Аляксандр Уладзіміравіч Алелька (1380–1454)

Пасля смерці князя Уладзіміра гаспадаром Случчыны становіцца яго старэйшы сын Аляксандр. Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч у Кіеве, які пасля разгрому літоўскімі войскамі татараў пад Сінімі Водамі (1362) быў далучаны да Вялікага княства Літоўскага, і дзе з тых часоў княжыў яго бацька. Калі Кіеў быў у іх забраны, «на Маскву'' разам з бацькам адправіўся і княжыч Аляксандр. Там бегляцы знайшлі падтрымку. 3 Масквой з тых часоў усталёўваюцца трывалыя сувязі. Напрыклад, у 1446–47 гг. ужо князь Аляксандр са сваёю дружынай дапамагаў князю маскоўскаму ў барацьбе з мяцежным Дзмітрыем Шамякам.
Князь Аляксандр быў мужным ваяром і таленавітым ваяводам, неаднаразова ўдзельнічаў у абароне Айчыны і ад татараў, і ад крыжакоў. Сярод магнатаў (асабліва праваслаўнага веравызнання) карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Як прадстаўнік велікакняжацкага роду меў герб «Пагоня». На чале слуцкай дружыны ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 г. Вядомы Алелька і як дыпламат. Яго подпіс стаіць пад Мельнскай дамовай паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з Тэўтонскім ордэ- нам. Менавіта Мельнскі мір 1422 г. завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ, устанавіў паміж імі мяжу, якая існавала некалькі стагоддзяў.
Удзельнічаў князь Аляксандр і ва ўсобіцах. Пры падтрымцы праваслаўных князёў не раз прэтэндаваў на пасаду вялікага князя. Сам у барацьбе за трон у Вільні, што распачалася пасля смерці Вітаўта, падтрымліваў спачатку князя Жыгімонта Кейстутавіча, а потым яго саперніка Свідрыгайлу. Перамогу атрымаў першы. Аднак у 1433 г. Слуцк становіцца цэнтрам паўстання супраць вялікага князя Жыгімонта, вынікам чаго стала зняволенне князя Аляксандра. Трымалі яго ў турме ў горадзе Кернаве, а сям'ю – у астрозе мястэчка Уцяны.
Пасля смерці вялікага князя Жыгімонта пад націскам групы феадалаў новы вялікі князь Казімір IV Ягайлавіч вызваліў Алельку і вярнуў яму Слуцкае княства. Каб улагодзіць мяцежнага князя, Казімір у 1443 г. аддаў яму і былую вотчыну бацькі – Кіеўскае княства. Тым не менш, у 1450-я гг. князь Аляксандр зноў удзельнічаў у змове супраць вялікага князя літоўскага Казіміра і ў справе гэтай шукаў падтрымкі Масквы.
Жонкай слуцкага князя Аляксандра (Алелькі) у 1417 г. стала дачка вялікага князя маскоўскага Васілія I (унучка вялікага князя літоўскага Вітаўта) княгіня Анастасія (?-1470). Аляксандр і Анастасія мелі двух сыноў – Сімяона і Міхаіла – і трох дачок. 3 іх малодшая дачка Федка (Фядора) выйшла замуж за князя Сімяона Юр'евіча, сярэдняя Еўдакія стала жонкай малдаўскага гаспадара Стэфана, а старэйшая ўзяла шлюб з князем Пронскім. Месцам пражывання княжацкай сям'і былі замкі ў Капылі і ў Слуцку. Старэйшы сын Сімяон нейкі час выхоўваўся ў сваёй бабкі ў Маскве. Сам князь Аляксандр, які вёў актыўнае палітычнае жыццё, наўрад ці надоўга затрымліваўся дома.
Слуцк за часамі Алелькі быў даволі вялікім горадам. У велікакняжацкім прывілеі 1444 г. ён прыводзіцца ў ліку галоўных гарадоў Літвы. Пасадская забудова тады мясцілася пераважна ў міжрэччы Бычка і Случы, на ўсход ад дзядзінца. Адметнай з'явай у жыцці Слуцка стала атрыманне ў 1441 г. Магдэбургскага права, якое да таго мелі толькі Вільня, Гародня і Бярэсце. А з тагачасных прыватнаўласніцкіх гарадоў Слуцк атрымаў такое права першым. Магдэбургскае права дазваляла мяшчанам самім, незалежна ад княжацкай адміністрацыі, ствараць магістрат, рамесныя цэхі і купецкія аб'яднанні, вырашаць разнастайныя праблемы мясцовага жыцця.
Развіваўся горад і як духоўны цэнтр акругі. У горадзе дзейнічала замкавая Успенская царква, адна альбо дзве цэрквы на пасадзе, Міхайлаўская царква на прадмесці Востраў і Троіцкі манастыр на прадмесці Трайчаны. У 1419 г. на рыначнай плошчы быў узведзены фарны (парафіяльны) касцёл.
У 1443 г. Аляксандр Уладзіміравіч стаў князем Кіеўскім, аднак застаўся і гаспадаром Случчыны. Сваімі намеснікамі ён пакінуў сыноў: у Слуцку старэйшага Сімяона, у Капылі малодшага Міхаіла.
Памёр князь Аляксандр Уладзіміравіч у Кіеве. Засталася памяць пра яго як пра адважнага ваяра і апекуна праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Пахаваны ён у Кіева-Пячэрскай лаўры.