Вёска Лясішча і яе людзі

Вёска Лясішча і яе людзі

18.02.2013
Гісторыя вёскі ва ўспамінах

Стогадовы юбілей мая родная вёска адзначыла ў 2004 годзе. Дакладней, магла б адзначыць, каб было каму апавясціць і сабраць ураджэнцаў. Але я даведалася, што наш сваяк дзядзька Аркадзя збірае матэрыялы пра вядомых землякоў, пра загінуўшых у вайну лесішчан, шмат ведае пра гісторыю вёскі, і таму ўлетку 2009 года падтрымала яго энтузіязм. Такім чынам, выказваю шчырую падзяку маім землякам і суразмоўцам Кашавару Аркадзю Фёдаравічу і Капарыху Аляксандру Фёдаравічу, а таксама ўсім, чые ўспаміны і згадкі далі мне матэрыял для гэтага нарыса.

З асабістага.
На радзіме бацькі я гадавалася да шасці гадоў, а потым часта прыязджала туды і школьніцай, і дарослай. Менавіта тут жылі мае дзед Сцяпан і бабка Маня Каржанеўскія, і тут я ў жніўні 1950 года нарадзілася. Сувязь з малой радзімай захавалася па сённяшні дзень, бо ў Лясішчы, а таксама ў Новым Двары, у Слуцку, у Салігорску жывуць мае крэўныя.

Праўда, выйшла так, што Лясішча чамусьці не трапіла ў мой пашпарт. Паколькі матулю на роды завезлі ў бальніцу суседняй вёскі, то нехта мне Вялікую Сліву ў метрыкі і ўпісаў. (Малады бацька служыў у войску.) Але ва ўсіх маіх творчых біяграфіях у графе «месца нараджэння» ўказана правільная інфармацыя.

ПЕРШАПАСЯЛЕНЦЫ
Вёска Лясішча, што за некалькі кіламетраў ад Слуцка ў бок Вялікай Слівы, узнікла на пачатку ХХ стагоддзя на месцы былога фальварка (альбо засценка). Фальварак месціўся на дзвюх выцерабленых палянах сярод вялікага лесу. (Адсюль і назва, што азначае «вялікі лес».) Пані, якая тут асела, па нейкіх прычынах мусіла прадаць зямлю і з"ехаць. Мясціну пачалі абжываць людзі з Васілінак, Бокшыц, Гарадзішча. З усходняга боку паставілі хаты Кашавар Нічыпар, Красуцкі Андрэй, Станілевіч Станіслаў, Шарамет Сафрон, Грачок Васіль, Капарыха Трафім, Більдзюкевіч Адам, Грачок Рыгор, Капарыха Ёсіп, Гурыновіч Арсен. З заходняга боку пасяліліся Валатовіч Антон, Валатовіч Фёдар, былы найміт пані нехта Рымашэўскі і Казлоў Лук"ян. Я пайменна назвала першапасяленцаў – тых, што вёску запачаткавалі. Пры савецкай уладзе з суседніх засценкаў і сёл сюды перабіраліся (у тым ліку мусова) іншыя гаспадары. У лепшыя часы ў вёсцы было 57 двароў.

Сем"і ва ўсіх традыцыйна былі ладнымі, шматдзетнымі. Без дапамогі падрастаючых дзяцей абысціся ў гаспадарцы было цяжка: кожная сям"я мела коней, кароў, авечак, свіней, і ўся жыўнасць патрабавала штодзённага догляду. Не меней працы трэба было ўкладаць у палеткі, засеяныя бульбай, жытам, просам, лёнам. А касьба, а нарыхтоўка дроў, а будоўля талакою! На сядзібах стаялі гумны, свірны, хлявы, многія з мужчын самі плотнічалі, сталярылі, будавалі хаты, рабілі бочкі і сані, плялі кашы. Жанчыны ткалі на кроснах, адбельвалі палатно, самі абшывалі хатніх.

Пабудаваўшыся, кожны гаспадар пры сваёй хаце абавязкова садзіў вяз або ліпу. «Як думаеш, для чаго?» – хітравата пытаецца мой апавядальнік Аркадзь Фёдаравіч. І сам адказвае: «Гэта была мясцовая фабрыка абутку, бо з кары нашы продкі плялі лапці. У лапцях тады хадзілі круглы год».

Многія лесішчане з цягам часу парабіліся сваякамі, бо дзеці вырасталі, любіліся, жаніліся, стваралі ўласныя сем"і. Нявестаў і жаніхоў далёка не шукалі. Ды і неабходнасці такой не было – у сваёй вёсцы хапала моладзі.

ПЯРЭДАДЗЕНЬ РЭВАЛЮЦЫІ. СКРУТНЫ ЧАС
Такім чынам, адлік жыцця вёскі пачаўся ў дарэвалюцыйныя часы. Здаровых мужчын, як таго патрабавалі законы Расійскай імперыі, забіралі тады ў войска паслужыць «цару-бацюшку». Лясіцкія жыхары не выключэнне. Фёдар Кашавар, напрыклад, служыў мараком на піцерскім флоце, плаваў па ўсім свеце. У тым самым Піцеры, пры царскай рэзідэнцыі, неслі службу Сцяпан Каржанеўскі і Фёдар Валатовіч. Сцяпан Валатовіч падчас Першай сусветнай ваяваў аж у Карпатах. Пятрок Валатовіч апынуўся ў палоне і тры гады адбыў у Германіі. Так што ў Першую сусветную абышліся, можна сказаць, «малой крывёй».

Жывыя драбніцы.
Мой дзед Сцяпан, асілак па росце і камплекцыі, трапіў у адборны Сямёнаўскі полк і знаходзіўся, як цяпер сказалі б, у службе аховы царскага палаца. Успамінаў, як адбываў варту ноччу: «Зморышся, задрэмлеш, стоячы на пасту, а вінтоўка як грымне аб люстраную падлогу – аж рэха пойдзе калідорамі». Не раз бачыў зблізку царскую сям"ю, і, калі яго ўнучкі падраслі, жартаваў: «Ну, пакажыце, які ў вас тальі...» (Відаць, памятаючы «тальі» царскіх дачок.)
Ад Першай сусветнай майго дзеда ўратавала якаясь кішэчная інфекцыя. Камісаваны па хваробе, ён пешкі вярнуўся на радзіму.


Гарадское насельніцтва Слуцка пераважна было яўрэйскім. Так званыя балаголы трымалі коней, мелі павозкі і займаліся перавозам тавараў ды грузаў. Сёння іх назвалі б «дальнабойшчыкамі». Далёка вазілі – у Мінск, Баранавічы, і абавязкова брыгадамі, а не па адным, інакш можна было б і не давезці.
Улада перавярнулася неяк раптам. «Далоў цара!» – крычалі ўзбуджаныя случакі, бегаючы па вуліцах. Мясцовы люд разбіраў тавары на прамысловых складах, якія раптам зрабіліся «нічыйнымі». Пашанцавала і майму дзеду: ён прынёс пад пахай жалезны ложак і нямецкую швейную машынку «Зінгер».

У 1918 годзе новая, савецкая ўлада паднімала людзей на барацьбу з інтэрвенцыяй. У слуцкім ваенкамаце аб"явілі, што патрабуюцца плотнікі для будаўніцтва мастоў. 400 чалавек адгукнуліся – бо хто з вясковых мужчын не трымаў у руках сякеру? Але добраахвотнікаў праверылі на «кваліфікацыю», хто справіўся – застаўся паблізу дома.

20-я гады запомніліся як час скрутны, няўстойлівы. Людзі спалі ў выкапаных зямлянках, бо адусюль пагражала небяспека: то немцы прыйдуць, то палякі... (Польская дывізія з царскай Расіі вярталася праз Беларусь на радзіму.) Палякі, якія на той час акупіравалі Случчыну, расстралялі 14 мясцовых партызан. Сярод іх, кажуць, была і шляхта. З лесішчанскіх ад рук белапалякаў загінуў сын Грачка Яфім.

Вось адна гісторыя, характэрная для таго часу. Сын Фёдара Валатовіча Міля (Ілья) браў жонку з Кублішчаў, а там у 20-м годзе стаялі палякі. Падчас вяселля адзін з гасцей жаніха (з Ячава) забіў двух польскіх жаўнераў, завёз у лес і скінуў там. Усё вяселле са страху разбеглася хто куды, асобныя нават начавалі ў лесе, бо палякі раз"юшыліся, шукалі вінаватага. У бацькі жаніха зрабілі вобыск у гумне, а якраз там Папковіч і хаваўся. Не знайшлі, аднак, бо зашыўся глыбока ў сена. Вярнулася няўдалае вяселле дадому на трэці дзень, іх тут не маглі дачакацца...

КАЛГАСНАЯ ЯВА
Калгасы на Случчыне (як, мабыць, і паўсюль) арганізоўваліся цяжка, са скрыпам. Мясцовай гаспадарцы далі імя Чапаева. Кожны селянін свайго каня завёў у агульны хлеў, сена насілі–кожны свайму, а дзяжурылі цэлыя суткі па чарзе. Валік Більдзюкевіч неяк напаіў коней, а вароты закрыў кепска, дык коні пазадзіралі хвасты і разбегліся па сваіх хатах. (Зімой тое было.) Селяніна ў выніку судзілі – «за развал калгаса» – і саслалі на Беламор"е. Там мала хто, кажуць, выжываў, але яму пашанцавала: вярнуўся, нейкі час жыў на пасяленні ў Асіповічах, а ў 41-м, пры немцах ужо, заявіўся ў вёску з «палявой» жонкай. Праўда, яе давялося адправіць, бо дома чакала свая ды з дзецьмі. Гэты Валік увогуле, кажуць, зух быў і прайдзісвет. Халасцяком на вялікасліўскай дарозе (раней яна пралягала паўз Гнілую) займаўся разбоем пры дапамозе пісталета-«пугача».

Сярод тых, хто не прыняў савецкую ўладу, быў Рыгор Грачок, ён адмаўляўся ісці ў абагуленую гаспадарку, і за гэта яму забаранілі пасвіць карову на калгасных пашах. Аднаасобнікі трымаліся купна, падтрымлівалі адзін аднаго. Збіраліся яны ў Піліпа Капарыхі, разам маліліся Богу, сумесна адзначалі святы. Іх улада не любіла і пры магчымасці помсціла.

Лічыўся кулаком Валатовіч Мікалай, над ім вісела рэальная небяспека раскулачвання. Справа ў тым, што ягоны цесць меў свой лес і дапамог зяцю пабудавацца. Выштукаваны дом кідаўся ў вочы, хлеў таксама быў ладны, падворак дагледжаны. Яго жонка Алеся вырошчвала клубніцы ў агародчыку (рэдкасць па тым часе!) і не раз частавала вясковых дзяцей. Аднойчы ўначы Мікалай запрог каня, прывязаў да воза карову і знік у невядомым кірунку. Дом іх як кулацкі разабралі і перавезлі ў Вялікую Сліву, у ім размясцілі сельскі савет. Алеся з трыма дзецьмі перабівалася на сваёй сядзібе ў часовым буданчыку, а ў іхнім хляве размясцілі калгасных коней. Пазней лесішчане даведаліся, што Мікалай Валатовіч апынуўся ў Петраградзе, працаваў там шаўцом у арцелі.

Трагічная гісторыя здарылася з Юзікам Станілевічам, які сам быў родам з Новага Двара, а пасля ў Лясішчах купіў хату. Змоладу ён з братам Адамам пабываў у Амерыцы, але іх разам з іншымі расійскімі «бунтаўшчыкамі» ўлады пасадзілі на параход і выслалі дадому. Вярнуўшыся, Юзік у 30-я гады працаваў на слуцкай чыгунцы. Якраз тады арганізоўвалася кавалерыя, цягнікі везлі авёс і сена. Мясцовыя, жывучы цяжка, пры зручным выпадку кралі, і гэты Юзік па мянушцы «Кундаль» данёс на аднаго чалавека. У таго зрабілі вобыск ды на год пасадзілі. Адбыўшы пакаранне, той чалавек разам са Сцяпанам Валатовічам адпомсціў Станілевічу: яны напісалі данос у сувязі з нейкай правінай; маўляў, хацеў устроіць аварыю, каб прычыніць шкоду савецкай уладзе. Увесну 38-га года дачка Юзіка Броня (а дзяцей было пяцёра) не пайшла ў школу. У той дзень арыштавалі, а потым і расстралялі бацьку.

Раскулачылі Сафрона Шарамета. Забралі з трыма сынамі, толькі жонка засталася. Хату іх, зноў жа, разабралі і перанеслі на палігон. Палігон гэты пад Слуцкам адкрылі ў 33-м годзе. Велізарны ён быў – ад Навадворцаў аж да Казловічаў, займаў плошчу ў 24 квадратныя кіламетры. З-за гэтага палігона планавалі нават знесці Лясішча, бо вёска стаяла ўпрытык.

Старшынёй калгаса быў прызначаны Сцяпан Валатовіч. Яго аднавяскоўцы не надта паважалі і, каб пазбавіцца такога начальніка, усім сялом падалі заяву ў суседнюю вёску. Так утварылася аб"яднаная гаспадарка, куды ўвайшлі Новы Двор, Агароднікі і Лясішча.

У хаце Антося Більдзюкевіча адкрылі школу, дзе першым настаўнікам быў нехта Спірыдон са Слуцка (кватараваў у Валатовіча). Хата пуставала, бо яе гаспадару, згодна павевам часу, прыпісалі шпіянаж і выслалі сям"ю ў Сібір. А ўсё таму, што іх праведаў сваяк з Заходняй Беларусі, малады хлопец. Нявестка Антося, Ядвіня, пасля вайны прыязджала зірнуць на іх сядзібу, а там ужо ні хлява, ні гумна, ні свіронка – усё пазвозілі... А сын Адам пасля з"ехаў у Амерыку ды там і асеў.

Новая ўлада спрабавала ўвесці новыя святы – апроч рэлігійных, якія ўсёй вёскай адзначалі ў капліцы. Шырока, напрыклад, калгаснікі святкавалі Дзень сталінскай канстытуцыі. Калгас выдзяляў грошы на вечарыну. Кажуць, што старшыня, Карп Іванавіч Пацыкалік, лесішчанам спрыяў і даваў болей мяса, чым іншым брыгадам. Сам запрагаў жарабца і вёз гасцей, людзі зносілі сталы. Ішла пагалоска: «Карпей прыехаў!» Прывозіў ён прадстаўнікоў і да Фёдара Кашавара. У маці, як успамінае дзядзька Аркадзя, было аж шэсць вілак. Самі не карысталіся, выкладвалі толькі для высокіх гасцей. На закусь падавалі сала са шкуркай. Гэта важны момант. Справа ў тым, што існаваў план па здачы свіных шкур. Не здаць было дзяржаўным злачынствам. Каб шкуру захаваць, кабанчыка смалілі ў пограбе ці ў лясным гушчары. А як хто данясе – бяда!

Клуб адкрылі ў вёсцы пасля вайны. З часам, калі брыгадзе далі прэмію, то на гэтыя грошы рашылі купіць тэлевізар. Мясцовыя вучні ладзілі канцэрты, прыязджалі і самадзейныя артысты з сельсавета.
Як Сталін памёр, адны плакалі, а другія ўспрынялі спакойна. Ёсць мясцовая версія, што «парцейных» мо прымушалі гараваць, бо шкадавалі ж і Патрыса Лумумбу. А дзе, скажыце, той Лумумба і хто ён нам?!

ЯШЧУР
Яшчур – гэта небяспечная інфекцыя, на якую хварэюць каровы. У 1939 годзе яе знайшлі ў лясіцкіх рагуль. Вёску ачапіла міліцыя, аб"явілі каранцін. Стварылі штаб і міліцэйска-камсамольскія пасты, прыцягнулі адпаведныя санітарныя службы. З мая па жнівень з вёскі нікога нікуды не выпускалі. Калі каму пільна собіла па справе ў горад, ці ў навакольныя вёскі, ці, наадварот, з горада ў вёску – толькі з афіцыйнага дазволу і цераз спецыяльны пост.
Штаб з тэлефонам размяшчаўся ў хаце Фёдара Кашавара, там жа захоўвалі фармалін і іншыя неабходныя прэпараты. Усёй гэтай хіміяй загадвала галоўны ветурач з Мінска Варэнік Ефрасіння Іванаўна. Оперупаўнаважаным прызначылі старэйшага лейтэнанта Беразоўскага. Дзяржаўныя службы мелі задачу – не дапусціць эпідэміі – і да сваіх абавязкаў ставіліся сур"ёзна. З усіх хлявоў пад мятлу вычысцілі гной, звезлі яго ў штабель на поле і засыпалі зямлёй. Двойчы на тыдзень праводзілі дэзінфекцыю двароў, хат і хлявоў. Даручалі гэтую справу не толькі дарослым, але і падлеткам.

Для жывёлы быў выгараджаны летні лагер. Днём яна пасвілася, а вечарам кароў заганялі ў лагер, дзе іх даілі мясцовыя кабеты. Малако злівалі ў адну ёмкасць, запісвалі, чыя гадаванка колькі дала, а потым кіпяцілі і адпаведна запісам выдавалі гаспадыням.

Жывыя драбніцы.
Неяк насунулася хмара, на выпасе пачаўся лівень, усе работніцы пахаваліся ў будку, а адной месца не хапіла. Сядзіць дзяўчына ля будана, прамоклая да ніткі, і такой няшчаснай выглядае... Грачок у будан ушыўся, усіх, як мядзведзь, пацясніў і кажа: «Калі б Бог спусціў з неба лесвіцу, то Насця першай узышла б на неба...» Дзяўчынай той была мая цётка, што потым жыла і памерла ў Лідзе.

Яшчур гэты злашчасны знайшлі ў Лявона Кашавара і Фёдара Капарыхі. Дык у іх пабілі і кабаноў, і курэй, і нават ні ў чым не вінаватага сабаку. Усё жывое ў двары! Праўда, ахоўнікі пасля свініну згатавалі ды з"елі – і нічога кепскага з імі не адбылося. Апрацоўвалі ж двары і будынкі ў гэтых калгаснікаў асабліва старанна.

Капліцу, якая існавала на ўскраі вёскі з 1905 года, на перыяд каранціну прыстасавалі пад краму. З гэтага, бадай, і пачаўся канец «рэлігійнага дурману» ў Лясішчы. У 40-м годзе капліцу разабралі і прыбудавалі да школы ў якасці яшчэ аднаго класа. (Трэба заўважыць, што ўсе сацыяльныя будынкі ў той час былі кулацкімі дамамі.) Крыжы і харугвы перавезлі ў Цараўцы (цяпер – Кірава); куды падзеліся абразы, культавае начынне і звон – невядома.

Жывыя драбніцы.
Калі наступала суш і пагражала знішчыць ураджай, з горада зноў клікалі святара. Той прыязджаў не адразу, бо ў яго, як сцвярджалі мясцовыя знаўцы, дома меўся барометр. І толькі як пакажа ён змену ціску, тады поп і ладзіць набажэнства з хрэсным ходам. Клалі на воз у знак падзякі хто што мог: рэшата пшаніцы, скрутак палатна, вышытыяручнікі... Ідождж абавязкова выпадаў.


ЗНІШЧАНЫЯ ДУБНІКІ
Пасёлак Дубнікі размяшчаўся правей Вялікай Слівы. Там жылі Сцяпан Каржанеўскі, Чыж Алёна, Самусевіч Васіль, Тупік Андрэй, Станілевіч Адам і іншыя. Стаяла 12 хат. Старшыні сельскага савета (а іх было чамусьці двое) незалюбілі дубнікоўцаў: у калгас не ідуць, замест гэтага шыццём ботаў займаюцца і нядрэнна зарабляюць. Непарадак. І прадстаўнікі ўлады не доўга думаючы пабралі сякеры, пайшлі ды пасеклі саламяныя стрэхі на хатах дубнікоўцаў. Лёгкія стрэхі тут жа з"ехалі, і апынуліся мужчыны, жанкі і іх дзеці, можна сказаць, пад чыстым небам. Такімі вось радыкальнымі метадамі выконваўся сталінскі план па зносе хутароў.

Дубнікоўцы мусілі пераносіць свае хаты ў іншыя паселішчы. Хто падаўся ў Вялікую Сліву, хто ў горад, а большасць – у Лясішча. Шчыльна, па-суседску і пасяліліся. З вялікасліўскага хутара тады ж перабраўся Юрый Ярашэвіч. Лёгка сказаць «пасяліліся», «перабраўся»... Разбяры хату па бярвенцах, перавязі на конях, складзі нанова, накрый, абжывіся на новым месцы! І ўсё гэта без ніякіх «пад"ёмных», без кампенсацыі за прымусовае перасяленне і беззаконне ўлады!..

Жывыя драбніцы.
Пярэбары моцна ўскладніліся з-за каранціну па яшчуры. Жанчыны бралі мяхі, казалі паставым: «У зелле», а самі кустоўем беглі на свой хутар. Аднойчы такім чынам папаўся Сцяпан Каржанеўскі. Паставыя яго затрымалі, прывялі ў штаб. Тады гаспадары хаты Кашавары пачалі прасіць ветдоктарку: «Гэта ж наш сват. Адпусціце яго...» Справа ў тым, што Сцяпанаў старэйшы сын Міша, яшчэ жывучы ў Дубніках, ажаніўся з іхняй Евай. Нядоўга яны пажылі, бо ў 43-м Міша прапаў без вестак.


Недалёка ад вёскі, у бок Гнілой, размяшчаліся яшчэ два хутары. Там жылі Іван Кашавар і Кандрат Гурыновіч, якія пабудаваліся на палетках сваіх бацькоў. Жонак узялі багатых. Іван – Куліну з Валатоў, Кандрат сваю – з Вялікай Слівы. Сведчанне таго, што жылі заможна, – бетонны калодзеж, выкапаны на дзве гаспадаркі. На той час гэта рэч небывалая! У 1939, калі хутары зносілі, знеслі і гэтыя дзве сядзібы. Бетонныя кольцы мужчыны дасталі з зямлі і прыкацілі ў Лясішча, каб выкапаць там новы калодзеж.

КАМДЗІЎ ЖУКАЎ
У 1934-м ля Слуцка размясцілася кавалерыйская дывізія пад камандаваннем Георгія Канстанцінавіча Жукава – будучага маршала і чатыры разы Героя Савецкага Саюза. У дывізію ўваходзілі тры пехотныя палкі, адзін – механічны (з тачанкамі) і пяць уласна кавалерыйскіх. Сталася так, што камдзіў і будучы герой меў да Лясішча зусім канкрэтны і пільны інтэрас. Ігнат Місюк, які перанёс хату з Дубнікоў, адкрыў шавецкую арцель і назваў яе ў духу часу – «Іскра». Славілася арцель на ўсю акругу, абутак быў якасны, меў попыт, і сам Жукаў заказваў сабе ў Ігната хромавыя боты. Прыязджаючы на прымеркі, спыняўся ў яго хаце. Атрымае абноўку, то, бывала, і замочвалі. Прыходзілі мужчыны, завязвалася нязмушаная бяседа. Паглядзець на «галоўнага кавалерыста» прыбягалі хлапчукі, у тым ліку малы сын Фёдара Кашавара. Можа, таму, што ў гаспадара адны дочкі нарадзіліся, Шура і Воля, Місюк суседскага хлопца амаль за сына лічыў. Песціў яго, запрашаў прыйсці, частаваў. Так што малому Аркадзю цукерак ад камдзіва не раз перападала.

З успамінаў Аркадзя Кашавара.
Пад"язджае аднойчы камдзіў на адкрытай машыне, а каля Лясішча мосцік разломаны. Шафёр ад "ехаў – і на хаду пераскочыў канаву разам з тым мосцікам. Мой бацька Фёдар быў непадалёку, аддаў Жукаву чэсць па-ваеннаму. Той пытаецца ў бацькі: «З якога года?» – «З 1890-га». – «Дзе служыў?» Пазней, прыехаўшы да Місюка, Жукаў папрасіў «пазваць марачка» і з цікавасцю распытваў яго пра флоцкае мінулае, пра далёкія краіны – Англію, Штаты, Хельсінкі, Гібралтар...


Ля слуцкага парку, на вуліцы Жукава, стаяў бюст савецкага палкаводца. На ім імя пазначылі, а высокі статус – не. Дык Аркадзь Фёдаравіч звяртаўся ў адміністрацыю Прэзідэнта і дабіўся-такі, што ўстанавілі Жукаву новы, адпаведны «чыну» помнік з правільнай шыльдай... але на вуліцы 14-ці партызан. (Тых самых, якіх расстралялі белапалякі.) «Няма дасканаласці ў свеце», як гаварыў Маленькі прынц...

КАШАВАРЫ
У Нічыпара і Параскі Кашавараў з"явілася на свет сямёра дзяцей, з іх толькі адна дзяўчынка. Лявон – у 1887, Хведар – у 1890, Трафім – у 1893, Іван – у 1895, Рыгор – у 1905, Мар"я – у 1907, Алёша – у 1910. У Лясішча яны перабраліся з чатырма сынамі, астатніх дзяцей нарадзілі тут. Параска слабая была здароўем і недзе ў 20-х памерла.

Усе браты аселі ў роднай вёсцы, працавалі ў адной брыгадзе. Род моцны, не радавы, кожны ў ім нечым адметны. Мужчыны непітушчыя, а таму здаровыя, усе пражылі доўгае і змястоўнае жыццё. Малодшага, дзядзьку Алёшу, жанатага з Гэляй Каржанеўскай, мы правялі ў апошні шлях на пачатку 2009-га. Ён крыху не дацягнуў да стогадовага юбілею.

Найбольш багатае на прыгоды жыццё выдалася, відаць, у старэйшага – Лявона. Ажаніўшыся, той перабраўся ў Вялікую Сліву. У 20-я падаўся ў Амерыку, куды паехалі і згаданыя браты Станілевічы. Лявона не справадзілі дадому толькі таму, што ён тады перабраўся ў Паўднёвую Амерыку, дзе рабіў на коркавым заводзе. Па чутках, дзядзька Лявон перадаў Юзіку Станілевічу золата для жонкі, але той нібыта не аддаў. Як яны разбіраліся потым – невядома.

Увогуле, яго гісторыя магла б стаць асновай для прыгодніцкага рамана. Расказваюць, што Лявон прыязджаў праз акіян у водпуск, каб забраць з сабою жонку з дачкой. Аднак пакуль ён валачыўся па заробках, на адно дзіця прыбавілася, і дачок стала дзве. Нягледзячы на гэта, ён моцна ўгаворваў Кацярыну памяняць месца жыхарства, тая не пагаджалася. Тым часам скончыўся тэрмін візы (як тады казалі, «шэф-карты»), і давялося застацца самому. Нічога асабліва пра «Амэрыку» Лявон расказаць не мог, толькі задзіраў галаву ды захоплена цмокаў. «Я больш са Слуцка навін прывязу, чым ён з той Амерыкі», – скептычна гаварыла цётка Зося.

Пра «марачка» Фёдара Кашавара я ўжо не раз згадвала. Карабель, на якім ён служыў да рэвалюцыі, падарваўся на міне і тануў. Прыйшла падмога, экіпаж грузіўся ў шлюпкі, а капітан учапіўся за мачту і даваў апошнія распараджэнні: хацеў пайсці на дно разам з суднам, як таго патрабаваў марскі закон. Два капітаны з прыбыўшай падмогі падняліся да яго, расчапілі яму рукі і сілком звялі з тонучага карабля. Пасля перажытага стрэсу (дзесяць маракоў усё ж патанулі) Фёдар патрапіў служыць на «Аўрору». Праўда, у спісах яго імя не значыцца, бо пацярпелы экіпаж быў расфарміраваны, і новенькі на караблі лічыўся як бы па-за штатам.

Дзяцей Фёдара вясковыя чамусьці звалі па імені маці – «Ева Зосіна», «Косця Зосін», «Аркадзя Зосін», і яны супраць нічога не мелі. Дачку Фёдара Еву ўзяў замуж мой дзядзька Міша, які загінуў у Прусіі, пакінуўшы сіратою малую дачушку Ніну. (Яна, дарэчы, захавала наша прозвішча і перадала яго дзецям.)

Іван пайшоў па бацьку: быў самым разважлівым з сыноў. Яго пры бальшавіках забралі ў армію, тры гады не абзываўся, думалі – згінуў. Аказваецца, ён служыў у дывізіі Чапаева кавалерыстам. У 1924 годзе Іван з"явіўся як з неба – цэлы, здаровы, нават не кантужаны. Спадабалася яму Куліна з Валатоў. Умела барабаніць ды прыпеўкі спяваць. Набожная была, баптыстка... Дзве іх дачкі памерлі малымі, і бедная Куліна ледзьве з розуму не зрушылася ад такой бяды.

Нічым асаблівым не вылучаўся толькі адзін сын Нічыпара – Трахім. Свету, у адрозненне ад братоў, не пабачыў, не ваяваў. Жонку ўзяў не вельмі ўдалую і жыў бедна. Праўда, адна адметнасць усё ж была. Трахім быў паталагічна сумленны, ён нічога з калгаса не краў. «Іншы хоць дроў пад паху возьме, – расказваў А. Капарыха, – хоць зерня ў галёшы, а гэты ну проста не мог браць чужога. Мо таму і жыў бядней за іншых... » Ёсць, праўда, і іншая версія адносна маральнасці Трахіма – быццам не краў ён агульнага выключна па сваёй баязлівасці. Так што трактаваць можна па-рознаму, але факт ёсць факт... Мабыць, у калгасах людзі не выжылі б, калі б не мелі магчымасці чым-небудзь пажывіцца. «Калгас – гэта вялікае балота», – сказаў мне адзін з лясіцкіх жыхароў. І ў гэтых словах вялікая сярмяжная праўда таго часу.

Рыгор, як і брат Іван, перажыў асабістую драму: пры першых родах памерла ягоная жонка, дачушку Аню гадавала цётка Адарка ў дзедавай хаце. Ажаніўся другі раз, узяў з Міхеяў Ганну Гук. Дзеці пасыпаліся як гарох: Міша, Маня, Коля, Тамара, Ліда, Таня, Толік... Праўда, меншы, Толік, з"явіўся на свет з некаторым перапынкам, пасля вайны, з якой Рыгор вярнуўся цяжка паранены. (Перад гэтым ён паспеў прайсці фінскую вайну.) Санітары падбіралі загінуўшых з поля боя, а ў байца пульс прамацваецца. Праз ладную дзірку ў чэрапе ішла кроў. Адправілі беспрытомнага ў астраханскі шпіталь. Дома ўжо і памінкі паспелі справіць. Калі Рыгор ачомаўся, сказаў сваё імя і адкуль ён, медработнікі напісалі ліст у беларускую вёску. Прывезлі яго са шпіталя слабым, за вухам, як казалі, «скура без косці іграе»... Далечвалі ў Мінску, куды павезлі на самалёце. Так ён і застаўся з парушэннямі: хадзіў няпэўна, рукі растапырыўшы... Пасля вайны нарадзіўся меншы сын, Толік-«пажарнік». Мянушку таму далі за адзін выпадак. Мужыкі навучылі малога страляць запалкамі, той вазьмі ды пачні дурэць з імі ў сваёй хаце. Загарэлася пасцель з падушкамі, ледзьве патушылі...

Мар"я жыла ў Цараўцах. Яе муж, Сямён Галагуцкі, не вярнуўся з фінскай вайны. Яна сама паднімала чатырох дзяцей, цярпела голад і нястачу. Сваякі, шкадуючы ўдаву, не раз насілі ім есці. Цётку запомнілі добрай і спагадлівай.

Наш дзядзька Алёша, меншы сын Нічыпара, ваяваў на Заходнім фронце, служыў на ваеннай хлебапякарні. Падчас фашысцкай акупацыі ён быў на крок ад смерці: хаваў у сваім гумне чатырох савецкіх не то дыверсантаў, не то разведчыкаў (былі апрануты ў нямецкую форму). Калі ворагі іх злавілі і забілі, то знайшлі ў кішэні лясіцкі адрас. Алёшу тут жа забралі ў слуцкую турму. Тады яго жонка Гэля з братавай пайшла ў горад, пазычыла ў заможнага случака залаты грош ды выкупіла мужа ў ахоўнікаў. Гэта адбылося ў чацвер, а на наступным тыдні, у аўторак, турма была вычышчана ад насельнікаў: усіх да аднаго расстралялі. Пазыку Гэля аддала, прадаўшы на базары кабанчыка.

Алёша ў калгасе працаваў конюхам, потым пастухом. Рана пахаваў жонку. Перажыў і сына Сашу, які прыжыўся на Урале, і дачку Нілу. Да глыбокай старасці дапамагаў дачцэ Тані па гаспадарцы, нават касіў. Пры пахаванні ранняй вясной 2009-га салдаты з мясцовай вайсковай часці аддалі яму чэсць як ветэрану Вялікай Айчыннай  – стрэлілі тройчы залпам, а аркестр прайграў Дзяржаўны гімн Беларусі.

АЙЧЫННАЯ
Выйшла так, што ў Лясішчы першымі даведаліся пра падзел Еўропы. Каранцін па яшчуры ўжо скончыўся, штаб скасавалі, а тэлефон у хаце Фёдара Кашавара быў яшчэ падключаны. Прыехалі тэлефаністы яго зняць, ажно хата зачынена: дарослыя на працы, дзеці ў школе... 17 верасня 39-га года ў 4 гадзіны раніцы дзяржаўны апарат зазваніў. Фёдар моўчкі выслухаў і кажа: «Вайна з Польшчай». Так лесішчане атрымалі першымі сакрэтную інфармацыю. Але праз два дні тэлефон такі знялі – згледзелі прамашку.

Міша Каржанеўскі працаваў на нафтабазе бухгалтарам. Калі ў 41-м аб"явілі мабілізацыю, на збор у Слуцк паехаў на веласіпедзе. Прыёмны пункт ад ваенкамата знаходзіўся ў педвучылішчы. Поўны двор людзей з рэчамі агледзела з неба нямецкая «рама», сфатаграфавала і перадала сваім. Наляцела шэсць бамбардзіроўшчыкаў, якія прыцэльна пакідалі ў двор бомбы. З прызыўнога пункта ўтварылася крывавая каша: загінула чалавек 600. А Міша якраз адышоўся з двара па патрэбе і таму не трапіў пад бамбёжку. На трэці дзень, у сераду, у Слуцку ўжо былі немцы. Яны найперш запатрабавалі ў насельніцтва здаць веласіпеды і паляўнічыя стрэльбы. Фёдар Кашавар узяў сына, накідаў на воз травы і паехаў па кінуты ў полі веласіпед зяця.

З успамінаў Аркадзя Кашавара.
«Фашыстаў поўна, ідуць суцэльнай сцяной на Бабруйск, мы з канём дарогу перасекчы не можам. Нямецкі афіцэр заўважыў гэта, спыніў калону і даў нам праехаць. Бацька кіўнуў яму ў знак удзячнасці. Увесь 14-ы гарадок абгароджаны жэрдкаміў тры рады і канавамі, а за ім мо тысяча коней. Зроблены насцілы, каб конь мог падысці да канавы і папіць чыстай вады. Мы веласіпед разабралі, сенам накрылі, увязалі ўсё ў капу і самі селі зверху».


Ёсць звесткі, што Міхаіла Каржанеўскага адправілі ў штрафную роту (з улікам дарэвалюцыйнай біяграфіі бацькі). Земляку перад боем сказаў: «Ты мяне толькі знайдзі, каб вочы закрыць. Па чупрыне мяне пазнаеш... » (У яго былі прыгожыя, хвалістыя, як у маці, валасы.) Настолькі адчуваў сваю смерць... Але на месцы бою зямля была ўздыблена, пераарана снарадамі, і цела майго дзядзькі не пахавалі, бо не знайшлі.

Мой бацька Толя, меншы сярод дзяцей, быў у вайну падлеткам. А ў 43-м ледзьве не замялі ў Германію дзеда Сцяпана (яму тады было 60 гадоў). Немцы акружылі базар і хапалі народ для адпраўкі, у ачапленне трапіў і дзед. Але і яго, як перад тым Алёшу Кашавара, са слуцкай турмы выратавалі сваякі.

Дзесяць чалавек з Лясішча загінулі на франтах Вялікай Айчыннай:
Аляксееў Міхаіл Васільевіч (няма звестак),
Валатовіч Канстанцін Ільіч (у 45-м, ва Усходняй Прусіі),
Грачок Ціхан Раманавіч (там жа),
Гурыновіч Кандрат Арсенцьевіч (у 44-м, пад Варшавай),
Гурыновіч Юрый Арсенцьевіч (там жа),
Капарыха Якаў Дзмітравіч (у 44-м у Прусіі),
Каржанеўскі Міхаіл Сцяпанавіч (у 45-м, там жа),
Красуцкі Андрэй Андрэеевіч (у 41-м),
Кудзёлка Сцяпан Фёдаравіч (у 44-м, у Эстоніі),
Кудзёлка Якаў Фёдаравіч (у палоне ў 44-м).
Усе яны ўпісаны ў кнігу «Памяць» Слуцкага раёна (2001).


Жывыя драбніцы.
Крэпскі Іосіф Серафімавіч, які пасяліўся калісь у фальварку, быў аднагодкам майго дзеда (з 1882 года). З сям'ёю ён выехаў на Устронь. Чалавек славіўся тым, што вырабляў гармонікі і выдатна іграў. Калі Фёдар Валатовіч перад вайной выдаваў замуж дачку, ён запрасіў музыку іграць на вяселлі. Той не мог адмовіць земляку. Прывёз з сабой чатырох памочнікаў, і надта добрае вяселле ўдалося.

У таго Крэпскага было восем дзяцей, сыноў пабралі на фронт, і падчас вайны сям'я атрымала тры пахавальныя. Яго жонка ад роспачы і шоку заснула і праляжала дзесяць дзён у летаргічным сне. Так і не прачнуўшыся, памерла. Мацярынскае сэрца не перанесла страты...

Людская памяць захавала і ганебныя старонкі вайны, звязаныя са службай у мясцовай паліцыі. Чалавек восем знаходзілася ў той «шайцы», сярод іх Пятрок В. Ён трапіў у палон і знаходзіўся ў слуцкім лагеры. Ганна Андрэева шукала сярод палонных свайго мужа, Красуцкага, і бачыла, як Пятрок біў сваіх – выслужваўся перад ворагам. Падчас акупацыі ажаніўся і жыў у разгуле, «заганяючы» з хаўруснікамі нямецкія прадукты. Сцяпан Грачок абураўся: «І тую ўласць грабілі, і гэтую абіраюць... »

Калі фашыстам пачало прыпякаць у пяты, хітры Пятрок скеміў, што пара з паліцыі даваць дзёру. Адзін доктар падвучыў яго прытварыцца хворым. Перад немцамі паліцай кульгаў і енчыў – быццам у яго невыносна баліць нага. Дабіўся, што яго камісавалі па стане здароўя, а потым выйшаў на партызан.

Трагічна ў канцы вайны загінуў дзед Нічыпар Кашавар. А справа была так. У Навадворцах стаяў батальён немцаў і вайсковая часць. Ім пры адступленні спатрэбілася шэсць падвод. З коньмі выправіліся Рыгор, Алёша і яшчэ чатыры мужыкі з вёскі. Стары Нічыпар прыйшоў і падмяніў сыноў – адзін з лясіцкіх суправаджаў нямецкія падводы.

Пад Баранавічамі абоз абстралялі партызаны, Нічыпар з навадворскімі пападалі ў канаву, пакідалі і коней сваіх, і немцаў – паўцякалі. Спыніліся нанач пры шашы, у Кіявічах. Нічыпара ўладкавалі ў вольнай хаце. І трэба ж было такому стацца, што нямецкі самалёт скінуў бомбу якраз на тую хату, і дзеда смяротна параніла. Землякі забралі яго пашпарт і вярнуліся дахаты, бо не ведалі, як дапамагчы чалавеку ў такіх абставінах. А дома тым часам аб"яўлена мабілізацыя, бо вораг ужо ля Брэста і фронт коціцца на Берлін. Бралі ўсіх, хто нарадзіўся з 98-га па 25-ы год. Рыгор з Алёшам якраз знаходзіліся на прызыўным пункце, калі ім паведамілі жахлівую навіну пра бацьку.

«САШЫК» КАПАРЫХА
Каб адшукаць паболей звестак пра родную вёску, я сустрэлася ў Мінску з земляком Капарыхам Аляксандрам Фёдаравічам (23-га года нараджэння). Ягоны дзед Іосіф Паўлавіч быў родам з Бокшыц, у вёсцы яго ўсе звалі выключна Ёсіпкам. Бацька Фёдар, як і дзед, быў на ўсе рукі майстрам, гаспадарку меў заможную. У сям"і было чацвёра дзяцей. Саша з дзяцінства быў гаваркім, жвавым, адрозніваўся лёгкім, вясёлым характарам (які, дарэчы, захаваў па сёння). Ён успамінае, як дапамагаў маці, Еўдакіі Васільеўне, пячы хлеб. Браў іголку з ніткай, ішоў у лес і абіраў там дубок. Лісты нізаў на нітку, надзяваў на шыю і так нёс дадому, каб пасля іх маці клала на лапату, пад буханкі. Калі Саша з братам адыходзілі на вайну, маці ранкам выграбла з печы забыты бохан хлеба. Яна палічыла гэта добрым знакам. Дала па кавалку сынам і сказала: «Хавайце пры сабе. Як бы цяжка вам ні было, а гэты хлеб вас зберажэ».

Так і выйшла. Абодвух раніла – і абодва засталіся жывымі. Але не будзем забягаць наперад.

Пры акупацыі пайшлі чуткі, што жанатых хлопцаў немцы ў Германію не забіраюць. Сашу 18 гадоў, маладзён, а бацька ўжо нявесту нагледзеў – Ніну Ярашэвіч, што жыла непадалёку. Прыгледзься, кажа, якая дзяўчына... А яны ні пра якія любошчы і не думалі. Перад вайной хадзілі ў Навадворцы ў клуб, дзе танчылі пад гармонік і «бубенчык». Вечарамі гаманілі на Нінінай лаўцы. Сябры, адным словам... «Ну і як яна табе? Мо ў сваты пойдам?» – не адставаў бацька. – Каб жа іншы хто не схапіў...» І ўгаварыў-такі сына. Бацька з шурынам бяруць гарэлку, хлеб у торбу – і з жаніхом да дзяўчыны. У той дома меншы брат, сястра з мужам, маці, а бацька іх памёр яшчэ да вайны. Не гатовай аказалася Ніна да такога павароту ў сваім лёсе. Азіраецца разгублена: «Не знаю я», – не можа вызначыцца. Тады родзічы мудра адышліся і пакінулі яе са сватамі, маўляў – думай сама, табе жыць... І дачка пагадзілася. «Калі ж вяселле?» – «На Тройцу».

Пярсцёнкі ім выплесквалі з жоўтых медных манет, шліфавалі, падганялі. Падчас вянчання ў слуцкай царкве людзі шапталіся: «А маладзенечкія якія...» Ніна трошкі вышай і кучаравая (і дзеці ў іх кучаравыя ўдаліся). З Вясеі нанялі аж сем музыкаў, гулялі на вуліцы. Пасля вяселля, расказвае Аляксандр Фёдаравіч, павялі маладых на ноч у чыстую палавіну. А маладая і просіць: «Пакуль я не прывыкну, не ўліюся ў вашу сям"ю – ты мяне не чапай. Ці мала што... » Два месяцы так было. І настолькі нявестка спадабалася бацькам, так «улілася», што стала як свая, як тут і нарадзілася! «Тата», «мама», паважлівая, работу з рук адбірае... Як такую не любіць? Мужа звала толькі «Сашык».

У 1944-м А. Капарыха пад Кёнігсбергам быў цяжка паранены. Ваяваў ён разам са стрыечным братам Яшам (яны прасілі камандзіраў, каб іх не разлучалі). Падчас бою аднойчы трапілі пад такі абстрэл, што галавы няможна было падняць.

Першым брата параніла ў руку разрыўнымі кулямі, потым Сашу – у абедзве нагі. Цэлы дзень яны ляжалі на полі бою. Вакол енчылі, храплі, качаліся – даходзілі байцы.

З успамінаў Аляксандра Капарыхі.

Выносіў мяне на спіне салдат з суседняй роты. Перамовіліся з ім, аказалася – случак, з Бярозаўкі, завуць Міша Шыловіч. Ён пытае: «Куды цябе раніла?» Кажу: «Многа ран».

Праз 30 гадоў на слуцкім базары перасёкся я з мужыком, бо і ў мяне «Запарожац», і ў яго. Разгаварыліся пра запчасткі, пра тое, хто куды паранены быў, дзе ваявалі... «А ты не той баец, у каторага многа ран?» Першы, атрымліваецца, мяне пазнаў! Абняліся, пацалаваліся... Некалькі разоў сустракаліся сем'ямі. Былі як свае... Памёр ён ужо.


Якаў Капарыха з вайны не вярнуўся. Аляксандр больш за год пракачаўся ў шпіталях. Раздробленыя косці на правай назе зрасліся няправільна, выходзілі асколкі, і жыццё было пад пагрозай. Медыкі напісалі бацькам: «Так і так, патрабуецца ампутацыя; не аднімем нагу – не выжыве». Бацькі адказалі: «Вам лепш ведаць, ратуйце як можаце».

З успамінаў Аляксандра Капарыхі.
23 лютага мяне на поездзе прывезла ў Слуцк медсястра. Я на пратэзе, з кастылямі, у зімовай салдацкай шапцы. Снегу ў нас – па пояс. Добрыя людзі знайшлі каня, падвезлі да дому. Маці галосіць, жонка абдымае...


Кожныя выхадныя былі ў клубе танцы. Я, праўда, упіраўся: «Куды я такі?» А жонка ўсё роўна выцягнула. Яна ж танцорка была, фізкультурніца... Лейтэнант падышоў, схіліўся перад ёю – запрашае. Яна ў мяне пытаецца: «Ісці?» Я дазволіў. Той і другі раз падступаў, але болей Ніна не пайшла з ім. Такая разумная была жанчына... Язаплакаў, дадому ідучы, а яна насварылася, каб не смеў раскісаць. І не такія з фронту вярталіся...

Трэба сказаць, што ў бядзе Аляксандра не пакідаў ніхто – ні сваякі, ні жонка, ні дзяржава. Бацька збудаваў сыну асобную хату, свінню даў з парасятамі, цешча выдзеліла цёлку. Дапамагаў муж старэйшай сястры Надзі – Сяргей Грачок, добры, душэўны чалавек. Праз год нарадзілася першая дачка, потым – хлопец, затым яшчэ дачка. Тры гады снілася вайна ў кашмарах, а потым адступіла. Жыццё наладжвалася. Жонка працавала ў Лясіцкай пачатковай школе, усіх пераросткаў павывучвала. Працу яму як інваліду падбіраў райсабес: устроілі ў брыгадзе кладаўшчыком. Усім распараджаўся Капарыха – фуражом, сіласам, камбікормам, і гэта з шасцю класамі адукацыі! Добра, што жонка навучыла карыстацца лічыльнікамі... З"ездзіў, кажа, чатыры бясплатныя «Запарожцы» і не меў звычкі, як іншыя, зазіраць у чарку. На такой жа выдзеленай дзяржавай машыне ездзіў вялікі сябра Капарыхі Міша Валатовіч, сын Мілі (жыў насупраць нашага дзеда), які з фронту вярнуўся без абедзвюх ног. І яму даверылі адказную пасаду – загадваць фермай. Можна сказаць, што два франтавікі і трымалі брыгаду. Моцная была, багатая ў Лясішчы брыгада. Племянных цялят 700 галоў, а яшчэ 300 – аўцаматак і бараноў. Пакінуў працу Капарыха па стане здароўя ў 80-х, калі калгас ішоў ужо да заняпаду. Ніны Юр"еўны не стала ў 2003 годзе. Перад смерцю, перанёсшы інсульт, яна на кухні абняла нечакана свайго «Сашыка», пацалавала і прамовіла: «Дарагі мой, за ўвесь век я табе не змяніла». Цяпер ён пад апекай дзяцей-мінчукоў, узімку – у горадзе, а летам – у роднай вёсцы.

МОМАНТ ІСЦІНЫ
Шэсць гадоў мне, вялікая, а бацькоў бачу рэдка – у Капыльскім раёне яны працуюць аграномамі, пачалі там будавацца. Верасень, мае сяброўкі збіраюцца ў школу, і я за імі следам: таксама хачу вучыцца. Настаўніца, здаецца, і выгляду не падала, што я там «незаконна». Аловак мне дала, сшытак, палачкі паказвала... Дні два гэтак «гуляла» я ў першакласніцу, пакуль хатнія хітрасцю не затрымалі мяне дома.

Эпізод гэты згадаўся мне падчас гутаркі з Аляксандрам Фёдаравічам. Пачала высвятляць: хто яшчэ мог там вучыць у пачатковых класах? І ўрэшце зразумела, што «вучылася» я ў Ніны Юр"еўны, яго любай жонкі! Усё неяк сышлося, склалася ў адну карціну: і як я шукала тэлефон земляка праз сястру Таццяну, і як дамаўлялася аб сустрэчы, і як блукала ў незнаёмым раёне, адшукваючы патрэбны дом...
Усе тыя шэсць гадоў, пакуль я вырастала з кашулек у дзедавай хаце, ён быў недзе блізка – суседам, таварышам нашага дзеда, сябруком Алёшы і Хведара Кашавараў. З яго сынам-аднагодкам мы, вядома ж, гулялі ў дзіцячыя гульні. Я ўглядалася ў прамяністы, усмешлівы твар старога, як быццам хацела выклікаць з падсвядомасці яго ранейшы вобраз – якім ён быў пяцьдзесят з лішнім гадоў таму...

Хоць майго дзеда Капарыха ведаў «як аблупленага», але расказаў пра яго мала. Запомніў толькі яго старым, панылым, калі той сядзеў на лаўцы пры сваёй хаце і ціха жаліўся: «Стараўся я, стараўся, рабіў, рабіў – і на калхоз, і на Алёшу... (Зяця. – Г. К.) Раней трэба было пакінуць. А цяпер няма сілы...» Што работнік ён быў рэдкі, усе гавораць. Кажуць, на працы не даваў вяскоўцам перакурыць. Маўляў, чаго сядзець дарэмна? Да бабулі Мані ён таксама не надта быў спагадлівым, і калі адышла яна па хваробе ў лепшы свет, гаварыў мужчынам: «Беражыце сваіх бабуль».

Вобраз дзеда з часам перацярпеў пэўныя змены і змяніўся ў бок больш рэалістычны. Вобраз бабкі Мані па-ранейшаму невыразны, цьмяны, хаця кажуць, што яна, нягледзячы на ўзрост, даглядала мяне добра і ўвогуле з людзьмі была выключна далікатнай. І толькі вобраз вёскі застаецца ранейшым. Яна стаіць у мяне перад вачыма такой, якой была тады. Зрэшты, не так ужо і змянілася Лясішча, хіба што даўно разбурыўся клуб, з"явіліся дачнікі ды апусцелі асобныя хаты. А людзі жывыя, пакуль іх памятаюць. І жывыя, і мёртвыя аднолькава жывяць свой род, а значыць – і народ.

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ
Восень 2009 г.

 

 

PS. Вядомая беларуская пісьменніца Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ ў сёлетнім жніўні адзначае свой высокі юбілей. Яе паэзія даўно палюбілася чытачам, але, напэўна, мала хто ведае, што першая публікацыя вершаў Галіны Анатольеўны прыпадае на 1967 год і дэбют гэты адбыўся ў «Маладосці».
З таго часу шмат падзей адбылося ў жыцці нашага аўтара, і найперш – гэта многа кніг у самых розных жанрах – ад філасофскай лірыкі да драматургіі. Нямала зроблена знакамітай пісьменніцай іў журналістыцы. А што тычыцца сённяшняй публікацыі ў гэтым нумары часопіса, дык, безумоўна ж, вельмі кранальна і ўхвальна, што ў свой юбілейны месяц душой і сэрцам ёй схацелася пабыць з той мясцінкай, дзе выпала нарадзіцца, дзе толькі-толькі завязвалася вялікае Жыццё. А як іначай? Усё ад родных крыніц ды палеткаў!
Рэдакцыя «Маладосці» сардэчна віншуе Галіну Анатольеўну Каржанеўскую з важкім юбілеем, жадае і надалей плёну ў творчай працы і вялікіх поспехаў ва ўсім, што дорыць з дня ў дзень жыццё!

МАЛАДОСЦЕЎЦЫ

 

 

Жалудовы хлеб
24.04.2013

Абодва Фёдаравічы, мае суразмоўцы (я не сказала, што Кашавар жыве ў Слуцку), болей апавядалі пра гаспадарчую сферу жыцця, пра ваеннае ліхалецце, пра лёсы аднавяскоўцаў. І толькі пры магчымасці другой публікацыі нарыса я заварушыла сясцёр: Нінку Лідскую (Рыльчыкаву), Ніну Слуцкую (Каржанеўскую) і Таню Гэліну, як мы ўсе іх завём. Прыставала па тэлефоне: раскажыце ды раскажыце… А пра што расказваць, калі ўсё жыццё складаецца з драбніц? Калі адышлі, аддаліліся ў часе родныя людзі разам з падзеямі, смуткам і радасцю, з пасляваенным горам і нястачаю… Калі болей турбуе сённяшняе – зношанае сэрца, дарагія дровы, халодная хата…

Якраз пасляваенны перыяд мяне цікавіў найболей. Але мае археалагічныя раскопкі ў памяці сясцёр былі не надта ўдалымі. Не ўсе захацелі туды вярнуцца, вярэдзіць дзяціныя раны. Найбольш ім запомніўся ўдзел у працы дарослых. Гадам к 15-ці дзяўчатам ужо давяралі ў рукі серп. Капалі з бацькамі торф. Палолі буракі, бульбу, грэчку, ячмень. «Уся калгасная праполка трымалася на дзецях і бабах», – расказвае Ніна Лідская. – Мы, падлеткі, асабліва стараліся, бо ў канцы дня параўноўвалі горкі вырванага пустазелля. У каго большая, таму і пачоту болей. Працавіцей за ўсіх была Мішава Ніна».

З асабістага.
Маё ранняе дзяцінства праходзіла сярод старэйшых сясцёр. Насціна Ніна, як і я, была змалку пакінута ў бабулі і нават скончыла ў Лясішчы пачатковую школу. З дзедам яна рашала задачкі, а бабу Маню адзін час звала мамай. З другога канца вёскі прыбягалі Гэліны дзяўчаты, Ніла з Таняй. Жывучы па суседству, ахвотна далучалася да кампаніі Мішава Ніна. Прыязджала з Ліды на канікулы меншая Насціна дачка, Галя. Так што дзедава хата звінела дзявочымі галасамі, ды і падмога старым была. Без унучак, думаю, 70-гадовай бабулі цяжка было б спраўляцца з гадавалым дзіцем.

Сёстры даглядалі мяне, калі бабуля была занята, вазілі ў драўляным вазку на поле, забаўлялі. Разам падрасталі, сталелі, потым – ужо раз"ехаўшыся – не абрывалі крэўнай сувязі і ўсё адна пра адну ведалі. Выразны дзіцячы ўспамін: дзяўчаты скрабуць дзеркачамі лавы і ўпрыгожваюць куты галінкамі перад Троіцай…


Сёстры запомнілі таксама голад, нястачу і традыцыйную для вёскі антысанітарыю. Міса, дзве лыжкі ды крывая вілка – уся сервіроўка стала. Чыгуны з вёдрамі – усё кухоннае начынне. Каб адшараваць яго рукамі, трэба немалую сілу прыкласці. У якасці лазні служылі драўляныя ночвы. У печы настойвалі попел для мыцця галоў. Бяднейшых данімалі вошы і глісты. Дзяўчаты вычэсвалі валасы частымі грабеньчыкамі над гарачай засланкай з печы. Сродкі гігіены тыпу духмянага мыла і туалетнай паперы былі недаступнымі. Якая папера, калі не ва ўсіх былі збіты з дошак прыбіральні?!

Жывыя драбніцы.
У канцы 20-ых з Палесся прывозілі белую гліну. Палешукі ехалі на вазах праз вёску і выгуквалі: «Каму галкі? Каму галкі?» Галкамі зваліся камякі белай гліны, якую заварвалі, а пасля бялілі печы і мылі бялізну. Бліжэй да вайны мыла навучыліся варыць самі.


Ідучы ў беларускую вёску, цывілізацыя дзесь затрымалася. Толькі на мяжы 60-ых правялі электрычнасць і радыё. Лазню збудавалі яшчэ пазней – калі ўзвялі воданапорную вежу. Праслужыла лазня не так доўга і пайшла ў нябыт разам з калгасам. Такі ж лёс спасціг і мясцовы клуб. Не хапала ўсяго: прасцін, адзення, абутку, посуду. З лекаў ведалі адзін ёд. Ніхто не чуў пра матрасы. Згадайце: у 1961 годзе паляцеў у космас першы касманаўт. Пры Карыбскім крызісе было чым рэальна пагражаць амерыканцам. Так што з інжынернай думкай і ўзбраеннямі ўсё было ў парадку. Больш дзесяці вайсковых гарадкоў вакол аднаго толькі Слуцка – гэта таксама шмат пра што гаворыць.

Калгаснікі рэдка бачылі «жывыя» грошы – ім налічвалі працадні, на якія выдавалі зерне і іншае. Сем"і трымаліся на кармільцах – мужчынах, а ўдавы гаравалі як ніхто. Ева Шкураіха (Аляксеева) засталася адна з чатырма дзяўчатамі. Звалі яе не па імені, а па мянушцы мужа-прымака. Пра таго гаварылі: «Не наш, бо гаворка інакшая». Свае казалі «паганяй каня», а той –«пашкурай каня».

З успамінаў Ніны Рыльчыкавай.
Шкураіха жыла каля нашага дзеда. Прыйшла я да сваіх сябровак-аднагодкаў, а ў іх сняданак. На стале неабіраная бульба і рэдзька, парэзаная на кавалкі і палітая малаком. Цудам яны захавалі карову, а вось сала бачыць не даводзілася. Вяла аднаго разу суседка чужога каня ў свой двор. Той ля варотаў паслізнуўся ды ўпаў. Няшчасная жанчына аж зайшлася над гэтым канём, бо не магла яго падняць. Вось што такое застацца без гаспадара…

І ў Гані Грачок дзяцей было поўна, дык яна ўвесну мерзлую бульбу збірала на крухмал. У Хрысціны Гурыновіч тры дачкі асірацелі, а яшчэ ж, як на тое, пацякла хата. Далі ёй з калгаса кулёвай саломы, каб залатаць страху. Як праводзілі ім святло, электрык дзівіўся: «Божа мой, як яна жыве, гэтая жанчына? Не вазьму з яе ні капейкі, хай хаця дзяўкам райтузы купіць».

Лепш за іншых пачувалася хіба Мішава ўдава Ева. І сама настаўнічала (ездзіла на цягніку аж за 35 км), і бацька нядрэнна зарабляў, стаўляючы ў наваколлі зрубы заместа спаленых хат, і брат дапамагаў. А пасля другі раз выйшла замуж – за Самусевіча Дзмітрыя. Пра яго гаварылі: «Каралём быў – што на рабоце, што выпіць, што ў валейбол пагуляць. Тараноўкі жонцы прыносіў». З Евіных блізнят выжыла адна Соня. І застаўся горкі ўспамін: калі адзначалі радзіны першай іх дачкі, Ніны, грымнула вайна. Пачалася бамбёжка, і ўсе – бацькі, кума, госці – разбегліся па канавах.

Адно, што на той час было добра, – клопат пра інвалідаў вайны. Іх улада «глядзела добра»: ад саюзнікаў перападаў так званы рацыён з кансервамі, у спецкраме ў Навадворцах выдавалі дыетычнае мяса (індычыну, трусяціну), па талонах выдавалі муку. А ў краме маглі адмераць не 5, а 10 метраў тканіны, хоць чарга і хвалявалася.

Усё гаспадарчае і культурнае жыццё лесішчан круцілася вакол Слуцка. (У Сліву адно дзеці хадзілі ў школу.) Горад ёсць горад – там і базар, і царква, і аптэка, і магчымасць зарабіць, і сваякі ў многіх. Акрамя таго, па дарозе знаходзіўся сельскі савет у Навадворцах. Прадаць яйкі, свежыну, купіць соль і запалкі – толькі ў Слуцк. На вуліцу Пралетарскую (цяпер Валадарскага) ездзілі «ў наймы да жыдоў»: церабілі буракі, пілілі, складвалі дровы. Вазілі на продаж адборны «беразак». Якраз на гэтым моманце А. Капарыха зрабіў важнае ўдакладненне: пракаветныя лясы вакол нашай вёскі знішчыла ваеншчына пад палігоны і стрэльбішчы. Вучылілся страляць у бок Некрашэўскага лесу, што знаходзіўся паміж Лясішчам і Новым Дваром. Жанчыны з дзецьмі хадзілі туды па буякі і чарніцы. Быў выпадак, калі адну падстрэлілі. Пасля вайны мужчыны бралі кашы і ездзілі ў лес пад жалуды, якія малолі і дабаўлялі ў корм свінням. Бяднейшыя спрабавалі пячы жалудовы хлеб. Дзіўны быў на выгляд, чырванаваты. «Я папрасіў у хлопцаў паспытаць. Есці можна, толькі гарэніў», – працягвае апавяданне Аляксандр Фёдаравіч. Цяпер на месцы былога лесу чыстае поле.

У царкву лесішчане хадзілі «на востраў». Шчырымі верніцамі былі Варвара Красуцкая, Зося Кашавар, Аўдоцця Капарыха. Яны трымалі строгі пост, наведвалі ўсяночныя, хрысцілі і прычашчалі дзяцей. На вялікія святы да іх далучаліся мужы. Старая Свята-Міхайлаўская царква захавалася па сёння і мае статус саборнага храма.