СЛУЦК, 1937-ы... Часть 1

СЛУЦК, 1937-ы... Часть 1

«Наступленне» на народ

У паэта Уладзіміра Сакалова ёсць такія радкі:
Я устал от двадцатого века,
От его окровавленных рек,
И не надо мне прав человека,
Я давно уже не человек ...

Аўтар мо і перабольшваў у чымсьці, але сказаць пра «акрываўленыя рэкі» дваццатага стагоддзя ў яго было дастаткова падстаў. Успомнім руска-японскую вайну 1904-1905 гадоў, першую і другую сусветныя войны, кровапраліцці на Блізкім Усходзе, у В"етнаме і Камбоджы, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. А хіба не «акрываўленыя рэкі» былі падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі ў Беларусі загінуў кожны чацвёрты яе жыхар (больш за два мільёны 200 тысяч чалавек)? За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9 200 сельскіх населеных пунктаў. Трагічны лёс Хатыні напаткаў 627 вёсак, у тым ліку на Случчыне – Пераходы, Лявішча, Задоўбу, Гондарава, Захацінава, Крушнік ...
Як бы горка, крыўдна і балюча ні было, усё ж разумееш: вайна ёсць вайна, на літасць ворага спадзявацца няма чаго. Але як зразумець, што «акрываўленыя рэкі» поўняцца, ажно выходзяць з берагоў, у мірны час? А было ж, было такое ў Савецкім Саюзе ў дваццатых-пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, калі людзей забівалі ці асуджвалі на знясільваючую працу толькі за тое, што яны мелі ўласную думку адносна палітыкі ўладных структур. Тагачасны правячы рэжым развязаў сапраўдны тэрор супраць свайго народа, кіруючыся сталінскімі тэзісамі пра абвастрэнне класавай барацьбы і масавае супраціўленне пабудове сацыялізму. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, - гаварыў І.В.Сталін , – з"яўляюцца неабходным элементам наступлення».
Сёння ўжо вядомы (праўда, ці да канца?) трагічныя вынікі гэтага «наступлення», калі ў ходзе рэпрэсій былі знішчаны не толькі палітычныя апаненты рэжыму, але і невінаватыя людзі. У 1917-1953 гадах 250 449 жыхароў Беларусі асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасудовых органаў – «двоек», «троек», асобых нарад, калегій Аб"яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ), Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС), Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ). У тым ліку да вышэйшай меры пакарання за «контррэвалюцыйныя злачынствы» прыгавораны 35 868 чалавек. Яшчэ 349 000 чалавек рэпрэсіравалі ў «адміністрацыйным парадку» – раскулачылі і выслалі з пастаяннага месца жыхарства. Такім чынам, каля 600 000 чалавек сталі ахвярамі ўзаконенага палітычнага тэрору ў Беларусі.
Найбольшых маштабаў палітычныя рэпрэсіі дасягнулі ў 1937 годзе, калі ў Савецкім Саюзе штодзённа выносілі ў сярэднім амаль па тысячы (!) смяротных прыгавораў. А былі ж яшчэ асуджаныя на высяленне ў аддаленыя раёны СССР – на Поўнач, Далёкі Усход, у Сібір і Казахстан, на зняволянне ў турмах, папраўча-працоўных лагерах. Сапраўды, на «всю страну замахнулся меч – от Минска до сопок Улан-Удэ», як пісаў у паэме «Преображение младенца» Валянцін Тарас. «Меч» перакрэсліў жыццё многім тысячам рабочых і спецыялістаў, калгаснікаў і аднаасобнікаў, вучоных і палітычных дзеячаў, прынёс гора і пакуты ў іх сем"і. Нярэдка да сённяшняга дня родныя і блізкія рэпрэсіраванных не ведаюць пра іх лёс, месца ці абставіны гібелі. Да таго ж нават з абвінаваўчых дакументаў бывае цяжка зразумець, у чым правініўся той ці іншы «вораг народа».
У гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк.» прыведзены прозвішчы 869 ураджэнцаў і жыхароў Случчыны, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям і пазней былі рэабілітаваны. Нельга назваць гэты пералік поўным, у яго ўвайшлі толькі тыя прозвішчы, якія сталі вядомы стваральнікам кнігі ў час збору і апрацоўкі матэрыялаў для яе. Спатрэбіцца яшчэ нямала намаганняў, каб вярнуць з небыцця імёны ўсіх рэпрэсіраваных нашых землякоў, зняць з іх незаслужанае кляймо «ворагаў народа». Праўда, зрабіць гэта з кожным годам усё цяжэй і цяжэй: многіх пацярпеўшых ужо даўно няма ў жывых, у вельміі паважным узросце іх дзеці, а ўнукам, на жаль, нярэдка не да таго, каб пацікавіцца лёсам сваіх дзядоў ці бабуль.
Прачытаўшы слуцкую «Памяць», нельга не заўважыць, што ў 1937 годзе падвергліся рэпрэсіям 35 працэнтаў пацярпеўшых случчан, намнога больш, чым у які-небудзь іншы год. Давайце паспрабуем хоць штрыхамі, фрагментарна ўзнавіць хроніку падзей, абстаноўку таго трагічнага года ў Слуцку і Слуцкім раёне. У сведкі возьмем тагачасную газету «Праўда на рубяжы» – орган Слуцкіх акруговага і раённага камітэтаў камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і акруговага выканаўчага камітэта. Захаваем арфаграфію і стылістыку газетных матэрыялаў, каб як мага паўней уявіць тое, што адбывалася шэсцьдзесят восем гадоў таму.
А час тады быў няпросты. Слуцк выконваў ролю не толькі раённага цэнтра, але і «сталіцы» акругі, якая аб"ядноўвала Грэскі, Капыльскі, Любанскі, Слуцкі, Старобінскі і Чырвонаслабодскі раёны. Акруга мела статус пагранічнай, непадалёку ад Слуцка праходзіла савецка-польская граніца, устаноўленая паводле Рыжскага мірнага дагавора (18 сакавіка 1921 года) паміж Расійскай Федэрацыяй, Украінай і Польшчай. Блізкасць капіталістычнай дзяржавы была дадатковым козырам для выканаўцаў волі Сталіна ў барацьбе з «дыверсантамі», «шпіёнамі», «шкоднікамі». Слуцк – адзін з гарадоў Беларусі, дзе найбольш часта прыводзіліся ў выкананне смяротныя прыгаворы «ворагам народа», сярод якіх былі не толькі случчане, але і жыхары іншых населеных пунктаў. Праўда, трэба ўдакладніць, што расстрэльвалі людзей, як правіла, не ў самім Слуцку, а ў лясных масівах на тэрыторыі Слуцкага раёна. Але пра гэта – крыху пазней.

читать далее