У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку

07.02.2014

 

I



Апісанне характэрных асаблівасцяў, звязаных з мясцовасцямі, якія я напаткаў па дарозе ў Слуцк. – Сядзіба Цеплень. – Міколка. – Далгінічы (Чачотаў). – Пярэшаў. – Пярэшаўская Слабада. – Перавоз. – Старыца. – Грозава. – Канюхі. – Капыль. – Хрэнаў. – Ушалавічы. – Сёлка (нататка пра выхаваўчую ўстанову сп. Гелены Кавальніцкай). – Слуцк. Апісанне горада і беглы погляд на яго гісторыю. – Дынастыя Алелькавічаў. – Царква ў Трайчанах. – Надмагілле генерала Крачэтнікава. – Надмагілле Соф"і Радзівіл з Алелькавічаў. Цікавыя ўспаміны пра яе. – Слуцк пры Радзівілах. Відавочны заняпад горада. – Кнігасховішча пастара Бергеля.

Я даўно збіраўся наведаць гістарычны Слуцк, да таго ж думка гэтая падмацоўвалася жаданнем пазнаёміцца з тамтэйшым пастарам Юльянам Бергелем і ўбачыць яго знакамітую бібліятэку, сабраную ім карпатлівай працай. Я выкарыстаў першую ж аказію, тым больш, што гэтым разам падарожнічаў не адзін: суправаджаць мяне выказалі ахвоту мая дарагая дачка і яе сяброўка Л.Г., абедзве маладыя, адукаваныя і прагныя да шляхетных уражанняў. Аднак падарожжа з жанчынамі заўсёды больш турботнае з прычыны магчымых невыгод, якія, вядома, трэба прадбачыць і імкнуцца своечасова іх пазбягаць. Карыстацца звычайным экіпажам на жахлівай месцамі дарозе немагчыма, таму мы падрыхтавалі старую брычку, каб яна выглядала досыць прыстойна. Кузаў і запоны, пафарбаваныя ў чорны колер, а таксама новая ўзорыстая абіўка ўсярэдзіне сапраўды надалі ёй адпаведны выгляд, тым больш, што і жаночая вынаходлівасць дапамагала ў гэтых зборах. Калі нарэшце ўсё было прыгатавана, мы вырашылі ехаць.

Было гэта ў маі 1882 года: прырода краю, такая чароўная для нашых сэрцаў, расцвіла ва ўсёй сваёй прыгажосці і вабіла да сябе. А некалькі вольных хвілін напярэдадні сенакосу давалі магчымасць земляробу выйсці з дому дзеля прыемнага адпачынку, спалучанага з духоўнай карысцю. Я добра пачуваўся ў гэтым атачэнні, бо і сама прырода была ў суладдзі з вясной жыцця маіх вясёлых спадарожніц. Але ж і мая асоба магла ім на штосьці прыдацца; мы ўзаемна дапаўнялі сябе і, пакідаючы з мілымі ўражаннямі родны дом, расцягнулі падарожжа ў Слуцк ажно на два дні, бо хаця ў простым напрамку ад майго Замосця гэты старажытны горад літоўскага славянства ляжыць не далей, як за 9 міляў, але з-за вялізных балотаў (Сетна, Алексіна, Карытнае, Гнілое, Амельна, Бабовае, Язвіны, Сяльцо, Аджоры і інш.), якія ўлетку немагчыма пераадолець, трэба ехаць у аб"езд. Таму дарога падаўжаецца да дзесяці з лішкам міль і, скіроўваючыся ад старажытных Дудзічаў на поўдзень, амаль увесь час ідзе праз лясы, якія, на шчасце, у гэтых мясцінах яшчэ не вынішчаны. Пра гасцінец, хаця ён і лічыцца ў Ігуменскім павеце вайскова-камунікацыйным, няма чаго гаварыць, бо дарогі нашыя без выключэння выдатна тлумачаць этымалогію гэтага слова: кожная з іх сапраўды дарагая, гэта значыць, каштоўная для падарожнікаў, бо штохвілінна можа выклікаць паломку экіпажа, калецтва коней і людзей. Колькі пра гэта пішуць, але не робіцца нічога дзеля таго, каб палепшыць сродкі зносін у нібыта сельскагаспадарчым краі. Традыцыйныя польскія масты, карэнне і карчы, гразкія гаці, ухабіны, лужыны, узгоркі, паўсюдна паскіданыя з палёў на дарогу камяні, якія перашкаджаюць руху, сведчаць пра эканамічную занядбанасць краю і адчувальна даюцца ў знакі падарожнікам. Выглядае, што гасцінец, па якім мы ехалі, з часу пераходу тут у 1812 годзе корпуса Юзафа Панятоўскага [1] і іншых аддзелаў вялікай арміі Напалеона так і не зрабіўся прадметам клопату земскай паліцыі, відавочна, ніхто нават не падумаў пра капітальны рамонт насыпаных калісьці французамі грэбляў. Адсюль можна зрабіць выснову пра падарожжа ў глухім Палессі, якое ў свой час па-майстэрску апісаў наш літаратурны патрыярх Крашэўскі [2], і апісанне гэтае застанецца векапомным сведчаннем таго, як выглядаў наш край у той час, калі ў іншых месцах ужо квітнелі цывілізацыя, дабрабыт і прамысловасць.

Як бы там ні было, але шмат можна перацярпець у дарозе, выправіўшыся па духоўныя рэчы; таму, нягледзячы на моцную трасяніну і пастаяннае нахіленне нашай павозкі, падарожжа ў кампаніі не аказалася для нас залішне прыкрым, а цудоўнае паветра, спевы лясных птушак, гукі вясковай жалейкі, відовішча статкаў на лугах, ясныя твары прахожых, што цешыліся такім рэдкім у нас цяплом, прымушалі нават забывацца пра штурханцы ў бакі ад падскоквання колаў на няроўнасцях згаданага гасцінца.

Але вось і Цеплень, сядзіба здавён вядомай у гэтых старонках сям"і Уняхоўскіх, сталіца грыбоў, качак, журавін, бароў, балотаў і пяскоў, дзе гаспадар п. Юзаф Уняхоўскі, дзякуючы ўласнай настойлівай працы, мае цуцоўны сад з гадавальнікам фруктовых дрэў адборных гатункаў і шмат іх прадае па вельмі памяркоўных цэнах. Ручаючыся за сумленнасць фірмы, рэкамендуем гэта цуцоўнае прадпрыемства нашага суграмадзяніна ўсім тым, хто цікавіцца ў краі пладаводствам, а заказы можна накіроўваць праз Мінск губернскі ў Цеплень.

Вось мы ўжо мінавалі месца сумленнай працы добрага суседа і набліжаемся ў лесе да вялікай кучы галля, што грувасціцца ля самай дарогі. Гэтая бясформенная маса зваленых дрэў здзіўляе падарожнікаў, бо яны не разумеюць, што гэта значыць. Але кожны селянін, які праходзіць тут або праязджае, выдатна ведае, што да чаго, і лічыць сваім святым абавязкам падкінуць кавалак драўніны, а потым ужо ўцякае што ёсць духу, не аглядаючыся. Куча, такім чынам, робіцца ўсё большай і нават перашкаджае падарожным, пакуль нарэшце хто-небудзь яе не падпаліць і не зліквідуе перашкоду. Аднак навакольны люд добра памятае гэтае традыцыйнае месца, і на папялішчы паволі ўзнікае новы капец з хмызняку, пнёў галля і разнастайнай драўніны, бо тут, можа нават шмат стагоддзяў назад, «па волі злога духа», павесіўся на сасне нейкі смертны, таму месца гэтае павінна заўсёды быць завалена так, каб тут ніколі не магло вырасці дрэва, а д"ябал не мог забраць чалавечую ахвяру. Такія вераванні, хаця і смешныя для адукаваных людзей, указваюць, аднак, на вялікую кансерватыўнасць тутэйшага простага люду, які хаця і пазбавіўся многіх даўнейшых рысаў, але, нягледзячы на магутны дваццацігадовы ўплыў, не здолеў цалкам вызваліцца ад старажытнай традыцыі. I чым глыбей хтосьці скіруе свой дапытлівы позірк у жыццё нашага народа, тым лепш зразумее яго асаблівасці, якія захоўваюцца незалежна ад навалы дэмаралізацыі, асабліва ў лясістых мясцінах, куды не так лёгка пранікае подых часу.

Ледзь мы мінавалі гэтае страшнае месца дагістарычнага шыбеніка, як зноў спатыкаем на дарозе яшчэ адно, самым непасрэдным чынам звязанае з традыцыяй даўно мінулых дзён. Гэтае месца – Міколка, невялікае старажытнае паселішча сярод пушчы, каля самай дарогі, некалі радзівілаўскае, а цяпер уласнасць Гарцінгаў. Перад ім вырысоўваецца на гарызонце славуты Святы дуб, нямы сведка мінулых стагоддзяў, магчыма, равеснік Баўбліса [3], бо хаця ён і не такі унікальны, як той, што апісаў прарок [4], але ўсё ж мае ў акружнасці 16 аршынаў і выглядае дужа імпазантна ў атачэнні навакольнай расліннасці. Вядома, што пасля ўвядзення хрысціянства, каб не адпужваць народ, храмы ў гонар новага боства ставіліся ў месцах, якія шанаваліся даўнейшымі паслядоўнікамі культу Крывэ-Крывэйтаў [5]. I сапраўды, прытуліўшы пад сваімі велічнымі галінамі старую, калісьці уніяцкую, царкву, мікольскі дуб сам да апошніх часоў захоўваў выразаную з дрэва фігуру Хрыста, якая, пэўна, стаяла тут на месцы бажка старажытнага культу. Калі б гэты жывы помнік мог гаварыць, колькі б мы пачулі ад яго легенд пра часы, недасягальныя для нашай фантазіі! Але сёе-тое з гэтага таямнічага мінулага можна зразумець, дзякуючы традыцыі, што захавалася да сённяшняга дня. Несумненна, што Міколка – гэта спрадвечнае месца адпраўлення рэлігійных абрадаў, свяшчэнны форум, бо і цяпер тут сыходзяцца натоўпы нават з дальніх ваколіц, выконваючы пэўныя сімвалічныя абрады. Напярэдадні свята гэтага апекуна паломнікі збіраюцца за вярсту ад Міколкі, на раздарожжы, у лясістым урочышчы, празваным Берцамі. Там людзі распальваюць вогнішчы, дурэюць цэлую ноч, спяваюць старажытныя песні, а на досвітку ўсёй грамадой адпраўляюцца да святога месца і там складаюць шматлікія ахвяраванні грашыма або гаспадарчымі рэчамі. А пасля набажэнства ажно да заўтрашняга дня адбываюцца непрыстойныя оргіі. Да таго ж існуе паданне пра мікольскі дуб, быццам пад ім быў схаваны скарб, але ніхто не можа да яго дакрануцца пад пагрозай няўхільнай смерці. Заўважым, што легенда гэтая павінна стаць пэўным указанием для археолагаў, бо наш патрыярхальны народ, заўсёды называючы зямлю сваёй маці, часта давяраў ёй самыя патаемныя, самыя каштоўныя рэчы: аздабленні боства, а пазней грошы, якія нярэдка знаходзяць пад стваламі векапомных дрэў, у магілах і на месцах даўнейшых сядзіб. Таму, верагодна, мікольская традыцыя звязана з нейкім сапраўдным фактам, і не было б нічога дзіўнага, калі б з-пад каранёў дагістарычнага волата, як фенікс з попелу, узнікла перад вачыма ўвасабленне народных вераванняў у выглядзе глінянай ці бронзавай постаці Мільды, Перуна, Каляды, Маркаполя, Кукувайтэса або якога-небудзь іншага боства даўнейшых мясцовых аўтахтонаў – вядома, што людзі хавалі свяшчэнныя прадметы ў часы, калі ўкаранялася новая вера.

За Міколкай гасцінец ідзе праз згаданае вышэй урочышча Берцы, дзе адбываюцца зборышчы, а далей міма фальварка Пацёрак. Мы пераязджаем дробны, зарослы травой, зусім нязначны ручай, праз які перакінуты нядбайна змайстраваны чалавечай рукой масток з некалькіх бярвенняў. Гэта выток ракі Лошы, першага левага прытока гістарычнага Нёмана, празванага ў старажытнасці Хронусам, які бярэ пачатак непадалёк за фальваркам Гушчын, потым, падсілкаваўшыся водамі сясцёр Лошы і Ушы, за тры мілі ніжэй становіцца суднаходным, а першая прыстань знаходзіцца ля мястэчка Пясочнае. Няшмат цікавага ў беднай лясістай старонцы, паўсюдна краявід звужаны лясамі, і толькі зрэдку высечаныя земляробамі паляны, пашыраючы гарызонт, сведчаць пра блізкасць чалавечых паселішчаў.

I вось цяпер мы дабраліся да апрацаваных палёў, шчодра засеяных валунамі. Непадалёк віднеюцца Далгінічы, калісьці спадчына Шышкаў, а цяпер Чачотаў. У адпаведнасці з патрыярхальным звычаем паселішча пачынаецца са шляхецкага асабняка, у якім жыве сям"я гаспадара, а адразу за асабняком цягнецца цяністая вёска. Яна магла б выглядаць больш прыстойна; калі ўжо прырода нагрувасціла тут столькі камянёў, дык прынамсі вуліца павінна быць брукаванай і прыбранай ад смярдзючага бруду. Гэта не надта вялікія і, безумоўна, патрэбныя справы, аднак у нас яны застаюцца толькі добрымі пажаданнямі, бо ніхто не думае пра эканамічны парадак у вёсцы, і ўсё застаецца так, як было некалькі стагоддзяў назад. Мы едзем па жахлівай вуліцы, злосныя дварнякі па чарзе выбягаюць з сялянскіх падворкаў, каб аббрахаць незнаёмых прышэльцаў. Дзеці, брудныя і босыя, ледзь прыкрытыя грубымі кашулямі, пачуўшы стук павозкі, з цікаўнасцю сабраліся на «прызбах» і ў варотах; барадаты яўрэй неяк неахвотна выглянуў праз карчомную шыбу, бо мы толькі прамільгнулі міма носа гэтага назіральніка за людскімі кішэнямі. Няшчасныя гэтыя нашыя вёскі з жахлівымі шынкамі, дзе за невялікую плату памешчыку тонуць спрадвеку ў гарэлцы рэшткі дабрабыту і маральнасці простага люду. Я пытаюся: дзе прыстойны заезны дом для падарожнікаў, дзе так патрэбная народная школа, дзе рамесныя майстэрні, прытулкі для вясковых дзяцей і да т. п. ўстановы? Тут нідзе няма нічога падобнага, і страшна нават думаць пра будучыню.

Разважаючы гэткім чынам, я заўважыў на ўзгорку вясковыя могілкі, а на іх лес могільнікавых крыжоў, замшэлых, нахіленых у розныя бакі; у цэнтры старая цэркаўка, простая па сваіх формах. Сёння гэта ўжо рэдкасць, бо поступ часу нішчыць мінулае, а новыя людзі спрабуюць надаць рэчам зусім іншы выгляд. Калі б з гэтых магіл падняліся нашыя сумленныя прадзеды ў паважных світах і лыкавых лапцях, дык напэўна іх парадавала б відовішча могілкавага аазіса, уцалелага ад ператварэнняў. Не дзіва, што ён самым сімпатычным чынам западае ў памяці ўважлівага вандроўніка.

Едзем далей, перад намі павалены вятрак, дваровыя дахі, пярэстыя ад дзірак і латак, паміж збудаваннямі нейкае папялішча, а насупраць зноў карчма – з яўрэем. Гэта Пярэшаў, досыць вялікія ўладанні, якія, аднак, на працягу многіх гадоў марнаваліся з прычыны безуладдзя; а пажар быў справай нікчэмных рук сапернікаў-арандатараў, бо ў нас у выніку заняпаду маральнасці помслівасць не ведае межаў. I яшчэ ахвотней падпальваюць свайго ворага, калі ён не можа давесці сваю скаргу з-за адсутнасці сведкаў. Сумна гэта і бязрадасна, але ж нічога не зробіш, вось мы і пакутуем.

За паўгадзіны язды па камяністай дарозе ад Пярэшава ляжыць вялікая вёска Пярэшаўская Слабада. Выглядае яна быццам бы больш прыстойна, бо вуліца досыць роўная і шырокая; ёсць тут валасная ўправа, і таму месца гэтае адыгрывае для наваколля ролю метраполіі пад уладай усемагутнага пісара. Заўвага гэтая тычыцца не асобы, а пасады, якую ў цяперашніх умовах па ўсёй краіне займаюць толькі такія прадстаўнікі, як паўсюдна ўжо вядомы Залзікевіч Сянкевіча [6]. Гэта сапраўды жахлівыя людзі для простата народу, аднак не мы будзем іх рэфармаваць, дык пакінем у спакоі фалангу залзікевічаў і прадоўжым нашае падарожжа.

За слабадой першы чалавечы прытулак – Перавоз, уладанні палескага характару, калісьці радзівілаўскія, а ў апошні час – князя Вітгенштэйна, над ракой Лошай, якая плыве праз панурую лясную глуш, поўную буйнога звера, пра што сведчыць, дарэчы, сама назва ракі. Пераадолеўшы мост, мы на хвіліну спыніліся ля карчмы, каб даць аддыхацца коням. У храме Бахуса зноў яўрэі, сяляне і гарэлка – а насупраць невялікая сядзіба. Вось што значыць маладосць! Дзве мае спадарожніцы сапраўды ўяўлялі сабой незвычайнае відовішча для карчмаркі, бо, кінуўшы позірк, яна адразу ж патаемна знікла, а калі неўзабаве мы ад"язджалі, з боку сядзібы спяшаўся ўжо, пэўна цікаўны да жаночай панаднасці, нейкі маладзён. Але гэта быў відавочна запознены шпацыр, з чаго бязмерна цешыліся гарэзлівыя дзяўчаты, даўшы волю кемлівай жаночай фантазіі.

Адсюль да Старыцы, куды мы спяшаліся на начлег, гадзіна дарогі, аднак нам трэба было яшчэ ўбачыць некалькі цікавых рэчаў, чуткі пра якія разышліся далёка па наваколлі. Гасцінец перасякае бары, што выраслі на пясках; нішто не цешыць вока, наўкол досыць роўна і панура. Але вось ля дарогі з правага боку пад сасной віднеецца курган, а на ім тырчаць тысячы простых крыжоў і крыжыкаў, паміж імі ляжаць вянкі з палявых кветак і пасмы лёну, што прыносяць сюды ў якасці ахвяраванняў вернікі. Што ж гэта? Зноў святое месца, такое старажытнае, што ніхто не ведае, калі тут пачалі адбывацца цуды. Сам курган, аднак, сведчыць, што легенда, узнікшы ў паганскія часы, перайшла ў хрысціянства і захоўвае яго вонкавае аблічча на старажытным грунце. Нашыя меркаванні, здаецца, пацвярджае і тая акалічнасць, што святары, як мне расказвалі, нягледзячы на пэўную карысць ад ахвяраванняў, якія складаюць на кургане, нейкі час непрыхільна пазіралі на зборышчы людзей. Я чуў таксама, як сяляне з поўнай верай расказвалі, што, калі прыходскі святар некалькі гадоў назад загадаў прыбраць крыжы, на яго напала «немач» і не адступіла, пакуль ён сам не паставіў тут святыя знакі. З гэтага часу на кургане ўжо свабодна грувасцяцца крыжы, бо на месцы паваленых бесперапынна ўздымаюцца новыя ды так далёка, што нават усе большыя крыжы літаральна ўсеяны мноствам маленькіх крыжыкаў, зробленых з лучыны. Не так лёгка выкараніць старыя звычаі! Кожны селянін, што праязджае тут, мусіць пакінуць адмысловае ахвяраванне, а ёсць прывілеяваныя дні, калі цэлыя натоўпы наведваюць гэтае месца, нават ужо разам са святарамі. Шчаслівая гэтая прастадушная наіўнасць. Едзем.

Вось і старыцкія палі выглянулі з-за лесу, на двары майскі вечар, крыху ўбаку ад дарогі чарнее ў змроку спрадвечная кучаравая сасна, каля якой таксама ляжаць крыжыкі, ахвяраванні з ільну і кветкі. Ніхто не мае права адламаць галінку з гэтага дрэва, пашкодзіць кару ці зачапіць сахой карэнні. Наўкол ствала на некалькі сажняў некранутая мурава, а само дрэва сапраўды дзіўнае; цёмна-зялёныя, густа сплеценыя, як шчотка, галіны надаюць дрэву незвычайны выгляд, быццам яго падстрыгаюць. Я б сказаў, нейкі прадстаўнік невядомай флоры апынуўся на літоўскай зямлі, аднак гэта звычайная сасна, толькі з прычыны магчыма невядомых уласцівасцяў глебы арыгінальна сфармаваная і да таго ж цалкам нязвыклага цёмнага колеру. З"ява цікавая; народ таксама звярнуў на яе ўвагу і стварыў цудатворную легенду: штосьці там некалі камусьці мусіла паказацца, і з таго часу сасна сталася навакольнай святыняй. Але паколькі на свеце крайнасці паўсюдна паміж сабой сутыкаюцца, дык адразу ад рэчаў святых пераходзім да іншых, бо мы якраз спыніліся перад старыцкай карчмой на начлег. Сур"ёзны, дыпламатычны гаспадар, спадар Абрам Іцак, сустракае нас ветліва, бо ўжо мусіў на хаду падлічыць, колькі даходу прынясуць яму падарожнікі. Чацвёра чалавек з чацвёркай рысакоў на начлезе – гэта ж нажыва для арандатара. Вялізны заезны двор, быццам нейкі цырк, не мае аніводнага ўтульнага куточка, і хаця на двары было цёпла, нам прыйшлося адразу загадаць напаліць, каб выгнаць з вялікіх пакояў магільнае, затхлае і халоднае паветра. Мы неяк размясціліся ў ацепленых такім чынам апартаментах спадара Абрама; дарожная ежа здавалася смачнай удвая, ды і сон пазней на крыху, можа, цвёрдых лаўках быў не найгоршы. Назаўтра, у суботні дзень, спадар Абрам Іцак, як аказалася, чалавек старых поглядаў з секты «кітаёўцаў», наладзіў супольную малітву, або так званы «Мынян», сведкамі якога мы аказаліся. Натоўп навакольных яўрэяў сабраўся тут зранку; маладыя і старыя, апранутыя ў жалобныя барвы «талес», або смяротныя кашулі, з раменнымі павязкамі на аголеных руках, з прымацаваным на чале «тфілін», змешчаным у маленькай папяровай скрыначцы, здавалася, спаборнічалі ў патэтычных жэстах і ўзнёслым экстазе, – і толькі адзін гаспадар, захоўваючы сур"ёзнасць і спакой біблейскага патрыярха, велічна кіраваў набажэнствам. Мы назіралі відовішча нязвыклае, жывое, вельмі тыповага характару, якое для кожнага мастака-жанрыста магло паслужыць матэрыялам для бездакорнага эцюда. Але ж дзіўная рэч, як у гэтым прыстанішчы граху і падзення бліжняга асляпленне магло адначасна стварыць малітоўны дом, хаця дабрадзейнасць у паняццях усіх культаў выключае жывучыя сілы амаральнасці і спакусы. Нашы яўрэі паўсюдна ў корчмах маюць малельні; але ж нездарма філосаф сказаў, што «чалавек – гэта найдурнейшае стварэнне на свеце». Як бы там ні было, а што да жахлівай эмансіпацыі тутэйшых яўрэяў, дык такія тыпы, якія мы бачылі ў Старыцы, сустракаюцца ўсё радзей, і, магчыма, не міне і паўстагоддзя, як яны знікнуць у нас цалкам. Хто ў гэтым сумняваецца, няхай зірне на метамарфозы яўрэйства ў нашых вялікіх гарадах, дзе ўсяго за нейкія дваццаць гадоў цалкам змяніліся адзенне, мова і вераванні нават артадаксальных яўрэяў. Праўда, у іншых акалічнасцях мы не бедавалі б над гэтым, але трэба прызнаць, што вызваленне яўрэяў на грунце занядбання свайго духоўнага мінулага ў адмоўных варунках нашага часу паспрыяла з"яўленню сярод іх шматлікіх надзвычай спрытных ашуканцаў, бязлітасных эксплуататараў атачэння. Вось чаму, калі цэлы край сагнуўся ў галечы, яны, паразітычна распанеўшы на чужой бядзе, дасягнулі нечуванага дабрабыту, быццам пячуркі на руінах. З гэтага пункту погляду яўрэй, які шчыра моліцца па-свойму, куды больш пажаданы, чым той, што есць каўбасы і разважае пра адзінае шчасце ў багацці, асабліва таму, што навука і паняцце пра грамадзянскасць яму нават не прыходзяць у галаву.

Цяжка канчаткова меркаваць, каго сфармуюць з яўрэйства сённяшнія грамадскія стасункі, аднак спробы ажыццявіць рэформу ў гарадах прадказваюць толькі дрэнную будучыню, што мы і адзначаем, станоўча разумеючы людскія справы.

Старыца, сапраўды адвечнае паселішча, размешчанае калісьці ў Слуцкім княстве, а цяпер у Ігуменскім павеце, спадчына Алелькаў, потым Радзівілаў, потым Гінтэраў, сёння належыць Равенскім. Гаспадарка тут заможная, а сям"я ўладальнікаў першынствуе ў наваколлі сваёй высакароднасцю і шчодрасцю для няшчасных. Сапраўды каштоўныя такія з"явы ў нашай пустэльні, таму мы з прыемнасцю пішам пра гэта дзеля суцяшэння сумленных сэрцаў, а шаноўная сціпласць напэўна прабачыць мне смеласць узгадаць пра яе ціхую заслугу.

За Старыцай сустракаецца ўсё больш палёў, мясцовасць крыху ўзгорыстая, з цудоўнымі землямі, што служаць прыкметай набліжэння ўрадлівай Случчыны. Мы мінаем вёску Булгавічы і спыняемся ў Грозаве, старажытным мястэчку ўжо ў Слуцкім павеце. Дваццаць гадоў назад тут жыў годны павагі і вядомы самаахвярнасцю памешчык Севярын Межаеўскі. Лёс забраў яго, аднак памяць пра сумленнага чалавека не згасла ў сэрцах суайчыннікаў. Слава ценю заслужанага, даўчасна памерлага працаўніка! Грозаў нічога не захаваў са свайго мінулага, хаця мае прыгожыя храмы і мусіў быць абарончым месцам. Тут знайшла прытулак жменька яўрэяў з жахлівай рэпутацыяй «канакрадаў», якіх багата ў славутых наваколлях мястэчка Капыль, чыім суседам і нібыта памагатым у гэткіх справах з"яўляецца Грозаў.

Маючы яшчэ добрыя дзве мілі да Слуцка, мы праязджаем каля Канюхоў, маляўніча размешчаных над ракой Лакнеяй і ля балота, празванага «голла», уладанняў Грыгаровічаў. Потым мінаем фальварак Хрэнаў і вёску Ушалавічы; наўкол ужо раўнінная мясцовасць з вельмі ўрадлівымі землямі; вока не можа нацешыцца буйной пшаніцай, чые палі нездарма выклікалі захапленне песняра «Пана Тадэвуша» ў недалёкай наваградскай зямлі. Гэта благаславёная славутая Случчына, дзе родзіцца не толькі каштоўнае зерне, але і цудоўная садавіна, а вялізныя слівы і «слуцкія бэры» карыстаюцца вялікім попытам у айчынным гандлі. Колькі ж разоў лілася ў гэтую ўрадлівую глебу чалавечая кроў! Бадай кожная пядзя слуцкай зямлі, ёю акропленая, мае сваю гісторыю. Неаднойчы спусташалі гэтыя мясціны татарскія і шведскія атрады або братазабойчыя апалчэнні разбэшчаных магнатаў. А пра дагістарычны перыяд панавання тут старажытнага славянскага племя дрыгавічоў хто ж можа ведаць, калі самыя раннія хронікі змяшчаюць толькі кароткія згадкі. Усё яшчэ патанае ў змроку глыбокай старажытнасці.

Пасоўваемся бліжэй да Слуцка. Каля дарогі цягнецца доўгі шэраг магільных насыпаў у Паўколе. Няўжо гэта могілкі часоў аблогі Слуцка перакопцамі? Контуры цэлай групы курганоў, здаецца, пацвярджаюць гэтае меркаванне, хаця традыцыя маўчыць; аднак умелыя пошукі маглі б адкрыць якія-небудзь памяткі. Калі гэта і не татарскія пахавальні, дык у любым выпадку яны павінны быць цікавымі, бо слуцка-капыльскае наваколле вызначаецца старажытнасцю і глыбока хавае спрадвечныя памяткі тых народаў, што жылі тут да таго, як гісторыя здолела іх спазнаць і запісаць. Досыць сказаць, што не толькі каменную зброю, але і касцяныя прылады, якія адносяцца да самых аддаленых археалагічных эпох, знаходзілі ў навакольных курганах.

Ужо бялеюць муры храмаў старажытнай сталіцы Алелькаў, за якую-небудзь чвэрць гадзіны можна было б даехаць да слуцкага бруку; аднак мы на хвілінку спыняемся ў Сёлцы, фальварку, што месціцца побач з гасцінцам. Зруйнаваныя будынкі амаль апусцелыя; парк, калісьці відавочна цудоўны, а цяпер пазбаўлены агароджы, ператварыўся ў прыстанішча для яўрэйскіх коз, якія паабгрызалі дрэвы і ўсе старыя кустарнікі, што там растуць, – гэта загарадныя руіны. I, аднак, Сёлка перажывала выдатныя хвіліны, вельмі значныя і для наваколля, і для аддаленых мясцін. Спрадвеку гэта быў фальварак, што належаў да слуцкіх уладанняў; каля 1845 года праз спадчыну Радзівілаў разам з горадам Слуцкам ён перайшоў да Вітгенштэйна, а той прадаў яго ўраду. З гэтага часу Сёлка здавалася ў арэнду прыватным асобам. Да 1863 года гэтае месца доўга арандавала паважаная, асвечаная і поўная педагагічных ідэй, дарэчы, добра вядомая ў нашых краях спадарыня Гелена Кавальніцкая (Памерла ў ліпені 1884 года пад Мінскам літоўскім у маёнтку Рудзіцы, пахавана ў Мінску на Кальварыі. Пасмяротныя ўспаміны ў пецярбургскім «Kraju» у № 30). Дзякуючы яе настойлівасці тут была заснавана знакамітая жаночая навучальная ўстанова, у якой без розніцы веравызнання і паходжання выхоўваліся нашыя зямлячкі ў сапраўды грамадзянскім кірунку. На лекцыі прыязджалі прафесары ўзорнай на той час Слуцкай гімназіі; нагляд быў мацярынскі, выгодаў навучэнкі мелі нават залішне. Пансіён у Сёлцы, з"яўляючыся асяродкам самых высакародных прынцыпаў і практычнай навукі, даў краю шмат паважаных грамадзянак і асабліва мацярок, бо дзякуючы нечуванай дабрачыннасці заснавальніцы амаль чвэрць навучэнак належала да катэгорыі сірот і дачок цалкам збяднелых сямей, якія нічога не плацілі або плацілі зусім мала. Немагчыма было знайсці лепшае месца з санітарнага пункту гледжання, больш спрыяльныя педагагічныя варункі для навучальнай установы. Усё тут садзейніча вучобе: і люднасць навакольных вёсак, і ўрадлівасць палёў, што давала магчымасць танна харчавацца, і блізкасць горада, дзе знаходзіліся выдатныя на той час навуковыя сілы; вясковае паветра, а да таго прыклад гаспадарлівасці, бо спадарыня Кавальніцкая, надзеленая выдатным здароўем, з захапленнем займалася не толькі школай, але і гаспадаркай. Такім чынам, гэта было надзвычай паспяховае навучанне. Аднак установа спадарыні Кавальніцкай, атрымаўшы прызнанне як грамадскасці, так і навучальных уладаў, у 1865 годзе мусіла зачыніцца, шго выклікала ўсеагульнае шкадаванне. Ціха працавала спадарыня Кавальніцкая; аднак вартыя павагі яе намаганні не загінуць нават у пустэльні зруйнаванага Сёлка, а тым больш у сэрцах удзячнага грамадства, для якога яна выхавала столькі сумленных грамадзянак. Наколькі я памятаю, ніхто да гэтага часу не змясціў у друку звестак пра былую ўстанову Сёлка і яго паважаную заснавальніцу. З тым большым задавальненнем мы адзначылі гэтыя падрабязнасці як матэрыял па гісторыі мясцовай асветы. А ад сябе я заклікаю тых, хто выхоўваўся ў Сёлку і дасканала памятае ўвесь парадак жыцця ў гэтай незвычайнай установе і сваіх таварышаў, напісаць успаміны, бо толькі такім чынам можна захаваць у памяці грамадства паданні і факты, а тэма такая цудоўная, багатая для адукаваных і ўдзячных сэрцаў! Знік у нас адносна хутка тып установы для жанчын, які я назваў бы мацярынска-педагагічным, і гэта адчулі ўжо малазабяспечаныя сем"і; дык няхай падобная ўстанова ўзновіцца пад пяром каго-небудзь з выхаванак Сёлка, за што падзякуе ёй наша асвечаная грамадскасць. У нас ёсць успаміны і апісанні часоў Віленскага універсітэта, свіслацкіх, бельскіх, марымонцкіх, горы-горацкіх школ і іншых мужчынскіх устаноў, дык чаму і жанчынам нашым не пайсці за гэтым прыкладам? Ва ўсякім выпадку, у нас было б яшчэ больш гістарычна-маральнага матэрыялу па гісторыі педагагічнага жыцця ў краі. Мы развітваемся з руінамі Сёлка, бо ўжо спяшаемся да свае мэты.

Трыццаць гадоў мінула з таго часу, як я быў у Слуцку; у яго духоўным жыцці шмат змянілася, але знешні выгляд горада застаўся нязменны: тыя ж самыя яўрэі, той самы бруд і жахлівы смурод ад цвілой вады ракі Случы і яе каналаў, што перасякаюць горад, запруджаных млынавой грэбляй і засмечаных самымі агіднымі вулічнымі сцёкамі; атручанае паветра наўкол смярдзіць гноем. У апісаннях нашых гарадоў я ўжо некалькі разоў згадваў і цяпер паўтараю, маючы на ўвазе Слуцк, што калі б такія натуральныя варункі сустрэліся ў іншых краінах, дык чаго б там толькі не зрабілі дзеля аздараўлення і аздаблення горада. Яго прыўкрасілі б на дзіва людзям, а тут наадварот, чад і вулічныя руіны нікога не цікавяць, бо Слуцк у сэнсе неахайнасці трымае першынство. Цяжка зразумець, як людзі могуць жыць у такім сметніку, як могуць дыхаць такімі міязмамі і піць – не ваду, а кажучы папросту, клаачную вадкасць? Я чуў ад мясцовага асвечанага лекара пана Францкевіча, што Слуцк – гэта вядомы асяродак нявыкараненага тыфу, ліхаманкі і рознага роду заразных хвароб, а ў час эпідэміі халеры ён заўсёды плаціў самую шчодрую даніну смерці.

Невыказна прыкрае відовішча ўяўляе гэты горад для прыезджых з вёскі, асабліва вясенняй парой, калі грудзі, напоеныя чыстым паветрам, а вочы, зачараваныя красой прыроды, асабліва чуллівыя да смуродных выпарэнняў, гарадскога пылу і рознага роду разбэшчанай неахайнасці яўрэйства на заселеным бруку, а Слуцк – гэта горад par excellence[7] яўрэйскі, бо з 18 000 жыхароў да 12 000 складаюць прыхільнікі Майсея. Адзначым, аднак, больш прыемныя ўражанні.

Мы ўжо добра тут разгасціліся, адчуўшы прыхільнасць зычлівых сэрцаў. Горад, нягледзячы на надзвычай брудны выгляд, мае рысы глыбокай старажытнасці, яго акружаюць валы, а ўсярэдзіне яшчэ відаць даўнейшыя абарончыя бастыёны – там, дзе існавалі княжацкія замкі, якія столькі разоў здабываліся цаной вялікага кровапраліцця. Мы не будзем пісаць гісторыю Слуцка, варта, аднак, адзначыць найвыдатнейшыя падзеі з мінулага. Пачатак горада гіне ў змроку невядомай гісторыі дрыгавічоў, племя, што свабодна пасялілася ў гэтай старонцы да таго, як славянскімі землямі завалодалі прышэльцы варагі, і мела сваю сталіцу ў недалёкім Клецку. З XII стагоддзя хронікі ўжо адзначаюць Слуцк як горад, што ляжыць у межах Валынскага княства, чыя дзяржаўная арганізацыя была створана наступнікамі Уладзіміра Вялікага па абодвух берагах Шчары, сярод балотаў ля вытокаў Нёмана, сярэдняга цячэння Дняпра, Ужа і па абодвух берагах Буга, сягаючы на Захадзе ажно да крыжацкай зямлі. У той час Слуцк быў удзелам, які часта пераходзіў з рук у рукі ў выніку спрэчак і сутыкненняў шматлікіх варажска-княжацкіх ліній, і толькі пасля падпарадкавання гэтых тэрыторый у XIII стагоддзі Літве мы бачым іх ва ўласнасці кароны, бо Вітаўт [8] у 1395 годзе пасадзіў тут выкінутага з Кіева свайго стрыечнага пляменніка Уладзіміра Альгердавіча, ад якога пайшлі слуцкія князі, што зваліся Алелькавічамі, ад імя Аляксандра або, ласкальна, Алелькі, Уладзіміравага сына. Дынастыя Алелькавічаў, якая валодала больш за 220 гадоў вялікім Слуцка-Капыльскім княствам, што займала тэрыторыю ад вытокаў Нёмана ажно да ўпадзення Случы ў Прыпяць і да Арэсы, згасла па мужчынскай лініі ў канцы XVI стагоддзя на трох братах: Юрыі III, Яну III і Аляксандры II, а па жаночай лініі на Соф"і – дачцы Юрыя (а не Міхала, як памылкова пішуць іншыя), выдадзенай замуж за сваяка Януша Радзівіла, якому, паміраючы бяздзетнай, яна запісала навечна Случчыну. Ніжэй мы раскажам з усімі сумнымі падрабязнасцямі пра гэтую спадчыну Радзівілаў, а цяпер, вяртаючыся ў мінулае, трэба згадаць, што Слуцк з прычыны свайго зручнага месцазнаходжання спрадвеку быў арэнай шумных палітычных завіхрэнняў, прадметам ненасытнай хцівасці.

Хто толькі не змагаўся за яго, каго тут толькі не было! А таму раслі ўгару абарончыя валы і муры, каб уберагчыся ад ворага. Абмінаючы частыя ўзаемныя крывавыя вынішчэнні варажскіх заваёўнікаў, якія біліся тут за вяршэнства, заўважым, што Слуцк пяць разоў бачыў пад сваімі сценамі мангольскія і татарскія орды – у 1275, 1503, 1504, 1505, 1508 гадах – і кожны раз цярпеў ад пажараў і вынішчэння насельніцтва. Аднак з двума апошнімі нападамі выдатна справілася княгіня Анастасія з Мсціслаўскіх, вартая лепшага пяра нашых прарокаў, бо бездапаможныя спробы апісаць гэтую сапраўдную гераіню часу зусім не адпавядаюць яе подзвігам. Пекная княгіня Анастасія Алелькавіч сапраўды была незвычайнай жанчынай на славянскіх землях, бо, паводле слоў Барташэвіча, маючы мужа, адважнага князя Сямёна, які ўвесь час ганяўся на Літве за татарамі, яна «з маладосці прывыкла да небяспечных спаборніцтваў, і сама, прасякнутая рыцарскім духам, ішла на бітву». Пасля смерці князя Сямёна, калі вераломны Міхал Глінскі [9] ў 1508 годзе аблажыў Слуцк, каб гвалтам здабыць руку чароўнай удавы і, набыўшы новыя багацці, пашырыць свой уплыў у краі, дабрадзейная, бясстрашная княгіня Анастасія перамагла і гэтага гвалтаўніка і, нарэшце, адбіла новы напад татараў, якія атабарыліся адразу ж пасля адыходу Глінскага і пустошылі землі княства.

Час-разбуральнік сцірае ўсё, сцёр ён у памяці летапісцаў нават дату скону і месца пахавання мужнай Анастасіі – няма і следу пра гэта ў гісторыі, але ж тым прывабней для паэзіі!

У гісторыі Слуцка было яшчэ нашэсце атрадаў князя Трубяцкога ў час маскоўскай вайны цара Аляксея з Янам Казімірам [10] у 1655 годзе. Трубяцкой спрабаваў пачаць аблогу Слуцка, але ўсё скончылася спаленнем прадмесця Трайчаны, бо жыхары горада вырашылі бараніцца да апошняга. Пазней сюды зноў заходзілі шведы, але не нарабілі вялікай шкоды, бо горад заняпаў ужо раней.

Алелькавічы, князі па крыві, за невялікім выключэннем вызнавалі праваслаўе, аднак вызначаліся талерантнасцю і высокім патрыятызмам і таму мелі сваё месца ў сенаце пасля віцебскіх епіскапаў, а князь Сямён Алелькавіч, славуты пагромшчык басурманаў, які сканаў у 1470 годзе, карыстаўся такім вялікім аўтарытэтам у літоўскіх паноў, што яны нават хацелі бачыць яго на велікакняжацкім троне, чаго, дарэчы, ён і сам горача жадаў.

Бываючы ў Слуцку, трэба найперш агледзець памяткі, што засталіся пасля гэтых знакамітых, сапраўды тытулаваных грамадзян краю, але час так распарадзіўся, што амаль не захавалася мясцовых паданняў пра Алелькавічаў, і хіба толькі асобныя памяткі сведчаць пра іх панаванне. Калі немагчыма атрымаць жывыя сведчанні, трэба спускацца ў пахавальні ды шукаць успаміны. Таму мы накіраваліся ў Спаскую царкву на Трайчанах, фундаваную Алелькавічамі, – на месца вечнага спачыну гэтай выдатнай сям"і. Малады ветлівы архімандрыт, кіраўнік манастыра, ахвотна дазволіў мне ўсё тут агледзець. Я таксама некалькі гадзін хадзіў па храме і наваколлях у суправаджэнні манаха, які шмат гаварыў, як звычайна ўсе праваднікі падобнага тыпу, але сапраўдных паданняў і фактаў ведаў няшмат. Старая царква была зруйнавана ваеннымі пажарамі ў часы Яна Казіміра і адбудавана ў пачатку XVIII стагоддзя; яна стварае вельмі прыемнае ўражанне, бо з"яўляецца помнікам цудоўнай грэцкай архітэктуры, якая сустракаецца не надта часта. Дзве зграбныя вежы над фасадам і цэнтральны купал, якія велічна ўзвышаюцца над царквой, гарманіруюць з прапарцыянальным корпусам; а ўся царква вызначаецца лёгкасцю і надзвычайнай прастатою. Гэта бадай адзіны ва ўсім краі помнік у сапраўдным густоўным візантыйскім стылі, таму мы адзначаем яго як своеасаблівы будаўнічы curiosum[11]. Храм усярэдзіне светлы і чароўны, бо вышыня цыркульных скляпенняў выдатна адпавядае аб"ёму галоўнага нефа. Уваходзячы ў яго з бабінца, я заўважыў з правага боку ля калоны па-мастацку выкананы помнік з бронзы і мармуру, а ўнізе польскі, лацінскі і рускі надпісы, якія сведчаць, што тут пахаваны парэшткі вядомага генерала Міхаіла Мікітавіча Крачэтнікава [12], нечакана памерлага ў Мендзыбожы ў 1793 годзе. Крачэтнікаў, уступаючы ў 1792 годзе ў межы Рэчы Паспалітай і выдаючы 10 мая ў Полацку славутую адозву да жыхароў занятых губерняў, напэўна не думаў, што неўзабаве спачне ў гэтай зямлі. Помнік, які ўяўляе сабой бюст-барэльеф военачальніка амаль у натуральную велічыню, цікавы як з пункту гледжання мастацтва, так і сваімі надпісамі, якія сведчаць, што тады яшчэ зусім не існавала прадузятасці ў адносінах да мясцовых гаворак і што няшмат, відаць, было тады прыстойных праваслаўных храмаў, калі цела саноўніка везлі сюды ажно з Мендзыбожа над Бугам. У гістарычнай літаратуры мы нідзе не сустрэлі згадку пра магілу Крачэтнікава ў Слуцку, але самае дзіўнае, што нават паданняў пра гэтую падзею тут ужо не існуе, між тым і асоба пахаванага, і мастацкае выкананне пахавальні заслугоўваюць увагі.

У нефе прэсбітэрыума, таксама з правага боку, знаходзіцца другая вельмі важная памятная рэч; гэта вялікіх памераў саркафаг з цынку, ці волава з парэшткамі няшчаснай Соф"і Радзівіл з Алелькавічаў, апошняй слуцкай князёўны. У адпаведным месцы накрыўкі саркафага ўстаўлена тоўстае шкло, пад якім бачны ўжо цалкам струхлелы твар блаславёнай, бо такой яе лічыць навакольны люд і збіраецца каля яе пахавальні на кожнае свята. Адразу пад шклом выбіты па-славянску надпіс пра дзень і год смерці княгіні. Але заўважым, што хаця на грабніцы і ў многіх аўтараў фігуруе дата 19 сакавіка 1617 года, але Катлубай [13], які добра ведае архіўныя крыніцы, датай смерці княгіні Соф"і лічыць 9 сакавіка 1612 года і дадае, што яна памерла ў Амялёве (?), а не ў Слуцку ці Нясвіжы, як пішуць іншыя. Несумненна, што дата Катлубая праўдзівая, бо і Нясецкі [14], гаворачы пра паўторную жаніцьбу князя Януша Радзівіла [15] з Лізаветай Брандэнбургскай, называе 1613 год.

Цудоўная гэта постаць. Пра княгіню Соф"ю пісалі Крыштоф Зяновіч, Крашэўскі, Сыракомля [16] і іншыя, але тэма гэтая яшчэ не вычарпана, таксама, як і гісторыя Гальшкі Астрожскай [17], бо абедзве гэтыя жанчыны, якія вызначаліся ў гісторыі багаццем, прыгажосцю, нешчаслівасцю і дабрадзейнасцю, сталі ахвярамі жахлівай хцівасці, якая прагнула іхніх грошай і пагарджала ўзнёслым сэрцам жанчыны!. Сумныя думкі прыходзяць у галаву каля пахавальні апошняй з Алелькавічаў! Лёс даў ёй усё, пра што толькі можа марыць чалавек, а яна, аднак, не зазнала ў жыцці ні хвіліны спакою і шчасця, быццам пацвярджаючы ісціну, што шчасце рэдка сустракаецца ў палацах і пад парчовым покрывам…

Гора багатай мяккасардэчнай сіраце! Ды і што ж іншага магло быць, бо жыць ёй прыйшлося ў часы, калі на бацькаўшчыне цалкам знікла пачуццё праўды і грамадзянскай годнасці. Нашы аўтары прывыклі не дагаворваць, расказваючы пра жыццё апошняй слуцкай князёўны, але мы выкладзем тут усё коратка і ясна. Князёўна Соф"я была дачкой Юрыя III і Барбары Кішкі, дачкі падляскага ваяводы. Пасля смерці бацькоў яе апекунамі сталі сваякі Хадкевічы, якія былі вінаваты Радзівілам пэўныя сумы і вырашылі ліквідаваць доўг праз сваю выхаванку ды яшчэ і штосьці зарабіць на гэтай справе. У аснове гэтых ганебных варункаў, агавораных інкогніта, яўна была дамоўленасць паміж старостам жамойцкім Юрыем Хадкевічам, апекуном князёўны, і віленскім ваяводам Крыштофам Радзівілам [18] пра выданне князёўны замуж за сына ваяводы Януша Радзівіла 6 лютага 1600 года пасля дасягнення ёю паўналецця. Неўзабаве староста жамойцкі памёр, а апека над князёўнай перайшла да яго брата Гераніма Хадкевіча [19], які аднавіў дамоўленасць з Радзівіламі, пасля чаго князю Янушу дазволілі бачыцца з князёўнай, якая тады жыла ў Вільні ў палацы Хадкевічаў. Здавалася, што для абодвух бакоў справы развіваліся паспяхова і размова магла весціся толькі пра вызначаны тэрмін. Але дух суцяжніцтва ў тыя жахлівыя часы быў такі моцны, што часта нават не дазваляў убачыць уласныя відавочныя інтарэсы. Вось і Радзівілы, замест таго, каб паводзіць сябе дыпламатычна, неабачліва пачалі патрабаваць ад Хадкевічаў за даўгі мястэчка Копысь пад Оршай. А тыя, абразіўшыся, вырашылі не дапусціць князя Януша да пасагу князёўны Соф"і, спасылаючыся на блізкае сваяцтва будучай шлюбнай пары.

Візіты жаніха да князёўны былі спынены, што яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж двума магнацкімі родамі, а тым часам набліжаўся 1600 год. Абодва бакі, зусім не думаючы пра ўступкі, пачалі фармальным чынам рыхтавацца да грамадзянскай вайны: вербавалася іншаземнае войска, збіраліся натоўпы прыхільнікаў, гатовых праліваць братэрскую кроў дзеля прыватных інтарэсаў, ды нават Ян Замойскі [20] прыслаў Радзівілам на дапамогу 200 коней. Іх сілы складалі да 6000 наёмнага жаўнерства. Хадкевічы сабралі на сваім віленскім двары амаль 3000 узброеных людзей. Страшна падумаць, што акурат у тую хвіліну, калі ганебная панская хцівасць намервалася распачаць братазабойчую бойку, шведы спусташалі Інфлянты, і не ставала сілы, каб даць адпор нападнікам. Кароль Жыгімонт [21] спачатку паслаў у якасці міратворцаў біскупа жамойцкага Гедройца, вялікага маршалка кароннага Дарагастайскага і падскарбія літоўскага Завішу. Ён дамагаўся згоды, пагражаў грамадзянскай вайной, але сумленне паноў, аслепленых жарсцямі і пазбаўленых пачуцця абавязку перад бацькаўшчынай, заставалася глухім. Хадкевічы разлічвалі, перш за ўсё, займець ад гэтай справы вялікую карысць; халоднага, цынічнага Радзівіла вабіла багатая Случчына. Нізкія мэты і сродкі абодвух бакоў узаемна ўраўнаважваліся. Раздражненне дайшло да крайнасці, і калі здавалася, што пачнецца разня, Радзівілы, напалоханыя стаўленнем Хадкевічаў, а можа, і адказнасцю перад каралём, нечакана пасля доўгіх разважанняў у дзень, вызначаны дакументам апекуноў, пагадзіліся на дамову. Такім чынам, былі скасаваны ўсе прэтэнзіі Радзівілаў да Хадкевічаў, гэтыя апошнія атрымалі кампенсацыю за апякунства, у чым Хадкевічы былі бязмерна зацікаўлены і мусілі на гэтым добра нажыцца; апрача таго, Хадкевічы атрымалі 360 000 гатоўкай і 500 валок зямлі навечна… 1 кастрычніка 1600 года ў Брэсце князёўна Соф"я была выдадзена за князя Януша; шлюб быў узяты зусім ціха. Такім чынам, скончыўся скандальны гандаль пачуццямі і маёмасцю няшчаснай княжацкай сіраты. Нясецкі выдумляе, быццам князёўна Соф"я да шлюбу з Янушам Радзівілам была замужам за Юрыем Хадкевічам, кашталянам трокскім. Гэта грубая памылка і анахранізм, бо той Хадкевіч быў жанаты з Соф"яй Радзівіл, дачкой Мікалая, ваяводы наваградскага. Вяртаючыся да нашай гераіні, зазначым, што яе шлюбнае жыццё было невясёлым; нягледзячы на анёльскі характар і прыгажосць княгіні, яе пачварны муж, хаця і выдатна выхаваны, не вызначаўся ні вернасцю, ні далікатнасцю. Праўда, у іх было двое дзетак, якія хутка памерлі, але князь Януш у адносінах з жонкай паводзіў сябе цынічна, бо яму патрэбны былі толькі яе багацці. Гэтыя багацці Алелькавічаў, як мы ўбачым, яшчэ доўга былі аб"ектам неспатольнай хцівасці і амбіцый магнатаў, пакуль іх не захапілі людзі староннія і цалкам чужыя для народа… Крашэўскі ў сваім рамане «Апошняя са слуцкіх князёў», напэўна, зыходзячы з меркаванняў мастацкасці, не ўсё паказвае ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай, бо ў яго княгіня памірае ў Нясвіжы, да таго ж, на дзевяты год свайго сямейнага жыцця, хаця папраўдзе гэта здарылася на тры гады пазней у Амялёве. Перад смерцю дабрадзейная княгіня, аблытаная інтрыгамі агіднага мужа, не толькі прабачыла яму цяжкія правіннасці, але і зрабіла, апрача таго, запіс на яго карысць на вечнае валоданне яе вялізнай маёмасцю, і ў выніку Слуцкае княства перайшло да Радзівілаў. Аднак князь Януш, разбагацеўшы з ласкі жонкі, якая так пакутавала ад яго, адразу ж пасля скону сваёй дабрадзейкі, ахвяры бессаромнасці, што панавала на бацькаўшчыне, уступіў у новы шлюб з брандэнбургскай князёўнай Лізаветай.

Усё гэта зноў распаліла зайздрасць Хадкевічаў, бо незалежна ад дамовы, заключанай у 1600 годзе з Радзівіламі, яны, як сваякі, па-ранейшаму прэтэндавалі на спадчыну згаслых цяпер Алелькавічаў, што, дарэчы, пазней паспяхова рабілі Сапегі. Відаць, не суджана было Случчыне спакойна замацавацца ў доме Радзівілаў, бо на сыну Януша і немкі, нядобрай памяці Багуславе, канюшым літоўскім, скончылася па мужчынскай лініі гэтая галіна; а дачка Багуслава, Людвіка Караліна, выдадзеная, абмінаючы каралевіча Якуба, за Карла Філіпа, пфальцграфа рэйнскага, прынца нойбургскага, прынесла ў пасаг іншаземцу Слуцка-Капыльскае княства разам з Біржанскім графствам у Трокскім ваяводстве. Калі княжацкая пара жыла за мяжой, яе ўладаннямі, якія зваліся нойбургскімі, кіравалі тым часам Аскерка і Незабітоўскі, робячы злоўжыванні і нажываючы вялікія багацці. Пасля смерці ў 1695 годзе княгіні Людвікі Караліны яе літоўскія ўладанні перайшлі да адзінай дачкі Лізаветы-Аўгусты, якая заставалася пад уплывам бацькі-пфальцграфа. З гэтага часу пачынаецца новая грамадзянская вайна за Случчыну.

Сапегі, з прычыны свайго сваяцтва праз Глябовічаў з Радзівіламі, пад маркай, што пфальцграф не меў грамадзянства, прэтэндавалі на нойбургскія ўладанні і дабіліся права апякунства над непаўналетняй князёўнай Лізаветай. Трыбунал літоўскі ў 1695 годзе вынес прысуд, які прызначыў апекуном гетмана літоўскага Казіміра Сапегу, ганарыстага і неспакойнага дэспата. Тое, што блізкія сваякі Радзівілы аказаліся абыдзенымі ў справе апякунства, распаліла іх нянавісць, і паміж двума родами пачалі плесціся брудныя інтрыгі. Гетман Сапега, каб дапячы Радзівілам, у маі 1695 года з войскам Рэчы Паспалітай напаў на Капыль, які трымалі Радзівілы, а праз некалькі дзён адабраў яго ў князя Кароля Станіслава Радзівіла, праліўшы пры гэтым нямала братняй крыві.

Пасля шалёнага ўварвання Сапегаў Радзівілы тым больш не адмовіліся ад сваіх правоў на нойбургскія ўладанні, і ведаючы, што пфальцграф быў вінаваты каралю Аўгусту II 600 000 злотых, праз пасрэдніцтва хітрай Ганны Радзівіл з дому Сангушкаў, жонкі канцлера літоўскага, выперадзілі Сапегаў, дамовіўшыся з пфальцграфам пра выплату ўсёй сумы каралю і ўзяцце нойбургскіх уладанняў у заклад. Дыпламатка Ганна Радзівіл, не супакоіўшыся на гэтым, прыкладала вялікія намаганні, каб выдаць дачку пфальцграфа Лізавету за свайго пачварнага сына Гераніма Радзівіла, але пра яго ніжэй. Калі ж з гэтых планаў нічога не атрымалася, яна дамаглася ад пфальцграфа канчатковай адмовы ад нойбургскіх уладанняў, а значыць і ад Случчыны, якая зноў вярнулася ў дом Радзівілаў не без пэўных скандальных падрабязнасцяў. I не было б гэтаму канца, але Радзівілы адначасова выплацілі Сапегам, якія назалялі ім судовымі працэсамі, два мільёны злотых адступнога і кампенсацыю за ўсе прэтэнзіі.

Так скончылася гэта гучная сваімі авантурамі справа; з таго часу запанаваў спакой, а назва Нойбургскія ўладанні адышла ў гісторыю.

Трэба быць духоўна сляпым, каб не пагадзіцца з правілам: «Набытае нядобрым шляхам заўсёды ідзе прахам»; паўсюдныя руіны агромністых маёнткаў з"яўляюцца ў нас выразным на тое довадам. Вось і спадчына дабрадзейнай і такой нешчаслівай слуцкай княгіні не дапамагла яе наследнікам, бо драпежная хцівасць, тузаючыся ў сваім гняздзе, з цягам часу змарнавала ўсё да рэшты, і сёння з мільённай радзівілаўскай маёмасці ў Слуцкім княстве ва ўласнасці гэтай сям"і ўжо не засталося ні пфеніга, бо апошняя ўладальніца Случчыны, таксама нешчаслівая княгіня Стафанія, дачка князя Дамініка, прынесла яе ў пасаг Вітгенштэйнам, а тыя прадалі горад з наваколлямі ўраду, і ўладанні з прычыны бязжэнства апошняга Вітгенштэйна, калі і захаваюцца, пяройдуць праз яго сястру ў цалкам нямецкую сям"ю Гогенлоэ (Гэта здарылася ў 1887 годзе пасля раптоўнай смерці князя Вітгенштэйна). «Sic transit gloria mundi!» [22]

Радзівілы, паўторна атрымаўшы Слуцк, мелі тут раскошную ўмацаваную рэзідэнцыю, якую ахоўвалі тысячы жаўнераў, паркі, казачнае паляванне, балеты, цыркі і г. д., але ад гэтай раскошы не засталося і следу: сёння сталіца забытых алігархаў уяўляе сабой смуродныя руіны, у той час як парэшткі княгіні Соф"і шануюцца народам, а прахожы, знаёмы з гісторыяй, можа аддавацца ўспамінам над яе пахавальняй, якая дае вялікую прастору для разважанняў пра мізэрнасць пыхлівасці і адначасова пра магутнасць ідэалаў невычэрпнай дабрадзейнасці!.

Ветлівы манах адчыніў мне мемарыяльны саркафаг, я зачаравана, схіліўшы галаву, аглядаў гэтыя парэшткі, ушанаваў цень калісьці гістарычнай постаці і накіраваўся ў далейшую вандроўку па храме. У прэсбітэрыі за алтаром мне паказалі каштоўную старажытную рызу, шытую быццам бы рукамі княгіні Соф"і, што прывяло мне на памяць работы каралевы Ядвігі, якія захоўваюцца ў кракаўскай катэдры. Я бачыў таксама Евангелле 1581 года, цудоўна, нават па-мастацку перапісанае нібыта рукой Юрыя, бацькі Соф"і, а таксама старажытны срэбны епіскапскі посах, якім карысталіся, напэўна, высакародны Павел Валчанскі і неспакойны Віктар Садкоўскі – яго суцэльная працілегласць паводле сваіх перакананняў і памкненняў

Далей з левага боку прэсбітэрыя, насупраць пахавальні княгіні Соф"і, таксама ў знешнім саркафагу, знаходзяцца парэшткі дзіцяці, нейкага Гаўрылкі, быццам бы замучанага яўрэямі ў Заблудаве ў 1690 годзе. Парэшткі гэтыя лічацца рэліквіяй, і іх таксама наведваюць вернікі; а старажытная дошка, прымацаваная на сцяне, на польскай і рускай мовах коратка пераказвае гісторыю гэтага здарэння. Мой праваднік паказаў мне саркафаг усярэдзіне, і я ўбачыў шкілет дзіцяці, высахлы як мумія, але на карычневай скуры сапраўды можна ўбачыць мноства паглыбленых плям, што ўзніклі быццам бы ад праколаў. Вядома, што навука, нягледзячы на апошнія працэсы пра забойствы хрысціянскіх дзяцей яўрэямі, якія адбываліся на Каўказе і ў Венгрыі, рашуча адмаўляе рэлігійны ўдзел яўрэяў у злачынстве дзетазабойства; аднак зацятыя апаненты пацвярджаюць факты не менш надзвычайнымі довадамі. Пра слуцкага Гаўрылку згадвае таксама люты антысеміт, былы ксёндз, скандальны Лютастанскі ў сваёй цікавай і ёмістай працы, выдадзенай нядаўна на рускай мове і скіраванай супраць уяўнага догмату хасідаў, якія выкарыстоўваюць кроў для выпечкі велікодных праснакоў.

Агледзеўшы Гаўрылку, я спытаў пра княжацкія пахавальні і быў здзіўлены адказам, што, апрача дзвюх трунаў у пячорах, больш нічога няма. Мне захацелася іх убачыць. Мы ўвайшлі ў цёмныя, заваленыя агідным смеццем сутарэнні; наперадзе мяне крочыў манах з запаленай васковай свечкай; я адчуў затхласць і непрыемны холад, пячоры разыходзіліся налева і направа, пад нагамі грукатала, быццам там была пустата. «Чаму такі водгалас?» – запытаў я чарняца. «Пэўна, там знаходзяцца падзямеллі і гэтыя княжацкія пахавальні», – прагучаў адказ. «Значыць, ёсць», – падумаў я. Мы прайшлі яшчэ крыху, нізка нахіляючы галовы, каб не зачапіцца за невысокія скляпенні, пакуль нарэшце чарнец, спыніўшыся і паказваючы на дзве труны, што стаялі ў поўным запушчэнні на грудах развалін, не сказаў напаўголаса: «Гэта другая жонка князя Януша, малдаўская княгіня, і яе сын». Мяне занепакоіла такая дасведчанасць майго чычэроне ў пытаннях генеалогіі, аднак не жадаючы рабіць яму прыкрасць, я прыняў фальшывую манету за сапраўдную. Гэты памылковы расказ, як я даведаўся, манахі ўводзяць у вушы ўсім турыстам, ён нават быццам бы надрукаваны ў даведніку пра помнікі Трайчан. Таму неабходна зрабіць тут некалькі заўваг.

Я ўжо гаварыў, з кім ажаніўся другі раз вераломны князь Януш, уладальнік Слуцкага княства; аднак у яго быў родны пляменнік, таксама Януш, гэты славуты гетман, які першы раз быў жанаты з Патоцкай, а другі раз – з валошскай князёўнай Марыяй Лупул, сапраўды пахаванай у царкве на Трайчанах; аднак яна памерла быццам бы бяздзетнай. Дык чыёй была трупа з падлеткам у польскім строі? Гэта было незразумела. Рэч цікавая, але натуральная, што пра пахавальні Алелькавічаў у манастыры няма дакладных звестак; сённяшнія манахі – гэта людзі новыя, усе чужыя і ў дадатак без належнай адукацыі, а пахавальні мусілі замураваць даўней, у адпаведнасці з распараджэннем уладаў. Таму чарняцы і не здолелі пазнаёміцца з перарванай традыцыяй (Існуе меркаванне, што Марыю Лупул зрабілі бяздзетнай з рэлігійна-палітычных меркаванняў. Гаспадар Лупул паставіў князю Янушу ўмову, каб яго сын быў праваслаўнага веравызнання. Так павінна было стаць, але гэта палохала езуітаў, і таму яны атруцілі праваслаўнага Радзівіла з дапамогай мамкі, якая падала маладому князю яблык, распалавінены атручаным нажом. Пазней усю справу затушавалі, але легенда засталася і трапіла ў расійскія часопісы. У «Русском вестнике» пра гэта пісаў Каткоў. У гэтым перакананы літоўскія кальвіністы, у тым ліку факт рашуча прызнаваў вядомы беларускі суперінтэндант С. Ліпінскі. Даваў яму веры і Адам Кіркор [23], пра што я ведаю асабіста ад яго. Памерла княгіня Марыя 5 студзеня 1660 года. Звесткі пра яе шукаў у Нясвіжы ў 1886 годзе малдаўскі вучоны пан Б'янке, але мы не чулі, каб ён наведваў яе сумную магілу ў Слуцку на Трайчанах.).

Але пахавальні, безумоўна, існуюць у ніжнім ярусе пячораў, пра што выразна сведчыць глухі водгалас падземнага рэха, калі ідзеш па версе. Мы выйшлі з пячораў з прыкрым уражаннем, бо, паўтараю, усярэдзіне яны моцна кантрастуюць з чысцінёй самога храма: розны бруд і смецце, накіданыя там быццам бы наўмысна, ствараюць агіднае відовішча, бо не шануюцца нават іншыя труны членаў роду, якія дарэмна чакаюць, каб апякунская рука жывых хаця б проста закапала іх у зямлю.

Для агляду ўжо засталося няшмат. Ад магіл я адправіўся ў зімовую капліцу манастыра, дзе ў рызніцы захоўваюцца старажытныя партрэты Алелькавічаў. Яны заслугоўваюць найвялікшай увагі не з мастацкага, а з гістарычнага пункту гледжання, таму варта пра іх узгадаць. Мы бачым тут выкананыя алеем партрэты Аляксандра, таго самага Алелькі, родапачынальніка, які памёр у 1455 годзе; Юрыя III, бацькі гістарычнай Соф"і; Аляксандра і Сямёна, родных дзядзькоў Соф"і, Сямён памёр у 1597 годзе і ляжыць у Любліне; а таксама самой Соф"і і яе мужа Януша Радзівіла. Надпісы на гэтых карцінах пераважна польскія, ёсць толькі некалькі лацінскіх, а адзенне характарызуе час і становішча ў свеце прадстаўленых асоб; некаторыя з іх намаляваны ў іспанскіх касцюмах паводле звычаю, што панаваў пры двары ў XVI стагоддзі.

Мы ўпэўнены, што ў манастыры захоўваюцца старыя архівы, я спытаў пра іх у ігумена, але, на вялікае здзіўленне, ён заявіў, што літаральна ніякіх старых папер у манастыры няма, бо самыя даўнія згарэлі ў пажары, учыненым Трубяцкім, а пазнейшыя пасля 1863 года былі вывезены ў Вільню. З вуснаў вучонага ксяндза Антонія Машынскага я ведаю, што ў архіве слуцкага манастыра захоўваліся сапраўдныя скарбы, якія тычыліся айчыннай гісторыі і радаводаў Чартарыйскіх, Чацвярцінскіх, Ваньковічаў і іншых нашых сямей; усё гэта, напэўна, знаходзіцца ў валоданні Віленскай археаграфічнай камісіі, і дай Божа, каб з рэчамі гэтымі пазнаёмілася наша грамадскасць. Я пакінуў Трайчаны ўзрушаны ўспамінамі пра калісьці выдатнае, а цяпер забытае мінулае заслужанага ў гісторыі бацькаўшчыны роду Алелькавічаў.

Не маючы занадта шмат часу, я быў вымушаны знаёміцца з памятнымі мясцінамі Слуцка даволі паспешліва; і цяпер прыйшла чарга кнігасховішча пастара Бергеля.

 

[1] Панятоўскі Юзаф (1763–1813) – князь, пляменнік апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста, генерал, маршал Францыі, галоўнаккамандуючы войска польскага ў руска-польскай вайне 1792, у напалеонаўскіх паходах 1812–1813.

[2] Крашэўскі Юзаф Ігнацы (1812–1887) – польскі пісьменнік і публіцыст, аўтар шматлікіх папулярных раманаў на гістарычную тэматыку, драматычных твораў, вершаў, навукова-даследчых прац, заснавальнік і рэдактар віленскага выдавецтва «Athenaeum» (1841–1852).

[3] Баўбліс – назва старых, «святых» дубоў у Жамойціі.

[4] «Прарок» – Адам Міцкевіч; у паэме «Пан Тадэвуш» ён згадвае тысячагадовы Баўбліс, які рос у Жамойціі і быў зрэзаны ў 1812 г.

[5] Крывэ-Крывэйта – назва вярхоўнага жраца ў дахрысціянскай Літве; даследчыкі сцвярджаюць, што назву прыдумалі аўтары польскіх хронік у XV–XVI стст.

[6] Сянкевіч Генрык (1846–1916) – польскі пісьменнік, аўтар небывала папулярных раманаў на гістарычныя тэмы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

[7] Пераважна (фр.).

[8] Вітаўт (1350–1430) – вялікі князь ВКЛ (1392–1430), камандаваў беларускімі войскамі ў час Грунвальдскай бітвы 1410 г.

[9] Глінскі Міхал (1470–1534) – у 1508 г. узначаліў мяцеж супраць караля Жыгімонта Старога, абапіраючыся на падтрымку князя маскоўскага Васілія III. Не дамогшыся сваіх мэт, перабраўся ў Маскву.

[10] Ян Казімір (1609–1672) – кароль Польшчы (1648–1668), ваяваў з казакамі, Масквой, Швецыяй.

[11] Кур"ёз (лац.).

[12] Крачэтнікаў Міхаіл Мікітавіч (1729–1793) – рускі ваенны і дзяржаўны дзеяч.

[13] Катлубай Эдвард (1822 або 1823–1879) – польскі гісторык, інжынер, аўтар прац пра род Радзівілаў і інш.

[14 Нясецкі Каспар (1682–1744) – польскі гісторык, аўтар працы «Польская карона» (т. 1–4, 1728–1743), езуіт.

[15] Радзівіл Януш (1579–1620) – князь, кашталян, праціўнік караля Жыгімонта III, выступаў супраць інтэрвенцыі ў Маскву, абаронца кальвінізму і рэлігійнай талерантнасці.

[16] Сыракомля Уладзіслаў (сапраўднае прозвішча Кандратовіч Людвік, 1823–1862) – польскі і беларускі паэт, драматург, перакладчык, аўтар папулярных песенных твораў.

[17] Астрожская Гальшка (1539–1582) – наследніца велізарнага маёнтка; не пытаючыся яе згоды, аддавалі яе замуж за князя Сангушку (1553), затым за Л. Гурку (1555) і за князя С. Слуцкага (1559). Канчаткова дасталася Л. Гурку – ваяводу брэсцкаму, затым лэнчыцкаму, потым калішскаму і нарэшце пазнанскаму.

[18] Радзівіл Крыштоф (1547–1603), па мянушцы Пярун – князь, крайчы (адно з ганаровых званняў прыдворнай знаці), гетман вялікі літоўскі з 1589, удзельнік войнаў з Масквою, са Швецыяй, адзін з найбольш уплывовых магнатаў і палітыкаў ВКЛ.

[19] Хадкевіч Геранім (1560–1617) – канюшы ВКЛ, ваявода мсціслаўскі з 1593, кашталян віленскі з 1595, маршалак Трыбунала ВКЛ.

[20] Замойскі Ян (1542–1605) – падканцлер каронны з 1576, канцлер вялікі каронны з 1578, гетман вялікі каронны з 1581, стараста кракаўскі, ваяваў з Масквою, са шведамі. Садзейнічаў абранню Жыгімонта III каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ.

[21] Жыгімонт III Ваза (1566–1632) – кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1587–1632).

[22] Так праходзіць мірская слава (лац.).

[23] Кіркор Адам Ганоры (1819–1886) – беларускі і польскі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч, член Археалагічнай камісіі.

 

 

Читать Часть II
 

Публікуецца па выданні Ельскі, А. Выбранае.
- Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004

Тэкст падрыхтавалі:
Анатоль ЖУК і Уладзімір ХВОРАЎ



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 998. Последнее 2019-05-23 13:27:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru