У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

СЛУЦК, 1937-ы... Часть 2

«Знішчыць гадаў!»   

Такім чынам, год 1937-ы. Пажоўклыя ад часу старонкі «Праўды на рубяжы» сведчаць, што для случчан ён пачаўся больш-менш спакойна, хаця і не без праблем. З першых нумароў газета заклікала хлебаробаў раёна рыхтавацца да веснавой сяўбы, паведамляла пра сацыялістычныя абавязацельствы на 1937 год калектываў некаторых калгасаў, пра ход перапісу насельніцтва. У памяшканні Слуцкага гарсавета 5 студзеня ў сем гадзін вечара праходзіла пасяджэнне секцыі ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. Сярод іншых навагодніх навін: у Амговіцкім сельсавеце адкрыта новае паштовае аддзяленне; «Белтытуньгандаль» выдзеліў дваццаць тысяч рублёў для абсталявання на вуліцы Пралетарскай  у Слуцку «ўзорнага магазіна табачных вырабаў»; раённы аддзел сувязі пачаў дастаўляць пасылкі сваім кліентам дамоў. У гэтыя ж дні на беразе Случы каля вуліцы 8 Сакавіка прыняў першых наведвальнікаў каток, а ў гарадскім Доме культуры давала канцэрты Ізабела Юр"ева з брыгадай. У некаторых калгасах прайшлі калектыўныя чытанні твораў А.С. Пушкіна з нагоды 100-годдзя яго смерці, а праўленне арцелі «Ударны мылавар» адкрыла цэх «па вырабу новых і прыёму ў рамонт старых зеркал». Не абышлося і без непрыемнасцяў: каб зменшыць расходаванне электрычнай энергіі, з 4 студзеня забаранялася выкарыстоўваць яе для асвятлення памяшканняў з васьмі да семнаццаці гадзін.
11 студзеня «Праўда на рубяжы» змясціла артыкул сакратара Слуцкага раённага камітэта партыі Жыткова «За перадавое месца ў рэспубліцы». У ім гаварылася, што «асноўная задача ў гэтым годзе – барацьба за атрыманне высокіх устойлівых ураджаяў: па зерневых – 16 ц, бульбе – 190, ільносемю – 6 ц». У канцы артыкула аўтар заявіў: «Узброіўшыся сталінскай Канстытуцыяй, маючы ў наяўнасці сталінскі калгасны статут, выконваючы ўсе ўказанні ЦК ВКП(б)  і правадыра народаў т. Сталіна, работаючы пад аператыўным кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б і асабіста т. Гікало , паставім раён у рады перадавых раёнаў рэспублікі».
Але каб стаць перадавым раёнам, трэба было пазбавіцца ад шматлікіх недахопаў у рабоце. Пра іх газета таксама пісала: «У многіх калгасах раёна няма бальшавіцкай барацьбы за высокаякаснае насенне»; «На кароўніку калгаса «Пралетарый» Мялешкаўскага сельсавета няма гаспадара. Кароўнік амаль ніколі не чысціцца, каровы стаяць брудныя і галодныя»; у некаторых калгасах «аб сяўбе і не думаюць», «разбазарваюць калгаснае дабро».
Як бачым, нічога звышнатуральнага ў газетных матэрыялах не было: звычайныя паўсядзённыя клопаты гараджан і вяскоўцаў. Але адносна спакойная абстаноўка працягвалася нядоўга. 24 студзеня акруговая газета перадрукавала перадавы артыкул органа ЦК УКП(б) газеты «Правда» пад назвай «Трацкісцкія  шпіёны, дыверсанты, здраднікі Радзімы». У артыкуле расказвалася пра судовы працэс над так званым «паралельным антысавецкім трацкісцкім цэнтрам». Ва ўдзеле ў ім абвінавацілі Г.Л. Пятакова, К.Б. Радэка, Р.Я. Сакольнікава і яшчэ чатырнаццаць чалавек. Так, гэта той самы Пятакоў, якога разам з Бухарыным у «Письме к съезду» У.І. Ленін назваў самымі выдатнымі сіламі з маладых сіл партыі. Пятакоў, на думку Леніна, быў чалавекам «несомненно выдающейся воли и выдающихся способностей, слишком увлекающийся администраторством и администраторской стороной дела, чтобы на него можно было положиться в серьёзном политическом вопросе».
Сёння вядома, як быў інсцэніраваны той працэс. Адпаведныя органы прызналі абвінавачванні семнаццаці чалавек ва ўдзеле ў «паралельным антысавецкім трацкісцкім цэнтры» неабгрунтаванымі, а матэрыялы справы – сфабрыкаванымі. Прыняты рашэнні аб рэабілітацыі асуджаных.
Але гэта цяпер. А што ведалі і што павінны былі рабіць людзі ў той абстаноўцы? У шасці нумарах «Праўда на рубяжы», не шкадуючы газетнай плошчы, перадрукоўвала з «Правды» стэнаграму судовага працэсу. Не так проста гэта рабілася: арганізатары судзілішча разлічвалі на падтрымку мільёнаў людзей. У кампанію па асуджэнню абвінавачаных уцягнулі нават дзяцей. 29 студзеня газета змясціла такі матэрыял: «Мы, дзеці-піянеры нашага двара (вуліца Камсамольская, 11) просім Вярхоўны суд расстраляць трацкісцкіх бандытаў, якія хацелі адабраць у нас шчаслівае дзяцінства. Яны, гэтыя трацкісцкія бандыты, хацелі забіць нашага любімага бацьку Сталіна. Мы вельмі дзякуем НКУС і тав. Ежову , якія выкрылі шалёных трацкісцкіх сабак і не далі ім выканаць свае злачынныя планы».
Каменціраваць такое цяжка: дзеці патрабуюць смяротнага пакарання людзей, пра якіх нічога не ведаюць, у якіх таксама ёсць дзеці, бацькі. Зразумела, не трэба вінаваціць дзяцей, перад імі былі шматлікія прыклады дарослых. У раёне прайшлі мітынгі і сходы, якія да гэтага часу ўжо сталі дзейсным рычагом ажыццяўлення рэпрэсіўнай палітыкі. «Знішчыць гадаў», «расстраляць шалёных сабак» патрабавалі працаўнікі калгасаў «Праўда», «1-е Мая», арцеляў «Перамога», «Чырвоная зорка», электрастанцыі, мясакамбіната, слухачы вячэрняй школы. На ўсіх сходах і мітынгах прымаліся рэзалюцыі: «Смерць ворагам народа!», «Змяцём з твару зямлі ворагаў сацыялістычнай радзімы», «Расстраляць подлых трацкісцка-фашысцкіх вырадкаў». Суд закончыўся тым, што чатырох чалавек прыгаварылі да васьмі-дзесяці гадоў пазбаўлення волі, а 13 – да вышэйшай меры пакарання. 1 лютага іх расстралялі.
Хвалі маскоўскага працэсу разыходзіліся па ўсёй краіне. Праз некалькі дзён пасля расстрэлу «трацкісцкіх бандытаў» у газетах з"явіліся артыкулы з такім папярэджаннем: «Ніякай самасупакоенасці не павінна быць у нашых радах! Вораг хітры і каварны. Ён умела маскіруецца, праводзячы сваю гнусную работу...».
Выраз «умела маскіруецца» дазваляў, пры жаданні, абвінаваціць у варожай дзейнасці практычна любога чалавека, што і скарысталі ў сваіх мэтах аматары «выкрываць». У партыйныя, савецкія, праваахоўныя органы сталі паступаць шматлікія сігналы аб «варожай дзейнасці». А як жа іначай, калі, па словах намесніка народнага камісара ўнутраных спраў СССР Л.М. Закоўскага, «пільнасць грамадзян Савецкага Саюза расце з кожнай гадзінай. На многія з"явы і непаладкі ўжо цяпер савецкія грамадзяне глядзяць другімі вачыма, аналізуюць іх і распазнаюць варожыя, шкодніцкія справы там, дзе раней не маглі разгледзець».
У шматлікіх газетных і часопісных публікацыях прыводзіліся канкрэтныя прыклады, як выяўляць шпіёнаў і дыверсантаў, каго падазраваць у шкодніцкай дзейнасці, за кім наглядаць. Прытым разбіраліся жыццёвыя сітуацыі, у якіх мог апынуцца кожны: вечарынка, брыгадны сход, работа ў начную ці вячэрнюю змену… Перадавы артыкул «Правды» за 27 лютага растлумачваў, што «падманвае партыю не толькі той, хто гаворыць няпраўду, але і той, хто ўтойвае ад партыі вядомыя яму факты варожай дзейнасці. Камуніст-маўчальнік, які ведае аб намерах ворага і не паведамляе аб гэтым сваёй арганізацыі, ужо не камуніст, а памагаты ворага». Ідэя ўсеагульнай пільнасці намаганнямі магутнай прапагандысцкай машыны ахоплівала ўсё насельніцтва краіны. Нават у адручніку па гісторыі СССР для малодшых школьнікаў, які выйшаў у 1937 годзе, чытаем: «Шпіёны прабіраюцца на заводы і фабрыкі, у вялікія гарады і вёскі. Трэба пільна сачыць за ўсімі падазронымі людзьмі, каб вылавіць фашысцкіх агентаў». Уяўляеце, што можа падацца падазроным дзеткам, у якіх няма жыццёвай практыкі?
Сігналы аб «шкодніцкай дзейнасці» ўсё часцей сталі з"яўляцца на старонках «Праўды на рубяжы» пад такімі, напрыклад, загалоўкамі: «Разбазарваюць працадні», «Вораг у калгасе», «Конюхі бяздзейнічаюць», «Парушаюць сталінскі статут». Як правіла, выкрывальнікі «шкоднікаў» не ставілі пад матэрыяламі свае прозвішчы, а прыкрываліся подпісамі «Калгаснікі», «Пражэктар», «С.А.» і ім падобнымі. Відаць, аўтары допісаў, ды і ў рэдакцыі газеты ўсё ж разумелі, што крытыка недахопаў у рабоце і данос пад выглядам крытыкі – гэта не адно і тое ж. Тэма барацьбы з «ворагамі народа» і іх шкодніцкай дзейнасцю ў раёне была адной з асноўных на дзесятай раённай партыйнай канферэнцыі, якая праходзіла ў Слуцку 10-11 лютага.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў пачатку года большасць матэрыялаў «Праўды на рубяжы» не насіла «выкрывальніцкага» характару, а прысвячалася паўсядзённаму жыццю случчан. Ды і кіраўнікі савецкіх і партыйных органаў Слуцкай акругі стрымана адносіліся да выкрыцця «ворагаў народа», у чым, дарэчы, пазней іх абвінавацілі. Але як толькі ў Маскве знаходзілася чарговая ахвяра, на месцах не маглі ўстаяць перад указаннямі арганізаваць масавую кампанію яе асуджэння. Калі ў пачатку сакавіка стала вядома аб выключэнні з партыі М.І. Бухарына і А.І. Рыкава, у працоўных калектывах горада і раёна прайшлі мітынгі, удзельнікі якіх патрабавалі сурова пакараць іх.
Прайшла гэта кампанія – і зноў адноснае зацішша. Але сталінскія ідэолагі, відаць, лічылі, што спакойная абстаноўка расхалоджвае людзей, прытупляе іх пільнасць у барацьбе з «ворагамі народа», таму перыядычна падкідвалі «гаручы матэрыял». 31 сакавіка «Праўда на рубяжы» змясціла даклад Сталіна «Аб недахопах партыйнай работы і мерах ліквідацыі трацкісцкіх і іншых двурушнікаў», з якім ён выступіў на пленуме ЦК УКП(б) 3 сакавіка. У дакладзе гаварылася, што «...неабходна разбіць і адкінуць прэч гнілую тэорыю аб тым, што не можа быць нібыта шкоднікам той, хто не заўсёды шкодзіць, і хто хоць калі-небудзь паказвае поспехі ў сваёй рабоце». Вось такі «геніяльны» ўклад «бацькі народаў» у тэорыю марксізму-ленінізму, за які заплачана мноствам загубленых і пакалечаных лёсаў.
Падтрымаць адпаведны настрой павінны былі і артыкулы, якія перадрукоўваліся з цэнтральных выданняў. Такія, як «Аб гнілой тэорыі затухання класавай барацьбы», «Аб некаторых метадах дыверсійна-шпіёнскай работы замежных разведак і іх трацкісцка-бухарынскай агентуры» і іншыя. Каб мець уяўленне пра змест такіх артыкулаў, працытуем адзін з іх: «Пільнасць – гэта перш за ўсё ідэйнае ўзбраенне камуніста, авалоданне вучэннем Леніна-Сталіна, уменне лавіць і знішчаць лазутчыкаў германскага фашызма – трацкісцка-бухарынскую падлу... Ворагаў народа – трацкісцка-правую сволач мы будзем бязлітасна граміць і карчаваць!..».
Ідэалагічны прэс ціснуў усё мацней і мацней. Сярод заклікаў ЦК УКП(б) да Першамайскага свята асаблівае месца займалі такія: «Узмоцнім рэвалюцыйную пільнасць! Пакончым з палітычнай бесклапотнасцю ў нашых радах! Выкрыем да канца ўсіх і ўсякіх двурушнікаў! Выкаранім ворагаў народа, япона-германа-трацкісцкіх шкоднікаў і шпіёнаў! Смерць здраднікам радзімы!».
Людзям даводзілася жыць і працаваць у абстаноўцы масавай істэрыі, якая насаджвалася вышэйшымі органамі дзяржаўнай і партыйнай улады. Падазронасць, варожасць, недавер сярод людзей станавіліся нормай жыцця. Звычайнай з"явай былі даносы, паклёпы, агаворы, помста. Сусед мог абвінаваціць суседа ў антысавецкіх выказваннях (нават не дзеяннях!), каб потым забраць яго хату ці маёмасць; падначалены помсціў начальніку за нанесеную апошнім крыўду ці проста за патрабавальнасць і прынцыповасць або каб потым заняць яго службовае месца. Не самыя лепшыя прадстаўнікі грамадства адчувалі сябе выдатна, як кажуць, былі «на кані», набывалі моц і ўпэўненасць, стараліся займець хоць якую-небудзь уладу. Прыстойнасць і сумленнасць усё больш абясцэньваліся, маглі прывесці да бяды.
У такой абстаноўцы прасцей за ўсё было апусціцца да подласці, ганебных учынкаў. І ўсё ж большасць случчан не паддаліся, выстаялі, выдатна працавалі на сваіх участках работы. Хоць гэта, па «тэорыі» Сталіна, не магло засцерагчы іх ад занясення ў спісы «ворагаў народа»: добра працуеш, значыць, маскіруешся, каб дзе-небудзь і як-небудзь нашкодзіць. Сярод лепшых працаўнікоў раёна былі рабочыя торфаарцелі «Энергія» Вансевіч Стась і Жук Антаніна, якія сістэматычна перавыконвалі нормы выпрацоўкі. Па 5 300 плітак торфу замест 2 400 па норме выразалі яны за змену. Дарэчы, уручную, нажом, падобным на лапату. У калгасе «ІІІ Інтэрнацыянал» па-стаханаўску працавалі машыніст Заброцкі Іван, звяно Яльніцкай Лізаветы ў складзе калгасніц Міхневіч Ганны, Хадаровіч Ганны, Міхневіч Алесі. У гэты час у Слуцкім раёне было 81 стаханаўскае звяно, у Грэскім раёне – 138. Калектыў плодавінзавода не толькі паспяхова выконваў прамыслова-фінансавы план, але і асвойваў новыя віды прадукцыі – вітамінныя сокі, лікёрнае чарнічнае віно, настойку-віно на ліпавым цвеце. Камсамольцы Грэска распачалі будаўніцтва басейна даўжынёй 25 метраў і шырынёй шэсць метраў. А ў калгасе «1-е Мая» рыхтаваліся адправіць на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскве свінаматку «Жураўка», якая прывяла дваццаць парасят.
Прыемная навіна чакала случчан 1 чэрвеня: усе магазіны горада прадавалі тавары па зніжаных цэнах, на што была адпаведная пастанова ўрада краіны. У гэты дзень слуцкі ўнівермаг № 1 прадаў тавараў на 2 500 рублёў, у той час як раней дзённая выручка не перавышала 1 500-2 000 рублёў. Як важныя навіны падаваліся чытачам такія паведамленні ў газеце: «У калгасе «Памяць Ільіча» Хаўстовіч Павел і яшчэ восем калгаснікаў купілі сабе веласіпеды». Гандлёвая сетка ў Слуцку і сельскіх населеных пунктах была ў той час не вельмі развітая. Таму для лепшага гандлёвага абслугоўвання рабочых і калгаснікаў у раёне за паўгода адкрылі 24 новыя ларкі па продажу хлеба, круп, цукру і іншых харчовых тавараў.
А ў Маскве зноў знайшлі «ворагаў народа». На гэты раз – у асобах вядомых военачальнікаў М.М. Тухачэўскага, І.Э. Якіра, І.П. Убарэвіча, А.І. Корка, Р.П. Эйдэмана, Б.М. Фельдмана, В.М. Прымакова, В.К. Путны. Працэс па іх справе ішоў адзін дзень, прыгавор – усіх расстраляць. 12 чэрвеня «Праўда на рубяжы» змясціла падборку матэрыялаў «Працоўныя акругі аднадушна патрабуюць расстрэлу фашысцкіх шпіёнаў!». Рэзалюцыі з такім зместам прынялі ўдзельнікі мітынгаў у арцелях імя Молатава і «Пралетарый», акруговай бальніцы, Кіраўскай няпоўнай сярэдняй школе, аддзяленні Дзяржаўнага банка і ў іншых калектывах.
Працэс над военачальнікамі хоць і прайшоў у рэкордна кароткі тэрмін, але надаў значны імпульс пошуку мясцовых «ворагаў народа». У акруговай газеце ўсё часцей можна было прачытаць: «Варожая антыкамбайнавая практыка», «Шкодніцтва», «Аздаравіць кіраўніцтва Бязверхавіцкага завода», «Ліквідаваць паследствы шкодніцтва» і гэтак далей. Каб трапіць у «ворагі народа», не абавязкова было рабіць нешта процізаконнае, для гэтага хапала нярэдка ўсяго толькі выказвання сваёй думкі ў прысутнасці «звышпільнага» грамадзяніна, якім мог аказацца нехта з працуючых побач, выпадковы суразмоўнік ці сусед. Напрыклад, на адным з пасяджэнняў сельскага выканаўчага камітэта брыгадзір калгаса «Калектывіст» (вёска Ліпнікі) Адам Сільвестравіч Няронскі пашкадаваў, што расстралялі Тухачэўскага, Якіра, Убарэвіча, якія ў грамадзянскую вайну,маўляў, былі добрымі камандзірамі. Ну, сказаў – і сказаў, што ў гэтым крамольнага, ці не праўда? Але ж не, хтосьці з прысутных думаў іначай, пра словы брыгадзіра стала вядома адпаведным органам. А неўзабаве ноччу па яго прыехаў «чорны воран». Сын А.С.Няронскага ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Вадзім Адамавіч Няронскі ўспамінаў:
– Я тады вучыўся ў дзевятым класе Урэцкай  сярэдняй школы, там жа, у мястэчку, жыў на кватэры. Неяк на выхадны дзень прыехаў дадому, гляджу – бацькі няма, хоць у гэты час ён звычайна быў дома. На маё здзіўленае пытанне маці праз слёзы расказала, што некалькі дзён таму ўначы ў дзверы хаты нехта пастукаў. Зайшлі два мужчыны і адразу – да бацькі: «Ты арыштаваны. Сядзь і не рухайся». Потым нешта шукалі ў хаце, усё параскідвалі, нават на гарышча і ў пограб лазілі. І хоць ніякіх кампраметуючых матэрыялаў не знайшлі,бацьку павезлі ў Слуцк …
Што там нейкі кампрамат? І без яго «тройка» НКУС БССР  знайшла, за што выслаць А.С. Няронскага з роднага краю, адарваць ад сям"і аж на дзесяць гадоў – па прыгавору, а як аказалася – назаўсёды. Апошняе месца, дзе ён жыў, – асобы лагер палітычных зняволеных у Хабараўскім краі Расіі, адкуль наш зямляк не меў шчасця вярнуцца. Паводле афіцыйнай даведкі, ён памёр 14 ліпеня 1945 года, не дажыўшы да вызвалення два гады. Так трагічна адбіліся на лёсе вяскоўца неасцярожныя (хаця чаго і каго было асцерагацца?) словы пра «ворагаў народа». Мінскі абласны суд 11 студзеня 1989 года адмяніў пастанову «тройкі» па справе Адама Сільвестравіча Няронскага «за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства».

Читать далее



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 975. Последнее 2020-01-23 15:58:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru