У нас на сайте
Новое на сайте
Ссылки

Группа компаний «ТВОЯ СТОЛИЦА»

 

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Слуцк у летапісах і хроніках

27.03.2013

Самы даўні летапісны твор, дзе ўпершыню ўпамінаецца Слуцк, – створаная ў пачатку XII стагоддзя «Аповесць мінулых гадоў», аўтарам якой большасць даследчыкаў лічаць манаха Кіева-Пячорскага манастыра Нестара (1056–1114). Гэта першы вядомы на цяперашні час летапіс усходніх славян, у якім паказана іх гісторыя ад легендарных часоў да перыяду княжання Уладзіміра Манамаха (1053–1125). «Аповесць мінулых гадоў» заснавана «на багатых вусна-паэтычных і літаратурных традыцыях, на гістарычных паданнях пра далёкую мінуўшчыну ўсходніх славян і дакументальных пагадовых запісах пра сучасныя аўтару падзеі, гэты летапіс увабраў у сябе шматвяковы вопыт гістарычнага аповяду і засведчыў высокі ўзровень гістарычных уяўленняў продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Па словах рускага літаратуразнаўца, тэкстолага, акадэміка Акадэміі навук СССР Дз. С. Ліхачова (1906–1999), «ніколі ні раней, ні пазней, аж да XVI стагоддзя руская гістарычная думка не ўздымалася на гэткую вышыню вучонай дапытлівасці і літаратурнага ўмельства».

Сярод шматлікіх запісаў пра падзеі тагачаснай гісторыі ўсходніх славян, якія адлюстраваны ў «Аповесці мінулых гадоў», згадваецца і Слуцк. Гэты запіс паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу (1377) выкладзем у сучасным напісанні: «У год 6624 (1116). Хадзіў Уладзімір паходам на Глеба, бо Глеб ваяваў з дрыгавічамі і Слуцк спаліў, і не каяўся ў гэтым і не выказваў пакорнасці, але яшчэ больш пярэчыў Уладзіміру, дакараючы яго». Варта нагадаць, што ў тыя часы вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, ва ўладаннях якога знаходзіўся Слуцк, змагаўся з мінскім князем Глебам Усяславічам. Барацьба закончыцца трагічна для Глеба, але гэта будзе крыху пазней.

«Аповесць мінулых гадоў» – выдатны гістарычны і літаратурны помнік, багатая і незаменная пісьмовая крыніца ведаў пра жыццё нашых далёкіх продкаў. А яшчэ арыгінальная і самабытная па свайму жанру і змесце, «Аповесць мінулых гадоў» паклала пачатак летапіснаму жанру на Русі, стымулявала зараджэнне летапісання ў іншых гарадах і землях усходніх славян, стала літаратурным узорам для летапісцаў больш позняга часу. На гэта наклалася і павышэнне нацыянальна-гістарычнай свядомасці нашых продкаў, іх цікавасці да сваёй мінуўшчыны, жаданне захаваць звесткі пра яе для нашчадкаў. Гістарычнае значэнне летапісаў у тым, што яны даносяць да нас галасы вечнасці з далёкай мінуўшчыны, у тым ліку – і з даўніны нашага краю. Пачытайце, калі ласка, у перакладзе на сучасную беларускую мову Зміцера Саўкі ўрывак з «Хронікі Быхаўца» і, як кажуць, адчуйце эпоху.

«Як татары перакопскія зямлю Слуцкую зваявалі

Тою ж восенню (1502 года – А. Ж.) прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па воласцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а з ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і радцаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсць міляў ад горада, на рацэ Ужы. Было іх усяго паўтары сотні. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся…

Тое ж восені месяца жніўня 30 дня нечакана прыйшоў сын цара перакопскага Мэндлі-Кірэя – султан Бітыс-Кірэй – з шасцю тысячамі татараў і найперш з"явіўся пад горадам Слуцкам. Князь жа Сямён Міхайлавіч тады быў у Слуцку і не ведаў ні пра што і, толькі зірнуўшы з замка, з царквы святога Юр"я, на месца за ракою Случчу, убачыў, што татары, скачучы на конях, мужчын ды жанчын хапаюць і сцінаюць.

Пабачыўшы тую паганскую навалу, князь Сямён Міхайлавіч з людзьмі, якія былі з ім у горадзе, вельмі здзівіліся такому нагламу(1) і незаўважнаму іх прыходу: пераправіўшыся цераз Прыпяць, татары ў той жа дзень прайшлі да Слуцка дваццаць пяць міляў, частка з іх у той дзень, мінуўшы Слуцак і прайшоўшы яшчэ пяць міляў, дасталіся да Капыля. Князь жа Сямён не мог вымысліць, што пачаць рабіць, бо людзей з ім на той час у горадзе было вельмі мала, усе былі па сёлах. Татары ўсіх іх адрэзалі ад горада і ўсе табуны конскія пазабіралі, князь жа толькі з вельмі нешматлікаю сілаю ў горадзе затварыўся і паслаў да караля ў Вільню паведаць пра тое. А царэвіч Бітыс-Кірэй стаў кашом(2) пад Слуцкам за ракою Умаль. Татары ж пайшлі ў загоны(3) на землі навакольныя і, ідучы, ваявалі каля Клецка ды Нясвіжа, і спалілі горад Клецак, і, не дайшоўшы да Новагародка шасці міляў, павярнулі ад Ішкалдзі назад, шмат местаў ды сёлаў папалілі, і невымоўнае кровапраліцце хрысціянам учынілі, і з вялікім палонам і здабыткам сабраліся да Слуцка, і без усякае шкоды ўсе ў цэласці назад вярнуліся.

Кароль жа Аляксандар колькіх дваранаў сваіх паслаў да князя Сямёна ў Слуцак. З"явіўшыся ў Слуцак і даведаўшыся, што татары ў цэласці з зямлі Слуцкае выйшлі, каралёвы паслы вярнуліся ў Літву.

У год 7012 ад пачатку свету, а ад Божага нараджэння 1503 прыходзілі тры тысячы татараў і, быўшы пад Слуцкам ды пад Новагародкам і многа зла ўчыніўшы, пайшлі назад іншаю дарогаю, праз Грычынскае балота, у бок Гарадка. А паны-рада Вялікага Княства Літоўскага пра тое не ведалі, толькі гетман Станіслаў Пятровіч, празываны Кішка, пан Ольбрахт Гаштольд ды пан Юры Неміровіч ведалі. Да іх прыехаў Сямён Міхайлавіч Слуцкі і, злучыўшыся ўсе разам, падаліся за татарамі і, пераправіўшыся праз Прыпяць, дагналі іх за Гарадком, за мілю ад места, і стачылі з імі бой. І з Божаю дапамогаю нашы пабілі татараў, палон увесь вызвалілі і са здабыткам ды вялікаю славаю назад вярнуліся…».


І яшчэ адзін запіс з «Хронікі Быхаўца», у якім расказваецца аб тым, як у 1506 годзе (па іншых звестках – у 1505 годзе) перакопскі царэвіч Махмет-Кірэй-султан з двума братамі напаў на Вялікае Княства Літоўскае. «…Cам Махмет-Кірэй-султан рушыў пад замак Менск у сярэдзіну Літвы, а пад Слуцак паслаў двух братоў сваіх, Бітыс-Кірэй-султана ды Бурнаш-султана. І ў пятніцу, у святы дзень на ўнебаўзяцце Панны Марыі тыя царэвічы прыйшлі пад Слуцак, у якім была княгіня Анастасся з дзіцяткам Юр"ем Сямёнавічам (дзедам сённяшніх князёў Слуцкіх). І так вакол Слуцка ваявалі ўсё аж да замка, ведаючы, што ў ім толькі княгіня была, і штурмавалі замак, падкопы робячы ды агонь пакладаючы. Але мужна бараніліся случакі, якіх абавязвала шлюбам і просьбаю княгіня Анастасся, каб адзінага дзедзіча свайго ад гвалту паганскага цвёрда баранілі. Мноства татараў пад замкам палегла, бо шмат шляхты ды іншых князёў на той час у княгіні Анастассі ў Слуцку служылі…».

«Хроніка Быхаўца» складаецца з трох асноўных частак: легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедыміна, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ад сярэдзіны ХІV стагоддзя да сярэдзіны ХV стагоддзя, заснаванай пераважна на «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх», і арыгінальнай часткі, дзе апісваюцца падзеі ў асноўным ХV – пачатку ХVІ стагоддзя. Спецыялісты мяркуюць, што «Хроніка Быхаўца» была завершана ў другой чвэрці ХVІ стагоддзя. Яе рукапіс знайшоў у 1830 годзе настаўнік Віленскай гімназіі Іпаліт Клімашэўскі ў бібліятэцы маёнтка Магілёўцы Ваўкавыскага павета. Уладальнік маёнтка Аляксандр Быхавец перадаў рукапіс гісторыку Тэадору Нарбуту (ён і даў дакументу назву), які ў 1846 годзе апублікаваў «Хроніку».

Звестак пра тое, хто склаў «Хроніку Быхаўца», няма. Зрабіўшы лінгвістычны аналіз твора, беларускі гісторык, археограф, мемуарыст М.М. Улашчык сцвярджаў, што яе аўтар мог паходзіць з Навагрудчыны або Случчыны. І для гэтага ёсць падставы: чытаючы «Хроніку», нельга не заўважыць, што той, хто яе напісаў, меў несумненную сувязь з магнацкімі родамі Гаштольдаў і Алелькавічаў. Яны займалі тады высокія месцы ў дзяржаўнай іерархіі, і ад іх храніст мог даведацца пра важнейшыя падзеі грамадска-палітычнага жыцця краіны.

Беларускі філолаг і літаратурны крытык В.А. Чамярыцкі лічыць, што хоць «Хроніка Быхаўца» знешне ўяўляе цэльную гістарычную аповесць, створаную адным пісьменнікам-храністам, «на самай справе яна – летапісны звод, складзены з некалькіх частак, якія ўзніклі ў розных месцах і ў розны час і, такім чынам, належаць некалькім аўтарам». Але і ў гэтым выпадку «бясспрэчныя гістарычныя рэаліі і дэталі зместу ўказваюць, што адна частка хронікі пісалася ў Слуцку пры двары мясцовых князёў, а другая стваралася ў асяроддзі, блізкім да літоўскіх паноў Гаштольдаў». Дарэчы, меркаванне аб тым, што «Хроніка Быхаўца» была складзена ў Слуцку або Навагрудку, упершыню выказаў польскі вучоны Ян Якубоўскі ў 1912 годзе.

«Хроніка Быхаўца» стала апошнім значным творам агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання і самай яркай з"явай беларускай гістарычнай прозы сярэднявечча. Але ёсць звесткі і пра некаторыя іншыя тагачасныя летапісныя зводы, якія месцам стварэння або зместам звязаны са Случчынай. Напрыклад, Мікалай Улашчык у кнізе «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» прыводзіць фрагмент са Слуцкага летапісу пачатку ХV стагоддзя: «И зараз кнегиня град около града заложила и низина ровнаты ся и подвышаты ся почела и в коротком часе великое мнозство людзи славных, годных, можных, верных и зычливых мирян намножило ся на мешканье, и тиснути ся почали взглядом покою от неприятелев наступавших. Тая ж кнегиня церковь соборную Пресвятое Богородицы на Высоком городе названы дытынец зачавши и скончыла року 1409».

З 1517 года ў Слуцку пачалі рабіць запісы ў памінальнай кніжцы («Слуцкі памяннік»). Да нас дайшлі звесткі пра тры спісы «Слуцкага памянніка». Адзін з іх, які захоўваўся ў Варварынскай царкве ў Слуцку, перапісаны ў 1684 годзе і мае такую назву: «Сынодык албо зобрание імён преставленных душ, споражены в року 1684 іюліа 14 презъ отцевъ соборных на тот час будучых Саву Подтопу, Симіона, Ліонтія, Іоанна Мінкевичовъ, Матфея Богушевича и діакона Іакова Козюли». Памяннік пачынаецца ад вялікага князя Альгерда, пералічваюцца мужчынскія і жаночыя імёны з роду Алелькавічаў, мінскіх князёў Глебавічаў, шляхетных родаў Ваньковічаў, Зверавых і іншых, імёны слуцкіх мяшчан – усяго некалькі тысяч імён.

У адным з асобнікаў гэтага памянніка ўпісаны імёны манахаў кіеўскага Пустыннага манастыра. У ім жа ёсць і спіс граматы, якая сведчыць, што ў 1517 годзе архімандрыт слуцкага Свята-Троіцкага манастыра і архімандрыт Свята-Нікольскага манастыра ў Кіеве дамовіліся аб упісанні братоў слуцкіх у кіеўскі памяннік і кіеўскіх, адпаведна, у слуцкі памяннік (пры пісьмовым пацвярджэнні смерці). А гэта можна лічыць сведчаннем калі не пастаянных, то больш-менш наладжаных у той час кантактаў паміж Слуцкам і Кіевам. У тэксце аднаго са слуцкіх памяннікаў пазнейшага часу (XVIII стагоддзе) запісаны такія словы: «В Богоспасаемом граде Слоуцкоу».

У спісе канца ХV стагоддзя дайшоў да нашага часу Радзівілаўскі летапіс, які напісаны паўуставам і мае 617 ілюстрацый. Па свайму зместу Радзівілаўскі летапіс блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу, у 1671 годзе ён паступіў у Кёнігсбергскую бібліятэку ад князёў Радзівілаў. У 1716 годзе па загаду расійскага цара Пятра І з летапісу знялі копію ў сувязі з царскім намерам пачаць друкаванне рускіх летапісаў.

«В лето 6928 (1420). Приехал митрополит Фотей в Литву… Того же лета поиде митрополит Киеву и у Слуцку крестилъ князя Семёна Александровича…». А гэта ўжо ўрывак з іншага – Слуцкага (Увараўскага) – летапісу, які мог быць напісаны ў перыяд паміж 1524 і 1542 гадамі. М.М. Улашчык апісаў Слуцкі летапіс: «Рукапіс… пісаны беларускім паўуставам, за выключэннем некалькіх аркушаў, адным і тым жа почыркам… Паперны знак – ціара. Першыя аркушы летапісу згублены…». Названы летапіс называюць Увараўскім таму, што яго перадаў у Дзяржаўны гістарычны музей у Маскве рускі археолаг, член-карэспандэнт і ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук граф А.С. Увараў (1825–1884). Слуцкі летапіс утрымлівае цікавыя звесткі пра царкоўнае і свецкае жыццё таго часу, паходжанне князёў Алелькавічаў, смерць слуцкага князя Юрыя і многае іншае.

Апошнім з вядомых на цяперашні час твораў летапіснага характару ў гісторыі нашага горада можна лічыць «хроніку», якая мае назву «З дыярыуша (дзённіка) горада Слуцка». Яна захоўваецца ў бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве (Польшча). У дзённіку, які напісаны на польскай мове невядомым аўтарам, расказваецца пра няўдалую двухразовую асаду Слуцка рускімі войскамі ў 1655 годзе, калі ішла вайна (1654–1667 гадоў) паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Тут жа пералічваюцца мерапрыемствы, якія ажыццявіў магістрат Слуцка для забеспячэння жыхароў горада прадуктамі харчавання перад асадай. Напрыклад, і такое: прадаваць хлеб толькі слуцкім мяшчанам, а больш – нікому.

 

Анатолій ЖУК

 

1. Раптоўнаму.

2. Ваенным лагерам.

3. Набегі.




 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 5008. Последнее 2017-06-28 14:02:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru