Людвіка-Караліна Радзівіл (27.02.1667–23.03.1695)

Спадчынніцай вялікіх уладанняў Людвіка-Караліна стала вельмі рана. Яе маці, княгіня Ганна-Марыя, памерла ва ўзросце 24 гадоў пры нараджэнні дачкі, а праз два гады не стала і бацькі князя Багуслава. Малалетняй княжне былі назначаны 11 апекуноў. Адным з іх быў паэт Збігнеў Мортыш, другім – Казімір Клакоцкі, пастаўлены яшчэ Багуславам Радзівілам губернатарам Слуцкага і Капыльскага княстваў, але галоўным лічыўся сваяк – брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм. Выхоўвалася дзяўчынка як у родным Краляўцы, так і ў сям'і курфюрста ў Берліне.
У 1681 г. Людвіка-Караліна (па нямецку Луіза-Шарлота) стала жонкай брандэнбургскага прынца – малодшага сына Фрыдрыха Вільгельма маркграфа Людвіга (1666-1687), але шлюб не быў доўгім – праз шэсць гадоў маркграфа не стала.
Паходжанне і багацце княгіні былі прычынай пільнай увагі да яе многіх. Цераз год пасля смерці мужа, у 1688 г. адбыліся заручыны Людвікі-Караліны з сынам польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна Сабескага Якубам. Аднак у тым жа 1688 г. Людвіка стала жонкай князя Нейбургскага (Нойбургскага) Карла Філіпа (1661-1742). Было такое развіццё падзей, верагодна, нечаканым: сейм Рэчы Паспалітай нават вынес на разгляд гэтае пытанне і пагражаў Людвіке канфіскацыяй маёмасці. Але далей пагрозы справа не пайшла. Ці многа страціла княгіня, не парадніўшыся з сям'ёй караля, сказаць цяжка. Адзначым, што пасля смерці Яна Сабескага, у 1697 г. яе муж Карл Філіп і сам быў прэтэндэнтам на польскую карону. А ў 1716 г. ён стаў уладаром нямецкага княства Пфальц, атрымаў тытул курфюрста-пфальцграфа (палаціна) рэйнскага.
3 1689 г., пасля другога шлюбу, Людвіка-Караліна жыла ў сталіцы Пфальца – Гейдэльбергу. У 1693 г. у Людвікі і Карла нарадзілася дачка, ёй далі імя Эльжбета (Лізавета) Аўгуста Сафія.
Літоўскія ўладанні княгіні складаліся са Слуцкага і Капыльскага княстваў, Невельскага і Себежскага графстваў, Койданава, Смалявічаў, Кейданаў, Біржаў, Заблудава, Беліцы, Копысі, Любчы. 3 Германіі княгіня прыязджала рэдка. У яе адсутнасць кіравалі тут намеснікі.
Слуцкім княствам з 1670 г. кіравалі два намеснікі (аканомы). Адзін з іх быў галоўным і меў тытул ваеннага губернатара, яму падпарадкоўваліся ўзброеныя сілы княства. Спачатку ваенным губернатарам быў Казімір Клакоцкі (1625-1684). У 1682 г., незадоўга да смерці, ён адышоў ад спраў, а яго замяніў Станіслаў Незабітоўскі (1641-1717), які на гэтай пасадзе заставаўся да 1714 г. Намеснікам дапамагала кіраваць калегія саветнікаў. Справамі горада, апіраючыся на нормы Магдэбургскага права, займаўся магістрат.
Людвіка-Караліна спавядала кальвінізм, а Карл Філіп быў католікам. Як і продкі, княгіня была апякункай літоўскіх пратэстантаў, клапацілася аб рэфармацкіх зборах у Слуцку, Койданаве, Мінску. Для навучання ў Кенігсбергскім (Кралявецкім) універсітэце для кальвіністаў з Вялікага княства Літоўскага са сваіх сродкаў назначыла 12 стыпендый. Выхаванцам Слуцкай кальвінскай гімназіі ахвяравала грашовыя сродкі для прадаўжэння навучання ва універсітэтах Берліна, Оксфарда, Франкфурта-на-Одэры.
Да праваслаўнага насельніцтва Случчыны княгіня ставілася паважліва. Яна рабіла ахвяраванні цэрквам і слуцкаму Праабражэнскаму манастыру. Калі ў краі зноў паўстала пагроза насільнага пашырэння каталіцызму і ўніяцтва, у 1690 г. княгіня дамаглася ад урада краіны пацвярджэння прывілея праваслаўным храмам Случчыны, што існаваў з часоў княгіні Сафіі Юр'еўны Алелькавіч і які гарантаваў нязменнасць і непарушнасць на Случчыне «грэка-рускай» веры. Выдадзеным княгіняй актам гарантавалася свабода веравызнання пратэстантам і праваслаўным у межах яе ўладанняў.
Калі звярнуць увагу на тагачаснае рэлігійнае жыццё краю, то трэба адзначыць, што з боку ўладароў уціску не адчувала ні адна канфесія, з-за чаго не назіралася тут і рэлігійнай напружанасці.
У Слуцку ў другой палове XVII ст. было прыкладна 14 праваслаўных цэркваў і тры манастыры, 2 пратэстантскіх храмы (лютэранская кірха і кальвінскі збор), каталіцкія фарны касцёл і Бернардзінскі кляштар, іўдзеі мелі сінагогу.
Горад у сярэдзіне XVII ст. з'яўляўся буйным эканамічным цэнтрам краіны. Адметнай з'явай тагачаснага культурнага жыцця была дзейнасць княжацкай друкарні, якой апекаваўся Казімір Клакоцкі. У 1693 г. гэту друкарню Людвіка-Караліна падарыла кальвіністам.
Рэальная ўлада ў горадзе і княстве належыла намеснікам і кіраўнікам магістрату. Крыніцы даносяць, што мясцовае кіраўніцтва не раз крытыкавалася як іх апанентамі – прэтэндэнтамі на магістрацкія пасады, так і простымі жыхарамі горада за злоўжыванне правамі. Несправядлівасці з боку мясцовай адміністрацыі выклікалі неспакой у грамадскім жыцці і часам выяўляліся ў хваляваннях і выступленнях гараджанаў, напрыклад, у 1684 і 1685 гг.
Пражыла Людвіка-Караліна Радзівіл усяго 28 гадоў. 23 сакавіка 1695 г. яна памерла. Пасля смерці за спадчыну княгіні разгарэлася барацьба паміж яе далёкімі сваякамі – нясвіжскімі Радзівіламі, Сапегамі і нямецкімі князямі. Тым не менш, засталіся ўладанні за двухгадовай дачкой Людвікі, а да паўналецця Лізаветы Аўгусты Сафіі яе апекуном стаў бацька Карл Філіп Нойбургскі.