Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 24.11.2001)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 24.11.2001)

13.02.2013

Калонія
Працягваючы нашу вандроўку па старых кварталах горада, хачу нагадаць пра такую незвычайную, але добра вядомую старажылам назву «Калонія» (у 1920–30-я гады – Калёнія). Менавіта так называлася частка Слуцка, якая займала тэрыторыі сучаснай гімназіі (СШ № 1), вул. Вечаркевіча з прылягаючымі завулкамі Вядомы беларускі пісьменнік Янка Скрыган у сваёй кніжцы «Кругі» апісваў гэты квартал так: «Это была, можно сказать, уже городская окраина н называлась она Колонией. Круто спустившись с пригорка, широкая городская улица неожиданно разбивалась на улочки и закоулки. Они извилисто петляли то влево, то вправо, шли то вдоль, то поперек, так что недолго было в них и запутаться. Однако к одному зданию, мрачному, низкому, раздавшемуся вширь, довольно удобно расположившемуся среди этой неразберихи, вел деревянный тротуар, настланный на толстых бревнах. Он тоже петлял то влево, то вправо, и все же само существование тротуара ясно говорило о том, что здание это стоит здесь по воле случая, что оно – городское. Даже двор его, тоже широкий и просторный, был обсажен молодыми тополями и кустами сирени... заниматься нам прншлось на Колонии...» Але чаму ўзнікла такая назва, з якімі падзеямі яна звязана? Каб разгадаць яе таямнічасць, давайце заглянём у гісторыю.

1617 год. У Слуцку князем Янушам Радзівілам, мужам княгіні Сафіі Алелькавіч, заснавана гімназія, дакладней – кальвінісцкае вучылішча. Месца для яго будаўніцтва было выбрана зручнае і маляўнічае. Побач знаходзіўся княжацкі парк (цяпер тэрыторыя гарадской кацельні). Над рэчкай – сад, у якім крыху пазней былі пабудаваны жылыя памяшканні для настаўнікаў.

Да сярэдзіны XVII ст. колькасць пабудоў павялічылася: тут былі ўжо інтэрнат для навучэнцаў, дамы для настаўнікаў і інш. Вось менавіта тады, а можа крышку і пазней, з'явілася назва Калонія, бо, як вядома, месца жыхарства асобных людзей, якія пасяліліся з канкрэтнай мэтай – лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай – называлася калоніяй. А тут, як вядома, жылі і працавалі настаўнікі. I гэта частка горада стала называцца Калоніяй, у 20–30-я гады – Калёніяй.

Ёсць падставы меркаваць, што сярод іншых тут нейкі час жылі вядомыя педагогі-гуманісты Р. Адамі, А. Музоніус і А. Дабранскі, якія выкладалі ў вучылішчы і у 1628 годзе тут, у Слуцку, напісалі статут слуцкай школы, а выдадзены ён быў у Любчы на лацінскай мове. У ім ёсць такія радкі: «...Чысціня неба, урадлівасць глебы, багацце лясоў, садоў, рэк, лугоў у гэтым ласкавым клімаце настолькі вялікія, што можна падумаць, быццам шчодрымі рукамі самой прыроды, музамі і грацыямі ўсё гэта ад самага пачатку было выхавана і ўпрыгожана... У такіх умовах лёгка развіваюцца вялікія таленты...» I сапраўды, словы вялікіх педагогаў спраўдзіліся. З гімназіі на Калёніі выйшла шмат знакамітых людзей. Гэта – пісьменнікі А. Плуг, А. Абуховіч, А. Белабоцкі, Э. Даукша, педагогі Т. Граткоўскі, Л. Сеўрук, У. Ільін, I. Капіевіч, які быў настаўнікам Пятра I, медыкі С. Ачапоўскі, А. Бржазоўскі, А. Красоўскі, Г. Кулакоўскі, А. Ярэміч, вядомы эканаміст і юрыст С. Аскерка, канструктар у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў С. Косберг, артыстка Л. Барташэвіч і інш.

У 1852–54 гг. быў пабудаваны мураваны будынак па праекту прафесара Віленскага ўніверсітэта архітэктара К. Падчашынскага. Дарэчы, копія гэтага праекта зараз знаходзіцца ў нашым музеі.

Назва Калёнія праіснавала амаль да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Што цікава, у пісьменніцы А. Васілевіч, нашай зямлячкі, захаваўся фотаздымак 1938 года з надпісам «Интернат № 2 Слуцкого педучилища. Колония». Значыць, назва яшчэ існавала. Аб гэтым сведчаць і старажылы. З даўніх часоў тут, на Калоніі, жылі, а асобныя сем'і і цяпер жывуць: Пражогі, Міладоўскія, Багінскія, Сакалоўскія, Пятроўскія, Дзялендзікі, Дубовікі.

Галоўнымі славутасцямі Калоніі з XVII ст. былі гімназія і кальвінісцкі храм, які стаяў побач з ёй. У XIX ст. ён быў ужо мураваны. Менавіта такім можна ўбачыць яго на старых паштоўках з відамі гімназіі. У часы Вялікай Айчыннай вайны храм быў разбураны, заставалася званіца. Яшчэ ў 1949 годзе дзеці гулялі там у хованкі. Потым, калі расчышчалі ад развалін тэрыторыю, яе разабралі. У 30-я гады на Калоніі знаходзіўся інтэрнат педтэхнікума, пазней, у 1954 г. – вучылішча СПТВ-209, але тады яно называлася інакш – вучылішча № 9. Гэта былая Палажэвіцкая школа механізацыі, якая была пераведзена ў Слуцк і перайменавана.

В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея