У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Уладзіслаў Машэўскі і спроба ўзброенага выступлення ў Слуцкім павеце ў 1863 г.

28.01.2020

Паўстанне 1863–1864 гг. з"явілася лёсавызначальнай падзеяй для тысяч жыхароў Беларусі і аказала вялікі ўплыў на ўсю яе далейшую гісторыю. Не з"яўляецца тут выключэннем і Мінская губерня, дзе ў падзеі паўстання была ўцягнутая вялікая колькасць людзей розных саслоўяў у розных яе паветах. І хаця паўстанне на Міншчыне разгортвалася нераўнамерна, а некаторыя тэрыторыі ўвогуле засталіся не ахопленыя ім, у той ці іншай ступені альбо ў той ці іншай форме яно закранула насельніцтва ўсіх паветаў без выключэння.

У навуковай літаратуры падзеям у Слуцкім павеце ў 1863 г. надаецца недастаткова ўвагі. Напрыклад, у манаграфіі Анатоля Смірнова дзейнасці атрада Машэўскага прысвечаны толькі адзін невялікі абзац [14, с. 210], у манаграфіі Усевалада Ігнатоўскага – усяго некалькі радкоў, насычаных факталагічнымі памылкамі [2, с. 154], а ў працы Давіда Файнгаўза – ніводнага слова [17]. Больш за тое, сама асоба Уладзіслава Машэўскага мала вядома гісторыкам. Дастаткова сказаць, што ў «Польскім біяграфічным слоўніку» яго біяграма адсутнічае, а ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» яму прысвечаны ўсяго дзевяць радкоў з самымі агульнымі звесткамі (без подпісу аўтарства) [16, с. 102]. Аднак і гэтая асоба, і ўвогуле падзеі на Случчыне займалі значнае месца ў планах паўстанцкага кіраўніцтва (як гэта будзе паказана ніжэй), таму варта запоўніць (хаця б у пэўнай ступені) гэты прабел айчыннай і замежнай гістарыяграфіі, галоўным чынам на падставе крыніц, выяўленых у фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (далей – НГАБ) [I].

Як сведчыць мапа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, уведзенага паўстанцкім Нацыянальным Урадам [19], Слуцкі павет разам Навагрудскім і Пінскім павінен быў складаць асобнае Навагрудскае ваяводства. Ваенным начальнікам Навагрудскага ваяводства напярэдадні ўзброенага выступлення быў прызначаны падпалкоўнік Генеральнага штаба Станіслаў Алендскі. Аднак палітычныя і ваенныя рэаліі ўнеслі свае карэктывы ў гэтыя планы. Ужо ўвесну 1863 г. Навагрудскі павет быў далучаны да Віленскага ваяводства, а Слуцкі падначалены кіраўніцтву Мінскага ваяводства [1, с. 93].

Выступленне ў Мінскай губерні, у тым ліку і ў Слуцкім павеце, было падначалена агульнаму стратэгічнаму плану, распрацаванаму «літоўскім ваяводам» Зыгмунтам Серакоўскім. Паводле яго, агульнае паўстанне планавалася адначасова ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях (Гродзенская, Віленская і Ковенская губерні ўжо былі ахоплены паўстаннем і там планавалася іх узмацненне і пашырэнне) на вясну 1863 г. [3, с. 37–40]. Адпаведна фарміраванне і пачатак дзейнасці паўстанцкіх атрадаў у Мінскай губерні былі запланаваны на красавік. Не планавалася выступлення толькі ў Бабруйскім, Пінскім, Мазырскім і Рэчыцкім паветах, дзе «з прычыны малой колькасці і непрыязнага настрою сялянаў няма падрыхтоўкі аніякай і немагчыма нават правесці арганізацыю» [1, с. 93]. Галоўная роля ва ўзняцці паўстання ў Слуцкім павеце адводзілася У. Машэўскаму.

Біяграфічныя звесткі пра У. Машэўскага, што маюцца ў навуковай літаратуры, урыўкавыя і не дазваляюць скласці карціну яго жыцця і дзейнасці ў дапаўстанцкі перыяд. У пэўнай ступені яе дазваляюць дапоўніць архіўныя крыніцы. Так, вядома, што яго бацька Рамуальд Ян Тадэвуш Юзафавіч, служыў у войску Княства Варшаўскага і ў 1811 г. атрымаў чын капітана 16-га пяхотнага палка. За ўдзел у напалеонаўскіх войнах ён у 1814 г. быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. У 1815 г. ён выйшаў у адстаўку і асеў у спадчынным маёнтку Прусінава Мінскага павета (у цяперашні час – вёска Прусінава Нёманскага сельсавета Уздзенскага раёна Мінскай вобласці). У шлюбе з Каралінай Вайніловіч ён меў шасцёра сыноў – Атона Антонія (нар. 08.09.1818), Юзафа Браніслава (нар. 18.11.1819), Юзафа Артура (нар. 06.10.1821), Уладзіслава-Міхала (нар. 07.10.1824), Зянона Ксаверыя (нар. 30.06.1827) і Нарцыза Рамуальда Караля (нар. 31.10.1832) – і дзвюх дачок (Антаніну і Фабіяну). Сыны працягнулі прафесію бацькі – Уладзіслаў, Ксаверы і Нарцыз (выйшаў у адстаўку ў чыне падпалкоўніка) служылі ў расійскім войску.

Уладзіслаў Міхал Машэўскі служыў у артылерыі і выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-капітана. Ён быў жанаты з Ідаліі Прашынскай, з якой меў сына Храбрыслава-Людвіка-Юзафа (нар. 07.12.1860 у в. Радзівілімонты Слуцкага павета) [9]. Да паўстання ён жыў у Слуцкім павеце, дзе арандаваў зямлю ва ўладальніка маёнткаў Круговічы і Навадворцы каля Клецка памешчыка Напалеона Абуховіча [18, t. 2, s. 303].

Напярэдадні выступлення слуцкім павятовым начальнікам з"яўляўся памешчык Ежы Павел Магільніцкі, які належаў да памешчыцкай групоўкі (падчас паўстання названай «белымі») і быў звязаны з яе кіраўніком (Якубам Гейштарам) прынамсі з 1862 г. [1, с. 449; 17, t. 1, s. 166, 178, 254, 351–352, 407]. У яго абавязкі ўваходзіла арганізацыя ўсіх мерапрыемстваў для падрыхтоўкі паўстання ў павеце (правядзенне агітацыі, збор сродкаў, нарыхтоўка зброі і да т.п.), аднак нічога невядома пра яго дзейнасць на гэтай пасадзе.

Распаўсюджванне сярод насельніцтва Слуцка ідэй нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць Расіі было заўважана расійскім чыноўнікамі яшчэ да ўзброенага выступлення. Мінскі жандарскі штаб-афіцэр Барыс Рэйхарт 5 лютага 1863 г. дакладаў шэфу корпуса жандараў Васілю Далгарукаву: «Самы непакой заўважыў я ў гор. Слуцку. Усе жыхары-каталікі, як гэта: духавенства, дваране, чыноўнікі і вучні – заражаны рэвалюцыйным духам…» [1, с. 402].

У. Машэўскі атрымаў прызначэнне на пасаду ваеннага начальніка Слуцкага павета. У планах камісара Мінскага ваяводства Баляслава Свентарэцкага яму адводзілася ці не вызначальная роля ў кіраўніцтве паўстаннем у Мінскай губерні ў цэлым. Паводле яго задумы, Машэўскі павінен быў сфарміраваць і ўзначаліць паўстанцкі атрад у Слуцкім павеце, перайсці разам з ім у Ігуменскі і злучыцца атрадам, дзе павінен быў знаходзіцца сам Свентарэцкі [II]. Пасля гэтага Машэўскі павінен быў атрымаць ад Свентарэцкага пасаду мінскага ваяводы і такім чынам узначаліць узброеныя сілы Мінскага ваяводства. Пры гэтым Свентарэцкі быў высокай думкі пра Машэўскага – «вельмі дзелавіты чалавек», аднак выказваў асцярогу, «каб Машэўскі не быў разбіты раней за злучэнне, бо пераход для яго партыі будзе вельмі цяжкім» [1, с. 93].

Падрабязнасці падобнага плана былі абмеркаваны паміж Свентарэцкім і Машэўскім на сустрэчы ўвесну 1863 г. Пасля сустрэчы Машэўскі пачаў у Слуцкім павеце (не пазней за 7 красавіка) арганізацыю атрада. Вялікую дапамогу пры гэтым яму аказваў сын памешчыка, уладальніка маёнтка Галынка Слуцкага павета Уладзіслава Вэндарфа, міравы пасярэднік Слуцкага павета Браніслаў Вэндарф [III] [7, арк. 7–10]. У камандаванні атрадам Машэўскаму дапамагаў яго ад"ютант студэнт Кіеўскага ўніверсітэта Фелікс Клюкоўскі. Невядома, дзе канкрэтна атрад быў сфарміраваны. Мяркуючы па яго дзейнасці, гэта адбылося ў паўднёва-заходняй часты Слуцкага павета, пры гэтым найбольш верагодным месцам уяўляецца менавіта вышэй згаданы маёнтак Галынка, аднак прамых доказаў гэтага не выяўлена.

19 красавіка 1863 г. сфарміраваны атрад распачаў свае дзеянні. Увечары гэтага дня ён ссек 5 тэлеграфных слупоў за 10 вёрст ад паштовай станцыі Сіняўка і парваў дрот. Уночы атрад прыбыў у маёнтак (назва невядома) князя Леана Радзівіла, дзе, узламаўшы акно, забраў 40 паляўнічых стрэльбаў, некалькі кінжалаў і скрыню пораху. На наступны дзень атрад рухаўся на ўсход «на пераменных падводах» на злучэнне з атрадам Свентарэцкага, падчас чаго былі гвалтоўна забраны сельскі засядальнік і ключвойт (першы з іх быў адпушчаны ў гэты ж дзень, а апошні ўцёк) [6, арк. 71]. Прайшоўшы Слуцкі павет, атрад увайшоў на тэрыторыю Ігуменскага і спыніўся на адпачынак ля вёскі Азярцы Ігуменскага павета (у цяперашні час – вёска Азярцы Гацукоўскага сельскага савета Слуцкага раёна Мінскай вобласці) [IV]. Аднак спраўдзіліся асцярогі Свентарэцкага. Падчас руху атрада расійскія ўлады атрымалі паведамленне ад селяніна з Азярцоў Міны Бурака пра месца яго дыслакацыі [V]. 21 красавіка паўстанцы былі атакаваны расійскім атрадам у складзе 50 чалавек пяхоты і 20 казакоў Данскога казацкага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Драгапулы. Апісанне бою засталося ў рапарце палкоўніка Астахава:

«Падышоўшы на 50 крокаў, заўважыў іх (паўстанцаў – Д. М.) у густых кустах.

Адкрыўшы агонь, узмацніўшы пры гэтым ланцуг, адбыўся непрацяглы, але ўпарты бой. Пры першых стрэлах праціўнік страціў свайго начальніка, адстаўнога капітана артылерыі памешчыка Машэўскага. Паводле словаў палонных, страта яго і шматлікасць ахвяр каля сябе ад трапнага і пачашчанага агню стралкоў прывялі іх у поўную збянтэжанасць. Пакінуўшы сваю пазіцыю, яны пусціліся наўцёкі праз паляну. Тут спадар Драгапула загадаў казакам кінуцца ў атаку. Тады мяцежнікі, пабегшы да балота, пачалі кідаць усялякую сваю зброю і хавацца ў лес. Таму як усё гэта адбывалася позна ўвечары, далейшае пераследаванне было немагчымым.

Страта мяцежнікаў, трэба меркаваць, значная, з іх 3 забіта на месцы, паранена 14 і ўзята ў палон 31. З нашага боку забіты 1 казак, цяжка паранены 1 гарніст, які памер на наступны дзень. Пры гэтым узята: стрэльбы, пісталеты, шаблі, косы, порах, кулі, свінец, коні, якіх ведамасць да гэтага дадаю» [7, арк. 7–10].

Прыкладна падобным жа чынам апісаў гэты бой і сам падпалкоўнік Драгапула [цытату з яго рапарта гл.: 14, с. 210].

З паўстанцкага боку апісанне бою засталося ва ўспамінах Напалеона Абуховіча. У лісце да рэдакцыі серыі «Бібліятэка ўспамінаў», у межах якой былі апублікаваны ўспаміны Якуба Гейштара, ён апісаў гэты бой і падзеі пасля яго наступным чынам:

«…на трэці дзень пасля выступлення 1 траўня 1863 г. [па новым стылі. – Д. М.] нас дагнала войска (2 ці 3 роты і сотня казакоў). У гэты момант мы былі аточаныя і засыпаныя градам куль. Я стаяў зусім побач каля Машэўскага. Пасля некалькіх нашых стрэлаў Машэўскі паў з куляй у сэрцы, паў таксама Мілярэўскі, што стаяў побач, студэнт Кіеўскага ўніверс[ітэта], паў шляхціц Асіеўскі і некалькі іншых. Я атрымаў кулю каля пояса, якая і сёння сядзіць дзесьці ў маім целе, хаця не турбуе мяне. І мы забілі некалькіх жаўнераў, але, натуральна, гэта не перашкодзіла нас атачыць, звязаць і пагнаць да бліжэйшай вёскі. Гэта адбывалася ў Ігуменскім павеце каля вёскі Азярцы. Вязняў завялі, а тых, што былі параненыя, завезлі ў Слуцк, адлеглы ў некалькіх мілях. Неабходна аддаць справядлівасць, што абыходжанне з намі было чалавечае; параненых узяў пад сваю апеку лекар нашай партыі высакародны Кернажыцкі» [18, t. 2, s. 303–304].

Акрамя самога Машэўскага ў баі загінулі студэнт Кіеўскага ўніверсітэта Міраслаў Мілярэўскі і дваранін Базыль Траяноўскі. Напрацягу некалькіх дзён памерлі ад ран Фелікс Клюкоўскі і дваране Казімір Асяеўскі (Асіеўскі) і Францішак Пяроўскі.

На гэтым дзейнасць атрада Машэўскага скончылася.

Застаецца адкрытым пытанне пра колькасць атрада. Да вышэй згаданага рапарта Астахава далучаны спіс, з якога вядомы імёны 50-ці паўстанцаў. Разам з некалькімі яшчэ не паланёнымі на той час гэта складае лічбу ў 56 чалавек (гл. дадатак). Гэта і ёсць мінімальна вядомая колькасць атрада. Аднак сам жа гэты рапарт («далейшае пераследаванне было немагчымым») сведчыць пра няпоўнасць гэтай лічбы. З улікам наяўных ускосных звестак агульную колькасць атрада магчыма павялічыць на некалькі дзесяткаў чалавек (але не больш за 100). Магчыма таксама, што да гэтага атрада мелі дачыненне дваранін Казімір Замбрыцкі і паручнік Уладзімір Чарноцкі, якія былі схоплены сялянамі ў мястэчку Цімкавічы Слуцкага павета.

Варта таксама адзначыць, што ўраджэнцы Слуцкага павета ўдзельнічалі ў паўстанні не толькі ў складзе атрада Машэўскага. Паводле матэрыялаў Слуцкай следчай камісіі, з 14 траўня 1863 года па 1 жніўня 1864 г. у ёй вяліся справы 202 падследных (уключаючы згаданых паўстанцаў з атрада Машэўскага), якія паходзілі не толькі са Слуцкага, але і з іншых паветаў [13]. Большая частка іх у далейшым была прысуджана да розных відаў пакарання з высылкай з радзімы. Пры гэтым значную колькасць сярод падследных і асуджаных складалі вучні Слуцкай гімназіі. Да гэтай жа лічбы неабходна дадаць некалькі дзесяткаў ураджэнцаў Случчыны, якія прымалі ўдзел у паўстанні на іншых тэрыторыях.

Супастаўляючы звесткі з розных крыніц з фондаў НГАБ, магчыма паказаць сацыяльны склад атрада Машэўскага. Як відаць з ніжэй прыведзенага алфавітнага спісу 56-ці паўстанцаў, сярод іх выразна пераважалі дваране – 39 чалавек (каля 75%) [VI], прадстаўнікоў падатковых саслоўяў (сяляне, мяшчане і аднадворцы) вядома толькі 13 чалавек (25%). Таксама відавочная перавага каталікоў – 36 чалавек [VII] (каля 84%) супраць 5 праваслаўных (каля 11,5%) і 2 пратэстантаў (каля 4,5%). Варта адзначыць наяўнасць сярод паўстанцаў значнай колькасці асобаў, пра якіх вядома, што яны знаходзіліся на дзяржаўнай ці прыватнай службе (пісары, лекар, вазніцы і інш.) – 11 чалавек (каля 20%). Звяртае на сябе ўвагу і дастаткова вялікая колькасць вучнёўскай моладзі сярод палонных – 12 чалавек (каля 21%) навучаліся ў вышэйшых навучальных установах ці гімназіі.

Пасля паланення ўсе паўстанцы з атрада Машэўскага былі перавезены ў Слуцк і зняволены ў мясцовым астрогу. Следства над імі вяла Слуцкая следчая камісія [13]. Пасля прыкладна паўгадавога зняволення большасць з іх у кастрычніку была пераведзена ў Бабруйскую крэпасць і аддадзена пад Палявы ваенны суд, заснаваны пры Бабруйскім ардананс-гаўзе. Падчас суда паўстанцы выбралі розную тактыку паводзінаў. Адныя (не менш за 14) не раскайваліся ў зробленым, іншыя (не менш за 16) выказвалі спачуванне ва ўдзеле ў паўстанні і прасілі літасці, трэція сцвярджалі, што далучыліся да атрада пад пагрозамі гвалту. Рашэнне суда было вынесена 11 снежня 1863 г. [12], пасля чаго справа 39 паўстанцаў была пададзена ў Часовы палявы аўдытарыят у Вільні. Яго прысуд быў пададзены на зацвярджэнне віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву. Паводле яго канфірмацыі ад 13 лютага 1864 г. 17 паўстанцаў з атрада (С. Баранцэвіч, Кернажыцкі, Янкоўскі, Крушынскі, Мацкевіч, В. Чарноцкі, Дашкевіч, Бародзіч, Багурскі, Саевіч, Кавельмахер, Н. Абуховіч, Ю. Пятроўскі, Далькевіч, Б. Нядзвецкі, Рудаміна, Флемінг) былі прысуджаны да розных тэрмінаў ссылкі на катаргу, чацвёра (О. Абуховіч, Чаркоўскі, абодва Крагельскія) – да ссылкі на пасяленне ў больш аддаленыя месцы Сібіры, шасцёра (Шулякоўскі, К. Баранцэвіч, Юрэцкі, Мікульскі, Грыгаровіч, Ю. Асіповіч) – да ссылкі на жыхарства ў Томскую ці Табольскую губерні, васьмёра (Плаўскі, Кавецкі, Мінкевіч, Гудзіян, Клеер, Палоцкі, Кабак, Падгальскі) – да ссылкі ў арыштанцкія роты на тэрмін ад 2 да 4 гадоў (усе вышэй згаданыя асобы таксама пазбаўляліся правоў стану, а іх маёмасць падлягала канфіскацыі); трое (Радкевіч, Ліпніцкі, Марчык) былі прызнаны невінаватымі ва ўдзеле ў паўстанні, бо «знаходзіліся ў шайцы выпадкова, супраць іх жадання», і падлягалі вяртанню на месца жыхарства з аддачай на парукі. Прысуд Леаніду Бараноўскаму не выносіўся, бо ён памер да часу канфірмацыі [6, арк. 70–72 адв.].

На фоне гэтай канфірмацыі нехарактэрны лёс Браніслава Вэндарфа. Следства, нягледзячы на вышэй згаданае паведамленне з рапарта Астахава, не мела звестак пра яго непасрэдны ўдзел у фарміраванні атрада. Пасля бою ля Азярцоў ён добраахвотна з"явіўся да расійскіх уладаў. Пачаткова ён быў арыштаваны і зняволены ў слуцкім астрогу, а яго маёмасць падлягала секвестру. На следстве ён даказаў, што захоплены ў атрад гвалтоўна, таму паводле загаду часовага ваеннага губернатара Мінскай губерні Васіля Забалоцкага ад 13 ліпеня 1863 г. ён быў вызвалены з-пад арышту і вернуты на месца жыхарства пад негалосны паліцэйскі нагляд [8, арк. 29–38, 272–272 адв.; 11, арк. 38; 13, арк. 2 адв.].

Лёс большасці ўдзельнікаў атрада Машэўскага пасля ссылкі невядомы, аднак звесткі пра некаторых захаваліся. Так, вядома, што Тамаш Кавецкі падчас ссылкі знаходзіўся ў г. Омску, Фларыян Мікульскі у 1866–1867 гг. жыў у гарадах Тара, Семіпалацінск, Омск і служыў арганістам, Францішак Пятроўскі з 1865 г. жыў у Марыінскай акрузе Томскай губерні, Юзаф Пятроўскі знаходзіўся ў Томскай акрузе, дзе атрымаў матэрыяльную дапамогу на «домаабзавядзенне», а Антоні Шулякоўскі з 1864 г. займаўся сялянскімі працамі ў Томскай акрузе [5, с. 398, 421, 438, 483]. Адзінкавыя паўстанцы з атрада Машэўскага (Ю. Бародзіч, Саевіч, Далькевіч, Н. Абуховіч, Грыгаровіч, Крушынскі, Мацкевіч, Б. Нядзвецкі, В. Чарноцкі) у выніку некалькіх амністый 1870 х гг. атрымалі дазвол на вяртанне на радзіму, і прынамсі шасцёра апошніх вярнуліся.

За актыўны ўдзел у паўстанні маёмасць Машэўскага падлягала канфіскацыі, аднак ніякай яго ўласнай нерухомасці ў Слуцкім павеце знойдзена не было [10, арк. 197 адв., 326–327, 333–334, 462–463]. Яго ўдзел у паўстанні не паўплываў на саслоўны стан яго сына. Таму як «пазбаўленне правоў стану не распаўсюджваецца ні на жонку асуджанага, ні на дзяцей яго», з дапамогай дзядзькі Юзаф Артура ён у 1867 г. атрымаў зацвярджэнне ў Герольдыі Сената правоў дваранства. Ідалія Машэўская разам з сынам пераехалі пасля паўстання ў Варшаву і ў 1867 г. былі запісаны ў склад яе сталых жыхароў. Там яны і жылі, калі 31 кастрычніка 1900 г. Храбрыслаў памер у шпіталі Святога Яна, не стварыўшы сям"і [9, арк. 46–56].

Дзмітрый МАТВЕЙЧЫК,
загадчык аддзела публікацый дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

Алфавітны спіс вядомых удзельнікаў паўстання ў складзе атрада Уладзіслава Машэўскага [VIII]
1. Абуховіч Напалеон, 23 г., дваранін, студэнт, каталік.
2. Абуховіч Оттан, 20 г., дваранін, пісар, каталік.
3. Асіповіч Казімір, 45 г., дваранін, каталік.
4. Асіповіч Юзаф, 16 г., дваранін, гімназіст, каталік.
5. Асяеўскі Казімір.
6. Багурскі Антоні, 20 г., дваранін, каталік.
7. Бараноўскі Леанід, 27 г., дваранін, каталік.
8. Баранцэвіч Канстанцін, 20 г., дваранін, каталік.
9. Баранцэвіч Стэфан, 29 г., дваранін, афіцэр, каталік.
10. Бародзіч Юзаф, 23 г., дваранін, каталік.
11. Блавачынскі Міхал, 32 г., дваранін ці вольны хлебароб.
12. Буката Лукаш, 22 г., селянін, каталік.
13. Вэндарф Браніслаў, 32 г., дваранін, міравы пасярэднік, каталік.
14. Грыгаровіч Баляслаў, 16 г., дваранін, гімназіст, каталік.
15. Грыгаровіч Юльян, дваранін, каталік.
16. Гудзіян (Гудар) Юзаф, 42 г., мешчанін.
17. Далькевіч Юльян, 22 г., дваранін, каталік.
18. Дашкевіч Адольф, 30 г., дваранін, каталік.
19. Кабак Фёдар, 25 г., селянін, прыватны службоўца, праваслаўны.
20. Кавельмахер Вацлаў, 26 г., мешчанін, студэнт, пратэстант.
21. Кавецкі Тамаш, 24 г., аднадворац, каталік.
22. Капашынскі Караль, 36 г., дваранін, каталік.
23. Кернажыцкі Канстанцін, 32 г., дваранін, лекар, праваслаўны.
24. Клеер Юльян, 20 г., мешчанін.
25. Клюкоўскі Фелікс, 22 г., дваранін, студэнт.
26. Крагельскі Аляксандр, 17 г., дваранін, каталік.
27. Крагельскі Ян, 19 г., дваранін, каталік.
28. Крушынскі Максімільян, 23 г., дваранін, студэнт, каталік.
29. Ласоўскі Антоні, дваранін, каталік.
30. Ліпніцкі Міхал, 21 г., мешчанін, праваслаўны.
31. Максімчык Пётр, селянін, праваслаўны.
32. Марчык Адольф, 25 г., селянін, вазніца, праваслаўны.
33. Мацкевіч Караль, 19 г., дваранін, студэнт, каталік.
34. Машэўскі Уладзіслаў, 38 г., дваранін, афіцэр.
35. Мікульскі Фларыян, 20 г., дваранін, аканом.
36. Мілярэўскі Міраслаў, дваранін, студэнт.
37. Мінкевіч Баляслаў, 21 г., селянін, гімназіст.
38. Нядзвецкі Бярнард, 22 г., дваранін, землямер, каталік.
39. Нядзвецкі Юзаф, дваранін, каталік Падгальскі Базыль, 23 г., селянін, каталік.
40. Палоцкі Вінцэнт, 26 г., мешчанін ці селянін, лакей, каталік.
41. Плаўскі Адам, 20 г., аднадворац, каталік.
42. Пятроўскі Францішак, дваранін.
43. Пятроўскі Юзаф, 20 г., дваранін, студэнт, каталік.
44. Радкевіч Антоні, 19 г., дваранін, ляснік, каталік.
45. Рудаміна Юзаф, 18 г., дваранін, каталік.
46. Саевіч Уладзіслаў, 20 г., дваранін ці аднадворац, гімназіст, каталік.
47. Траяноўскі Базыль, дваранін.
48. Флемінг Георг, 19 г., іншаземец, гімназіст, пратэстант.
49. Чаркоўскі Станіслаў, 22 г., дваранін.
50. Чарноцкі Віктар, 30 г., дваранін, каталік.
51. Чарноцкі Ян, дваранін, афіцэр.
52. Шпакоўскі Мечыслаў, дваранін, афіцэр, каталік.
53. Шулякоўскі Антоні, 18 г., дваранін, арандатар, каталік.
54. Юрэцкі Юзаф, 22 г., дваранін, вазніца, каталік.
55. Янкоўскі Аляксандр, 31 г., дваранін, пісар, каталік.

Тлумачэнні:

I. У манаграфіі А. Фірыновіч пададзены пералік крыніц НГАБ, што тычацца розных бакоў гісторыі паўстання 1863–1864 гг., у які ўключаны 469 спраў [Фірыновіч А.Э. Паўстанне…] і які з"яўляецца найбольшым з апублікаваных да цяперашняга часу. Аўтарам гэтых радкоў на сённяшні дзень у фондах НГАБ выяўлена каля 3 тысяч спраў [гл.: Матвейчык Д.Ч. Паўстанне 1863 1864 гг.: крыніцы…], аднак і гэтая лічба не з"яўляецца поўнай. Далейшая распрацоўка фондаў архіва выявіць, безумоўна, яшчэ невядомыя матэрыялы, якія дазволяць запоўніць шмат якія прабелы ў даследаванні гісторыі паўстання ў Беларусі.
II. Гэты атрад і быў сфарміраваны Свентарэцкім разам са Станіславам Ляскоўскім, які ў далейшым узначаліў яго, і дзейнічаў у лясах Ігуменскага павета да восені 1863 г.
III. У рапарце ваеннага начальніка Слуцкага павета палкоўніка Астахава мінскаму грамадзянскаму губернатару Аляксандру Кажэўнікаву ад 25.04.1863 згадваецца, што Вэндарф і з"яўляўся арганізатарам гэтага атрада. Тое ж, са спасылкай «па офіцыйных расійскіх вестках», сцвярджаецца ў працы У. Ігнатоўскага, аднак іншых пацвярджэнняў гэтага не знойдзена. Больш за тое, далейшы лёс Б. Вэндарфа (гл. ніжэй) хутчэй абвяргае гэтыя сцверджанні.
IV. У некаторых навуковых працах, у тым ліку і аўтара гэтых радкоў, назва вёскі ўказваецца як Азярніцы (Азярніца) і месцам яе знаходжання – Слуцкі павет [Матвейчык, Д.Ч. Паўстанне 1863 1864 гадоў у Беларусі: нарыс… – С. 64], але гэта з"яўляецца вынікам недастатковай працы па яе лакалізацыі.
V. У адным з атрадаў, што дзейнічаў на захадзе Ігуменскага пав., хадзілі чуткі, што Міна Бурак за свой учынак быў павешаны паўстанцамі [Восстание, с. 445], аднак архіўныя матэрыялы, якія б пацвярджалі гэта, не выяўлены.
VI. У гэтых падліках фігуруюць 42 асобы; не фігуруюць 4 асобы, чыя саслоўная прыналежнасць невядома дакладна і якая спісе пазначана накшталт «дваранін ці вольны хлебароб» і да т.п.
VII. У падліках па канфесійнай прыналежнасці фігуруюць 43 асобы.
VIII. У спісе пададзены толькі некаторыя з вядомых звестак – узрост, саслоўе, род заняткаў ці адукацыя, веравызнанне. Пры гэтым ужыты пэўныя абагульненні: пад тэрмінам «дваранін» разумеюцца як зацверджаныя, так і незацверджаныя дваране; пад тэрмінам «селянін» – як часоваабавязаныя, так і вольныя, пад тэрмінам «студэнт» – як асобы, якія ўжо скончылі вышэйшую адукацыю на момант паўстання, так і тыя, што яе працягвалі. Узрост пераважнай большасці асобаў пададзены паводле канфірмацыі М. Мураўёва ад 13.02.1864, аднак у самой канфірмацыі не растлумачана – гэта ўзрост на момант паланення паўстанцаў ці на момант вынясення прысуду. Узрост не згаданых у канфірмацыі асобаў (Асіповіч К., Блавачынскі, Буката, Вэндарф, Капашынскі, Клюкоўскі, Машэўскі) пададзены на падставе іншых крыніц з НГАБ з разлікам на 1863 г.

Крыніцы і літаратура:

1. Восстание в Литве и Белоруссии 1863–1864 гг.: Сб. документов / [АН СССР, Ин-т славяноведения и др.]. – Москва; Вроцлав: Наука, 1965. – 586 с.
2. Ігнатоўскі, У. 1863 год на Беларусі: Нарыс падзей / У. Ігнатоўскі. – Мн., 1930. – 275 с. (Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. – Кн. 13. – Працы Інстытуту гістарычных навук. – Т. V).
3. Матвейчык, Д.Ч. Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў / Д.Ч. Матвейчык. – Мінск: Медысонт, 2013. – 122 с.: іл.
4. Матвейчык, Д.Ч. Паўстанне 1863–1864 гг.: крыніцы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (агульны агляд) / Д.Ч. Матвейчык // Архівы і справаводства. – 2013. – № 1. – С. 66–77.
5. Мулина, С.Е. Участники польского восстания 1863 года в западносибирской ссылке / Диссертация на соискание ученой степени кандидата исторических наук: 07.00.02 / С.Е. Мулина. – Омск, 2005. – 498 с.
6. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. – Фонд 162. – Воп. 1. – Спр. 116. – Распараджэнні, загады Мінскага губернскага праўлення пра разгляд спраў аб канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1863 года і іншых спраў, што знаходзяцца ў вытворчасці. 22.02.1862–14.12.1864. – 179 арк.
7. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 1537. – Рапарты ваеннага начальніка і земскага спраўніка Слуцкага пав., жыцінскага благачыннага Бабруйскага павета аб з"яўленні паўстанцкіх атрадаў у паветах. 26.05.1863–15.09.1864. – 30 арк.
8. НГАБ. – Фонд 296. – Воп. 1. – Спр. 19. – Перапіска з Мінскай следчай па палітычных справах камісіяй, павятовымі ваеннымі начальнікамі і спраўнікамі аб правядзенні расследавання, арышце, высылцы з губерні, спагнанні штрафаў з асобаў, што абвінавачваліся ва ўдзеле ў паўстанні, альбо іх сваякоў, аб вызваленні з пад арышту. Спіс асобаў, што абвінавачваліся ва ўдзеле альбо садзейнічанні паўстанню, канфірмаваных мінскім ваенным губернатарам з пачатку паўстання па верасень 1863 г. 02.05.1863–27.09.1863. – 281 арк.
9. НГАБ. – Фонд 319. – Воп. 2. – Спр. 2093. – Справа аб дваранскім паходжанні роду Машэўскіх. 31.07.1823–30.12.1900. – 56 арк.
10. НГАБ. – Фонд 320. – Воп. 1. – Спр. 398. – Справа аб пошуку маёнткаў удзельнікаў паўстання 1863 г. для ўзяцця ў секвестр. 05.08.1863–30.09.1866. – 785 арк.
11. НГАБ. – Фонд 320. – Воп. 2. – Спр. 99. – Справа аб накладанні секвестру і канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. 17.09.1863–06.04.1868.
12. НГАБ. – Фонд 1418. – Воп. 4. – Спр. 1. – Справа аб прыцягненні да судовай адказнасці ўдзельнікаў паўстання 1863 г. 1863 г. – 12 арк.
13. НГАБ. – Фонд 1524. – Воп. 1. – Спр. 1. – Спіс асобаў, што былі пад следствам у Слуцкай следчай камісіі з 14 траўня 1863 года па 1 жніўня 1864 г. б/д. – 16 арк.
14. Смирнов, А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А.Ф. Смирнов. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – 391 с.
15. Фірыновіч, А.Э. Паўстанне 1863–1864 гг.: вядомыя і невядомыя крыніцы беларускіх архіваў / А. Фірыновіч. – Мінск: Беларуская навука, 2013. – 315 с.
16. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 5. М – Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мінск: БелЭн, 1999. – 592 с.: іл.
17. Fajnhauz, D. 1863: Litwa i Białoruś / D. Fajnhauz. – Warszawa: Neriton, 1999. – 357 s.
18. Gieysztor, J. Pamiętniki z lat 1857–1865: W 2 t. – Wilno, 1913.
19. Ramotowska, F. Tajemne państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863–1864: Struktura organizacyjna / F. Ramotowska. – Warszawa: DiG, 1999. – 727 s.

Апублікавана ў:

Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне: гісторыя і памяць: зб. навук. арт. / уклад. : В. В. Яноўская, А. У. Унучак, А. Э. Фірыновіч; рэдкал. : А. А. Каваленя [і інш.]; Нац. акад. навук. Беларусі, Ін-т гісторыі. – Мінск: Беларуская навука, 2014. – С. 79–92. Национальный исторический архив Беларуси niab@niab.by Кропоткина, 55, Минск, Беларусь

Источник:
Национальный исторический архив Беларуси

На заставке – Петр Сергиевич. Кастусь Калиновский среди повстанцев 1863 года. Фрагмент.
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 104. Последнее 2020-02-21 15:27:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru