дружбе. Як тут не згадзіцца? Пасля гэтага былі зноў вялікія гулянні і віваты, выпіта многа віна, нарэшце ўсе раз'ехаліся. Пан стараста быў дужа рады, што нарэшце выправіў іх, адразу ж загадаў прыбраць у пакоях і нанава асвяціць іх пасля гэтых ерэтыкоў, як пасля пракажоных.

– З гэтай пары, – падхапіў Барб'е, – хоць князёўна была яшчэ дзіцём, да яе стаў учашчаць князь Януш, прысылаў падарункі, каб спадабацца ёй; ваявода таксама час ад часу заязджаў пагасцяваць да бацькі, а ён хоць быў і цярплівы, і дабрачынны, але не любіў гэтых раптоўных наездаў і не раз казаў: «Ох, не падумаў я добра, калі даваў тую паперу, але будзь што будзе, справа зроблена. Раз слова даў, яго трэба трымаць». Але наш стараста раптоўна памёр.

– О, хай яму будзе вечная памяць, – усклікнуў Бурчак, малітоўна склаўшы рукі. – Гэта быў чалавек, якіх мала на свеце, мілы людзям і Богу, не было ні адной жывой душы, якая мела б на яго крыўду.

– Памёр ён у Брэсце ў чэрвені 1595 года, вось ужо чатыры гады прайшло з таго часу, палова пятага мінула нават. Пасля яго смерці Радзівілы вельмі ўстрывожыліся, не ведалі, з чаго пачаць, як зноў наладзіць парваныя сувязі, таму што апека перайшла да брата нябожчыка старасты – Гераніма, віленскага кашталяна, брэсцкага старасты, які не быў у такой дружбе з Радзівіламі, як Юры. Кашталян даведаўся пра смерць брата і паспяшаўся ў Брэст, бо Хадкевічы хацелі як належыць справіць хаўтуры і ўшанаваць яго памяць. На пахаванне прыехала многа ўплывовых людзей – сенатары, святары, – усе яны сказалі многа добрых слоў пра нябожчыка, а ксёндз Брандт, езуіт, выступіў з прачулай прамовай, якая ўсіх кранула. Пазней яна была надрукавана ў мясцовай езуіцкай акадэміі. Але гэта было аж у лістападзе, а вестка пра смерць дайшла да Радзівілаў адразу, і яны нібыта дзеля хаўтураў (хоць і ерэтыкі), а на самай справе дзеля пацвярджэння дамоўленасці паспяшаліся ўслед за віленскім кашталянам.

– I я там быў, – працягваў Бурчак. – Усе мы плакалі каля труны нашага дабрадзея, чакалі дня пахавання, і тут якраз Радзівілы іп magno comitatu – з вялікай світай – знатных паноў і чыноўнікаў прыехалі ў замак. У першы дзень яны, шануючы памяць нябожчыка пана старасты і жалобу пана кашталяна, нічога не гаварылі, але назаўтра ж пачалі напамінаць пра тыя паперы, настойвалі на тым, каб аднавіць іх, згадвалі пра сваяцтва і сяброўскія сувязі, якія здавён існавалі паміж іх родамі. Спачатку кашталян не ішоў ні на якія ўступкі, адгаворваўся, што будзе дастаткова той першай дамовы з братам, але паны Радзівілы настойвалі, каб зноў дагаварыцца на ранейшых умовах з закладам, бо ім хацелася дамагчыся свайго. Я вам забыўся сказаць, што віленскі кашталян у час першай дамоўленасці таксама прысутнічаў, больш таго – ён сам пісаў яе, таму мусіў абнавіць паперы, раз ужо апека перайшла да яго. Пасля доўгіх угавораў быў складзены новы акт, які пісаў і аформіў складней, чым першы, маршалак яго каралеўскай вялікасці Андрэй Юндзіл. Падпісалі яго русін Аляксандр Галаўчынскі, які падтрымліваў Радзівілаў і прыехаў з імі, Ян Трызна і Пётр Страбоўскі, трайдзенскі стараста. У тым новым акце занатавана, калі верыць чуткам, што віленскі кашталян абяцае аддаць маладую князёўну замуж за князя Януша Радзівіла, калі ёй споўніцца пятнаццаць гадоў, тут, у Вільні, у гэтай вось камяніцы, дзе мы зараз сядзім, 6 лютага 1600 года, калі яна сама таго захоча і не будзе супраць. На гэты раз Радзівілы былі вельмі задаволены, князь быў дужа рады, бо ўсе яны ўжо не адзін год дамагаліся гэтага. I ўсё ж яны дужа баяліся, каб хто-небудзь не сапсаваў іхнія планы. Якраз з нашым панам старастам яны былі не ў дужа добрых стасунках, у іх цягнуцца нейкія даўнія родавыя спрэчкі. Таму яны пабойваліся, як бы ён не падбухторыў пана кашталяна супраць дамовы, а магчыма, іх непакоіла і іншае – многія літоўскія роды хацелі б парадніцца з Хадкевічамі праз князёўну. Праўда, засцерагаючыся ад гэтага, ваявода дапісаў у тым акце, што кашталян не будзе патаемна чыніць ніякіх перашкод, і ўсё гэта пад закладам у тысячу літоўскіх коп. Вялікія, скажу вам, грошы!

Калі ж неабачлівы кашталян пайшоў на такую ўмову і падпісаў акт, то Радзівілы нават не сталі чакаць пахавання, паехалі з Брэста радасныя і задаволеныя тым, што ім удалося абхітрыць Хадкевічаў. А князь Януш па волі свайго бацькі ваяводы яшчэ больш стараўся ўвайсці ў фавор, заваяваць прыхільнасць князёўны – праведваў яе, слаў падарункі, каб спадабацца ёй. Людзі кажуць, што яна яго ўпадабала, і гэта так і ёсць.

Дзеялася тое ў 1595 годзе, як я ўжо вам казаў, увесь гэты час князь Януш усё гэтак жа ўвіхаўся каля князёўны аж да гэтых дзён, а яна падрасла, стала дужа прыгожай. Вы бачылі яе хоць раз?

– Не, ніколі, – адказаў пан Станіслаў, – бо мне даводзілася больш бываць пры войску, чым ацірацца пры дварах. Як я мог бачыць яе, калі яна жыве то ў Гродне, то ў Брэсце, то тут, у вас, у Вільні, у кашталяна ў кляштары бернардзінцаў. А я тут бадай што і не бываю.

– Цяпер яна жыве ў нашым палацы, – сказаў Бурчак, – разам з ахмістрыняй нашага пана Влодскай. А падбор прыдворных дзяўчат проста каралеўскі – з самых лепшых, шляхетных паненак. Калі вы яе не бачылі, то вельмі шкада: на яе прыемна глядзець, нібы на касцельныя роспісы. Пакуль вы тут будзеце, вам, напэўна, удасца ўбачыць яе. Глянуць на яе – ніколі не скажаш, што гэтая дзяўчына расла, гора не ведаючы, што ёй усяго хапала, такая яна худая і слабая. Здаецца, ветрык дзьмухне і яна паваліцца. Затое з твару прыгожая, хаця ўвесь час дужа засмучаная, нібы нядаўна плакала ці хварэла. Убачыш яе, і такая туга падступіць, што сам вось-вось, здаецца, заплачаш. Я ніколі не бачыў і не ведаю, ці смяецца яна, хіба толькі калі прыязджае князь Януш. А ён, ці праўда, ці не, дужа ўлягае за князёўнаю, моцна кахае яе, ва ўсім слухаецца.

– I ўсё ж вы, пане, многае апусцілі, – заўважыў Барб'е, разліваючы віно па кубках, – бо трэба ведаць і тое, што Радзівіл узяў за сваёй жонкай, Астрожскай, добры пасаг і сярод усяго іншага некалькі маёнткаў пад Оршай, якія яшчэ пры Жыгімонту Аўгусту пад заклад у пяць тысяч злотых былі перададзены Хадкевічам.

Невядома, што за злы дух падбухторыў ваяводу Радзівіла праз суд дамагацца тых маёнткаў. Хадкевічы былі настолькі ўражаны гэтым, што, нягледзячы на ўсе абяцанні ў Брэсце, на клятвы ў вечнай дружбе, праз пару гадоў скасавалі ўсе пагадненні. Радзівілы ўзнялі страшэнны крык і парвалі ўсе сувязі. Яны настолькі заеліся між сабой, што нават перасталі бачыцца, а пан Аляксандр і пан стараста затаілі вялікую крыўду на ваяводу. Яны судзіліся, пагражалі Радзівілам, што тыя маёнткі і Копысь адгукнуцца на лёсе князёўны Соф'і. З гэтай пары яны рабілі ўсё для таго, каб не дапусціць таго шлюбу. Неўзабаве пасля тых цяжбаў за Копысь наш пан стараста з братам Аляксандрам паехалі ў Брэст, туды ж прыехаў і іх дзядзька, апякун князёўны, віленскі кашталян Геранім. Вы туды яшчэ раз не ездзілі? – спытаў у канцы Барб'е ў пана Бурчака, які ўважліва слухаў.

– Не, не быў, але добра ведаю пра ўсё, – упэўнена адказаў Бурчак. – Яны прыехалі да дзядзькі, скардзіліся і крычалі, што ён заеўся з Радзівіламі, што тыя ўсё робяць дзеля згубы іх роду, цягнуць іх у суд, хочуць адабраць маёнткі.

Яны так расхвалявалі пана кашталяна, што і ён, ахоплены злосцю, пачаў разам з імі пагражаць Радзівілам. Яны ўзяліся даводзіць, што дамова з імі наконт шлюбу неса-праўдная, таму што князь Януш і князёўна Соф'я блізкія родзічы, што яна яму амаль сястра; пазней давялі гэта і да вушэй караля, які быў заўжды прыязны да Хадкевічаў. Каралю не падабалася, што ерэтыкі могуць увайсці ў еднасць з імі і, нягледзячы на прадпісанні святога каталіц-кага касцёла, ажэняць свайго сына з князёўнай. Яны так угневаліся на Радзівілаў, што князь Аляксандр Галаўчынскі, які нагадаў пра апошнюю ўмову, змацаваную пячаццю, вывеў іх з цярпення і сам, раззлаваны, пакінуў Брэст. А наш пан Аляксандр і пан стараста пачалі тым часам пераконваць дзядзьку, што ён, калі хоча аддаць князёўну Соф'ю Радзівілам, то хай хаця б памятае пра сваіх і нічога не робіць без іх ведама, каб яны не без выгады для сябе прыйшлі да згоды адносна Копыся. Нарэшце яны дамагліся таго, чаго хацелі, і ён на паперы, пад вялікімі зарокамі і закладамі, засведчыў, што без іх ведама не выдасць князёўну ў вызначаны тэрмін. Радзівілы даведаліся пра тое, што рыхтавалася, але ваявода пакінуў маёнткі сабе, бо ў яго была папера ад кашталяна, на пагрозы ён не адказваў, быў упэўнены, што даможацца свайго. А наш пан стараста з братам Аляксандрам запрасілі пана кашталяна ў наваградскі земскі суд, каб разабрацца ў сваяцтве князя Януша з князёўнай Соф'яй, выклікалі і віленскага ваяводу па гэтай справе. Яны даводзілі, што, паводле Літоўскага статута, а таксама каталіцкіх устанаўленняў, не можа быць шлюбу паміж блізкімі родзічамі.

Ваявода з гэтага толькі пасмяяўся, бо ўжо аб тым пісалася, што земскі суд не мае дачынення да шлюбных спраў. Раззлаваўшыся на нашых паноў, а яшчэ больш на кашталяна за тое, што даў сябе ўгаварыць і падпісаў новы дагавор, ваявода таксама пачаў пагражаць. А вы ж ведаеце, што ён можа!

Так усё і цягнулася да гэтага года. Але ж я яшчэ не расказаў вам, як абышліся Хадкевічы з князем Янушам, які па-ранейшаму часта бываў у князёўны Соф'і, не забываўся пра яе. Два гады таму, памятаю, паехаў ён да яе ў Брэст, а вярнуўся адтуль дужа злосны, праклінаючы нашых паноў за тое, што дрэнна прымалі яго, далі пабачыцца з князёўнай усяго раз ці два, ды і то нядоўга, у іхняй прысутнасці. Потым ужо, зусім нядаўна, пан кашталян папрасіў пана старасту, каб ён дазволіў пажыць ёй у нашым нядаўна адрэстаўрыраваным доме, і перавёз князёўну з усім яе дваром у Вільню. Тут князю Янушу стала яшчэ цяжэй бачыцца з ёю.

Ужо хутка год, як усё гэта здарылася, і за гэты час адносіны паміж іх мосцямі не палепшыліся. Як цяпер памятаю, што тады было. Якраз у аўторак, перад днём Божага Цела*, прыехаў князь Януш да гэтай камяніцы, хацеў пабачыцца з князёўнай, якая ўбачыла яго на вуліцы праз акно і, як заўжды, радасна прывітала. Пан стараста быў дома і праз маршалка загадаў паведаміць князю Янушу, што князёўна не прыме яго, таму што ён як апякун не дазваляе. Князь Януш узняў вялікі крык, пагражаў яму, злаваўся, але нішто не дапамагло.

Праз некалькі дзён князь Януш прыслаў пасланца з лістом і нейкім падарункам, але і гэтага наш стараста не дапусціў: падсцярог і адправіў назад з тым самым, ды яшчэ наказаў перадаць, што з усяго гэтага нічога не будзе, пакуль ён жывы, што Радзівілы ўжо шмат у чым паказалі сваю непрыхільнасць да роду Хадкевічаў, таму хай лепш пакінуць іх у спакоі. Князь Януш спрабаваў падкупіць слуг, але гэта раскрылася, слуг прагналі, на тым усё і скончылася. Князёўне было строга загадана, каб яна не спрабавала патаемна звязвацца з князем, інакш пасадзяць пад замок у манастыры. Князёўна плакала, але нішто не дапамагло. А князі Радзівілы, помсцячы за Яна Караля і Аляксандра віленскаму кашталяну, у тым годзе пацягнулі яго ў Трыбунал, дзе суддзя, князь Юрый Радзівіл, троцкі кашталян, абвінаваціў яго ў парушэнні дамовы, згодна з якой ён не меў права ўступаць у патаемныя змовы супраць ваяводы. Суддзя абвінаваціў яго ў тым, што ўступіў у змову са сваімі пляменнікамі, з-за чаго паўсталі цяжкасці ў выкананні дамоўленасці. Лёгка здагадацца, што кашталян прайграў справу і павінен быў заплаціць залог – тысячу коп. Але той, нават пад пагрозай баніцыі, не заплаціў.

– Ну, наш кароль ніколі не дапусціць такога, – заўважыў Барб'е, – мы ж усе добра ведаем, што ён любіць і падтрымлівае ўсіх шчырых католікаў, у тым ліку і Хадкевічаў, а ўсіх ерэтыкоў і схізматыкаў, на чале якіх стаяць Радзівілы і Астрожскія, дужа ненавідзіць. Гэта проста немагчыма, каб выйгралі яны, а не мы. Вам, пане Станіслаў, трэба ведаць, – дадаў ён, – што ў іх шэрагах сёлета пачаўся вялікі рух, што яны ідуць супраць караля і католікаў, як ільвы, і што кароль нам дапамагае. Ён зноў ажыўляе справу уніі з яе моцнай пагрозай праваслаўю. Тры гады назад яна пачалася, цяпер жа кароль хоча давесці яе да канца. Летась перад Трыбуналам тут быў вялікі з'езд, на які прыехалі князі з рускіх зямель, Астрожскія, а таксама рэфарматары з Польшчы. Яны хацелі стварыць нейкую унію праваслаўя з іншымі ерэтыкамі, каб супрацьстаяць католікам, езуітам і каралю, абараняцца ад іх. Тады адбыўся і слаўны дыспут, на якім супраць трыццаці іх правадыроў выступіў ксёндз-езуіт Сміглецкі, многіх з іх пераканаў, на вялікі іх сорам, але іх гэта не стрымала, яны хадзілі па горадзе і гаварылі, што выйгралі, хаця ёсць нямала сведкаў адваротнага.

– Але ж вы, пане, яшчэ не сказалі, калі, дзе і паміж кім будзе тая вайна, – нагадаў пан Станіслаў, – няўжо будуць біцца за князёўну Соф'ю?

– Ва ўсякім разе, я так думаю, – сказаў Бурчак, – бо Хадкевічы збіраюцца абараняцца не на жыццё, а на смерць. Праўда, кароль пісаў і да пана старасты, і да пана ваяводы, каб суняліся, каб дазволілі рассудзіць іх і разгледзець іх узаемныя прэтэнзіі на сейме, але – як гарохам аб сцяну. Не згадзіліся!

– Што ж будзе? Няўжо сапраўды пачнуць ваяваць?

– Відаць, што так, – адказаў Барб'е. – А пакуль не наступіць вызначаны дзень выдання князёўны замуж – шостага лютага наступнага года, дай нам Бог спакойна дачакацца тут, у камяніцы пана старасты, калі яна пачнецца, тая вайна.

– А да яе ўжо мы паціху рыхтуемся, – дадаў Бурчак. – Наш пан стараста адусюль склікае і збірае людзей, але дарэмна ён падстаўляе свой лоб гэтым брыдотным ерэтыкам, ім жа дапамагаюць дужа магутныя Астрожскія і ўсе, колькі іх ёсць, ерэтыкі і русіны. Але ж і яго каралеўскай вялікасці не спадабаецца, калі марна загінуць ягоныя найбліжэйшыя і найадданейшыя прыхільнікі. Дзякуй Богу, наш кароль вельмі заклапочаны гэтым і, вядома ж, зробіць усё, каб не дапусціць вайны, калі ж да таго дойдзе, то пан стараста выставіць не меней чым дзве тысячы войска на абарону камяніцы ды яшчэ тры дзесяткі гармат.

– А што ж Радзівілы? – спытаў Станіслаў.

– Ого! У іх людзей – да халеры, ім дапамагаюць усе сённяшнія канфедэраты, усе яны на іх баку. З імі тры князі Астрожскія, кракаўскі кашталян, кіеўскі і валынскі ваяводы, і ўсе яны могуць выставіць многа людзей. А яшчэ з імі і князь курляндскі, бо і ён ерэтык.

– А таксама Абрамовіч з Варнян і смаленскі ваявода, а з ім ягоны швагра Нарушэвіч, пляменнік – мазырскі стараста, ды хто іх там зараз злічыць, – дадаў Барб'е. – Яны могуць сабраць каля пяці, а то, можа, і шасці тысяч войска. Але там, дзе шэсць атакуюць, дзве могуць лёгка абараняцца.

– Будзем спадзявацца, што Бог нам дапаможа, не паддамося, – прамовіў пан Станіслаў.

– Вы, вашамосць, быццам бы казалі, што і Замойскі з імі, супраць нас?

– Хто яго зразумее? – зазначыў пан Станіслаў. – Мы пра яго наслухаліся падчас элекцыйнага сейма*, як быццам нармальны хлопец, але на яго глядзяць як на нейкае дзіва. Раскажыце мне, хто за нас?

– Усе католікі, але магнатаў мала, шляхты больш, напэўна, давядзецца браць у войска салдатню, бо ўсе баяцца зачапіць ваяводу і канфедэратаў – кожны пачціва адказвае, што і рады быў бы дапамагчы, ды нешта замінае. Толькі сандамірскі ваявода Мнішак па старой дружбе і па веры з намі, але і ён не абяцае прыслаць людзей, толькі сам прыедзе.

– Але ж усё гэта – жудасная рэч, можа скончыцца дужа кепска! – усклікнуў пан Станіслаў і ўстаў. – Хадкевічы ж нават і не думаюць аддаваць князёўну, а Радзівілы намерыліся ўзяць яе сілай, як крэпасць.

– Так яно і ёсць, – пацвердзіў Барб'е.

– А што думае пра гэта сама князёўна?

– Толькі Бог можа чытаць у яе сэрцы, – прамовіў Бурчак. – Я штодня бачу Соф'ю, многа чуў пра яе, але ведаю не лепей, чым вы, панове, прыехаўшы здалёку. Мне здаецца, што яна ўсёй душой хінецца да князя Януша, што яна кахае яго. А з выгляду – спакойная, маўклівая, нібы яе ўсё гэта не абыходзіць. Калі пан кашталян і наш пан стараста сказалі ёй, каб ніякіх сувязей, ніякага ліставання (бо і гэта бывала) з князем Янушам не мела, не прымала ад яго пасланцоў, то яна ім адказала: «Хай будзе ваша воля». Але мне ўсё ж думаецца, што яна шукае спосабу ўбачыцца, сустрэцца з князем Янушам. Таму што калі князь едзе па вуліцы (а ён досыць часта праязджае пад нашымі вокнамі), яна заўжды стаіць і глядзіць, часам падае яму знак белай хусцінкай. Яна, бядачка, і галавой яму ківала. Я не раз бачыў такое. Вось праведае пан кашталян ды пераселіць яе ў другі пакой, бо гэтая пагроза баніцыі страшэнна раззлавала яго. Як толькі даведаўся, што яны хочуць чыніць, то гатовы быў уступіць хутчэй чорту, чым Радзівілу. Ён ведае, што ўсе католікі супраць яго, што князь рэктар калегіума Святога Яна праз сваіх людзей даў знаць пра тое каралю і прасіў, каб ён не дапусціў вайны. Але тут, у Вільні, ерэтыкі трымаюць усё ў сваіх руках. Каб супраць іх не былі езуіты, то яны б тут па галовах хадзілі, бо сваю цяперашнюю канфедэрацыю яны дужа цэняць.

– А вось і днець пачынае! – усклікнуў пан Барб'е, паглядзеўшы ў акно. – Пойдзем у наш пакой, бо і збанок ужо сухі, і галава цяжкая.

– А мне трэба працаваць пасля бяссоннай ночы, – дадаў Бурчак. – Як толькі бразне ў дзвярах, трэба адчыняць, ды яшчэ давядзецца наводзіць парадак у камяніцы, бо пан стараста можа вось-вось прыехаць.

Яны пачалі разыходзіцца. Ужо добра развіднела, калі пан Барб'е і пан Станіслаў ляглі спаць на сене.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb