Юрый Яраславіч (1112/207–1168?)

Юрый Яраславіч быў унукам князя Святаполка Ізяславіча. Ён захапіў Тураў пасля смерці Юрыя Далгарукага ў 1158 г. Раней Юрый прымаў актыўны ўдзел у княжацкіх усобіцах, быў блізкі да вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Далгарукага. Зарэкамендаваў сябе як умелы і ўдачлівы ваеначальнік, разумны і вопытны дыпламат.
У жыхароў Турава князь Юрый карыстаўся аўтарытэтам і як прадстаўнік старажытнай тураўскай дынастыі Ізяславічаў, і як таленавіты ўладар і кіраўнік, таму тураўцы аказалі князю падтрымку і дапамогу ў барацьбе з вайсковай кааліцыяй, якую прывёў пад сцены іх горада кіеўскі князь. У 1160 г. Юрый Яраславіч паспяхова вытрымаў асаду валынскага князя. Кіеўскі князь Расціслаў у 1162 г. нарэшце прызнаў незалежнасць Тураўскага княства і ўсталяваў з ім мір. Гэткім чынам была адноўлена самастойнасць Тураўскага княства і ўзноўлена дынастыя Ізяславічаў, спынілася чахарда часовых валадароў і з'явіўся пастаянны спадчынны князь.
Жонкай Юрыя стала дачка гарадзенскага князя Усевалада. У сям'і тураўскіх князёў было пяць сыноў і дзве дачкі. Адна з апошніх дат, калі, у сувязі са шлюбам дачкі, упамінаецца князь Юрыў – 1167 г.
Імя князя тураўскага не згадваецца ў летапісах у сувязі з усобіцамі і войнамі. Можна думаць, што яго княжанне прынесла краю мір і спакой.
Сведчаннем умацавання незалежнасці Тураўскага княства пры Юрыі Яраславічы і яго нашчадках стала ўзвядзенне ў 1170–1175 гг. у Тураве мураванай царквы, якая па архітэктуры была блізкай тагачасным кіеўскім і ўладзімірскім храмам. На часы яго княжання прыходзіцца дзейнасць выдатнага дзеяча Кірылы Тураўскага. Калі не стала князя Юрыя Яраславіча, невядома, магчыма, жывым ён мог быць яшчэ ў 1170-я гг.