У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля (працяг)

11.02.2014

 

II

 

Бібліятэка Ю. Бергеля. – Слуцкія школы. – Леапольд Ваноўскі. – Слуцкая фара. – Князь Геранім Радзівіл. – Ксёндз Станіслаў Шантыр, былы езуіт.

Паважаны пастар Бергель, уладальнік выключна каштоўнага збору старажытных і рэдкіх кніг, з надзвычайнай ветлівасцю паказаў мне гэтыя скарбы, якія захоўваюцца ў шафах, умураваных у сцены бабінца евангелічнай царквы. Некалькі гадзін запар я з захапленнем пазіраў на рарытэты айчыннага пісьменства, і пачуцці мае зразумее толькі той, хто сам мае характар карпатлівага даследчыка і з замілаваннем працаваў у бібліятэках. Што тут казаць пра зборы пастара Бергеля, калі немагчыма ўявіць, як, дзе і калі адзін чалавек мог знайсці столькі бібліяграфічных рэдкасцяў. Любчанскія, ракаўскія, таруньскія, слуцкія, нясвіжскія, астрожскія, брэсцкія, заблудаўскія, еўеўскія, упіцкія, супрасльскія, кнышынскія, луцкія, мінскія, віленскія, кейданскія, пачаеўскія і іншыя старадрукі запаўняюць паліцы некалькіх шафаў, і тут мусіць быць каля тысячы тамоў. Якія ж выдатныя вынікі мела нягучная праца ксяндза Бергеля? Звесткі пра яе апошнім часам распаўсюдзіліся ў навуковым свеце, а ўдзячнасць за гэта на вечныя часы запісана ў т. VIII фундаментальнай працы Эстрайхера [24]. Не менш звестак пра зборы пастара Бергеля змясціў спадар «Юзаф Корвін» у № 314 «Tygodnika ilustrowanego» за 1881 год, таму я адсылаю чытача да гэтых выданняў, дадаючы, што апрача старадрукаў у бібліятэцы сп. Бергеля захоўваецца некалькі цікавых рукапісаў. Сярод іх – Сінадальныя акты кальвінскага веравызнання Літоўскай правінцыі за 1544–1560 гады, напісаныя на лаціне, а пазней па-польску рукой славутых міністраў Сільвія і Вянгерскага.

Ёсць тут таксама акты слуцкага магістрата часоў аблогі горада Трубяцкім у 1655 годзе, а таксама мемуары, што тычацца сумнай справы спальвання Казіміра Лышчынскага [25] за ўяўны атэізм пры панаванні Яна III. Каля 1848 года рукапіс быў знойдзены (быццам бы дзесьці ў хатнім архіве ў Гродзенскай губерні) слуцкім настаўнікам панам Варакомскім, скапіраваны ім і перададзены ксяндзу Ліпінскаму, вядомаму сваёй сумленнасцю віленскаму суперінтэнданту, пасля смерці якога ён зноў быў адшуканы ў яго паперах ксяндзом Главацкім і, нарэшце, трапіў у зборы пастара Бергеля. Мы не толькі праглядалі гэты памятны дакумент, але і досыць доўга мелі яго ў сябе, і трэба сказаць, што ён здаецца нам архіважным матэрыялам для высвятлення гэтай заблытанай і брыдкай справы ў нашай гісторыі. Можна было б легкадумна назваць гэты твор апакрыфічным, аднак, разважаючы над яго зместам глыбей, пераконваешся, што можна хіба папракнуць мову, не заўсёды адпаведную тагачаснаму правапісу; але, як мне растлумачыў пастар Бергель, перапісчык пан Варакомскі, перакладаючы яго на нашу польскую мову, дзеля лепшага разумення рэчаў proprio motu[26] выкрасліў шмат макаранізмаў і архаізмаў. Перш чым гэтыя мемуары ўбачаць дзённае святло, зазначым, што ўсе інтрыгі аўтар, цесць Лышчынскага, прыпісвае езуітам у сувязі з вядомым Станіславам Вітвіцкім [27], біскупам пазнанскім, чые цёмныя справы і нават распусту праўдзівы (да таго ж, юрыст) Лышчынскі публічна выяўляў, чым настроіў супраць сябе ордэн і дастойнікаў царквы; дарэчы, маёмаснае пытанне таксама тут мела месца. Нагадаем, што тагачасны біскуп Залускі пакінуў знішчальнае сведчанне пра асобу Вітвіцкага, называючы яго прагным і распусным; з другога боку, дакументы па справе Лышчынскага, надрукаваныя ў V раздзеле крыніц па гісторыі Польшчы Маліноўскага за 1844 год [28], паказваюць яе зусім з іншага боку; зноў жа, вучоны Ярашэвіч [29] у т. III «Карціны Літвы» гаворыць, што Лышчынскі, верагодна, стаў ахвярай інтрыг езуітаў, бо легкадумна пакінуў іх ордэн. Апрача таго, існуюць манаграфіі іншаземцаў і нашых аўтараў пра Лышчынскага, якія па-рознаму трактуюць гэтыя рэчы. Але паколькі вядома, што папа Інакенцій XI прызнаў невіноўнасць Лышчынскага, то сумленная крытыка ў гэткай цёмнай і заблытанай справе магла б высветліць праўду толькі шляхам параўнання крыніц. Таму выяўленне, у імя прынцыпу аб"ектыўнасці, матэрыялаў, якія да гэтага часу заставался ў цяні, было б пажадана для айчыннай гістарычнай літаратуры.

Агледзеўшы бібліятэку ў бабінцы, мы наведалі і сам храм, вельмі просты і дагледжаны. На алтары ўбачылі сапраўдную бібліяграфічнаю рэдкасць – перапісаны, багата апраўлены экземпляр брэсцкай Бібліі, бо яе знішчалі ў агні. Касцельнае срэбнае начынне заслугоўвае ўвагі як памяць мінулага, бо слуцкія кальвіністы, якія засталіся тут з часоў Алелькавічаў, зазналі ў XVII стагоддзі апеку Радзівілаў-дысідэнтаў, а пазней – прыхільнасць пфальцграфаў рэйнскіх, князёў нойбургскіх, якія дапамагалі іх царкве, засноўвалі друкарні і дабрачынныя ўстановы. Даўні драўляны збор, пабудаваны ў 1617 годзе фундацыяй Януша Радзівіла, таго самага мужа няшчаснай Соф"і, ужо не існуе. Сённяшні храм – гэта пабудова бягучага стагоддзя ў новагатычна-раманскім стылі, ён мае неблагі арган, а набажэнства адбываецца паводле старадаўняга абраду, на польскай мове. Таму не толькі пратэстанты, але нярэдка і католікі, не маючы храма сваёй канфесіі, прыходзяць сюды, каб узнесці хвалу Богу. Перайшоўшы на левы бок, мы заўважаем умураваную ў сцяну чорную мармуровую дошку і з павагай чытаем на ёй імя чалавека, які не толькі перад Слуцкам, але і перад усім краем мае бязмерныя, хаця і нягучныя заслугі, выхаваўшы некалькі пакаленняў на прынцыпах грамадзянскай дабрадзейнасці. Гэта сціплая памятка ў гонар Леапольда Ваноўскага, беларускага суперінтэнданта, магістра філасофскіх навук, рэктара слуцкай школы, дзеяча рэдкай вучонасці і грамадскай дабрадзейнасці, вопытнага педагога, сапраўднага бацькі школьнай моладзі, паэта, прамоўцы і аўтара. Гэты выдатны грамадзянін нарадзіўся ў 1798 годзе, памёр у Слуцку ў 1849 годзе і спачывае паблізу, на кальвінскіх могілках.

Зусім незразумела, чаму да сённяшняга дня мы так і не маем друкаванай манаграфіі, прысвечанай гэтаму з усіх пунктаў гледжання выключнаму, заслужанаму і нястомнаму дзеячу, а яго суайчыннікі нават не ведаюць, як ён выглядаў (У пастара Бергеля быў мастацкі партрэт Л. Ваноўскага, выкананы Гесэ, які павінны былі б надрукаваць нашы ілюстраваныя часопісы).

Пра тое, кім быў Леапольд Ваноўскі, няхай скажуць яшчэ жывыя яго выхаванцы: Антоні Пяткевіч (Плуг), Аляксандр Аскерка, Аляксандр Валіцкі і іншыя. Пры ўспаміне пра гэтага чалавека неяк сумна робіцца на душы, бо як жа непадобныя сучасныя педагогі на гэты выдатны ўзор.

Школа слуцкіх кальвіністаў радзівілаўскай фундацыі 1625 года, з"яўляючыся па сваёй сутнасці вышэйшай установай, мела інтэрнат для незаможных вучняў, цуцоўную бібліятэку, навуковыя кабінеты, таленавітых прафесараў; пазней у 1827 годзе яна была ператворана ў гімназію, набыла больш свецкі характар, і тут расцвіло добрасумленнае навучанне пад кіраўніцтвам вышэйзгаданага вучонага Ваноўскага. I яшчэ доўга пасля яго смерці захоўваліся традыцыі гэтага дзеяча. Прафесары Главацкі, Цэраскі, Вагнер, Міладоўскі, Вайноўскі, Кунцэвіч, Герман Калыша, Гесэ, Курнатоўскі і многія іншыя ажно да 1863 года прыносілі славу сваёй установе. У 1881 годзе муры і гімназічныя пляцы былі выкуплены ўрадам, і доля кальвінскай абшчыны цалкам ліквідавалася.

Быў час, калі кальвінскае веравызнанне непадзельна панавала на Случчыне і прыцягвала сюды самых знакамітых сваіх святароў, такіх, як браты Будныя і інш. Апекаваныя Янушам і падтрыманыя яго сынам, Багуславам Радзівілам, пазней вынішчаныя ў найкрытычны момант радзівілаўскай празэліцкай руплівасці, пасля рэвакацыі князя Сіроткі [30] яны ледзь утрымаліся ў самім Слуцку. Кальвіністы лёгка маглі тут замацавацца, бо хаця славутая слуцкая каталіцкая фара была заснавана ў 1419 годзе Міхалам з Ягайлавічаў, сынам вялікага князя літоўскага Жыгімонта, і пашырала лацінскую веру, тут, аднак, мелася нейтральная глеба для розных веравызнанняў, дзякуючы высокай талерантнасці князёў Алелькавічаў, якія трымаліся грэцкай веры і, не займаючыся прапагандай, апекаваліся іншымі культамі, а пазней магутная рука Радзівілаў-дысідэнтаў усёй сваёй моцай падтрымала рэформу. Езуіты, фундаваныя тут толькі ў 1696 годзе Чобарам Ляшчынскім, распачалі заўзятую вайну з кальвіністамі, а іх місіі ў Слуцку і блізкім Замосці наносілі адчувальную страту шэрагам іншаверцаў.

З гэтага часу Слуцк стаў сведкам доўгіх рэлігійных дыспутаў і сварак; жарсці распаляліся і, нарэшце, спрычыніліся да сумнай памяці канфедэрацыі 1767 года [31], якую ўзначаліў сумнай памяці Ян Грабоўскі [32] з Канапніцы, генерал-маёр літоўскага войска, чалавек беспрынцыпны, амаральны і хцівы, які заплюшчваў вочы нават на заляцанні караля да яго ўласнай жонкі Эльжбеты з дому Шыдлоўскіх. Ганьба бацькі, аднак, не пераходзіць на нашчадкаў, бо сыны вядомага баламута Павел і Міхал сумленна служылі свайму краю; першы, генерал, разам са сваім аддзелам па-геройску загінуў на Празе ў 1794 годзе [33], а другі, я к хацелася б Нямцэвічу [34], сын караля Станіслава Аўгуста, таксама ў званні генерала брыгады, выяўляючы цуды мужнасці, загінуў у 1812 годзе пад Смаленскам. Такім чынам, сыны годна загладзілі брудныя справы бацькі.

Апрача фатальнай канфедэрацыі 1767 года, стварэнне якой было выклікана шэрагам непалітычных учынкаў ворагаў талерантнасці, слуцкія дысідэнты нічым сябе не заплямілі; яны заўсёды былі сумленнымі грамадзянамі свайго краю; і найвыдатнейшым прыкладам падобных паводзін быў пастар Бергель, ушанаваць публічна якога вельмі прыемна (Пастар Бергель памёр у Варшаве ў канцы сакавіка 1885 года, а яго бібліятэку набыў у сям"і за 3000 рублёў букініст Ігель з Кракава).

Цяпер, у сваю чаргу, трэба было наведаць прынамсі месца гэтай слуцкай фары, якая, паводле даўняга выслоўя з палемічных часоў, была старэйшая за кальвінскую веру… Гэты храм, пабудаваны з лістоўніцы амаль пяць стагоддзяў назад, ужо струхлеў і ў 1852 годзе быў разабраны, а на яго месцы з рэштак якаснай драўніны пабудавана капліца, якую я і хацеў агледзець. Не маючы з многіх прычын адвагі звярнуцца да мясцовага пробашча… я палічыў за лепшае падысці да сакрысціяна… пакланіцца яму… Аказалася, што гэта малады жаўнер-адстаўнік, родам з Каралеўства, які нядаўна ажаніўся з аканомкай пробашча. Дзякуючы добрай волі спадара сакрысціяна, я трапіў у згаданую вышэй капліцу, якая знаходзіцца побач з плябаняй у цяністым садзе. «Темроrа mutantur» [35], перш чым я пазнаёміўся з сітуацыяй. Трыццаць з лішкам гадоў назад я бачыў фару, якая стаяла на шырокім пляцы, а цяпер вакол яе густа, як у лесе, растуць дрэвы. Мне хацелася атрымаць кавалак мемарыяльнай лістоўніцы, з якой быў пабудаваны храм, і я звярнуўся з гэтай просьбай да сакрысціяна; ён адразу ж, узяўшы пілу, узлез на паддашак і там выпіліў даволі вялікі фрагмент бэлькі; для мяне гэта быў важны набытак. Капліца з рэшткаў фары – гэта збудаванне цалкам простае і невялікае; усярэдзіне бедна і пуста, няма нават адпаведнага надпісу, які засведчыў бы для будучыні, чым быў гэты храм. Адзіная памятка ад даўнейшага храма, што захавалася ў цэнтры цаглянай, ужо прагнутай падлогі, – гэта вялікая, з карычневага мармуру дошка з апісаннем заслуг і скону ў 1684 годзе Казіміра Клакоцкага, харунжага Мінскага ваяводства, губернатара Слуцка-Капыльскага княства, дабрачынцы фары. Пад дошкай у склепах знаходзяцца пахавальні некаторых сямей, у тым ліку і Клакоцкіх, якія сапраўды адыгрывалі тут важную ролю і вызначаліся фундацыямі. Са здабытым кавалкам лістоўніцы з капліцы мы рушылі да недалёкага былога бернардзінскага касцёла. Яго фундавалі Аскеркі каля 1639 года. Досыць вялікі храм не вызначаецца архітэктурным густам, а ў яго гісторыі няма нічога вартага ўвагі. Манахі былі выселены адсюль пасля 1835 года, а ў 1852 годзе, калі зачынілі старую фару, тут увялі парафіяльнае набажэнства. Сёння касцёл знаходзіцца ў прыкрым для вачэй запусценні. Праўду кажучы, за апошнія некалькі дзесяткаў гадоў усе нашы касцёлы на Міншчыне страшэнна заняпалі з прычыны нядбайнасці разбэшчанага духавенства, якое, цалкам захапіўшыся сінекурай, здабыло сабе сумную славу; і ўся надзея толькі на новага архіпастыра, які здолее давесці да ладу гэтую шэрую ўскраіну сваёй неабдымнай парафіі…

Парафіяльны касцёл я мог бы і не наведваць, але мяне звабіла цікаўнасць, бо я ведаў, што сюды перанеслі з фары ўсе памяткі і касцельныя заклады, а з імі і сэрца славутага Гераніма Фларыяна Радзівіла, падчашага літоўскага, які раней загадаў, каб яго цела пасля смерці змясцілі ў нясвіжскіх пахавальнях, а сэрца – у слуцкай фары, бо любіў пачварны гістарычны князь сваю слуцкую сталіцу… Сакрысціян, якога я запытаў пра гэтае сэрца, адказаў, што ведае пра яго; і вось па стромкіх, цёмных сходах мы падняліся на вялікі левы прэсбітэрыяльны балкон, а там у бязладнай кучы рознай падранай старызны, сярод пылу, павуціння і смецця праваднік паказаў мне нейкае металічнае начынне ў форме крыжа, што валялася ў куце. Я ўзяў яго ў рукі і на асноўным баку прачытаў лацінскі надпіс, які складаўся са скарачэнняў: «Cor. Hier. Radz. P.S.R. Imp. Vexil. M.D. Lit. Ob. in Alba Dukali D. 17 Mai anno 1760». Напэўна, хтосьці цікаўны адарваў на адваротным баку бляху, і з металічнай скрынкі выглядала шкляное чатырохвугольнае начынне накшталт бляшанкі, у якой звычайна трымаюць гарбату, забяспечанае калісьці вялікім апячатаным коркам, цяпер да паловы наскрозь перагрызеным мышамі, якія, відавочна, мелі апетыт да так старанна схаванага далікатэсу. Выняўшы з сярэдзіны гэтае шкляное начынне, я заўважыў на дне яго засохлы, карычневы, заплеснявелы, памераў сярэдняй бульбіны, добра пагрызены маленькімі чатырохногімі стварэннямі прадмет. Гэта было сэрца найбуйнейшага ў свой час, бязмерна пыхлівага і фанабэрыстага літоўскага пана – агіднае пры жыцці і цяпер… Божа мой! Якая ж яна мізэрная – уяўная вялікасць чалавечая! Гэты чалавек пры жыцці палохаў блізкіх сваёй магутнасцю, а яго бязмежная ганарыстасць і дзівацтвы яшчэ чакаюць асобных даследаванняў і пяра, якое здолела б дакладна намаляваць жахлівыя карціны, засведчыўшы гістарычную праўду дзеля перасцярогі нашчадкаў, асабліва тых, каму належаць багацці і хто, замест таго, каб шляхетнымі ўчынкамі здабыць сабе славу ў народзе, звычайна растрачвае шчаслівы дар у пыхлівасці і ліслівасці, а пасля смерці помнікам ім будзе пагарда суайчыннікаў!..

Так я разважаў па-шылераўску, трымаючы ў руцэ паднятае ў брудным куце сэрца чалавека, перад якім калісьці дрыжэла ўсё жывое. Нямала падрабязнасцяў пра гэту сапраўдную пачвару прывялі: Барташэвіч у «Kalendarzu Ungra» (за 1857 год, с. 44–50), Катлубай у «Нясвіжскай галерэі» (с. 423 –431), Крашэўскі ў «Atheneum» за 1845 год (т. VI, с. 174–175) і Марцін Матушэвіч [36], «мемуарыст», які, належачы да пастаяннай кліентуры сатрапа, поўзаючы перад ім, падаючы да ног і складаючы для яго вершы, хаця і змоўчаў пра многае, аднак даў яму жудасную характарыстыку.

Нарадзіўся князь Геранім у 1715 годзе ў Белай, і ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што ён быў пазашлюбным сынам уладара Поўначы Пятра Вялікага. Бо хітрая маці князя Гераніма, Ганна з дому Сангушкаў, жонка канцлера, не адчуваючы дакораў сумлення і не вызначаючыся жаночай сціпласцю, быццам бы адказвала пакорлівасцю на прыхільнасць тагачаснага госця нашага краю. Жахлівы князь Геранім стаіць на адной дошцы з Міхалам Бжастоўскім, падскарбіем літоўскім, і з Мікалаем Патоцкім, старостам канеўскім, са Стадніцкім, «д"яблам ланцуцкім», з гетманам Браніцкім «шалёная палка», з Тадэвушам Жабам, ваяводам полацкім, з Кроерамі, або Крогерамі, Валадковічамі і іншымі гвалтаўнікамі і тыранамі, якіх поўна было ў Рэчы Паспалітай, асабліва ў час шляхецкіх «Сатурналій», што прадказвалі хуткую пагібель краю. Той, чыё сэрца я бачыў, чалавек мізэрны духам, з нізкімі інстынктамі, каралюючы ў Слуцку, усё жыццё марыў пра спадчынны трон і дзеля гэгага плёў самыя брудныя інтрыгі. Яго дзівацтвы ператвараліся ў злачынныя оргіі, якія ён наладжваў з поўным спакоем. Hi радзіма, ні каралеўская ўлада для яго нічога не значылі, бо ён жыў паводле свайго кодэксу і пазбаўляў людзей жыцця па любому свайму капрызу. У Слуцку і Белай ён трымаў больш за 10 000 чалавек войска, нечувана яго тыранячы. Афіцэраў адпраўлялі на смерць за самыя дробныя правінасці; усіх уяўных віноўнікаў аддавалі на катаванне і кідалі ў падзямелле на ўсё жыццё – яшчэ ў 1791 годзе ў Слуцку можна было ўбачыць вежу катаванняў часоў князя Гераніма. У гэтых апартаментах павольнай смерці доўгія гады пакутаваў князь Марцін Мікалай Радзівіл, сын Яна XVII і Дароты з дому Пшэбендоўскіх, славуты клецкі ардынат, крайчы літоўскі, звар"яцелы на іудаізме. Князь Геранім з задавальненнем трымаў яго ў зняволенні, нібыта дзеля абароны фамільнага гонару, а папраўдзе з прычыны нікчэмнай хцівасці, імкнучыся захапіць прыбыткі з клецкіх уладанняў. Гэты князь Марцін сапраўды мог патрабаваць апякунства, аднак здзекі з няшчаснага сваяка пакрываюць вечнай ганьбай подлага падчашага і выклікаюць пэўнае спачуванне да замучанага дзівака, які памёр у галечы ў 1756 годзе. Князь падчашы, цалкам вызваліўшыся з-пад улады Рэчы Паспалітай і адмовіўшыся плаціць падаткі на войска, як сапраўдны тыран, учыняў у сваёй дзяржаве розныя зверствы: зняць галаву або павесіць каго-небудзь дзеля задавальнення ці з-за крыўды для яго нічога не значыла. Аднойчы, калі наёмныя курляндскія афіцэры, прадбачачы за нейкія памылкі сваю пагібель, кінуліся ва ўцёкі, тыран паслаў за імі больш чым 2000 казакаў; уцекачоў, якіх дагналі ажно на іх радзіме, даставілі на месца, у Слуцк, і пакаралі. Дзікі князь, гуляючы ў паказную каралеўскую вялікасць і лютасць, без усялякіх цырымоній ганьбіў шляхту, нават заможную, бізунамі, а Незабітоўскага, кашталяна наваградскага, сенатара Рэчы Паспалітай, трымаў, пахваляючыся, на пасадзе маршалка двара і добра яму плаціў. Суайчыннікаў ён не цярпеў і з гэтай прычыны нават склаў з сябе званне харунжага, бо не меў магчымасці дэспатычна камандаваць войскамі краіны, як сваімі, і задумаў назаўсёды выехаць з бацькаўшчыны, бо баяўся, што ўсе яго ненавідзяць і пагражаюць яму смерцю, – звычайная манія тыранаў. Некалькі разоў і праўда былі выкрыты спробы атруціць князя, аднойчы ў яго стралялі на паляванні, і ён толькі цудам пазбег смерці. Княжацкая псярня налічвала тысячы смычоў, у паляваннях бралі ўдзел натоўпы паляўнічых, але просты народ стагнаў пад прыгнётам, і калі выбухнула сялянскае паўстанне ў Крычаўскім старостве, якое трымаў князь, ён паслаў туды свайго палкоўніка Пястжэцкага з войскамі і артылерыяй, якія знішчылі тысячу безабаронных сялян. Потым князь, асабіста прыехаўшы туды, учыніў над народам крывавую расправу і ўсё жыццё так выхваляўся сваім геройствам, што за мяжой, здаецца, у яго гонар адлілі нейкі помнік.

У маім архіве ёсць шмат арыгінальных лістоў князя Гераніма, якія сведчаць, што крычаўская справа была справакавана прадажнасцю княжацкага маршалка Тхужэўскага і падатковым уціскам беднага сялянства з боку дрэнна кантраляваных бязлітасных арандатараў; дык чаму княжацкая помста так люта абрушылася на гэтых няшчасных?. Сапраўды, гэта былі жахлівыя часы, калі багатыя ўласнаручна ўчынялі падобныя зверствы і злачынствы! Найгоршы сын для маці, грубы з братамі і сёстрамі і абедзюма жонкамі, распусны і забабонны дарэшты, ён, аднак, падпарадкоўваўся свайму спаведніку езуіту Рыякуру. Сёння немагчыма ўявіць, да якой ступені даходзілі бессаромнасць і авантурнасць паноў, але выбрыкі князя падчашага пераўзышлі, бадай, усё, што толькі маглі прыдумаць агідны розум і пачварнае сэрца. Вось, напрыклад, захацелася князю пагуляць у вайну, і ён будуе ў Славацінку пад Белай вялікі замак і асаджвае там свайго ўлюбёнца з тытулам караля славацінскага; потым заключае з ім дамову, быццам з нейкім сумежным манархам, нарэшце чапляецца да яго і абвяшчае фармальную вайну; нібыта непрыяцельскія войскі б"юцца, льецца кроў, славацінскі кароль узяты штурмам, зняволены, асуджаны на смерць, просіць дараваць яму, прыходзіць панскае памілаванне, вязень зноў вяртаецца ў сваю сталіцу, каб па-ранейшаму забаўляць дзікае сэрца свайго гаспадара, калі таму захочацца паўтарыць крывавую забаву ўсур"ёз… Дык ці магло, у святле такіх фактаў, не мяняцца грамадства?!.

Княжацкія ловы таксама былі гістарычныя, калі ўзяць пад увагу сапраўдную разню бедных стварэнняў. Аднойчы князь наладзіў гэткае ж відовішча для варшавян пад Вілянавам. А ў 1752 годзе ловы ў Слуцку ў гонар прыезду каралевіча Кароля пераўзышлі ўсе межы, бо там забівалі агулам розных дзікіх звяроў якіх заганялі ў звярынец, і гэта павінна было служыць забавай для шматлікіх гасцей!.. Слуцкая рэзідэнцыя князя падчашага, нягледзячы на яго скупасць, мела каралеўскія выгоды, а балеты і оперы ставіліся кожны раз у час афіцыйных фэстаў. Сёння ані следу гэтых палацаў, паркаў звярынцаў. На тым месцы, дзе калісьці панавала раскоша вяльможы, шаноўны доктар Францкевіч мае свой сціплы дом і цудоўны сад, закладзены ўласнымі рукамі; і я, гуляючы па яго сцяжынках, дарэмна шукаў што-небудзь ад былой вялікасці, апрача прыкрых успамінаў. Дадамо, што князь Геранім, лічачыся вынаходлівым гаспадаром, праславіўся заснаванай у Слуцку фабрыкай тых самых пасаў, якія шляхта паслабляла, гуляючы ў часы Сасаў… і што ён, мусіць, быў атручаны, хаця прыдворны лекар Сільдэмэнін, анатаміруючы цела, быццам бы не знайшоў атруты. Інакш сведчыць Матушэвіч, гаворачы пра надзвычайную распуснасць князя, якая і давяла юрлівага чалавека да смерці. Якое жыццё, такая і смерць. Я мог забраць сэрца падчашага ў свой збор, бо рэч гэтая валялася зняважаная і нікому не патрэбная, тым больш, што амаль адначасова вялі пошукі сэрцаў Калантая [37] і Канарскага [38] і змяшчалі сэрца Шапэна ў касцёле Святога Крыжа; аднак мне не надта хацелася звязвацца з гэткай археалагічнай знаходкай… таму ўсе зацікаўленыя асобы могуць знайсці яе ў месцы, указаным мною.

Хіба пра гэткі прытулак для свайго сэрца думаў падчашы, які раўняўся з найвялікшымі манархамі? Што за іронія лёсу! Бо цяпер гэтае заплеснявелае, напалову з"едзенае мышамі сэрца ляжыць у куце сярод неапісальнага бруду. Дык няхай задумаюцца над гэтым фанабэрыстыя і зразумеюць, якія скарбы варта збіраць людзям, каб не гінулі яны марна разам з іх дарэмнымі намаганнямі дамагчыся нікчэмнай славы!.. Але заўважым sine ira et studio[39], што, нягледзячы на сумныя прыклады пакаранай пыхлівасці, мы і сёння няшмат бачым магнатаў, якія ўсведамляюць сапраўдную мэту жыцця. Тысячы заможных людзей паміраюць, так нічога і не ахвяраваўшы на грамадскія патрэбы; перад смерцю яны даюць распараджэнне, каб іх цела было пахавана на далёкай чужыне; як некалі мылі бялізну ў Парыжы, так цяпер прывозяць адтуль цэлыя вясельныя абеды, іншыя ілюмінуюць замежныя гарады, а другія… нічога не скажу. Пачакаем, пакуль людзі апрытомнеюць паводле ўказанняў «Нячуя» [40].

Вяртаючыся да ўспамінаў пра слуцкую фару, выпадае сказаць, што нягледзячы на яе гістарычнае мінулае, якое захавалася нават у выслоўі, нідзе няма яе выявы, хаця б у дрэварыце, але ў нас ёсць фотаздымак мастацкай работы, і мы думаем распаўсюдзіць гэтую акварэль у выглядзе фатаграфічнага адбітка дзеля дабрачынных мэтаў; да таго ж з мемарыяльных рэчаў фары маюцца дошкі з лістоўніцы з наклеенымі друкаванымі лісткамі: адзін – 1632 года, іх раздавалі замест жэтонаў з нагоды асвячэння храма біскупам Слупскім; другі – 1838 года, у 50-ю гадавіну свяшчэнства славутага слуцкага пробашча, былога езуіта Станіслава Шантыра [41]. Абедзве гэтыя дошкі з"яўляюцца сёння археалагічнай рэдкасцю.

Калі ўжо мы згадалі пра Шантыра, дык трэба прывесці больш грунтоўныя звесткі пра яго, як пра чалавека ў пэўным сэнсе незвычайнага, што ў гісторыі царквы ў перыяд пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ў гісторыі Слуцка адыграў выдатную ролю.

У 1780 годзе, нягледзячы на славутую булу Клімента XIV «Dominus ас Redemptor noster» [42], калі хітры палітык рэктар Чарневіч дабіўся дазволу імператрыцы і беларускага біскупа Сестранцэвіча на адкрыццё навіцыяту езуітаў у Полацку, у гэты ордэн паваліла самая здольная моладзь, а сярод іншых у навіцыят уступіў і Шантыр – сын земскага суддзі ў Полацкім павеце, прыгожы малады чалавек, адораны красамоўствам, вельмі жывым, хітрым розумам, моцнай воляй, нязломным, гордым і смелым характарам. Езуіты за кардонам, з"яўляючыся дзіўным выключэннем, былі абавязаны сваім існаваннем тут толькі незвычайным абставінам, якія, аднак, не маглі цалкам заспакоіць далікатнае сумленне.

Старэйшыя і больш спрактыкаваныя ў сафістычным жангліраванні айцы супакойвалі тых, хто вагаўся, гаворачы, што була, якая скасавала іх ордэн, у Расійскай дзяржаве не была абвешчана законам, дык яны могуць пра яе не ведаць, а таму не варта хвалявацца і пакутаваць дакорамі сумлення. Такая абмежаванасць поглядаў беларускіх езуітаў існавала да 1783 года, але якраз у гэты час нунцый Аркеці, які па дарозе ў Пецярбург завітаў у Оршу і Віцебск, асабіста папракнуў ордэн у неправавернасці і непаслушэнстве рымскай сталіцы, што таксама абудзіла пачуццё абавязку, і манахі пачалі масава пакідаць кляштарныя муры, разыходзячыся па свеце. У іх ліку быў і Шантыр, бо, як ён сам гаварыў, «не мог перанесці чарвячка баязлівага сумлення…» (!), а стаўшы свецкім ксяндзом, ён, здольны і спрытны, шчасліва пасоўваўся вышэй па іерархічных прыступках. Неўзабаве мы ўбачым яго канонікам смаленскім і магілёўскім, а пазней адзін выпадак узнясе яго яшчэ вышэй.

Вядома, што мітрапаліт Сестранцэвіч, страціўшы ў выніку спрытнай інтрыгі славутага Грубера, пазней генерала езуітаў, давер імператара Паўла, быў адхілены ад усіх пасад, пэўны час жыў самотна наводшыбе і толькі ў 1801 годзе, памілаваны імператарам Аляксандрам, вярнуўся на сваю пасаду. I вось з гэтай нагоды, не памятаючы сябе ад радасці, ён перад ад"ездам у сталіцу наладзіў у Магілёве каралеўскі банкет. Тады яго братавая, жонка шамбяляна, жанчына нястрыманая і грубая, якая кіравала домам і самім мітрапалітам, у прысутнасці сабраных іерархаў учыніла скандальную сцэну, абразлівую для годнасці мітрапаліта, і толькі дзякуючы цвярозым і тактоўным паводзінам Шантыра, авантура скончылася для гаспадара не так ганебна. Сестранцэвіч не забыў гэтую паслугу: наблізіўшы Шантыра да сябе, ён зрабіў яго кіраўніком сваёй канцылярыі. Шантыр, які меў тады значную вагу сярод беларускай іерархіі, атрымаўшы нарэшце ступень прэлата, увайшоў у Духоўную калегію. Гэта быў кульмінацыйны момант у кар"еры Шантыра і ў яго сяброўстве з Сестранцэвічам, бо з гэтага часу і ажно да самай смерці яны заставаліся заклятымі ворагамі. Мітрапаліт, не маючы пастырскіх здольнасцяў, не звяртаючы ўвагі на каноны і імкнучыся да абсалютнай улады, у 1805 годзе падаў міністру юстыцыі Лапухіну праект рэфармавання духоўнай іерархіі, што вельмі занепакоіла членаў Калегіі, і яны пачалі шукаць спосабы, каб прадухіліць намеры свайго кіраўніка. Тут упершыню на арэну барацьбы выходзіць Шантыр, бо калі ўсе, хаця і абураныя ўчынкам Сестранцэвіча, умылі рукі, ён адзін, не спалохаўшыся, звярнуўся да імператара з прашэннем, складзеным настолькі выдатна, што манарх адразу ж загадаў адклікаць праект мітрапаліта. Гэта быў адважны крок Шантыра, які добра ведаў помслівасць Сестранцэвіча. I помсту ягоную не давялося доўга чакаць. У хуткім часе Шантыр быў выдалены з Калегіі і пазбаўлены ўсіх бенефіцыяў. У 1808 годзе яго выслалі ў Віленскую дыяцэзію, дзе пакінулі яму толькі адну сціплую Мілейчыцкую парафію. Але і там Шантыра знайшла няміласць Сестранцэвіча, які абвінаваціў яго ў тым, што ён – кавалер польскага ордэна св. Станіслава, рабіў яму яшчэ іншыя прыкрасці. Апалогія Шантыра, якая хадзіла не толькі па краі, але, перакладзеная на замежныя мовы, чыталася і ўхвалялася за мяжой, брала мітрапаліта за жывое. Таму яго ўлюбёнец ксёндз Сярпінскі, чалавек прымітыўны, выступіў з пярэчаннем, якое, аднак, зрабіла адваротнае ўражанне і здабыло Шантыру яшчэ большую славу. Вось чаму ў 1811 годзе, калі пасля смерці біскупа Адынца вызвалілася пасада кіраўніка Магілёўскага біскупства, уся Беларусь прыкладала намаганні, каб яе заняў Шантыр, але Сестранцэвіч выступіў супраць і не дазволіў гэтага. У 1815 годзе Сестранцэвіч перашкодзіў Шантыру атрымаць Слуцкую парафію ў Мінскай дыяцэзіі, і толькі пратэкцыя князя Адама Чартарыйскага [43] дапамагла яму застацца пры слуцкай фары. У 1816 годзе Віленскі універсітэт, які надаў Шантыру ступень доктара права, хацеў абраць яго сваім ганаровым членам; аднак Сестранцэвіч і тут становіцца на ягоным шляху і пратэстуе пад надуманай прычынай; таму Шантыр быў вымушаны шукаць падтрымкі ва ўплывовага на той час графа Разумоўскага, які, адхіліўшы данос мітрапаліта, пакінуў ІІІантыру вучоную ступень і зацвердзіў яе. Усё гэта адбывалася не без пэўных намаганняў; энергічны палітык з вялікімі сувязямі, Шантыр заўсёды ўмеў знаходзіць для сябе шляхі паратунку, кампраметуючы гэтым свайго помслівага кіраўніка.

Гэта была бурная натура, прагная да барацьбы, амбітная і рухавая; сляпы вернік, Шантыр быў рэдкай з"явай у тыя часы вальнадумства. Рашучы касмапаліт, ён не паддаваўся ні на якія ўгаворы, калі справа тычылася веры, і тады кожны сродак здаваўся яму добрым… Усе тагачасныя пытанні, што закраналі веру, ён прымаў блізка да душы. Не зважаючы на пагрозы, Шантыр зацята змагаўся словам і пяром з масонамі і Біблейскім таварыствам, замахваўся на віленскіх філаматаў і філарэтаў, называючы іх «шайкай» і сцвярджаючы, што «вастрыё хрысціянскай навукі павінна высечы гэта»… даваў своечасовыя энергічныя парады апошняму генералу езуітаў Бжазоўскаму, каб ён, не чакаючы вынікаў і па сваім службовым абавязку пакараў тых залішне руплівых ксяндзоў, якія ў сталіцы адвярнулі некаторых асоб ад пануючага веравызнання, і каб гэтым выратаваў ордэн ад скасавання. Шантыр нападаў на ліберальную універсітэцкую рэформу Чартарыйскага і ідэі Гераніма Страйноўскага [44]; вёў судовы працэс з кальвіністамі за нібыта сваю паству, а гучная справа нейкага Калантая нарабіла шмат шуму і прынесла Шантыру непрыемнасці, бо Сестранцэвіч прыняў у ёй удзел, дазволіўшы Калантаю застацца ў веры сваёй маці-пратэстанткі. Сапраўды, празэлітычная гарачнасць Шантыра аказвала на грамадскасць Слуцка надзвычайны ўплыў. Маючы шырокія сувязі і прынцыпова не церпячы кальвіністаў і варагуючы з Сестранцэвічам, ён дапякаў ім наўпрост і ўскосна так моцна, што ўрэшце дайшло да каварных спосабаў, скіраваных супраць шаноўнага Ваноўскага, з мэтай загубіць рэктара і расквітнелую ўстанову, якая заставалася пад яго кіраўніцтвам. Хаця Шантыр спрабуе ў сваім «Зборы звестак пра Касцёл і каталіцкае веравызнанне ў Расійскай імперыі» паказаць гэтую справу ў зусім іншым святле, аднак дзеля аб"ектыўнасці трэба прызнаць, што ўсё было акурат так, як мы расказваем. Бездакорнасць Ваноўскага засведчыла камісія, якую прыслалі з Вільні, а на Шантыра ляглі цёмныя падазрэнні ў жорсткасці…

Праўду кажучы, Шантыр з надзвычайнай лоўкасцю аберагаў у Слуцку аўтарытэт свайго веравызнання: самавіты, красамоўны і дабрадзейны, на яго раскошныя набажэнствы ў традыцыйнай фары збіраўся люд усіх канфесій, а бывала, у велікодны вечар ён наўмысна спяшаўся з урачыстым набажэнствам і, тройчы тэатральна выскокваючы з сярэдзіны амбона з запаленымі свечкамі, гучным голасам усклікаў на простанароднай гаворцы: «Хрыстос уваскрос!», і ўзрадаваны народ падаў на калені, а пасля ўрачыстага набажэнства разыходзіўся па хатах, гаворачы: «Навошта нам чакаць іншае набажэнства, калі ў фары Шантыр урачыста абвясціў Божае Уваскрасенне – пара разгавецца, гэта значыць, спажываць асвячонае». Іншыя святары бачылі гэта і бурчалі незадаволена, але цяжка было абвінаваціць уплывовага прэлата.

Сапернічаючы з кальвіністамі, Шантыр вырашыў весці з імі сапраўднае змаганне на культурнай глебе. Ведаючы, што кальвіністы маюць дабрачынны пансіён і прыцягваюць туды моладзь, ён склаў цудоўны праект арганізацыі ў Слуцку дабрачыннага таварыства. Падрыхтаваны статут у 1817 годзе быў ухвалены ўрадам, а сама ўстанова ўдастоена грашовых падарункаў і пахвалы манарха Аляксандра I. З гэтага часу справы таварыства пайшлі ўгару. Шантыр друкуе ў часопісе «Dzieje Dobroczynnosci», што выдаваўся ў Вільні, свае артыкулы і справаздачы, з якіх мы бачым, што ў 1823 годзе таварыству належала 90 784 рублі.

Якое вялікае было ў яго імкненне да дабрачыннасці, сведчыць той факт, што на працягу сямі гадоў толькі адзін Слуцкі павет сабраў больш за 148 000 рублёў – магчыма, асігнацыямі. На гэтыя сродкі, якімі распараджаўся так званы камітэт на чале з Шантырам, выхоўвалі бедных вучняў, заснавалі ў розных месцах павета 6 шпіталяў і 15 вясковых школак, у якіх займалася 300 вучняў; давалася матэрыяльная дапамога жабракам усіх саслоўяў, ахвярам няшчасных выпадкаў.

З гэтага пункту гледжання слуцкая ўстанова заслугоўвала самай высокай пахвалы, хаця ўзнікла яна ў выніку празэліцкага саперніцтва Шантыра.

Былі ў Шантыра і іншыя філантрапічныя ідэі, так, напрыклад, у 1818 годзе ён заснаваў ва ўладаннях слуцкай фары «шляхецкія пасяленні». Наскрозь прасякнуты ідэяй радавітасці, ён, заўважыўшы мізэрнае становішча неадукаванай, звычайна эксплуатаванай памешчыкамі дробнамаянтковай шляхты і імкнучыся дапамагчы сваім гербавым жабракам, вызначыў ім для пасяленняў два фальваркі – Келя ў Слуцкім павеце, у ваколіцы мястэчка Капыль, і Чавусы ў Бабруйскім павеце. Дзякуючы намаганням прэлата, быў зроблены абмер зямлі і разбіўка яе на ўчасткі, пабудаваны засценкі і заселены ўбогай шляхтай на вельмі спрыяльных умовах. Палажэнне склаў сам заснавальнік, забяспечыў пасяленцаў разнастайнай дапамогай, увёў абавязковае навучанне ў адчыненых школках, стварыў ашчадную касу, а адносна невялікая арэндная плата, толькі 25 злотых з валокі, уносілася выключна на карысць гэтай жа касы, прызначанай на мэты меліярацыі. Пасяленцы мелі права пастаянна карыстацца ўсімі дарамі прыроды ў вызначаных ім межах, не знішчаючы лес, рэчкі, дзічыну і г.д. Пісьмовыя кантракты складаліся на 12 гадоў і маглі быць працягнуты пасля заканчэння тэрміну ў выпадку, калі арандатары былі працавітыя і сумленныя. Уся маёмасць пераселенай шляхты дэталёва апісвалася, а рост дабрабыту пасяленцаў кантраляваўся; марнатраўства прыводзіла да выдалення пасяленца, а функцыі паліцыі заснавальнік цалкам пакінуў за сабой. У 1823 годзе ўжо было занята 18 паселішчаў, з 9 засценкаў пустымі заставаліся 7; агульная плошча іхных зямель складала б і валоку, на іх уладкаванне заснавальнік выдаткаваў з уласнай кішэні 4000 злотых. Аднак падобная арганізацыя, не маючы дазволу ўладаў, не магла развівацца, бо насяленцаў турбавалі вайсковыя пастоі і распараджэнні паліцыі. Таму Шантыр абдумваў спосабы юрыдычнага афармлення, але да гэтага не дайшло, і ўсё развалілася, перастала існаваць пасля яго смерці ў 1840 годзе. Захавалася толькі Таварыства дабрачыннасці. Аднак падзеі 1863 года самым неспрыяльным чынам адбіліся на яго існаванні, і толькі дзякуючы ініцыятыве шаноўных грамадзян Эдварда Вайніловіча, Якуба Ёдкі, Марка Узлоўскага і іншых некалькі гадоў назад яно зноў разгарнула сваю дзейнасць, да таго ж так паспяхова, што незаможная моладзь і беднякі маюць цяпер грунтоўную падтрымку. Звесткі пра ўзнаўленне дзейнасці слуцкіх дабрачынцаў мы змясцілі ў «Kraju» (гл. нумар за 1883 год); той, хто цікавіцца, можа зазірнуць туды.

Чалавек – гэта дзіўнае, загадкавае стварэнне, у душы якога перамяшаны дадатныя і адмоўныя памкненні. Такую парадаксальную дваістасць чалавечай прыроды мысліцелі заўважылі не сёння, і сапраўды, цяжка зразумець, як можна заставацца адначасова дабрадзейным і акунацца ў бездань памылак нікчэмнасці, пыхлівасці, зайздрасці, хцівасці або помслівасці, аднак якраз гэта адбываецца з нясталай чалавечай натурай, і толькі настойлівая праца над фармаваннем уласнага характару стварае Франклінаў, Крашэўскіх, Касцюшкаў. А адносна Шантыра заўважым, што якраз ён быў увасабленнем гэтай парадаксальнасці духу; прырода не пашкадавала яму ні заганаў, ні сваіх дароў. Адважны, дабрадзейны і самаахвярны дзеля ідэі, часта нясвоечасовай, ён быў неверагодна помслівы ў дачыненні да сваіх праціўнікаў, а яшчэ занадта ганарыўся сваёй выдуманай радавітасцю. Уздымаючы непатрэбны шум вакол сціплага прозвішча, ён нарэшце пачаў нават зваць сябе графам… У № 15 «Kurjera Wilenskiego» за 1817 год мы знаходзім вельмі цікавы зварот Шантыра, у якім ён заклікае сваіх цёзкаў па прозвішчы дакументальна засведчыць сваё паходжанне пад яго апекай; змест гэтага дакумента складаюць non plus ultra[45] недарэчнасці і каставае вар"яцтва, бо прэлат, цалкам пазбаўлены нацыянальнага пачуцця, з энтузіязмам ганяўся за пустой марай пра шляхецтва і пазней увекавечыў свой ідэал у надрукаваным на 21-й старонцы in folio[46], сёння рэдкім, радаводзе Шантыраў, які ў 1819 годзе быў пацверджаны дэкрэтам мінскай герольдыі. Тут, выводзячы сваё графства ад рымскага цара Анка Марцыя, ён давёў сваяцтва з многімі каралеўскімі і княжацкімі дамамі з незапамятных часоў да такой ступені, што нават імператрыцу Кацярыну II зрабіў сваёй кузінай. Гэты арыгінальны радавод звычайнага шляхціца перасягнуў усе вядомыя недарэчнасці Папроцкіх, Вялёндкаў, Курапатніцкіх, Акольскіх, Свахаў, Бабровічаў, Жыхлінскіх, але самае дзіўнае тое, што ён, такі смешны і па форме і па змесце, мог быць зацверджаны арэапагам мінскіх геральдыкаў. Вось чым былі забіты галовы нават духавенства ў смутныя часы рэакцыі! Гэта безумоўнае сведчанне глупства і каласальнай пыхлівасці ашаломленай гербам шляхты, якую найвялікшыя грамадскія няшчасці не здолелі прывесці да розуму і выбіць забабоны з гэтак дзіўна ўладкаваных мазгоў гербавых нашчадкаў… Найбольш здзіўляе такая д"ябальская пыхлівасць у святара; наша агульная каставая хвароба неяк тлумачыць гэтую псіхалагічную загадку ў Шантыра. Як бы там ні было, але Сестранцэвіч не ўпусціў і гэтай акалічнасці, каб дапячы Шантыру: па яго ініцыятыве, як пракуратара, калегія ўзбудзіла супраць Шантыра справу за змяшчэнне ў радаводзе несапраўдных звестак, і той быў вымушаны бараніцца. Шантыр, высмейваючы ў сваім «Зборы звестак пра Касцёл і каталіцкае веравызнанне ў Расійскай імперыі» Сестранцэвіча за прэтэнцыёзны тытул, які той прывык змяшчаць на выдаваных дакументах, асарамаціўся не менш, называючыся графам і пералічваючы ўсе свае тытулы.

У 1838 годзе Пшыбыльскі [47] літаграфаваў у Вільні гравюру, якая паказвала Шантыра ва ўсёй велічы і была падаравана яму членамі Таварыства дабрачыннасці з нагоды юбілею свяшчэнства; выява гэтая вельмі цікавая па сваёй задумцы і дакладна перадае сутнасць прадстаўленага на ёй ганарліўца ў сутане.

1826 год мусіў аказацца шчаслівым для Шантыра з прычыны зыходу яго найвялікшага ворага, але хаця новы мітрапаліт Цецішэўскі адразу ж высунуў яго ў кіраўнікі Мінскага біскупства, месца гэтае, нягледзячы на ўсе захады прэлата, дасталося Матэвушу Ліпскаму. Заслугі Шантыра як аўтара звязаны пераважна з напісаннем гісторыі каталіцкай царквы ў Расіі ў 1773–1827 гадах. Гэта з усіх пунктаў гледжання цікавая праца выйшла ў Познані ўжо пасля смерці аўтара і выдатна характарызуе яго клерыкальна-касмапалітычныя памкненні да знаёмства з усімі рычагамі ва ўласным грамадстве. Шантыр, выліваючы ў сваёй працы незлічоную колькасць яду на свайго праціўніка Сестранцэвіча, напэўна не думаў, што сам апынецца пад агнём слушнай крытыкі нашчадкаў. І хаця ў свой час Шантыр быў вядомай асобай, аднак сённяшнее пакаленне ведае пра яго мала, менавіта з гэтае прычыны мы, бадай упершыню, адзначылі, хаця і сцісла, найважнейшыя падрабязнасці яго публічнай дзейнасці, дадаючы ў канцы і тое, што ён знеслаўляў Касцюшку!..

Але трэба ўжо заканчваць свой аповед, бо пасля агляду мемарыяльных рэчаў фары мне не заставалася нічога іншага, як збірацца ў зваротную дарогу. Аднак апошнія хвіліны я правёў у мілым таварыстве шаноўнага пастара Бергеля, старапольская гасціннасць якога назаўсёды захаваецца ў маёй памяці. Бачачы рэдкую ветлівасць гаспадароў, мяркую, што мая асоба не зрабіла на іх прыкрага ўражання, апрача хіба выпадку, які адбыўся не па маёй віне. Бо калі мяне, стомленага экскурсіяй па горадзе, хацелі, апрача іншых прысмакаў, пачаставаць печаным рабчыкам, аказалася, што якраз у гэтую хвіліну шкоднік кот сцягнуў яго з кухні. Той, хто ведае амбітнасць нашых жанчын у справах гасціннасці, лёгка зразумее, якой непрыемнай аказалася для шаноўнай гаспадыні гэта неспадзяванка з рабчыкам; аднак у кулінарным мастацтве мне прадэманстравалі надзвычайнае ўмельства, падаўшы на стол запечанае кураня, якое яшчэ чвэрць гадзіны назад, жвавае і шчаслівае, лётала на падворку. Беднае кураня! Усё на свеце мае свой канец. Вось і мы, поўныя ўражанняў ад гасціннасці, што нас напаткала, і агледзін гістарычнага горада, рушылі ў зваротны шлях. На дварэ ўжо стаяў ціхі і цёплы вечар, сонца даверыла свае апошнія промні лёгкім аблокам, што плылі над гарызонтам; «вечарніцы», афарбаваўшы іх у ружовы колер, зіхацелі ў паўночна-ўсходняй частцы небасхілу. Нашы коні, пакаштаваўшы гарадской дыеты і прадчуваючы вяртанне да дамашніх, больш шчодрых ясляў, ахвотна імчаліся па невыносным бруку, і як толькі мы мінавалі апошнюю вуліцу Капыльскую, свежае, чыстае паветра, нібыта бальзам, напоўніла лёгкія, ужо крыху нават змучаныя двухдзённым удыханнем слуцкіх выпарэнняў. О, тутэйшага бруду мы ніколі не забудзем, бо такія рэчы моцна ўражваюць жыхара вёскі, які прывык да сціплай чысціні…

Мае дзяўчаткі, шмат бегаючы па мястэчку, відавочна адчувалі стомленасць, бо размова, спачатку ажыўленая, паступова заціхала. Пэўна, выгоднае сядзенне схіляла да адпачынку і, пачынаючы ад Сёлка, я заўважыў, як сяброўка маёй дачкі, блукаючы позіркам па ахутаных вячэрнім змрокам прадметах, апусціла нарэшце вочкі і заснула, а за яе прыкладам пачала драмаць і мая дзяўчына. Цяпер у брычцы ўжо стаяла мёртвая цішыня. Я, сеўшы на козлы, трымаў паміж ног цяжкі лістоўнічы абрубак са слуцкай фары, а дурнаваты вазніца ніяк не мог надзівіцца на гэта, наіўна паўтараючы, навошта ж я цягаю за сабой старое палена, быццам свайго лесу не хапае. Я смяяўся. Начная пара ў лесе звычайна спрыяе падарожжу, таму мы ехалі хутка і так удала, як, бадай, ніколі. Я таксама паціху драмаў на козлах, па-жаўнерску, бо ў маладосці паспрабаваў гэтага занятку, затое наш фурман спаў бестурботна, міжвольна даверыўшы павозку выключна кемлівасці ўпрэжаных у яе стварэнняў. Аднак нічога не здарылася. Летняя ноч кароткая, неба на ўсходзе зарумянілася, зоркі на небе пачалі гаснуць, прырода зноў абуджалася да жыцця; жаваранак, пільная птушка, першы зацягнуў ранішнюю песеньку, зашчабятала іншае птаства, а велічны арол плыў высока над борам, вышукваючы для сябе корм; сям-там дбайныя пастухі ўжо гналі статкі на палі; рэха паўтарала ў лясных прасторах гукі іх зычнай трубы і брэх сабак, рык жывёлы, якая спяшалася на пакрытыя шчодрай расой пашы.

А дзяўчаты маляўніча спалі ў глыбіні сядзення, прытуліўшыся адна да адной, як дзве белыя коткі, не чуючы нават грукату брычкі; але ў гэты момант першыя промні цудоўнага сонейка, прабіўшыся скрозь дрэвы, бліснулі ў самыя вочы, і яны, усміхаючыся, абудзіліся; адразу зрабілася шумна, мы зноў былі ў Пярэшаве. Пасля кароткага адпачынку рэшта дарогі ўжо не падалася нам доўгай, бо мы, весела размаўляючы і складаючы план справаздачы пра наша падарожжа, рана, яшчэ задоўга да паўдня, апынуліся ў доме, у гэтым прытулку, дзе сярод блізкіх і родных пенатаў чвэрць стагоддзя з лішкам праляцелі, нібыта адзін дзень! Сапраўды, сёння асабліва сто разоў блаславёны і дарагі той прыстанак, да якога можна шчасліва вяртацца ў любую пару і вітаць дарагіх сэрцу істотаў, якія плацяць у адказ бязмежнай любоўю! Хто зведаў такое шчасце, той можа ў цішыні па-філасофску задаволіцца тым, што мае, і не сумаваць пра бліскучыя забаўкі вялікага свету.

 

Пісаў у Замосці, 20 снежня 1883 года


 

[24] Эстрайхер Кароль Юзаф (1827–1908) – польскі бібліёграф, гісторык літаратуры і мастацтва.

[25] Лышчынскі Казімір (1634–1689) – беларускі мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог.

[26 Па ўласным жаданні (лац.).

[27] Вітвіцкі Ян Станіслаў (каля 1630–1698) – сакратар караля Яна Казіміра, біскуп кіеўскі (1679), луцкі (1682), пазнанскі (1687).

[28] Маліноўскі Мікалай (1799–1865) – гісторык, выдавец, прымаў удзел у выданні «Крыніц да гісторыі Польшчы», «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага…

[29] Ярашэвіч Юзаф (1793–1860) – гісторык, этнограф, юрыст, прафесар Віленскага універсітэта.

[30] Сіротка – Радзівіл Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка, 1549–1616) – князь, маршалак надворны ВКЛ (1569), маршалак вялікі ВКЛ (1579), ваявода трокскі (1590), віленскі (1604), пісьменнік.

[31 Канфедэрацыя 1767 года – створана была ў Торуні і Слуцку, абвясціла сябе абаронцам правоў палітычных дысідэнтаў; стваралася пры падтрымцы Кацярыны II.

[32] Грабоўскі Ян Юры (? – 1789) – генерал войск ВКЛ (1756), маршалак канфедэрацыі слуцкай, прыхільнік Станіслава Аўгуста, жаніўся з яго любоўніцай.

[33] …загінуў на Празе ў 1794 годзе… – У час штурму сувораўскімі войскамі прадмесця Варшавы Прагі.

[34] Нямцэвіч Урсын Юльян (1758–1841) – пісьменнік і публіцыст, палітычны дзеяч, сакратар Т. Касцюшкі ў 1794, аўтар успамінаў «Мемуары часоў маіх». Родам з Брэстчыны.

[35] Пачатак лацінскай прымаўкі, якая азначае «Часы мяняюцца, і мы мяняемся з імі».

[36] Матушэвіч Марцін (1714–1773) – дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, паэт, перакладчык, пісьменнік-мемуарыст, аўтар успамінаў з гадоў 1714–1765 (т. 1–4, 1876).

[37] Калантай Гуга (1750–1812) – палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст, ідэолаг эпохі польскага Асветніцтва, рэфарматар і рэктар Кракаўскай акадэміі (1783–1786), адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 Мая, прапагандаваў ідэю вызвалення сялян з прыгону.

[38] Канарскі – было шмат гістарычных дзеячаў з прозвішчам Канарскі.

[39] Без гневу і заўзятасці (лац.).

[40] Нячуй-Лявіцкі Іван Сямёнавіч (1838–1918) – украінскі пісьменнік.

[41] Шантыр Урсын Станіслаў (1764 – пасля 1846) – езуіт, гісторык касцёла, каталіцкі рэлігійны дзеяч.

[42] Пан (Бог) як выратавальнік наш (лац.).

[43] Чартарыйскі Адам Ежы (1770–1861) – князь, рускі і польскі дзяржаўны дзеяч, прыбліжаны цара Аляксандра І, прымаў удзел у падрыхтоўцы палітычных рэформ у Расіі, куратар Віленскай навуковай акругі (1803–1824), займаўся справамі асветы, пасля паўстання 1830–1831 – на эміграцыі ў Францыі.

[44] Страйноўскі Геранім (1752–1815) – біскуп віленскі, рэктар Віленскай акадэміі (універсітэта, 1799–1806).

[45] Далей няма куды (лац.).

[46] Вялікага фармату (лац.).

[47] Пшыбыльскі Мацей (1794–1867) – літограф, жывапісец, настаўнік гімназіі ў Вільні (1825), арандатар і кіраўнік літаграфічнай установы пры Віленскім універсітэце, ад 1832 – пры Медыка-хірургічнай акадэміі.


 

Публікуецца па выданні Ельскі, А. Выбранае.
- Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004

Тэкст падрыхтавалі:
Анатоль ЖУК і Уладзімір ХВОРАЎ


 

Читать Часть I
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1379. Последнее 2019-12-10 04:18:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru