Будынак мужчынскай гімназіі

Будынак мужчынскай гімназіі

25.09.2019

Гэта навучальная ўстанова была заснавана па ініцыятыве князя Януша Радзівіла, які 20 мая 1617 г. выдаў грамату аб адкрыцці евангелічнага храма і вучылішча пры ім: «…задумаўя ў сваім горадзе Слуцку пабудаваць Евангелічны храм. У Новым горадзе, у Слуцку, на Зарэччы над ракою Случ., назначыў я тое ўпамянутае месца, тады пустое і незабудаванае, на пабудову Евангелічнага храма і вучылішча для навучання юнакоў хрысціянскіх.» [1]. Вучылішча (гімназію) князь адкрыць не паспеў: ён памёр у 1620 г.

Ідэя была рэалізавана яго братам Крыштофам Радзівілам, які стаў апекуном малалетняга сына Януша слуцкага князя Багуслава. Але спачатку пры храме пачала дзейнічаць школа, якая размясцілася ў невялікім драўляным будынку. Дакумент за 1623 г. прыводзіць: «Школка – дзве комнаты, печка і вокны патрабуюць рамонту, таксама і дах спарахнелы». Пачала дзейнасць яна, відавочна, ў перыяд з 1621 па 1623 г. Звесткі за 1627 гг. ўдакладняюць, што школа стаяла на пляцы, набытым у мясцовага жыхара Сільвестра Чарліноўскага, і знаходзілася побач з пляцам, занятым двума евангелічнымі цэрквамі (вялікім і малым зборамі) [2].

У хуткім часе школа была ператворана ў гімназію. Гісторык Анатоль Грыцкевіч выказвае меркаванне, што адбыцца гэта магло ў 1624 г. [3] Ёсць звесткі аб заснаванні гімназіі адпаведна грамаце Крыштофа Радзівіла ад 12 жніўня 1625 г. [4]

Князь Крыштоф РадзівілАднак больш праўдападобна, што ў якасці сапраўднай гімназіі навучальная ўстанова пачала дзейнічаць з 1630 г., калі замест невялікага ранейшага школьнага будынка быў узведзены новы капітальны драўляны корпус. Якраз тады, 6 лістапада 1630 г., князь Крыштоф Радзівіл граматай абвясціў аб пачатку дзейнасці Слуцкай кальвінскай гімназіі, якая размясцілася ў драўляным будынку, узведзеным у Новым горадзе, на вуліцы Сенатарскай (Шырокай) [5].

Гімназія стала ў Вялікім Княстве Літоўскім адной з самых аўтарытэтных кальвінскіх навучальных устаноў. Тут вучыліся студэнты пераважна з Наваградскага (цэнтр – Слуцк), Падляскага (цэнтр – Кейданы) і Беларускага (цэнтр – Койданава) дыстрыктаў [6].

Рэктарам слуцкай школы ў 1627–1630 гг. быў Павел Дземетравіч, з 1630 па 1640 гг. рэктарам ужо гімназіі з'яўляўся прыбыўшы з Італіі Андрэй Музоній, яго замяніў Геранім Жылінскі (1640–1645 гг.), прафесарам школы да 1630 г., а пазней рэктарам гімназіі быў прыбыўшы з Германіі Рэйхольд Адамі. Тэрмін навучання ў гімназіі ў розныя часы быў ад трох да пяці або шасці гадоў [7].

Па загадзе Крыштофа Радзівіла пры вучылішчы з 1624 г. пачала дзейнічаць бясплатная трохгадовая школа для дзяцей слуцкіх мяшчан, лепшыя вучні якой працягвалі займацца ў вучылішчы [8].

Установа за часы існавання не раз мяняла свой статус, у сувязі з чым мянялася і яе назва. Да 1778 г. яна дзейнічала як кальвінская гімназія, падпарадкаваная Віленскаму кальвінскаму сіноду. Пазней была ператворана ў публічнае евангелічнае вучылішча. З 1809 г., калі да яго далучылі заснаваную пасля скасавання езуіцкай калегіі каталіцкую школу, стала чатырохкласным павятовым вучылішчам. З таго ж 1809 г. разам з сінодам яго дзейнасцю пачалі кіраваць і дзяржаўныя органы. На працягу 1824–1827 гадоў тры вышэйшыя Панарама вуліцы Шырокай з будынкамі кальвінскага збора і гімназіі. Пачатак XX ст.класы вучылішча былі ператвораны ў гімназічныя, і такім чынам установа зноў атрымала статус шасцікласнай кальвінскай гімназіі. А з 1868 г. яна была пазбаўлена ўплыву рэфармацкага сінода, поўнасцю перайшла ў падпарадкаванне Віленскай Навучальнай акрузе і стала дзяржаўнай класічнай мужчынскай гімназіяй [9].

Па задумцы арганізатараў гімназіі тут разлічвалі навучаць практычна ўсіх, хто жадаў набыць веды. Выдадзены ў 1628 г. у Любчы «Устаў Слуцкай школы» ўтрымлівае такія радкі: «Прыходзьце ж усе… Нікому не закрыты шлях… Узрост, палажэнне, веравызнанне не ўяўляе для нас ніякага значэння». Тым не менш, першапачатковай задачай ставілася падрыхтоўка кальвінскіх прапаведнікаў. А кальвінскі сінод, якому падпарадкоўвалася ўстанова, толькі на пачатку XVIII ст. дазволіў прымаць у гімназію вучняў розных хрысціянскіх веравызнанняў [10]. На практыцы вучылішча толькі з 1809/10 навучальнага года стала адкрытым для вучняў усіх канфесій. З 1821 г. тут вучыліся і мусульмане, а дадзеныя за 1836 г. сведчаць, што разам з рэфарматамі, католікамі і праваслаўнымі ўжо вучыліся мусульмане і іўдзеі [11].

Вялося навучанне на польскай мове, вывучаліся таксама старажытна-грэчаская, старажытна-яўрэйская, лацінская, нямецкая мовы. З 1802 г. уведзены асобны курс рускай мовы, а з 1835 г. выкладанне асноўных прадметаў поўнасцю перайшло на рускую мову. З 1863 г. было забаронена вывучэнне і выкарыстанне ў гімназіі польскай мовы.

З 1878 г. у гімназіі распачаліся пастаўленыя на навуковую глебу метэаралагічныя назіранні. Звесткі аб надвор'і, хаця часам яны збіраліся не рэгулярна, пастаўляемыя ў Пецярбург, паклалі пачатак метэаназіранням у Слуцку.

Актавая зала гімназіі на пачатку XX ст.Да першай чвэрці XIX ст. галоўным корпусам вучылішча з'яўляўся драўляны будынак. Ён складаўся з чатырох невялікіх класных пакояў, актавай залы, дзе праводзіліся публічныя экзамены, і дадатковага пакоя, які выкарыстоўваўся для пераліку навучэнцаў, а пазней пад жыллё [12]. На двары размяшчаліся некалькі флігеляў з кватэрамі настаўнікаў. Побач з будынкам вучылішча стаяў канвікт, узведзены суперінтэндантам Фамой Мацкевічам напрыканцы XVIII ст. Там знаходзілі прытулак адзін настаўнік і бедныя навучэнцы евангельска-рэфармацкага спавядання. У сувязі з тым, што стары драўляны вучэбны корпус не задавальняў патрабаванням, было вырашана будаваць новы каменны.

На працягу 1829–1838 гадоў па праекце Караля Падчашынскага (1790–1860) на левым баку вуліцы Шырокай (цяпер Камсамольская, 7) быў узведзены мураваны корпус гімназіі [13]. Знакаміты віленскі дойлід Падчашынскі ў 1819–1832 гады з'яўляўся архітэктарам Віленскай навучальнай акругі, у яго кампетэнцыі было ўзвядзенне школьных будынкаў. Як адзначаюць даследчыкі, праект уяўляе цікавы прыклад пераходу ад класіцызму да рамантызму [14]. Рэалізацыя яго, хаця і вялася доўга з-за недахопу сродкаў, адбылася без значных адхіленняў ад задумы аўтара.

План першага паверха гімназііУ адпаведнасці з патрабаваннямі класіцызму кампазіцыя корпуса будавалася па прынцыпе сіметрыі. Ён прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пакрыты вальмавым дахам. Пасярэдзіне галоўнага і тыльнага фасадаў размяшчаюцца ўваходы. Першы і другі паверхі маюць планіроўку калідорную, з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. На першым паверсе калідор правага крыла завяршаўся дадатковым арачным уваходным праёмам у План пляцоўкі Слуцкай гімназіі 1901 г.тарцовай сцяне (цяпер закладзены і ператвораны ў акно). На другім паверсе з боку галоўнага фасада пасярэдзіне арганізавана актавая зала, якая аддзяляецца ад калідора чарадой калон. Адсюль меўся выхад на балкон, які навісаў над галоўным уваходам. Фотаздымкі пачатку XX ст. паказваюць будынак гімназіі без балкона, аднак на зробленым мастаком Напалеонам Ордай у 1860-я гады малюнку мы яго бачым. Прадугледжваў праект і невялікі склеп. Галоўная лесвіца на другі паверх была драўлянай, цяпер яна мураваная.

Дэкарыроўка сцен корпуса стрыманая: па перыметры праходзяць карніз з сухарыкамі і міжпавярховы паясок. Дэкорам і канструктыўнымі элементамі робіцца акцэнт на сярэдзіну павернутага да вуліцы фасада: трохвугольны сандрык, які аб'ядноўвае тры цэнтральныя вузкія аконныя праёмы другога паверха, з пілястрамі паміж імі (вокны прамаву – гольныя, праект прадугледжваў арачныя); люнет над уваходным праёмам, імпаст і пілястры, абрамляючыя ўваход разам з двума бакавымі вокнамі першага паверха, прыступкі перад уваходам.

Фрагмент плана канца XVIII ст. з кальвінскім зборам і корпусам гімназііВучэбныя класы размяшчаліся на першым паверсе, другі займала актавая зала і шэсць пакояў, прызначаных для бібліятэкі. Верагодна, у сувязі з дэфіцытам памяшканняў, бібліятэчныя пакоі спачатку выкарыстоўваліся ў іншых мэтах, бо вядома, што гімназічная бібліятэка з былой мураванай езуіцкай скарбніцы, дзе яна захоўвалася да таго, у новы мураваны корпус перамясцілася толькі ў 1855 г. Ды і на пачатку XX ст. у гімназіі яшчэ меліся праблемы з захаваннем бібліятэчных фондаў.

У 1839 г. замест састарэлага будынка канвікта быў узведзены новы драўляны корпус. Там размясціліся класы гімнастыкі, музыкі і падрыхтоўчы, памяшканні для дворніка і карцэр.

У 1883 г. мураваны гімназічны корпус разам з пяццю драўлянымі канвіктам і флігелямі, а таксама зямельны пляц, на якім яны размяшчаліся, быў выкуплены ў кальвінскай абшчыны ўрадам за 29 000 рублёў.

Гімназічны корпус разам з узведзеным у сярэдзіне XIX ст. побач мураваным будынкам кальвінскага збору стваралі адзін з лепшых архітэктурных ансамбляў Новага горада.

У перыяд Першай сусветнай вайны, з 1915 г., гімназія была ў эвакуацыі, знаходзілася ў горадзе Пенза, а ў яе будынку размясціўся штаб III арміі Заходняга фронту.

Першы паверх гімназіі з лесвічным маршам. 2004 г.Пасля ўсталявання Савецкай улады ўстанова была рэарганізавана ў гарадскую школу № 1 (спачатку школа другой ступені, з 1925 г. – сямігодка, з 1932 г. – сярэдняя палітэхнічная). Першым савецкім дырэктарам стаў Сяргей Бярозка, які да рэвалюцыі працаваў інспектарам гімназіі. Мовай навучання была беларуская.

У 1921 г. адно з памяшканняў школы заняла экспазіцыя Слуцкага акруговага краязнаўчага музея [15].

У час Айчыннай вайны нямецкія акупанты размясцілі ў школе свой шпіталь.

У 1944 г., падчас вызвалення горада, школьны будынак атрымаў пашкоджанні. Поўнасцю аднавілі яго ў 1949 г. [16] З гэтага часу і амаль на працягу трыццаці гадоў навучальную ўстанову ўзначальваў Леанід Кузняцоў.

У 1980 г., падчас кіраўніцтва наступнага дырэктара Яўгена Жартуна, быў узведзены новы трохпавярховы вучэбны корпус на 36 класных пакояў. Ён пастаўлены ў глыбіні двара паралельна гістарычнаму будынку і на ўзроўні другога паверху злучаны з ім пераходам. Гэта прыклад вельмі тактоўнага і ашчаднага падыходу праектыроўшчыкаў у справе спалучэння помніка архітэктуры з навабудам. На школьным двары каля сценкі спартыўнай залы, што пад прамым вуглом далучаецца да новага корпуса, у 1987 г. устаноўлены помнік настаўнікам і вучням, загінуўшым на франтах Вялікай Айчыннай вайны [17].

У 1998 г. установе вернуты ранейшы статус, яна стала Слуцкай гімназіяй № 1. Педагагічны калектыў з 1999 па 2010 гг. узначальвала Ларыса Ярмакова. Цяпер дырэктарам гімназіі з'яўляецца Уладзімір Яблачкін (з 2015 года – Міронава Алена Мікалаеўна. – admin).

Стары будынак Слуцкай гімназіі за кошт паступовай падсыпкі грунту частку свайго цокаля цяпер хавае пад зямлёй. З-за гэтага ўспрыманне яго прапорцый не адпавядае першапачатковым. Нягледзячы на некаторыя змяненні выгляду, стары корпус гімназіі з'яўляецца адным з лепшых, захаваўшыхся да нашага часу, помнікаў архітэктуры класіцызму Слуцка і важнейшым помнікам гісторыі адукацыі ў краі.

 

Ігар ЦІТКОЎСКІ
Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры. – Мінск: Смэлтак, 2015

 

1. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно, 1903, с. 169.
2. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно, 1903, с. 4,5.
3. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985, с. 130.
4. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985, с. 129.
5. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно, 1903, с. 171–176.
6. Катлярчук А. У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага
крызісу сярэдзіны XVII ст. // «ARCHE». 2008. № 7–8. - // – Асобнае выданне. 2009, с. 58.
7. Скеп"ян Н.А. Кальвінісцкая гімназія ў Слуцку ў XVII ст. Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 2012, с. 29, 30.
8. Грыцкевіч А.П. Рэгіянальная культура Случчыны ў XVI–XVIII стст. Беларусіка. Кн. 3. Мн., 1994,
с. 23–31.
Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985, с. 130.
9. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно. 1903, с. 56, 137.
Slownik Geografi czny Krolewstwa Polskiego i innyh krajow slowianskich. Т. № 10, Warszawa, 1889. (Sluck).
Зелинский И. Материалы для географии и статистики России, составленные офицерами генштаба. Минская губерния. Ч. 1. СПб. 1864, с. 401.
10. Грыцкевіч А, П, Дзейнасць Віленскага сінода рэфармацкай абшчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім. Беларусіка. Кн. 4, с. 357–366.
11. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно, 1903, с. 4, 93.
12. Глебов И. Историческая записка о слуцкой гимназии с 1617–30–1901 гг. Вильно, 1903, с. 56, 121.
Родчанка Р. Старэйшая школа Беларусі. Мн., 1985, с. 27.
13. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985, с. 129–130.
Зеленский И. Материалы для географии и статистики России… Ч. 2, СПб, с. 401.
Казуля С., Самусік А. Слуцкая гімназія. ЭГБ, т. № 6, Мн., 2001, с. 349.
14. Міцянін А.А., Кукуня В.Р. Слуцкай мужчынскай гімназіі будынак. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1993, с. 448.
Левандаўскас В. Забытае імя? Культура. № 21–22. 27 чэрвеня 1995, с. 15.
Левандаўскас В. Архітэктар Караль Падчашынскі і Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1997,
№ 2, с. 187–195.
15. Бамбешка І. З Гісторыі стварэння і дзейнасці першага грамадскага краязнаўчага музея ў Беларусі // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. 2004. № 3, с. 120.
16. 22 ліпеня // Гісторыя газетным радком. Памяць. Слуцкі раён, Слуцк. Кн.2, Мн., 2001, с. 413.
17. Селязнёва Н. Старэйшая ў рэспубліцы (сярэдняй школе № 1 – 380 гадоў) // Слуцкі край, № 90, 22 лістапада 1997, с. 2.