СЛУЦК, 1937-ы... Часть 6

«Дзякуй Сталіну і Ежову…»

Аднак вернемся ў 1937 год. Асабліва пільна супрацоўнікі органаў Народнага камісарыята ўнутраных спраў прыглядаліся да тых, хто ўжо трапляў у поле іх зроку, у першую чаргу – да раней раскулачаных. І падстава для гэтага была важкая, бо за подпісам Сталіна на месцы пайшла тэлеграма: «Замечено, что большая часть бывших кулаков и уголовников, высланных одно время из разных областей в северные и сибирские районы, а потом по истечении срока высылки вернувшихся в свои области, – являются главными зачинщиками всякого рода антисоветских и диверсионных преступлений, как в колхозах и совхозах, так и на транспорте и в некоторых отраслях промышленности. ЦК ВКП(б) предлагает всем секретарям областных и краевых организаций и всем областным, краевым и республиканским представителям НКВД взять на учёт всех возвратившихся на родину кулаков и уголовников с тем, чтобы наиболее враждебные из них были немедленно арестованы и были расстреляны в порядке административного проведения их дел через тройки, а остальные менее активные, но всё же враждебные элементы были бы переписаны и высланы в районы по указанию НКВД…». Пра крытэрыі, якімі вызначалася «варожасць», у тэлеграме нічога не гаварылася, так што іх выпрацоўвалі на месцах хто як мог ці лічыў патрэбным.
Да «найбольш варожых» залічылі і Сцяпана Андрэевіча Шкурскага з вёскі Рудня. Яшчэ ў 1931 годзе яго гаспадарку раскулачылі. Забралі хату, кладоўку, прыбудову для дроў, хлеў, варыўню , ваўначоску, дзвюх кароў, шэсць авечак, каня, свінню з трыма падсвінкамі. Што і казаць, гаспадарка па вясковых мерках была моцнай. Але ж і працаваць даводзілася з ранку да вечара, бо пракарміць сям"ю, дзе пяцёра дзяцей, было не вельмі проста. Гаспадар хадзіў у заработкі да іншых вяскоўцаў і касіў сена пры ўмове, што палавіну яго забярэ для сваёй жывёлы. Старэйшыя дзеці Шкурскіх наймаліся хто ў пастухі, а хто – у нянькі. Вялікага багацця гэта не прыносіла, сям"я хадзіла ў лапцях, летам – наогул басанож, адзенне шылі з самаробнага палатна. Але ж некаму мазолілі вочы працавітыя Шкурскія, таму і трапілі яны ў спіс кулакоў. Іх выселілі з роднай хаты, давялося прытуліцца ў кладоўцы ў Корзуна, які жыў на хутары Буда. А праз шэсць гадоў С.А. Шкурскага, які к таму часу працаваў конюхам на пошце ў Слуцку, абвінавацілі ва ўдзеле ў дыверсійна-паўстанцкай арганізацыі і прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Расстралялі С.А. Шкурскага 11 снежня 1937 года, а праз дваццаць тры гады судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР спыніла справу ў адносінах да яго «за адсутнасцю складу злачынства».
А махавік рэпрэсій набіраў абароты. Былі абвінавачаны ў шкодніцкай дзейнасці і вызвалены ад займаемых пасад старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Адамчук, сакратары акруговага і раённага камітэтаў камсамола Галкоўскі і Коган, член акруговага суда Вішнеўскі. У гэты ж час рэспубліканская газета «Рабочий» амаль штодзённа друкавала спісы выключаных з партыі, якія «выклікаюцца ў горад Мінск на выязную тройку ЦК КПК пры ЦК УКП(б)». Вішнеўскі, Вішнеўская, Турбан, Брызгалаў, Флеер, Кунтыш, Міхайлаў, Ярмаліцкі, Баранаў... Толькі за жнівень такія выклікі атрымалі дваццаць членаў раённай партыйнай арганізацыі. Усе яны пазней былі асуджаны за «варожую дзейнасць».
Супрацоўнікі НКУС 10 ліпеня арыштавалі дарожнага майстра станцыі Слуцк Беларускай чыгункі Георгія Ільіча Алымава. У віну яму ставілася кіраўніцтва контррэвалюцыйнай дыверсійна-паўстанцкай арганізацыяй, якая быццам была створана польскай разведкай на пагранічным участку чыгункі Асіповічы–Цімкавічы. Сцвярджалася, што гэта арганізацыя праводзіла дыверсійна-шкодніцкую работу, стварала атрады для арганізаванага выступлення супраць савецкай улады на выпадак вайны. Г.І. Алымаў, гаворыцца ў пастанове аб яго арышце, якую падпісаў малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Чарных, «займаўся вярбоўкай асоб у контррэвалюцыйную арганізацыю, чыгуначны пуць рамантаваў шкодніцкі, вёў агітацыю сярод рабочых». Нельга знайсці ў пацвярджэнне абвінавачвання хоць якіх-небудзь фактаў, паказанняў сведак агітацыйнай работы дарожнага майстра. Аднак складзенага дакумента аказалася дастаткова, каб яшчэ да суда фактычна вырашыць лёс чалавека і давесці яго да расстрэлу.
Разам з Г.І. Алымавым па той жа справе аб контррэвалюцыйнай арганізацыі на чыгуначным транспарце прыгаварылі да расстрэлу яшчэ трыццаць шэсць чалавек. Большасці з іх было трыццаць пяць – сорак гадоў, а С.І. Пацэйку споўнілася толькі дваццаць чатыры. Жыць бы яшчэ і жыць людзям, але да тых, на каго ўпаў цень «ворага народа», сталінскі «меч» літасці не ведаў. Як вызначыла намнога пазней калегія Вярхоўнага суда СССР, абвінавачанне Г.І. Алымава і іншых асоб, якія праходзілі па той жа справе, было заснавана толькі на іх асабістых прызнаннях, не пацвярджалася аб"ектыўнымі дадзенымі. Падсудныя давалі неканкрэтныя і супярэчлівыя паказанні. Але ніхто ўжо не мог, а магчыма – і не хацеў адвесці ад іх смяротную пагрозу. І толькі пры пераглядзе справы было ўстаноўлена, што польскай паўстанцкай арганізацыі на станцыі Слуцк не было. Усе трыццаць сем чалавек рэабілітаваны пасмяротна.
У гэтай і многіх іншых справах «ворагаў народа» злавесную ролю адыгралі асабістыя прызнанні абвінавачаных у злачынствах, якія ім інкрымінавалі следчыя. Генеральны пракурор СССР А.Я. Вышынскі распрацаваў «тэорыю», у адпаведнасці з якой у справах аб дзяржаўных злачынствах галоўным доказам віны з"яўлялася прызнанне самога абвінавачанага. Таму следчым заставалася толькі любой цаной, любымі сродкамі дабіцца такога прызнання. Задача значна аблягчалася тым, што Сталін ад імя ЦК УКП(б) даў органам НКУС дырэктыву аб прымяненні да арыштаваных фізічных мер уздзеяння, іншымі словамі – дазволіў біць і катаваць арыштаваных. Пазней, 10 студзеня 1939 года, Сталін накіраваў у органы НКУС, у ЦК кампартый саюзных рэспублік, абкамы, крайкамы партыі тэлеграму, у якой былі і такія словы: «ЦК УКП(б) растлумачвае, што прымяненне фізічнага ўздзеяння ў практыцы НКУС было дапушчана з 1937 года з дазволу ЦК УКП(б)… Метад фізічнага ўздзеяння павінен абавязкова прымяняцца і ў далейшым… як правільны і мэтазгодны метад».
Пра тое, як гэты метад прымяняўся на месцах, сведчыць даведка па выніках праверкі работы Слуцкай міжраённай следчай групы: «Да арыштаваных ужываліся меры фізічнага ўздзеяння: збіванне арыштаваных рукамі, бутэлькай, пасадка на вугал і ножку перавернутага крэсла, скідванне арыштаваных на падлогу, абліванне халоднай вадой і г.д.».
«Як можна было такое перажыць, здзекаваліся ж не замежныя ворагі, а свае людзі,» – праз слёзы гаварыла жыхарка вёскі Вынісцы Марыя Міхайлаўна Дробыш. Яе мужу, Аляксандру Васільевічу Дробышу, які працаваў старшынёй калгаса «Барацьбіт», таксама было суджана на сабе выпрабаваць здзекі ў слуцкай турме. Яго і білі, і ў бочку з вадой на доўгі час саджалі, і кідалі на драўляную кушэтку з убітымі ў яе цвікамі. Хапала фантазіі ў катаў, каб толькі зламаць чалавека, прымусіць яго даць патрэбныя следчым паказанні.
Пра рэжым у слуцкай турме сведчыў яе начальнік Крэмераў: «У камерах адсутнічалі ложкі, зняволеных было столькі, што ім даводзілася стаяць, бо месца класціся і сядзець не было. Было надзвычай душна, вельмі шмат у каго апухалі ногі... Як зняволены пабудзе дні два-тры ў рэжымнай камеры, дык ён ужо просіцца на допыт даваць паказанні».
Калі ў 1938 годзе былі арыштаваны некаторыя работнікі Слуцкага акруговага аддзела НКУС, на допытах яны расказвалі пра метады сваёй работы. Напрыклад, следчы Машэнец паказаў: «...пасадка на вугал табурэткі, допыт стоячы і фізічнае збіванне ўжываліся масава ўсімі намі, следчымі, іначай і быць не магло, бо прызначаную норму тры – чатыры выкрыцці ў суткі немагчыма выканаць пры звычайным допыце… Былі выпадкі, калі следчы Пазнякоў і яшчэ адзін следчы з Мінска, прозвішча не памятаю, давалі па пяць выпадкаў выкрыцця ў суткі…».
«Ад невыноснага болю і пакут я вымушаны быў прызнаць сябе невядомым польскім шпіёнам. А нарадзіўся ж я ў Дзюдзева ...». Гэта словы з пісьма арыштаванага ў 1937 годзе Пятра Міхайлавіча Мяцельскага, якое ён цудам змог перадаць на волю.
Той жа Крэмераў пазней прызнаў, што «ў 1937-1938 гадах было шмат выпадкаў, калі зняволеныя са следства дастаўляліся ўжо забітымі… таксама быў выпадак, калі зняволены пасля прыбыцця з допыту ў турму праз дзве гадзіны памёр. Я асабіста заключаю, што ён быў моцна збіты на допыце, бо ён ішоў на допыт поўнасцю здаровы, а калі прыйшоў, дык праз дзве гадзіны памёр».
А вось яшчэ адно, цынічнае, калі не сказаць – д"ябальскае па сваёй сутнасці, прызнанне слуцкага чэкіста Галубкіна: «Мой непасрэдны кіраўнік Гласкоў заявіў, што арыштаваныя нашага раёна ўсе ідуць на расстрэл і што мы спаборнічаем з Глускім райаддзелам НКУС і ідзём наперадзе». Галубкін дадаў яшчэ адзін штрых у метады «барацьбы» слуцкіх чэкістаў з «ворагамі народа»: «Я дапытаў арыштаванага Бялькевіча Мяфодзія Малфеевіча, узяў пратакол допыту і прынёс Гласкову. Ён прачытаў і спытаў: «А дзе шпіянаж?». Апроч таго, на адно маё пытанне Бялькевіч назваў сваіх знаёмых. Гласкоў мне сказаў, што гэта, безумоўна, контррэвалюцыйная група, трэба будзе больш папрацаваць над зняволеным. Я прадоўжыў допыт, прычым прымяняў меры фізічнага ўздзеяння да Бялькевіча ў выглядзе таго, што саджаў яго на вугал табурэткі, пасля чаго Бялькевіч прызнаўся, што з,яўляецца шпіёнам. Пратакол допыту я прынёс і аддаў Гласкову, які ў парадку карэкціроўкі перарабіў увесь пратакол, дзе названыя Бялькевічам асобы як знаёмыя сталі шпіёнамі… Я гэты пратакол даў на подпіс арыштаванаму, які падпісаў яго адразу, нічога не кажучы «.
Камісія НКУС БССР адзначыла, што з ліку правераных спраў Слуцкага акруговага аддзела НКУС больш чым сто даведак на арышт складзены беспадстаўна. Вось так, людзей арыштавалі, катавалі, трымалі ў невыносных умовах, і нават НКУСаўцы, якія ведаюць, што такое «гонар мундзіра», вымушаны былі прызнаць – беспадстаўна. Білі, катавалі невінаватых! А колькі спраў засталося неправеранымі і дзе гарантыі, што і там няма беспадстаўных даведак?
А хто, калі і якой меркай ацэніць тое, што давялося перажыць родным і блізкім рэпрэсіраваных «ворагаў народа»? Успамінае жыхарка вёскі Лапацічы Марыя Аляксандраўна Бейнер: «Жылі мы ў казарме на станцыі Сераднякі, я працавала на чыгунцы рабочай. Пасля арышту мужа (Іосіф Станіслававіч Бейнер працаваў брыгадзірам 13-й дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі – А.Ж.) мяне з двума дзецьмі выселілі з казармы. Адной дачцэ было два гады, другой – пяць. У калгас не прымалі, мы хадзілі па чужых хатах галодныя і халодныя. Потым прынялі ў калгас «Пераможац» вёскі Лапацічы, далі нейкую маленькую хатку, але пасля вайны вярнуўся з высылкі яе гаспадар і выселіў нас. Мы зноў засталіся без даху над галавой, пакуль не купілі хатку чатыры на чатыры метры, перавезлі яе ў Лапацічы. Хапіла гора, пакуль вырасціла дзяцей, працавала ўвесь час свінаркай у калгасе. Ніхто не ведае і цяпер, дзе наш муж і бацька. І які лёс напаткаў яго».
Жыхарка вёскі Агароднікі Кіраўскага сельсавета Ганна Антонаўна Гур: «Мой бацька, Лясун Антон Іванавіч, быў камуністам, працаваў на вадакачцы. У лістападзе 1937 года, гадзін у пяць раніцы, пастукалі і ўвайшлі ў хату работнікі НКУС. Пасадзілі бацьку каля стала, а маме сказалі, каб дала ручнік, конаўку, лыжку, ежы на суткі. Не далі нічога гаварыць, павялі бацьку. Так і да сённяшняга дня нічога не ведаем аб ім. Толькі ў 1961 годзе прыйшло паведамленне аб яго рэабілітацыі».
Цяжка перадаць словамі, што перажылі члены сем"яў «ворагаў народа», «дыверсантаў», «шкоднікаў». Але аб гэтым у газетах, у тым ліку і ў «Праўдзе на рубяжы», не пісалася. Затое разам з заклікамі «выкрываць і выкарчоўваць» змяшчаліся вершы:
Сталін, Сталін, любы Сталін,
Жыў бы з намі ўвесь век,
З табой, Сталін, любы Сталін,
Вольна дыша чалавек.

Або:
Я чытала пастанову,
Перачытвала не раз.
Дзякуй Сталіну і Ежову
За іх клопаты аб нас.

У такой абстаноўцы случчане сустрэлі дваццатую гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Пасля свята пачалася кампанія па выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР. Па трох слуцкіх выбарчых акругах дэпутатамі былі выбраны: у Савет Саюза – выконваючы абавязкі старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Нікіфар Якаўлевіч Наталевіч, у Савет Нацыянальнасцяў – брыгадзір трактарнай брыгады Капыльскай машынна-трактарнай станцыі Соф"я Пятроўна Рачок і выконваючы абавязкі старшыні Слуцкага акруговага выканаўчага камітэта Міхаіл Васільевіч Кулагін. На гарадскім стадыёне прайшоў мітынг у падтрымку «блока камуністаў і беспартыйных» на выбарах у Вярхоўны Савет СССР. У рэзалюцыі мітынгу запісана: «Няхай жыве наш вялікі правадыр, друг і бацька народаў СССР і працоўных усяго свету, тварэц сталінскай канстытуцыі, першы дэпутат Вярхоўнага Савета таварыш Сталін!».
Заканчваўся год святкаваннем дваццацігоддзя органаў НКУС. Цікавы факт: выступаючы ў Маскве на ўрачыстым пасяджэнні з гэтай нагоды, намеснік старшыні СНК СССР А.І.Мікаян назваў свой даклад так – «Каждый гражданин СССР – сотрудник НКВД». Вось так – ні больш, ні менш. Ва ўсе абкамы, крайкамы, ЦК кампартый саюзных рэспублік пайшла тэлеграма за подпісам Сталіна: «Цэка прапаноўвае адзначыць дваццатую гадавіну УНК -ДПУ-НКУС дваццатага снежня ў друку і на сумесных пасяджэннях актыву партыйных, савецкіх, прафсаюзных, камсамольскіх, іншых грамадскіх арганізацый, а таксама правесці гутаркі, даклады, сходы на прадпрыемствах і ў калгасах, растлумачыць ролю і значэнне савецкай разведкі ў барацьбе з усякага роду шпіёнамі, шкоднікамі і іншымі ворагамі савецкага народа». У Слуцку з гэтай нагоды прайшоў урачысты сход, удзельнікі якога ад імя ўсіх случчан адправілі віншавальныя тэлеграмы Сталіну і яго «жалезнаму наркому» Яжову. «Наш НКВД, узначальваемы непахісным барацьбітом за справу камунізму сталінскім наркомам Нікалаем Іванавічам Ежовым, зорка стаіць на варце сацыялістычных заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі», – гаварылася ў адной з тэлеграм.
Яшчэ праз некалькі дзён адбыўся злёт стаханаўцаў Слуцка, якія заклікалі ўсіх стаханаўцаў акругі дасягнуць у 1938 годзе найвышэйшай прадукцыйнасці працы. Адначасова з такой жа прапановай да сельскіх працаўнікоў акругі звярнуліся хлебаробы калгаса «1-е Мая». У «Праўдзе на рубяжы» прыводзіўся прыклад, што член сельскагаспадарчай арцелі «1-е Мая» Сцяпан Герасімавіч Самусевіч з сям"ёй выпрацаваў 800 працадзён і атрымае 2 560 кілаграмаў зерня, 9 600 кілаграмаў бульбы, 4 000 кілаграмаў агародніны, 3 200 кілаграмаў сена і саломы, 560 кілаграмаў садавіны і 2 800 рублёў грашыма.
Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Слуцкага раёна сведчылі і такія факты: за год калгасы пабудавалі 12 свінарнікаў на 255 свінаматак, два аўчарнікі на 200 галоў жывёлы, 10 канюшань на 400 коней, 17 кароўнікаў, амшанікі  на 200 пчоласем"яў. З кожнага гектара пасеваў хлебаробы сабралі ў сярэднім па 16 цэнтнераў азімых збожжавых культур, па 14,2 цэнтнера – яравых, па 192 – бульбы. У раёне працавалі 14 школ, у тым ліку дзве яўрэйскія і адна руская, у якіх вучыліся 2 746 дзяцей. У педагагічным вучылішчы навучаліся больш за 500 чалавек. Да паслуг жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў былі дзевяць ясляў, бальніца на 265 ложкаў, радзільны дом на 40 ложкаў, паліклініка, процітуберкулёзны дыспансэр. Насельніцтва абслугоўвалі 36 урачоў, больш за 100 медыцынскіх работнікаў.
У апошнія дні 1937 года «Праўда на рубяжы» змяшчала паведамленні аб дзейнасці працоўных калектываў раёна, расказвала пра перадавікоў спаборніцтва. А побач з такімі матэрыяламі змяшчаліся заклікі: «Да канца выкрыць ворагаў і іх прыспешнікаў», «Навесці парадак на электрастанцыі», «Ачысціць ферму ад ненадзейных людзей» і ім падобныя. Навагоднім акордам стаў перадавы артыкул «Праўды на рубяжы» за 31 снежня: «1937 год паказаў, што ворагі народа – трацкісцка-бухарынскія найміты фашызму працягваюць і будуць працягваць сваю падрыўную работу. Таму трэба рашуча павысіць рэвалюцыйную пільнасць, бязлітасна граміць ворагаў народа».
Надыходзіў 1938 год…

Читать далее