Малюнак алоўкам, зроблены на аркушы паперы роўна 70 гадоў таму

Малюнак алоўкам, зроблены на аркушы паперы роўна 70 гадоў таму

18.08.2022

 

Дзякуючы руплівасці слуцкага калекцыянера, даследчыка і ўвогуле неабыякавага да гісторыі свайго края чалавека Уладзіміра Уладзіміравіча Бойкі, грамадскасці нядаўна прадстаўлены нечаканы цікавы рарытрэт, які дапаўняе старонку гісторыі мастацкага жыцця нашага горада. Гаворка ідзе пра малюнак алоўкам, зроблены на аркушы паперы роўна 70 гадоў таму. Аўтар малюнка слуцкі мастак Павел Уласевіч. На малюнку таксама мастак, паказаны ў поўны рост – Леў Маліноўскі. Ён сядзіць на стуле. Прыгожым почыркам у ніжнім правым куце маецца надпіс: “Участнику 1-й выставки произведений художников г. Слуцка в 1952 г. Льву Васильевичу Малиновскому от х-ка Уласевича П. И. 1952 г.”

 

Павел Іванавіч Уласевіч (1920-1995) многім слуцакам старэйшага ўзросту вядомы, ён да пенсіі працаваў у слуцкай мастацкай майстэрні (філіял Мінскага мастацка-вытворчага камбіната), выконваў замовы ўстаноў і гаспадарак горада і раёна. Нарадзіўся ён у вёсцы Кальчыцы Слуцкага раёна. На вучобу паступіў ў Ленінградскае мастацка-педагагічнае вучылішча, але скончыць не паспеў, бо пачалася вайна. Быў прызваны ў войска. Навучанне скончыў пасля вайны. Пазней вучыўся на мастацкім факультэце Маскоўскага паліграфічнага інстытута, філіял якога ў 1950-1960-я гады дзейнічаў у Мінску. Удзельнічаў у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. Зрабіў ілюстрацыі для кніг Алены Васілевіч “Сябры” (Мінск, 1958), Янкі Журбы “Светлыя дні” (Мінск, 1959), да паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.

 

Пра Льва Васільевіча Маліноўскага вядома менш. Калі аўтарам гэтых радкоў у 1987 годзе арганізоўвалася гарадская мастацкая выстава, Леў Маліноўскі прадставіў на яе два жывапісных нацюрморта. Працаваў тады мастаком на Слуцкім масласыркамбінаце. Іншых кантактаў з ім нажаль не было. І вось высветлілася, што ён удзельнік першай слуцкай мастацкай выставы.

 

Вядома, што ў 1952 годзе на гарадскую выставу, акрамя Паўла Уласевіча і Льва Маліноўскага прадстаўлялі свае работы Уладзімір Садзін і Іван Федаровіч, магчыма яшчэ хто. Потым яны былі адпраўлены ў Бабруйск на абласную выставу.

 

Гэтыя выставы праходзілі як самадзейныя. З часам Уласевіч і Садзін пачалі прымаць удзел у прафесійных выставах, сталі кандыдатамі для ўступлення ў Саюз мастакоў. Уладзімір Садзін спраўдзіў сваю мару. Імя Паўла Уласевіча ў ліку сябраў беларускага Саюза мастакоў не сустракаецца.

 

Вось такія развагі выклікала з’яўленне малюнка Паўла Уласевіча 1952 года. Пра мастацкія выставы ў Слуцку ў даваенны перыяд нічога невядома, магчыма іх і не было. Так-сама як і ў дарэвалюцыйны перыяд. Таму мастацкая грамадскасць Слуцка сёлета мае права адзначыць сямідзесяцігоддзе пачатку ў горадзе мастацкай выставачнай дзейнасці, дакументальным сведчаннем якой з’яўляецца малюнак Паўла Уласевіча.

 

  

аўтар: Ігар Ціткоўскі