Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 28.09.2007)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 28.09.2007)

27.04.2013

Мы працягваем, шаноўныя чытачы, нашу вандроўку па вуліцы Капыльскай.

Пасля рэвалюцыі
Пачатак XX стагоддзя азнаменаваўся ўздымам рэвалюцыйнага руху. І базарная плошча стала адным з актыўных месцаў распаўсюджвання лістовак, правядзення забастовак і мітынгаў. Многія маладыя людзі з Капыльскай і Школішча прымалі актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Менавіта тут, на базарнай плошчы, у нядзелю, 29 кастрычніка 1917 года, адбыўся мітынг, на якім было аб’яўлена аб перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі і пераходзе ўлады да ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. У Слуцкім павеце савецкая ўлада была ўстаноўлена мірным шляхам.

У 1919 годзе ў горадзе перайменавалі многія вуліцы. Атрымала новую назву і Капыльская – у гонар дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Расіі Майсея Саламонавіча Урыцкага. Нарадзіўся ён у 1873 годзе ў Чэбаксарах у сям’і купца, атрымаў адукацыю юрыста. Быў членам ваенна-рэвалюцыйнага партыйнага цэнтра па кіраўніцтву ўзброеным паўстаннем. Пасля рэвалюцыі ён – камісар Міністэрства замежных спраў, старшыня Петраградскага НК. У 1918 годзе М.С. Урыцкі забіты эсэрам. Новая назва вуліцы – імя Урыцкага – «прыжывалася» доўга, у народзе яе называлі Урыцкая.

У пачатку 1920 года, калі Случчына была акупіравана белапалякамі, на вуглу Урыцкай і Балотнай (цяперашняя Жукава) у доме каваля Трайчанскага адбылася I – я павятовая падпольная канферэнцыя бальшавікоў. У гэтым доме і раней праводзіліся сходы падпольшчыкаў – вельмі ж зручным і зацішным было месца. Днём шумела полымя і грымеў молат аб накавальню, а ноччу абмяркоўвалі падпольшчыкі свае далейшыя дзеянні па барацьбе з акупантамі, складалі тэксты лістовак і зваротаў да працоўнага народа.

У кастрычніку 1920 года Случчына была вызвалена ад белапольскіх акупантаў войскамі Чырвонай Арміі пры актыўным удзеле партызан. Пачалося мірнае сацыялістычнае будаўніцтва, працоўныя прыступілі да аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі.

Горад развіваецца
У 1922 годзе ў горадзе ствараецца санітарная служба – процімалярыйная станцыя, а ў 1929 годзе для яе на вуліцы Урыцкага быў пабудаваны новы аднапавярховы будынак, які з часам «аброс» прыбудовамі і паверхамі: зараз гэта – Слуцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У тым жа годзе завершана і рэканструкцыя мукамольнага завода «Прагрэс», які стаў даваць да 50 тон мукі ў суткі і дзе працавалі ўжо 50 рабочых.

У 1930 годзе ствараецца арцель па вырабу мэблі: сталоў, кушэтак, матрасаў, канцылярскіх шафаў. Пазней яна атрымае імя Молатава. На Урыцкай у гэты ж перыяд пачаў працаваць каўбасны цэх арцелі «Чырвоная зорка».

У сярэдзіне 1930-х гадоў рынак пераносіцца на гарадскую ўскраіну, а на яго месцы з’яўляецца сквер і будуецца цагляны будынак Дома Саветаў. У 1937 годзе перад ім устанаўліваецца помнік У.І. Леніну скульптара А. Бембеля. Плошча атрымала назву – плошча Леніна, нават афіцыйна такі паштовы адрас існаваў да 50-х гадоў XX стагоддзя.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў самым пачатку цяперашняй Капыльскай знаходзілася ашчадная каса (на гэтым месцы цяпер – жылы дом з харчовым магазінам), а за Домам Саветаў была пякарня, недалёка ад яе, бліжэй да вуліцы – станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, далей за былым банкам у буцынку з чырвонай цэглы – скурдыспансэр (цяпер – жылы дом), насупраць яго – двухпавярховы жылы дом (адзін паверх займаў начальнік каўбаснага цэха Сямён Вендраў са сваёй сям’ёй; цяпер гэта будынак ЖЭУ-1).

Ішла вайна…
У час Вялікай Айчыннай вайны гарадская плошча моцна пацярпела, у тым ліку і вуліца Урыцкага. Школішча набыло новую назву – гета. Фашысты абнеслі яго калючым дротам, пабудавалі баракі і сагналі туды больш за тры тысячы яўрэйскага насельніцтва. Уваход быў за будынкам цяперашняй бібліятэкі. Яно стала страшным месцам масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Зараз за бібліятэкай устаноўлены памятны знак ахвярам гета.

Жорсткасці фашыстаў не было межаў. У 1943 годзе падпольная газета «Народны мсцівец» пісала: «…Зусім другім стаў Слуцк цяпер. Фашысцкія варвары разбурылі, зруйнавалі прыгожыя пабудовы… Горад абязлюдзеў…

120 чалавек рабочых працуюць на Слуцкім мэблевым камбінаце. Большасць з іх – падлеткі 14–16 гадоў. Гаспадар камбіната немец Саксамаер немаверна здзекуецца з рабочых. У гэтага ката ёсць аўчарка. За малейшы праступак, а часта без віны, ён збівае рабочых, сабака кусае іх. Нядаўна Саксамаер збіў рабочага Алісейчыка Пятра, аўчарка парвала вопратку і пакусала яго. 7 дзён Пётр не мог падняцца.

Па спіне кожнага рабочага пахадзіў кнут…».

Паўстала з руін
Пасля вызвалення Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад ляжаў у руінах (на здымку). Усе сілы працоўных былі накіраваны на аднаўленне народнай гаспадаркі. «За 44 дні аднавілі млын, – успамінае А.С. Пужэвіч, – трэба даваць насельніцтву муку». У 1952 годзе пабудавалі яго 4-павярховы будынак з цэглы, некалькі новых складскіх памяшканняў, помпавую станцыю, два жылыя дамы на вуліцы Урыцкага для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў мелькамбіната. Гэта вялікая будоўля выпала на долю дырэктара Марозава. Да 1948 года рэканструявана гарадская плошча. Мянялася аблічча горада, а разам з ім – вуліцы. У 1956 годзе мэблевая арцель была рэарганізавана ў фабрыку. Новыя прыватныя дамы з’явіліся на вуліцы, яе даўжыня хуткімі тэмпамі павялічвалася. Зараз вуліца Капыльская практычна «злучылася» з Лучнікамі.

Бойкай гандлёвай кропкай на вуліцы Урыцкага быў маленькі драўляны магазінчык. Называлі яго «мельннчным», бо знаходзіўся ён каля мелькамбіната, млына. Мне ён вельмі добра запомніўся: у продажы былі і хлеб, і селядцы, і кізілавае, яблычнае павідла ў бочках, і цукеркі. Запомніўся ён і вялікімі чэргамі і таўкатнёй у 60-х годах XX стагоддзя. У той перыяд «каралевай палёў» стала кукуруза. I хлеб, і булкі пяклі з яе, а смачнымі яны былі толькі свежыя, бо назаўтра станавіліся «драўлянымі»…

У 1991 годзе па прапанове дэпутатаў гарадскога Савета выканкам прыняў рашэнне аб вяртанні Урыцкай папярэдняй яе назвы – Капыльская. Насельніцтва прыняло гэта рашэнне з адабрэннем.

 

В. ВІДЛОГА