Будаўніцтва фартыфікацый ў Слуцку пры Багуславе Радзівіле

Будаўніцтва фартыфікацый ў Слуцку пры Багуславе Радзівіле

Поўная назва працы: «Арганізацыя і забеспячэнне будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку пры Багуславе Радзівіле (1654–1669 гг.)»
20.09.2013

Працяглыя войны сярэдзіны XVII ст. ва Ўсходняй Еўропе сталі, падобна вайне за незалежнасць у Нідэрландах ці Трыццацігадовай вайне ў Нямеччыне, моцным імпульсам для шырокага фартыфікацыйнага будаўніцтва на землях Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Да найбольш значных фартэцый збудаваных у гэты час належаў горад Слуцк, які належаў канюшаму ВКЛ князю Багуславу Радзівілу (1620–1669 гг.). Вялікая колькасць пісьмовых крыніц па гісторыі Слуцка дае магчымасць на прыкладзе гэтага горада-фартэцыі аднавіць арганізацыю і забеспячэнне будаўніцтва фартыфікацый таго часу. Асабліва карыснымі ў гэтым выпадку з"яўляюцца пратаколы сэсій (пасяджэнняў) слуцкага магістрата за 1654–1665 гады [1, 2], а таксама абшырная карэспандэнцыя слуцкіх цывільных адміністратараў і вайскоўцаў з Багуславам Радзівілам.

Традыцыі абарончага будаўніцтва ў Слуцку сягаюць прынаймней у ХІІ ст., калі горад упершыню згадваецца ў летапісах як фарпост Тураўскага княства на мяжы з Полацкім. У XVI – першай палове XVІІ стст. абарончы комплекс горада ўжо складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў, размешчаных пры ўпадзенні ручая Бычок у рэчку Случ, а таксама гарадскіх умацаванняў, якія часткова ці цалкам акольвалі т.зв. Старое места на правым беразе Случы. Пашырана меркаванне, што ўжо ў канцы XVI ст. пры апошніх прадстаўніках роду Алелькавічаў, якія валодалі Слуцкам з XV ст., вакол горада пачалі ўзводзіцца бастыённыя ўмацаванні [3, с. 25; 4, с. 353]. Аднак дакладна сцвярджаць пра будаўніцтва бастыённых фартыфікацый можна толькі пры Янушы Радзівіле, які ажаніўся на апошняй прадстаўніцы роду Алелькавічаў Соф"і і атрымаў у пасаг Слуцк. У рахунках магната за 1619 год згадваецца «ляхавіцкі валмайстар», які працаваў на ўзвядзенні валоў у Слуцку [5, а. 10 адв.]. Перад гэтым згаданы валмайстар быў задзейнічаны на ўзвядзенні магутнага бастыённага замка вялікага гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча (1560–1621 гг.) ў Ляхавічах [6]. Адпаведна і ў Слуцку такога кшталту спецыяліст мусіў працаваць на будаўніцтве ўмацаванняў бастыённага кшталту.

У сярэдзіне XVII ст. Старое места ўжо было абведзена земляным валам з бастыёнамі і трыма мураванымі брамамі, аб чым сведчыць накід плана Слуцка таго часу, аўтарам якога быў, верагодна, польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл (1612–1655 гг.) (мал. 1) [7, с. 36–37]. Выбух казацкага паўстання на Ўкраіне ў 1648 годзе, а таксама пачатак вайна з Масквою ў 1654 годзе зрабілі надзвычай актуальнай патрэбу далейшай разбудовы слуцкіх фартыфікацый. У 1654–1655 гадах горад сканцэнтраваў усе сілы на мадэрнізацыі старамейскіх валоў (вакол Старога места) і ўзвядзенні грэблі на Случы. На левым беразе ракі коштам Багуслава Радзівіла з вясны 1655 года вялося будаўніцтва бастыённай цытадэлі для ўмацавання абароны Новага места, якое да таго часу не мелі якіх-кольвек фартыфікацый. Пасля двух спробаў маскоўскага войска авалодаць Слуцкам у верасні 1655 года было вырашана тэрмінова распачаць узвядзенне фартыфікацый і вакол Новага места. У чарговы раз пагроза нападу маскоўскіх войскаў ці казакаў на Слуцк стала надзвычай актуальнай у 1659–1660 гадах. У гэты час было скончана узвядзенне ўмацаванняў вакол Новага места і Слуцк, такім чынам, быў цалкам замкнуты ў кола бастыённых ўмацаванняў (мал. 2). Цягам наступнага дзесяцігоддзя працы па ўдасканаленні фартыфікацый працягваліся, але з-за істотнага памяншэння небяспекі і вычарпання рэсурсаў горада ішлі больш павольнымі тэмпамі.

Галоўным ініцыятарам фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Слуцку быў яго ўладальнік – Багуслаў Радзівіл, для якога было надзвычай важна захаваць Слуцк ад захопу і разбурэння, як галоўную крыніцу сваіх прыбыткаў. Па словах самога князя Слуцк быў для яго важны «як вока ў ілбе» [8, s. 101]. Таму Багуслаў у асабістых лістах да сваіх службоўцаў, а таксама гарадскіх уладаў пастаянна пакрэсліваў неабходнасць далейшага ўдасканалення гарадскіх фартыфікацыі [9, s. 16; 10, s. 73; 11, s. 3]. Пад ціскам князя і ягоных адміністратараў, якія настойвалі на захаванні высокіх тэмпаў будаўніцтва, гарадскі магістрат займаў больш разважлівую пазіцыю, бо з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі рабілася ўсё цяжэй шукаць грошы на правядзенне будаўнічых прац.

Паколькі самому Багуславу Радзівілу не бракавала вайсковага досведу і ведаў у галіне фартыфікацыі [12], вырашэнне найбольш істотных пытання адносна будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку знаходзілася ў яго кампетэнцыі. У маі-ліпені 1655 года пасля няўдалай зімовай кампаніі войска ВКЛ князь сам знаходзіўся ў Слуцку, дзе непасрэдна кіраваў узвядзеннем умацаванняў [13, s. 136]. У гэты час прыдворны архітэктар Багуслава Тэафіл Спіноўскі прадставіў яму на экспертызу праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый [14, s. 2]. Пазней Багуслаў, які знаходзіўся пераважна ў Караляўцы (суч. Калінінград), ажыццяўляў кантроль дыстанцыйна, толькі час ад часу наведваючыся ў Слуцк. Аб"ектыўна ацэньваць сітуацыю з будаўніцтвам фартыфікацый князю дапамагаў той факт, што акрамя вайсковага інжынера, які меўся пры слуцкім гарнізоне, многія вайсковыя і цывільныя службоўцы Багуслава мелі добрыя веды ў галіне фартыфікацыі. Гэта стварала пэўную канкурэнцыю між імі і ў сваю чаргу давала магчымасць Багуславу трымаць сітуацыю пад кантролем.

Значную ролю ў падрыхтоўцы Слуцка да абароны меў оберстэр-лейтэнант палка нямецкай пехоты Багуслава Радзівіла шатландзец па паходжанні Вільгельм Патэрсан, які ў 1654–1655 гады выконваў абавязкі каменданта і губернатара Слуцка [8, s. 95]. Менавіта ён восенню 1655 года, у найбольш крытычны для горада момант, прымаў тэрміновыя рашэнні адносна будаўніцтва ўмацаванняў. У гэты час на загад Патэрсана вакол фартэцыі былі насыпаны шэраг часовых земляных умацаванняў. Што цікава, адно з гэтых умацаванняў, альбо шанцаў у хуткім часе было названа ў гонар каменданта Вільгельм – ці Вілім-шанцам. У пачатку верасня 1665 года, пасля першай маскоўскай аблогі, той жа Патэрсан настаяў, каб тэрмінова распачаліся працы па ўзвядзенні ўмацаванняў вакол Новага места [1, s. 62].

Падобную, што і Патэрсан, ролю пачынаючы з восені 1658 года выконваў плоцкі стольнік Казімір Клакоцкі. Першапачаткова ён разам з Уладыславам Гурыным быў прысланы Багуславам Радзівілам у Слуцк у якасці камісара з шырокімі паўнамоцтвамі, а ў 1663 годзе быў прызначаны губернатарам [8, s. 98]. Як можна меркаваць па асобных згадках, Клакоцкі меў не благія веды ў галіне фартыфікацыі. Напрыклад, улетку 1663 года Багуслаў Радзівіл даручыў яму падрыхтаваць да абароны фальваркі Слуцкага княства, а ў пачатку 1664 года яго запрашаў у Нясвіж падчашы ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл (1635–1680 гг.) для кансультацыя наконт фартыфікацыі замку і горада [15, s. 20; 16, s. 47]. У 1665 годзе непасрэдна на загад Клакоцкага быў перабудаваны Вілім-шанец, а ў 1667 годзе ён удзельнічаў у дыскусіі аб праекце перабудовы бастыёна ля Астроўскай брамы [17, s. 75; 18, s. 41; 19, s. 56]. Аднак галоўнай функцыяй Клакоцкага была арганізацыя будаўнічых прац, забеспячэнне іх рыштункам і будаўнічымі матэрыяламі. З гэтым плоцкі стольнік выдатна справіўся ў асабліва небяспечныя для Слуцка 1659–1660 гады, чым заслужыў павагу калегаў і гарадскога магістрата, а таксама вялікі давер Багуслава Радзівіла [8, s. 98; 20, s. 210].

Як згадвалася вышэй, агульны праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый быў выкананы да лета 1655 года Тэафілам Спіноўскім. Напэўна, па гэтым праекце пачалося насыпанне валоў вакол Новага места ўвосень 1655 года. Той жа Спіноўскі падрыхтаваў для Багуслава Радзівіла праект перабудовы слуцкай цытадэлі, які пачалі рэалізоўваць з канца 1650-ых гадоў [14, s. 1–3]. Пазней на загад князя архітэктар працаваў над мадэрнізацыяй ўмацаванняў Караляўца [21 s. 5]. Удзел Спіноўскага ў будаўніцтве слуцкіх фартыфікацый быў, аднак, даволі абмежаваны. Фактычна ён на аснове вывучэння тапаграфічных асаблівасцяў горада і ваколіц падрыхтаваў план Слуцка і на падставе яго склаў праект мадэрнізацыі слуцкіх фартыфікацый. Пазней гэты праект дапрацоўваўся іншымі спецыялістамі, якія ўносілі ў яго свае карэктывы.

У працэс праектавання і будаўніцтва фартыфікацый у Слуцку быў уключаны таксама Крыштаф Вінклер, які адначасова служыў Багуславу і выконваў абавязкі звязаныя з кіраваннем горадам, у тым ліку пэўны час быў войтам Слуцка. З пратаколаў сэсій слуцкага магістрата вядома, што ў 1656 годзе ён размерыў і заклаў дамбу ў рове, а таксама равелін (ўмацаванне трохвугольнай формы) перад Навамейскай брамай [1, s. 114, 120]. У наступным годзе ён кіраваў перабудовай фартыфікацый вакол Старога места, пра што з незадавалненнем пісаў Спіноўскі, скардзячыся на невысокі прафесіяналізм Вінклера ў фартыфікацыі [14, s. 1].

У час Багуслава Радзівіла пра слуцкім гарнізоне з"яўляецца асобная пасада вайсковага інжынера, які павінен быў непасрэдна адказваць за праектавання, разметку і ўзвядзенне фартыфікацый. Вясною 1655 года невядомаму інжынеру, які служыў пры Патэрсане, было даручана праектаванне новай грэблі [1, s. 24]. Пазней некаторы час інжынер пры слуцкім гарнізоне не згадваецца, а яго абавязкі выконвалі іншыя асобы, у прыватнасці той жа Вінклер ў 1656–1657 гады. З 1665 года да першай паловы 1670-ых гадоў пасаду вайсковага інжынера ў Слуцку займаў Густаў Адольф дэ ля Вале дэ Гоб. Як заўважыў польскі даследчык Б. Дыбась, першапачаткова гэта быў афіцэр нізкага рангу: да 1669 года быў у званні капітан-лейтэнанта, а пасля атрымаў ранг капітана [22, s. 264]. Дзесьці ў другой палове 1670-ых гадоў дэ ля Вале, як мяркуе беларускі даследчык У. Пярвышына, перабраўся служыць ў Нясвіж [23, с. 121]. Памёр ён ў рангу маёра і 3 верасня 1691 года быў пахаваны ў лютэранскім зборы ў Слуцку [23, с. 322].

У 1666–1667 гады дэ ля Вале падрыхтаваў праект перабудовы старога драўлянага замка ў Копысі ў бастыённую цытадэлі і сачыў за яго рэалізацыя [25, s. 1–2]. Адначасова ён працаваў над разбудовай умацаванняў у Слуцку. Пры гэтым у яго ўзнікалі сур"ёзныя рознагалоссі па фартыфікацыйных пытаннях з Клакоцкім і Вінклерам. Асабіва моцны канфлікт паўстаў вакол рэканструкцыі бастыёна ля Астроўскай брамы. Раздражнёны Клакоцкі нават прапаноўваў Багуславу Радзівілу даць інжынеру грошы і накіраваць яго ў Копысь, бо «і без яго тая работа невялікая можа ісці» [19, s. 55–56; 26, s. 10; 27, s. 63; 28, s. 77; 29, s. 4].

Рознага кштату рахункі па слуцкаму гарнізону даюць магчымасць уявіць заробак дэ ля Вале за час яго працы ў Слуцку. Так, за тры першыя месяцы будаўнічага сезону 1665 года (з 1 красавіка да 2 ліпеня) ён атрымаў 69 злотых 11 грошай [30, s. 2]. З 1 кастрычніка 1666 года па 1 кастрычніка 1667 года за пасаду інжынера ён атрымаў 600 злотых, а да таго 4 корцы жыта, 4 корцы аўса, 30 вазоў сена і 100 вазоў дроваў [31, s. 150]. Паводле парадку платы слуцкаму гарнізону ўведзенаму з 1 снежня 1671 года дэ ля Вале за год як інжынер мусіў атрымліваць па 300 злотых, а як капітан драгунскай харугвы – па 1076 злотых, а да таго ж яшчэ прадуктаў на 259 злотых. Для параўнання, заробак каменданта Слуцка складаў 1200 злотых грашыма і 369 злотых прадуктамі [32, s. 3, 7, 9; 33].

З некалькіх лістоў за 1669 год вядома, што ў інжынерных справах дэ ля Вале дапамагаў харунжы Фёлькерзамб [34, s. 13; 35, s. 54]. У 1669 годзе у Слуцку на загад Багуслава Радзівіла прыехаў інжынер Пальмструх, які мусіў выканаць карту Капыльскага княства, а затым падрыхтаваць план Слуцка [36, s. 69]. Аднак больш пра Пальмструха, як і пра яго магчымы ўдзел у фартыфікаванні Слуцка, нічога не вядома.

Арганізацыя і кіраванне будаўніцтвам фартыфікацый у Слуцку шмат у чым нагадвае выпадак Біржанскага замка, які ў канцы 1630-ых гадоў на загад вялікага гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла (1585–1640 гг.) быў грунтоўна перабудаваны ў старагаландскай манеры фартыфікацыі. Інжынер-архітэктар Рыгор Пірк, які падрыхтаваў праект фартэцыі, амаль увесь час адсутнічаў у Біржах. Гэтаксама рэдка наведваў будоўлю галоўны будаўнічы Адам Ёст, які адно ў 1637 і 1638 гадах вербаваў капачоў (землякопаў). Галоўную ж ролю ў арганізацыі працы і падрыхтоўцы будаўнічых матэрыялаў выконваў Ян Пекальскі, службовец Крыштафа Радзівіла. Для кансультацый наконт праекта фартэцыі князь запрашаў таксама шэраг спецыялістаў: дасведчанага артылерыста оберстэра Готарда Плятэра, інжынера з Інфлянтаў Карнэліюса Ротэнбурга і вядомага фартыфікатара Адама Фрэйтага [37, s. 265–269].

За ўзвядзеннем умацаванняў і арганізацыю працы капачоў адказвалі валмайстры. У параўнанні з вайсковымі інжынерамі, якія мелі грунтоўную тэарытычную падрыхтоўку ў галіне фартыфікацыі, валмайстры былі хутчэй высокакваліфікаванымі рамеснікамі, якія добра ведалі тэхналогію насыпання вала і практыку арганізацыі прац. Падчас вясенніх і асенніх паводак, яны мусілі назіраць за захаваннем умацаванняў і іх своечасовай направай, а зімою арганізоўвалі работнікаў на сячэнне лёду ў ірвах вакол фартэцыі. Таксама праз рукі валмайстраў, як правіла, праходзілі грошы, якія выдзяляліся на капачоў. Пад іх адказнасць перадаваўся рыштунак і матэрыялы, якія набываліся для будаўніцтва [1, s. 127, 175].

З крыніц вядомы імёны двух валмайстраў, якія працавалі ў Слуцку пры Багуславе Радзівіле. Што цікава, адзін з іх – «стары рускі валмайстр» Іван Прэсны – у пратаколе сэсіі слуцкага магістрата за 7 мая 1658 года называецца «здаўна заслужаным слугой у горадзе» [1, s. 175]. Гэта значыць, што Прэсны з"яўляўся старым гарадскім валмайстрам і ўжо цягам многіх гадоў працаваў на слуцкіх умацаваннях. Валмайстар нямецкага паходжання Ганс Бэк быў, па ўсім відаць, дасланы Багуславам Радзівілам у Слуцк у дапамогу Прэснаму, калі працы на слуцкіх фартыфікацыях дасягнулі вялікага размаху. Пры гэтым Прэсны працаваў выключна на гарадскіх фартыфікацыях, у той час як галоўнай задачай Бэка, які быў уключаны ў склад слуцкага гарнізона і атрымліваў заробак ад князя, было ўзвядзенне цытадэлі. Аб гэтым сведчыць шэраг фактаў. Напрыклад, 7 чэрвеня 1656 года горад прапанаваў Бэку вярнуць рыдлёўкі пазычаныя яму на працы ў цытадэлі, а на пасяджэнні магістрата 7 мая 1658 года адзначалася, што калі князь загадае Бэку працаваць на цытадэлі, дык ён мусіць знайсці на сваё месца іншага валмайстра, каб працы на гарадскіх фартыфікацыях не спыняліся. З апошняй згадкі таксама вынікае, што за плату ад горада Бэк даволі часта працаваў на гарадскіх фартыфікацыях [1, s. 112, 175].

Абодва слуцкія валмайстры мелі памочнікі, ці вучняў. У прыватнасці вядома, што разам з Іванам Прэсным у 1656 годзе працаваў валмайстар Яська (магчыма, ягоны сын). У сваю чаргу Ганс Бэк ў пачатку 1657 года узяў «на навуку» невядомага па імяні малодшага сына цэйгварта (загадчыка арсенала) Міхала Лінка [1, s. 127, 132].

Аб тым, як аплочвалася праца валмайстра, можна меркаваць па заробку Ганса Бэка. Найбольшую сумму за год немец атрымаў у 1664 годзе, калі з касы князя яму было выплачана 208 злотых 38 [38, s. 106]. У наступным годзе за будаўнічы сезон (з 1 красавіка па 1 кастрычніка) Бэк атрымаў 133 злотых [30, s. 2, 5]. З заканчэннем будаўнічага сезону заробак валмайстра мог значна зніжацца. За працу на гарадскіх фартыфікацыях Бэк атрымліваў па 3 злотых за тыдзень, пры гэты нягледзячы на загад князя выплочваць заробак валмайстру цэлы год горад адмаўляўся плаціць яму з заканчэннем будаўнічага сезону [1, s. 175, 191]. Паводле парадку платы слуцкаму гарнізону, уведенаму з 1 снежня 1671 года валмайстр, якім, відаць, па-ранейшаму заставаўся Бэк, павінен быў атрымліваць 111 злотых грашыма і 36 злотых прадуктамі [32, s. 9; 33]. На думку У. Пярвышына, у сярэдзіне – другой палове 1670-ых гадоў Бэк, які і дэ ля Вале, пераехаў у Нясвіж [33, с. 122].

Паколькі будаўніцтва ўмацаванняў вакол Слуцка фінансавалася горадам, магістрат імкнуўся самастойна наглядаць за працамі. Спачатку абавязак сачыць за працамі на вале і станам умацаванняў быў ускладзены на трох будаўнічых, якія абіраліся на сэсіі магістрата і зацвярджаліся князем [1, s. 3, 24, 25]. Аднак, паколькі гэта была досыць цяжкая праца, а буданічыя мелі шэраг іншых важных задач, у хуткім часе пачалі прызначаць асобных дазорцаў. У 1655 годзе за капачамі сачыў нейкі Ганус, а з 1656 года пачалі абіраць двух дазорцаў з мяшчанаў, якія павінны былі працаваць па чарзе і мяняцца праз месяц або шэсць тыдняў. Дазорцы мусілі пільнаваць каб капачы спраўна працавалі, а таксама каб не гінуў рыштунак, які належаў гораду. У канцы кожнага тыдня дазорцы павінны былі падаваць справаздачы, паводле якіх гарадскі падскарбі выплочваў ім грошы на валмайстра і капачоў. Заробак дазорцаў складаў 2 злотых у тыдзень [1, s. 28, 103, 146, 154, 247; 2, s. 241–242].

Верагодна, яшчэ ў першай палове XVII ст. у Слуцку ўсталявалася традыцыя штогод на грошы з гарадской скрынкі (гарадскога бюджэта) вербаваць работнікаў-капачоў на працы на вале. Такім чынам, гарадскія ўмацаванні падтрымлівалася ў належным стане і разбудоўваліся далей. Эфектыўнасць працы наёмных рабочых была вялікая. Па меркаванні магістрата, сотня наёмных капачоў за дзень магла зрабіць болей, чым дзве сотні мяшчан [1, s. 69]. Што да аб"ёмаў працы, якія мог выконваць капач за дзень, дык паводле Клацокага добрым вынікам было 100 тачак зямлі [39, s. 15]. Між сабою наёмныя работнікі выбіралі дзесятнікаў, якія падпарадкоўваліся непасрэдна валмайстру. Заробак капачоў складаў 2 злотых у тыдзень, а за будаўнічы сезон (красавік-кастрычнік) капач, такім чынам, мог зарабіць да 60 злотых. Толькі ў сакавіку 1664 года з-за браку грошай было вырашана зменшыць плату капачам [1, s. 28, 68–69, 103; 2, s. 332].

Колькасць наёмных капачоў, якую мог выставіць горад, залежала ад яго фінаснавых магчымасцяў. Ніжэй прывядзем некаторыя звесткі з пратаколаў сэсій магістрата і карэспандэнцыі службоўцаў Багуслава Радзівіла, якія дадуць магчымасць рэальна ацаніць магчымасці Слуцка па найму капачоў, якія былі фактычны галоўнай працоўнай сілай на будаўніцтве ўмацаванняў. Летам 1655 года з павялічэннем небяспекі для горада было вырашана наняць 60 капачоў на направу валоў. Праз некалькі месяцаў з увядзеннем новага экстраардынарнага падатку з"явіліся грошы, каб павялічыць колькасць работнікаў да 100. Столькі ж капачоў было вырашана ўтрымліваць у наступным годзе [1, s. 48, 69, 103]. На пачатку 1657 года для працы на старамейскім вале было завербавана 50 чалавек, а ў канцы чэрвеня з дапамогай пазыкі горад зайшоў грошы на наём яшчэ 50 капачоў для працы на навамейскім вале [1, s. 142, 150–151; 40, s. 5]. У наступныя два гады колькасць работнікаў не перавышала 50: у маі 1657 года было завербавана 30 чалавек, да якіх у чэрвені далучыліся яшчэ 20, а ў 1658 годзе з-за праблем з грашыма працавала, напэўна, і таго менш. У прыватнасці ў пачатку кастрычніка 1658 года на ўтрыманні горада знаходзілася 24 капачы [1, s. 174, 182, 188–189]. У 1659–1660 гады ў сувязі з павялічэннем пагрозы для Слуцка камісары Багуслава Радзівіла – Клакоцкі і Гурын – запатрабавалі ад горада павялічыць колькасць капачоў да 100. Гарадскія ўлады ў чарговы раз мусілі задумацца, адкуль узяць грошы на іх утрыманне. Вядома, што красавіку-маі 1660 года ў розных месцах працаваў 51 чалавек, да якіх камісары патрабавалі дадаць яшчэ людзей [1, s. 208–209, 244, 247, 249]. Цягам 1660-х гадоў колькасць работнікаў, што вербавалі ў час будаўнічага сезону ізноў не перавышала 50 чалавек. У прыватнасці вядома, што цягам вясны-лета 1661 года на валах працавала 50 капачоў, колькасць якіх у верасні была зменшана да 30 чалавек. У наступным годзе з-за цяжкасцяў з грашыма колькасць работнікаў была зменшана з завербаваных вясною 50 чалавек да 30 ужо ў ліпені. Тыя ж 50 чалавек былі завербаваны валмайстрам ўвесну 1664 года. Столькі ж капачоў збіраліся завербаваць і вясною 1668 года [2, s. 237, 245, 248, 282, 334; 41, s. 174]. Такім чынам, максімальнай нагрузкай для горада было ўтрыманне і забеспячэнне 50 капачоў, аднак у найбольш цяжкія часы за кошт пазык ці ўвядзення дадатковых падаткаў іх колькасць павялічвалася да 100 чалавек.

У складаных умовах, калі пачалася вайна з Масквой, для паскарэння ўзвядзення ўмацаванняў са згоды мяшчанства магістрат некалькі разоў уводзіў абавязак для ўсіх мяшчан ўдзельнічаць у будаўнічых працах: першы раз – восенню 1655 года, другі раз – летам-восенню 1656 года. Было вырашана выходзіць на працу сотнямі па чарзе. За працай мусілі сачыць гарадскія сотнікі, якім за гэта плацілі. Аднак падобныя «гвалты» былі эфектыўныя толькі кароткі час. У 1655 годзе мяшчане працавалі на валах толькі ў верасні і кастрычніку, а ў пачатку лістапада ўжо было вырашана перайсці да збору грошай на наём капачоў. Некаторыя мяшчане не маглі кінуць свае заняткі і наўпрост ігнаравалі гэты абавязак. Таму быў уведзены штраф у памер 12 грошай за кожны прапушчаны дзень [1, s. 63, 66–67, 72]. Падобная сітуацыя існавала з сячэннем лёду зімой у гарадскіх ірвах, што было абавязкам мяшчан. У снежні 1658 года было вырашана замяніць абавязак выхаду мяшчанаў на грашовы падатак [1, s. 193, 227].

У 1659 годзе Багуслаў Радзівіл прапанаваў павялічыць колькасць работнікаў на гарадскіх валах за кошт сялян, аднак з-за разрабавання і знішчэння воласцяў сялян не сталі прыцягваць на будаўніцтва ўмацаванняў [42, s. 12].

У адрозненні ад гарадскіх умацаванняў на цытадэлі ў асноўным працавалі жаўнеры слуцкага гарнізона. З ліста Клакоцкага вядома, што ў 1663 годзе ў ёй працавала 100 жаўнера [39, s. 15]. Гэтаксама зімой жаўнеры былі абавязаныя секчы лёд вакол цытадэлі. У найбольш цяжкія для горада часы жаўнераў таксама накіроўвалі на будаўніцтва гарадскіх фартыфікацый. Напрыклад, у 1655 годзе Вільгельм Патэрсан даў жаўнераў для узвядзення новай грэблі і будаўніцтва ўмацаванняў вакол Новага места, а ў 1656 годзе жаўнеры працавалі на адным з бастыёнаў Старога места [1, s. 5, 26, 62, 78, 112, 193].

Істотным рэсурсам павялічэння колькасці капачоў былі вязні і арыштанты. У выніку ваенных дзеянняў у Слуцк спарадычна прыводзілі дзесяткі маскоўскіх і казацкіх палонных. Паколькі прывілей выкарыстання вязняў меў ўладальнік горада, то вязняў найчасцей накіроўвалі на будаўніцтва цытадэлі. Улетку 1662 года, калі прыйшоў суровы загад караля аб высылцы маскоўскіх вязняў у Оршу і Менск, «валавая работа», па словах Гурына, амаль стала, бо засталося ўсяго некалькі казацкіх вязняў [43, s. 92; 44, s. 118]. У люты 1664 года Клакоцкі непакоіўся, што не мецьме з кім працягваць будаўніцтва цытадэлі, і прасіў пераслаць у Слуцк некалькі дзесяткаў маскоўскіх вязняў з Копысі, якія там «дарма хлеб елі» [45, s. 29]. А з ліста каменданта Слуцка Аляксандра Шылінга за люты 1664 года вынікае, што вязні і жаўнеры былі асноўнай працоўнай сілай на будаўніцтве цытадэлі [46, s. 9]. На вязняў, аднак, часта скардзіліся, што ад іх мала карысці, бо яны як маглі шукалі магчымасці звольніцца ад працы, а з-за кепскага догляду яшчэ і хварэлі часта [18, s. 41].

Для працы на гарадскіх ўмацаваннях прыцягваліся парушальнікі рознага кшталту гарадскіх парадкаў. Яшчэ раней за азначаны перыяд існавала практыка адпраўляць тых, што не вяртаў пазыку на насыпанне вала, а заробленыя арыштантам грошы ішлі на скасаванне пазыкі. «Валавай работай» караліся таксама рамеснікі, што не выканалі замову, ці парушылі цэхавы статут, а таксама рамеснікі-партачы. Па ўзгадненні з калецкім старастам да працы на валах прыцягвалі жабракоў, якія маглі працаваць. На валы адпраўлялі п"яніц, што да пазна сядзелі ў корчмах, а жанчын лёгкіх паводзінаў прымушалі чэрпаць твань з ірвоў [1, s. 30, 39; 3, с. 31–32].

Акрамя капачоў на ўзвядзенні фартыфікацый былі задзейнічаны рамеснікі рознага кшталту. З іх бадай што найбольш запатрабаванымі былі цеслі (цесляры). Акрамя таго, што яны ўзводзілі будынкі і розныя абарончыя прыстасаванні (масты, узводы, кабыліны), цеслі таксама выраблялі рыштунак для працы капачоў (рыдлёўкі, тачкі). На чале гарадскіх цесляў стаяў цясельскі стараста, з якім дамаўляся магістрат наконт вядзення тых ці іншых прац, і які адказваў за працу сваіх падначаленых. Вядома, напрыклад, што вясною 1655 года на будаўніцтве новай грэблі працаваў майстар і 5 цесляў, якім дапамагалі 6 парабкаў. Летам 1656 года на будаўніцтве Навамейскай брамы былі задзейнічаны 4 майстры і 4 падзеннікі, а на ўзвядзенні новай дамбы – 4 майстры і 8 парабкаў. Майстру ў залежнасці ад складанасці працы плацілі ад 3 да 5 злотых, простаму цеслю – 3 злотых, а парабку – 2 злотых [1, s. 28, 116, 151]. Апроч гарадскіх цесляў на ўтрыманні князя меўся адзін ці некалькі замкавых цесляў, адзін з якіх ў 1660 годзе збудаваў мост каля цытадэлі [47, s. 130]. У 1664 годзе замкавы цесля за год атрымаў 130 злотых [38, s. 106]. За будаўнічы сезон 1665 года замкавым цеслям, якіх было, відаць, двое, было выплачана 98 злотых. Асобна была аплочана праца «новага» цеслі Дзмітра, які атрымаў 46 злотых [30, s. 3, 6]. Адрознай ад цесляў справай займаліся пільнікі, якія рыхтавалі тарчыцы (дошкі) на розныя патрэбы, у тым ліку на рыштаванні для насыпання валоў. Напрыклад, у лютым 1656 года магістрат дамовіўся з пільнікам Яськам на выраб 3 коп (180 штук) тарчыц [1, s. 92, 192].

З мулярамі ў Слуцку ў адрозненні ад цесляў былі праблемы. У амаль цалкам драўляным горадзе хапала ганчароў, якія выкладвалі печаў у дамах. Аднак у Слуцку меўся шэраг збудаваных з цэглы і важных для абароны будынкаў, як напрыклад тры брамы ў старамейскім вале ці парахавы магазін у цытадэлі, якія трэба было даглядаць. Таму службоўцам Багуслава Радзівіла даводзілася шукаць і запрашаць муляроў. Напрыклад, у 1663 годзе згадваецца муляр з Галоўчына, які выкладваў печы і коміны ў новым палацы князя, і якога Гурын імкнуўся затрымаць у Слуцку [48, s. 59; 49, s. 206–207]. Напэўна, той жа муляр займаўся направаю Астроўскай і Ільінскай мураваных брамаў летам 1663 года [2, s. 310, 316].

Рознага кшталту жалезныя дэталі для будынкаў і рыштунку выраблялі і напраўлялі кавалі і слесары. У рахунках за 1664 год адзначаецца, што на ўтрыманні князя меўся замкавы слесар, якому было выплачана 120 злотых за год [38, s. 106]. Улетку 1659 года пад час устаноўкі абарончых прыстасаванняў на ставе між цытадэллю і Вілім-шанцам мейская рада прыцягвала да працы таксама рыбакоў [1, s. 207].

У дапамогу людзям на будаўніцтве фартыфікацый меліся коні, якіх найчасцей выкарыстоўвалі для перавозкі будаўнічы матэрыял. Зімою коньмі таксама аралі лёд у ірвах. На будоўлі цытадэлі выкарыстоўваліся замкавыя коні, а горад утрымліваў асобных коней для прац на гарадскіх умацаваннях. Вясною 1655 года магістрат выдзяліў на ўтрыманне коней на чвэрць года 100 злотых, з якіх 34 мусілі пайсці дазорцу за коньмі, 54 – двум парабкам і 10 – на авёс. У наступным годзе горад быў вымушаны купляць новых коней, бо старыя згінулі, аднак, як можна меркаваць з пратаколаў сэсій магістрата, з-за праблем з грашыма праз пэўны час іх прадалі [1, s. 27, 105]. Што тычыцца замкавых коней, дык вядома, што ў 1659 годзе меліся тры «клячы», дзве з якіх былі турэцкімі. У тым жа годзе Клакоцкі прасіў Багуслава Радзівіла прыслаць у Слуцак цуг (пару) моцных паморскіх коней, якіх пазней можна было б разводзіць на месцы. Аднак, князь, відаць, так і не прыслаў «памораў», бо пазней, у 1662 годзе з такой жа просьбай звяртаўся Гурын [50, s. 85; 51, s. 138].

Падагульняючы пералік і характарыстыку рамеснікаў занятых на будаўніцтве цытадэлі ў сярэдзіне XVII ст. хацелася б прывесці словы Тэафіла Спіноўскага з ягонага ліста да князя, якімі архітэктар абгрунтоўваў свой пераезд з Нясвіжа ў Слуцк у 1658 годзе: «тую ж мадэль можна выдатна прыспасобіць для слуцкай Новай фартэцыі (цытадэлі. – М.В.), і ці ні хутчэй у нас (у Слуцку. – М.В.) стане, чым у Нясвіжы, бо там няма ані работнікаў такога мноста і такіх здольных, ані валмайстра, ані цесля такога здольнага, каб такую пекную работу, якая ў мадэлі паказана, змог выканаць…» [14, s. 1].

Галоўнай прыладай, якой карысталіся капачы, была драўляная рыдлёўка, акаваная ўнізе жалезам [1, s. 127]. Пачынаючы з кастрычніка 1655 года, каб паскорыць працу капачоў, за кошт горада пачалі рабіць драўляныя тачкі. Як можна меркаваць па асобных згадках, кожнаму работніку выдавалася па тачцы, з чаго можна зрабіць выснову, што яны працавалі паасобна, а не ў парах. З часам тачкі псаваліся, і іх даводзілася за кошт горада напраўляць, ці вырабляць новыя. Каб узмацніць адказнасць за рыштунак у 1658 годзе магістрат абавязаў работнікаў прыходзіць на працу са сваім рыштункам ці выкупляць рыштунак, які яны атрымлівалі ад горада. Пры гэтым за тачку прапаноўвался плаціць па 1 злотаму, а за рыдлёўку – па 10 грошаў. Аднак магістрат, верагодна, свядома завысіў кошт на рыштунак, бо, напрыклад, у 1665 годзе за выраб 10 тачак для работ на цытадэлі было выплачана 2 злотых 15 грошаў [1, s. 66, 112, 127, 131, 153, 174; 2, s. 334; 30, s. 3]. Для ўсцягвання тачак з зямлёю на вал рабіліся драўляныя рыштаванні, для якіх пільнікам замаўляліся тарчыцы даўжынёй 3–4 сажні (5,8–7,8 м). Паводле кантракту, які магістра заключыў з пільнікам Яськай у снежні 1658 года, кошт двух коп (120 штук) тарчыц складаў 20 злотых [1, s. 92, 131, 137, 193, 240; 2, s. 329].

За захаванне рыштунку ў час будаўніцтва адказваў валмайстар, а па заканчэнні прац увосень ён мусіў перадаваць увесь будаўнічы рыштунак на захаванне гарадскім будаўнічым. У выпадку цытадэлі рыштунак, напэўна, перадаваўся цэйгварту і захоўваўся ў цэйхгаўзе. Зімою старыя прылады напраўляліся, а ў выпадку патрэбы вырабляліся новыя [1, s. 78, 127, 190, 210].

Асноўным будаўнічым матэрыялам, які выкарыстоўваўся для фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Слуцку ў сяр. XVII ст. была зямля. Таму будаўнічы сезон распачыналі у красавіку – пачатку мая, пасля таго як сыходзіў снег і вясновая вада, якая рабіла глебу празмерна вільготнай. Канкрэтны час пачатку прац залежаў ад зменлівага надвор"я. Напрыклад, у 1655 годзе цытадэль заклалі ўжо 1 красавіка, а гарадскія валы пачалі напраўляць 14 красавіка. У 1656 годзе працы хацелі распачаць у першых тыднях красавіка, аднак яшчэ 20 красавіка з-за дажджоў не маглі да іх прыступіць. У 1657 годзе напраўляць і сыпаць гарадскія фартыфікацыі пачалі 23 красавіка, а ў 1658 годзе – 6 мая. На дату пачатку прац уплываў і фінаснавы фактар. Напрыклад, у 1663 годзе нягледзячы на прапанову войта вывесці капачоў на вал у пачатку красавіка, з-за праблем з грашыма першыя 15 работнікаў пачалі працаваць толькі 10 мая [1, s. 28, 99, 103, 142, 174; 2, s. 301, 304]. Заканчвалі «валавую работу» ў верасні альбо кастрычніку. У прыватнасці сезон працы валмайстра і інжынера слуцкага гарнізона ўключаў шэсць месяцаў: з красавіка па верасень. Ва ўмовах небяспекі ўзводзіць і напраўляць умацаванні маглі нават позняй восенню, зімой і ранняй вясною. Падобная сітуацыя склалася ў Слуцку ў 1655–1656 і 1659–1660 гады. Хаця працы ў цяжкіх кліматычных умовах былі малаэфектыўныя і, як скардзіўся магістрат, толькі паглыналі грошы [1, s. 62, 235].

Галоўным абрончым элементам слуцкіх умацаванняў з"яўляўся земляны вал, трываласць якога залежала ад якасці глебы. Таму для ўмацавання вала ў Слуцку шырока ўжываўся гной, які мяшчанам загадвалася звозіць з падворкаў і вуліц у вызначаныя валмайстрам месцы. Звонку для дасягнення неабходнай стромкасці вал абкладваўся дзёрнам, які капачы высякалі за горадам і вазілі на будоўлю [1, s. 22, 27, 113, 120; 52, s. 109]. Земляны бруствер зверху вала з унутранага боку для неабходнай стромкасці дадаткова апляталі хворастам [1, s. 122]. Берму, альбо лаву звонку ля падножжа валу, а таксама дамбы і грэблі, каб захаваць іх ад размыву вадою, ўмацоўвалі дубовымі каламі і апляталі лазовым хворастам [1, s. 122, 160, 174; 2, s. 315].

Нягледзячы на спробы ўмацаваць земляны вал яго ўсё адно год ад года даводзілася рамантаваць. Земляныя і драўляныя канструкцыі былі вельмі нетрывалыя: валы аплывалі ад дажджоў, брустверы абвальваліся, ірвы зарасталі, а палісады перад валамі гнілі. У красавіку 1658 года магістрат канстатаваў, што леташняя праца на гарадскіх фартыфікацыях «на нішто пайшла» з-за дажджоў і яе давядзецца аднаўляць цягам гэтага лета [1, s. 173]. Пастаянныя дажджы перашкаджалі працы і восенню 1662 года, калі «усё што рабілі з-за вялікай вільготнасць асядала». Цягам 1668–1669 гадоў, па словах Крыштафа Вінклера, «валовая работа» ўвогуле з-за пастаяннай непагоды «толькі са стратай грошай ідзе» [53, s. 20; 54, s. 59].

Дрэва для будаўніцтва рыхтавалі і звозілі, як правіла, зімою, калі спынялася праца на валах і дзякуючы снегу і маразам усталёўвалася «добрая зімовая» дарога. Для нарыхтоўкі дрэва альбо высылалі групу цесляў, якія за адпаведную плату высякалі і сплаўлялі яго да Слуцка, альбо закупалі дрэва ў мяшчан і сялян. Па коштах на лета 1659 года адна дубовая паля для палісада, што ставілі вакол валоў, каштавала 5 грошаў. На штакет, ці паркан, які ставілі на грэблі і валах ішлі альховыя палі даўжынёй 2 сажані (3,9 м). Даўжэйшыя пяцісажнёвыя (9,7 м) палі ў 1660 годзе закупалі для таго, каб перагарадзіць стаў на Случы. Акрамя паляў, брусоў і тарчыц зімою стараліся назапасіць хворасту, які ішоў на аплятанне бруствераў і рвоў, а таксама на пляценне кашоў-габіёнаў, што расстаўляліся на валах [1, s. 206, 233–234].

Як адзначалася вышэй, традыцыі муравага будаўніцтва на Случчыне былі слабымі, аднак цэглу і вапну, прынамсі для печаў, у княстве выраблялі. Яшчэ раней, у 1629 годзе, у розных валасцях княства працавалі тры цагельні і адна вапельня [55]. Як пісаў Гурын у 1661 годзе, не было праблемы з вырабам цэглы для адбудовы разбуранай у час вайны царквы Трайчанскай манастыра, былі б толькі грошы [56, s. 231]. Таму, не выклікае сумневу, што цэглу і вапну для будаўніцтва мураванага парахавога магазіну ў цытадэлі, а таксама для направы мураваных брам пры Багуславе Радзівіле рабілі на Случчыне.

У канцы хацелася б падкрэсліць, што выпадак Слуцка для даследвання фартыфікацыйнага будаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII ст. сапраўдны унікальны. Грунтоўная база з пісьмовых і іканаграфічных крыніц робіць магчымай вельмі дакладную і падрабязную рэканструкцыю арганізацыі будаўнічых прац на ўмацаваннях Слуцка і іх забеспячэнне людзьмі і матэрыяламі ў другой чвэрці XVII ст. Гэта не толькі пашырае нашыя веда аб тагачаснай фартыфікацыі, аднак і робіць магчымым далейшыя больш глыбокія даследванні ў галіне ўрбаністыкі, гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва ранняга Новага часу.

Мікола ВОЛКАЎ



Спіс літаратуры
1. Lietuvos mokslų akademijos biblioteka (далей – LMAB). – F. 9. – Nr. 1873. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата (вядомыя таксама як «Лаўда альбо ўхвала пра абарону, парадак і аздобу места Слуцка») з 3 снежня 1654 па 28 снежня 1660 г. (арыгінал); Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей – AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей – AR). – Dz. ІI. – Ks. 69/14. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 3 снежня 1654 па 1 ліпеня 1659 г. (копія XVII ст.); AGAD. – AR. – Dz. XXIII. – T. 134. – Pl. 2. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 9 мая 1656 па 28 сьнежня 1660 г. (копія XVII ст.); Biblioteka Muzeum im. Ks. Czartoryskich w Krakowie. – Rkps 389. Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 3 снежня 1654 па 28 снежня 1660 г. (копія ХІХ ст.).
2. AGAD. – AR. – Dz. XXIII. – T. 134. – Pl. 2. – Пратаколы сэсій слуцкага магістрата з 19 снежня 1661 па 2 лютага 1665 г. (копія XVII ст.).
3. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А. Ткачоў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1991. – 182 с.
4. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. 6. Кн. 1: Пузыны – Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн.: БелЭн, 2001. – 591 с.
5. Нацыялальны гістарычны архіў Беларусі. – Ф. 694. – В. 2. – Спр. 10729. – Прыход грашовых сум і выдаткі Януша Радзівіла.
6. Lietuvos mokslų akademijos biblioteka. – F. 139. – Nr. 1906, p. 19–19 verso. – А. Каменскі да Я.К. Хадкевіча. A. Kamieński do J.K. Chodkiewicza. 30.07.1618. Цімкавічы.
7. Волкаў, М.А. Да пытання аб аўтарстве калекцыі малюнкаў сярэдзіны XVII ст. з архіва князёў Радзівілаў / М.А. Волкаў // Беларускі гістарычны часопіс. – № 7. – Мінск. – 2012. – С. 34–38.
8. Kossarzecki, K. Słuck wobec zagrożenia moskiewskiego i kozackiego podczas wojny z Moskwą w latach 1654–1667 / K. Kossarzecki // Materiały do Historii Wojskowości. – № 2. – Pułtusk. – 2004. S. 93–112.
9. AGAD. – AR. – Dz. VII. – Nr. 678, s. 15–18. – Інструкцыя Вільгельму Патэрсану, галоўнаму камісару і губэрнатару Слуцкага і Капыльскага княстваў. 8.1.1660.
10. AGAD. – AR. – Dz. IV. – K. 47, s. 63–73. – Ліст Багуслава Радзівіла да Яна Гроса. 14.7.1657. Каралявец.
11. AGAD. – AR. – Dz. IV. – K. 48, s. 1–5. – Ліст Багуслава Радзівіла да Яна Гроса. 30.8.1657. Каралявец.
12. Карлюк, К. Пад штандарам дома Аранскіх. Першае «кавалерыйскае падарожжа» Багуслава Радзівіла (1637–1640 гг.) і яго ўдзел у галандскай аблозе Хюлста 1640 г. / К. Карлюк // ARCHE. – № 6. – Мінск. – 2012. – C. 403–439.
13. Autobiografia / Bogusław Radziwiłł; wstępem poprzedził i oprac. Tadeusz Wasilewski. – Warszawa: Państ. Instytut Wydawniczy, 1979. – 379 s.
14. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 14914, s. 1–4. – Ліст Тэафіла Спіноўскага да Багуслава Радзівіла. 6.2.1658. Слуцк.
15. AGAD. – AR. – Dz. ІV. – К. 56, s. 20–21. – Ліст Багуслава Радзівіла да Ўладыслава Гурына. 16.7.1663. Каралявец.
16. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/III, s. 47–52. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 8.3.1664. Слуцк.
17. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/I, s. 73–75. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 3.7.1665. Слуцк.
18. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/II, s. 36–41. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 6.8.1667. Слуцк.
19. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/II, s. 50–64. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 4.11.1667. Слуцк.
20. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/I, s. 207–211. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 18.6.1661. Слуцк.
21. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 14914, s. 5–6. – Ліст Тэафіла Спіноўскага да Багуслава Радзівіла. 10.6.1660. Каралявец.
22. Dybaś, B. Fortece Rzeczypospolitej. Studium z dziejów budowy fortyfikacji stałych w państwie polsko-litewskim w XVII wieku / B. Dybaś. – Toruń: Towarzystwo Naukowe w Toruniu, 1998. – 381 s.
23. Пярвышын, У. Фартыфікацыі нясвіжскага замка ў канцы XVI–XVIII cтст. / У. Пярвышын // Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый: матэрыялы 1-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Нясвіж, 20 кастрычніка 2009 года / [рэдкалегія: В.А. Сталярчук (галоўны рэдактар) і інш.]. – Нясвіж: [б. в.], 2010. – C. 115–124.
24. Dzienniki 1695–1700 / S. Niezabitowski. Opracował, przygotował do druku i wstępem opatrzył A. Sajkowski. – Poznań: Wydaw. Naukowe Uniw., 1998. – 374 s.
25. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 16828, s. 1–3. – Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 5.3. 1667. Слуцк.
26. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IV, s. 17–23. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 15.1.1666. Слуцк.
27. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IV, s. 63–64. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 3.5.1666. Слуцк.
28. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IV, s. 77–78. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 5.6.1666. Слуцк.
29. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 16828, s. 4–6. – Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 13.8.1667. Слуцк.
30. AGAD. – AR. – Dz. VII. – Nr. 679. – Рахункі слуцкага гарнізона за 1665 год.
31. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/II, s. 148–151. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 22.2.1668. Б.м.
32. AGAD. – AR. – Dz. VII. – Nr. 680. – Парадак платы слуцкаму гарнізону па рэдукцыі 27 лістапада 1671 года пачынаючы з 1 снежня 1671 года.
33. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 1848/1, s. 241. – Сума выдаткаў на год на слуцкі гарнізон.
34. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 16828, s. 13–15. – Ліст Густава Адольфа дэ ля Вале да Багуслава Радзівіла. 27.7.1669. Слуцк.
35. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/IIІ, s. 54–57. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. Б. д. і м.
36. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/IIІ, s. 68–70. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 24.8.1669. Слуцк.
37. Wasilewski, T. Budowa zamku i rezydencji Radziwiłłów w latach 1586–1654 / T. Wasilewski // Podług nieba i zwyczaju polskiego : studia z historii architektury, sztuki i kultury ofiarowane Adamowi Miłobędzkiemu. – Warszawa : Państwowe Wydawn. Nauk., 1988. – S. 263–272.
38. AGAD. – AR. – Dz. VII. – Nr. 678, s. 105–108. – Рэестр заробкаў і таго, што слуцкаму гарнізону вылачана са скарбу. 12.3.1664.
39. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IІІ, s. 13–19. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 19.1.1664. Слуцк.
40. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 16643, s. 3–6. – Ліст Васіля Тышэвіча і да Багуслава Радзівіла. 25.6.1657. Слуцк.
41. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/IІ, s. 174–176. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 5.5.1668. Б. м.
42. AGAD. – AR. – Dz. ІV. – К. 57, s. 10–12. – Ліст Багуслава Радзівіла да Казіміра Клакоцкага і Ўладыслава Гурына. 7.6.1659. Каралявец.
43. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/IІ, s. 89–95. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 27.7.1662. Слуцк.
44. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/IІ, s. 115–119. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 31.8.1662. Слуцк.
45. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IІІ, s. 29–32. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 9.2.1664. Слуцк.
46. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 14021, s. 9–10. – Ліст Аляксандра Шылінга да Багуслава Радзівіла. 18.7.1664. Слуцк.
47. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/І, s. 129–130. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 11.11.1660. Слуцк.
48. AGAD. – AR. – Dz. ІV. – К. 55, s. 59–60. – Ліст Багуслава Радзівіла да Ўладыслава Гурына. 2.4.1663. Каралявец.
49. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/IІ, s. 205–207. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 16.3.1663. Слуцк.
50. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/І, s. 85–86. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 8.5.1659. Слуцк.
51. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/IІ, s. 135–140. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 28.10.1662. Слуцк.
52. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 6865/IІ, s. 109–112. – Ліст Казіміра Клакоцкага да Багуслава Радзівіла. 3.6.1663. Слуцк.
53. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/I, s. 20–22. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 20.9.1662. Слуцк.
54. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469/III, s. 58–61. – Ліст Крыштафа Вінклера да Багуслава Радзівіла. 3.8.1669. Слуцк.
55. Lietuvos valstybės istorijos archyvas. – F. 1280. – A. 1. – B. 2057. – P. 1–2 verso. – Рэестр княжацкіх цагельняў і вапельні ў Случчыне у 1629 годзе.
56. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 5569/І, s. 227–237. – Ліст Уладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла. 20.8.1661. Слуцк.