Паздзел 3. Збан віна
– Даўно я не бачыў віленскіх вуліц ноччу, – сказаў сам сабе пан Брожак, спускаючыся па лесвіцы на дварышча, – але і ўбачу нямнога, калі толькі перайду праз вуліцу да дома, дзе жыве Мальхер! I то добра.
Апынуўшыся на дварышчы, ён прабраўся да варот з боку Вялікай (Замкавай) вуліцы, папацёмку намацаў дзверцы, адкрыў унутраную папярэчную засаўку і паспрабаваў адкрыць замок ключом. Калі гэта яму ўдалося, ён праціснуўся на вуліцу, замкнуў за сабой дзверы, праверыў, ці замкнуліся, і зірнуў на вокны Мальхера, якія сапраўды аказаліся якраз насупраць.
– Што за халера! У яго цёмна! – здзівіўся Брожак, не ўбачыўшы святла. – Хіба ён адвучыў п'янтосаў заседжвацца ў яго? Ды не! Гэта яны, напэўна, хаваюцца, сядзяць з другога боку.
Падумаўшы так, ён падбег да варот камяніцы, прытуліў да яе вуха, потым стукнуў нагой адзін раз, другі, трэці.
– Гэй! Гэй! Ёсць там хто? Адчыніце! Але ніхто не азваўся.
«Хай я месяц пасціцца буду, але ўсё роўна дабуджуся», – падумаў ён і зноў пачаў стукацца. I зноў без толку.
– Тут нешта не так! – сказаў ён праз хвіліну. – Але што ж здарылася? Паспрабую яшчэ.
Тут каля яго нешта зашамацела. Пан Брожак, які ад нечаканасці ледзь не ўціснуўся ў браму, павярнуўся.
Ззаду стаялі два мужчыны, глядзелі на яго і шапталіся. Брожак убачыў іх і, нядоўга думаючы, запытаў:
– Панове ягамосці! Ці не маглі б вы сказаць мне, што гэта здарылася з Мальхерам, што яго нельга дабудзіцца?
Ягамосці нічога не адказалі, толькі зноў зашапталіся.
Пан Брожак падумаў, ці не хочуць яго абакрасці, таму парашыў за лепшае не грукаць болей у вароты, каб на яго не напалі ззаду. Ён адышоўся ад іх і пабрыў далей, раз-пораз азіраючыся. Тыя двое, якіх ён убачыў, таксама павольна пайшлі за ім. Гэта насцярожыла хлопца, але ён не разгубіўся і адважна падаўся па вуліцы ў бок ратушы. Там ён спадзяваўся лягчэй дастукацца і пад якой-небудзь шыльдай усё ж купіць віна.
Вуліцы ўжо апусцелі, церусіў снег, недзе ўдалечыні пераклікаліся начныя вартаўнікі, здалёку даляталі ціхія гукі касцельных званоў. Навокал – нікога, ні ў адным акне няма святла.
«Відаць, ужо болын позна, чым мне здавалася, – падумаў Брожак, – але я не такі, каб вяртацца з пустымі рукамі».
Ён рашуча павярнуў направа да Пятніцкай царквы, глянуў угору на дом з ганкам, які выходзіў фасадам на рынак, убачыў на шыльдзе сасновую галінку, прыпарушаную снегам, і заспяшаўся да варот. I тут пачуў нарэшце гучныя гукі п'янай бяседы, дужа знаёмыя яму гукі, стук кубкаў, звон шклянак.
– Нарэшце! – узрадаваўся ён. – Дастану віна тут або нідзе!
I ён пастукаў у вароты раз, другі і закрычаў:
– Добрыя людзі, прашу вас, адчыніце!
Толькі ён змоўк, як зноў убачыў тых двух, што ішлі за ім, яны стаялі блізка і нібыта цікавалі за ім.
– I вы, ягамосці, хочаце трапіць на пастаялы двор? – спытаў ён, злёгку пакланіўшыся.
Адзін з іх азваўся:
– I мы? А вы, васпан, дзеля чаго тут?
– Хачу расстарацца вінца, – прызнаўся Брожак.
– Вы не дастукаецеся, – сказаў другі, наблізіўшыся. – Хіба што мы паможам.
– Ды я і сам дам рады, – запэўніў яго Брожак.
– О не! – запярэчыў першы незнаёмец. – Хоць сабе да самага ранку стукайцеся, ніхто вам не адчыніць. Але пачакайце крыху, я вам дапамагу.
Сказаўшы так, ён мінуў вароты, падышоў да камяніцы, праз шчыліны якой прабівалася святло, прасунуў руку ў выразанае пасярод сэрца і тройчы пастукаў у шыбіну.
– Хто там? – спытаў голас знутры.
– Свой, з кардыналіі*, адчыніце з вуліцы.
– Зараз.
Пачуліся крокі, стук, бразгат ключоў, нарэшце адсунулася засаўка, адчыніліся дзверцы. Першы зайшоў Брожак, услед за ім прасунуліся і яго новыя сябры.
– Хай вам Бог заплаціць за гэту паслугу, бачу, што я дарэмна аббегаў бы ўвесь горад і толькі біўся б ілбом у вароты, – дзякаваў незнаёмцам Брожак.
– Няма за што, – коратка адказаў адзін з іх.
Злева ад варот у тоўстай сцяне адчыніліся дзверкі, з іх выбухнула святло і цёплае паветра, запахла ежай. Пан Брожак увайшоў у доўгі і вузкі скляпеністы пакой, уздоўж якога стаяў стол, памаляваны ў чырвоны колер, абстаўлены лавамі і засланы тоўстым абрусам у плямах. Пасярод стала стаялі цяжкія латунныя ліхтары з запаленымі свечкамі. На абрусе валяліся абгрызеныя косткі, хлебныя крошкі, розныя недаедкі, стаялі пустыя медныя міскі, паліваныя збанкі і медныя і шкляныя кубкі. За сталом сядзелі толькі два мужчыны, дужа п'яныя, яны нахіляліся праз стол адзін да аднаго, стукаліся кубкамі і крычалі:
– За здароўе вашэці! За здароўе вашай жонкі пані Кацярыны і вашай цудоўнай дзяўчыны Настассі, усяго вашага роду! Прыспарай, Божа!
Гараджане былі ў дужа добрым гуморы.
Каля акна, што выходзіла на вуліцу, спаў, узлёгшы на стол, яшчэ адзін п'яніца, на ягонай галаве была нізка насунута шапка, і толькі з-пад рукі, на якую ён абапіраўся, былі бачны доўгія канапляна-шафраністыя вусы. Гаспадар, што адчыняў дзверы, выглядаў чалавекам дужым, румяным, невысокім, у сініх панчохах з воўны, у начным каўпаку на лысай галаве, у расхрыстаным суконным кафтане, з чырвоным тварам і пурпурным носам. У пакоі была яшчэ адна асоба: дзяўчына, надта ж брудная, худая і непрыгожая, нейкая зжаўцелая, у лахманах, заспаная. Валюхаючы з кута ў кут, яна збірала са стала міскі, кубкі, талеркі, лыжкі і, мармычучы нешта, пазяхаючы, выносіла іх у суседні пакой. Тыя двое, да якіх толькі цяпер, пры святле, прыгле-дзеўся Брожак, былі маладыя хлопцы – упэўненыя ў сабе, добра апранутыя, яны зусім не былі падобныя на начных валацуг, якімі яны напачатку здаліся яму. Брожак, схамянуўшыся, пачціва і ветліва схіліў перад імі галаву і сказаў:
– Ды тут, мусіць, толькі харчэўня, можа, у іх я і не разжывуся віном.
– Не разжыцца віном! – адгукнуўся гаспадар, які падышоў з ключамі. – Не разжыцца віном! Нішто сабе! Хіба ж вашамосць не ведае новай харчэўні пана Супейкі, гараджаніна і купца горада Вільні? Разжывецеся, вашамосць, нават найлепшага – Канара! А ў што пану наліць?
– Вось у гэты збан.
Пан Брожак працягнуў яму двухгарнцовы* збан, гаспадар кіўнуў галавой і сказаў:
– Ідзіце за мной, вашамосць. А ці ёсць у вас чым заплаціць?
Брожак растуліў далонь і паказаў вышмараваны талер.
– Прашу за мной, – дадаў гаспадар, забраў ліхтар ад п'яных і шуснуў у глыб пакоя да дзвярэй, што вялі ў каморку.
Пан Брожак пайшоў услед за ім, а два «ягамосці» засталіся.
Гаспадар прывёў яго спярша ў цёмную каморку, тут панаваў страшэнны вэрхал, што можна было заўважыць нават пры водбліску свечкі, якая дагарала каля сцяны. У беспарадку грамаздзіліся карыты, кацялкі, пустыя бочкі, вялікія бутлі, міскі, віселі абрусы, валяліся мётлы, а на кучы бялізны і рознага іншага дабра ўладкавалася тая самая дзяўчына-служка, яна ўжо моцна спала, закрыўшы твар фартухом. З каморкі яны з гаспадаром выйшлі ў сенцы.
– З дазволу вашай мосці, – сказаў пан Супейка, – я схаджу па ключы ад склепа.
– Але ж вы там, вашамосць, дзеля ўсяго святога, не забаўцеся і не пакіньце мяне ўпацёмку.
– Я пакіну вашай мосці свечку, – адказаў гаспадар і заспяшаўся да напаўшкляных дзвярэй злева, праз іх можна было ўбачыць пры святле лампады, запаленай перад абразом Прасвятой Дзевы, чысты пакой, дзе за занавескай у кветкі было раскідана і развешана рознае жаночае начынне.
Гаспадар адчыніў дзверы, пачулася невыразнае мармытанне, бразгат ключоў, потым пан Супейка выйшаў. На ім ужо быў зялёны кубрак. Ён узяў з рук пана Брожака ліхтар і павёў яго па калідоры ўглыб, да дзвярэй склепа. Пакуль пан Брожак чакае віна, мы вернемся ў першы пакой, дзе засталіся два незнаёмцы.
Гэта былі, як мы ўжо ўпаміналі, маладыя хлопцы, добра апранутыя, наколькі можна было меркаваць па іх абліччах і абыходжанні – прыдворныя нейкага пана, дваране, адзетыя на адзін манер у цёмнае, захутаныя ў багатыя плашчы. Яны знялі шапкі і прыселі на лаўкі каля акон ад вуліцы, насупраць гараджаніна, які спаў, разлёгшыся на стале.
– Ну, што скажаш? – спытаў адзін з іх. – Паспрабуем што-небудзь зрабіць?
– Небяспечная рэч, – адказаў другі. – Пра гэта трэба было падумаць загадзя.
– Але пакуль мы будзем думаць, хлопец уцячэ. Ну, дык што?
– У яго ёсць ключ ад дзверцаў, – прамовіў другі, – а нам бы ён вельмі прынагадзіўся. Ваяводзіч добра заплаціў бы нам, калі б мы займелі такі лёгкі доступ у палац Хадкевіча ды яшчэ і сувязь са служанкамі маладой князёўны. Яна і хацела б нам дапамагчы, але не можа, бо яе пільна вартуюць.
– Але як мы вывудзім у яго той ключ? – спытаў другі.
– Вядома, ні ў якім разе нельга яго адбіраць, але ці не пашукаць якога спосабу абдурыць гэтага сысунка?
– Што ж прыдумаць?
– Мне здаецца, лепш за ўсё добра напаіць яго, – разважаў першы, – ключ выкрасці і адціснуць копію з яго. Я чуў, што якраз так падрабляюць ключы зладзеі.
– Як бы нам гэта не выйшла бокам, – занепакоіўся другі, – тут пахне шыбеніцай!
– А хто пра тое ўведае? Да таго ж хіба мы робім гэта дзеля нечага благога?
– А я думаю, што красці ключ няма сэнсу, яны ж гэтак, як і ўсюды, знутры зачыняюць дзверы на засаўку. Вось каб знайшоўся хто-небудзь ды адчыніў бы нам засаўку, тады і ключ спатрэбіўся б.
– Гэта так.
– Вось вернецца наш сысун, тады паглядзім, ці можна яго спаіць. Заадно паспрабуем што-кольвечы выведаць ад яго, пане Адаме.
Толькі ён сказаў гэта, як увайшоў, закрываючы збан крысом, пан Брожак. Хлопец збіраўся ўжо выйсці праз другія дзверы, як адзін з незнаёмцаў спытаў яго:
– Як відаць, вашамосць некуды нясе віно. А ці хацелі б вы распіць па кубачку з намі?
– Дзякую вам, панове, за прапанову, – адказаў пан Брожак, у якога пры згадцы пра кубак ледзь слінкі не пацяклі, – і рад быў бы выпіць з вамі, але не маю часу, бо мяне чакаюць у палацы Хадкевіча.
– Ды што там, усяго нейкая хвілінка, – сказаў першы незнаёмец і падаў знак гаспадару, каб прынёс віна. – I ў нас часу няма, каб доўга сядзець тут, бо і нас гэтаксама паслалі, і нам трэба вяртацца, але ў такую халадзіну грэх будзе не сагрэцца хоць кубачкам.
– Ну, калі ўжо вы, панове, так хочаце, – адказаў Брожак і сеў, паставіўшы збан пад стол, – то і вып'ем. Скажу пану Барберы, што доўга цягаўся, пакуль здабыў віна. Хай пачакае.
– Цяпер, пры святле, я вас хоць лепей разгледзеў, – дадаў Брожак, – а то вы мяне каля Мальхера напалохалі. Даруйце, але я падумаў, ці не зладзеі вы, іх такой парой хапае на вуліцах.
– Гэта так, апоўначы не варта выходзіць з дому, – падхапіў ягоныя словы другі незнаёмец, – але яшчэ, мусіць, не здаралася так, каб нехта напаў на адной з галоўных вуліц, ды яшчэ каля ратушы, там пільна сочаць вартавыя. Вось у завулку дык можна атрымаць палкай па лбе.
Тут гаспадар падаў пляшку віна і тры кубкі. Старэйшы з незнаёмцаў наліў поўны кубак пану Брожаку, той тут жа асушыў яго, выцер вусны і прашаптаў:
– Нейкае моцнае віно, баюся, як бы не ўдарыла ў галаву.
– Ды слабенькае, не будзь я Супейка! – запэўніў гаспадар. – Яго можна піць як ваду! Так-то яно пячэ, але толькі ў шлунку, а ў галаву не дае.
– Ну, пад другую нагу, – абвясціў новы сябар і выпіў. Пан Брожак выпіў таксама.
– Што ж, Бог Тройцу любіць, – усміхнуўшыся, прамовіў другі.
Пры гэтых словах пан Брожак пабялеў, нібы ўбачыў перад сабой ерэтыка, і сказаў:
– Што гэта вы, вашамосць, успамінаеце за кубкам пра Святую Тройцу? Можа, вы, даруйце, з канфедэратаў?
– Не, не! – запэўніў незнаёмец, зірнуўшы на таварыша. – Што вы! Так, выскачыла знячэўку. Вы ж ведаеце выслоўе: Omne trinum perfektum – Усё добрае – тройчы.
I яны зноў выпілі, кланяючыся адзін аднаму. Потым загаварыў старэйшы:
– Дык, значыць, вы з палаца Хадкевіча?
– Так, – пацвердзіў Брожак, – я прыехаў з панам Барберы, які будзе перарабляць палац на крэпасць, ці нешта падобнае.
– А навошта? – спытаў другі.
– А хто ж яго ведае! – прабурчаў Брожак. – Можа, пан стараста хоча з некім ваяваць.
Незнаёмцы пераглянуліся, а Брожак лыпаў вачыма, праціраў іх, адчуваючы, што віно ўсё ж ударыла ў галаву.
– А хіба вы адны прыехалі? I нікога больш няма?
– Не! Яшчэ і пан Станіслаў прыехаў з-за мяжы дапамагаць пану Барберы ў гэтай справе.
– Хто ён такі, той Станіслаў?
– Выхаванец пана старасты, з яго рыхтавалі ваяра, пасылалі за мяжу вучыцца вайсковай мудрасці.
Брожак гаварыў і адчуваў, што ён нібы заблытваецца ў нейкай сеці, таму выцягнуў з-пад стала збан і пачаў уставаць.
– Мне трэба вяртацца, бо здаецца, што я перапіў.
– Вось-вось, менавіта здаецца, – сказаў незнаёмец. – Нам трэба выпіць яшчэ па кубачку, каб у пару было.
Ён зноў выпіў, тое самае зрабіў і пан Брожак, які ўжо ледзь трымаўся на нагах, а ўсё чакаў, калі яму нальюць яшчэ. Другі незнаёмец неўпрыкмет засунуў руку яму ў кішэню, выцягнуў ключ ад дзверцаў і хуценька пабег у каморку.
– Што гэта з вамі? – павярнуўшыся, спытаў Брожак.
– Ды кроў пайшла з носа, – адказаў той.
Тым часам другі як мог забаўляў Брожака, піў з ім, пакуль у пляшцы было віно, і хаця хлопец увесь час парываўся пайсці і баяўся выпіць звыш меры, аднак як толькі бачыў поўны кубак, нават не спрабаваў адмовіцца, спрацоўвала прывычка, і Брожак асушаў яго. Так з угаворамі, паддаючы сабе духу і адвагі, яны добра падвыпілі. Неўзабаве з бакоўкі выйшаў, выціраючы сабе нос, другі хлопец, ён абняў і перахрысціў Брожака, а сам неўпрыкмет зноў паклаў яму ключ у кішэню.
– Калі будзеце мець час, – звярнуўся ён да Брожака, – то прыходзьце да Мальхера, і мы зноў разам крыху вып'ем.
– З радасцю, – адказваў ім Брожак, хістаючыся і выплюхваючы віно са збана, які ён схаваў пад крысо. – Але ж вы, панове, так мяне напаілі, што я не ведаю, як мне патрапіць назад, да палаца Хадкевіча, хаця мне і не ўпершыню хадзіць ноччу па вуліцах.
– А нам з вамі ў адну дарогу, – супакоіў яго незнаёмец. – Адчыніце нам, пан Супейка.
Яны выйшлі з варот, якія ім адамкнуў гаспадар. На развітанне ён перахрысціў іх. Усе трое зноў апынуліся на вуліцы.
Разгледзеўшыся і дыхнуўшы свежага паветра, пан Брожак адчуў вялікі цяжар у галаве, яму здавалася, што ўсё навокал кружылася і шумела. Ён ледзьве распазнаў перад сабой ратушу з правага боку і пайшоў улева ў бок замка. Абодва ягоныя таварышы вялі яго, распытвалі пра многія рэчы, і ён, наколькі мог сабрацца з думкамі, адказваў, не задумваючыся над тым, чаму яго так распытваюць і што да таго гэтым незнаёмцам, якія нават не сказалі яму, хто яны. Нарэшце яны развіталіся з ім, паказалі дзверцы, якія Брожак з вялікай цяжкасцю адамкнуў, потым замкнуў за сабой, але засаўку ўжо не змог зачыніць. Потым доўга блукаў па дварышчы, аж пакуль не патрапіў на лесвіцу, што вяла да пакоя пана Бурчака. Калі яму адчынілі дзверы, ён застаў пана Барб'е, які хадзіў па пакоі, трывожачыся за знесены ключ, і пана Станіслава – той ужо спаў за сталом.
Брожак увайшоў, хістаючыся, і хаця ледзь трымаўся на нагах, але паставіў збан пасярод стала; пан Барб'е заўважыў перамену ў ягоным твары і зразумеў усё астатняе.
– Ты недзе ўжо добра дзюбнуў, – папракнуў ён Брожака.
– Хто? Я? – адгаворваўся той. – Я? Ды гэта чыстая мана, у мяне апрача снегу макулінкі ў роце не было.
– Давай ключ, дзе падзеў ключ?! – перапыніў яго Бурчак. – I дзе так доўга бадзяўся?
– Што? Ды ўсюды было пазачыняна. Да таго ж мяне хацелі абрабаваць зладзеі, ледзь жывы вярнуўся.
– Хіба на цябе напалі?
– Яшчэ як напалі, – жаліўся Брожак, аддаючы рэшту грошай фальшывымі жалязякамі, – ледзьве выкруціўся.
Ён адступіў ад стала і захістаўся.
– О! Ды цябе чэрці ў бакі водзяць! – усклікнуў Барб'е.
– Таму што нехта з'ехаў мне чаканам* па лбе.
– Дзе? Дзе? Пакажы! – Усе падхапіліся і падбеглі да яго, нават пан Станіслаў ачомаўся і пачаў азірацца.
– У нас ёсць віно, – паведаміў яму Барб'е, – але наш нешчаслівы пасланец атрымаў за яго па лбе!
Усе пачалі шукаць на галаве след ад удару, але пан Брожак захінаўся, прытвараючыся, што дужа баліць, потым уцёк у другі пакой, падаслаў сабе плашч і лёг на ім спаць. А тым часам пан Барб'е і Станіслаў дасталі кубкі, запрасілі пана Бурчака, які, адклаўшы ружанец, ахвотна сеў за стол.
– Вы збіраліся, вашамосць, расказаць мне, што тут у вас дзеецца, што за грамадзянская вайна вось-вось распачнецца, – напомніў пан Станіслаў. – Раз вы мне абяцалі, то раскажыце, віно якраз і язык развязвае, і паддае ахвоты да гутаркі.
– Ды і я не ўсё ведаю, – ціха вымавіў пан Бурчак, – але раскажу, калі цікава.
Барб'е як фундатар віна першым наліў кубак і выпіў да Бурчака, Бурчак да пана Станіслава, той, у сваю чаргу, да пана Сумінскага, а потым яны селі кожны са сваім кубкам, і пачалася няспешная гамонка.
ЗМЕСТ
ТОМ I
Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе
ТОМ 2
Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ
ТОМ 3
Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ
КАМЕНТАРЫ
Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb
Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb