У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Першая плошча

09.04.2014

Першая плошча альбо Старонкі з гісторыі Слуцкага Падзамчышча
З даўніх часоў Слуцк развіваўся як горад рамеснікаў і гандляроў. Складаўся ён з дзвюх частак: умацаванага дзядзінца, які меў стратэгічнае значэнне пры абароне ад ворага, і пасада. Грамадскім цэнтрам месца служыла гандлёвая плошча.

Уяўляла сабою плошча абшырны пляц, што прымыкаў да дзядзінца з усходу і аддзяляў яго ад пасадскай забудовы. Паўднёвым бокам яна выходзіла на бераг Случы, дзе мелася прыстань і пераправа на другі бераг, якую праз нейкі час замяніў мост (там мост існуе і цяпер). З супрацьлеглага боку плошчы працякаў Бычок. Там цераз яго на другі бераг быў перакінуты мост, і далей ад яго адыходзілі дарогі: адна скіроўвала на паўночны захад і вяла на Капыль, па другой, што вілася ўздоўж берагае Случы, можна было трапіць у Траецкі манастыр. Пасадская забудова праразалася вуліцай, што ад плошчы вяла за горад і далей – «на Востраў» (невялікае пасяленне, якое з часам разраслося, прыблізілася да горада і ператварылася ў прадмесце). З-за гэтага і згаданая вышэй вуліца мела назву «Востраўская».

Плошча па перыметры забудоўвалася і на ёй утварыўся цікавы архітэктурны комплекс, які ўключаў значнейшыя гарадскія збудаванні. Перш за ўсё гэта былі храмы. На левым баку вуліцы Востраўскай, на самым яе пачатку, у 1419 – 1439 гадах быў узведзены і асвячоны каталіцкі фарны касцёл – выцягнуты ў даўжыню драўляны будынак пад двухсхільным дахам, з дзвюма вежачкамі на галоўным фасадзе. Па другі бок Востраўскай вуліцы размяшчаўся пляц праваслаўнай Васкрасенскай царквы. Яна таксама з'явілася ў ХV стагоддзі, але калі, дакладна невядома. Ад яе непадалёку крыху пазней была заснавана царква ў гонар святой Варвары.

У 1441 годзе Слуцк атрымаў Магдэбургскае права, у сувязі з чым з'явілася неабходнасць будаваць ратушу. Першая слуцкая ратуша размяшчалася альбо пасярэдзіне плошчы, разам з гандлёвымі радамі, альбо на яе краі, у адной лініі са згаданымі вышэй храмамі.

Падзамчышча

Падзамчышча. Мал. Ігар ЦІТКОЎСКІ

У пачатку ХVІ стагоддзя, калі горад адбудоўваўся пасля татарскіх нападаў, па загаду княгіні Анастасіі гандлёвую плошчу перанеслі на новае месца. Яе таксама размясцілі побач з замкам, але ўжо з супрацьлеглага, заходняга, боку. Былі такія змены выкліканы тым, што большая частка старой гандлёвай плошчы адводзілася пад будаўніцтва яшчэ аднаго замка. Стары замак, які вытрымаў татарскія напады, стаў называцца «Верхнім», а ўзведзены новы – «Ніжнім». Ад старой гандлёвай плошчы засталася даволі вузкая паласа перад пасадскай забудовай, якая з гэтага часу атрымала назву Падзамчышча. З замка трапіць на яго можна было па перакінутым цераз роў мосце. Значэнне грамадскага цэнтра за Падзамчышчам захавалася. Тут у ХVІІ стагоддзі, бліжэй да ракі, заснавалі кляштар каталіцкія манахі-бернардзінцы.

Быў ён спачатку драўляным, напрыканцы ХVІІІ стагоддзя з'явіўся мураваны кляштарны будынак, а ў 1820 годзе да яго прыбудавалі мураваны касцёл. Паўз кляштар ад Падзамчышча адыходзіла вуліца Усцінаўская. На яе правым баку, за кляштаром, пры князі Гераніме Радзівіле ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя з'явіўся камедыхаўз – так называлі драўляны будынак тэатра ў комплексе з карпусамі, дзе размясціліся музычная і тэатральная школы, мелася жыллё артыстаў. Пасля смерці Гераніма Радзівіла новы гаспадар краю тэатр перавёз у Нясвіж.
Крыху пазней, у 1832 годзе, ужо расійскімі ўладамі быў закрыты кляштар (манахі таксама адправіліся ў Нясвіж), а кляштарны корпус быў прыстасаваны пад казармы. Першымі тут размясціліся казакі, таму Усцінаўскую вуліцу сталі называць Казачай. Пры Савецкай ўладзе ў былым кляштарным корпусе размясціліся ваенкамат, казармы чырвонаармейцаў, а потым, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзейнічаў вайсковы шпіталь. Вуліцу пераіменавалі ў Чырвонаармейскую. Так яна называецца і цяпер.

Забудова Падзамчышча
Васкрасенская царква. Мал. Ігар ЦІТКОЎСКІСвоеасаблівым «класічным перыядам» архітэктурнага ансамбля Слуцкага Падзамчышча можна назваць канец ХVІІ – 1-ю палову ХІХ стагоддзя. На яго левым ускрайку (цяпер раён магазіна №58) размяшчаўся фарны касцёл са званіцай. Побач, па другі бок Востраўскай вуліцы, размяшчаўся шэраг праваслаўных храмаў: Васкрасенская царква, далей – Варварынская, да якіх у канцы ХVІІ – пачатку ХVІІІ стагоддзяў далучыліся цэрквы Увядзенская і Святых Айцоў.

Непадалёку, сярод забудовы Востраўскай вуліцы ўзвышаліся вярхі царквы Нараджэння Хрыстова, далей – Святадухава касцёла. Правы край займаў Бернардзінскі кляштар. Ад Падзамчышча веерападобна адыходзілі вуліцы: акрамя згаданых вышэй Усцінаўскай і Востраўскай, яшчэ дзве, якія ў ХІХ стагоддзі называліся Гузінская і Кажэвенная (апошняя ішла паралельна Бычку). На Падзамчышчы і бліжэй да яго ўзводзілі жыллё заможныя мяшчане і шляхта. Напрыклад, цікавы па архітэктуры і заможны будынак стаяў непадалёку ад фарнага касцёла. Нездарма ў ім астанавіўся падчас прыбывання ў Слуцку шведскага войска кароль Карл ХІІ. Пазней, калі горад занялі рускія войскі, тут ужо размясціўся рускі цар Пётр І.

За тым будынкам і замацавалася слава «Шведскага дома», называлі яго таксама «Домам Пятра І». На выгляд Падзамчышча ўплывала і забудова Верхняга і Ніжняга замкаў з іх вежамі, палацамі і вярхамі замкавага Успенскага сабора.

Да 2-й паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў Падзамчышча страці-ла свой колішні прэзентабельны выгляд, хаця сляды былога высакародства ўсё ж заставаліся. У 1742 годзе пацярпелі ад пажару цэрквы Васкрасенская, Увядзенская і Святых Айцоў. Князь Радзівіл дазволіў аднавіць іх, вылучыў для гэтай справы бясплатна будаўнічы матэрыял, аднак з іх да 1787 года была адноўлена толькі Васкрасенская, прычым, набыла яна выгляд даволі сціплы. А ў 1792 годзе пажар знішчыў Варварынскую царкву, яе ўжо не аднаўлялі, а імя святой Варвары атрымала ўзведзеная за Фарная  капліца. Фотаздымак Сомира Юхнінагорадам на могілках новая царква. З-за старасці ў 1852 годзе разабралі фарны касцёл, на тым месцы засталася званіца і была ўзведзена невялікая капліца, якую па традыцыі назвалі Фарнай. К гэтаму часу зніклі былыя магутныя замкавыя ўмацаванні, таму тапоніма «Падзамчышча» не стала. На змену яму прышла назва – «вуліца Фарская».

Слава ў мінулым
Канчаткова слава Падзамчышча адышла ў нябыт у ХХ стагоддзі. У 1930-я гады закрылі Фарскую капліцу і праз нейкі час яе не стала. Тады ж была закрыта і Васкрасенская царква, яе будынак ператварылі ў інтэрнат, а ў хуткім часе з-за неасцярожнасці з агнём новых насельнікаў ён згарэў. Спыніў дзейнасць парафіяльны Антоніеўскі (былы Бернардзінскі) касцёл, а ў сярэдзіне 1950-х гадоў яго зруйнавалі. Колішняя Фарская вуліца цяпер называецца вуліцай Рэвалюцыйнай. Востраўская вуліца ператварылася ў Сялянскі завулак. Адзіным відавочным сведкам даўнейшых часоў застаецца манастырскі корпус, у якім размяшчаецца маслабаза. Гэты гістарычны будынак варты ўвагі па многіх прычынах, у тым ліку і з той нагоды, што з ім звязаны цікавыя старонкі вайсковай гісторыі нашага горада.

 

Ігар ЦІТКОЎСКІ
kurjer.info


 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1242. Последнее 2018-07-13 13:36:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru