У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Слуцкія католікі

18.04.2013

Амаль шэсцьсот гадоў жывуць у Слуцку вернікі, што спавядаюць хрысціянства па лацінскім абрадзе. Цэнтрам сённяшняга каталіцкага жыцця з"яўляецца пабудаваны ў 2000 г. касцел святога Антонія. А першым каталіцкім храмам у гісторыі Слуцка стаў фарны касцёл, які з'явіўся ў 1419 г.

Фарны касцёл
У XV ст. каталіцызм быў пашыраны пераважна на захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Слуцкі касцёл стаўся адным з першых, узведзеных у цэнтральнай частцы краіны. На пачатку XV ст. католікаў у Слуцку было, мабыць, мала. Верагодней за ўсё, што гэта стала прычынай, чаму касцёл асвяцілі не адразу, а праз дваццаць гадоў пасля набудовы, у 1439 г. Абрад правёў віленскі канонік Мацвей. Тады ж быў выдадзены і прывілей на ўтрыманне ў Слуцку першага пробашча, якім стаў вышэйназваны Мацвей, а ў храме пачаліся рэгулярныя набажэнствы. Новаствораная парафія ўвайшла ў склад Віленскага біскупства.

Касцёл стаяў у Старым горадзе на левым баку вуліцы Востраўскай, што вяла ад гандлёвай плошчы да прадмесця Востраў. Прастаяў на гэтым месцы храм да XIX ст. У 1819 г. прыхаджане ўрачыста адзначылі 400-годдзе сваёй святыні. Узведзены з дрэва (лістоўніцы), храм не раз цярпеў ад варожых нападаў, пажараў, старэў, таму неаднойчы рамантаваўся. Апошні рамонт адбыўся ў 1838 г. Тагачасны дэкан слуцкі ксёндз Дамброўскі пісаў: «Шкада, што гэта святыня не прастаіць яшчэ доўга, бо ад часу моцна састарэла». З выгляду касцёл уяўляў выцягнуты ў даўжыню аб"ём з алтарнай апсідай і сіметрычна прыбудаванымі па баках сакрысціямі. На галоўным фасадзе ўзвышаліся дзве невялікія вежачкі, шчыт паміж якімі ўпрыгожвала жывапісная выява Георгія-Пераможцы. Непадалёку стаяла драўляная вежа-званіца з двума званамі. Акрамя галоўнага алтара з драўлянай фігурай Хрыста, у храме меліся яшчэ тры: з правага боку – святога Мікалая, злева – святой Ганны і святой Марыі Магдаліны.

Падзеі сівой даўніны
У XVI ст. начала пашырацца Рэфармацыя, ідэі якой неўзабаве былі прынесены і ў Слуцк. Асабліва ўзмацніліся ў горадзе пазіцыі пратэстантаў у XVII ст., калі гаспадарамі Случчыны сталі кальвіністы Радзівілы. 3 мясцовых жыхароў схільнасць да Рэфармацыі праяўлялі нераважна католікі. У выніку іх абшчына зменшылася настолькі што фарны касцёл фактычна апусцеў, а ў нейкі час нават быў ператвораны ў кальвінісцкі збор.

На ўмацаванне пахіснутых пазіцый Каталіцкай царквы скіравалі сваю дзейнасць каталіцкія манахі. У Слуцку ў 2 й палове XVII ст. у Старым горадзе на вуліцы Прозараўскай з"явіўся касцёл аўгусцінцаў, пры якім была адкрыта школа. Прыкладна ў тыя ж часы прыбылі манахі-бернардзінцы, якія ў Старым горадзе на Падзамчышчы заснавалі свой кляштар з касцёлам святога Антонія. Актыўнасць разгарнулі і езуіты. Напрыканцы XVII ст. у Старым горадзе непадалёку ад Востраўскай брамы яны заснавалі кляштар з касцёлам Святога Духа. А напачатку XVIII ст. з"явіўся яшчэ адзін езуіцкі кляштар у Новым горадзе з Троіцкім касцёлам. Пры Троіцкім езуіцкім кляштары дзейнічала вучылішча-калегіум, была арганізавана бібліятэка, студэнцкі тэатр, жыхарам прапаноўваліся паслугі аптэкі. У слуцкім езуіцкім калегіуме ў свой час вучыліся або выкладалі многія знакамітыя каталіцкія дзеячы, у тым ліку публіцыст і педагог Анастаз Людвік Керсніцкі, доктар філасофіі Антоні Барташэвіч, паэт і педагог Міхал Карыцкі, генерал ордэна езуітаў Тадэвуш Бжазоўскі.

Паволі з канца XVII ст. пачаўся працэс павелічэння колькасці католікаў. Утварыліся каталіцкія брацтвы святой Ганны і святой Марыі Магдаліны, на вуліцы Замкавай у Старым горадзе адкрыўся каталіцкі шпіталь з капліцай. Паўстала нарэшце пытанне вяртання фарнага касцёла, якое выклікала дыскусію з пратэстантамі і спрэчкі юрыдычнага характеру. Вырашылася яно на карысць законных спадчыннікаў. Як памяць пра тыя падзеі, у мясцовых католікаў доўгі час папулярнай заставалася прымаўка «Starsza Slucka fara, niz kalwinska wiara» («Слуцкая фара старэй за кальвінскую веру»). Для каталіцкіх вернікаў спрыяльнмм стала і змена гаспадароў краю – замест кальвіністаў Радзівілаў і іх нашчадкаў прыйшлі Радзівілы-католікі, першым з якіх у 1744 г. стаў Геранім Фларыян, брат нясвіжскага князя Міхаіла Казіміра. Напрыканцы XVIII ст. католікі складалі 17,4 % жыхароў горада. Але ўжо праз стагоддзе ўдзельная вага іх знізілася да 6,7 %.

Звесткі пра манахаў-аўгусцінцаў у Слуцку губляюцца ў 1 й палове XVIII ст. Ордэн езуітаў быў скасаваны напрыканцы XVIII ст., яшчэ за часамі Рэчы Паспалітай. Іх драўляных кляштараў, якія з тых часоў выкарыстоўваліся па-рознаму, не стала – у Новым горадзе ў 1804 г., у Старым горадзе ў 1840 м. Пасля вызвольнага паўстання 1830–1831 гг. расійскімі ўладамі ў 1832 г. быў закрыты і бернардзінскі кляштар. Яго памяшканні прыстасавалі над вайсковыя казармы, а касцел пераасвяцілі пад палкавую царкву. Пасля таго, як царскае войска пакінула горад, храм застаўся пусты.

Прыходскі (фарны) касцёл дзейнічаў да 1852 г., калі яго закрылі з-за старасці, а потым разабралі. На памяць пра сваю старадаўнюю святыню парафіяне бралі кавалачкі дрэва, а з трывалых матэрыялаў, што засталіся ад будынка, на яго месцы была ўзведзена мемарыяльная капліца, якой таксама далі назву Фарнай. Вуліца (былое Падзамчышча), на якую галоўным фасадам выходзіў касцёл, да 1920 х гг. таксама называлася Фарскай (цяпер участак вуліцы Піянерскай).

Пасля закрыцця фарнага касцёла каталіцкім вернікам быў перададзены запусцелы мураваны будынак касцёла былога бернардзінскага кляштара, што стаяў непадалёку. Пры ім размясцілася парафія дэкана слуцкага.

XX стагоддзе
Пасля рэвалюцыі рэпрэсіі абрынуліся на прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Па сфабрыкаванай справе ў 1933 г. быў арыштаваны слуцкі ксёндз, якога разам з шэрагам каталіцкіх святароў іншых беларускіх гарадоў абвінавацілі ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі і сувязях з польскай разведкай. Касцёл быў закрыты. У карыстанні вернікаў заставалася Фарная капліца, але напрыканцы 1930 х гг. нестала і яе.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны мураваны Антоніеўскі касцёл атрымаў пашкоджанні. Пасля вайны яго рамонтам ніхто не займаўся, і на пачатку 1950 х гг. гарадскія ўлады прынялі рашэнне касцёл зруйнаваць.

Адзіным культавым каталіцкім збудаваннем у 2 й пал. XX ст. у горадзе заставалася невялікая мураваная каплічка на вуліцы Чатырнаццаці партызан (былой Кладбішчанскай), якая вядзе на могілкі. Старыя слуцкія могілкі здаўна маюць тры часткі – праваслаўную, каталіцкую і пратэстанцкую, на кожнай некалі былі свае культавыя збудаванні. Але з часам іх не стала. Таму гэта каплічка заставалася аб"ектам увагі практычна ўсіх наведвальнікаў могілак незалежна ад веравызнання. Нездарма пра яе як пра сваю цяпер успамінаюць і католікі, і праваслаўныя. Яна з"явілася ў сярэдзіне XIX ст. Мела гатычныя рысы – уваходны і два бакавыя аконныя праёмы былі зроблены ў форме стрэльчатых арак, завяршалася невысокім шатром. Унутры тарцовую сценку афармляла крыжападобная ніша з выявай укрыжаванага Хрыста. Рука пільнага вартаўніка матэрыялістычнага светапогляду, аднак, дабралася і да яе – у 1983 г. на загадзе мясцовага чыноўніка яе разбурылі за адну ноч.

Ажыўленне царкоўнага жыцця прыйшлося на часы пераменаў. У 1992 г. была афіцыйна зарэгістравана слуцкая каталіцкая абшчына. На ўсходняй ускраіне, пры ўездзе ў горад ад Мінска, пачалося будаўніцтва Слуцкага комплексу Рымска-каталіцкай парафіі імя Святога Антонія. Архітэктурны комплекс быў завершаны ў 2000 г. Ён складаецца з чатырох будынкаў – двух кляштарных карпусоў з размешчаным паміж імі будынкам касцёла і магутнай чацвярыковай вежай-званіцай з правага боку ад увахода ў храм. 11 кастрычніка 2000 г. адбылося асвячэнне касцёла і пачаліся рэгулярныя богаслужэнні. Настаяцелем храма з часу заснавання парафіі з"яўляецца айцец Алексій (Рамановіч). Уваходзіць Слуцкая парафія ў склад Нясвіжскага дэканату Мінска-Магілёўскай архіепіскапіі. Колькасць слуцкіх парафіян дасягае двух з паловай соцень. Пры храме дзейнічае дзіцячая нядзельная школа, арганізаваны хор. Акрамя гарадскога, у Слуцкім раёне існуюць каталіцкія прыходы ў вёсках Замосце, Вынішчы, Ленькі.

 

Ігар ЦІТКОЎСКІ
Краязнаўчая газета, № 17 (130), май 2006 г.


 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1915. Последнее 2019-06-20 07:32:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru