Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 04.09.2009)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 04.09.2009)

27.05.2013

У ХV стагоддзі ў старажытным Слуцку актыўна забудоўваўся пасад. На правым беразе Бычка новыя пабудовы сталі ўзнікаць у паўночным і ўсходнім напрамках, кальцом «абдымаючы» горад. На другім беразе Случы таксама з"явіліся паселішчы – за ракой, таму атрымалі назву Зарэчча, або Новае месца (горад). Тут у ХVІ стагоддзі пабудаваны новы замак (цытадэль), уезд у новы горад, як і ў стары, ішоў праз вароты, якія называліся Новамейскімі.

Планіроўка вуліц і жылых кварталаў у Новым горадзе адрознівалася большай дакладнасцю і праматой ад тых, што раней з"явіліся ў старым горадзе. Галоўныя вуліцы – Новамейская (цяпер – М. Багдановіча) і Сенатарская (цяпер – Камсамольская). Новамейская ішла ад моста праз раку Случ да Новамейскіх уязных варот. Новамейскія вароты з"явіліся пазней, чым Капыльскія і Астроўскія, таму адрозніваліся ад іх дасканаласцю і прыгажосцю. Складаліся яны з трох ярусаў: у першым ярусе – арачны праезд з бакавымі памяшканнямі для варты, у другім – варатарная царква, у трэцім знаходзіліся дазорныя. Вароты завяршаў купал з флюгерам і фігурным крыжам. Як пацвердзілі даследаванні, Новамейскія вароты – адзін з лепшых помнікаў драўлянай архітэктуры Слуцка. Цікавы і той факт, што аўтар іх праекта – слуцкі князь Багуслаў Радзівіл, аб чым сведчаць захаваныя эскізы і замалёўкі.

Тэрыторыю Старога і Новага горада акружалі абаронныя збудаванні: роў, напоўнены вадой, і земляны вал. У кожнай частцы горада былі свае невялікія рынкі, нават мост цераз раку Случ, ад якога пачыналася Новамейская вуліца, быў таксама гандлёвым месцам. На ім з абодвух бакоў размяшчаліся лаўкі з таварам. У тыя часы так было ў многіх еўрапейскіх гарадах, напрыклад, у Лондане.

З часам Новамейская ўсё больш і больш забудоўвалася, павялічылася яе працягласць, з"яўляліся і разбягаліся ад яе налева-направа іншыя вуліцы і вулачкі. У 1767 годзе ў Старым і Новым горадзе было ўжо 38 вуліц, 4 вулачкі і 2 завулкі.

У канцы ХVІІІ стагоддзя вуліца Новамейская атрымлівае новую назву – Маставая. Раён па абодва бакі ад вуліцы, пачынаючы ад цяперашняй вуліцы Талстога з тэрыторыямі 10-га гарадка і бальніцы, называўся Выгода. Назва пайшла ад слова «выгада» (карысць, перавага) і ў памяці многіх старажылаў захавалася да гэтага часу. На самай справе месцы тут былі цудоўныя – урадлівыя землі, рака, непадалёку – гімназія, рынак і так далей. Землі належалі памешчыкам. А паколькі да канца ХІХ стагоддзя – пачатку ХХ стагоддзя праяўлена вялікая цікавасць да новай галіны сельскай гаспадаркі – садаводства, то на Выгодзе закладзены два вялікія прыватныя сады: адзін – у раёне завулка Чапаева, другі – у раёне завулкаў М. Багдановіча і Чайкоўскага. Добры сад быў таксама і ў памешчыка Гаховіча ва ўрочышчы Горкі (раён былога масласырзавода). Да пачатку Першай сусветнай вайны садаводства насіла ўжо гандлёвы характар, у Мінскай губерні крыху больш за палову ўсіх садоў прыходзілася на Слуцкі павет – 590 з 1 135. Яркія ўспаміны пра гэту частку горада пакінуў беларускі пісьменнік Максім Лужанін у сваёй кнізе «Трое: аповесці, апавяданні, эсэ», выдадзенай у 1989 годзе. Ён пісаў: «Выгода – адна даволі шырокая брукаваная вуліца з мостам цераз раку і завулкамі, уся ў садах, з добрымі агародамі. Сюды траплялі мы, едучы з Цароўцаў, проста ў абдымкі перакупак і перакупшчыкаў, якія стаялі паабапал вуліцы і церабілі прыкрытыя гунькамі прыпасы на вазах. Што ёсць на продаж? А прадаваць везлі певуноў, масла, яйкі, падсвінкаў, сыры, вішні, яблыкі. Усё гэта дабро і стараліся перахапіць у свае рукі дробныя гандляры, каб потым узяць на колькі капеек даражэй на гарадскім рынку».

Вернемся да назвы вуліцы Маставая: яна праіснавала да 1919 года. Калі ў горадзе пачалося перайменаванне вуліц, Маставую назвалі ў памяць пра народнага камісара па справах друку, прапаганды і агітацыі савецкай краіны В. Валадарскага (1891–1918 гады жыцця), якога забілі эсэры ў Петраградзе. У народзе вуліцу называлі Валадарская, Валадарка. У 20–30-я гады ХХ стагоддзя тут размяшчаліся некалькі магазінчыкаў, прамарцелі, на скрыжаванні з Віленскай – пякарня, а таксама быў пабудаваны новы масласырзавод, які ў 1937 годзе выпусціў сваю першую прадукцыю.

У гэты перыяд горад меў вялікае ваенна-стратэгічнае значэнне, бо ў 30–40 кіламетрах ад яго праходзіла граніца з Польшчай. У сувязі з гэтым у 1932 годзе ў Слуцк перадыслацыравана 4-я кавалерыйская дывізія, пачалося будаўніцтва ваенных гарадкоў, казармаў, складоў, канюшняў, жылых дамоў. Так, на вуліцы Валадарскага ўзніклі 10-ы і 13-ы ваенныя гарадкі, крыху правей – 9-ы. Для сем"яў ваеннаслужачых пабудаваны двухпавярховыя цагляныя дамы з адметнай асаблівасцю – выпуклай зоркай на франтоне (захаваліся і цяпер; на здымку). Вуліца добраўпарадкоўвалася: па-новаму замасцілі дарогу, зрабілі дадатковае асвятленне, у яе пачатку на беразе ракі пабудавалі лазню.

Павялічвалася ў горадзе і колькасць насельніцтва: у 1939 годзе ў Слуцку жылі 21 947 чалавек. У прыватным сектары вуліцы Валадарскага жыло нямала яўрэйскага насельніцтва. У гады Вялікай Айчыннай вайны на гэтай вуліцы акупанты стварылі рабочае гета.

У Слуцкім краязнаўчым музеі знаходзіцца многа матэрыялаў аб акупацыйным перыядзе. Сярод іх – успаміны жыхароў Айзіка Майсеевіча Рывіна і Рыгора Юдалевіча Шмярковіча: «Першы масавы расстрэл яўрэйскага насельніцтва адбыўся ў пачатку кастрычніка 1941 года, калі з так званага рабочага гета (знаходзілася на вуліцы Валадарскага) было вывезена ў Гараваху (лясок недалёка ад Слуцка) звыш 500 чалавек. У асноўным гэта былі старыя, якіх там расстралялі. Вывезлі іх падманным шляхам: сказалі, што паедуць капаць бульбу. І ўсе каштоўныя рэчы яны павінны былі здаць па спіску на захаванне. На машыны фашысты кідалі лапаты і кошыкі. Аднак з гэтай «бульбы» ніхто не вярнуўся… У красавіку 1942 года, у дзень вялікага яўрэйскага свята, з рабочага гета людзей пехатой пагналі ў лес. Іх было некалькі соцень… Хто падаў – адразу забівалі, астатніх расстралялі ў лесе.

…Для рабочага гета была ўстаноўлена так званая «крывавая гадзіна». Пасля работы людзей строілі каля банка (на вуліцы Урыцкага) і бягом гналі да вуліцы Валадарскага. Там расчышчалі пляцоўку, потым зноў бягом – на насілках з яўрэйскіх могілак неслі помнікі для фундаментаў. Людзі не вытрымлівалі, падалі. На іх пускалі сабак, білі…».
На помніках-фундаментах на вуліцы Валадарскага былі пабудаваны чатыры вялікія будынкі. Тры з іх захаваліся да цяперашняга часу: будынак друкарні, былога ваенкамата, цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі.

У 1944 годзе праз Слуцк праязджаў вядомы пісьменнік, у тую пару карэспандэнт газеты «Чырвоная зорка» Канстанцін Сіманаў, які быў узрушаны ўбачаным. У сваім палявым блакноце ён напісаў, што ў беларускім горадзе Слуцку ён убачыў такое варварства і дзікунства, якога свет яшчэ не ведаў: будавалі на надмагільных помніках.

У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі ў механічным цэху масласырзавода была арганізавана антыфашысцкая група, ініцыятарам і кіраўніком якой быў слесар Д.І. Шышкін. У яе ўваходзілі: слесар А.І. Асвецімскі, памочнік механіка С.С. Сідоранка, А. Шышкіна, М. Сідоранка, А. Калацілкіна, галоўны інжынер Б.А. Лічман, галоўны тэхнолаг Паддымава, М.П. Курасава. У 1943 годзе па заданню райкама партыі яны зрабілі дыверсію: знішчылі тэхналагічнае абсталяванне і вялікія запасы прадукцыі. Пасля гэтага падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Фашысты да канца акупацыі так і не змаглі аднавіць завод.

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі адразу ж была створана спецыяльная будаўнічая брыгада завода з 11 чалавек. Узначаліў яе брыгадзір Н. Мароз. Спачатку аднавілі кісламалочны і прыёмны цэхі, потым – кацельню і воданапорную вежу. У выніку самаадданай працы ў тым жа 1944 годзе завод даў першую прадукцыю. Да 7 лістапада 1947 года аднаўленне завода завяршылі.

Шмат бед і разбурэнняў прынесла Вялікая Айчынная вайна. Разам з іншымі быў разбураны і будынак гарсавета, таму пасля вызвалення Слуцка гарсавет і яго камунальны аддзел размясціліся ва ўцалелай лазні. На вуліцы Валадарскага, у адным з памяшканняў, пабудаваных фашыстамі (цяпер там – цэнтр тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнцкай моладзі), размясцілася гасцініца, у 1946 годзе адкрыўся дзіцячы дом для дзяцей вайны, тут была арцель мылавараў «Першае мая» і іншыя. У 1952 годзе прыкладна ў раёне цяперашняга ўніверсама пачалося будаўніцтва новага памяшкання інкубатарнай станцыі на тры інкубатары. Кожны з іх умяшчаў 39 тысяч яек. Падагрэў, вентыляцыя і іншыя працэсы былі аўтаматызаваны.

Ішлі гады, горад мяняў сваё аблічча. З"явіліся новыя будынкі на вуліцы Валадарскага: прасторныя памяшканні будаўнічага трэста, фабрыкі мастацкіх вырабаў, дзіцячага сада завода «Эмальпасуда» (зараз – дзіцячы сад № 13), рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, філіяла інстытута «Мінсксельбудпраект», вузла сувязі, дзевяціпавярховы дом з магазінам і іншыя. Знесены старыя пабудовы магазіна і паштовага аддзялення, інкубатарнай станцыі, а на іх месцы пабудаваны бар (пазней рэканструяваны ў рэстаран «Случ»), універсам, пяціпавярховы дом.

У 1991 годзе па рашэнню гарадскога выканаўчага камітэта вуліца ў чацвёрты раз за гады існавання памяняла назву, цяпер гэта вуліца М. Багдановіча. Знакаміты паэт Максім Багдановіч (1891–1917 гады жыцця) у 1912 годзе прысвяціў слуцкім ткачыхам верш, апеў іх высокае майстэрства і любоў да роднага краю: яны знайшлі адлюстраванне ў нацыянальных узорах на шаўковых, сярэбраных і залатых палотнах паясоў – шэдэўрах беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХVIII стагоддзя.

У 90-я гады ХХ стагоддзя аблічча вуліцы М. Багдановіча працягвае мяняцца. Расфарміроўваюцца ваенныя гарадкі, у асобных іх будынках, на тэрыторыях размяшчаюцца камерцыйныя структуры, прыватная аўтазаправачная станцыя, у былым салдацкім клубе – царква Святых Касмы і Даміяна. У 1995 годзе на беразе ракі, перад лазняй, будуюць капліцу Святой Вялікай пакутніцы Варвары (архітэктар А. Верычаў), а ў 2000 годзе амаль побач з"явіўся помнік Святой Сафіі Слуцкай (скульптар М. Інькоў, архітэктар М. Лук"янчык). Вакол добраўпарадкоўваецца тэрыторыя, гэта месца становіцца любімым для многіх гараджан.

Маштабныя работы па добраўпарадкаванню вуліцы зроблены ў перыяд падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2005»: знесена лазня, абсталяваны набярэжныя Случы і Бычка, з"явіліся пешаходныя дарожкі, лаўкі для адпачынку, новыя тратуары з газонамі і кветкамі.

 

Валянціна ВІДЛОГА