СЛУЦК, 1937-ы... Часть 4

Галоўная задача – «выкрываць і выкарчоўваць»

У канцы чэрвеня-пачатку ліпеня ў раёне праходзіла падпіска на папазыку ўмацавання абароны Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. «Праўда на рубяжы» не абышла ўвагай такое важнае мерапрыемства. У адным з газетных матэрыялаў гаварылася: «З вялікай радасцю сустрэлі калгаснікі сельгасарцелі «Прамень камуны» Сераднякоўскага сельсавета дэкрэт урада аб выпуску пазыкі. Адразу ж пасля мітынга ў другой брыгадзе (брыгадзір Ражанец Несцер) разгарнулася падпіска. За некалькі гадзін усе 43 калгаснікі гэтай брыгады падпісаліся на суму 1 360 рублёў». Такія ж паведамленні аб паспяховай падпісцы на пазыку паступалі і з іншых калектываў. У сельскагаспадарчай арцелі «Ударнік» 156 чалавек падпісаліся на 13 070 рублёў, работнікі раённага фінансавага аддзела – на 5 425 рублёў, служачыя венералагічнага дыспансэра – на 2 280 рублёў. Неўзабаве пачалася ўборка ўраджаю сельскагаспадарчых культур. І хоць газета часта паведамляла аб добрай рабоце асобных калгаснікаў, некаторых працоўных калектываў, у цэлым па акрузе жніво вялося нездавальняюча. Савет Народных Камісараў БССР і ЦК КП(б)Б прынялі спецыяльную пастанову «Аб ходзе ўборкі ўраджаю 1937 года па Слуцкай і Мазырскай акругах». У пастанове адзначаліся нізкія тэмпы ўборачных работ, дрэннае выкарыстанне тэхнікі, яе шматлікія прастоі па розных прычынах, вялікія страты ўраджаю. Не меншала праблем і ў іншых галінах гаспадаркі. Напрыклад, «заводы керамічнай прамысловасці закончылі першае паўгоддзе з недавыкананнем прамфінплана». Але якога-небудзь сур"ёзнага аналізу становішча спраў, вызначэння шляхоў іх паляпшэння не было. Навошта? Прычына была вядома і так: «паследствы шкодніцтва». Таму галоўнай задачай вызначалася не арганізацыя больш эфектыўнай работы, а «павышэнне рэвалюцыйнай пільнасці, разаблачэнне і выкарчоўванне тройчы заклятых ворагаў народа, шкоднікаў, дыверсантаў, шпіёнаў германа-японскага і польскага фашызму – трацкістаў, бухарынцаў і іншых лютых ворагаў народа, верных сабак фашызму...».
Разаблачаць – дык разаблачаць, пастанову органаў улады трэба выконваць, нікуды не дзенешся. Тыповым прыкладам выкрыцця «шкоднікаў» можна назваць артыкул «На электрастанцыі арудуюць ворагі», змешчаны ў «Праўдзе на рубяжы» за 18 жніўня. Чытаем: «Заклятыя ворагі народа – польска-германскія шпіёны, якія арудавалі ў нашай акрузе, вялі шкодніцкую работу, каб сарваць будаўніцтва Слуцкай электрастанцыі. Зараз усё гэта дае сябе адчуваць. Фундамент пад катламі даў асадку. Дырэкцыя і інжынерна-тэхнічны персанал павінны былі мабілізавацца самі і мабілізаваць рабочы калектыў на ліквідацыю паследстваў шкодніцтва. Аднак нічога не зроблена. Старшы інжынер Купрыянаў, інжынер Касцянок бяздзейнічаюць. Аварыі на электрастанцыі – па-ранейшаму частая з"ява. Барацьба з віноўнікамі аварый не вядзецца. Прычыны стануць яснымі тады, калі прыгледзецца да людзей, якія кіруюць электрастанцыяй. Дырэктар Ягораў – стаўленік ворагаў народа. Яго накіравалі ў Слуцк з адной мэтай – шкодзіць. Трэба неадкладна ачысціць электрастанцыю ад ворагаў і шкоднікаў».
У чарговым нумары газеты – яшчэ адзін матэрыял на «выкрывальніцкую» тэму: «Па прамому ўказанню іншаземных генштабоў агенты германа-польскага фашызму, шпіёны і дыверсанты распаўсюджваюць у калгасах розныя заразныя хваробы. Яны не абмінулі і калгас «Чырвоная Бяроза» Мялешкаўскага сельсавета. Тут на ферме шкоднікі прывілі свінням чуму, у выніку чаго калгас панёс велізарныя страты. Астаўшыйся недабіты вораг прадаўжае тварыць гнусныя справы. Загадчык СТФ  Даманскі замест прыняцця мер па ліквідацыі хваробы сам яе распаўсюджвае. Свіней, якія палі ад чумы, ён у строга канспіратыўным парадку закапаў у гнаі ў тым жа свінарніку, дзе знаходзяцца здаровыя свінні. Шкодніцкія махінацыі Даманскага ніяк не можа ўбачыць праўленне калгаса».
Паводле газеты, «у Слуцкім дзяржплемрассадніку арудавалі цёмныя людзі, пасобнікі ворагаў народа, якія нямала шкодзілі ў племянной справе... Зараз дырэктарам дзяржплемрассадніка працуе Вашкевіч. Да прыезду ў Слуцк ён працаваў начальнікам адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Наркамзема . Дырэктарам ён пастаўлены ворагамі народа... Нічога не зрабіў, каб навесці парадак у племянной справе».
Такія публікацыі нічым іншым нельга назваць, акрамя як даносамі пад выглядам крытыкі. Ды хіба яны былі адзінкавымі? Са старонак газеты ў «шкодніцкай дзейнасці» абвінавацілі загадчыка сельскагаспадарчага аддзела акруговага камітэта партыі Бабака, загадчыка і старшага агранома акруговага зямельнага аддзела Каралёва і Малочку, кіраўніка будаўнічай канторы Малашонка, загадчыка камунальнай гаспадаркі Эпштэйна. «Кіраўнікі акрфа і райфа  выконвалі дырэктывы ворагаў народа ў галіне фінансавай палітыкі... Дырэктар саўгаса «Бранчыцы» Шумячар праводзіў шкодніцкую работу. Будучы студэнтам Горацкага сельскагаспадарчага інстытута трымаў цесную сувязь з нацдэмамі – фашысцкімі агентамі...» – пісала газета.
На пленуме ЦК КП(б)Б 29 ліпеня выключылі з партыі старшыню выканаўчага камітэта Слуцкага акруговага Савета дэпутатаў працоўных, члена Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі Карнілія Максімавіча Жалудова. Калі ў сакавіку 1917 года ён звязаў свой лёс з бальшавіцкай партыяй, то і ў самым страшным сне не мог уявіць, што праз дваццаць гадоў партыйныя функцыянеры абвінавацяць яго ў здрадзе свайму народу. Яго – выхадца з рабочай сям"і, былога матроса Балтыйскага флоту, удзельніка грамадзянскай вайны. К.М. Жалудоў працаваў у партыйных і савецкіх установах Ленінграда, Віцебска, Оршы. З 1932 года ён – намеснік народнага камісара рабоча-сялянскай інспекцыі БССР, упаўнаважаны наркамата зерневых і жывёлагадоўчых саўгасаў СССР пры СНК БССР. У 1934 годзе стаў старшынёй Слуцкага акруговага выканаўчага камітэта.
Але вернемся да пленума, які разглядаў пытанне «Аб рашэнні ЦК КП(б)Б ад 27 чэрвеня 1937 года». На пленуме прысутнічалі два работнікі ЦК УКП(б) – загадчык аддзела кіруючых кадраў Г.М. Малянкоў і загадчык сельскагаспадарчага аддзела Я.А. Якаўлеў. Іх прыезд у Беларусь, як паказалі далейшыя падзеі, адзначыўся цяжкім ударам па рэспубліканскай партыйнай арганізацыі. Па даручэнню Палітбюро ЦК УКП(б) Якаўлеў выступіў на пленуме з дакладам аб рашэнні ЦК УКП(б) па пытанню аб кіраўніцтве ЦК КП Беларусі. Даклад стаў экзекуцыяй над кіруючымі кадрамі рэспублікі. А напярэдадні пленума быў арыштаваны, а потым рэпрэсіраваны першы сакратар ЦК КП(б) В.Ф.Шаранговіч. Седзячы ў прэзідыуме пленума, Малянкоў і Якаўлеў асабіста «выкрылі» некалькіх «ворагаў народа»,бяздоказна абвінаваціўшы людзей у здрадзе. І тут жа вызначылі іх лёс.
Першым у абмеркаванні даклада на пленуме выступаў старшыня Слуцкага акруговага выканаўчага камітэта К.М. Жалудоў. Ён пачаў расказваць пра справы ў акрузе, але Малянкоў і Якаўлеў не давалі яму гаварыць, перапынялі, задавалі правакацыйныя пытанні. Жалудову ў абражальнай форме кідалі абвінавачванні ў тым, што ў Слуцкай акрузе многія калгаснікі не мелі прысядзібных участкаў, не былі распушчаны саўгасы, «па-шкодніцку створаныя па загадзе польскай разведкі ворагамі народа, польскімі шпіёнамі…», што ў акрузе ўдвая павялічылася колькасць захворванняў коней анеміяй, у зерні на складзе выяўлены дамешкі жалеза і г.д. Потым Якаўлеў заявіў: «Жалудоў два гады кіраваў важнейшым пагранічным раёнам. Ён тут прызнаў, што больш палавіны калгасаў без прысядзібных участкаў, што ён меў магчымасць ліквідаваць саўгасы, па-шкодніцку пабудаваныя, тым не менш ён гэтыя па-шкодніцку пабудаваныя калгасы пакінуў, што анемія вырасла больш чым ў два разы ў час яго кіраўніцтва і кіраўніцтва сакратара, які сёння арыштаваны. Я думаю, што такім людзям няма чаго рабіць ні ў ЦК Беларусі, ні ў нашай партыі». Тут жа прапанову аб выключэнні Жалудова з партыі і вывадзе са складу Цэнтральнага камітэта паставілі на галасаванне. Пленум аднагалосна прыняў гэту прапанову. Пра атмасферу партыйнага пленума сведчыць яшчэ адна вытрымка з дакументаў:
«Старшыня: Ваш партыйны білет?
Жалудоў: Я – шкоднік атрымліваецца?
Якаўлеў: Так атрымліваецца.
Жалудоў: Я шкоднікам ніколі не быў! Я выйшаў з пралетарскай сям"і, змагаўся на франтах.
Малянкоў: Палякі за вас кіравалі акругай…».
Тут жа, на пленуме, ад Жалудова запатрабавалі здаць у прэзідыум свой партыйны білет. Пакуль ішло пасяджэнне пленума, на кватэры і ў рабочым кабінеце старшыні акруговага выканкама зрабілі вобыск. На наступны дзень, 30 ліпеня, яго арыштавалі. Амаль год вялося следства, якое закончылася ў чэрвені 1938 года. Жалудова абвінавацілі ў прыналежнасці да «аб"яднанай контррэвалюцыйнай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі нацыянал-фашыстаў». І хоць следчымі матэрыяламі абвінавачванні не былі пацверджаны, а сам Карнілій Максімавіч катэгарычна іх абвяргаў, ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР 28 чэрвеня 1938 года прыгаварыла яго да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. У той жа дзень прысуд выканалі.
У снежні 1966 года ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР па прадстаўленні пракуратуры СССР адмяніла прыгавор у адносінах да К.М. Жалудова і спыніла справу на яго за адсутнасцю складу злачынства. Ён быў поўнасцю рэабілітаваны і па грамадзянскай лініі, і ў палітычным плане.
Вынікі ліпеньскага пленума ЦК рэспубліканскай кампартыі абмяркоўваліся на пленуме Слуцкага раённага камітэта КП(б)Б, у рэзалюцыі якога запісана: «Пленум патрабуе ад усёй партыйнай арганізацыі яшчэ большага павышэння бальшавіцкай пільнасці, барацьбы з малейшым самаўспакаеннем, умення распазнаць ворага, пад якой бы маскай ён ні ўкрываўся, бязлітасна выкрываць і выкарчоўваць яго…».
Такі настрой падтрымаў і перадавы артыкул «Праўды на рубяжы» за 2 жніўня «Выкурыць ворагаў з усіх шчылін»: «За апошні час доблесныя органы НКВД, кіруемыя верным сталінцам Н.І. Ежовым, разаблачылі і ліквідавалі асноўныя гнёзды шпіёнска-дыверсійнай работы замежных разведак. У ліку выкрытых шпіёнаў польскай разведкі былі людзі, працаваўшыя ў нашай акрузе. Як магло здарыцца, што на вачах партыйнай арганізацыі арудавалі ворагі народа? Гэта магло мець месца толькі таму, што многія таварышы забылі аб капіталістычным акружэнні, прытупілі рэвалюцыйную пільнасць, не вывучалі людзей, з якімі працуюць, не бачылі далей свайго носа. Ідыёцкую хваробу – бесклапотнасць, благадушша – вось што скарыстоўвалі ворагі і з чым трэба неадкладна пакончыць. Выяўленыя зараз ворагі народа, безумоўна, пакінулі пасля сябе карэнні. І гэтыя карэнні таксама павінны быць неадкладна выкарчаваны і абясшкоджаны».
Матэрыялы ліпеньскага пленума ЦК КП(б)Б 4 жніўня абмяркоўваліся на агульным сходзе Слуцкай раённай партыйнай арганізацыі, дзе з дакладам выступіў сакратар райкама партыі Жыткоў. І ў дакладзе, і ў спрэчках па ім прыводзілася нямала «прыкладаў контррэвалюцыйных спраў ворагаў народа». У прынятай сходам рэзалюцыі, апроч іншага, даручалася бюро райкама партыі разгледзець «усе пытанні адносна членаў і кандыдатаў партыі, трымаўшых сувязь з ворагамі народа». Як няцяжка здагадацца, рэзалюцыя актывізавала выключэнне з партыі тых, на каго ўпала падазрэнне ў сувязях з «ворагамі народа».
У пачатку жніўня Савет Народных Камісараў СССР і ЦК УКП(б) прынялі пастанову «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і аб ліквідацыі вынікаў шкодніцтва ў справе калгаснага ўпарадкавання». Накінутую на вёску прымусовай калектывізацыяй пятлю крыху аслабілі такімі мерамі, як надзяленне калгаснікаў прысядзібнымі ўчасткамі, спісанне нядоімкі па пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі і скарачэнне яе паставак. Уступіўшым у калгас аднаасобнікам абяцалі пэўныя льготы. З калгасаў, якія абслугоўвала Слуцкая машынна-трактарная станцыя, спісвалася 1 500 цэнтнераў збожжа, 22 цэнтнеры льносемя. Прэзідыум Слуцкага раённага выканаўчага камітэта прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой скарачаліся калгасным фермам мясапастаўкі 1937 года па буйной рагатай жывёле і авечках на 97 цэнтнераў, па свіннях – на 2 095 цэнтнераў. З калгасаў, калгаснікаў і аднаасобнікаў знімалася нядоімка па мясапастаўках за 1935 і 1936 гады ў памеры 1 222 цэнтнеры, па малакапастаўках за 1936 год – 596 цэнтнераў. Устанаўлівалася норма «малакапаставак для калгасанага двара ў памеры 55 літраў з каровы, а для першацёлкі – 27,5 літра ў год». У акрузе былі ліквідаваны 12 саўгасаў; варочаліся калгаснікам раней адрэзаныя прысядзібныя ўчасткі(па Слуцкай акрузе – 5 700 гектараў),калгасы акругі атрымалі ў сваё карыстанне 27 500 гектараў лесу,у тым ліку ў Слуцкім раёне – 3 300 гектараў.
Вакол пастановы СНК СССР і ЦК УКП(б) разгарнулася шырокая прапагандысцкая кампанія. У адным з нумароў «Праўда на рубяжы» змясціла матэрыял пад загалоўкам «Новая хваля творчага ўздыму». У ім гаварылася: «Адчуваючы штодзённыя бацькоўскія клопаты любімага таварыша Сталіна, ударнікі сацыялістычных палёў рэзка павышаюць прадукцыйнасць працы, яе якасць. Калгасніцы Ігнатовіч Вера, Трахімовіч Варвара, Новік Ганна, Трахімовіч Алена, Трахімовіч Валя, Ігнатовіч Параска, Ігнатовіч Ганна, Васілевіч Сцёпа, 60-гадовая Качур Лукер"я (калгас «Чырвоная зорка» Казловіцкага сельсавета) пасля вывучэння пастановы нормы выпрацоўкі пачалі выконваць на 250 – 300 працэнтаў». Так, жанчыны сапраўды працавалі не шкадуючы сіл, але прычына была больш празаічнай: трэба ж было неяк карміць сем"і пры не вельмі багатым калгасным працадні.
Пастанову СНК СССР і ЦК УКП(б) абмеркавалі на раённай нарадзе старшынь калгасаў, брыгадзіраў, загадчыкаў малочнатаварных фермаў, у якой удзельнічалі 300 чалавек. Перад прысутнымі выступілі ўдзельнікі такой жа Усебеларускай нарады старшыні калгасаў «1-е Мая» і «Новае жыццё» Стругач і Гурбо, камбайнер Сцяпашка, старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Стакун. Нарада закончылася традыцыйна па тым часе – «пасля прыняцця прывітальнай тэлеграмы роднаму і любімаму правадыру народаў таварышу Сталіну ўсе прысутныя наладжваюць бурную авацыю ў гонар правадыра народаў».

Читать далее