У нас на сайте
Ссылки

Группа компаний «ТВОЯ СТОЛИЦА»

 

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Храмы Слуцка ад князя Аляксандра Алелькі да княгіні Сафіі Алелькавіч

Старажытная гісторыя Слуцка, калі горад з"яўляўся сталіцай удзельнага Слуцкага княства, можа быць падзелена на тры перыяды ў адпаведнасці з трыма пануючымі ў краі дынастыямі, якія па чарзе прыходзілі на змену адна другой. Першы перыяд быў звязаны з дынастыяй Ізяславічаў (гэта прадстаўнікі старажытнарускага роду Рурыкавічаў). У другі перыяд край належыў Алелькавічам, прадстаўнікам старажытналітоўскага роду Альгердавічаў. Трэці перыяд прадстаўляюць князі Радзівілы. Кожная з названых дынастый уладарыла краем прыкладна па 200 гадоў.
 
 
Датай прыходу дынастыі нашчадкаў Альгерда з"яўляецца 1395 год. Тады ўладаром краю стаў князь Уладзімір Альгердавіч (1330–1398). Случчынай яму кампенсавалася княства Кіеўскае, якое ў свой час было ім атрымана ад бацькі – вялікага князя літоўскага, а цяпер адабранае новым вялікім князем Вітаўтам. 
 
Прымаючы да ўвагі летапісныя звесткі пра пачатак княжэння Уладзіміра Альгердавіча на Случчыне, адзначым наступнае. Як вядома, ад пачатку сталіцай існаваўшага з другой паловы ХІІ стагоддзя (лічыцца – з 1160–1170-х гадоў) удзельнага княства з"яўляўся Слуцк. Аднак летапіс паведамляе, што атрыманы Уладзімірам Альгердавічам быў Капыль. Менавіта да канца ХV стагоддзя ў Капылі і знаходзілася рэзідэнцыя Алелькавічаў (прынамсі адна з рэзідэнцый), а княства называлася Капыльска-Слуцкім або Слуцка-Капыльскім. Пратлумачыць гэта можна, калі звярнуцца да падзей, што адбыліся амаль сто гадоў перад тым. Яшчэ на пачатку ХІІІ стагоддзя княства Слуцкае трапіла ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства. У выніку барацьбы вялікага князя літоўскага Трайдзеня з вайсковай кааліцыяй, якую ўзначальваў галіцка-валынскі князь Леў Данілавіч і ў якую ўваходзілі Ізяславічы, напрыканцы ХІІІ стагоддзя ваколіцы Слуцка былі спустошаны, а сам горад моцна разбураным. У выніку буйнейшым горадам краю застаўся Капыль, які і трапіў на старонкі летапісу як горад, атрыманы князем Уладзімірам замест Кіева.

 
Гаспадаром Случчыны пасля смерці князя Уладзіміра стаў яго старэйшы сын Аляксандр Уладзіміравіч Алелька (1380–1454). За часамі Алелькі Слуцк разросся і стаў вялікім па тагачасных мерках горадам. Напрыклад, у вялікакняжацкім прывілеі 1444 года ён прыводзіцца ў ліку галоўных гарадоў краіны. А незадоўга перад тым, у 1441 годзе першым з прыватнаўладальніцкіх гарадоў ВКЛ атрымаў Магдэбургскае права.     
Князь Аляксандр Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе як апякун праваслаўных цэркваў і манастыроў краіны. Несумненна, што не маглі заставацца па-за ўвагай князя і цэрквы на тэрыторыі яго ўласных уладанняў. 
 
Да 1409 года (сустракаецца і 1404 год) адносяцца звесткі летапісу пра ўзвядзенне на слуцкім дзядзінцы Успенскага сабора. Храм на дзядзінцы стаяў здаўна, з упэўненасцю можна сказаць, што ад пачатку гісторыі горада. Археалагічныя раскопкі сведчаць, што напрыканцы ХІІ і ў ХІІІ стагоддзях ён мог быць нават мураваным. Аднак у выніку разбурэнняў канца ХІІІ стагоддзя, пра што гаварылася вышэй, ён альбо моцна пацярпеў альбо ўвогуле быў зруйнаваны. 
 
Увагу даследчыкаў прыцягвае тое, што будаўніцтва драўлянага Успенскага сабора ў летапісе звязваецца з імям княгіні Анастасіі. Некаторыя з іх выказваюць меркаванне, што гэтай Анастасіяй магла быць маці Аляксандра Уладзіміравіча (праўда імя маці Алелькі ў дайшоўшых да нашага часу гістарычных крыніцах не згадваецца. Вядома таксама, што Анастасіяй звалі жонку князя Алелькі, аднак шлюб з ёй адбыўся пазней разглядаемых падзей). Іншыя лічаць, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе княгіня Анастасія, якая аднаўляла горад пасля татарскіх нападаў пачатку ХVІ стагоддзя, і падзею, нягледзячы на прыводзімую дату, трэба аднесці на гэты перыяд. На нашу думку, аўтар гістарычных звестак мог памылкова аб"яднаць у адзінае разделеныя сотняй гадоў, але падобныя падзеі, калі ўзяў найранейшую дату і звязаў яе з імям, якое для яго было больш на слыху. На самой жа справе будаўніцтва сабора ў1409 годзе несумненна трэба звязаць з імям князя Аляксандра Алелькі. 
 
Да ХІХ стагоддзя захоўваліся вусныя паданні і пра заснаванне ў першай палове ХV стагоддзя на тэрыторыі слуцкга пасада прыходскай Уваскрэсенскай царквы. 
Невядома, у якім стане тады знаходзіліся прыходская Міхайлаўская царква на прадмесці Востраў, першыя звесткі пра якую адносяцца да 1392 года, і старажытны Троіцкі манастыр, але несумненна, што і яны не заставаліся па-за ўвагай слуцкага князя. 
 
 
На перыяд паміж 1443 і 1453 гадамі трэба аднесці з"яўленне яшчэ аднаго слуцкага мужчынскага манастыра, асвечанага ў гонар святога Ільі-прарока. Дакладная інфармацыя пра заснаванне яго не захавалася, першая вядомая дата адносіцца да 1515 года. Аднак захаваліся звесткі пра фундушы гэтай абіцелі князёў Алелькавічаў, і самыя ранейшыя звязаны з імям князя Сімяона Аляксандравіча (1420–1470) – старэйшага сына Алелькі. Ён кіраваў Случчынай у перыяд з 1443 па 1453 год. Аднак быў Сімяон не слуцкім князем, а намеснікам свайго бацькі, які ў той час княжыў у Кіеве, але захоўваў за сабою і Слуцкае княства. Такім чынам, калі і лічыць князя Сімяона заснавальнікам (фундатарам) слуцкага Ільінскага манастыра, то неабходна зрабіць заўвагу, што адбыцца гэта не магло без згоды, а магчыма і без ініцыятывы самаго Аляксандра Уладзіміравіча.   
    
 
У сувязі з ростам насельніцтва горада і пашырэннем яго тэрыторыі пры наступніках князя Алелькі ў Слуцку з"яўляліся новыя храмы. Адным з іх стала Юр"еўская (Георгіеўская) царква – першая царква на левым беразе Случы. Першая летапісная звестка пра яе адносяцца да 1503 года, аднак несумненна, што з"явіцца яна магла ў другой палове – канцы ХV стагоддзя.  
 
У той час у выніку павелічэння гарадскога насельніцтва засяляўся другі, левы бераг Случы, з"явілася Зарэчча, альбо Новы Слуцк. Месца было небяспечнае, бо знаходзілася далёка ад умацаванняў дзядзінца, за якімі ў выпадку нападу ворагаў маглі хавацца жыхары Старога Слуцка. Як раз першыя звесткі пра гэты храм і звязаны з ваеннымі падзеямі. У Баркулабаўскім летапісе гаворыцца пра напад крымскіх татар на Слуцк у 1503 годзе. Быў ён нечаканым, таму адпор арганізаваны не быў. Князь Сімяон Міхайлавіч Алелькавіч (1460–1505) толькі паспеў глянуць за раку Случ і убачыў уварваўшыхся татар. 
 
Тут хацелася б звярнуць увагу на недакладнасць, якая сустракаецца ў матэрыялах некаторых сучасных даследчыкаў. Магчыма гэта звязана з тым, што да нас дайшоў не арыгінал, а пазнейшы спісак летапісу. Некалі ён быў напісаны на старабеларускай мове славянскімі літарамі, а пазней перапісаны лацініцай. У выніку перакладу на сучасную мову, атрымліваецца, што князь Сімяон убачыў татар з Юр"еўскай царквы (альбо з яе званіцы). Несумненна, што князь на той час знаходзіўся на дзядзінцы – у супрацьлеглым выпадку ён аказаўся б безабаронным і стаў бы ахвярай захопнікаў. З гэтай нагоды робіцца выснова, што і Юр"еўская царква стаяла на дзяцінцы. Аднак, вядома, што на дзяцінцы стаяў Успенскі сабор. Праўдападобна, што словы летапісу трэба разумець так: князь Сімяон глянуў за раку Случ (на Зарэчча) з царквой святога Юр"я. Бо як раз царква знаходзілася там, у Новым Слуцку, стаяла на левым беразе Случы амаль насупраць дзядзінца, таму і была добра відаць.  
 
 
На пачатку ХVІ стагоддзя на наш край абрынулася цэлая чарада нападаў крымскіх татар. Падчас аднаго з іх, у 1505 годзе князь Сімяон Міхайлавіч памёр, таму абаронай горада, а потым і яго аднаўленнем прышлося займацца княгіні Анастасіі Іванаўне (1473–1524).
Пад яе кіраўніцтвам быў рэканструяваны і па новаму ўмацаваны дзядзінец, ён ператварыўся ў Верхні замак, а побач быў закладзены яшчэ адзін замак – Ніжні. Хутчэй за ўсй, што падчас той перабудовы і быў узведены ў Верхнім замку новы драўляны Успенскі сабор. А ў Троіцкім манастыры па загаду княгіні замест драўлянай пабудавалі мураваную Троіцкую царкву.  
 
На працягу ХVІ стагоддзя горад не толькі быў адноўлены, але і разрастаўся, пра што сведчыць павелічэнне колькаці прыходскіх храмаў. Да тых, што ўжо існавалі з ранейшых часоў, у ХVІ стагоддзі дадаліся наступныя:
 
- У Старым Слуцку былі заснаваны Варварынская царква на Падзамчышчы (хаця магчыма, што яна існавала з ХV стагоддзя); Мікалаеўская на Капыльскай вуліцы; Праабражэнская на Віленскай вуліцы;
- У Новым Слуцку – Іаана-Прадцечанская царква;
- На Востраўскім прадмесці – Раждзественская і Касма-Даміянаўская.
 
Напрыканцы стагоддзя пры Праабражэнскай царкве арганізавалася брацтва, якое ў сваю чаргу ініцыявала стварэнне пры тым жа храме ў 1600 годзе брацкага Праабражэнскага манастыра.  
 
 
Такім чынам, калі звернем увагу на час, калі Слуцкае княства перайшло ў спадчыну княгіні Сафіі Юр"еўне Алелькавіч (1585–1612), то адзначым, што ў горадзе (карціна падобная несумненна назіралася і ў краі, але яна застаецца па-за ўвагай даследавання) да таго часу склалася царкоўная структура з трыма манастырамі (два княжацкіх і адзін брацкі), саборам і значнай колькасцю прыходскіх цэркваў. Заслуга княгіні Сафіі ў тым, што нягледзячы на складаную і небяспечную сітуацыю, што назіралася ў тагачасным царкоўным жыцці краіны ў сувязі з барацьбой і суперніцтвам розных канфесій, колькасць праваслаўных храмаў у яе часы ў горадзе не зменшылася. Княгіня стала не толькі апякункай і абаронцай праваслаўных цэркваў на падначаленай ёй тэрыторыі, але зрабіла захады, каб іх існаванне забяспечыць і надалей, у тым ліку, як вядома, і заканадаўча. Таму пасля пераходу края ў рукі прадстаўнікоў новай дынастыі – Радзівілаў (спачатку біржайскай галіны, якія былі кальвіністамі, пазней ім на змену прышлі прадстаўнікі нясвіжскай галіны, католікі) колькасць праваслаўных храмаў у горадзе не змяншалася, а,  як сведчыць гісторыя, на працягу ХVІІ стагоддзя нават павялічывалася. Напрыклад, з ХVІІ стагоддзя з"яўляюцца звесткі пра дзейнасць Цара-Канстанцінаўскай царквы ў Старым Слуцку, Сімяонаўскай і Крыжаўзвіжанскай у Новым Слуцку, Стэфанаўскай на Трайчанскім прадмесці. Прычым гэтая тэндэнцыя, нягледзячы на шматлікія супярэчлівасці і складанасці ў жыцці Случчыны і краіны ў цэлым, фактычна захоўвалася і на працягу ХVІІІ стагоддзя. 
 
Ігар Ціткоўскі


(Даклад, прадстаўлены на царкоўна-навуковую канферэнцыю, што адбылася ў Мінску 3 мая 2012 года.
Надрукаваны ў газеце “Преображение”, №6, 2012 г. )

 
    
 
 

 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 2030. Последнее 2018-01-19 13:53:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru