Гімназія ў 1871—1900 гадах

   У гэты час Слуцкая навучальная ўстанова працавала па навучальных планах і праграмах класічных гімназій таго часу.
   3 1873/74 навучальнага года была павялічана плата за навучанне з 15 да 21 рубля (у звычайных класах) і з 10 да 14 рублёў у падрыхтоўчым. 24 мая 1874 года дырэктар гімназіі быў вызвалены ад загадвання ўсімі вучылішчамі Слуцкага і Бабруйскага паветаў, якія перайшлі пад кантроль дырэкцыі народных вучылішчаў Мінскай губерні. У курс гімназіі была ўключана логіка, прыродазнаўства і гімнастыка. 3 1889 года некалькі палепшылася выкладанне музыкі. Ужо к канцу 1890/91 навучальнага года тут былі свае два аркестры: духавы і струнны (з 32 чалавек).
   Калі ў палавіне XIX стагоддзя пераважную большасць вучняў гімназіі складалі дзеці дваран, то ў апошняе трыццацігоддзе назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей гараджан і сельскіх багачоў. Вучняў праваслаўных у гэты перыяд (у асобныя гады) было больш, чым вучняў рымска-каталіцкага веравызнання. Такім чынам, польскі ўплыў з цягам часу ўсё слабеў і слабеў. Напрыклад, у 1876 годзе ў ліку вучняў праваслаўных было 74, а католікаў 132, а ў 1900 годзе праваслаўных вучняў налічвалася 104, а католікаў 82.
   Каб даць больш поўнае ўяўленне аб арганізацыі навучальнага працэсу, выхаваўчай работы і наогул аб жыцці гімназіі ў гэты час, спынімся больш падрабязна на 1898/99 навучальным годзе.
   Са справаздачы гімназіі за той год відаць, што ў школе працавалі восем звычайных і адзін падрыхтоўчы клас. Апошні ўтрымліваўся на сродкі ад збору за навучанне і за кошт субсідыі гарадскога грамадскага кіравання. Плата за навучанне ў ім рэзка павысілася пасля 1873/74 года і складала 45 рублёў у год з вучня. Астатнія восем класаў утрымліваліся на сродкі казны і за кошт сум збору за навучанне.
   К пачатку справаздачнага года ў гімназіі налічвалася 153 вучні. Аб залічэнні ў яе падалі прашэнні 40 чалавек, 5 з іх не вытрымалі ўступных іспытаў, а 4 не прынялі па іншых прычынах. 12 вучняў прыбыло з іншых гімназій. Такім чынам, усяго ў гімназіі было 196 вучняў.
   У справаздачы падрабязна расказваецца пра фінансаванне гімназіі, пра яе штат, пра тыя прадметы, якія вывучалі вучні. Дырэктар і інспектар, апрача сваіх прамых абавязкаў, былі класнымі кіраўнікамі ў першым і трэцім класах (але не ўсе настаўнікі былі класнымі кіраўнікамі).
   У раздзеле справаздачы «Памяшканні гімназіі і іх стан» адзначалася: «Галоўны мураваны будынак гімназіі па сваіх памерах не зусім адпавядае патрэбам добраўпарадкаванай сярэдняй навучальнай установы. У ім няма асобнага памяшкання для бібліятэкі, асобнага пакоя для захавання верхняга адзення вучняў, адсутнічае пакой для вартаўнікоў і склад для захавання дробных гаспадарчых прылад (крэйды, ануч, палавых шчотак і г. д.)». Ва ўпамянутым навучальным годзе педагагічны савет гімназіі правёў 52 пасяджэнні і абмяркоўваў такія пытанні, як прыём, звальненне і перавод у вышэйшыя класы вучняў, прызначэнне ім узнагарод за выдатныя поспехі і паводзіны, размеркаванне вучэбных прадметаў паміж выкладчыкамі, а таксама вучэбнага матэрыялу па класах, абмеркаванне тэм для пісьмовых работ на бліжэйшае паўгоддзе, разгляд поспехаў вучняў за чвэрць, выбар кніг і вучэбных дапаможнікаў для фундаментальнай бібліятэкі, вызваленне вучняў ад платы за навучанне і інш.
   Як бачым, педсавет праводзіў пасяджэнні ледзь ці не два разы на тыдзень (52 пасяджэнні за 36 тыдняў). I гэта ў той час, калі ў школе працавалі яшчэ і прадметныя камісіі.
   Прадметныя і класныя камісіі займаліся больш падрабязным абмеркаваннем пытанняў навучальнай справы. Прадметныя камісіі разглядалі вынікі экзаменацыйных работ, выкананне навучальных планаў і магчымыя змены ў іх, а класныя — прымалі меры, каб выкладанне аднаго прадмета не шкодзіла выкладанню іншых прадметаў, сачылі за тым, каб дамашнія заданні не былі цяжкімі для вучняў, каб у дні пісьмовых і кантрольных работ гімназісты не былі перагружаны заданнямі па іншых прадметах.
   У справаздачным годзе гімназію скончылі 19 чалавек. Сярод іх Аляксандр Вострасаблін, Аляксандр Піерэль і Іван Чудоўскі. Па ўспамінах Язэпа Дылы, гэтыя і іншыя вучні часта наведвалі кватэру пісьменніка-дэмакрата Абуховіча-Бандынэлі.
   Што датычыцца выхаваўчай работы, то, згодна з афіцыйнымі данымі, яна была на належным узроўні. За 1898/99 навучальны год па паводзінах бал «5» атрымалі 162 вучні, або 80 %, «4» — 39, або 19, 2 % і «3» — 2 вучні, або 0, 99 %. (I тады ўжо захапляліся так званай працэнтаманіяй!) У справаздачы адзначалася: за год паводзіны вучняў трэба прызнаць добрымі, заўважаныя правіннасці мелі ў асноўным характар дзіцячых свавольстваў, «сур"ёзныя — заўважаліся як адзінкавыя з"явы».
   Найбольш значнай падзеяй 1899 года быў вечар, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння А. С. Пушкіна. Захаваліся праграмы ўсіх культурна-выхаваўчых мерапрыемстваў, з якіх відаць, што вечары праводзіліся па казённа-стандартнай форме. Напрыклад, вечар, прысвечаны А. С. Пушкіну, пачаўся з таго, што хор гімназістаў выканаў гімн «Коль славен наш господь», а закончыўся спяваннем «народнага гімна» «Боже, царя храни». Па такой схеме праводзіліся і іншыя мерапрыемствы.
   3 ліпеня 1899 года на заключным пасяджэнні педсавета вучням, якія скончылі гімназію, былі ўручаны атэстаты сталасці і двухтомныя зборы твораў А. С. Пушкіна. Пры гэтым дырэктар гімназіі Іваноўскі, звяртаючыся да выпускнікоў, сказаў: «Даючы вам у гэты ўрачысты момант вашага жыцця разам з атэстатамі сталасці бессмяротныя творы нашага паэта, я выказваю поўную ўпэўненасць, што вы будзеце заўсёды мець іх пры сабе ў якасці настольнай кніжкі і цалкам пранікнецеся тымі ідэямі, якія ў гэтых творах па-мастацку адлюстраваны». У творах А. С. Пушкіна ён бачыў «незвычайную рэлігійнасць і павагу да прастола». У прамове міжвольна была выказана праўда аб наспяванні ў краіне рэвалюцыйнай сітуацыі: «Вам, безумоўна, вядомы вельмі сумныя факты, якімі ў бягучым годзе была парушана правільная плынь жыцця амаль ва ўсіх вышэйшых навучальных установах імперыі. Гэтыя беспарадкі сведчаць пра тое, што моладзь забыла аб сваім першым абавязку — вучыцца, а не рабіць скандалы і дэманстрацыі... Вы не павінны ператвараць храм навукі ў арэну ўсякіх агіднасцей і абуральных парушэнняў парадку і грамадскага спакою... Цвёрда памятайце, што ў нас ёсць моцная ўлада, якая заўсёды мае поўную магчымасць утаймаваць розныя з вашага боку спробы да парушэння строю вучэбнага жыцця. Ваша справа толькі вучыцца... Вы, напрыклад, не закліканы ні да вырашэння, ні нават да абмеркавання якіх-небудзь дзяржаўных ці палітычных пытанняў... Вы не павінны гэтак жа падпадаць пад уплыў розных зламысных людзей...» Не ведаў у той час М. М. Іваноўскі, што праз 5—6 гадоў даручаная яму навучальная ўстанова зробіцца цэнтрам рэвалюцыйнай прапаганды сярод вучнёўскай моладзі Слуцка. Але, мусіць, адчуваў гэта, бо яго прамова прасякнута страхам перад рэвалюцыяй.
   Каб захаваць вучняў і насельніцтва горада ад уплыву рэвалюцыйных ідэй, гімназія праводзіла «народныя чытанні»: падарожжа нашчадка цэсарэвіча на ўсход у 1890— 1891 гады; пачатак хрысціянства на Русі і святы Уладзімір; Пётр Вялікі; імператрыца Кацярына II; Айчынная вайна 1812 года; вялікі пост; жыццё Мікалая Чудатворца; святыні Вільні і г. д. Зразумела, большасць гэтых тэм мала каго магла задаволіць. Таму дапытлівыя гімназісты групаваліся ў той час вакол А. Р. Абуховіча-Бандынэлі, графа, які адмовіўся ад сваіх маёнткаў і пісаў на «мужыцкай» мове.
   А. Р. Абуховіч-Бандынэлі доўгі час вучыўся ў Швейцарыі, Францыі, дасканала валодаў усімі асноўнымі мовамі Еўропы. Да сваіх вучняў ён ставіўся як да роўных, улічваў іх узровень, узрост і інтарэсы. Значна пазней падобным метадам выхавання будзе карыстацца выдатны савецкі педагог В. А. Сухамлінскі.
  Гімназісты П. Карповіч, Я. Дыла і іншыя збіраліся на кватэры Абуховіча-Бандынэлі. Ён вёў з імі гутаркі, чытаў свае творы, пераклады, выязджаў на прыроду, даючы ўзор культуры, высакародства, свабодалюбства і нянавісці да ўсякіх форм прыгнёту.
   Не выпадковы, напрыклад, той факт, што яго былы вучань П. Карповіч пасля замаху на міністра асветы Багалепава трымаў сябе на судзе ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасці. Ён заявіў, што страляць у міністра ён лічыў сваім маральным абавязкам, бо гэта рэакцыянер, які здаў у салдаты 183 студэнты. Ва ўсім гэтым нельга не адчуць вывучку школы Абуховіча-Бандынэлі, які выхаваў не толькі рэвалюцыянера Карповіча. Праз гэту школу прайшоў вядомы хірург Ярэміч, які быў запрошаны на пасаду Наркома аховы здароўя БССР у першым складзе ўрада, але пасаду заняць не паспеў, бо раптоўна памёр...
   Канчалася XIX стагоддзе. Слуцкая гімназія ішла насустрач рэвалюцыі разам з усёй Расіяй. Многія вучні гімназіі прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху. (На жаль, да гэтага часу не сабраны яшчэ больш-менш поўныя звесткі пра ўсіх выпускнікоў Слуцкай гімназіі за ўсе трыста гадоў яе працы ў дарэвалюцыйны час. Але пра некаторых з іх мы маем звесткі.)
   8 жніўня 1981 года ў газеце «Шлях Ільіча» з"явіўся артыкул кандыдата гістарычных навук Э. Карніловіча «На эшафот з усмешкай», у якім расказвалася пра былога вучня гімназіі I. I. Младзецкага.
   Пасля выключэння з апошняга класа гімназіі за рэвалюцыйную дзейнасць I.I. Младзецкі аб"ездзіў многія гарады Расіі, займаючыся прыватнымі ўрокамі. Па сваіх палітычных поглядах ён належаў да рэвалюцыянераў-нарадавольцаў. Працуючы выхавальнікам сына прафесара Акадэміі мастацтваў Свярчкова (у Царскім Сяле пад Пецярбургам), Младзецкі наладзіў летам 1879 года кантакты з арганізацыяй «Народная воля». У хуткім часе яго выслалі са сталіцы. Вярнуўшыся ў Беларусь, I.I. Младзецкі спыніўся ў Мінску, дзе больш за тыдзень знаходзіўся пад арыштам. Выкарыстаўшы абставіны, былы слуцкі гімназіст схапіў у паліцэйскім упраўленні пісталет і знік. У хуткім часе ён зноў аказаўся ў Пецярбургу, дзе сустрэўся з А.Д. Міхайлавым — членам выканаўчага камітэта «Народнай волі» і прапанаваў яму свае паслугі для здзяйснення якога-небудзь тэрарыстычнага акта. Не дачакаўшыся адказу, I. I. Младзецкі вырашыў дзейнічаць самастойна. Ён накіраваўся да дому, дзе жыў граф М. Т. Ларыс-Мелікаў, прызначаны царом старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі па барацьбе супраць рэвалюцыйнага руху. Вечарам, калі Ларыс-Мелікаў вяртаўся пасля даклада ад Аляксандра II, I. I. Младзецкі выстраліў у шэфа жандараў і параніў яго.
   Вестка аб замаху на Ларыс-Мелікава і аб магчымым смяротным пакаранні I.I. Младзецкага ўсхвалявала Пецярбург. Рускі пісьменнік Усевалад Гаршын у дзень вынясення прыгавору I.I. Младзецкаму напісаў пісьмо Ларысу-Мелікаву, у якім прасіў дараваць былому слуцкаму гімназісту. Падобныя звароты да Ларыс-Мелікава былі і ад іншых асоб, але нішто не дапамагло. Пецярбургскі ваенна-акруговы суд прыгаварыў I. I. Младзецкага да пакарання смерцю праз павешанне. 22 лютага 1880 года прыгавор быў прыведзены ў выкананне на Сямёнаўскім плацы ў Пецярбургу.
Пакаранне смерцю рэвалюцыянера не запалохала сапраўдных барацьбітоў за вызваленне народа. Вядомая рэвалюцыянерка Вера Фігнер з захапленнем пісала, што Младзецкі «памёр на эшафоце з усмешкай героя».
   Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі гэтага перыяду мы сустракаем П. У. Карповіча, які пасля вучобы ў гімназіі паступіў у Маскоўскі універсітэт, адкуль быў выключаны ў 1896 годзе за ўдзел у маніфестацыі з выпадку паўгоддзя Хадынскіх падзей. У выніку замаху на жыццё міністра Багалепава быў асуджаны на 20 гадоў катаргі, адкуль уцёк. Карповіч загінуў у 1917 годзе, вяртаючыся з Англіі ў Расію на параходзе, які падарваўся на міне.
   Са сцен школы выйшаў К. А. Петрусевіч, вядомы адвакат, які абараняў на судзе ў 1908 г. Якуба Коласа, у 30-я гады выступаў на судзе ў абарону Максіма Танка, якога ўлады буржуазнай Польшчы абвінавачвалі ў рэвалюцыйнай дзейнасці. Ён быў дэлегатам Першага з"езда РСДРП. Петрусевіч з"яўляецца прататыпам Петруневіча ў трылогіі Я. Коласа «На росстанях».
   Тут атрымаў адукацыю А. Р. Бржазоўскі, доктар медыцынскіх навук, аўтар капітальнай працы «Прыватная хірургія» (скончыў гімназію ў 1889 годзе).
   У Слуцкай гімназіі вучыўся Я. Л. Дыла, беларускі пісьменнік, Нарком працы ў першым складзе ўрада Беларускай ССР. (За рэвалюцыйную дзейнасць быў выключаны з гімназіі.) У 1981 годзе выйшаў том яго выбраных літаратурных твораў, сярод якіх некалькі драм і ўрыўкі з рамана «На шляху з варагаў у грэкі». Я. Л. Дыла памёр у 1973 годзе на 93-м годзе жыцця ў Саратаве.
   Адукацыю ў Слуцкай гімназіі атрымаў I. М. Чудоўскі, прафесійны беларускі рэвалюцыянер. Яго бацька М. М. Чудоўскі працаваў выкладчыкам матэматыкі ў гэтай гімназіі, сябраваў з А. Р. Абуховічам-Бандынэлі, займаўся навуковай дзейнасцю. Сам Іван Мікалаевіч загінуў у час рэвалюцыйных баёў 1917 года.
   1 студзеня 1982 года штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» апублікаваў артыкул Лідзіі Арабей «Дарога вяла на поўнач», у якім расказваецца пра тое, як былі адшуканы кніжкі Л. С. Сеўрука з дароўнымі надпісамі Янкі Купалы. На адной кніжцы Я. Купала напісаў: «Вельмі паважанаму прафесару Л. С. Сеўруку ў довад прызнання яго прац і думак, пакладзеных на карысць маці-Беларусі і яе нешчасліваму народу».
   Хто такі Лёанід Сафоніевіч Сеўрук, якога глыбока паважаў выдатны беларускі паэт?
Л. С. Сеўрук нарадзіўся ў засценку Сорагі (цяпер Слуцкі раён), у 1885 годзе з залатым медалём скончыў Слуцкую гімназію і паступіў у Пецярбургскі універсітэт. Пасля гэтага працаваў выкладчыкам у Пецярбургскім сіроцкім інстытуце. Ён аўтар шэрага падручнікаў па прыродазнаўству, некаторыя з якіх па некалькі разоў перавыдаваліся ў дарэвалюцыйны час. Л. С. Сеўрук склаў кніжку па батаніцы на беларускай мове, аказваў матэрыяльную дапамогу выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». Гэта Л. С. Сеўрук, якому некалі аказваў матэрыяльную дапамогу настаўнік М. Д. Пратапопаў, са сваімі сябрамі ў 1910 годзе прывёз з Пецярбурга помнік і ўстанавіў на магіле настаўніка. Сын Л. С. Сеўрука, рускі савецкі літаратурны крытык, загінуў на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя ўвекавечана на мема - рыяльнай дошцы ў будынку Саюза пісьменнікаў СССР. Пра творчасць крытыка Сеўрука пісала ў свой час «Литературная газета».
   У 1876 годзе Слуцкую гімназію скончыў Браніслаў Белаблоцкі (1861 — 1888), рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыёлаг і літаратурны крытык. У час навучання ў Пецярбургскім універсітэце і Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (займаўся адначасова) удзельнічаў у рабоце гуртка «Народная воля». Ён удзельнік гуртка, што перакладаў «Капітал» К. Маркса на польскую мову. У сваіх літаратурна-крытычных творах Белаблоцкі падкрэсліваў класавы характар літаратуры.
   У 1896 годзе гімназію скончыў Л. М. Клейнбарт (1875— 1950), рускі савецкі крытык, публіцыст. Друкаваўся з 1902 года. Ён напісаў «Нарысы народнай літаратуры», «Нарысы рабочай журналістыкі» і кнігу «Маладая Беларусь». Клейнбарт садзейнічаў выхаду ў свет у дарэвалюцыйны час зборніка вершаў Янкі Купалы «Шляхам жыцця».
   У канцы XIX стагоддзя Слуцкую гімназію скончылі браты Ачапоўскія. Адзін з іх — Станіслаў Уладзіміравіч быў выдатным савецкім акулістам.
   У газеце «Голас Радзімы» ад 28 студзеня 1982 г. быў надрукаваны артыкул журналіста У. Сазановіча «Бачу святло... », у якім ён падрабязна расказвае пра жыццё і дзейнасць С. У. Ачапоўскага.
   С. У. Ачапоўскі нарадзіўся 22 лютага 1878 года ў вёсцы Ёдчыцы былога Слуцкага павета. У 1896 годзе ён закончыў гімназію з залатым медалём і паступіў у Ваенна- медыцынскую акадэмію — старэйшы цэнтр рускай медыцынскай думкі. Вясной 1897 года Ачапоўскі ўпершыню быў удзельнікам масавага выступлення рабочых супраць царызму.
   Летам 1901 года С. У. Ачапоўскі здаў выпускныя экзамены і атрымаў званне «лекара з адзнакай», маючы ў экзаменацыйным лісце сярод 36 «пяцёрак» адну «чацвёрку» — па багаслоўю. У 29 гадоў Ачапоўскі стаў доктарам медыцынскіх навук. 3 восені 1909 года і да апошніх дзён свайго жыцця ён працаваў у вочным аддзяленні Краснадарскай вайсковай бальніцы, пасля рэвалюцыі перайменаванай у краявую. Стаўшы арганізатарам кафедры вочных хвароб пры Кубанскім універсітэце, ён быў яе нязменным кіраўніком на працягу чвэрці стагоддзя. У 1926 годзе вучоны быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Выдатны хірург і акуліст зрабіў 35 тысяч аперацый, аказаў дапамогу больш чым 400 тысячам хворым... 3 1941 года С. У. Ачапоўскі — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Імя С.У. Ачапоўскага (памёр у 1945 г. ) было прысвоена Краснадарскай краявой клінічнай бальніцы, дзе ўстаноўлены і помнік яму.
   Асобнае месца ў спісах выкладчыкаў займае імя сціплага настаўніка-падзвіжніка М.Д. Пратапопава, які скончыў Слуцкую гімназію ў 1850 годзе. 3 лютага 1864 па   кастрычнік 1888 года ён працаваў спачатку настаўнікам, а потым інспектарам гімназіі. Пры яго матэрыяльнай падтрымцы вучыліся ў гімназіі, а потым ва універсітэтах Расіі дзеці з бедных сем"яў. I таму не выпадкова, што ўдзячныя вучні прывезлі з Пецярбурга помнік настаўніку. На помніку эпітафія: «Подзвігам была твая дзейнасць. Настаўніку-чалавеку».
   Нельга не ўспомніць У. Я. Сядова, які працаваў настаўнікам і адначасова быў сакратаром педагагічнага савета гімназіі. Ён выдаў друкарскім спосабам некалькі гадавых справаздач пра стан Слуцкай гімназіі, якія сталі каштоўнымі дапаможнікамі па гісторыі развіцця сярэдняй адукацыі на Беларусі.
   Выдатным педагогам быў I. А. Глебаў, які працаваў настаўнікам гісторыі з 1890 па 1902 год. (У канцы XIX стагоддзя прафесары Пецярбургскага універсітэта адзначалі добрую падрыхтаванасць па гісторыі выхаванцаў Слуцкай гімназіі.) I. А. Глебаў — аўтар фундаментальнай працы «Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617— 1630—1901 гг.». Ён напісаў нарыс па гісторыі Слуцка, які быў апублікаваны ў 1904 годзе ў «Виленском вестнике». У пачатку XX стагоддзя I. А. Глебаў некаторы час працаваў выкладчыкам у Вільні, а потым дырэктарам гімназіі ў Гродна. Апошні раз яго бачылі ў Слуцку ў 1915 годзе, калі ён эвакуіраваўся на ўсход у сувязі з наступленнем немцаў.