У нас на сайте
Ссылки

 

 

 

 

 Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

  

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Да 160-годдзя з"яўлення ў Слуцку чацьвертага замка.

07.09.2022

 

У часы даўнейшыя, гістарычныя, у Слуцку было тры замкі. Самы стары – Верхні (Горны), вытокі якога ад пачатковай гісторыі Слуцка, бо гэта быў рэканструяваны і яшчэ больш умацаваны на пачатку XVI ст. старажытны дзядзінец. Другі – Ніжні (Дольны) замак, які з'явіўся таксама на пачатку XVI ст. і размяшчаўся побач з Верхнім. Абодва служылі рэзідэнцыямі ўладароў краю – слуцкіх князёў, у Верхнім таксама знаходзілася галоўная праваслаўная царква – Успенскі сабор. У XVII ст. у Зарэччы (Новым Слуцку) пабудавалі Новы замак (цытадэль). Тут было месца размяшчэння прыватнага войска слуцкіх уладароў.

 

160 гадоў таму, у 1862 годзе, у Слуцку з'явіўся яшчэ адзін замак. Але прызначаўся ён не для прывілеяваных асобаў або воінскай муштры, бо гэта быў турэмны замак, і мелі права тут бавіць час вядома хто.

 

Былі ў Слуцку турмы і ў часы ранейшыя. З гістарычнай літаратуры можна даведацца, што зняволеных княжацкай адміністрацыяй трымалі ў скляпеннях замкавых веж альбо брам. Пазбаўленыя волі магістратам трымаліся ў скляпеннях ратушы, вінаватыя вайскоўцы – у цытадэлі. Горад меў Магдэбургскае права, таму справы затрыманых мяшчан разглядаў магістрацкі суд. Духоўныя асобы і залежныя ад царквы людзі падлягалі царкоўнаму суду, для іншых дзейнічаў замкавы княжацкі суд. Прызначанае пакаранне асуджаным здзяйсняў кат (у сярэдзіне XVII ст. іх у Слуцку было нават два) і яго памагаты гіцаль.

 

У канцы XVIII ст. па загадзе рускага цара Паўла I на заходнім ускрайку, за земляным абарончым валам Старога горада, пачалі будаваць казарму на тысячу салдат і астрог для злачынцаў. Неабходнасць у такіх аб'ектах абумоўлівалася тым, што край апынуўся ў складзе Расійскай імперыі незадоўга перад тым і не ўсе яго жыхары былі згодны з такім змяненнем палітычнай сітуацыі. Да таго ж і дзяржаўная мяжа праходзіла недалёка ад горада. У сувязі з перамяшчэннем мяжы далей на захад, якое адбылося ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, неабходнасць трымаць у Слуцку вялікае войска адпала. Новым пабудовам знайшлі іншае прымяненне. Ва ўзведзеным да 1797 г. двухпавярховым цагляным корпусе размясціліся магістрат, паліцыя, казначэйства, кватэрная камісія, земскі суд, кватэра гараднічага, іншыя службы. Будынак атрымаў назву "Прысутныя месцы". За ім стаялі невялікі корпус казармы для выслужаных вайскоўцаў і салдат-інвалідаў, а таксама астрог. Корпус «Прысутных месцаў» быў прамавугольны ў плане, дэкор практычна адсутнічаў. Падоўжным галоўным фасадам быў скіраваны на вуліцу, якая пачала фарміравацца адначасова з будаўніцтвам згаданых аб'ектаў і ішла паралельна валу. З-за астрога яна атрымала назву Турэмная (цяпер імя Аляксандра Манахава).

 

У першай палове XIX ст. установы і службы з «Прысутных месцаў» паступова перамяшчаліся ў больш адпаведныя памяшканні бліжэй да цэнтра горада, а вызвалены імі будынак прыстасоўваўся для размяшчэння пазбаўленых волі. У сярэдзіне XIX ст. у слуцкай турме можна было трымаць 43 чалавекі: 37 – у агульнай камеры і 6 – у асобных. Тут меліся як пастаянна зняволеныя, так і этапнікі. У далучаным да Расіі краі не было спакойна, таму колькасць зняволеных, якіх трэба было ўтрымліваць, павялічвалася.

 

З сярэдзіны XIX ст. слуцкая турма ўжо не адпавядала тагачасным патрабаванням. У сувязі з гэтым у 1857 г. быў зроблены каштарыс на рэканструкцыю, а ў наступным – заключана дамова з купцом 1-й гільдыі Булькаўштэйнам. Купец браўся за пабудову за свой кошт з умовай перадаць аб'ект у наём ураду на 30 гадоў.

 

Закончаны да 1862 г. слуцкі комплекс атрымаў назву «Турэмны замак». Асноўны двухпавярховы корпус меў калідорную планіроўку з двухбаковым размяшчэннем камер, з'явілася скляпенне з двума адзіночнымі камерамі – «карцэр». Цяпер тут можна было ўтрымліваць 75 зняволеных. Паралельна яму, бліжэй да Турэмнай вуліцы, былі ўзведзены два аднапавярховыя мураваныя карпусы, злучаныя між сабою брамай. Там размясціліся адміністрацыя і іншыя службы. Быў таксама арганізаваны турэмны лазарэт на дзесяць ложкаў.

 

Пры турэмным замку размясцілася і Слуцкае паліцэйскае ўпраўленне. Побач з турэмным корпусам быў ўзведзены з цэглы аднапавярховы будынак пажарнай аховы. 

 

Падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, калі ў горадзе не раз мянялася ўлада, адпаведна мяняўся і кантынгент зняволеных. У красавіку 1920 г., калі Случчына была акупіравана палякамі, у турме апынуліся 26 падпольшчыкаў і партызан, якія праводзілі на канспіратыўнай кватэры ў Слуцку нараду, але былі схоплены. Па рашэнні польскага ваенна-палявога суда чатырнаццаць з іх былі прыгавораны да расстрэлу, іншыя – да розных тэрмінаў катаргі. У памяць тых падзей былая Кладбішчанская вуліца цяпер носіць імя Чатырнаццаці Слуцкіх партызан.

 

У Савецкія часы слуцкая турма была падпарадкавана АДПУ, з 1934 г. – НКУС, стала перасыльнай. З-за таго, што карным органам даводзіўся план па выяўленні «ворагаў народа», а пазней у іх радах разгарнуўся стаханаўскі рух, турма была перапоўнена. Зняволеных у ёй да пачатку 1933 г. трымалася ўжо ў тры разы звыш за норму. Турме ў тыя часы быў перададзены колішні дарэвалюцыйны корпус пажарнай аховы. Звычайна тэрмін утрымання арыштаваных быў не больш за 10–12 сутак, потым рэпрэсіраваных адпраўлялі на Поўнач, у Сібір або Казахстан на падведамасныя ГУЛАГу будоўлі сацыялізму. Тых, хто атрымліваў вышэйшую меру пакарання, расстрэльвалі альбо на месцы, альбо ў лесе каля вёскі Кучына, альбо адпраўлялі ў Мінск.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны тут трымаліся схопленыя фашыстамі партызаны і падпольшчыкі, таксама дзейнічаў прыёмны пункт для адпраўкі жыхароў Случчыны ў Германію, дзе нявольнікі праходзілі каранцін.

 

Комплекс слуцкай турмы – адзін з нешматлікіх аб'ектаў, які фактычна не пацярпеў ў часы баёў пры вызваленні горада ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, і адзін з першых аб'ектаў, які распачаў сваю дзейнасць з першых дзён вызвалення.

 

Па апісаннях відавочцаў, у 2-й палове 1940-х – 1950-я гады турэмная тэрыторыя з боку вуліцы Пралетарскай (былой Шасэйнай, цяпер Леніна) аддзяляляся высокай мураванай сцяной. З іншых двух бакоў меўся высокі драўляны плот. Кабінеты начальніка турмы і юрыста, а таксама памяшканне для сустрэч знаходзіліся ў службовым аднапавярховым будынку злева ад брамы, у падобным будынку з правага боку размяшчаліся лазня, кухня, сталовая. З боку вуліцы Пралетарскай стаяла вышка з вартавымі. З супрацьлеглага боку была яшчэ адна вышка, Вокны ў камерах былі невялікімі, з лучковым завяршэннем, высока ад падлогі. Таксама ў турме тады меліся два падземныя паверхі.

 

У канцы 1950-х гадоў было прынята рашэнне слуцкую турму закрыць. У верасні 1960 г. спецкантынгент і адміністрацыю перавялі ў Бабруйск. Апусцеўшыя турэмныя карпусы сталі выкарыстоўвацца па розных прызначэннях, у тым ліку для размяшчэння канторы і складоў гар(рай)гандлю. У галоўным корпусе адбыўся пажар, пасля чаго будынак стаяў напаўразбураным і на працягу наступных гадоў амаль поўнасцю быў разабраны.

 

На месцы турэмнай брамы ўзвялі сцены, таму аднапавярховыя карпусы з боку вуліцы Манахава зліліся ў адзіную працяглую забудову. Там размясціліся клуб гархарчпрамгандлю і крамы. З боку вуліцы Пралетарскай (цяпер Леніна) да іх зрабілі прыбудову, дзе адкрылася закусачная №8. У маі 1958 г. закусачная была пераворана ў павільён «Піва-воды».

 

У 1989 г. ацалелыя будынкі колішняй турмы разам з дарэвалюцыйным цагляным корпусам пажарнай аховы, у якім на той час размяшчалася добраахвотнае пажарнае таварыства, павільён «Піва-воды» а таксама двума драўлянымі дамамі па вуліцы Леніна, што стаялі побач, былі разбураны. На месцы згаданых будынкаў на пачатку 1990-х гадоў узведзены ўнівермаг «Слуцк».

 

   

 

аўтар: Ігар Ціткоўскі

 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 143. Последнее 2022-11-29 12:23:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
boikoauto@tut.by