СЛУЦК, 1937-ы... Часть 3

Расстраляць… Бо быў патрыётам   

А вось яшчэ адзін трагічны лёс. Апанас Фёдаравіч Анташэўскі нарадзіўся ў Слуцку 18 студзеня 1887 года. Скончыў Слуцкае гарадское вучылішча, вучыўся ў педагагічным інстытуце,настаўнічаў. З пачаткам імперыялістычнай вайны пайшоў на фронт, быў салдатам, прапаршчыкам. Як служыў наш зямляк, сведчыць яго службовая атэстацыя, падпісаная ў 1916 годзе начальнікам 115-й брыгады Дзяржаўнага апалчэння генерал-маёрам Янковічам: «За два гады службы Апанас Анташэўскі быў выдатнейшым таварышам афіцэрства. Як чалавек ва ўсіх адносінах ідэальна просты, узорна сціплы, дабрак душой. Як афіцэр ісцінна працалюбівы, бездакорна чэсны, добры выканаўца, умела спраўляецца з любым службовым абавязкам, гарыць непадробным патрыятызмам і ўсімі сіламі імкнецца быць карысным сынам Радзімы, за што карыстаецца любоўю і павагай начальства, таварышаў і падначаленых. У бытнасць сваю камандзірам 3-й роты выказаў шмат шчырага клопату аб падначаленых яму ніжніх чынах, з"яўляючыся ім справядлівым, разумна патрабавальным і горача іх любячым начальнікам, добра вывучыўшым быт, норавы і душы кожнага салдата; у гаспадарцы таленавіты практык-арганізатар: кемлівы, разважны і беражлівы. Будучы малодшым афіцэрам і выконваючы ўскладваемыя на яго мной і вышэйшым начальствам разнастайныя абавязкі службы і даручэнні, заўсёды выконваў іх талкова, добрасумленна і акуратна, таму і атэстоўваю яго, Анташэўскага, як выдатнага афіцэра, якому ўсё можна даручыць, даверыць і ва ўсім на яго пакласціся».
Не будзем забываць, што ішла вайна, на якую вялікія і малыя начальнікі часта спісвалі недахопы ў сваёй службовай дзейнасці або хібы ў характары і паводзінах. Ды не такім аказаўся А.Ф. Анташэўскі. Пасля вайны ён працягваў вучобу, служыў у Чырвонай Арміі, змагаўся супраць белапольскіх акупантаў. Затым – праца ў пастаянным прадстаўніцтве Савета Народных Камісараў БССР пры Саўнаркаме СССР у Маскве, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, а з 1934 года – упаўнаважаным Камітэта нарыхтовак СНК БССР у Капыльскім раёне.
Аднак летам 1937 года яго арыштавалі як «ворага народа» і змясцілі ў слуцкую турму НКУС. У пастанове ад 10 чэрвеня начальнік чацвёртага аддзялення Слуцкага акруговага аддзела Народнага камісарыята ўнутраных спраў БССР малодшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі Шляпентох «найшоў, што Анташэўскі А.Ф. у перыяд белапольскай акупацыі дэзерціраваў з РСЧА , меў цесную сувязь з прадстаўнікамі Беларускай рады..., з"яўляўся членам контррэвалюцыйнай арганізацыі «Маладая Беларусь»... Увесь час падтрымліваў цесную сувязь з членамі к-р  арганізацыі, як Жылуновіч  і інш. Праводзіў шкодніцкую работу...».
На гэтым дакуменце, акрамя Шляпентоха, падпісаліся начальнік Слуцкага акруговага аддзела НКУС Озераў і выконваючы абавязкі пракурора Слуцкай акругі Кавалёў. Усё – лёс чалавека быў вырашаны. Хоць ні ў адным дакуменце нельга знайсці канкрэтных фактаў, якія б сведчылі аб «шкодніцкай дзейнасці» А.Ф. Анташэўскага. У абвінаваўчым заключэнні чытаем: «...будучы афіцэрам старой царскай арміі, атрымаў характарыстыку як яры патрыёт радзімы і выдатны афіцэр».
Хіба ж гэта не абсурд: чалавека абвінавачваюць у тым, што выдатна спраўляўся са службовымі абавязкамі, быў патрыётам сваёй Радзімы, якая да таго ж змагалася, калі помніце, з кайзераўскай Германіяй. Набор такіх жа «сур"ёзных фактаў» пададзены на дзвюх старонках абвінаваўчага заключэння. Арыштаванаму прыпомнілі нават тое, што яшчэ студэнтам Мінскага педагагічнага інстытута выступаў за перавод інстытута з Расійскай Федэрацыі ў Мінск, і тое, што захоўваў рэвальвер, які, дарэчы, дазваляўся яму па пасадзе, і тое, што ў 1932 годзе «белнацфашыстам пісьменнікам Чаротам-Кудзелка  (асуджан) быў завербаваны на ш/п  работу». Але ў чым заключаўся «шпіянаж», каму і якія сакрэтныя звесткі перадаваў «шпіён» Анташэўскі, якую контррэвалюцыйную работу праводзіў? Пытанні, пытанні, пытанні... Аднак не шукайце адказы на іх у абвінаваўчых дакументах, бо гэта марная справа. Нельга знайсці тое, чаго няма, абвінавачванне нічым канкрэтным не пацвярджалася.
Следчая справа А.Ф. Анташэўскага 28 лістапада 1937 года была пададзена на разгляд народнага камісара ўнутраных спраў СССР генеральнага камісара дзяржаўнай бяспекі Яжова. А 17 снежня пратакол № 573 пасяджэння камісіі НКУС і пракурора СССР засведчыў вельмі лаканічна: «Слухалі – Анташэўскі Апанас Фёдаравіч; пастанавілі – расстраляць». На дакуменце ёсць прыпіска: рашэнне выканана 21 студзеня 1938 года. А дзе? Пра гэта ў дакуменце – ні слова. Прайшло больш за паўстагоддзя, пакуль справа была перагледжана і Апанас Фёдаравіч Анташэўскі пасмяротна рэабілітаваны. Але хто скажа, дзе знайшоў вечны спачын патрыёт, сумленны чалавек?                            
Неяк у рэдакцыю газеты «Слуцкі край» прыйшло пісьмо з расійскага горада Ліпецка, якое пачыналася такімі словамі: «Дорогая редакция, милые журналисты! Ради Бога, если это в ваших возможностях, помогите узнать любые данные из жизни моего отца Антошевского Афанасия Фёдоровича…». Пісьмо прыслаў сын рэпрэсіраванага Кім Апанасавіч Анташэўскі. Ён і яго брат Спартак на сабе зведалі, як жыць з кляймом «дзеці ворага народа». Але хоць і выраслі без бацькі, яны не пайшлі па коўзкім шляху, сумленна жылі і працавалі. Кім закончыў Батайскую ваенна-авіяцыйную школу лётчыкаў. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі ў складзе 322-й Мінскай знішчальнай авіяцыйнай дывізіі. Быў цяжка паранены, узнагароджаны трыма ордэнамі і шматлікімі медалямі. Спартак прайшоў вайну пехацінцам, двойчы паранены, зараз жыве ў Маскве. Усё жыццё, піша Кім Апанасавіч, «мы верили, что справедливость будет восстановлена, что память о невинных жертвах репрессий, имена и дела их, в том числе и нашего отца, не будут забыты в родной нашей Беларуси».
Сталінскі «меч» даставаў случчан не толькі ў Слуцку ці Капылі, але і намнога далей, бывала, што за сотні і тысячы кіламетраў ад родных мясцін. Напрыклад, у Віцебску і Ленінградзе, як Пятра Іванавіча Трафімовіча і братоў Яўхіма Кандратавіча і Мікіту Кандратавіча Лагуноў з вёскі Дальнія Бандары. На ўскрайку яе ўтульна прытулілася хата Мікалая Дзямідавіча і Антаніны Пятроўны Васілевічаў. Да іх я і завітаў, каб што-небудзь даведацца пра падзеі 1930-х гадоў, балазе П.І. Трафімовіч – бацька Антаніны Пятроўны.
– Жылі мы на адным з хутароў, жыхары якіх пазней і заснавалі вёску Дальнія Бандары, – успомніла Антаніна Пятроўна. – У пачатку 1930 года бацьку як «кулацкага элемента» выслалі, ніякіх вестак ад яго мы не атрымлівалі. Малады бацька быў, 1905 года нараджэння. Не перадаць словамі нашу радасць, калі неяк позна вечарам 1932 года бацька нечакана з"явіўся ў хаце. «Тата, татачка вярнуўся!» – кінулася я да яго. Ён абняў мяне, патрымаў на руках, а потым і кажа: «Памёр твой татка, чуеш, дачушка, памёр». Тады я не зразумела, чаму ён так сказаў, усяго чатыры гады мне было, але бацькавы словы ўрэзаліся ў памяць на ўсё жыццё…
Намнога пазней Антаніна Пятроўна даведалася, што бацьку ледзь не цудам удалося ўцячы з месца высылкі. Ён разумеў, што яго будуць шукаць, і ў першую чаргу – у роднай вёсцы, але не ўтрымаўся, рызыкнуў пабачыцца с сям"ёй. А каб маленькая дачка нікому не прагаварылася, што ён быў дома, і сказаў ёй тыя страшныя словы, якія некалькі разоў паўтарала дачцэ і маці. Колькі часу Пётр Іванавіч хаваўся, а потым з вялікімі цяжкасцямі дабраўся да Ленінграда. Думаў там уладкавацца, а потым забраць да сябе і сям"ю.
Антаніна Пятроўна працягвала свае не вельмі радасныя ўспаміны:
– Нікому не пажадаю таго, што было з намі, сям"ёй раскулачанага. Неўзабаве нас выселілі з хаты, жылі дзе папала. Маму на працу ў калгас не бралі, давялося ёй хадзіць на чыгунку грузіць дровы. А што ж было рабіць, за што жыць? Хату, якую ў нас адабралі, перарабілі пад склад, куды ссыпалі збожжа. Ужо пасля вайны мы яе выкупілі ў калгаса,за сваё яшчэ і грошы плаціць давялося.
А Пятру Іванавічу затрымацца надоўга ў Ленінградзе не ўдалося, прыйшлося шукаць прытулак у іншым месцы. Пераехаў у Віцебск, уладкаваўся працаваць на вапнавым заводзе, быў брыгадзірам па вывазцы торфу. Але і тут не пашчасціла спакойна пажыць, а неўзабаве згінула апошняя надзея на сустрэчу з сям"ёй. П.І. Трафімовіча арыштавалі 22 лютага 1937 года, а праз месяц па этапу адправілі ў Ленінград. Прыкладна ў гэты ж час арыштавалі ў Ленінградскай вобласці Я.К. Лагуна і М.К. Лагуна.
– Сем"і братоў Лагуноў жылі ў адной хаце. Гаспадарка ў іх была добрая, трымалі некалькі кароў, іншую жыўнасць мелі, але ж і працавалі людзі, як кажуць, дай Бог, – дапоўніў жончыны ўспаміны Мікалай Дзямідавіч. – Здаецца, у 1929 годзе іх раскулачылі. Жанчын з дзецьмі выслалі ў Котлас , а мужчын – некуды ў іншае месца. Але да 1937 года ім неяк удалося ўладкавацца ў Ленінградскай вобласці. Яўхім працаваў цесляром у калгасе, а Мікіта, калі не падводзіць памяць, быў дырэктарам саўгаса...
Паўгода арыштаваных трымалі пад следствам: допыты, вочныя стаўкі, зноў допыты, турэмныя камеры – канвеер працаваў амаль бесперапынна. Усіх траіх абвінавачвалі ў найцяжэйшых злачынствах. Вось радкі з дакументаў па справе П.І. Трафімовіча: «... з"яўляючыся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі, сістэматычна праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю, поўнасцю падзяляў тэрарыстычныя ўстаноўкі, ухваляў падрыхтоўку тэрактаў над Сталіным і Жданавым.» З матэрыялаў следства вынікала, што адным з самых актыўных удзельнікаў контррэвалюцыйнай арганізацыі быў Яўхім Кандратавіч Лагун. Яго абвінавацілі ў тым, што прапанаваў «членам арганізацыі асабіста ажыццявіць тэракт», гэта значыць,ён узяўся асабіста забіць Сталіна.
З такім абвінавачваннем на літасць не было чаго і разлічваць. У адзін і той жа дзень «тэрарыстаў» з Бандароў прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. А затым у адзін і той жа дзень, 4 верасня 1937 года, іх расстралялі ў Ленінградзе.
– Калі мы даведаліся, што бацьку арыштавалі, маці адразу паехала ў Віцебск. Думала пабачыцца з ім, перадаць што-небудзь. Але куды ні звярталася, ніхто нічога нават гаварыць не хацеў. Так ні з чым і вярнулася дадому. Пра лёс бацькі мы доўгі час нічога не ведалі, пакуль не атрымалі вось гэту паперу.
Антаніна Пятроўна беражліва дастала і паказала ліст з упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Ленінградскай вобласці, які яна атрымала ў адказ на свой запыт. Аказваецца, яшчэ ў красавіку 1957 года ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР перагледзела справу П.І. Трафімовіча і зрабіла адназначны вывад, што абвінавачванне яго ў тэрарызме было сфабрыкавана, не пацвярджалася аб"ектыўнымі фактамі. Рашэннем калегіі Пётр Іванавіч Трафімовіч пасмяротна рэабілітаваны. У тым жа годзе ў судовым парадку пацверджана неабгрунтаванасць абвінавачванняў братоў Яўхіма Кандратавіча і Мікіты Кандратавіча Лагуноў, якія таксама рэабілітаваны пасмяротна. Вось так і былі загублены жыцці маладых людзей, якія ні тэрорам, ні варожай контррэвалюцыйнай дзейнасцю не займаліся, а сталі бязвіннымі ахвярамі беззаконня і рэпрэсій.
Аднак ленінградская тэма не абмяжоўваецца названымі прозвішчамі жыхароў Дальніх Бандароў. У верасні 1937 года ў Ленінградзе расстраляны ўраджэнцы Случчыны: аграном абласной планавай камісіі Рыгор Акімавіч Калядка; ветэрынарныя ўрачы Пракоп Цімафеевіч Герасімовіч, Аляксандр Цімафеевіч Пацыкалік, Максім Пракопавіч Трафімовіч; настаўнікі Васіль Паўлавіч Трафімовіч і Сямён Паўлавіч Трафімовіч; навучэнец гідратэхнічнага тэхнікума Іван Гаўрылавіч Ігнатовіч; слесар завода «Рускі дызель» Іван Якімавіч Чыж; брыгадзір садаводства пры доме адпачынку работнікаў мастацтва на станцыі Сіверская Гаўрыла Пракопавіч Курдзюк-Ігнатовіч; адказны парт-кантралёр упаўнаважанага Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) па Ленінградскай вобласці Міхаіл Уладзіміравіч Чыж,студэнт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта дваццацігадовы Пракоп Мацвеевіч Трафімовіч.
Яшчэ аднаго нашага земляка – Якава Яфімавіча Барысаўца (ураджэнец хутара Чэрнева ) рэпрэсіі дасталі за тысячы кіламетраў ад родных мясцін. Пасля заканчэння курсаў ветэрынарных урачоў у Арэнбургу яго накіравалі на работу ў Іткульскі саўгас Новасібірскай вобласці. Тамтэйшая газета пісала: «У справе захавання пагалоўя вялікую дапамогу аказаў старшы ветурач саўгаса Якаў Яфімавіч Барысавец, які сваёй любоўю да справы, з дапамогай лепшых цялятніц і брыгадзіраў выратаваў не адну сотню цялят». Добрая работа спецыяліста неаднаразова адзначалася кіраўніцтвам саўгаса.
Але службовыя поспехі не выратавалі (успомнілі раней згаданую «тэорыю» Сталіна?), і 9 снежня Я.Я. Барысаўца арыштавалі. Успамінае яго дачка, жыхарка нашага горада Людміла Якаўлеўна Барысавец:
– Мы верылі, што бацька ні ў чым не вінаваты, што ў памылцы хутка разбяруцца. Ішоў час, але ад яго не было ніякіх вестак. У 1947 годзе я паспрабавала даведацца пра бацькаў лёс. Адказалі, што яго асудзілі на дзесяць гадоў, адбывае пакаранне, хутка вернецца. Узрадаваліся мы, але дарэмна: гэта быў падман,які паўтараўся і пазней. І толькі ў канцы 1980-х гадоў высветлілася, што бацьку расстралялі яшчэ ў 1938 годзе, а нам проста хлусілі. Бацьку пасмяротна рэабілітавалі ў 1959 годзе...

Читать далее